Усяго пятнаццаць слоў пра лістапад

Верш Янкі Купалы «Восень»

З буйных ліп і бяроз

Лісты валяцца.

Між павалаў і лоз

Рассцілаюцца.

Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя.

Увысь галінкі глядзяць

Пусталістыя...

 

Так, менавіта пятнаццаць слоў (калі не лічыць службовых часцін мовы) мае змешчаны ў падручніку для чацвёртага класа беларускамоўных школ верш народнага паэта. Пятнаццаць слоў, з якіх складзены ажно чатыры вобразныя малюнкі. Як на нашу думку, зразумець гэты купалаўскі верш здолелі б вучні другога, а то і першага класа. Але калі ўжо трапіў ён у чытанку для старэйшых пачаткоўцаў, то варта ўскладніць, наколькі дазваляе ўзрост вучняў, пытанні і заданні пры аналізе.

 

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Янкі Купалы “Восень”;

· дапамагчы вучням усвядоміць, што кожнае ўжытае паэтам слова найлепшым чынам адпавядае дадзенаму кантэксту, з’яўляецца незаменным;

· спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўленняў; вучыць дзяцей бачыць створаныя аўтарам зрокавыя і слыхавыя малюнкі прыроды;

· вучыць дзяцей разуменню выразнасці гукавога ладу мовы (гукапісу);

· выхоўваць цікавасць да паэзіі, павагу да пісьменніцкай працы.

 

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання мастацкага твора

У пачатку ўрока настаўнік гаворыць пра тое, што Янка Купала вельмі любіў краявіды роднай зямлі, многаму вучыўся ён у прыроды. Асабліва падабаліся паэту вясна і восень.

2. Першаснае ўспрыманне твора; ацэнка першаснага ўспрымання

Гучыць восеньская мелодыя і на яе фоне настаўнік чытае верш Янкі Купалы. Пасля таго, як чытанне закончана, вучні яшчэ некаторы час слухаюць музыку.

– Пастарайцеся як мага падрабязней перадаць словамі, які малюнак вам уявіўся, – дае заданне настаўнік. (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.)

3. Паўторнае чытанне і аналіз

Па заданні настаўніка вучні перачытваюць верш упаўголаса

– Які перыяд восені апісвае паэт? (Лістапад, перадзім’е.)

Чаму вы так рашылі? Лісты пачынаюць падаць яшчэ ў верасні, кастрычніку. (Янка Купала піша, што лісты валяцца, што галінкі пусталістыя.)

– Правільна! Малайцы! Калі ўначы дыхнуць першыя маразы, лісты валяцца. За адзін-два дні лес скідае свой багаты восеньскі ўбор... А чаму яшчэ паэт ужыў менавіта гэтае слова? ( Ліпы і бярозы б у й н ы я, р а з г а- л і с т ы я і в ы с о к і я.)

– З вамі нельга не згадзіцца. З маладзенькіх дрэў лісце ўжо абляцела. Іх кроны не былі такімі багатымі... А як падала лісце ранняй восенню, у час «бабінага лета»? (Лісце ападала паволі, кружылася ў паветры, яно з л я т а л а з дрэў.)

– Пабудуйце сказы так, каб носьбітамі дзеяння былі дрэвы. Як кажуць пра дрэвы восенню? ( Дрэвы распраналіся, скідалі лісце, гублялі лісце.)

– А калі налятаў вецер, што ён рабіў? (Вецер атрасаў лісце, зрываў лісце.).

– Калі лісце ўсцілала зямлю, што атрымоўвалася? (Дыван, коўдра, рознакаляровая посцілка.)

– Дакажыце словамі верша, што паэт назірае за лістападам у старым лесе. (Лісты рассцілаюцца між павалаў, старых дрэў, што аджылі свой век.)

– Перачытайце верш упаўголаса і скажыце, у якіх словах чуецца перашэптванне лістоў. (Вучні заўважаюць, як з дапамогай гукапісу паэт перадае шамаценне лістоты: расссцілаюцца, шшапацяць, шшалясцяць.)

– Янка Купала назваў свой верш «Восень». А якую назву маглі б прапанаваць вы? ( “Лістапад”, “Лістапад у лесе”, “У лесе восенню”...)

4. Адпрацоўка выразнасці чытвння

Вучні з дапамогай настаўніка выбіраюць тэмп чытання, інтанацыю, вызначыць лагічны націск (дарэчы, тут ён падае амаль паўсюдна на дзеясловы-выказнікі).

З. М. Настаўніку трэба ўважліва сачыць за арфаэпічна правільным вымаўленнем асобных слоў. Як паказвае практыка, найчасцей сустракаюцца наступныя памылкі: – вучні чытаюць доўгія пяціскладовыя словы па частках; – не перадаюць падаўжэнне зычных; – не ўлічваюць асімілятыўную мяккасць свісцячых. Каб гэтага не здарылася, карысна папярэдне папрактыкавацца ў чытанні цяжкіх слоў на дошцы.

5. Завучванне верша на памяць

Гэты невялікі верш Янкі Купалы можна завучыць на памяць на гэтым жа ўроку. На гэтым жа, або на наступным уроку настаўнік можа правесці конкурс на выразнае, правільнае (без адзінай арфаэпічнай памылкі) чытанне верша на памяць.

З. М.Паколькі праца над творам нават пры такім падрабязным аналізе зойме толькі першую палову ўрока, на другую яго частку трэба запланаваць разгляд іншага матэрыялу. Гэта можа быць блізкі па тэме класічны верш ці празаічны ўрывак. Тады ў настаўніка з’явіцца магчымасць параўноўваць агульны настрой твораў, а таксама моўныя сродкі, з дапамогай якіх аўтары вырашаюць мастацкую задачу.

6. Дамашняе заданне

У якасці дамашняга задання настаўнік прапануе вучням напісаць кароткае сачыненне пра лістапад. Цікавымі, інтрыгуючымі ўяўляюцца назвы: «Пра што мне расказаў апошні бярозавы лісток», «Апошні лісток на маёй далоні» і інш.

 

Тры Маразы на адным уроку

Верш Янкі Купалы «Мароз»

Іду я, сняжысты, ўсясільны,

Па сцежках-пуцінах пустых,

І ночкай і днём безупынна

Пільную абшараў сваіх...

 

Мэты:

  • дапамагчы дзецям зразумець эстэтычны змест верша Янкі Купалы “Мароз”;
  • вучыць дзяцей параўноўваць вобразныя малюнкі ў аднатэмных вершах розных паэтаў;
  • фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой;
  • спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўленняў пачынаючых чытачоў; вучыць дзяцей бачыць і эмацыянальна адчуваць створаныя аўтарам малюнкі прыроды.

