Жанры навуковай літаратуры (артыкул, даклад, рэферат, анатацыя, рэзюмэ); агульныя патрабаванні да іх напісання і афармлення

Жанры навуковай літаратуры з’яўляюцца даволі разнастайнымі: тэзісы, анатацыя, рэферат, артыкул, манаграфія, дысертацыйныя працы, зборнікі, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, спецыяльныя даведнікі, у тым ліку энцыклапедычныя, шматлікія слоўнікі (тлумачальныя, перакладныя, граматычныя і інш.) і г.д.

Рэферат - гэта сціслая перадача асноўнага зместу навуковай адзінкі: кнігі, тэмы, артыкула, працы. Рэферат лічыцца пісьмовай формай разгортвання думкі, але пажадана пры падрыхтоўцы выкарыстоўваць некалькі літаратурных крыніц, выказваць свае ўласныя меркаванні і адносіны да асвятляемай праблемы. Рэфератам называюць яшчэ і даклад, які рыхтуецца на аснове ўражанняў ад прачытанага: кніг, артыкулаў, публікацый і інш. Можна падрыхтаваць і агучыць даклад на аснове пісьмовага рэферата, улічваючы асабісты вопыт, уласныя погляды.

Да навуковага стылю адносіцца і такі сціслы жанр, як анатацыя, якая змяшчаецца ў пачатку або ў канцы кнігі і з’яўляецца каштоўнай крыніцай інфармацыі для чытача.

Анатацыя — кароткі выклад зместу і яго характарыстыка. Такі від пісьмовай працы звычайна дае ўяўленне пра змест кнігі, характарызуе яго, а таксама можа паведамляць пра аўтара, час напісання, эпоху і г. д.

Выкладанню зместу або сутнасці працы, прамовы (навуковай, грамадскай) прысвечана і рэзюме. Яно абазначае яшчэ і кароткі вывад са сказанага, падагульненне, заключэнне. У сучасны момант выкарыстанне гэтага паняцця пашыраецца не толькі ў навуковым маўленні, але і ў іншых напрамках. Гэтым тэрмінам называюць у справавых або прафесійных зносінах аўтабіяграфію, таму што яна ўяўляе сабой своеасаблівае падагульненне дзейнасці чалавека. Выкарыстоўваюць і тады, калі неабходна падвесці вынік, зрабіць важны вывад.

Навуковыя працы афармляюцца па выпрацаваных стандартах, строга ўпарадкаваны і структурыраваны, часта суправаджаюцца рэзюме, анатацыямі, нярэдка рэцэнзіруюцца і рэферыруюцца (звычайна манаграфічныя выданні), складаюць асноўны фонд бібліятэк спецыяльных устаноў (ВНУ, акадэмічныя інстытуты і інш.). З усіх стыляў літаратурнай мовы навуковы з‘яўляецца найбольш міжнародным па свайму характару, бо грунтуецца на параграфемах і на лексіцы інтэрнацыянальнага паходжання (прынамсі, у еўрапейскіх краінах).

Кампазіцыя пісьмовага навуковага тэксту. Цытаты і спасылкі, іх афармленне (гл. §§ 62, 64, 65, 66)*.

Цытаты і правілы іх афармлення. Цытата - даслоўная вытрымка з якога-небудзь выказвання, кнігі ці дакумента, якая выкарыстоўваецца для пацвярджэння думкі або ілюстрацыі. Цытаты могуць афармляцца як простая і як ускосная мова.

Калі цытата суправаждаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова, і бярэцца ў двукоссе: Кандрату Кандратавічу Крапіве належаць словы: “Гарачай любоўю ўзнагароджвае народ таго, хо, пачынаючы з першых дзён свайго свядомага жыцця, назаўсёды звязаў свой лёс с лёсам народа, хто на працягу амаль паўстагоддзя аддае народу лепшыя парывы свайго сэрца, усе свае сілы і свой вялікі талент”.

Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа (або як даданы сказ), яна пачынаецца з малой літары і бярэцца ў двукоссе: Кандрат Крапіва быў катэгарычна не згодны з тымі людзьмі, якія “….. прапануюць дзеля прастаты або зручнасці выкладання ліквідаваць тыя ці іншыя асаблівасці беларускай мовы”. Шматкроп'е ставіцца на месцы пропуску слоў і выразаў у цытаце.

Вершаваныя цытаты, а таксама эпіграф, запісаныя слупком, у двукоссе не бяруцца.

Пры цытатах заўсёды даецца спасылка на аўтара і яго твор або толькі на аўтара. Яна звычайна размяшчаецца пасля цытаты ў дужках або ў зносцы.

Спасылкi афармляюцца ў выглядзе бібліяграфіі і складаюць прэсупазіцыйны фон дадзеных тэкстаў, надаюць ім даставернасць, інфармацыйную насычанасць, а аўтарам тэкстаў – неабходную кампетэнтнасць, эрудыцыю і кваліфікаванасць.