У АПЕРАЦЫЙНЫМ БЛОКУ ХОЛАДНА

(Аповесць)

 

 

Заціснуты між быццём і бытам, радасцю і нягодамі, днём і ноччу, святлом і цемрай... – крычыць чалавек... Каму?! Да каго?!..

– Чуеце – чалавек крычыць?!

Леанід Галубовіч

– Памятаеш, Віталь, такое з бацькам аднойчы было?

– Добра памятаю...

– Ён прапаў тады на двое сутак. Я падняла на ногі родзічаў, абзваніла бальніцы... Але ж ён цвёрда абяцаў, і мы ведалі пра ўсе яго паездкі ў Мінск, у райцэнтры, у вёску...

– А ты ўпэўнена, што ён ездзіў, як казаў, у Мінск, ці ў той жа Пінск або Лунінец? Чытаў там свае апавяданні, сустракаўся з настаўнікамі?

– А чаму б і не.

– “И про отца родного своего, мы, зная всё, не знаем ничего...” – працытаваў Віталь. – Яўтушэнка. Вядомы беларускі паэт, між іншым. Дзед па маці з Калінкавіцкага уезда.

– Не лічы сябе разумнейшым за іншых. Знайшоў час.

– А што мне плакаць загадаеш?.. Вернецца, нікуды ён не дзенецца.

– А можа, у яго нешта з галавою?

– Не думаю. Калі ты пра дыялогі з яблынямі, то гэта не больш як жарт.

– І з самім сабою...

– А з кім яму яшчэ пагаварыць?! Спрабуе на слых рэплікі сваіх персанажаў.

– Думаеш?.. А шкарпэты на люстры, калготы на спінках крэслаў пазавязаныя?

– Сама вінавата. Не трэба раскідаць.

– Твайго там было не менш... А гэтыя біркі на сметніцы, на каструлі, на люстрах?.. “Вынесіце мяне!”, “Памыйце мяне!”, “Вытрыце з мяне пыл!”...

– Дзівацтва. Ды і калі тое было!..

– Два “дыпламаты” ў магазіне “пасеяў”. А каўпак успомні...

– Пачакаем яшчэ дзень... Вернецца, – стараўся быць спакойным Віталь.

– Маці ўжо вярнулася...

 

* * *

 

Дарослыя брат і сястра сядзелі на падноўленай не так даўно самавукам-дызайнерам канапе і размаўлялі. Ілоне нядаўна споўнілася дваццаць тры гады. Яна закончыла ўніверсітэт і выкладала ў школе матэматыку. Віталь, на чатыры гады маладзейшы за сястру, вучыўся на другім курсе філалагічнага факультэта. Бачыліся яны, нават жывучы ў адной кватэры, не кожны дзень. Сястра не так даўно выйшла замуж і, што й казаць, родны брат быў цяпер у яе не на першым месцы.

 

Усё радзей Ілона заходзіла ў залу, якая лічылася цяпер братавым пакоем. Тэлевізар, камп’ютар, магнітафон у маладой сям’і цяпер былі свае, і толькі клопат двух апошніх дзён зблізіў іх, брата і сястру, як і ў тыя першыя дні і месяцы, калі засталіся без маці.

Пяць і дзесяць гадоў назад яны сядзелі па краях гэтай самай канапы, матлялі нагамі і ў адзін голас канькалі-патрабавалі: “Што-о н-а-ам е-е-сці?” Бацька злаваў, больш на сябе, чым на іх, ішоў у краму, нешта купляў да стала.

– Ты не ведаеш, што ён пісаў апошнім часам? – запытаў Віталь, памаўчаўшы.

– Прызнацца, яго “бабулі” ды “цёткі Ганны” мяне асабліва не цікавілі ніколі. Якая патрэба мне знаць, пра што думае вясковы дзядзька, запрагаючы каня.

– Не згаджуся. У яго не толькі пра гэта. Але апошнім часам як завязаў. З надрукаванага – вясковыя анекдоты ў абласной газеце ды з дзясятак абразкоў.

– Праўда, – пачала прыпамінаць сястра, – выціраючы пыл у яго на паліцах, бачыла пакрэсленыя вершы, чарнавікі...

– ...Канверт з сардэчкамі без зваротнага адрасу, – упікнуў Віталь. – Гэта ж ты тады маці нашаптала.

– Дурная была... А пісьмы ён атрымліваў не адзін год. У іх з паштаркай нашай была як бы дамова: бацька даваў ёй зарабіць на падпісцы, а яна яму ружовы канверцік ледзь не з паклонам...

– Мо паглядзім разам, што там у яго ў шуфлядах, – прапанавала Ілона і, не чакаючы адказу, паднялася з канапы. Праз хвіліну яна вярнулася з трыма пранумараванымі сшыткамі.

– Не будзе, думаю, вялікага граху.

– Ды неяк яно... як крадзеш.

– Не ведала, што ты зрабіўся такім правільным.

 

– Як сабе хочаш... Пакуль бацька жыве... (яго аж сцепанула, зразумеў, што сказаў не тое). Адным словам, дзённікі чытаць я не збіраюся. Ён меў (паправіўся – “мае”) права на асабістае жыццё. Гэта вам, жанчынам, дай толькі дапасці да замочнай шчыліны.

– Ну то і сядзі, – пакрыўдзілася Ілона і, ужо выходзячы з залы, кінула: – Заўтра я, нікога не слухаючы, пішу заяву ў міліцыю. Няхай аб’яўляюць вышук.

Віталь патрымаў у руках стосік сшыткаў і, не раскрываючы, намерыўся пакласці ўсё на месца: “Не час яшчэ…” Ён уключыў святло ў бацькавым пакоі, адкрыў ніжнюю шуфлядку – і тут яму на вочы трапіў аб’ёмісты шырокафарматны сшытак. “ВЕРАНІКА” было напісана на светла-блакітнай цыратавай вокладцы вялікімі літарамі. Побач стаяў пытальнік і ўжо драбней унізе: “Незакончаная аповесць”, “Зялёнае святло”, “Дрэнныя вершы” (пэўна, магчымыя варыянты назваў). “Даліся яму гэтыя дрэнныя вершы”, – усміхнуўся сам сабе Віталь, прыгадаўшы, як бацька, распрамляючы спіну, іншым разам казаў: “Паважаны спадар Х будзе мець да свайго юбілею ажно два нядрэнныя вершы. Добра, аднак, мы сёння з ім папрацавалі”.

Бацька не мог даць у друк дрэнныя вершы, як не мог прайсці міма двух-трох радкоў, у якіх ён, выкладчык роднай мовы, літаратурны супрацоўнік газеты, нешта бачыў пад лінгвістычным, як жартаваў, мікраскопам. Таму і сядзеў-правіў вершы маладых, а бывала, і далёка не маладых аўтараў.

Віталь адгарнуў вокладку. На першай старонцы знаёмым почыркам было пазначана:

 

01.06.199...г.

Няхай гэты дзень лічыцца пачаткам аповесці, заканчэнне якой я, на вялікі жаль, не магу нават прагназаваць.

Паводле даты, бацька пачаў “Вераніку” чатыры гады таму. Загарнуць сшытак Віталь не мог. У ім ён спадзяваўся знайсці адказ як на галоўныя на цяперашні час пытанні: “Дзе бацька?”, “Чаму ён пайшоў з дому?”, так і на тыя шматлікія пытанні, якія ён, сын, не задаў роднаму чалавеку – не паспеў, не пасмеў, не выбраў зручнага моманту, адклаў на выручальнае “прыйдзе яшчэ час...” А мо яму цяпер вельмі патрэбна дапамога? Найперш іх, дзяцей, дапамога. І яго – сынава.

Хлопец уладкаваўся ў бацькавым крэсле, па звычцы ўключыў тэлевізар (не так самотна), але гуку не дабавіў. Лабасты вядучы, бы той певень, шукаў жардзіну, каб сесці і прарочыць нешта ў мікрафон, а то зноў ускокваў, чаўнаком снаваў паўз аранжавыя канапы, нацкоўваючы адзін на аднаго ўдзельнікаў моднага шоу. “Столькі б перадач нічога не страцілі, калі глядзець іх зусім без гуку”, – прамільгнула ў свядомасці...

Бацька пісаў ад трэцяй асобы, як і раней, у сваіх апавяданнях і нешматлікіх аповесцях.

 

* * *

Сямён і Таццяна пражылі разам больш як пятнаццаць гадоў. Ці кахаў ён сваю палавіну? У першыя месяцы і гады прымушаў сябе пра гэта думаць. Ды і што мог разумець у адносінах паміж мужчынам і жанчынай вясковы хлопец, які пасля першага ж нясмелага пацалунку адчуў сябе вінаватым немаведама за што, а пасля і абавязаным – пасля некалькіх месяцаў няхай і больш разняволеных, але ўсё ж нявінных абдымкаў у скверы ды ў апусцелым пад выхадныя студэнцкім інтэрнаце. Урэшце, ён канчаткова згубіў галаву, здольнасць цвяроза разважаць пра заўтрашні дзень. Як кажуць разумныя людзі: пабачыў чорную латку – і забыўся пра родную матку. Каханне, калі яно і было, дало глыбокую расколіну ўжо месяцаў праз тры сумеснага жыцця. Сямён і цяпер памятае той дзень... Вярталіся з гасцей гарадскім аўтобусам. Ён, без усялякай скрытнай думкі, запыніў погляд на гурце дзяўчат, што ажыўлена абмяркоўвалі нешта ў вузкім праходзе гарадскога аўтобуса. Яго Таццянка вытрымала толькі да першага прыпынку, пацягнула за рукаў:

– Іншым разам атрымаеш па мардасах! Вылупіў бельмы на даўганогіх!

Сямён разгубіўся. Спачатку не мог паверыць, што гэта кажуць яму. Нязвыклае “бельмы” ашаламіла мужчыну, адабрала мову, здольнасць разважаць, праняло холадам. Пакрыўджаная жонка, нічога не пачуўшы ў адказ, з высока ўзнятаю галавою, не азіраючыся, застукацела абцасікамі па тратуары, а ён, зніякавелы, паплёўся следам. Не мацюкнуўся, не кінуўся ў супрацьлеглы бок, не пайшоў куды вочы глядзяць... І менавіта ў гэты момант Сямёну стала зразумела, што ён ажаніўся са сваёй марай, што жанчына, якую хацелася бачыць самай мудрай, самай мілай, жаноцкай, жанчына, якой ён прыпісваў высокае душэўнае хараство, – нічым гэтым не валодае. Была яшчэ надзея: а калі толькі дабром, адно толькі ласкаю?.. Што, няўжо і тады ў адказ грубасць, нянавісць?.. Не можа такога быць!..