 

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання мастацкага твора Калі да моманту сустрэчы з гэтым вершам вучні ўжо вывучалі верш Якуба Коласа «Дзед-госць», а таксама ўрывак з паэмы М. А. Някрасава «Мароз, Чырвоны нос», добра ўзнавіць у іх памяці названыя творы, успомніць, якую характарыстыку давалі вучні дзеючым асобам. Мароз у Някрасава строгі, грозны, уладны, багаты, выхвальны. Коласаўскі Мароз – добры, клапатлівы, вясёлы, з хітрынкай. Настаўнік гаворыць, што ў дзяцінстве Якуб Колас і Янка Купала захапляліся творчасцю вялікага рускага паэта, а купалаўскі верш «Мароз», пра які пойдзе гаворка на ўроку, у нечым нават пераклікаецца з вершам М.А. Някрасава.

2. Першаснае ўспрыманне твора

Настаўнік чытае верш на памяць. Падручнікі ў гэты час закрыты.

3. Праверка першаснага ўспрымання

– Якія малюнкі зімовай прыроды вы ўявілі, слухаючы гэты верш?

– Якім бачыцца купалаўскі Мароз?

– Пра значэнне якіх слоў вам хочацца запытацца?

4. Паўторнае чытанне; параўнанне вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і М. А. Някрасава па форме

– Ад імя каго выказваецца паэт? (Ад імя Мароза.)

– А ў Якуба Коласа? ( Пра Дзеда Мароза гаворыць аўтар.)

– А ў Някрасава? (Някрасаўскі верш складаецца з дзвюх частак. У першай пра Мароза-ваяводу расказвае аўтар, у другой частцы Мароз сам выхваляецца, спявае пра ўласную сілу.)

– У Янкі Купалы – героі часта расказваюць пра сябе, а паэт як бы застаецца ўбаку. Ён пакідае чытача сам-насам са створанымі персанажамі, дае яму магчымасць ацаніць іх паводзіны і ўчынкі... Ці не зможаце вы прывесці прыклады? (Верш «Над калыскай» напісаны ад імя маці, а вядомы яшчэ з буквара «Хлопчык і лётчык» – зварот сямігадовага героя да таварыша-пілота.)

5. Падрыхтоўка да выразнага чытання

Перад тым, як пачаць павобразны аналіз, які заўсёды спалучаецца з адпрацоўкай выразнасці, выбіраецца тэмп чытання і інтанацыя. У працэсе гутаркі клас прыходзіць да высновы, што верш чытаецца павольна. Мароз нікуды не спяшаецца, у яго шмат часу. Настаўнік сочыць за тым, каб вучні дакладна перадалі ўладарны тон Мароза.

6. Аналіз мастацкага твора

Асобныя вучні практыкуюцца ў чытанні першай страфы. Клас (настаўнік дапамагае ў гэтым) ацэньвае іх працу.

– Як вы разумееце выраз «Пільную абшараў сваіх»? ( Мароз сочыць за тым, каб усюды быў парадак.)

– А якія абавязкі былі ў Някрасавага Мароза-ваяводы? Ці помніце? («Глядит, хорошо ли метели лесные тропы замелі...».)

Настаўнік спыняе ўвагу вучняў на пачатку першай страфы:

– Як вы думаеце, чаму Купала пераставіў словы месцамі: іду я, а не я іду? (Я іду можа сказаць пра сябе кожны чалавек, а Мароз магутны, усясільны.)

– Малайцы! Вы правільна заўважылі. – Можна сказаць нават, што ён не проста ідзе, а ўладна ступае... Яшчэ скажыце, чаму Мароз ідзе па пустых сцежках-пуцінах? (Усе лясныя жыхары пахаваліся, разышліся, даючы яму дарогу.)

– Згодзен з вамі. А з кім параўноўвае аўтар Мароза? (З уладаром, князем.)

– У кожнага ўладара, як нам вядома, ёсць свае знакі ўлады і багацця: карона, трон, золата і дарагія камяні, слугі і палацы. Ці ёсць яны ў Купалавага Мароза?.. Перачытайце яшчэ раз другую і трэцюю страфу і раскажыце пра гэта падрабязна. (Выслухоўваюцца адказы дзяцей на аснове намаляваных паэтам вобразаў. Апорныя словы можна напісаць на дошцы.)

– А ці заўважылі вы, што Мароз усё ж трохі хваліцца?..

Няхай тут вучні трохі падыскутуюць. На самай справе цяжка ўявіць, як служыць марозу воўк ці мядзьведзь. Тым больш што мядзведзь да вясны залёг у бярлог.

– Прачытайце апошнюю страфу і скажыце, што новага вы даведаліся пра Мароза? (Тут Мароз клапатлівы, уважлівы і зычлівы гаспадар. Ён зусім не страшны.)

Далей настаўнік просіць яшчэ раз успомніць вершы Якуба Коласа і М.А. Някрасава, каб параўнаць Купалавага Мароза з Дзедам-госцем і Марозам-ваяводам. Нягледзячы на некаторае падабенства персанажаў, вучні ўсё ж выявяць многа адрозненняў.

7. Высвятленне аўтарскай задумы, “пошук аўтара”

Абагульняючы вынікі аналізу, настаўнік задае пытанні, якія дапамагаюць дзецям «убачыць аўтара», зразумець, якія творчыя задачы былі ім пастаўлены.

– Чаму народнаму паэту ўдалося стварыць запамінальны верш пра зіму?

– Для дзяцей ці для дарослых чытачоў напісаны твор?

– Якую мэту ставіў перад сабою паэт перад тым, як скласці яго?.

8. Практыкаванні ў адпрацоўцы выразнага чытання ўсяго твора

9. Дамашняе заданне

Падрыхтавацца да выразнага чытання верша Янкі Купалы; па жаданні выўчыць яго на памяць.

Белая цішыня

Верш Янкі Купалы «Зімой у лесе»

І лягла ж цішыня

У бары за гарой, –

Каб дравінка адна

Хоць кіўнула сабой...

 

Праца з гэтым невялікім вершам таксама не зойме ўвесь урок, і таму настаўніку трэба падумаць, з якім матэрыялам ён будзе працаваць астатнюю яго частку.

 

 

Мэты:

  • дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Янкі Купалы “Зімой у лесе”;
  • вучыць дзяцей разуменню выразнасці гукавога ладу мовы (гукапісу);
  • спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўленняў вучняў; вучыць іх бачыць і эмацыянальна перажываць створаныя аўтарам зрокавыя і слыхавыя малюнкі прыроды;
  • выхоўваць цікавасць да паэзіі; заахвочваць вучняў да самастойнай літаратурнай творчасці.

