Вопрос № 20 Палітычны крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай

У 1721 г. закончылася Паўночная вайна. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай усталяваўся мір. Краіна пачала залечваць раны. Гэта быў час, калі ў Еўропе мацнелі цэнтралізаваныя абсалютысцкія манархіі. У Рэчы Паспалітай, наадварот, узмацнілася ўлада магнацкіх колаў, пашырылася шляхецкая анархія. Рэч Паспалітая, нягледзячы на свае вялікія тэрытарыяльныя памеры, мела ў 60-я гг. усяго 16 тыс. войска, ў той час як у Расіі было 350 тыс, Аўстрыі - 280, Прусіі - 200 тыс. Магнаты Рэчы Паспалітай мелі свае прыватныя войскі, якія былі узброеныя лепш, чым войскі дзяржавы. Шляхта трапіла ў залежнасць ад магнатаў. На непаслухмяных шляхціцаў магнаты рабілі наезды, рабавалі іх. Вялікія даходы некалькіх магнацкіх сем'яў - Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Чартарыйскіх і інш. - ніколькі не садзейнічалі павелічэнню багацця краіны. Прыгонны селянін не бачыў для сябе ніякай выгады і, нягледзячы на жорсткае прымушэнне, працаваў дрэнна, што прыводзіла да заняпаду земляробства. Каралеўскія гарады страчвалі сваю незалежнасць, падвяргаліся нападам шляхты. Няпростым у XVIII ст. было і канфесіянальнае становішча. Каталіцтва стала пануючай канфесіяй ва ўсёй краіне. Вышэйшае ўніяцкае духавенства пачало рэфармаваць сваю царкву, набліжаючы яе да каталіцкай. Але паколькі праваслаўная шляхта Беларусі пераходзіла ў каталіцтва, уніяцтва стала "халопскай верай". Яно не карысталася роўнымі правамі з пануючай каталіцкай царквой. Праваслаўных вернікаў засталося мала. У пачатку XVIII ст. дзейнічала толькі адна праваслаўная епархія - беларуская (або магілёўская). Яна была падпарадкавана Расійскай імперыі, і гэта яшчэ больш пагаршала становішча праваслаўных. У Рэчы Паспалітай інаверцы не маглі займаць якія-небудзь пасады.

 

Падзелы Рэчы Паспалітай

Падзелы Рэчы Паспалітай

 

У такім стане Рэч Паспалітая падышла да 1763 г., калі ў сувязі са смерцю караля Аўгуста III пачалася новая выбарчая кампанія. У барацьбу актыўна ўключыліся магнаты. Рашаючую ролю ў гэтай барацьбе адыгралі Чартарыйскія. Яны выставілі прэтэндэнтам на прастол літоўскага стольніка Станіслава Аўгуста Панятоўскага. За трон змагаліся: віленскі ваявода Караль Радзівіл, вялікі літоўскі гетман Масальскі, генерал літоўскіх войскаў Міхал Агінскі. У Польшчы сярод прэтэндэнтаў была групоўка Патоцкіх, саксонскую групоўку прадстаўляў граф Браніцкі. Усе яны шукалі падтрымку ў суседніх дзяржаў: Чартарыйскія і Масальскія - у Расіі, Патоцкія і Радзівілы - у Францыі і Прусіі, Браніцкі - у Францыі і Аўстрыі. У выніку барацьбы на трон быў узведзены Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль сумесна з Чартарыйскімі спрабуе правесці рэформы, накіраваныя на ўзмацненне ўлады. Гэта выклікала незадаволенасць з боку Расіі і Прусіі, якіх больш задавальняў слабы сусед.

 

Да падзелу Рэчы Паспалітай прывёў шэраг прычын, асноўныя з якіх: анархія ўнутры самой краіны і агрэсія з боку суседніх дзяржаў.

 

У жніўні 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

 

Другі падзел адбыўся ў 1793 г. паміж Расіяй і Прусіяй. У адказ у 1794 г. пачалося паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Т. Касцюшка нарадзіўся на Берасцейшчыне. У 1776 г. выехаў у Амерыку, дзе ўнёс вялікі ўклад у змаганне супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. У 1784 г. вярнуўся на Радзіму, уключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух народаў Рэчы Паспалітай. Т. Касцюшка з'яўляецца нацыянальным героем Польшчы і ЗША.

 

Паўстанне ахапіла не толькі тэрыторыю Польшчы, але і Літвы, Беларусі. На тэрыторыі Беларусі для яго было характэрна ўжыванне партызанска-дыверсійнай формы барацьбы. Ствараліся атрады, якія вялі партызанскія дзеянні ў тыле расійскага войска. Якуб Ясінскі - кіраўнік паўстання на Беларусі, загінуў пры абароне Варшавы. Паўстанне 1794 г., якое як бы працягвала Вялікую французскую рэвалюцыю ва Усходняй Еўропе, выклікала незадаволенасць не толькі Расіі, але і Аўстрыі і Прусіі. Мэтай паўстання было нацыянальнае вызваленне і захаванне дзяржаўнай незалежнасці Рэчы Паспалітай. 10 кастрычніка 1794 г. войскі Суворава па заказе Кацярыны II рушылі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай у сувязі з неабходнасцю зрабіць перашкоду для ўплыву французскай буржуазнай рэвалюцыі. Яны нанеслі паражэнне паўстанцам і захапілі у палон Касцюшку. Паўстанне скончылася. У кастрычніку 1795 г. было падпісана пагадненне аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй, Прусіяй. У выніку трох падзелаў Расія атрымала каля 482 тыс. км2 і 5,5 млн насельніцтва, Аўстрыя - 129 тыс. км2 і 4 млн чалавек, Прусія - 131 тыс. км2 і 2,6 млн чалавек.

 

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Пасля першага падзелу да Расіі была далучана ўсходняя частка Беларусі да рэк Заходняя Дзвіна, Друць, Днепр; пасля другога Расія анексавала цэнтральную частку Беларусі па лініі Браслаў - Паставы - Мір - Пінск, пасля трэцяга ў яе склад былі уключаны тэрыторыі Заходняй Беларусі і літоўскія землі на поўнач і на ўсход ад Нёмана. Федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая і абедзве краіны ў яе складзе - Вялікае княства Літоўскае і Польшча - спынілі сваё дзяржаўнае існаванне.