ВЫРАЗНАЕ ЧЫТАННЕ ВЕРША – КЛЮЧ ДА РАЗУМЕННЯ ЯГО ЭСТЭТЫЧНАГА ЗМЕСТУ

Можна з упэўненасцю канстатаваць, што прызначэнне ўсіх магчымых відаў працы на ўроку працы з лірычным вершам – дапамагчы вучням зразумець ролю слова ў стварэнні мастацкага вобраза, асэнсаваць ідэйна-вобразны змест ўсяго твора. Адзін з галоўных відаў такой працы – выразнае чытанне.Да нашых дзён адным з асноўных прыёмаў навучання выразнаму чытанню ўсё яшчэ лічыцца прыём «чытай, як я». Простае перайманне манеры чужога чытання перашкаджае вучню думаць самастойна, не спрыяе развіццю трывалых навыкаў чытання. Вучань імітуе пачуццё, імкнецца перадаць пачутую інтанацыю. Чытанне настаўніка – гэта яго, настаўнікава, разуменне твора. Педагог павінен выступаць дарадцам, а не чалавекам, што валодае ісцінай у апошняй інстанцыі. Прыём пераймання ні ў якім разе не павінен быць адзіным сродкам навучання. Спачатку неабходна вычарпаць магчымасці самастойнага знаходжання вучнем патрэбнай інтанацыі, тэмпу, іншых складнікаў выразнага чытання. Выразнаму чытанню іншы раз перашкаджае арыентацыя на знакі прыпынку – коску, двукроп’е, працяжнік… Дзеці часта чуюць заўвагі і папярэджанні тыпу: «Паніжай голас на канцы!», «Забыў панізіць голас!», «Чытаем гучна і выразна, бо ў канцы стаіць клічнік!..» Падобная ўстаноўка прыводзіць да фармальнага выканання патрабаванняў. Кожны са знакаў прыпынку мае вялікую колькасць адценняў у залежнасці ад таго, якія вобразы, малюнкі паўстаюць за сказам, якія пачуцці гэтыя вобразы выклікаюць. Асаблівай увагі патрабуюць сказы, у канцы якіх стаіць клічнік. Праца над інтанацыяй клічных сказаў працягваецца на ўроках беларускай мовы. Настаўнік вучыць дзяцей заўважаць у такіх сказах фармальна-граматычныя прыметы, найперш – выклічнікі. Паводле існуючай методыкі, выразнае чытанне твора – апошні этап урока, якому папярэднічае вылучэнне яго галоўнай думкі. Матывуецца гэта тым, што толькі пасля ўсведамлення і асэнсавання ідэі твора вучні змогуць чытаць выразна. Гэта так, калі гаварыць пра выразнае чытанне ўсяго твора. Але нельга не згадзіцца і з тым, што выразнае чытанне павінна прысутнічаць на кожным этапе ўрока. Як ужо адзначалася раней, першаснае выразнае чытанне мастацкага твора настаўнікам – гэта ўжо і ёсць пачатак яго разумення. Без такога чытання ўсякі аналіз немагчымы наогул. Выразнае чытанне павінна выступаць адным з асноўных прыёмаў працы пры павобразным аналізе твора. Самастойную падрыхтоўку да выразнага чытання вершаванай страфы, асобнага вобразнага малюнка можна ажыццяўляць у наступнай паслядоўнасці: – чытанне вучнямі ўрыўка ўпаўголаса (пасля яго папярэдняга аналізу); выбар інтанацыі, адпаведнага тэмпу чытання, практыкаванні ў вымаўленні слоў, на якія прыпадае лагічны націск; – вучань, выкліканы для чытання, паведамляе, што ён хоча перадаць; – чытанне выкліканым вучнем страфы; – ацэнка і разбор класам пачутага: што ўдалося чытальніку, што засталося не выдзеленым голасам, інтанацыяй, паўзай (каб прыняць удзел у абмеркаванні, кожны слухач павінен уважліва слухаць і быць гатовым крытычна ацаніць сябра); – праслухоўванне іншых варыянтаў чытання, ацэнка іх класам. Пры адпрацоўцы аптымальных варыянтаў чытання, настаўнік павінен пазбягаць зваротаў тыпу «Хто прачытае лепш?», бо гэта азначае не што іншае, як «Ты прачытаў дрэнна». Вучань паступова губляе веру ў свае здольнасць, перастае актыўна працаваць на ўроку. Трэба каб абмеркаванне праходзіла ў атмасферы дабразычлівасці і ўзаемнай дапамогі. Калі клас недастаткова падрыхтаваны, а таксама на пачатковых этапах навучання, практыкуецца дадатковы этап: пры дапамозе дапаможных пытанняў дзеці падводзяцца да разумення таго, як дабіцца найбольш выразнага чытання, пастарацца перадаць эстэтычны змест верша, яго падтэкст, тыя пачуцці і настрой, што валодалі паэтам, калі ён узяўся за пяро. Карысна і тут, каб клас прыйшоў да згоды ў выніку непрацяглай дыскусіі, арганізаванай настаўнікам. І яшчэ, як дадатковая заўвага да тэмы: усё, што чытаецца ў школе: сказ на дошцы, умова граматычнага практыкавання і арыфметычнай задачы, дзелавы артыкул на ўроку азнаямлення з навакольным светам, – павінна чытацца выразна і пасля вуснай падрыхтоўкі. Ні адзін дыктар радыё і тэлебачання, які клапоціцца пра свой аўтарытэт, не рызыкне прачытаць матэрыял экспромтам, не прагледзеўшы яго папярэдне.