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора

– Дзеці, многім з вас даводзілася быць у зімовым лесе. Раскажыце, калі ласка падрабязна, што можна пачуць, калі спыніцца і ўважліва прыслухацца. (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.)

2. Самастойнае знаёмства вучняў з вершам Янкі Купалы

Уважліва, двойчы прачытайце верш Янкі Купалы, падумайце, з якой сілай голасу неабходна чытаць, які тэмп выбраць. (Выслухоўваючы адказы, настаўнік сочыць за тым, каб у сваіх разважаннях вучні спасылалися на тэкст.)

3. Узорнае чытанне верша настаўнікам на памяць

4. Аналіз мастацкага твора

– Якія радкі ў вершы паўтараюцца? – Чаму? (Аднолькава гучаць першая і апошняя строфы. Янка Купала хоча падкрэсліць, што цішыня незвычайная, казачная.)

– Паэт гаворыць, што цішыня лягла. Як вы думаеце, чаму ён выбраў менавіта гэтае слова? (Лес спіць, нішто не варушыцца.)

– Чаму ж у бары, сасновым лесе, пануе цішыня? (Ён за гарою, тут зацішна, няма ветру.)

–Правільна, я вельмі рады, што вы такія ўважлівыя. Ніводнае слова паэт не ўжывае проста так, каб было складна. Мне самому асабліва падабаецца радок «у бары за гарой». Доўга думаў, што ў ім незвычайнага, і нарэшце зразумеў: гэты радок напамінае калыханку: «У баары заа гаарой». Ці не праўда?.. (Настаўнік запісвае купалаўскія словы на дошцы, падкрэслівае галосную а, яшчэ раз перачытвае ўслых.) Глядзіце, нават першы склад як у калыханкі без слоў: баары – бааю... А цяпер скажыце, калі ласка, словы якой часціны мовы ў творы адсутнічаюць зусім? (У вершы зусім няма прыметнікаў.)

– Згадзіцеся, нават трохі дзіўна: прыметы прадметаў не названы, але бор нам бачыцца старым, гара – высокай, дравінкі – тоненькімі... Настолькі ўдала адабрана паэтам кожнае слова! А якая ў Янкі Купалы цішыня?.. Выберыце словы, якія перадаюць цішыню апісанага ў творы зімовага лесу найбольш дакладна. (Адкрываюцца загадзя падрыхтаваныя на дошцы азначэнні: глыбокая, незвычайная, мёртвая, непарушная, сонная, дрымучая, глухая, знямелая... Зрэшты, можна абаперціся тут і на слоўнікавы запас саміх вучняў, калі клас дастаткова падрыхтаваны.)

Дзеці выбіраюць патрэбныя словы, тлумачаць свой выбар. Настаўнік таксама ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Адну прапанову ён прымае, іншыя аргументавана адводзіць. Калі праца закончана, педагог яшчэ раз дзякуе дзецям за ўвагу да слова і нечакана пытае:

– А ці можа быць цішыня белаю? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.)

Настаўнік гаворыць, што пагодлівым зімовым днём пасля снегападу цішыня ў лесе чыстая, белая, як у Янкі Купалы. Белую цішыню можна слухаць не толькі зімою. Летам яе можна пачуць у беластволым бярэзніку, жнівеньскім ранкам – над азёрнай вадою.

– Што часам парушае цішыню? Прачытайце. (Вучні практыкуюцца ў выразным чытанні другой страфы.)

– Як працуе чалавек, які прыехаў у дровы? Падмацуйце сваю думку словамі тэксту. (Чалавек працуе ў ахвоту. Тапор ажно свішча, а піла звініць.)

5. Практыкаванні ў выразным чытанні верша

Перад чытаннем усяго верша ўдакладняецца, які настрой трэба перадаць, пазначаюцца словы, на якія прыпадае лагічны націск. У працэсе выпрацоўкі навыку выразнага чытання настаўнік сочыць за правільным вымаўленнем зацвярдзелага р, а таксама мяккіх свісцячых.

6.Высвятленне аўтарскай задумы, “пошук аўтара”

У заключэнні ўрока педагог пытае, з якой мэтай Янка Купала стварыў гэты верш? Абагульняючы адказы вучняў, ён кажа, што народны паэт быў захоплены, заварожаны цішынёй і прыгажосцю зімовага лесу і не мог не падзяліцца сваімі ўражаннямі з чытачамі. Ён хацеў, каб яны таксама ўбачылі, як «лягла цішыня ў бары за гарой», каб прыгледзеліся, прыслухаліся да жыцця зімовага лесу і здзівіліся, зрабілі для сябе паэтычнае адкрыццё.

7. Дамашняе заданне

Вывучыць верш Янкі Купалы “Зімой у лесе” на памяць.

Скласці кароткія вусныя апавяданні «Пра што мне расказаў зімовы лес» або «Хто парушае лясны спакой» ці «Чароўны дойлід Зіма».

Гімн красе роднага краю

Урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць...

Вучні чацвёртага класа з дапамогай настаўніка здольныя зразумець і асэнсаваць урывак са знакамітай паэмы народнага паэта. На гэты час малодшыя школьнікі дастаткова добра знаёмы з біяграфіяй паэта, маюць першапачатковае ўяўленне пра творчую манеру яго пісьма, ведаюць на памяць добры дзесятак Коласавых вершаў. Гэта ў некаторай ступені аблегчыць задачу настаўніка на дадзеным уроку.

 

Мэты:

  • дапамагчы вучням зразумець ідэйна-эстэтычны змест урыўка з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»;
  • практыкаваць пачынаючых чытачоў у вымаўленні пытальна-рытарычных сказаў і сказаў са звароткамі;
  • вучыць дзяцей разуменню выразнасці гукавога ладу мовы (гукапісу);
  • вучыць дзяцей выказваць свае ўражанні, даказваць правамернасць сваіх поглядаў, абапіраючыся на тэкст твора;
  • спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўлення дзяцей, вучыць іх бачыць і эмацыянальна адчуваць створаныя аўтарам вобразныя малюнкі прыроды;
  • выхоўваць у пачынаючых чытачоў пачуццё нацыянальнай годнасці, заахвочваць іх да самастойнай літаратурнай творчасці.

 

Парадак працы

1. Уступнае слова настаўніка

– Сёння мы будзем чытаць урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Паэт пачаў працаваць над ёй яшчэ ў астрозе, пасля яшчэ тройчы папраўляў і перапісваў. «Сымон-музыка» – адзін з найболып вядомых твораў народнага паэта. Цалкам вы пазнаёміцеся з паэмай у старэйшых класах.