Можа... Сямён, услед за легіёнам сваіх папярэднікаў, адкрыў гэтую невытлумачальную з пункту гледжання здаровага сэнсу заканамернасць сямейнага суіснавання. Папусціўшыся адзін раз, праз месяц-другі ён ужо быў і “паразітам” і “паскудай”. Пратэставаў маўчаннем, не знайшоўшы нічога іншага. Трэба было неяк жыць. “Многія не лепш жывуць, – суцяшаў сябе. – Кватэра прыватная. Гаспадыня ледзь што – на дзверы пакажа”. А так хацелася, каб прыгожа, каб душа ў душу, як маці з бацькам. Гэта ж так няцяжка – выслухаць, паставіць сябе на месца іншага, пастарацца зразумець...

“Паразітам” Сямён рабіўся кожны раз пасля таго, калі не па сваёй волі затрымліваўся на вытворчых нарадах, на дзяжурствах і бацькоўскіх сходах, калі траціў паўрубля на піва пасля працы. Слухаць такое было дзіка, а яшчэ балюча і горка. Сямён увогуле не разумеў, як чалавека, няхай нават чужога, няхай нават неразумнае дзіця (тым больш – дзіця!) можна абазваць, гледзячы яму ў твар, у вочы. На гэта трэба мець нейкую нечалавечую адвагу. Трэба зламаць у сабе духоўны пачатак, пазычыць вочы ў сабакі. Сказаць бліжняму “паразіт” у сто разоў цяжэй, чым “мілы”, “дарагі”... Асабліва ў першы раз... Сказаць усвядомлена, з нянавісцю, з агідаю ў голасе... Як жа пасля гэтага без усялякіх прабачэнняў звярнуцца да яго па імені?! Неяк жа трэба звяртацца, калі жывеш пад адным дахам. З “мілага”, “Сёмачкі” Сямён паступова ператварыўся ў Каваля. Таццянка ўсё часцей называла яго па прозвішчы, тым самым нібы падкрэсліваючы: я – гэта адно, а ты – зусім чужы чалавек, з якім, такая доля, прыходзіцца пакутаваць. Сямён махнуў рукой: Каваль дык Каваль. Мо калі і ганарыцца будзеш, дурніца, што і ў тваім пашпарце гэтае прозвішча запісана. Жонка ж па-ранейшаму была для яго “Таццянкай”, і ў гэтым слове чулася і прымірэнчая нотка, і нейкае шкадаванне, і надзея на лепшае. Не было нянавісці, але не было і пяшчоты.

Сямён усё болей замыкаўся ў сабе, але нават не ўласцівая яму раней маўклівасць раздражняла Таццянку. І яна вынайшла спосаб, каб “завесці” яго, “выпусціць пáру”. Калі тры-чатыры дні запар было ціха, жонка з добрага, як у нас кажуць, дзіва тэатральна-здзекліва пытала: “Ну і як там жывы-здаровы твае прастытуткі?!” Выклік быў зроблены. Сямёна пачынала калаціць – і Таццянка адразу адчувала палёгку. Ніякіх “прастытутак” у яго, вядома, не было. З’едлівая палавіна, якая за пятнаццаць гадоў сумеснага жыцця вынішчыла нават спадзяванні на лепшае, была першай і адзінай у яго жыцці жанчынай. Ён спрабаваў казаць пра гэта – яна смяялася ў твар. Клясціся і бажыцца?.. Апусціцца да гэтага ён не мог. Заместа “прастытутак” і “блуду” ў чалавека былі паўтары стаўкі на працы, чарнавікі сваіх і чужых апавяданняў ды маўклівае безграшоўе, якое іншы раз прымала памеры, кажучы па-расейску, “вопиющего”.

– Вось у маёй напарніцы муж! Вось дзе сапраўдны мужчына! Забяспечвае сям’ю “от и до”. І ў жонкі футра, і дзеці ў лахманах не ходзяць, – “даставала” жонка. Сямён разумеў, што яе вуснамі прамаўляе сярмяжная праўда, але ад гэтага не было лягчэй. Колькі ні круціўся бедалага-“мапед” (малады педагог), – а пасля дзесяці гадоў працы ў школе – усё яшчэ “малады” выкладчык інстытута і пачынаючы літаратар, – “от и до” ў яго не атрымлівалася. Скандалаў ён па-ранейшаму імкнуўся пазбягаць, добра ўсведамляючы, што яны нічога не вырашаюць. І яшчэ была адна істотная прычына, па якой ён баяўся гучных разборак – плакалі дзеці. “Ну чаму так? Чаму трэба смяшыць людзей, цешыць такіх жа, як і самі, нашчасных!” – у які раз задаваў Сямён сабе пытанне і не знаходзіў адказу. Прыціснуўшы даланёю рэбры – балела сэрца – ён выходзіў на балкон ухапіць свежага паветра, а за спінаю чулася істэрычнае: “Зараз жа адыдзі ад акна! Зноў выглядаеш, паразіт, сваіх прастытутак!”

Ішоў час. Падрасталі дзеці, не горшыя як у людзей. З’явілася кватэра ў новым мікрараёне. Пабялела галава ў гаспадара і памутнелі некалі прыгожыя светла-шэрыя вочы ўсё яшчэ ягонай Таццянкі. А жыцця не было. Неяк раптоўна жонка перанесла гнеў на свякруху – аднаго мужа ёй было ўжо мала. Гадоў з дзесяць улетку жылі Кавалі з дзецьмі ў Сямёнавых бацькоў: дапамагалі старым, эканомілі адпускныя – і ўсе былі задаволеныя. А тут жонка паставіла ультыматум: не пушчу вас удвух з маці ў поле. Чаму? Да чаго?.. Ці яшчэ... Падавалі бацька з суседам-родзічам сена на вышкі. Сямён з маці прымалі яго на вілы, раскладалі, пакавалі. Прыбегла Таццянка, нервова, не ўмеючы ухапіла вілы, раз-другі падняла якую жменю. Трэцім разам нізанула мужу ў лытку. Кінула вілы, галосячы, пабегла ў хату, за рэчы – і ў горад, не развітаўшыся ні з кім.

Было зразумела, што бясконца так працягвацца не можа. Саракагадовы мужчына адчуваў, што ўжо і ў цяперашнім стане ўяўляе цікавасць для псіхіятраў. Сямён цяжка засынаў, каб супакоіцца, яму неабходна было яшчэ нейкі час варушыцца, круціць галавою, імітаваць рухі маятніка, “круціць веласіпед”... Раніцай балелі сківіцы (у кароткія гадзіны нервовага сну моцна сціскаў зубы), бялкі вачэй наліваліся чырванню. Паводзіны свае Сямёну даводзілася пастаянна кантраляваць. Купляў у краме малако і ўсвядомлена ўключаў “службу кантролю”: “бяру кошык”, “дастаю пакет з халадзільніка”, “разлічвацца іду ў касу”... Жончыны “прастытуткі” ўсё яшчэ не пакідалі, ратавацца не было чым, і чалавек пайшоў на крайнія меры: прыдумаў спосаб, як абараніцца ад скандалаў, займець спакойныя гадзіны для працы. Кожны раз пры слове “прастытуткі» ён нацягваў на вушы дапатопную паласатую шапку-панчоху, на якую звярнуў увагу, шукаючы нешта на антрэсолях, а ў адказ на жончыны кепікі выкрыкваў гартаннае “ур-р-р-а!”. Пакіньце, маўляў, дурня ў спакоі...

І яго пакінулі ў спакоі, пакінулі зусім, з двума непаўналетнімі дзецьмі. Праўда, гэта здарылася крыху пазней, праз два гады. Няпростыя два гады жыцця і, як ні цяжка было, спадзяванняў на лепшае. Такімі спадзяваннямі жывуць жонкі безнадзейных алкаголікаў: адна маўчыць і чакае, другая “спавядае” мужа і чакае, а іншая ставіць побач з мужавай і сваю шклянку. Дзяцей пакінулі на яго, аказалі поўны давер. Ганарыся, чалавеча, і думай як не прапасці...

 

* * *

Віталь адарваўся ад сшытка, перавёў позірк на экран тэлевізара: грудасты расшпілены ўсявед усё яшчэ працягваў урокі жыцця. Успомнілася, як не любіў такія перадачы бацька. “Вокны! Дзверы!.. У шчыліны заглядваць!.. Голае вока ў дзірцы – яшчэ большая срамата, чым падгледжанае за дзвярыма спальні”. Віталь выключыў тэлевізар і задумаўся. Прататыпаў аповесці няцяжка было пазнаць. Праўда, месцамі занадта змрочна ўсё. Былі ж у бацькоў і светлыя гадзіны, і сямейныя святы.

Наплывалі няпрошаныя згадкі. Тут, у паўзмроку бацькавага пакоя, які ён паўжартам называў “кабінетам”, Віталю яскрава ўявіўся той дзень. Мінула больш за дзесяць год... На месцы цяперашняй кніжнай шафы і пісьмовага стала тады стаяў велізарны ложак з тумбачкамі па баках. На матчыну тумбачку абапіраўся самаробны іканастас. Тут жа ляжалі “Жыціі” святых, іншыя царкоўныя кнігі і календары. Ладную частку пакоя займала шафа для адзення – шырокая, на чацвёра дзвярэй, з антрэсолямі пад самую столь. Свабодным заставаўся адно толькі вузкі праход уздоўж сцяны на зашклёны балкон... Маці толькі што вярнулася з чарговай паездкі па манастырах, якая доўжылася ўсё лета. Яна вельмі змянілася: пастарэла, схуднела, прыціхла. Прыгожыя і мяккія нядаўна рукі цяпер былі агрубелымі, з пазбіванымі пазногцямі, усе ў застарэлых рубцах. Змрочнае адзенне пахла нечым незнаёмым, непрыемным... На гэты раз маці не прывезла ніводнай цукеркі. Яму так хацелася, каб яна пасядзела побач, паслухала яго, звадзіла ў цырульню перад школьнаю лінейкаю. Яны ж не бачыліся так доўга!.. Віталька нават не пытаўся б у яе ні пра што... А маці старалася не глядзець яму ў вочы, гаварыла як з чужым чалавекам. Віталька ніяк не мог злавіць яе позірку. Адчуваў, што губляе маці, што з наступнай паездкі яна проста можа не прыехаць. І што тады?.. Ён застанецца адзін... А яна ж там, у сваім манастыры, гатуе есці чужым людзям, корміць іх, мые чужое адзенне. Якое яны ўсе маюць права?! Яна ж – яго маці, толькі яго, і ён нікому яе не аддасць!..

