Этапы выканання курсавой працы

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

ІНСТЫТУТ ЖУРНАЛІСТЫКІ

 

Кафедра стылістыкі і літаратурнага рэдагавання

 

КУРСАВЫЯ ПРАЦЫ ПА СТЫЛІСТЫЦЫ

 

Вучэбна-метадычны дапаможнік
для студэнтаў факультэта журналістыкі

 

 

Складальнікі:

Г. І. Басава, В. І. Дзесюкевіч, М. П. Цыбульская

 

Мінск 2009


ЗМЕСТ

 

Агульная характарыстыка працы 3

Этапы выканання курсавой працы 4

Структура працы (рубрыкацыя) 5

Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў 7

Курсавая праца па стылістыцы 8

Лексікаграфічныя крыніцы (слоўнікі і даведнікі) 10

Тэматыка курсавых прац па стылістыцы 17

Афармленне курсавых прац 50

Дадатак 1 53

Спіс выкарыстанай літаратуры 54

 


Агульная характарыстыка працы

 

У сучасную эпоху, эпоху глабальнай палітычнай, эканамічнай і культурнай інтэграцыі планеты, назіраецца перагляд як зместу, так і ролі адукацыі ў грамадстве. Адной з галоўных задач вышэйшай школы з’яўляецца павышэнне ўзроўню ведаў студэнтаў, выхаванне ў іх самастойнасці, творчага падыходу ў авалоданні навыкамі, фарміраванне навыкаў даследчай працы. У выкананні гэтай задачы значная роля адводзіцца такім яе формам працы, як курсавыя і дыпломныя працы, якія спалучаюць у сабе навучальны і навукова-даследчы складнікі.

Мэта курсавой працы – навучыць студэнтаў самастойна назіраць як за пэўнымі з’явамі, так і аналізаваць, тэарэтычна абагульняць адпаведны фактычны матэрыял, працаваць з навуковай літаратурай. Курсавая праца служыць праверкай умення выкарыстоўваць атрыманыя веды для вырашэння пэўнай навуковай задачы, выяўляе творчыя здольнасці студэнтаў.

На факультэце журналістыкі курсавая праца выконваецца студэнтамі дзённай і завочнай формаў навучання на ІІ, ІІІ і ІV курсах. Яна з’яўляецца самастойным навуковым даследаваннем тэкстаў масавай камунікацыі, у якім студэнт павінен прадэманстраваць тэарэтычныя веды, атрыманыя на факультэце журналістыкі падчас вывучэння як спецыяльных, так і агульнаадукацыйных дысцыплін. Акрамя таго, курсавая праца – адзін са шляхоў выпрацоўкі ў студэнтаў уменняў і навыкаў: вывучаць навуковую літаратуру, рабіць навуковыя назіранні, лагічна і паслядоўна выкладаць думкі ў пісьмовай форме, рабіць вывады і абагульненні, складаць спіс літаратуры, афармляць працу ў адпаведнасці з існуючымі стандартамі (правіламі і патрабаваннямі).

Курсавая праца павінна адпавядаць усім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да навуковых тэкстаў. Падчас выканання курсавой працы студэнт павінен:

ü абгрунтаваць актуальнасць, навізну і практычную значнасць праблемы ;

ü дакладна вызначыць аб’ект і прадмет даследавання;

ü прадэманстраваць валоданне паняційным апаратам;

ü правесці аналіз тэкстаў ў аспекце заяўленай тэмы даследавання;

ü рэалізаваць мэту і задачы даследавання, пастаўленыя ў пачатку работы;

ü выявіць культуру навуковага выкладу тэарэтычнага і фактычнага матэрыялу;

ü зрабіць вывады, падагульненні вынікаў даследавання.

Курсавая праца павінна быць вытрымана ў навуковым стылі, што мае на ўвазе наяўнасць спецыяльнай тэрміналагізаванай лексікі; мінімальную ступень праяўлення асобаснага пачатку ў тэксце (абмежаванне выкарыстання эмацыянальна-ацэначнай лексікі, экспрэсіўнага сінтаксісу і інш.), лагічнасць выкладання. У працэсе работы неабходна карыстацца навуковай літаратурай і слоўнікамі.

Крытэрыямі ацэнкі курсавой працы з’яўляецца актуальнасць выбранай тэмы, глыбіня асваення матэрыялу, якасць падбору і выкарыстання крыніц, ступень самастойнасці вывадаў, агульная культура выкладу. Павінна быць праведзена грунтоўная праўка-вычытка. Наяўнасць арфаграфічных, пунктуацыйных і стылістычных памылак прыводзіць да зніжэння адзнакі.

 

Этапы выканання курсавой працы

 

Спачатку студэнту неабходна выбраць тэму даследавання з прапанаванага спісу тэм (удакладненне і змена тэмы курсавой работы адбываецца толькі са згоды навуковага кіраўніка і загадчыка кафедры). Калі тэма, якая цікавіць студэнта, не адлюстравана ў спісе, неабходна звярнуцца з гэтым пытаннем да выкладчыка кафедры, які дапаможа сфармуляваць яе так, каб яна адпавядала праблематыцы кафедры.

Тэма курсавой працы не павінна быць вельмі шырокай і павінна адлюстроўваць прадмет даследавання (што аналізуецца) і аб’ект даследавання (дзе аналізуецца).