2. Чытанне ўрыўка з паэмы настаўнікам на памяць

З. М. Уступ да чацвёртай часткі паэмы – узвышаны гімн красе роднай прыроды. Пра «мілы кут сваіх дзядоў» паэт гаворыць з захапленнем, сыноўняй любоўю. Пры гэтым важна, каб настаўнік, а следам за ім і вучні, не збіліся на фалыпывую патэтыку, бяздумнае дэкламаванне, крыклівасць. Захапляцца можна і моўчкі.

 

3. Праверка першаснага ўспрымання

– Якія пачуцці ўклаў паэт ў пачутыя вамі радкі? (Пачуццё радасці,
гонару за сваю Радзіму, пачуццё захаплення яе прыгажосцю.)

4. Самастойнае чытанне ўрыўка з паэмы вучнямі

– Для таго, каб лепш уявіць сабе намаляваныя паэтам вобразы,
давайце, як заўсёды, не спяшаючыся, прачытаем верш самі сабе.

5. Падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых

– Прагледзьце верш яшчэ раз і падумайце, у якім тэмпе трэба яго
чытаць.

(Дзеці выказваюць свае прапановы. У працэсе непрацяглай дыскусіі клас пагаджаецца з тым, што верш чытаецца ў звычайным тэмпе. Другая частка – трохі паскорана: захоплены прыгажосцю паэт нібы спяшаецца даць малюнак за малюнкам. У гэтай частцы трэба зрабіць трохі большыя паўзы на месцы кропкі з коскай (два выпадкі), каб аддзяліць групы залежных сказаў сінтаксічнага цэлага.)

6. Выразнае чытанне і аналіз твора

– Прачытайце, запомніце і скажыце па памяці, з якімі словамі звяртаецца Якуб Колас да роднага краю. (Вучні практыкуюцца ў чытанні разгорнутага зваротка.)

– Якімі словамі паэт характарызуе свой край? (Родны, прыгожы, мілы.)

– Ці не праўда, цудоўныя словы?! Мілы... Прыгожы... Родны... На
першы погляд, яны вельмі простыя, але ў той жа час як выдатна перадаюць пачуццё аўтара! У старэйшых класах вы пазнаёміцеся з іншымі вершамі народнага паэта, што пачынаюцца падобным звароткам.

Настаўнік чытае на памяць:

Вобразы мілыя роднага краю...

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

– Прагледзьце яшчэ раз верш да канца і скажыце, колькі сказаў у
другой частцы? (Усяго адзін сказ.)

– Які знак стаіць у канцы? ( Аўтар паставіў пытальнік.)

– Дык выходзіць, што гэта пытальны сказ і нам неабходна шукаць адказ? (Не, ён утрымліваецца ў самім пытанні. Для Якуба Коласа няма нічога даражэйшага на свеце за вобразы роднага краю.)

– Правільна, паэты часта ўжываюць такі прыём. Хто з вас успомніць падобныя пытанні ў вершы Якуба Коласа «Родныя вобразы»? («Што маё сэрца да вас парывае? // Чым так прыкованы я... ?»)

– Падрыхтуйцеся выразна прачытаць наступныя пасля зваротка шэсць радкоў. (Чытаюць 2-3 вучні, папярэдне паведаміўшы, якое пачуццё яны хочуць перадаць. Клас ацэньвае працу сваіх сяброў.)

– Знайдзіце, калі ласка, радкі, дзе паэт захапляецца гукамі роднай зямлі. ( «Дзе бруяцца срэбрам рэчкі; // Дзе бары-лясы гудуць... »)

– А цяпер заплюшчце вочы і прагаварыце першы радок. Толькі не спяшайцеся: нашы рэкі цякуць павольна, спакойна. («Дзе бруяцца срэбрам рэчкі...») – Што вам здалося? (Вада булькоча, пераліваецца цераз каменне, ззяе на сонцы.)

– Якія спалучэнні гукаў дапамаглі пачуць гэта? (Спалучэнні бр, ср, гук р. Рака нібы злуецца на нешта.)

– Вельмі правільна вы заўважылі. У нашай роднай мове ёсць выдатнае, вельмі гаваркое слова бруіцца – цячы, пераліваючыся струменямі пад сонцам. Вымаўляеш яго – і адразу чуеш і бачыш раку пагодлівым летнім днём... Заплюшчце яшчэ раз вочы і гэтак жа павольна прагаварыце наступны радок. («Дзе бааарыы-ляасы гуудуууць».)

– Што вы пачулі на гэты раз? ( Гудуць старыя сосны.)

– Адкуль жа ўзяўся гэты гул? (Адразу пасля зычных ідуць галосныя, якія можна цягнуць. Усе склады цвёрдыя. Таму дрэвы гудуць, а не звіняць.)

З. М. Няма сэнсу ў дадзеным шасцірадкаўі шукаць метафарычна выкарыстаныя словы, тлумачыць іх пераноснае значэнне, бо, працуючы над вершам «Родныя вобразы», вучні ўжо гаварылі і пра «лесу высокага шум-гуд шчаслівы», і пра «гоман спелае нівы».

– Як вы разумееце спалучэнне «гмахаў безгранічных”?

З. М. Можа так здарыцца, што спалучэнне слоў «гмахаў безгранічных» давядзецца «перакласці» на сучасную літаратурную мову. Гмах, паводле слоўніка, – высотны дом. Калі дзецям будзе цяжка ўнікнуць у сэнс аўтарскіх слоў, настаўнік павінен патлумачыць, што гаворка ідзе пра незлічоную колькасць балот і азёр, «дзе пад гоман хваль крынічных думкі думае прастор». Працытаваныя радкі – непаўторны зрокавы вобраз. Пры яго разглядзе ў настаўніка маецца выдатная магчымасць задзейнічаць творчае ўяўленне вучняў. Далёка не кожнае вобразнае паэтычнае назіранне мастака слова (як і ў дадзеным выпадку) можна раскрыць адназначна ці хоць бы з большай ці меншай ступенню дакладнасці. На тое яна і ёсць Вялікая Паэзія. Безумоўна, педагог можа выказаць і сваю думку, пры чым не толькі тады, калі дзіцячае ўяўленне не спрацуе.

– Падзяліце заключную частку верша на вобразныя малюнкі і падрыхтуйцеся прачытаць іх услых. (Чытаюць тры выкліканыя настаўнікам вучні.)