Маці спачатку доўга стаяла на каленях перад абразамі. Хлопчык крадком зазіраў у пакой, як адчуваў, што павінна нешта здарыцца. На трохі адышоўся да тэлевізара, але не ўседзеў, зноў наблізіўся да дзвярэй: маці перахрысцілася на пусты іканастас, паварушыла губамі і ўзялася за ручку агромністага скуранога чамадана. У імгненне Віталь бухнуўся на калені ў вузкім праходзе, расставіў рукі ўшыркі. Спачатку ён толькі прасіў, пасоўваючыся на каленях да маці:

– Хто мне будзе пячы дранікі? Ма-а-ма? Хто мне будзе варыць суп?

– Бацька будзе. – Маці глядзела на дзверы паверх яго галавы. – Адыдзі зараз жа, інакш я цябе здам у міліцыю!

З чамаданам і тоўстай дарожнай сумкай цераз плячо маці паспрабавала праціснуцца ўздоўж сцяны. І тады Віталька заплакаў, закрычаў, загаласіў што ёсць сілы:

– Не пушчу-у-у!!!

Нешта грымнула ў зале, і за сынавай спінай у тую ж хвіліну стаў бацька.

– А паспрабуй толькі, толькі паспрабуй пераступіць цераз дзіця!! – выгаварыў ён ледзяным, не сваім голасам.

Яшчэ хвіліну пастаяў, мацюкнуўся і грымнуў дзвярыма.

Маці адступіла, села на ложак. Засталася... Яшчэ на чатыры дні. Яе рэчы знікалі паступова. Віталька гэта заўважаў і пра ўсё расказваў бацьку. Той адно маўчаў і гладзіў сына па галаве.

Маці знікла назусім за дзень да пачатку заняткаў у школе. У той дзень бацька знайшоў яго на сажалцы за мікрараёнам. Падышоў, узяў за руку: “Пайшлі, сірата, дамоў”, – і больш ні слова за ўсю дарогу.

Ён рабіў усё, каб яны з сястрой не адчувалі сябе сіротамі. Ніколі не было, а тут раптам пачаў “спраўляць” імяніны, сам прапанаваў запрашаць у дом сяброў. А яны, сорам прызнацца, карысталіся “сіроцкім” становішчам. Не прасілі – патрабавалі: “Нам трэба!”, “Ва ўсіх ёсць – у нас няма!”, “Не буду насіць гэтыя бамжацкія джынсы!..” Віталь злавіў сябе на думцы, што нават цяпер, студэнтам, ён успамінае маці мо нават часцей, чым у першыя гады пасля яе ад’езду. І ў гэтым найперш бацькава заслуга. Была крыўда, але не было адчування страты, адчування адзіноты.

* * *

 

Вераніка з’явілася ў жыцці Сямёна выпадкова, яшчэ за два гады да канчатковага жончынага ад’езду, хоць і кажуць людзі мудрыя, што нічога выпадковага ў гэтым свеце няма. Яна прыйшла ў яго думкі з першымі жончынымі “прастытуткамі” і ўжо болей не пакідала яго. Мужчына дакладна ведаў, што ў яе светлыя вочы, адкрытая, непадробная ўсмешка і абавязкова роўны, вельмі прыемны, вельмі мілагучны голас. Ён шукаў яе ў аповесцях і паэмах любімых аўтараў, ён размаўляў з ёю ў снах...

Вераніка сядзела за першым ад кафедры сталом у аўдыторыі. Яна была ягонай студэнткай, старастай групы ў завочнікаў. Слухала заўсёды ўважліва, старанна запісвала, час ад часу падымаючы на выкладчыка светла-блакітныя вочы. Калі Вераніка падносіла на подпіс журнал, Сямён бачыў, як прыкметна ружавелі яе шчокі, адчуваў водар жытнёвых, не папсаваных фарбаю валасоў, сабраных у тугі вузел на патыліцы. Толькі тонкія кудзеркі прыкрывалі скроні і шыю, незагарэлую, безабаронную дзявочую шыю.

Вераніка, нядаўняя выпускніца педагагічнага каледжа, добра ведала мову, выручала групу на практычных занятках.

– Наш дэканат знае што робіць – назначае старастамі самых прыгожых дзяўчат. Паспрабуй тут утрымацца, не паслухацца, – пажартаваў неяк выкладчык, калі Вераніка прасіла паставіць “хоць якую адзнаку” аднаму з двух у групе хлопцаў, якія, як іншы раз кажуць, апошні год стаялі ў чарзе па дыплом. Яна вінавата апусціла вочы. Пэўна, Сямён быў не першым мужчынам, які сказаў аб яе прывабнасці.

У тую ж памятную прадапошнюю сесію Сямён неяк запытаў:

– А ці не піша хто з вас, паважаныя калегі, вершаў. Гісторыя не даруе мне, калі выявіцца, што выкладчык роднай мовы своечасова не разгледзеў паэтычны талент.

Трыццаць пар вачэй глядзела на старасту, і “начальства” зачырванелася да кончыкаў вушэй.

– Прынясіце, калі ласка, – папрасіў Сямён. – Не саромцеся. Мне чамусьці здаецца, што вы не можаце пісаць дрэнных вершаў.

Сказаў – і сам захваляваўся.

На наступны дзень Вераніка знайшла яго і аддала тоўсты агульны сшытак. Вершы не абрадавалі, хутчэй расчаравалі: прыблізная рыфма, імкненне гаварыць квяціста – звыклыя вучнёўскія практыкаванні. Але месцамі прарываліся свежыя радкі, праступалі невыразныя абрысы вобразнасці. Сямён абазначыў дужкамі ўдалыя строфы, адзін з вершаў паправіў і прапанаваў у літаратурную старонку.

Пасля заняткаў у апусцелай аўдыторыі выкладчык і студэнтка-выпускніца гаварылі пра вершы. Дакладней, гаварыў ён. Вераніка маўчала, згаджалася з усім, а то і нагаворвала на сябе – і гэта засмучала Сямёна...

 

* * *

Жонка кідалася з адной крайнасці ў другую... Пасля нейкага жаночага застолля, дзе многа і са смакам гаварылася пра здатных палюбоўнікаў ды раганосцаў-мужоў, Таццяна раптам запанікавала, што не за гарамі сорак, а яна не паспела ўзяць ад жыцця ўсё, што магла. Жанчына запознена зайздросціла тым аднакурсніцам, што – не раўня ёй! – і “выгуляцца” паспелі, і мужа “адхапілі” – будзь здароў.

Таццяна пачала настойліва “даганяць” маладосць – насіла вузкія і кароткія спадніцы, празрыстыя блузкі, вышуквала ў камісійных крамах модныя і недарагія туфлі. У садку «памаладзелая» ў адзін момант выхавальніца імкнулася “прыручыць” каго з бацькоў сваіх гадаванцаў. Іншы раз ёй гэта ўдавалася, Сямёну сігналізавалі “добразычліўцы”, але ён, ганаровы, толькі даваў зразумець, што знае пра гэта паскудства ды пераходзіў спаць у залу. Іншым разам з Таццянкай прыходзілі да іх сямейныя пары. На стале з’яўлялася гарэлка, жонка ўключала павольную музыку, помсцячы мужу ўжо й немаведама за што, “законна” сплятала рукі на шыі запрошанага на “дамскі” танец кавалера. Падпітая “кавалерава” жонка, для раўнавагі, цягнула з-за стала Сямёна. Усё гэта было прыкра, непрыемна. І гэтыя жонкі, адна ў адну, былі нейкія недагледжаныя, тупаватыя і таўстабокія. Аднойчы гаспадар ўсё ж не вытрымаў. Таццянка, зусім п’яная, па трэцяму разу ўключыла “Яблоки на снегу”, блытаючыся ў словах, аб’явіла дамскі танец і павісла на мужы сваёй новай прыяцелькі.

– Мы нічога не робім дрэннага. Мы проста танцуем. Чаму вы не танцуеце? (Да мужа і сяброўкі.)

Сямён не рэагаваў.

Пара “датанцавалася” да выключальніка. Таццяна выключыла святло..

– Тата! Яны цалуюцца! – прыбегла дачка з калідора.

Сямён грымнуў аб падлогу прайгравальнікам, матануў дзвярыма:

– А задушыцеся вы тут усе разам!

– Ізверг пракляты! – заверашчала пранізліва жонка. У два галасы закрычалі дзеці. А ён, не азіраючыся, збягаў па прыступках лесвіцы.

Да раніцы прахадзіў Сямён па начным мікрараёне, шкадуючы, што няма чалавека, перад якім можна выгаварыцца, з якім можна супакоіць душу, урэшце, напіцца да забыцця.

Тыдні два мужчына гідзіўся нават загаварыць са сваёю “палавінай”. Яна ж нічога. А мо толькі выгляд рабіла? “Напэўна ж, сорамна перад дзецьмі, на месцы душа? – суцяшаў сябе Сямён. А п’яныя істэрычныя маналогі жонкі ў спальным пакоі (“пакоі допытаў”) працягвалася амаль штовечар.

“Яно мо не варта было ўсё пускаць самацёкам? – задаваў сабе пытанне Сямён і не знаходзіў адказу. Не так даўно дачка прымусіла задумацца: “Сам вінаваты, трэба было па-мужчынску, пабіць раз-другі, каб ведала. Тады ў нас, як ва ўсіх, была б маці, а ў цябе жонка на старасць”. – “Не хацеў бы я, дзіця, каб на цябе падымалі руку”, – падумаў Сямён, а ўслых сказаў:

– Маці ў вас не стала, калі твой брат выбраўся з пялюшак, жонкі ў мяне – яшчэ раней. Я ўдарыў па твары чалавека, не слабейшага за сябе, усяго адзін раз у жыцці. Не было іншага выйсця. Ударыць вашу маці?.. Кім бы я быў тады?.. Крычаў, гарачыўся – было. Але гэта ад бяссілля. А ўдарыць?..

