Нормы беларускай літаратурнай мовы

Што тычыцца норм беларускай літаратурнай мовы, то толькі ў 20 ст. прыняты дзве ўрадавыя пастановы (1933, 1957 г.), у якіх афіцыйна зацверджаны пэўныя змены ў літаратурных нормах беларускай мовы. У моўным ужытку некаторыя літаратурныя нормы могуць існаваць у розных варыянтах, якія трэба разглядаць часам як звычайную з‘яву. Тым не менш, не ўсе ўжывальныя варыянты дапускаюцца ў маўленні, прызначаным для сацыяльнага выкарыстання, бо многія з іх з‘яўляюцца проста адхіленнямі ад літаратурнай нормы, якая і дазваляе для ўжывання толькі пэўныя варыянты. Так, беларускія формы слоў дзіця і дзіцё, паўтара і паўтары, раба і рабыня і інш. служаць варыянтамі і дапускаюць сваё раўнапраўнае ўжыванне, а ў формах слоў і словазлучэнняў пачнём і пачнем ,у паліто і паліце, сабака пабег і сабака пабегла і інш. адзначаюцца памылкі (правільна, пачнём, у паліто, сабака пабег). Для выбару правільных, дапушчальных літаратурных норм неабходна карыстацца адпаведнымі слоўнікамі, найбольш аўтарытэтныя і поўныя з якіх павінны быць настольнымі кнігамі кожнага кіраўніка (гл., напрыклад: Слоўнік 1987; Тлумачальны слоўнік 1977 – 1984; Тлумачальны слоўнік 1996 і інш.).

Унутры агульнай літаратурнай нормы выдзяляюцца арфаэпічныя (правільнасць вымаўлення гукаў, слоў, выказванняў), акцэнталагічныя (правільная пастаноўка націску ў слове і ў спалучэннях слоў), лексічныя (правільны выбар слова для адпаведнага паняцця і для пэўнага кантэксту), марфалагічныя (правільнае ўтварэнне і ўжыванне словаформ) , сінтаксічныя (правільнае спалучэнне слоў і пабудова сказаў у адпаведнасці з правіламі літаратурнай мовы).

Беларускія літаратурныя арфаэпічныя нормы грунтуюцца на вызначаных прынцыпах вымаўлення як асобных гукаў, так і іх спалучэнняў у межах слоў і на стыку апошніх. Напрыклад, у адрозненне ад літаратурных норм суседняй блізкароднаснай рускай мовы такі гук беларускай мовы, як ч вымаўляецца толькі цвёрда (у рускай мове – толькі мякка), гук р у беларускай мове толькі цвёрды, а ў рускай мове можы быць і цвёрдым, і мяккім; у канцы слоў беларускія губныя зычныя п, б, м вымаўляюцца толькі цвёрда, а ў рускай мове – толькі мякка (параўн.: голуб і голубь, насып і насыпь, сем і семь і да т.п.). Для беларускай літаратурнай мовы характэрны больш запаволены тэмп маўлення (гл.: Фанетыка 1983, 51 – 52) і больш выразнае вымаўленне націскных і ненаціскных галосных, чым у рускай мове, і многа іншых асаблівасцяў, засведчаных у спецыяльных працах (гл.: Янкоўскі 1966, 13 – 14).

Акцэнталагічныя нормы заснаваны на правільнай пастаноўцы націску ў слове, які служыць адначасова і фанетычнай прыкметай слова ва ўсіх мовах свету (Гумбольдт 1984, 344). Неправільная пастаноўка націску сведчыць пра недастатковую або нават нізкую культуру маўлення чалавека (параўн. неправільнае вымаўленне слоў: *кілóметр, *магáзін, *дакýмент, *адзíнаццаць і інш замест правільных норм вымаўлення кіламéтр, магазíн, дакумéнт, адзінáццаць і інш.). Складанасць акцэнталагічных норм беларускай мовы, гэтаксама як і ў рускай, палягае ў тым, што ў адрозненне ад некаторых іншых моў, дзе націск замацаваны за пэўным складам (напрыклад, у чэшскай мове – на першым складзе, у польскай – на перадапошнім, у франнцузскай – на апошнім), націск з‘яўляецца рухомым і можа служыць як для адрознення граматычных форм аднаго слова (параўн.: гýбы – губы, у першым выпадку назоўны склон множнага ліку слова губа, у другім – родны склон адзіночнага ліку прыведзенага слова), так і лексічных значэнняў слоў (параўн.: бýйны ‘неспакойны, дзёрзкі’ і буйны ‘выдатны, значны’ і інш.). Тым не менш, літаратурныя нормы беларускай мовы для некаторых слоў дапускаюць варыянтны націск (жыхар і жыхáр, лáскавы і ласкáвы, надáлей і надалéй і інш). Фактычна ўсе слоўнікі беларускай мовы прыводзяць лексемы з неабходнымі акцэнтнымі прыкметамі, якія трэба лічыць нарматыўнымі, правільнымі.

Марфалагічныя нормы беларускай мовы, згодна з якімі ўтвараюцца розныя формы зыходнага слова, з‘яўляюцца больш стабільнымі, чым акцэнталагічныя, але таксама могуць парушацца недасведчанымі асобамі, людзьмі з нізкай моўнай культурай, а таксама пад уплывам рускай мовы ці дыялектаў беларускай мовы нават адукаванымі носьбітамі мовы. Так, для беларускай літаратурнай мовы ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду назоўнікаў вызначаюцца правілы вымаўлення (напісання) ці канчатак –а, ці канчатак –у (у прыватнасці канчатак –а характэрны для канкрэтных назоўнікаў тыпу стала, дуба, алоўка і да т.п., а таксама назваў жывых істот, найменняў устаноў, прамежкаў часу, адзінак вымярэння і інш., а канчатак –у для абстрактных назоўнікаў тыпу розуму, характару, ідэалу і да т.п., а таксама для найменняў рэчываў, месца, памеру, навуковых тэорый і інш.; гл.: Беларуская граматыка 1985, 71 – 78).

Сінтаксічныя нормы рэгулююць правільнае спалучэнне лексем у словазлучэнні, у сказы і вынікаюць як з граматычных асаблівасцяў асобных беларускіх слоў, так і з прыдатных беларускай мове мадэляў словазлучэнняў і сказаў. Напрыклад, у беларускай мове дзеяслоў дзякаваць спалучаецца з субстантывамі ў давальным склоне (дзякаваць сябру, дзякаваць дзяўчыне і да т.п.), у той час як рускі адпаведнік благодарить – з назоўнікамі ў вінавальным склоне. Безасабовыя пасіўныя канструкцыі характэрны ў беларускай літаратурнай мове для неадушаўлёных назоўнікаў (параўн.: Ветрам зваліла альху і да т.п.), але не характэрны для адушаўлёных прадметаў (параўн.: неправільна *Лесніком зваліла альху і інш.).

Адэкватны выбар слоў для пэўных сітуацый і кантэкстаў рэгулюецца лексічнымі нормамі, якія, аднак, з‘яўляюцца менш стабільнымі і распрацаванымі, чым іншыя нормы, бо грунтуюцца не на фармальных падставах, а на тонкіх семантычных і стылістычных адценнях слоў. Нельга, напрыклад, спалучаць рознастылёвую лексіку (параўн.: *кагорта мужыкоў, * сенатары раўлі і да т.п недарэчна ўжываць русізмы ў беларускай літаратурнай мове (параўн.: *недахват кармоў, правільна недахоп кармоў і да т.п.).