Пасля таго, як студэнт вызначыцца з тэмай, яму неабходна скласці бібліяграфічны спіс, размеркаваць яго па ступені прыярытэтнасці, асабліва вылучаючы тую літаратуру, якая ў далейшым будзе выкарыстана непасрэдна для напісання курсавой працы. Гэтыя навуковыя працы павінны быць прааналізаваны студэнтам. У бібліяграфічны спіс студэнт павінен уключыць:

а) навуковыя працы, якія непасрэдна тычацца тэмы даследавання;

б) літаратуру, звязаную з функцыянаваннем сродкаў масавай камунікацыі. У спіс можна ўвесці навуковую літаратуру міждысцыплінарнага характару (па журналістыцы, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі і інш.), неабходную для раскрыцця тэмы даследавання.

Пасля вывучэння навуковай літаратуры студэнт можа прыступаць да эмпірычных даследаванняў, гэта значыць непасрэдна да вывучэння тэкстаў абранага сродку масавай камунікацыі. Работа над курсавой працай прадугледжвае стварэнне не толькі бібліяграфічнай картатэкі, але і картатэкі прыкладаў. Прыклад павінен уяўляць сабой асобнае слова ці словазлучэнне, а таксама кантэкст ужывання – адзін ці некалькі сказаў, якія дазволяць раскрыць асаблівасці разглядаемага эмпірычнага матэрыялу. Прыклады, упарадкаваныя і дакладна пранумараваныя, могуць скласці дадатак (дадаткі) курсавой працы. Калі іх некалькі, то неабходна пранумараваць і ўключыць у змест курсавой працы.

 

Структура працы (рубрыкацыя)

 

Неабходным этапам даследавання з’яўляецца складанне разгорнутага плана, які раскрывае змест працы, яе сутнасць і структурнае адзінства. Дэталёвы, прадуманы план адлюстроўвае сістэму і паслядоўнасць у выкладзе матэрыялу, канкрэтызуе напрамкі даследавання, аб’ядноўвае сузалежныя часткі, якія дапаўняюць, узаемаабумоўліваюць ход і логіку разважанняў.

Першапачатковы план курсавой працы акрэсліваецца падчас знаёмства з літаратурай па тэме і класіфікацыі фактычнага матэрыялу. Канчатковы варыянт плана ўдакладняецца/выяўляецца падчас напісання чарнавога варыянта. Неабходна памятаць, што фармулёўка назвы глаў, раздзелаў, параграфаў з’яўляецца сэнсавым ядром даследаванай з’явы. Назва дэманструе як аўтаномнасць, лагічную завершанасць кожнай часткі, так і яе суаднесенасць са зместам усяго даследавання.

Структурызацыю, рубрыкацыю прынята адлюстроўваць не толькі ў плане, але і ў змесце працы.

Курсавая праца традыцыйна складаецца з уступу, дзвюх (ці больш) глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры, спісу выкарыстаных крыніц і бібліяграфічнага спісу. Работа можа змяшчаць дадаткі.

Работа пачынаецца з напісання УСТУПУ, у якім аўтар:

· аргументуе выбар тэмы даследавання, адзначаючы актуальнасць і практычную значнасць працы;

· аргументуе выбар крыніцы (СМІ, твор мастацкай літаратуры і інш.) і дае яе характарыстыку;

· фармулюе мэты і задачы даследавання.

Акрамя таго, уступ можа ўключаць агляд навуковай літаратуры па абранай тэме даследавання.

Асноўны змест курсавой працы складае аналіз і ацэнка сабранага і прыведзенага ў сістэму фактычнага матэрыялу, выяўленне характэрнага і спецыфічнага ў ім. Назіранні, разважанні аўтара прыводзяць да абагульненняў, вывадаў. Абгрунтаванымі, доказнымі з’яўляюцца тыя высновы, якія вынікаюць з непасрэднага аналізу фактаў, пацвярджаюцца тыповымі, характэрнымі прыкладамі.

АСНОЎНАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ звычайна складаецца з дзвюх глаў. Магчымы два варыянты пабудовы асноўнай часткі. Пры першым варыянце асноўная частка работы дзеліцца на тэарэтычную і практычную главы, дзе тэарэтычная глава ўяўляе сабой рэфератыўны агляд прачытанай навуковай літаратуры па абранай тэме, а практычная – адпаведны аналіз эмперычнага матэрыялу, заснаваны на тэарэтычных палажэннях, апісаных у першай главе.

Другі варыянт прадугледжвае такую кампазіцыю працы, пры якой няма дакладнага дзялення на тэарэтычную і практычную главы. У межах кожнай з глаў спачатку апісваюцца тэарэтычныя палажэнні, а затым яны выкарыстоўваюцца пры аналізе прыкладаў з канкрэтных сродкаў масавай камунікацыі ці твораў мастацкай літаратуры. Менавіта ў гэтым выпадку трэба будзе правесці рубрыкацыю працы.

Курсавая праца павінна мець кальцавую кампазіцыю, гэта значыць у ЗАКЛЮЧЭННІ неабходна з улікам мэт і задач, сфармуляваных ва УСТУПЕ, зрабіць вывады па кожнай з глаў, абагульніць вынікі даследавання і, калі дазваляе матэрыял, даць практычныя рэкамендацыі, якія маглі б быць выкарыстаны ў журналісцкай дзейнасці.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ ўключае толькі тыя навуковыя і даведачныя выданні (манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, навуковыя артыкулы, слоўнікі і інш.), на якія былі зроблены спасылкі ў курсавой працы.

У БІБЛІЯГРАФІЮ ўключаюцца спіс выкарыстанай літаратуры, а таксама тыя навуковыя і даведачныя выданні, якія былі прачытаны аўтарам пры падрыхтоўцы курсвой працы, але не цытаваліся ў самім даследаванні.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ павінен уяўляць сабой пералік тых тэкстаў масавай камунікацыі ці твораў мастацкай літаратуры, якія былі прааналізаваны ў курсавой працы. (Узор афармлення спісаў гл. п.4).