Дзе увосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

 

 

Дзе шляхом старым бярозы

Азначаюць гожа пуць.

 

– Ці бачылі вы, як плачуць лозы ўвосень.

Калі дзеці не здолеюць адразу зразумець метафарычнае значэнне выразу, педагог падводзіць да гэтага паступова. Ён расказвае:

– Усё лета лозы нізка да вады схілялі свае тонкія галінкі з дробным лісцем. Увосень лісце пажоўкла, наляцеў ветрык, і... (Вербы заплакалі, лісточкі адзін за адным паляцелі на ваду.)

– Правільна, малайцы. Бачыце, як удала Якуб Колас выбраў патрэбнае слова. Я думаю, мы з вамі маглі б расказаць пра тое, як кружацца гэтыя лісточкі на вадзе, куды паплывуць, што раскажуць прыбярэжным чаратам, але давайце зробім гэта другім разам. Нам засталося разгледзець яшчэ адзін выдатны малюнак. Давайце толькі папярэдне ўдакладнім, што паэт разумее пад словам шлях... (Слова ўжыта ў значэнні – дарога, гасцінец.)

– А як вы разумееце спалучэнне слоў адзначаюць пуць? (Указваюць напрамак.)

– Раскажыце, калі ласка, што вам бачыцца за словамі «Дзе шляхом старым бярозы адзначаюць гожа пуць»? (Заслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.)

– А якія яшчэ дрэвы могуць «гожа адзначаць пуць» нашым шляхам, дарогам, гасцінцам. (Узбоч дарог часта растуць магутныя старыя вербы, стромкія таполі, разгалістыя ліпы.)

– Малайцы! Калі разам з бацькамі будзеце падарожнічаць па Беларусі, абавязкова паназірайце, як дрэвы ўздоўж дарогі падказваюць ёй, куды ісці. Я думаю, тады вам абавязкова ўспомняцца выдатныя радкі паэта.

7. Практыкаванні ў выразным чытанні ўсяго ўрыўка

Перад чытаннем прыгадваюцца выпрацаваныя ў пачатку ўрока падыходы.

8. Творчае заданне

– А што калі мы з вамі пастараемся прадоўжыць верш?.. Вядома, ніхто не можа зраўняцца з паэтам, але ў кожнага з нас ёсць свае запамінальныя вобразы роднага краю. Каб ажывіць эмацыянальную памяць, творчае ўяўленне сваіх выхаванцаў, настаўнік таксама прымае ўдзел у працы, паказвае ўзор. Магчыма, што з яго дапамогай на дошцы з’явяцца наступныя паэтычныя радкі:

– дзе вясною лясы глухнуць ад птушыных спеваў;

– дзе азёры блакітнымі вачыма глядзяць у неба;

– дзе буслы захінаюць зямлю ад бяды сваімі магутнымі крыламі;

– дзе восенню яркім полымем гарыць рабіна на ўзлеску;

– дзе сланечнікі кожную раніцу падстаўляюць сонцу свае твары;

– дзе аблокі начуюць на вершалінах соснаў;

– дзе баравікі самі просяцца ў кошык да грыбніка...

9. Усведамленне аўтарскай задачы, “пошук аўтара” – Чаму Якубу Коласу ўдалося скласці выдатны, запамінальны верш, які палюбіўся многім пакаленням вучняў? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні дзяцей.) Абагульняючы адказы дзяцей, педагог гаворыць, што такі верш мог напісаць толькі чалавек, улюбёны ў прыроду роднага краю, бо без гэтага светлага пачуцця не можа быць любові да Радзімы. Паэт хацеў перадаць нам, чытачам, сваё захапленне роднымі краявідамі. 10. Заключнае слова настаўніка – Шчыра дзякую вам за працу на ўроку. Сёння мы з вамі вучыліся назіраць, слухаць, дзяліцца сваімі ўражаннямі. Мы вучыліся цаніць паэтычнае слова, і дапамог у гэтым урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». 11. Дамашняе заданне – Вывучыць урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» на памяць. З. М. Урыўкі з класічных паэтычных твораў, што будуць вывучацца ў старэйшых класах пажадана завучваць на памяць. Пройдзе ўсяго некалькі гадоў, і вучні прачытаюць поўны варыянт паэмы Якуба Коласа. Сустрэча са знаёмымі радкамі стане для іх шчаслівай сустрэчай з сапраўднай Паэзіяй.

 

Песня любові і жальбы

Верш Якуба Коласа «Родныя вобразы»

 

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я

 

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы.

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя сумнай красы?..

Вучні чацвёртага класа з дапамогай настаўніка могуць паўнавартасна ўспрыняць элегію Якуба Коласа. Ім можна прапанаваць поўны варыянт твора, бо, калі адкінуць (як гэта было зроблена раней у “Родным слове” для другога класа) апошнюю страфу:

Вобразы мілыя, вобразы смутныя.

Родныя вёскі і люд. Песні цягучыя, песні пакутныя!..

Бачу і чую вас тут , –

 

поўнасцю размываецца аўтарская задума. Настаўніку цяжка прывесці вучняў да разумення падтэксту. Дазволім сабе разгледзець поўны варыянт верша, арыентуючыся на вучняў трэцяга-чацвёртага класаў.

Мэты:

пашырыць звесткі вучняў аб жыцці і творчасці Якуба Коласа;

дапамагчы пачынаючым чытачам зразумець ідэйна-эстэтычны змест верша Якуба Коласа “Родныя вобразы”;

фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой;

практыкаваць вучняў у чытанні разгорнутых рытарычных пытанняў-метафар;

дапамагчы вучням зразумець, што кожнае ўжытае паэтам слова найлепшым чынам адпавядае дадзенаму кантэксту;

вучыць пачынаючых чытачоў “бачыць асобу аўтара”, разумець аўтарскую пазіцыю;

выхоўваць нацыянальную самасвядомасць вучняў, павагу да пісьменніцкай працы, пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру.

