Такі клапатлівы і добры дзед!..

Верш Якуба Коласа «Дзед-госць»

Ходзіць дзед белабароды

Полем, лесам, пералескам,

Засцілае рэчкі лёдам,

Брыльянцістым снежным блескам.

 

Сярод запамінальных вершаў, якія суправаджаюць нас ад першых гадоў школьнага навучання, вылучаецца сваёй вобразнай выразнасцю, прыгажосцю, нейкім асаблівым даверам да чытача верш Якуба Коласа «Дзед-госць». Цяжка ўявіць, колькі разоў чытаўся ён Дзеду Марозу і Снягурцы на дзіцячых ранішніках у садках і школах! Бясспрэчна, што названы верш трэба вывучаць цалкам, як гэта было прапанавана ў падручніках ранейшых гадоў выдання, бо інакш вучням цяжка будзе зразумець нават яго назву.

Мэты:

· дапамагчы дзецям зразумець вобразна эстэтычны змест верша Якуба Коласа «Дзед-госць»;

· фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой;

· спрыяць развіццю ўзнаўляльнага і творчага ўяўлення дзяцей, вучыць іх бачыць і эмацыянальна адчуваць вобразныя малюнкі, стварыць атмасферу пачуццёвага водгуку на твор;

· выхоўваць пачуццё павагі да творчасці беларускіх пісьменнікаў-класікаў.

 

Парадак працы

1. Уступная гутарка

– Якія вершы Якуба Коласа пра зіму вам запомніліся?

– Якія з іх можаце прачытаць на памяць?

– Чам прывабліваюць вершы паэта?

2. Чытанне верша настаўнікам на памяць

3. Праверка першаснага ўспрымання

Пра якога белабародага дзеда гаворыцца ў вершы?

4. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых

– Прагледзець верш моўчкі і падумайце, у якім тэмпе трэба яго чытаць, якія пачуцці неабходна пастарацца перадаць. (Высвятляецца, што першыя чатыры страфы патрабуюць няспешнага чытання. На гэта ўказваюць дзеясловы «ходзіць», «засцілае»... Запаволенасць, размеранасць перадаецца таксама аднароднымі акалічнасцямі і дапаўненнямі. Белабароды дзед ходзіць «полем, лесам, пералескам», воўнаю-кажухам ён крые «руні, травы, лозы».)

5. Аналіз вобразнага зместу мастацкага твора, практыкаванні ў выразным чытанні

– Якім вы ўяўляеце сабе дзеда-госця? (Калі вучні адчуюць цяжкасць у падборы слоў-характарыстык, настаўнік прыходзіць ім на дапамогу. На дошцы з’яўляюцца словы-падказкі: «усемагутны», «грозны», «вясёлы», «добры», «дбайны», «клапатлівы»...)

– Чаму вы так думаеце? (Мароз нікога не марозіць. Ён, піша аўтар, «туліць дрэвы лёгкім пухам». Так дарослыя ўхутваюць дзяцей, каб тым не было холадна зімою на вуліцы. Воўнаю-кажухам мароз пакрывае палі, траву, дрэвы і кусты, ратуе іх ад сцюжы. Белабароды дзед ходзіць усюды, нібы той клапатлівы, дбайны гаспадар. Ён хвалюецца, каб зямлі не было холадна.)

– А што абазначае выраз: «Усюды носяць ногі»? Калі і пра каго так кажуць? (Дзед Мароз вялікі працаўнік. Ён увесь час у дарозе, ніколі не адпачывае. Белабародага дзеда чакае шмат працы. Нават да дзяцей ён прыйдзе на хвілінку.)

– Малайцы! Вы добра адчуваеце паэтычнае слова. Да Коласавага Мароза мы з вамі яшчэ неаднойчы будзем звяртацца, вывучаючы творы іншых паэтаў.

– Заўважце, якое адзенне дорыць зямлі і дрэвам гэты незвычайны дзед. (Белае, іскрыстае, брыльянцістае, прыгожае.)

– А яшчэ? (Лёгкае, але цёплае. Якуб Колас піша: «Туліць дрэвы лёгкім пухам». Воўна, як і пух, лёгкая і цёплая.)

– Падбярыце сінонімы да слова «іней». (Намаразь, шэрань.) – Заўважце, наколькі «гаваркое» слова “шэрань”. Здаецца, бачыш

дрэвы пад яе срэбным покрывам.