– Затое баялася б.

“Свет перавярнуўся, – разважаў Сямён над словамі Ілоны. – Ужо і самі жанчыны, не толькі яго “малая”, а самастойныя дарослыя жанчыны празнаюць правамернасць такога сямейнага выхавання. Што ж тады застаецца мужыкам? Таўчы?.. У цягніку ненарокам падслухаў узаемную споведзь двух сябровак. Адна:

– Іван пабіў мяне ўсяго два разы за ўвесь час, як жывем разам. І варта было. Дала сабе слова перш думаць, чым ляпаць нешта языком.

Другая:

– І я нядаўна два тыдні прахадзіла ў сіняках, затое зараклася ніколі не лезці не ў свае справы.

“Муж – свая кроў, няхай б’е здароў...” Жорсткай бывае іншым разам народная педагогіка”, – разважаў Сямён. Але ж як пасля гэтага жыць пад адным дахам, спаць у адным ложку?..

 

* * *

“Дагнаць” маладосць не ўдалося, і Таццяна зусім неспадзявана павярнулася ў супрацьлеглы бок – да царквы. У гэтым Сямён не бачыў нічога дрэннага, на першым часе нават быў рады: атабарыцца, думаў, жанчына, супакоіцца. Колькі ж можна?!

– “Кожная жонка няхай пабаіцца мужа свайго,” – неяк пасля чарговай сваркі (а яны і цяпер не спыняліся) Сямён намерыўся заклікаць сабе на дапамогу Святое Пісанне. – “Над мужам – Бог, над жонкай – муж”, – дабавіў ён, упэўнены, што насуперак гэтага нічога сказаць нельга.

– А ты мне не муж! – секанула Таццянка. – Мы не павенчаны.

– А хто тады я?

– А ніхто...

Працягваць высвятленне адносін было бескарысна. І так усё зразумела: яго жыццё, яго існаванне не цікавяць жонку ні на ёту...

Дабаўлялася абразоў у спальні. Тры, чатыры разы на тыдзень – а ў суботу і нядзелю двойчы на дзень – Таццяна ішла з дому. Жонку Сямён губляў паступова і ў той жа час адчуваў, што яму прыемна заставацца аднаму. Калі прыходзілі пасты, муж і жонка, асобна снедалі і вячэралі, спалі па краях шырачэзнага ложка кожны пад сваёю коўдраю. Яна – не адзяваючы начной сарочкі, не пераапранаючыся нанач. Сямён, далёка не стары мужчына, фізічна адчуваў, што не жадае блізасці з жанчынай, на шыі якой, акрамя нацельнага крыжа, яшчэ адзін ці два абразкі, а то і нейкае загаворанае зелле ў зашмальцаваным палатняным вузельчыку-кулоне, з жанчынай, якая так рэдка шуміць вадою ў ванне, не расчэсвае, як некалі, перад люстрам вохкія валасы.

Першыя паездкі ў манастыры называліся экскурсіямі, але, дачакаўшыся летняга адпачынку, жонка прапала адразу на два месяцы.

Сямён, як звычайна, паехаў з дзецьмі ў вёску.

– А дзе ж твая Таццяна? – здзівіўся бацька.

– У манастыр паехала.

– Што ёй там рабіць?

– Будаваць пасабляе.

– А дзеці?

– Пакінула на мяне.

– Гэта не вельмі добра, – неяк асцярожна, заклапочана сказаў бацька.

– Ат, неяк перажывем. Прасілася вельмі. Я не пускаў, дык пакінула запіску і паехала, – як апраўдваўся перад бацькам Сямён. – Хай здаволіцца. За так яе карміць ніхто не будзе.

– Глядзі, сынку. У цябе дзеці...

Таццяна вярнулася на два тыдні пазней абяцанага, збедненая, спрацаваная, але задаволеная паездкай. Дома яна цяпер амаль не бывала зусім – збірала са скрыняй (гэтага вельмі саромеліся дзеці) грошы на карысць манастыра ці ішла куды па іншых царкоўных патрэбах. Сям’і ў яе ўжо не было. Сямён гэта разумеў, але нічога не мог зрабіць, каб нешта перайначыць. Праўдзівей сказаць, не вельмі намагаўся гэта зрабіць.

 

* * *

 

Студэнты-выпускнікі запрасілі Сямёна Пятровіча спачатку на ўручэнне дыпломаў, а пасля і на вячэру ў рэстаран, і ён упершыню за час працы ў інстытуце не адмовіўся. Вераніцы напраўду нельга было адмовіць.

Месца каля старасты, бліжэй да краю стала, не было занятым.

– Сёння я адпачываю, – неяк па-свойску паведаміла Вераніка. – Тамада з мяне нікудышні. Знойдзецца каму.

Папрасіў не звяртаць на сябе ўвагі і выкладчык. Сёння іхні, выпускнікоў, дзень. Дзяўчаты і маладыя жанчыны папрыгажэлыя, святочныя. Некаторых і пазнаць цяжка. Сямён падумаў пра тое, што ні на занятках, ні нават на курсавых экзаменах амаль не бачыў сваіх студэнтак пасля цырульні, з прыстойным макіяжам. У асноўным, відаць, з вёсак. Пасвяткуюць дзяўчаты ды паедуць да сваіх “сотак”, да сям’і, да добрых ці апастылых мужоў, запрагуцца ў паўтары-дзве стаўкі – і закончылася для многіх з іх усякая адукацыя разам з апошнім экзаменам. А некаторыя падрыхтаваны вельмі і вельмі пасрэдна.

Сямён паступова хмялеў, з кожнай выпітай чаркай адчуваў сябе ўсё больш лёгка і раскавана. Дзяўчаты за сталом перасталі ўспрымацца ім як былыя вучаніцы. Сямёну здавалася, што ён вярнуўся ў пару маладосці і гэта смяшлівыя аднакурсніцы сабраліся на шумную вечарыну далей ад пільных вачэй дэканата, не пакінуўшы без увагі і яго, старасту.

Нядаўнія студэнткі каяліся за сваю ляноту, прызнаваліся, што часам заслугоўвалі добрага лупцавання, выдавалі сакрэты. Спісаць на экзаменах у яго, аказваецца, было можна, але ж неяк сорамна. Вераніка больш маўчала. Ад выпітых некалькіх кропель віна твар і шыя яе зрабіліся ружовымі, адкрыты лоб пакрыўся дробнымі кропелькамі поту.

– Дастаткова. Мне нельга больш, – адвяла яна руку, калі Сямён прапанаваў выпіць за разуменне дома і на працы.

Канца застолля яны не чакалі. Не захацела заставацца і сяброўка Веранікі, чарнавокая гаваруха Галіна. Праз пяць хвілін Сямён ужо ведаў, што тры дні таму яна, “жанчына не першай маладосці”, размяняла ажно чацвёрты дзясятак гадоў. (Побач са старэйшымі маладыя жанчыны не заўсёды хаваюць свой узрост. У гэтым свая стратэгія і тактыка.)

– Ты, дзіця, – жартаўліва звярнулася Галіна да сяброўкі, – толькі ў піянерскім гальштуку фарсіць пачынала, калі цётцы Галі атэстат сталасці выпісвалі.

З дапамогай нескладаных арыфметычных дзеянняў Сямён вылічыў узрост Веранікі – дваццаць тры. Яму было на дваццаць гадоў больш.

Калі ўсе трое падышлі да прыпынку, з-за паварота, як чакаў, выкаціўся запознены тралейбус і Галіна папрасіла адпусціць яе дамоў.

– Не сумуйце без мяне, – памахала рукою з дзвярэй.

Сямён і Вераніка засталіся адны познім чэрвеньскім вечарам у самым цэнтры горада. Сямён узяў Вераніку за руку, і яна не паспрабавала яе вызваліць... Ішлі сцішанай вуліцай. Былы выкладчык з гумарам расказваў, як прасілі ў дэканаце за адну з цяперашніх выпускніц. Матывацыя была не абы-якая: жанчына няшчасная, муж б’е, а калі да ўсяго яна не здасць экзамены – заб’е зусім. Сітуацыя трагікамічная...

Ужо і калегі, яны гаварылі пра вучняў і бацькоў, пра ўласных дзяцей. У Веранікі – у гэта не верылася – іх было двое, як і ў яго. Яна выйшла замуж у шаснаццаць, у сельсавеце распісалі, бо павінна было нарадзіцца дзіця. Расказвала пра гэта жанчына нехаця, са скрухай у голасе.

Сямён і Вераніка падышлі да кватэры, якую студэнтка-завочніца на працягу пяці гадоў здымала на перыяд сесіі.

– Святло на ўсю вуліцу палае, – Вераніка кіўнула на ярка асветленыя вокны на першым паверсе. – Мае старыя не стамляюцца жыць на белым свеце.

– Сямейнае свята? – пацікавіўся Сямён.

– О-о-о! – губы Веранікі смешна акругліліся. – У маёй Глебаўны, як прыходзіць яе Коля, заўсёды свята.

Сказала без ценю асуджэння, мо нават з пачуццём лёгкай зайздрасці.

– Колькі ж ім?

– Глебаўне ўвесну шэсцьдзесят, а яму праз тры гады восемдзесят будзе. Але ж выглядае многа маладзей. “Дзед” – гэта пра некага іншага, толькі не пра яго. З імі цікава, – яшчэ больш ажывілася Вераніка. – Глядзіш, колькі ў людзей планаў, колькі любові да жыцця, якія яны ўважлівыя адзін да аднаго, – і ў самой на душы становіцца радасна. Глебаўна наогул святы чалавек. За пяць гадоў хоць бы раз упікнула за нешта. Я ў яе, калі прыязджаю, – поўнасцю за гаспадыню.

– Дык чаго ў такім разе мы тут стаім?! – загарэўся Сямён. – Шампанскае і цукеркі за мой кошт! Гуляць дык гуляць! Скажаш, што я лепшы сябар моладзі.