 

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання твора – Якуб Колас пачынаў пісаць у той час, калі само слова Беларусь усё яшчэ ўспрымалася варожа, не кажучы ўжо пра беларускую мову, якой паэт пасмеў размаўляць з людзьмі. Якуб Колас добра бачыў, якія здзекі церпіць беларускі народ ад царскіх чыноўнікаў і не мог з гэтым мірыцца. Ён вучыў сялянскіх дзяцей, дапамагаў іх бацькам адстойваць свае правы. 15 верасня 1908 года за ўдзел у забароненым настаўніцкім з’ездзе малады настаўнік быў прыгавораны да трох гадоў турмы. У Мінскім астрозе ён напісаў верш «Родныя вобразы», які цяпер вядомы кожнаму адукаванаму беларусу. Гэты твор Якуба Коласа быў змешчаны ў першым зборніку вершаў паэта, які выйшаў ў 1910 годзе і меў назву «Песні жальбы» (запісваецца на дошцы). 2. Слоўнікавая падрыхтоўка – Жальба...Сёння мы не адзін раз будзем вымаўляць гэтае слова. А як можна сказаць яшчэ? (Смутак, жаль, горыч, туга, журба..) 3. Чытанне верша настаўнікам на памяць 4. Аналіз першаснага ўспрымання – Які агульны настрой гэтага верша? Чаму? 5. Самастойнае чытанне верша вучнямі 6. Аналіз мастацкага твора, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых Пасля таго, як дзеці перачытаюць верш моўчкі, настаўнік акцэнтуе іх увагу на заключным радку: – «Песні цягучыя, песні пакутныя! Бачу і чую вас тут». Тут, гэта дзе? (У турме, у астрозе.) – Але ж за тоўстымі мураванымі сценамі турэмнай камеры, у якую святло прабівалася толькі праз пакрытае кратамі акенцам паэт не мог нічога бачыць і чуць? (Ён успамінае, уяўляе сабе.) – Правільна, словы бачу і чую Якуб Колас ужыў у пераносным значэнні.

– Што ж бачыць паэт, як толькі прыкрые вочы? (Перачытваецца другая страфа.) – Што чуецца яму ў гэты час? (Дзеці перачытваюць наступную страфу.) – «Узгорачкі роднага поля, рэчкі, курганы, лясы...», «гоман спелае нівы», «ціхая жальба палёў», «шчаслівы шум-гуд лесу», «песня магутных дубоў»... Як усё гэта называе паэт? (Родныя вобразы.) – Правільна, для Якуба Коласа гэта ўсё «вобразы мілыя роднага краю». Доўгімі днямі і начамі зняволены паэт успамінаў, уяўляў родныя яму вобразы... А які ж настрой яны выклікалі ў яго душы? Уважліва прачытайце пачатак твора. (Смутак і радасць.) – Як вы думаеце, чаму вобразы роднага краю будзілі ў душы маладога паэта супрацьлеглыя пачуцці? (Яму прыемна ўсмамінаць тое, што заўсёды цешыла, радавала, і адначасова шкада, што ўсё гэта далёка, на свабодзе.) – Якія яшчэ словы перадаюць супрацьлеглыя пачуцці? (Ціхая жальба палёў – шчаслівы шум-гуд лесу.) – У самым пачатку твора Якуб Колас задае пытанне, на якое вельмі цяжка даць адказ і яму самому, і кожнаму чалавеку: за што мы любім родны край? Падрыхтуйцеся да выразнага чытання першых двух чатырохрадкоўяў. Пасля самастойнай падрыхтоўкі вучні практыкуюцца ў выразным чытанні. Праводзіцца калектыўная ацэнка якасці чытання, з дапамогай настаўніка карэктуюцца тэмп і інтанацыя. З. М. Звяртаем увагу на некаторыя асаблівасці выразнага чытання верша Якуба Коласа «Родныя вобразы». Яго першыя два радкі, а таксама тры радкі ў апошняй страфе іншы раз чытаюцца з інтанацыяй зваротку, у той час як мы маем справу са сказамі, якія па сваёй сінтаксічнай структуры адносяцца да «назоўных уяўлення». Яны называюць успаміны, намаляваныя ва ўяўленні таго, хто гаворыць. Такія сказы чытаюцца з адпаведнай інтанацыяй, якая адрозніваецца ад інтанацыі вакатыўных сказаў (сказаў-звароткаў). У гэтай жа страфе варта звярнуць увагу на чытанне сэнсава і эмацыянальна блізкіх рытарычных пытанняў-метафар. – У гэтым вершы Якуб Колас, каб перадаць пачуцці свайго героя, удала выкарыстоўвае блізкія па значэнні словы. Паспрабуем па памяці да запісаных у слупок назоўнікаў дабавіць дзеясловы-метафары:

нівы – ........ (гамоняць)

палі – ........... (жаляцца)

лес – ............ (шчасліва гудзе і шуміць)

дубы – ........... (спяваюць)

– Паспрабуйце памяняць некаторыя словы месцамі, і ў вас нічога не атрымаецца. Напрыклад, магутным дубам жаліцца няма на што. Не могуць яны і гаманіць, бо шамацець, перагаворвацца здольныя толькі каласы. На гэтым прыкладзе мы з вамі можам яшчэ раз пераканацца, што кожнае слова ў мастацкім творы незаменнае... На што ж скардзяцца, ціха жаляцца палі? (На неўраджай, на засуху.) – Магчыма, яшчэ і на тое, што сабранага хлеба селяніну не хопіць да новага ўраджаю, што наступным годам яму не будзе чым засеяць ніву... Якою ж красой надзяляе паэт родныя вобразы? (Якуб Колас піша: «поўныя сумнай красы» і «ззяючы мілай красой».) – А якія песні ў беларускага селяніна? (Яго песні цягучыя і пакутныя.) – Чаму? (Беларускі селянін быў забіты, неадукаваны. Ён многа і цяжка працаваў, а жыў у пастаяннай нястачы.) 7. Асэнсаванне ідэйна-вобразнага зместу твора, “пошук аўтара” – Як вы думаеце, ці толькі свой лёс, сваю адзіноту аплаквае паэт у вершы «Родныя вобразы»? (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў.) З. М.Можа здарыцца так, што пытанне выкліча цяжкасці, але гэтага не варта баяцца. Паводле сучаснай дыдактыкі, усякія заданні павінны ісці наперадзе развіцця дзіцяці. Пры аналізе мастацкага твора (такі аналіз, як зазначалася раней, вядзецца «ад вучня») педагог заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу сваім выхаванцам, ён не прамінае выпадку ўдакладніць і «падправіць» выказванне («Ты ж гэта хацеў сказаць?»), падхапіць думку, ад якой можна адштурхнуцца. Спрактыкаваны чытач без цяжкасці адчуе, што асабістае ў вершы Якуба Коласа «Родныя вобразы» цесна паяднана з сацыяльным, грамадзянскім. Дзецям зразумець гэта не так проста, таму педагогу трэба добра падумаць, як ім дапамагчы. Абагульняючы выказванні дзяцей, настаўнік гаворыць, што за словамі верша добра бачыцца постаць самога Якуба Коласа – шчырага, глыбока заклапочанага лёсам Бацькаўшчыны паэта, які не можа быць шчаслівым, калі пакутуюць іншыя. Думкі аб лёсе беларускага селяніна-працаўніка не пакідалі Якуба Коласа нават у астрозе. 8. Выпрацоўка навыкаў выразнага чытання ўсяго верша і завучванне яго на памяць 9. Дамашняе заданне Вывучыць верш Якуба Коласа “Родныя вобразы” на памяць.