– Хто з вас паспрабуе расказаць, як выглядае казачны дзед. (Дзед Мароз у доўгім кажусе. У яго прыгожая белая барада, сівыя бровы і чырвоныя шчокі. На нагах у дзеда – валёнкі, а ў руках – чароўны посах.)

– Пастарайцеся прачытаць так, каб усе мы ўбачылі чараўніка Дзеда Мароза. Вось ён прыпыніўся, набраў у прыгаршчы інею, сыпануў раз і другі – бярозкі заіскрыліся, звёў Дзед Мароз рукі перад сабою – лёгкім пухам атуліліся дрэвы, развёў рукі ўшыркі – рэчкі пакрыліся лёдам... (Вучні чытаюць верш, шукаюць патрэбны тэмп і інтанацыю, пазначаюць лагічны націск.) – Уявіце цяпер, што Дзед Мароз расказвае верш пра сябе самога. Падумайце, як ён гэта рабіў бы. (Выслухоўваюцца і аналізуюцца яшчэ некалькі варыянтаў чытання.) З. М. Пры чытанні верша Якуба Коласа, у прыватнасці яго першай часткі, няма неабходнасці займацца слоўным маляваннем, тлумачэннем створаных аўтарам вобразаў. Дзед Мароз успрымаецца дзецьмі як жывая істота, і гэта вельмі добра. Не трэба «прызямляць» твор, бо дзеці і без таго выдатна зразумеюць мастацкую алегорыю. Калі першыя тры страфы чытаюцца крыху запаволена, патаемна-казачным тонам, то пры чытанні двух наступных, якія ўтрымліваюць клічныя сказы, інтанацыя мяняецца. Тут трэба перадаць найперш захапленне. («А ялінка!.. Чаго толькі на яе няма галінках!», «А як ззяюць на ёй шышкі, нібы ў іх гараць алмазы!») Выбіраючы патрэбную інтанацыю, дзеці некалькі разоў перачытаюць радкі пра ўбранне навагодняй ёлкі. У дыялогу настаўніка з класам павінны неаднойчы прагучаць магчыма новыя для вучняў словы: «ліхтарыкі», «стужкі» і інш. – Ці падабаецца на Дзеду Марозу на свяце? (Так, падабаецца. Паэт піша, што «дзед белабароды толькі ў вусы смех пускае». – Што значыць «пускаць смех у вусы»? (Сінонім «смяяцца» не прымаецца настаўнікам у якасці станоўчага адказу. Вучні шукаюць больш дакладныя адпаведнікі ці перадаюць значэнне дадзенага словазлучэння апісальна: «пасміхаецца», «задаволена ўсміхаецца»... Дзед Мароз сівы, разважлівы, і таму ён не можа смяяцца звонка і бадзёра.) – А цяпер давайце прачытаем з вамі заключныя радкі хорам. З. М. Варта заўважыць, што апошняе чатырохрадкоўе – гэта запрашэнне да свята, да весялосці. Клічная інтанацыя яшчэ болей узмацняецца. Настаўнік не зробіць памылкі, калі выкарыстае харавое чытанне. – Як вы зразумелі радок «Дык рассунем кола шырай...»? (Аўтар заклікае ў карагод вакол ёлкі ўсіх дзяцей. У такі дзень ніхто не павінен сумаваць.) – Давайце ўявім, што мы з вамі таксама ў карагодзе. Якімі словамі вы прывіталі б казачнага Дзеда? (Вучні выказваюць словы падзякі, пашаны.) 6. Усведамленне аўтарскай задачы, «пошук аўтара» – Што хацеў нам сказаць Якуб Колас гэтым вершам? («Каб і мы ўсе палюбілі зіму».«Каб вучыліся бачыць прыгажосць зімы». «Паэт падзяліўся з намі добрым настроем».) 7. Заключнае слова настаўнікаМне здаецца, што гэты верш заўсёды напамінае кожнаму даросламу чалавек дзяцінства, школу, асацыіруецца з водарам сасновай смалы. Якуб Колас, сам настаўнік па прафесіі, вельмі любіў дзяцей і склаў для іх выдатны верш, які запамінаецца на ўсё жыццё. 8. Выразнае чытанне верша і завучванне яго на памяць – Прачытайце верш так, каб Дзед Мароз быў рады, каб затрымаўся на дзіцячым свяце як мага даўжэй. (Дзеці практыкуюцца ў выразным чытанні ўсяго верша.) 9. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць З. М. Тыя з вучняў, хто можа расказаць яго на памяць, атрымліваюць высокія адзнакі ўжо на ўроку. Усе астатнія вывучаць верш дома. І не толькі для таго, каб атрымаць добрыя і выдатныя адзнакі, але і каб парадаваць дарослых на навагоднім ранішніку, расказаць бацькам і малодшым у сям’і, каб праз многа гадоў перажыць трапяткое, непаўторнае хваляванне, пачуўшы класічны твор з вуснаў уласнага дзіцяці.

