Мова і соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Дзеля таго каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабою пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, пра вызначэнне агульных планаў і г. Д. Для таго каб служыць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства і яго развіццё, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца каласальная праца чалавецтва ў пазнанні свету.

Пазнанне свету працягвалася тысячагоддзі, і замацаванне ў мове вынікаў гэтай працы азначала ўкараненне адпаведных ведаў у свядомасць, быт. Таму мова не проста сродак зносін, але і помнік велізарнай духоўнай працы мінулых пакаленняў.

Грамадскае прызначэнне мовы рэалізуецца і раскрываецца праз яе сацыяльныя функцыі. Сучаснае грамадства дазваляе чалавеку і нават прымушае яго ўключацца ў вялікую колькасці відаў зносін. Яны патрабуюць адпаведнай колькасці моў. Не абмяжоўваюцца адной мовай і зносіны ўнутрынацыяналь-ныя.

Патрэбныя чалавеку мовы — не простая сукупнасць разнастайных сродкаў зносін, а пэўная сістэма моў розных тыпаў. На кожным грамадска-гістарычным этапе яна адлюстроўвае развітасць унутраных і знешніх сувязей сям’і, нацыі, народа, краіны і накіроўвае асобу, памагае ёй авалодаць духоўнымі багаццямі грамадства, яго культурай. Спроба аб’ектыўна акрэсліць грамадскі ідэал развітай у моўных адносінах асобы вядзе да вылучэння наступных відаў канкрэтных моўных патрэб, цесна звязаных з кантэкстам сучаснай культуры грамадства.

Нарэшце, існуе і грамадская патрэба ў агульналінгвістычнай адукаванасці. Веданне тэарэтычных асноў мовазнаўства (як і асноў фізікі, біялогіі і г. д.) — адзін з фактараў выпрацоўкі навуковага светапогляду.

Аддаючы належнае ўсім відам моўнай адукацыі і моўнага выхавання чалавека, усёй мнагаграннасці моўных патрэб грамадства і асобы, трэба асабліва вылучыць як адну з найбольш значных патрэбу ў этнамове. З першых дзён свайго жыцця індывідуум пачынае авалодваць грамадска-гістарычным вопытам чалавецтва ў той канкрэтнай форме, якую забяспечвае яму першая — родная — мова. Паўнацэннае валоданне роднай мовай — гэта не што іншае, як валоданне сацыяльнымі, інтэлектуальнымі, маральнымі, эстэтычнымі і іншымі каштоўнасцямі.

Родная мова засвойваецца ва ўсіх асноўных формах яе бытавання (літаратурная мова і яе функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці) і звязаных з імі жанрах вуснага і пісьмовага маўлення на роднай, нацыянальнай мове . Авалоданне нацыянальнай мовай — неабходная перадумова сацыялізацыі асобы, фарміравання яе самасвядомасці, далейшага ўваходжання ў шматнацыянальны свет, у шматмоўную сістэму міжнароднай камунікацыі.

Пад функцыяй мовы разумеюць яе прызначэнне і ролю, якую яна выконвае ў жыцці чалавека і грамадства.

Галоўная функцыя мовы - камунікатыўная. Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзённай моўнай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго прыроду.

Сувязь чалавека з навакольным светам ажыццяўляецца праз намінатыўную функцыю мовы, знешнія прадметы становяцца ўнутраным здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, пачуццяў, калі гэтыя прадметы атрымліваюць назвы сродкамі мовы, у першую чаргу словамі.

У свядомасці чалавека, у яго ўнутраным свеце адлюстроўваюцца знешняя рэчаіснасць, навакольны свет. Такім чынам, мова выконвае і функцыю адлюстравання.

Пазнавальная функцыя. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Засвойванне назапашаных чалавецтвам ведаў, практычна ўсе працэсы навучання людзей (у школах, у ВНУ і г. д.) звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання, павелічэння, узбагачэння ведаў.

Мова з’яўляецца і галоўным спосабам выражэння думак і пачуццяў кожнага чалавека і тым самым выконвае экспрэсіўную функцыю.

Эстэтычныя функцыя. Увасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

Як бачым, родная мова — гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, і знак яго прысутнасці на зямлі; родная мова — гэта адвечны голас радзімы.