Што страціў паэт?

Верш Якуба Коласа «Адлёт жураўлёў»

Сцелюцца валокны,

Тчэцца павуціна –

Блізка, блізка восень,

Смутная часіна!..

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Якуба Коласа “Адлёт жураўлёў”;

· спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўленняў пачынаючых чытачоў; вучыць іх бачыць і адчуваць створаныя аўтарам вобразныя малюнкі прыроды;

· дапамагчы зразумець, што кожнае ўжытае аўтарам слова найлепшым чынам адпавядае дадзенаму кантэксту, з’яўляецца незаменным;

· вучыць дзяцей параўноўваць вобразныя малюнкі ў вершаваных і празаічных творах;

· выхоўваць цікавасць да паэзіі, павагу да пісьменніцкай працы, пачуццё гонару за беларускую нацыянальную літаратуру;

Парадак працы

1. Падрыхтьоўка да асэнсаванага ўспрымання твора Гутарка на матэрыяле экскурсіі ў асеннюю прыроду з мэтай актывізаваць эмацыянальную памяць вучняў, стварыць атмасферу суперажывання, пачуццёвага водгуку на твор. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік чытае верш Якуба Коласа павольна, быццам прыслухоўваючыся да цішыні, нібы ўглядаючыся ў малюнкі, створаныя аўтарам, выдзяляючы іх. 3. Высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на вучняў – Якая ж восень у Коласа? (Невясёлая, сумная.) – Чаму паэт убачыў яе такой? (Яму шкада, што заканчваецца лета, гіне прыгажосць. Наперадзе дажджы і холад, таму і сумна.) 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі 5. Аналіз мастацкага твора, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых – Удумліва перачытайце першае чатырохрадкоўе ўпаўголаса, пастарайцеся ўявіць створаныя паэтам малюнкі. (Даецца час на выкананне задання). – Які дзень апісвае Якуб Колас? (Пагодлівы дзень, ветру няма, сонечна і ціха.) – Чаму вы так вырашылі? (Аўтар піша, што «павуціна тчэцца», «валокны сцелюцца». Так бывае ў добрае бязветранае надвор’е.) – З вамі нельга не згадзіцца. Малайцы! На маю думку ў гэтым вершы Якуб Колас выкарыстаў яшчэ адно слова, якое паказвае на тое, што надвор’е стаіць добрае. Якое ж гэта слова? ( Якуб Колас піша, што неба «бязмежнае», значыць, высокае, блакітнае, чыстае.) – Малайцы, а чым жа адметны наступныя чатыры радкі? (У Коласа асобны радок – як самастойны малюнак.) – Ваша праўда. Калі б кожны з нас расказаў, які малюнак ён бачыць, чытаючы Коласавы радкі, то малюнкі аказаліся б вельмі розныя. Чаму так, пагаворым пазней, а цяпер на хвілінку ўявіце: мы на ўроку беларускай мовы. Маюцца чатыры самастойныя сказы, падзеленыя коскамі. Што вы можаце пра іх сказаць? (Сказы складаюцца ўсяго з двух слоў.) – Чаму, як вы лічыце? Якуб Колас выдатна ўмее падабраць да слова патрэбную прымету, у гэтым мы з вамі не раз пераконваліся. А тут прымет няма зусім. (Выслухоўваюцца звязныя выказванні вучняў). З. М. Хоць гэта чацвёрты год навучання, але адказаць на падобнае пытанне настаўніка зможа далёка не кожны вучань. Галоўнае, каб дзеці шукалі адказ, у ходзе дыскусіі маглі хоць у нейкай меры наблізіцца да разумення аўтарскай мастацкай задумы. І нават калі адказам стане цішыня – вялікай бяды не бачыцца, бо ў класе ёсць настаўнік, які можа прапанаваць для абмеркавання свой пункт гледжання. На нашу думку, ствараючы простыя сваёй геніяльнасцю радкі:

Замірае лета,

Заціхаюць далі,

Сірацее рэчка,

Халадзеюць хвалі, –

Якуб Колас наўмысна не абцяжарвае вобразы-метафары, каб даць прастор творчай фантазіі чытача. Ужытыя паэтам дзеясловы нясуць надзвычай моцную эмацыянальна-вобразную нагрузку яшчэ і з-за таго, што стаяць менавіта ў пачатку неразвітага сказа. – Што значыць «асірацець»? Як вы разумееце гэтае слова? (Асірацець – значыць застацца без некага блізкага, роднага, таго, хто пра цябе вельмі клапоціцца.) – Чаму ж сірацее рэчка? (Найбольш характэрныя выказванні вучняў:

– Дзеці не ходзяць больш на рэчку купацца. Вада стала халоднай.

– На беразе рэчкі ўсё менш рыбакоў. Рыба адыходзіць далей, на глыбіню. У сонечны дзень не бачна, як гуляюць на сонцы малькі, як плешча па вадзе вялікая рыба.

– Прапалі ластаўкі-берагавушкі. У іх выраслі дзеці, і птушыныя сем’і паляцелі ў вырай. Засталіся толькі домікі-норкі. Яны асірацелі таксама.

– Птушкі, якія жылі ў прыбярэжных кустах, таксама зніклі.

– Не лятаюць над вадою рознакаляровыя стракозы.

– Рачныя чайкі не кідаюцца за здабычай.

– Нават травы, якія растуць каля берага – асака і чарот, шумяць не па-летняму.

– Мяняецца колер вады. Яна робіцца шэрай, зеленаватай.)