Вераніка заўсміхалася:

– А я і не здагадвалася, што вы бываеце і такім.

– Якім?

– Такім як цяпер.

У начным магазіне на рагу вуліцы Сямён купіў шампанскага і бутэльку гарэлкі з разлікам на мужчын (Коля-Іванавіч, папярэдзіла Вераніка, “шыпучкі” не прызнаваў)...

Сямён адчуваў сябе так, быццам многа гадоў быў знаёмы і з Глебаўнай, і з Іванавічам, які, нібы той зух-кавалер, падміргваў гаспадыні і Вераніцы, не стамляўся сыпаць энекдотамі і прыгаворкамі, пільна сачыў, каб чаркі ў маладзейшых не былі пустымі...

– Было гэта ў Нямеччыне, у тую вайну. (Чарговы тост Іванавіч пачынаў з абавязковай прадмовы). Служыў я ў бауэра. Не тут расказваць, што такое палон. Праца не забава, але ж з голаду не пухлі. Быў я маладым, жаданні, самі разумееце, на твары напісаны, толькі парадак у немца строгі: застукаюць з каторай фрау – пятлю на шыю. Тут табе і капут. Так што на конт гэтага асцерагаліся. (Іванавіч блазнавата зірнуў на Глебаўну). Аднаго разу вечарам – гаспадара на той час не было дома – бауэрша паклікала мяне да стала. Ужо забыў, з якой нагоды. Наліла яна мне адну чарку, другую ды і просіць – ведала, што ўмею – сыграць нешта нашае. Я ёй “Гурочкі” – на душы паскудна, нават і чарка не памагае. Даслухала, а пасля, шэльма, знакамі паказвае (рукі на талію, плечыкамі ўлева-ўправа), каб весялейшае нешта. Ну я тут – ат, было не было! – і ўдарыў:

 

Пані кахана,

Пані вяльможна!

Я бы пані з...ў,

Кабы было можна.

 

– Пасаромеўся б дзед маладых, – ажно зачырванелася Глебаўна.

– Што праўда – тое не грэх, – не супакойваўся Іванавіч.

– Ну і што? – спытаў Сямён, – спадабалася фрау ваша песня?

– Яшчэ б!.. Зразумела, пэўна, усё. Пальчыкам гэтак строга: ”Но-но!” А сама задаволеная такая, свежая, што тая трускалачка. (Іванавіч зноў хітравата глянуў на гаспадыню).

– Яшчэ адно твае слова – і будзеш прылюдна пабіты, – як бы і зазлавалася Глебаўна!

– Усё, больш не буду.

– Тота ж!.. Не пагляджу на твае медалі.

Абое засмяяліся, памаладзелыя, шчаслівыя.

– О-о-о! То я ж пра што хацеў сказаць... – спахапіўся Іванавіч. – Даражэй за ўсё і саладзей за ўсё воля. Чалавек павінен быць свабодным, не прыдушаным, не зашораным. І зусім не важна, колькі яму гадоў. Давайце за гэта і вып’ем...

Было за поўнач, калі Вераніка папрасілася спаць.

– Дагаварыце без мяне. Сёння я і так замнога выпіла, – сказала яна са шкадаваннем...

Калі Сямён, з “аглаблёвай” у руцэ, прызнаваўся гаспадарам у шчырай любові, у галаве ўжо добра шумела. З калідора ён зазірнуў у бакавы пакой, з якога праз шчыліну дзвярэй прабівалася няяркае святло. Не разумеючы, навошта ён гэта робіць (хоча развітацца? яшчэ пагаварыць?..), Сямён нячутна ўвайшоў і прычыніў за сабою дзверы. Вераніка спала. Вызваленыя нанач валасы былі рассыпаны па вышытай падушцы. Адзіная лямпачка пад шкляным абажурам мякка асвятляла яе твар і плечы. Выключальніка ў пакоі не было. Сямён ціха, стараючыся не парушыць сон Веранікі, падставіў крэсла, абматаў руку крысом знятай кашулі і выкруціў лямпачку з патрона. Святло пагасла, і толькі самотны ліхтар за акном, што схаваўся ў кроне маладзенькай галінастай бярозы, не даваў цемры запаланіць пакой. Сямён падышоў да ложка, сеў на край, з заміраннем сэрца дакрануўся вуснамі да шчакі Веранікі. Жанчына не спужалася, не ўздрыгнула – павольна расплюшчыла вочы, абхапіла Сямёнаву шыю гарачымі рукамі... Тут, у гэтым утульным пакоі, яна была жанчынай, маладой і неўтаймоўнай. Здавалася, да гэтага часу, да гэтай хвіліны Вераніка стрымлівала сябе, мучыла душу і цела, але нарэшце адкінула ўсё, кінула выклік зямлі і небу. Яна тактоўна падказвала і дзякавала, мякка дакранаючыся да яго вуснаў. Маладая, гнуткая, з распушчанымі валасамі да пояса, Вераніка была незвычайна прыгожая, жаданая, грэшная. Ён слухаў яе цела і разумеў, што толькі пачынае жыць, толькі-толькі ўваскрасае як мужчына, яшчэ зусім не стары, не бяссільны.

– Мілая! – вырвалася ў яго ўпершыню за нудныя, бясколерныя гады жыцця.

Слёзы, ён разгледзеў нават у паўзмроку, выступілі на вачах Веранікі.

– Мілая! – паўтарыў ён з удзячнасцю.

Гэтай ноччу яны так і не заснулі... У пакоі пасвятлела, і Вераніка заўважыла Сямёнаву трывогу.

– Я зараз... – на пальчыках яна прабралася да халадзільніка, вярнулася з кубкам таматнага соку. – Выпіце. У мяне бацька такім чынам галаву папраўляе, а сёння, мабыць, і самой не зашкодзіла б.

– Спачатку ты.

Вераніка адпіла некалькі глыткоў:

– Астатняе ваша. Я больш не хачу.

Яна ўзяла з яго рук пусты кубак, паставіла на тумбачку.

– Не перажывайце, – сарамліва падняла на Сямёна вочы. – Усё было цудоўна. Я даўно хацела гэтага, думала пра гэта...

Сямён праводзіў Вераніку на першы ранішні цягнік. Азіраючыся па баках, бы тыя змоўшчыкі, яны цалаваліся ў тамбуры.

– Я напішу, – паабяцала Вераніка на развітанне. – Можна мне напісаць?

– Напішы абавязкова, – папрасіў Сямён і жадаючы, і баючыся працягу. З дня на дзень павінна была вярнуцца жонка.

Цягнік знік з вачэй, і Сямён заспяшаўся дамоў. Хутчэй, пакуль спяць дзеці. Ачомаюцца – а бацькі няма... Яшчэ ж і ў магазін не забыць забегчы. Зноў будуць: “Што нам есці?”

 

* * *

Таццяна вярнулася па раскладзе. Акурат у той дзень Сямён прынёс у дом кветкі, што падарылі студэнты з нагоды Дня настаўніка, павіншаваў жонку, выхавальку дзіцячага садка, са святам. Таццяна моўчкі паставіла ў вазу яго любімыя познія хрызантэмы і, нічога не гаворачы, працягвала ўкладваць у цэлафанавы пакет спецыі і тое-сёе з кухоннага начыння.

– А я думаў, што ў нас будзе святочная вячэра, – сказаў Сямён нібыта і жартам.

– Мне трэба памагчы бацюшкавай гаспадыні. Заўтра ў іх будзе шмат гасцей. Чакаюць самога Уладыку. Прыйду раніцай, – давяла да ведама Таццяна.

На гэты раз Сямён змаўчаў, не жадаючы скандалу. А так хацелася ўкалоць: “Хто ж для тваіх дзяцей насмажыць-напячэ, матуля?”

Таццяна прыйшла вечарам наступнага дня і зноў некуды зазбіралася.

Сямён ведаў, што “нарываецца”, правакуе скандал, але крыўда раздзірала душу, і ён не стрымаўся:

– Чаму ж гэта там, дзе ты была, не далі нашым малым па якому піражку ці хоць бы праснаку жытняму?

– Змоўкні, не даставай мяне!

– Няўжо там не ведаюць, што ў цябе ёсць дзеці?! Можа, не зарабіла за суткі? – не сунімаўся Сямён.

– Як ты смееш, антыхрыст?! Як у цябе толькі язык паварочваецца такое сказаць?! – кіпяцілася, тупацела нагамі Таццяна. – Пра такое нават і думаць грэшна!

– Які то грэх – перадаць дзецям цукерку?! – Сямён прыдуркавата паціснуў плячыма.

– Ты ведаеш, паразіт, якіх людзей мне выпаў гонар абслугоўваць?! Не табе, г...у, раўня!

– А мне хоць самога Папу Рымскага! – падкладваў дровы ў агонь Сямён. – Мае дзеці таксама просяць есці.

– Ды ты!.. Ды табе!.. – кіпела, насілася па кухні, не знаходзіла слоў жонка. На вочы ёй папаліся белыя хрызантэмы. Умомант яны былі абезгалоўлены і кінуты ў сметніцу.

– Што я такога сказаў?.. – прыкідваўся прастаком Сямён, а ў глыбіні душы святкаваў перамогу: перагарыць, супакоіцца жонка, а пасля і задумаецца. Ва ўсім павінна быць нейкая мера.

Гэтую і наступныя ночы Таццяна не начавала дома. Дзён праз чатыры ў паштовай скрыні Сямён знайшоў запіску: “Мяне не шукаць! На працу не званіць! Хто спытае – маўчаць, вы не ведаеце! Мы ўсе паехалі на юбілей айца Дамаскіна ў Крыпецкі манастыр. Будзе многа людзей. Прыеду праз два тыдні”.

 

* * *

Таццяны не было каля месяца. Метадыстка і каляжанка-зменшчыца званілі штодня. Патэлефанавала і загадчыца:

– Мне ўсё гэта надакучыла! Няхай ваша жонка выбірае... Калі яна не выйдзе на працу праз два дні – будзе звольнена па загаду.

Вярнулася Таццяна не адна. За рулём мікрааўтобуса сядзеў бацюшка, гадоў пад пяцьдзесят, светлатвары, з акуратна падстрыжанаю чорнаю барадою, густымі, амаль не кранутымі сівізною валасамі.

