і культурна-цывілізацыйным працэсе сярэднявечча

Фарміраванне беларускага этнасу. Месца і роля

Беларускай культуры ў духоўным жыцці ўсходніх славян

і культурна-цывілізацыйным працэсе сярэднявечча

1. Эканамічныя і палітычныя фактары кансалідацыі беларускага этнасу. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага народа і назвы “Белая Русь”.

2. Культура ўсходніх славян у раннім сярэднявеччы. Прыняццее хрысціянства і распаўсюджванне новых форм духоўнага жыцця і культуры.

3. Асаблівасці развіцця культуры беларускіх зямель у складзе ВКЛ. Ідэі еўрапейскага Рэнесансу і дзеячы беларускага Адраджэння.

4. Архітэктура і мастацтва Беларусі у X–XVI стст.: тэндэнцыі развіцця, стылі, помнікі.

 

Этнас (народ) – супольнасць людзей, гістарычна аб’яднаных агульнасцю тэрыторыі, гаспадарчага жыцця, эканамічных сувязей, мовы, асаблівасцямі культуры і характару.

Этнагенез – працэс зараджэння, станаўлення і развіцця этнасу.

Асноўныя формы этнасу – племя, народнасць, нацыя.

Народнасць – форма супольнасці людзей, якая склалася гістарычна. Як прыкметы: адзіная тэрыторыя, мова, самасвядомасць, наяўнасць асаблівых рыс характару і культуры, трывалыя эканамічныя ўзаемасувязі.

Беларуская народнасць – гістарычная супольнасць феадальнага тыпу эпохі сярэднявечча, якая фарміравалася ў XIII–XVI стст. у складзе ВКЛ.

Грамадска-палітычныя фактары фарміравання беларускай народнасці:

– знаходжанне беларускіх зямель у складзе ВКЛ і ўдзел беларусаў у яго развіцці;

– дзяржаўны стан старабеларускай мовы і пісьменнасці ў ВКЛ;

– пераадоленне ўдзельнай раздробленасці зямель у рамках адзінай дзяржавы;

– цэнтралізацыя зямель, усталяванне аднастайных прававых норм і форм кіравання, пераўтварэнне ВКЛ у адну з самых магутных дзяржаў у Еўропе.

Сацыяльна-эканамічныя ўмовы фарміравання беларускай народнасці:

– прагрэс у сельскай гаспадарцы і рамястве ў беларускіх землях у XIV–XVI стст.;

– паступовае разбурэнне натуральнага характару сельскай гаспадркі, пашырэнне сувязей паміж горадам і вёскай;

– складванне рынкаў вакол буйных гарадоў;

– усталяванне агульных рыс гаспадарчай дзейнасці беларускага насельніцтва;

– фарміраванне саслоўнай структуры грамадства ВКЛ.

У асноўным этнагенез беларусаў адбываўся на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, Сярэдняга Падзвіння, Панямоння, Пабужжа і Прыпяцкага Палесся. Ён ахопліваў землі, якія пераўзыходзяць сучасную Беларусь на особных тэрыторыях сучаснай Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі (Вільня, Даўгаўпілс, Беласток, Бяла Падляска, Смаленск).

У XIV ст. ужо акрэслілася новая моўная сістэма насельніцтва на названых землях, якая сталявалася на старажытнай усходнеславянскай мове Панямоння і Падняпроўя. У перыяд XIV–XV стст. у асноўным сфарміраваліся знешнія абрысы этнічнай тэрыторыі беларусаў. Яе жыхары пачынаюць вылучаць сябе сярод другіх праз саманазвы: “ліцвіны” – жыхары Вярхняга Панямоння (Гродзенская вобл.). “Русіны” – жыхары Падзвіння і Падняпроўя (Віцебская, Магілёўская вобл.) у IV–XV стст. “Беларусцы” – жыхары Падзвіння і Падняпроўя (Віцебская, Магілёўская вобл.) у канцы XVI – пач. XVII ст. “Паляшукі” – жыхары Палесся (Брэсцкая і Гомельская вобл.) у XVI–XVII стст.

У XVI ст. працэс фарміравання беларускай народнасці ў асноўным завяршыўся. Паходжанне назвы “Белая Русь” кончаткова не высветлена. Аднак вядома, што ўзнікла яна ў XII ст. у адносінах да Уладзіміра-Суздальскага княства. Яе замацаванне за землямі сучаснай Беларусі пачалося з Полацка-Віцебскай зямлі і працягвалася яшчэ і ў ХХ ст.