 

З чаго пачыналася Паэзія

Верш Якуба Коласа «На рэчцы»

Ніхто з дамашніх не згадае,

Чым рэчка Костуся займае,

Якая іх звязала сіла

І чым яна так хлопцу міла.

Паэтычнае слова дае магчымасць ствараць запамінальныя слоўныя малюнкі, якія не могуць пакінуць абыякавым ўражлівага і ўдумлівага чытача. Якуб Колас – выдатны паэт-жывапісец у беларускай літаратуры. Непараўнальныя малюнкі прыроды створаны ім у паэме «Новая зямля», урывак з якой, «На рэчцы», стала замацаваўся на старонках чытанак для пачатковай школы. У ім, як і ва ўсёй паэме, незаўважна прысутнічае светлы сум, калі паэт успамінае дзяцінства – непаўторную пару свайго жыцця. Паэтычныя ўспаміны аўтара яднаюцца з уражаннямі дзяцей ад зімовых забаў – і ў выніку адбываецца цуд сутворчасці, суперажывання.

Мэты:

· дапамагчы вучням зразумець эстэтычны змест верша Якуба Коласа “На рэчцы”;

· зацікавіць вучняў жыццём і творчасцю народнага паэта, даць неабходныя для паўнацэннага асэнсавання верша звесткі з яго біяграфіі;

· спрыяць развіццю творчага і ўзнаўляльнага ўяўлення дзяцей, вучыць малодшых школьнікаў бачыць і адчуваць створаныя аўтарам зрокавыя і слыхавыя малюнкі прыроды;

· ыхоўваць сродкамі паэзіі здольнасць дзяцей бачыць і адчуваць прыгожае вакол сябе ў паўсядзённым жыцці.

 

Парадак працы

1. Уступная гутарка – Раскажыце, калі ласка, што вы ведаеце пра дзіцячыя гады Якуба коласа. Якімі рысамі характару вылучаўся будучы пісьменнік? 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік выразна і не спяшаючыся чытае верш, даючы дзецям магчымасць уявіць створаныя паэтам малюнкі. 3. Аналіз першаснага ўспрымання твора – Якім вы ўяўляеце сабе Косціка? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі

– Перачытайце верш моўчкі. Уявіце, што вы стаіце побач і назіраеце за хлопчыкам. 5. Аналіз верша – У каго з дарослых Костусь найперш вучыўся любіць прыроду? Што вы ведаеце пра дзядзьку Антося? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) – Першыя ўрокі жыцця і любові да роднай прыроды даў паэту Дзядзька Антось, бацькаў брат. Яны запалі ва ўражлівую дзіцячую душу на ўсё жыццё. Дзядзька Антось вучыў малых бачыць хараство прыроды, разумець яе мову. – Якія радкі паказваюць, што Костусь не ўяўляе свайго жыцця без рэчкі? (Вучні чытаюць:

Бывала, толькі чуць раздне,

Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,

Глядзіш – на рэчку ён шыбуе...)

– Як вы разумееце слова «шыбуе»? Чаму менавіта гэтае слова выкарыстаў Якуб Колас? (Вельмі спяшаецца, ідзе напрасткі.) – Чаму ж так спяшаецца хлопчык? (Ён не бачыў сваёй рэчкі з учарашняга дня і ўпэўнены, што тут з’явілася многа новага і цікавага.) – Як вы лічыце, чаму Костусь не бярэ з сабою братоў і сястрычак? (Хлопчык любіць быць сам-насам з рэчкаю. Яму зусім не адзінока. Ніхто не перашкаджае думаць і назіраць.) – Пастарайцеся апісаць, як выглядае рэчка, бераг. (Дзеці прапаноўваюць вусныя малюнкі.) – Так, хлопчык радуецца сустрэчы з ракой, неабсяжным прасторам, радуецца добраму надвор’ю, коўзкаму лёду. Знайдзіце, як пра гэта гаворыць паэт. (Зачытваюцца радкі:

То падбяжыць і скаўзанецца,

І сам сабе ён засмяецца...)