“Напэўна, гэта і ёсць сам ігумен, – здагадаўся Сямён. – Усё ў іх прадумана найлепшым чынам. На зваротным шляху за тыя грошы, што жонка і яе каманда збіралі па кватэрах, бацюшка закупіць крупы, муку, цукар і, прыхапіўшы з сабою новых дармовых работнікаў, – у зваротны шлях. Няўжо так абяднела пскоўская зямля на рабочую сілу і крупы, што абавязкова трэба паліць бензін, гнаць машыну за сотні кіламетраў?”

– Прасі ў бацюшкі блаславення, – вымучыла ўсмешку жонка.

Сямён разгублена лыпаў вачыма; святар таксама адчуваў сябе ніякавата.

– Ці добра даехалі? – запытаўся Сямён, каб не маўчаць.

– З Божаю дапамогай...

Таццяна была ў завязанай па-старэчы хустцы, доўгай і цёмнай, нягледзячы на добрае надвор’е, спадніцы і грубаватых напаўмужчынскіх туфлях на нізкіх абцасах. Трэцяй прыехала незнаёмая жанчына няпэўнага ўзросту, паўнаватая, сутулая, без усякага густу апранутая, у грувасткіх, з тоўстымі лінзамі акулярах, дужкі якіх для надзейнасці сцягваліся гумкаю на патыліцы.

Прыезджыя, а з імі і гаспадар, падняліся на шосты паверх. Жонка забегала па кухні, забразгацела вечкамі пустых каструляў.

“А трасцу табе! – злараднічаў Сямён. – У халадзільніку тры апошнія сардэлькі”.

– Пакажы, Сёмачка, айцу Дамаскіну беларускія газеты і часопісы, раскажы над чым цяпер працуеш, – Таццяна была сама ветлівасць.

“Ужо й пабег!..” – натурыўся гаспадар у душы, але што зробіш, хочаш не хочаш, а давядзецца займацца шаноўным госцем, дэманстраваць шляхетныя манеры. Становішча абавязвае, як кажуць разумныя людзі. З хаты не пойдзеш, раз ужо так атрымалася.

Мужчыны прайшлі ў спальню. Бацюшка з увагаю зірнуў на самаробны іканастас, перахрысціўся і прысеў на край ложка. Сямён прыладзіўся на адзіным крэсле, абшчапіў рукамі калена, уважліва прыгледзеўся да госця... Няблізкая дарога не стаміла айца Дамаскіна. Вочы жывыя, адзенне дагледжанае (ці не жончына работа?), ні пылінкі на ім. Чорная тканіна – не да месца падумалася Сямёну – можа быць прыгожай, калі яна дарагая, не выцертая, урэшце, калі яна пасуе чалавеку. Адзенне святара ідэальна спалучалася з яго смаляною барадою і валасамі, бледнаватым тварам. Пачуўся – ці мо падалося – лёгкі водар мужчынскай парфумы. Сямёну чамусьці ўспомнілася, як усяго некалькі гадоў таму ён, настаўнік са стажам, правяраў на святло лямпачкі ў гэтым самым пакоі якасць толькі што адпрасаваных штаноў. На адпаведных месцах святло праходзіла без перашкод. Насіць такую адзежыну даводзілася крайне асцярожна, з тым каб не нарабіць людзям смеху...

– Я даўно хацеў запытацца ў каго з дасведчаных людзей (Сямён намагаўся скінуць з твару маску абыякавасці), за што праваслаўная царква адлучыла Льва Талстога.

Гаспадар спадзяваўся, што падрабязны і павучальны роспавед (як кажуць на Украіне) зойме нямала часу і можна будзе не думаць, чым заняць госця далей. Але, на бяду, адказ святара быў лаканічным:

– Ёсць грахі, за якія дараваць нельга. Хула на Святога Духа – адзін з найцяжэйшых грахоў. І душа Льва Талстога – бацюшка са шкадаваннем правёў указальным пальцам зверху ўніз – прамым шляхам у пекла...

Таццяна не забавілася, у хуткім часе паклікала да стала, і гэтаму былі рады і госць, і гаспадар.

Бутэльцы дыфецытнага французскага шампанскага Сямён крыху здзівіўся, але выгляду не падаў. Здзівіўся таксама неблагой, на хуткую руку падрыхтаванай перакусцы: і рыба – глядзі ты! – чырвоная, і шпроты прыбалтыйскія... А яшчэ кажуць...

Святар абвёў вачыма кухонны пакой, не знайшоў абразоў і перахрысціўся на кут.

– Колькі свайму не кажу – ці паслухае! – запабягала Таццяна.

За сталом размова таксама не клеілася, усе адчувалі сябе скавана, і трапеза не заняла многа часу. Адразу пасля застолля – пэўна, усё было дамоўлена загадзя – падвесялелыя прыезджыя пачалі збірацца ў храм. Сямёну не прапанавалі.

“Ну то і дзякаваць Богу, – парадаваўся ён. – Некалькі шпротных хвастоў засталося. Будзем працягваць банкет. Чым мы горшыя за астатніх?!”

Сямён прынёс з залы прыхаваную бутэльку гарэлкі, наліў у фужэр з рэшткамі шампанскага, выпіў адным разам. “Белы мядзведзь” – успомніў ён назву немудрагелістага кактэйлю. Акурат тое, што трэба. Галаву імгненна затлуміў рой бязладных думак. Якую працу выконвала жонка там? Ці праўду казалі людзі, што ў Дамаскіна яна за дамашнюю гаспадыню: гатуе ежу, прыбірае, мые бялізну... Прыслужвае... Што ёй так люба менавіта ў гэтым, да ўсяго мужчынскім, манастыры? Ну няхай ён няўдаліца, не ўмее забяспечыць сям’ю. А ў чым вінаваты дзеці?.. Што яму, мужу, думаць, калі ў гадзіну ночы ў кватэры раздаецца міжгародні тэлефонны званок, жонка без памяці, не ўключаючы святла, збіваючы на хаду крэслы, кідаецца да апарата і ў цішыні ночы выразна чуваць яе прыглушаны голас:

– ...Вашымі малітвамі...

– Куды нам, грэшным!..

– Як здароўе бацькоў?..

– Куды ўжо нам!..

– І я таксама...

– І я таксама?..

 

* * *

 

Пісьмо ад Веранікі прыйшло праз тыдзень.

 

Добры дзень, паважаны Сямён Пятровіч!

– пісала былая студэнтка. – Калі шчыра, хацелася б пачаць гэты ліст крыху інакш. Не ведаю, што мяне стрымлівае...

Я так удзячна за той апошні вечар, за нашу ноч! Паўтару яшчэ раз, што сказала раніцай: я чакала ўсяго даўно, з самага першага ўрока. А яшчэ мне вельмі хочацца сказаць, што ў тую ноч я была вельмі шчаслівая, упершыню за апошнія гады. Мне і на другі дзень хацелася быць з вамі, я магла яшчэ затрымацца, але пабаялася...

Бачыла, як вы глядзелі ўслед цягніку. Усю дарогу думала толькі пра вас і напісала, не паверыце, ажно чатыры вершы...

Узнаўляю да драбніц нашу першую сустрэчу... Я затрымалася ў дэканаце, а зайшоўшы ў аўдыторыю, сустрэла ўважлівыя, добрыя, толькі нечым заклапочаныя вочы. Слухала, думала пра вас, а калі іншы раз праходзілі побач ці пра нешта пыталіся, то ўспыхвала, сэрца білася хутка-хутка....

Пасля было многа заняткаў, ніводныя з якіх я прапусціць не магла, бо хацела вас бачыць і чуць. І нішто, аніякая прастуда (ці памятаеце, як тактоўна, але настойліва вы хацелі адправіць мяне дамоў лячыцца?) не магла мяне спыніць.

Вы хвалілі мяне за курсавыя працы, за почырк, за добры адказ на экзамене, ставілі часам у прыклад. Я чырванела, як першакурсніца, мне было так прыемна, што ў вас святлелі вочы, і я... – прабачце мне мой грэх – думала пра вас як пра мужчыну.

Я раўнавала вас да калег, да маіх многа старэйшых аднакурсніц. Мяне вельмі цешыла тое, што пра вас (ці не адзінага з выкладчыкаў-мужчын) не хадзілі пагалоскі і плёткі наконт “нестатутных” адносін са студэнткамі. Так што, не ведаючы гэтага, вы ўсе пяць гадоў былі толькі “маім” выкладчыкам. Ад самай першай устаноўчай сесіі і да апошняга дзяржаўнага экзамена.

 

Напішыце мне, калі ласка, пісьмо. Я буду вельмі чакаць. Адрас даю сяброўчын, у нас з ёю няма сакрэтаў.

Спадзяюся на сустрэчу.

Вераніка

 

Сямён некалькі разоў перачытаў ліст. Няўжо ён, старэйшы на цэлае пакаленне мужчына, усё яшчэ можа быць цікавым маладой жанчыне не толькі як выкладчык? Ён ніколі не дазваляў сабе вольнасці на занятках – ні ў словах, ні нават у думках, – але, выяўляецца, усе пяць гадоў была ў аўдыторыі пара вачэй, якія глядзелі на яго не так, як усе іншыя. “З самага першага ўрока...” Яна да гэтага часу адчувае сябе вучаніцай, маючы двое дзяцей і інстытуцкі дыплом. І яшчэ не мог не адчуць вопытны настаўнік, што Вераніка – чалавек адзінокі, як і ён сам.

Два вершы, з дзясятка дасланых у лісце, былі прысвечаны “С.П.”. “Дажыўся, – іранізаваў Сямён. – Даследчыкі жыцця і творчасці некалі напішуць у манаграфіях: “Маладыя таленавітыя паэткі прысвячалі яму свае вершы...” А чаму б і не? – цешыў самалюбства. – Хто табе сказаў, што ты горшы за іншых? Хто табе дазволіў махнуць на сябе рукою? Жабрацкая зарплата ды скавытанне чалавека, які воляй лёсу жыве побач – яшчэ не ўсё, яшчэ не прысуд.