На этнічных беларускіх землях у розныя часы сяліліся іншыя этнічныя групы: заходнеславянскія (палякі), балцкія (прусы, яцвягі, літоўцы, жамойты, латгалы), цюркскія (татары). Пражывалі таксама невялікія групы цыганаў, караімаў, шатландцаў, французаў, немцаў. Уплыў на мову, культуру, рэлігію беларускага насельніцтва аказвалі рускія і украінскія перасяленцы. Сацыяльна-эканамічная гісторыя беларускіх зямель у многім звязана з яўрэйскім і татарскім насельніцтвам, якія дастаткова шырока рассяліліся тут у XIV–XV стст.

Адназначнага адказу аб паходжанні беларускага этнасу і аб яго каранях у гістарычнай навуцы няма. З моманту зараджэння беларусазнаўства і да сённяшняга часу аформілася некалькі канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну.

У ХІХ ст. з’явіліся польская і вялікаруская канцэпцыі. Прыхільнікі польскай (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай, а беларусаў – часткай польскага этнасу. У сваю чаргу А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш. сцвярджалі, што беларуская мова – дыялект рускай, а Беларусь – частка вялікарускай тэрыторыі. Аднак выдатны даследчык Я. Карскі даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай усходнеславянскай моўнай сістэмай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя (В. Ластоўскі і інш.), якая заснавана на ўяўленні аб крывічах як продках беларусаў. Яе памылковасць заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку сучаснай Беларусі і зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі беларусы як этнас яшчэ не сфарміраваліся.

Вядомыя беларскія навкоўцы Я. Карскі, У. Пічэта, М. Грынблат, М. Доўнар-Запольскі аднеслі да продкаў беларусаў акрамя крывічоў таксама дрыгавічоў і радзімічаў – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая канцэпцыя, якая таксама не ўлічвае факт, што агульнабеларускі этнічны комплекс сфарміраваўся пазней.

Папулярнай выступае і балцкая канцэпцыя, аўтар якой В. Сядоў лічыць, што основа беларусаў закладзена ў працэсе змешвання балтаў з славянамі. Аднак балты з’явіліся продкамі не непасрэдна беларусаў, а крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фіна-угорская канцэпцыя (І. Ласкоў), у адпаведнасці з якой продкамі беларусаў з’яўляюцца фіны. Але фіны пражывалі на змлях Беларусі у глыбокай старажытнасці і былі асіміляваны не славянамі, а яшчэ балтамі.

Спрэчнай з’яўляецца і старажытнаруская канцэпцыя. Яе тэарэтыкі М. Каяловіч, С. Токараў, Карнейчык лічаць у ІХ–Х ст. сфарміравалася агульная для ўсіх усходніх славян старажытнаруская народнасць, на базе якой пасля распаду утварыліся тры новыя роднасныя народнасці – руская, украінская, беларуская. Хаця дадзеная канцэпцыя мае пад сабою значны навуковы грунт, аднак не дае адказу на шматлікія пытанні. Безумоўнымі толькі застаюцца моманты выпрацоўкі ў старажытнарускі перыяд агульных рыс культуры, старажытнарускай мовы, збліжэння усходніх славян на базе адзінай праваслаўнай веры.

У пачатку 1990-х гг. новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў М. Піліпенка. Згодна з яго канцэпцыяй этнагенез беларусаў выглядае наступным чынам.

І этап: змешванне усходніх славян з балтамі і фармірованне крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў (ІХ–Х стст.).

ІІ этап: кансалідацыя крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў разам з другімі усходнеславянскімі супольнасцямі у агульнаславянскую старажытную супольнасць з тэрытарыяльнай назвай “Русь”, этнічнай – “русы”, “русічы”, “русіны”, “рускія”. Этнічная тэрыторыя Русі не была аднастайнай і мела лакальныя асаблівасці мовы і культуры. На тэрыторыі сучаснай Беларусі выдзяляліся ў межах Русі 2-е дыялектна-этнаграфічныя зоны – папрыпяцка-палеская і падзвінска-дняпроўская. Акрамя агульнай назвы “Русь” за імі замацаваліся назвы “Палессе” і “Белая Русь”. У гэтых зонах ішло фарміраванне палешукоў і старажытных беларусаў як непасрэдных продкаў беларусцаў (ХІІ–ХІІІ стст.).