– А цяпер знайдзіце і прачытайце, дзе пра лёд гаворыцца як пра жывую істоту? (Вучні чытаюць наступныя радкі:

Лядок закашляў, заіскрыўся,

На срэбра-друзачкі пабіўся...)

– Звярніце ўвагу на тое, як удала паэт выбраў слова «закашляў». У ім так і чуецца, як адзываецца лёд на ўзмах сякеры. Паспрабуйце замяніць слова «закашляў» іншым. (Вучні спрабуюць прапанаваць больш-менш прыдатныя словы: зазвінеў, затрашчаў, захрыпеў... Усе яны аргументавана адводзяцца. Лёд можа звінець, калі па ім біць нечым цяжкім, а не сячы; глуха трашчыць стары лёд у час вясновага крыгалому) – Як вы пераканаліся, выбранае аўтарам слова найбольш дакладнае ў дадзеным кантэксце. А ці бачыў хто з вас, як прасякаюць палонку ў лёдзе? (Вучні дзеляцца сваімі назіраннямі.) – У жыцці вам неаднойчы давядзецца быць на зімовай рэчцы або возеры, назіраць, як кашляе лядок і ляцяць убакі ледзяныя крупінкі. І тады абавязкова прыйдзе на памяць верш Якуба Коласа.

– Падумайце, якую інтанацыю трэба перадаць і які тэмп выбраць, каб правільна прачытаць апошнія чатыры радкі. (Пасля першага радка робіцца паўза. Другі і трэці – чытаюцца без паўзы. Заключныя радкі неабходна прачытаць крыху паскорана, з паступовым узмацненнем сілы голасу.)

– Выкарыстоўваючы аўтарскае апісанне, складзіце вуснае выказванне «Вада вызвалілася». (Вада цякла пад ільдом, а цяпер вырываецца, вызваляецца з палону. Яна нібы чакала, пакуль хлопчык прасячэ палонку. Клубок вады падымаецца спачатку ўверх, а пасля з шумам расцякаецца ва ўсе бакі.) – А навошта Костусь робіць у лёдзе палонку? (Яму цікава назіраць за вадою, а яшчэ падабаецца, магчыма, ратавацца ад яе, уцякаць да берага.) – Пастарайцеся знайсці словы, каб перадаць пачуцці хлопчыка. (Захапленне, адчуванне сваёй сілы, радасць.) 6. Творчае заданне Дапішыце (празаічнай мовай) твор за аўтара. (Костусь доўга і ўважліва назірае, як клубок вады паступова страчвае сваю сілу, як, нарэшце, вада паступова супакойваецца, пакрываецца лядком.)

7. Асэнсаванне эстэтычнага зместу твора, “пошук аўтара” – Мы ведаем, – што Костусь Міцкевіч вырас і стаў знакамітым беларускім пісьменнікам Якубам Коласам. А чаму гэта адбылося? Ці выпадкова гэта? (Костусь вельмі любіў прыроду, быў назіральным, удумлівым, разважлівым.)

8. Заключнае слова настаўніка Любоў да Радзімы ў будучага класіка беларускай літаратуры пачыналася з бацькавай леснічоўкі, з дарожкі, пратаптанай у снезе, па якой малы Костусь хадзіў да паўнаводнага Нёмана. Без усяго гэтага не было б паэта, а значыць, мы не ведалі б цудоўных вершаў, якія вучаць бачыць і цаніць прыгожае, дораць нам радасць.

9. Дамашняе заданне Падрыхтавацца да выразнага чытання верша. Індывідуальныя заданні: а) з дапамогай дарослых выберуць з «Новай зямлі» і прачытаюць аднакласнікам на наступным уроку іншыя цікавыя эпізоды, якія пацвярджаюць уражлівасць і незвычайную назіральнасць будучага паэта. б) скласці вуснае сачыненне пра сваю рэчку зімою (для вучняў вясковай школы.)