Сямён са шкадаваннем прызнаўся сабе, што даўно не думаў пра тое, як выглядае збоку, які ён у вачах іншых людзей. Недарагі касцюм, некалькі палінялых кашуляў на будні і свята, яшчэ савецкая электрабрытва, традыцыйная “канадка” ў таннай цырульні... Тым не менш маладая жанчына звярнула ўвагу зусім на іншае – і гэта было прыемна адчуваць. А пра імідж, ці як яно там цяпер называецца, мо і варта было б падумаць – прыгледзецца, як апранаюцца маладзейшыя выкладчыкі, набыць той жа новы гарнітур.

Зваротны ліст Сямёна заканчваўся словамі:

“Дзякуй...Ты дапамагла мне хоць на кароткі час адчуць сябе дужым і шчаслівым. Удзячны лёсу, што так атрымалася. Сорамна перад тваёй маладосцю, але не мы ў гэтым вінаватыя...

 

У наступным лісце Вераніка даверліва расказвала пра свае жыццёвыя клопаты. Яна шукала працу бліжэй да дому, уладкоўвала дзяцей у яслі, капала бульбу, клапацілася пра будаўніцтва новай хаты, і яшчэ, і яшчэ...

“Вёска, прырода, свежае паветра!.. – злаваў Сямён немаведама на каго... Пачытаеш у літаратурнай старонцы выдатную падборку вершаў маладой аўтаркі, чакаеш цуда – а чалавек знікае. Муж, дзеці. І праца, праца... З ранку да вечара, у любую пару года. Ці не такое чакае і яе, Вераніку?” Асцярожна пра гэта і яшчэ пра многае іншае напісаў выкладчык у далёкую палескую вёску.

Вераніка парадавалася найперш таму, што пісьмо было... вялікае, ажно на шэсць старонак.

 

...Я была бясконца радая, – пісала яна, – калі сяброўка перадала мне такое вялікае пісьмо. (Як і прасілі, пераходжу на “ты”, але па імені называць не магу, даруйце.) Чакала і не верыла... Твая праўда: гэты дзень у нас ніхто не адыме, не сатрэ з памяці, не перакрэсліць. Як бы ні павярнулася жыццё...

Мае вершы пакуль што слабыя. Крытыкуй. Я не пакрыўджуся. Добра? А на конт таго, што спяшаюся пісаць... і жыць – я згодная. Гэтаму ёсць прычыны, але не апраўданне. Табе не трэба ўсяго ведаць. Хоць з часам – магчыма...

Імкнуся пісаць шчыра, разумею, што многае даецца Небам, але і ад мяне многа залежыць. Я буду вельмі старацца. Вы ж любіце старанных вучаніц? (Вераніка зноў збілася на “вы”.) Я пачала пісаць, бо не было каму расказаць пра свае думкі, адкрыць душу. Вы першы, хто сказаў добрае слова пра маю “творчасць”. Пачала адразу з аповесці. “Якое шчасце – жыць” – так назвала. Гэта было на другі дзень пасля таго, як… (наступны радок быў акуратна закрэслены фламастарам) аднойчы захварэла. У гэтай аповесці – маё жыццё, хоць і пражыла я вельмі мала. Пра многае хочацца сказаць. А перачытаю іншы раз напісанае – усё не тое, не маё. Зайздрошчу тым, хто ўмее пісаць праўдзіва...

А яшчэ ў мяне з’явілася прычына, каб прыехаць у Брэст. Разумею, як мне будзе цяжка, але ўсё роўна – калі не ў гэтым годзе, то ў наступным – буду паступаць у аспірантуру. Мне абавязкова трэба планаваць нешта важнае, і абавязкова на некалькі гадоў наперад. Інакш – пустата. Раней – курсавыя, кантрольныя, канспекты, падручнікі... Вучоба была маім выратаваннем...

Хачу і баюся цябе ўбачыць. Каб не Галіна тады, я не ведала б, пра што гаварыць і што рабіць.

 

Хочацца быць птушкай, матыльком,

Кратаць недасяжныя галіны...

Толькі ў ніжнім голлі павуціна –

У верхнім голлейку – зялёнае святло.

 

Гэта з майго апошняга верша. Крытыкуй...

Я абавязкова прыеду і мы сустрэнемся. Магчыма, раней, чым ты атрымаеш гэты ліст. Будзь такім добрым і ўважлівым, якім я цябе ведала заўсёды. Яшчэ раз да спаткання, мой... любімы і жаданы настаўнік. Абяцаю асцерагацца “скразнякоў і дрэнных людзей...”

 

* * *

 

“Сястрычка” Тамара, жончына сяброўка па Крыпецкім манастыры, жыла ў кватэры трэці тыдзень. Жанчына без сям’і, без дзяцей, без уласнага кутка, яна вольна падарожнічала па манастырах, лічыла незаганным падоўгу жыць у чужых людзей. Тамара не ўмела нічога гатаваць, акрамя варанай бульбы ды салаты з сырых буракоў, таму і дапамогі ад яе чакаць не даводзілася. Раздражнялі Сямёна неверагодных памераў, парудзелыя ад гаспадарчага мыла трусы няпрошанай кватаранткі, якія яна развешвала ў ванным пакоі, яе пазбіваныя ўсесезонныя боты ў пярэднім пакоі, шаргаткая балоневая куртка на вешалцы.

Тамара з жонкай пасяліліся ў зале: чыталі, “прымалі” “сясцёр”, там жа і спалі ўдвух на раскладной канапе. Часцей за іншых да іх далучалася “сястра” Анастасія, сярэдніх гадоў жанчына-гарбун з нейкаю робленаю прастакаватай усмешкай на дробным, як у дзіцяці, твары. Анастасія была замужняя. Сямёну іншы раз даводзілася бачыць яе з мужам і трыма дзецьмі (хлопчыкамі-пагодкамі і крыху старэйшай дзяўчынкай) на аўтобусным прыпынку. Мужчына – збеднены, недагледжаны, дзеці – дрэнна апранутыя, замурзаныя, а яна, шчаслівая, наперадзе. Анастасія нядаўна нарадзіла чацвёртае дзіця, дзяўчынку. І тут не вытрымаў муж – запіў, пайшоў з дому. У маці з’явіўся невырашальны клопат: на каго пакінуць шасцімесячнае немаўля, якое перашкаджала служыць Богу. Жанчына знайшла выйсце: ідучы з дому, яна прыбірала ў дзіцячым пакоі ўсё, што можа ўпасці, парэзаць, укалоць, рассцілала на падлозе коўдру, зачыняла дзверы на замок і пакідала малое “на Божую Маці”.

Сямёну была непрыемнай гэтая троіца, што, нацягнуўшы на лоб хусткі, ішла па кватэрах збіраць грошы для “дзетак-сірот”, забываючыся, што ёсць яшчэ і ўласныя дзеці, прынамсі, у дваіх з іх. Ці маральна такою цаною выслугоўваць “благодать” і ці патрэбна Богу такая ахвярнасць? Сямён на гэтае пытанне адказваў адмоўна.

Непрыемнымі былі іх “навуковыя” спрэчкі пра канец свету. Думкі дамарослых філосафаў-багасловаў нярэдка падзяляліся. Жонка давала свету шанц да двухтысячнага года, астатнія – на некалькі дзесяцігоддзяў больш. Можна было заўважыць, што вышэйшая адукацыя Таццяны ў гэтых спрэчках не была казырным аргументам.

– Вось вы кажаце, не было знамення?! – гарачылася Сямёнава палавіна. – А ці трымала каторая з вас у руках новы пашпарт?

– А што? – затрывожылася Анастасія.

– Няўжо ты нічога не чула?

– Не.

– Зараз выдаюць пашпарты, у якіх нумар складаецца з трынаццаці лічбаў.

– Гэта ад сатаны. Гэта перад канцом свету! – жахнулася Тамара.

– Асабіста я такі пашпарт у рукі не вазьму, – запэўніла сясцёр Анастасія. – І дзеці мае не возьмуць, і муж...

– А калі загадаюць?..

Працівіцца ўладзе было нельга, і сяброўкі доўга абмяркоўвалі, як і ўладу не пакрыўдзіць, і адначасова антыхрысту не дагадзіць, выратаваць душу... Таццяна прапанавала ўзяць пашпарт левай рукою і тройчы сплюнуць праз левае плячо.

Сямён не ўтрываў:

– Як трэба не паважаць сваю вышэйшую адукацыю, каб чаўпці такое глупства!

– Закрый рот! Тваімі вуснамі гаворыць нячысты, – адмахнулася жонка.

Нарэшце “сястра” Анастасія прапанавала рашэнне, якое задаволіла ўсю троіцу: запытацца пра пашпарт у бацюшкі, лепш у самога Дамаскіна. Ён адзін можа параіць, што рабіць.

– Была б мая воля, я гэтую Анастасію перацягнула б кіем па спіне, каб выпрасталася, – заявіла дачка Ілона, калі сутыкнуліся аднойчы на вуліцы і “сястра” засвяцілася, заўсміхалася як ад бязмежнага шчасця.

– Што ты сабе дазваляеш?! – цыкнуў Сямён на дачку, а сам падумаў: “Калі ў дзіцяці нехта забірае маці, яму што, дзякаваць за гэта трэба?”

Мужчына ўзненавідзеў “сясцёр”, начныя званкі, аблупленую скрыню на тумбачцы каля тэлефона і не ведаў, як паводзіць сябе, у каго запытацца парады. Ён намагаўся нешта гаварыць, але размаўляць са “звар’яцелым” – лічыла яго палавіна – толькі браць грэх на душу.

* * *

 

З аспірантурай – гэтага трэба было чакаць – у Веранікі нічога не атрымалася. Месцаў на кафедры педагогікі не прадбачылася, і загадчык, прафесар Варановіч, нават не абнадзеіла.

– Праз тры, праз пяць гадоў, але вучыцца я ўсё роўна буду! – стаяла на сваім Вераніка, і Сямён верыў яе словам.

Яны дамовіліся сустрэцца ў Глебаўны (Вераніка, клапоцячыся пра яго спакой, забараніла выходзіць да цягніка).

 

Абедзве жанчыны шчыравалі на кухні. Глебаўна чакала свайго Колю, Вераніка чакала Сямёна.

– Ці не магу я чым дапамагчы? – спытаў Сямён больш для ветлівасці: бачыў, што яго дапамога тут зусім лішняя.