З. М. Як можна заўважыць, усяго адно слова-метафара выклікала вялікую колькасць асацыяцый, прымусіла працаваць памяць і ўяўленне. Рэчка жыла сваім насычаным жыццём, і цяпер яна не можа не адчуваць адзіноту, бо кожны дзень трэба з некім ці з нечым развітвацца, каб урэшце рэшт зусім сцішыцца пад ледзяным панцырам. У час, пра які ідзе размова, і рэчка, і лес, і сам паэт развітваюцца з жураўлямі, а развітвацца заўсёды сумна. Таму і настрой верша такі невясёлы. Наўрад ці варта настолькі падрабязна спыняцца на кожным вобразе-метафары. Урэшце ўсе яны: і той, на якім мы спыніліся, і суседнія два («заціхаюць далі», «халадзеюць хвалі») – блізкія. Намаляваныя Якубам Коласам вобразы ўзаемадапаўняюць адзін аднаго і ствараюць цэласны паэтычны вобраз – «замірае лета». – Перачытайце наступную страфу. Паэт піша, што жураўлі «мкнуцца над лясочкам» Ці не лепш было б сказаць «спяшаюцца», «ляцяць»? («Ляцяць» – недакладна. «Спяшаюцца» – таксама дрэнна. Зіма яшчэ не зусім блізка, і жураўлі не спяшаюцца.) – Перачытайце, калі ласка, чацвёртую страфу. Ці толькі сум, шкадаванне ў радках паэта? (Не толькі. Тут яшчэ і замілаванне, пяшчота.) – Якія словы перадаюць названыя вамі пачуцці? (Жураўлі ляцяць «роўненькім шнурочкам». У вырай яны мкнуцца «над лясочкам», а не над лесам.) – Мне здаецца, што ў паэта замілаванасць і сум зліліся ў адзінае шчымлівае пачуццё, назавём яго светлым сумам. – Падрыхтуйцеся прачытаць услых наступныя чатыры радкі. Але перад тым назавіце, калі ласка”, у кожным радку дзеясловы. (Запісваюцца на дошцы.) – Што вы заўважылі? (Дзеясловы размешчаны па меры паслаблення сілы дзеяння: «меншыцца», «тае», «ледзь-ледзь цямнее», «прападае». – Пастарайцеся перадаць голасам, як губляецца за даляглядам жураўліны шнурочак. (Вучні практыкуюцца ў выразным чытанні.) – Уважліва прачытайце апошнія радкі верша і адкажыце, што, на вашу думку, страціў паэт? (Выслухоўваюцца разважанні вучняў.) – Нам, чытачам, вельмі цяжка адказаць на гэтае няпростае пытанне. Страчана нешта дарагое, блізкае. Прыйдуць іншыя восень і лета. Магчыма, нават, што яны будуць лепшымі. Але гэтыя, што прайшлі, не вернуцца ніколі. Многае яны забіраюць з сабою, пакідаючы адно ўспаміны. 6. Асэнсаванне вобразнага зместу твора, “пошук аўтара” Для таго, каб дзеці глыбей усвядомілі аўтарскую задуму, настаўнік прапаноўвае адказаць на наступныя пытанні: – З якой мэтай Якуб Колас напісаў верш “Адлёт жураўлёў”? – Чаму паэту ўдалося стварыць запамінальны верш, вядомы кожнаму адукаванаму беларусу? Абагульняючы адказы вучняў, настаўнік гаворыць аб паэтычным майстэрстве Якуба Коласа, які некалькімі ўдала знойдзенымі словамі здолеў стварыць маляўнічы, запамінальны вобраз. Усё гэта магчыма толькі таму, што паэту бясконца дарагая зямля роднага краю. 7. Параўнанне вобразных малюнкаў у вершаваных і празаічных творах

З. М. Аднатэмныя празаічныя і вершаваныя творы вельмі карысна параўноўваць. Цікава заўважыць: «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа пабудавана такім чынам, што ў ім суседнічаюць аднайменныя вершы і апавяданні. Як зазначаў сам пісьменнік, вершы паэтызуюць расказанае ў прозе, а проза канкрэтызуе напісанае ў вершах. Параўнанне вершаваных і празаічных твораў не толькі дапамагае засвоіць элементарныя веды па тэорыі літаратуры, але і дае першапачатковыя ўяўленні аб мастацкай манеры пісьменніка, дапамагае больш глыбокаму разуменню вобразаў, намаляваных у прозе і ў вершах. Метадычна апраўдана нават у вонкава падобных мастацкіх карцінах шукаць адметнасці, не затрымліваючыся на аналогіі. Падобную працу можна праводзіць таксама параўноўваючы творы розных аўтараў.

Вучні вяртаюцца да апавядання Якуба Коласа «Асеннія ясныя дні» (вывучалася годам раней), перачытваюць яго. Суадносяцца празаічныя і вершаваныя ўрыўкі:

Сцелюцца валокны,

Тчэцца павуціна…

(Якуб Колас. «Адлёт жураўлёў».)

«Плаўна носіцца ў паветры белая павуціна, сцелецца па зямлі, чапляючыся за кусты і сухую траву». (Якуб Колас. «Асеннія ясныя дні».)

 

У бязмежным небе Меншыцца шнурочак,

Роўненькім шнурочкам У паднеб’і тае,

Жураўлі на вырай Вось ледзь-ледзь чарнее,

Мкнуцца над лясочкам. Міг – і прападае.

(Яуб Колас «Адлёт жураўлёў».)

«Ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалу і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня».

(Якуб Колас «Асеннія ясныя дні».)

– Параўнайце палёт жураўлёў. У чым адметнасць празаічнага ўрыўка. (Па-першае, жураўлі ляцяць «ключом», па-другое, яны «пранясуцца».) – Чаму аўтар выкарыстаў у апавяданні менавіта гэтае слова? (У вершы Якуб Колас піша: «Блізка-блізка восень». Значыць, пакуль яшчэ лета. Апавяданне ж пачынаецца словамі: «Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні». У апавяданні, такім чынам, апісваецца сярэдзіна восені. Жураўлі спяшаюцца ў вырай.) – У вершыжураўлі «мкнуцца» ў вырай у «бязмежным небе». А ў празаічным урыўку? (Жураўлі «схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба».)

– Бачыце, празаічнае апісанне неба выразнае, яно нібы раскрывае змест вершаванага... Якія адрозненні вы яшчэ заўважылі? (Жураўлі ў вершы ляцяць моўчкі, у той час як у апавяданні гаворыцца пра жураўліны крык.)

– Вы вельмі ўважлівыя. «Замірае лета, заціхаюць далі…» Нават жураўлі сваім развітальным крыкам асцерагаюцца парушыць гэтую сумную цішыню. Жураўлі, піша Якуб Колас, «пранясуцца і схаваюцца». Але ў апавяданні ёсць словы, якія, калі можна так сказаць, «запавольваюць» палёт. Назавіце гэтыя словы. («Крык іх заціхае памалу і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня».) Мы з вамі заўважылі: і ў вершы і ў апавяданні вобразы дастаткова блізкія. Але добра запомніце: вершаваны твор ніколі нельга пераказаць прозаю. 8. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць. Скласці вусныя апавяданні на тэму «Як мы праводзілі птушак», ці «Як буслы развітваліся са сваімі гнёздамі», або «Аб чым крычалі журавы».