– Дзякую. З такою памочніцай можна за дзве гадзіны на вяселле нагатаваць, – зрабіла камплімент Глебаўна.

– Не разумею я гарадскіх, – як не чула Вераніка. – Муж з працы, а яна з суседняга пакоя: “Есці будзеш?.. Вазьмі разагрэй там у каструльцы. Не забудзь толькі памыць за сабой”. А то яшчэ: “Абяры, коцічак, пару бульбін. Я таксама галодная”. Мая бабуля, няхай яна будзе здаровая, у такіх выпадках заўсёды гідзіцца. Не буду, кажа, есці капусту, якую мужчына зварыў. Мне яна – даруйце, гэта не я, гэта бабуля – мужчынскімі порткамі пахне. Я, пэўна, у яе ўрадзілася.

Сямён уважліва назіраў, як спрытна жанглюе Вераніка вечкамі ад каструляў, як смешна зводзіць бровы, калі дзьме на страву ў лыжцы – спрабуе на соль, – як лоўка ўпраўляецца з кухонным нажом і таркамі, – і яму вельмі захацелася, каб гэта ўсё адбывалася на яго занядбанай кухні.

– Перш за ўсё мужчыну трэба накарміць, – працягвала Вераніка, напрактыкаванымі рухамі скідаючы з патэльні на талерку апетытныя катлеты. – Асабіста я ніколі не пытаюся ні ў мужа, ні ў бацькі, ці будуць яны есці. Здаровы мужчына заўсёды хоча есці. Ці не праўда?

Як было не згадзіцца.

– Гэта прыносіць мне задавальненне, – разгаварылася Вераніка. – Прырода ўсё прадугледзела, калі выпраўляла мяне на свет жанчынай. Няхай нават чалавек падзякаваць забудзе ці пасаромеецца, але я душой адчуваю, што ён пра мяне думае ў той момант, калі падсоўваю талерку...

Прываблены пахам свежаніны, на парозе кухні з’явіўся рыжаваты сабака, каратканогі і віславухі.

– А мой ты старэнькі! – пашкадавала Глебаўна. – Ёсць для цябе сёння смачнейшае. Госці ў нас.

Глебаўна паклала на талерачку ў кутку катлету, скрылік доктарскай каўбасы.

– Ведаеце, дзеці (Сямёну падабалася, што Глебаўна – мо знарок? – не бачыць розніцы ва ўзросце яго і Веранікі), колькі гадкоў нашаму Тузіку?

Абое пакруцілі галовамі.

– Дзевяноста восем!

– Ну што вы, Глебаўна!.. – засумнявалася Вераніка. – Выходзіць тады, што ён у паўтара разы за вас старэйшы?

– Чаму ж?.. – гаспадыня заставалася сур’ёзнай. – Усё вельмі проста. Тузіку нашаму чатырнаццаць. Каб параўнаць з чалавечым векам, трэба памножыць на сем. Вось і атрымліваецца.

– То вы, Глебаўна, і юбілей адзначаць будзеце? – пажартаваў Сямён.

– Не дацягне, бедны, зусім слабы стаў. Упадзе і прытомнасць губляе. Па некалькі разоў на дзень... А шкада жывую душу.

“Пэўна ж усяго пазнала ў жыцці гэтая дабрадушная і зычлівая жанчына”, – падумалася Сямёну. Ён глянуў на Вераніку. Яе блакітныя вочы нібы прамаўлялі: “ А што я табе казала? Глебаўна ў нас – чалавек!”

У дзверы пазванілі і гаспадыня заспяшалася адчыняць.

– Мой Іванавіч ніколі не прымушае сябе доўга чакаць.

Вераніка адбеглася на хвілінку, памяняла дамашні халацік на модную прыталеную сукенку.

– Падабаецца? – павярнулася на адной назе.

– Выдатна! На ўсе васямнаццаць!

– Не хачу на васямнаццаць!.. – прытворна надула губы. – А здагадайся, чаму менавіта ў гэтай сукенцы я прыехала?

– Гэта твая любімая сукенка.

– Не зусім так.

– Здаюся.

– Яна не мнецца, ці мала што... – і засмяялася, маладая, жаданая, прыгожая.

– Ах ты спакусніца! – Сямён намерыўся ўшчыкнуць Вераніку за талію, але жанчына ў імгненне вока праслізнула ў залу.

Праз хвіліну налілі па першай чарцы.

“Лепшыя прадстаўнікі кожнага з чатырох пакаленняў сустрэліся за сталом у паважанай Надзеі Глебаўны,” – падрыхтаваў тост Сямён і тут жа адмовіўся ад яго. (“Эгаіст няшчасны! Самому час унукаў гушкаць, а ўсё чужыя гады лічыш).

На гэты раз доўга не заседзеліся. У хуткім часе старэйшыя надумалі “падыхаць свежым паветрам”. Сямён дапамог Вераніцы хуценька прыбраць са стала. Яны занавесілі вокны і засталіся адны ў гэтай прыветнай кватэры, ва ўсім белым свеце...

Вечарам Сямён правёў Вераніку на цягнік. Адпускаючы яе гарачыя рукі, ён са шкадаваннем падумаў, што дамоў Вераніка пападзе далёка за поўнач і наўрат ці будзе ў яе час, каб хоць на гадзіну заплюшчыць вочы...

У ванным пакоі мужчына глянуў у люстра: на плячах і спіне ружавелі ледзь заўважныя палосы ад пазногцяў. Правёў даланёю, вільготным ручніком па адным і другім плячы – і адчуў, які салодкі яму гэты боль... Аказваецца, бывае і так. Зусім не абавязкова адчуваць сябе ідыётам... “Табе б толькі сваё справіць...” – успомнілася незадаволенае жончына “пасляслоўе”. А яму чулася: “Доля бабская... Капейкі няшчасныя прыносіць у дом, а яшчэ, паразіт, хоча нечага”. Пра тое ж гаварылі яе нежывыя рукі і калені, да раздражнення роўнае дыханне. Адвярнуўшыся, паправіўшы акуляры на носе, яго палавіна шукала згубленую старонку ў кнізе, што з вялікай неахвотай некалькі хвілін назад была адкладзена на тумбачку.

 

* * *

 

...А малайчына наша Глебаўна! – хваліла Вераніка гаспадыню ў наступным пісьме. – Я ўжо па тэлефоне падзякавала ёй за “свежае паветра”. Адчувала, як ты хваляваўся ў прадчуванні нашага вечара, можа таму і не спыняла, калі дапіваў да донца. Ты болей так не будзеш?.. Вось і добра... Гэтыя лекі не параўняюць наш узрост, ды гэта і не трэба. Таму што... Ты мне патрэбен такім, як ёсць: разумным, добрым, зычлівым і спагадлівым. А ўсё астатняе?.. Хоць, урэшце, якая з мяне прапаведніца.

Хочацца быць побач, адчуваць твае рукі, пацалункі. спадзяюся, што мая адкрытасць цябе не пужае. Не ўсё, што напісала, змагла б сказаць.

Я ўпэўнена, што наша сустрэча не была апошняй, што мы яшчэ неаднойчы пабачымся. Мне гэтага вельмі хочацца. Яшчэ будзе мая бэзавая блузка і доўгія валасы. Я не буду іх болей стрыгчы, калі табе падабаецца. Пастараюся... Мне іх падрэзалі незадоўга да нашай сустрэчы. Доктар параіў...

Учора ездзіла да маці. Гадзіну сядзела над тэлефонам і не адважылася пазваніць: а раптам падымеш не ты, а раптам перашкоджу працаваць...

Перачытала, падумала: не тое напісала, але тут жа супакоіла сябе тым, што ты мяне абавязкова зразумееш...

Сумуй па мне. Успамінай хоць зрэдку...

 

* * *

“Ну вось, – усміхнуўся Віталь, – і Сямён Пятровіч туды ж: “бэзавая блузка”, “доўгія валасы”, “сумуй па мне”... Колькі ўжо пра гэта пісана-перапісана!.. Бацьку няцяжка зразумець. Напісаў, каб зняць цяжар з душы, паспавядацца перад чыстым лістом паперы. Сямён Пятровіч, Таццяна, айцец Дамаскін... – прататыпаў дзеючых асоб далёка шукаць не трэба. Але пры чым тут Вераніка? Можа, бацьку спатрэбілася яшчэ адна сюжэтная лінія, каб заінтрыгаваць чытача, ажывіць твор, не збіцца на мемуары?” – “А чаму ты адмаўляеш яму ў праве на каханне?” – не згаджаўся ўяўны апанент. “Імя таксама не абавязкова было пазычаць у класіка” – даводзіў Віталь. “А ён і шукаў, – нагадаў суразмоўца. Прасіў падказаць жаночае імя абавязкова на чатыры склады. Не спадабалася Ангеліна, Аўгусціна... ( “Як не гліна ў вас, то ціна!”). А ўспомні, як гадзінамі стаяў ён ля акна з раскрытым канвертам. Можа, усё гэта разам і называлася Веранікай?” – “Што ж... – паступова здаваўся Віталь. – Быў, памятаецца, адзін дзіўны званок. Прыемны малады голас у адказ на “Вас слухаюць!” запытаў: “Як жывеш? Ці не крыўдзяць дзеці?” Пасля таго як адазваўся, на тым канцы войкнулі і паспяшаліся пакласці трубку”.

 

Хлопцу зноў успомнілася маці. У раннім дзяцінстве, калі толькі пачынаў усведамляць сваю прысутнасць на свеце, Віталька вельмі любіў яе. Мама з жаданнем чытала яму па некалькі разоў пра Піліпку-сынка і Бураціна, купляла “фанту” і незвычайна смачнае марожанае з арэхамі. У дзіцячым садку мама надзявала высокую белую шапку і бездакорна белы халат, усе дзеці слухаліся яе і пыталі: “Гэта твая мама?”, і Віталька з гонарам адказваў: “Так. Гэта мая мама”.

А яшчэ ён вельмі перажываў, калі яна сварылася з метадысткай ці трэнерам па гімнастыцы. Плакаў, крычаў, лупіў кулачком па сцяне, калі маці крычала на бацьку. Тады яна ішла спаць ў дзіцячы пакой, а ён не пускаў, патрабаваў, каб спалі разам, нават не абавязкова з ім пасярэдзіне.