ІІІ этап: згуртаванне, узаемапранікненне палешукоў і старажытных беларусцаў з аднаго боку і іх змешванне з польскім, балцкім, цюркскім насельніцтвам з другого прыводзіць да станаўлення комплексу беларускай культуры (XIV–XVI стст.).

 

Кожны этнас вызначаецца асаблівасцямі гаспадарчага і грамадскага побыту, формамі матэрыяльнай і духоўнай культуры. Яны праяўляюцца ў тыпах жылля і яго ўнутраным аздабленні, адзенні і гатаванні ежы, абрадах і звычаях, фальклоры, прыкладным і музычным мастацтве. Усё гэта звязваецца паняццем народнай ці традыцыйнай культуры.

Традыцыйная аснова культуры беларусаў апасрэдавана рэлігійна-міфалагічным светапоглядам ўсходніх славян і іх верай у язычніцкіх багоў. Галоўнымі з гэтых багоў выступалі: Пярун – вярхоўны бог, бог грому, маланкі, навальніцы, вайсковых спраў; Вялес – бог жывёлагадоўлі і багацця; Ярыла – бог веснавой урадлівасці і плоднасці жывёлы; Сварог – бог неба; Дажбог – бог сонечнага свяціла; Хорс – бог сонца; Стрыбог – бог ветру; Макош – жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага і інш. Мастацкая калектыўная творчасць працоўнага народа знайшла адлюстраванне ў каляндарна- і сямейна-абрадавай паэзіі (калядныя, валачобныя, купальскія, восеньскія песні, галашэнні, песні хрэсьбінныя і песні вясельныя), а таксама ў апавядальных жанрах фальклору (быліны, казкі, паданні).

З канца Х ст. усходнеславянскія княствы прымаюць хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Найперш кіеўскія князі бачылі ў новай рэлігіі ідэалагічны сродак умацавання княжацкай улады. Аднак да прыняцця новай веры штурхалі і патрэбы пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў з хрысціянскімі краінамі і больш высокі культурны ўзровень гэтых краін.

Хрышчэнне усходніх славян адбываецца ў 988–992 гг. па грэка-праваслаўнаму ўсходнехрысціянскаму абраду, прынятаму з Візантыі. З гэтага моманту на працягу трох стагоддзяў ішоў працэс хрысціянізацыі – прыняцця насельніцтвам хрысціянскага светапогляду і новых форм культурнага жыцця. Асаблівасцямі хрысціянізацыі беларускіх зямель сталі злучэнне хрысціянства з язычніцтвам, спалучэнне двух ментальнасцей – двухвер’е. У культуры беларусаў захоўваліся шматлікія язычніцкія традыцыі (святкаванне Дзядоў, Радаўніцы, Каляд, Масленіцы, Купалля; захаванне абрадаў гукання вясны, валачобніцтва, купалля, замовы, праклёны, засцерагальныя дзеянні ад стыхійных нагод; гісторыі пра русалак, лесавікоў, чарцей, ведзьмаў).

Часам у барацьбе з язычніцтвам хрысціянская царква праводзіла знішчальныя аперацыі разам з якімі адышлі ў нябыт і багатыя пласты старажытнабеларускай даўніны. У цэлым жа гэта быў крок наперад у гістарычным развіцці. Хрысціянская рэлігія садзейнічала наступным пераменам:

У сферы грамадскага жыцця – замацаванне манагамнай сям’і; умацаванне дзяржаўнасці; пашырэнне міжнародных сувязей; паскарэнне развіцця гарадоў; змена прававой свядомасці; фарміраванне гістарычнай самасвядомасці.

У сферы духоўна-культурнага жыцця – з’яўленне маралі, заснаванай на любві да бліжняга чалавека; уздым пісьменнасці; распаўсюджванне кніжнай культуры; развіццё хрысціянскага асветніцтва і багаслоўя.

У сферы мастацтва – станаўленне арыгінальнай рэлігійнай літаратуры (“жыціе” – агіяграфія, словы, малітвы, павучанні і г.д.); з’яўленне мураванага дойлідства і культавай архітэктуры; іканапіс; мастацтва фрэскі і смальтавых мазаік; рэлігійныя песнапенні (харалы); летапісанне.

Напачатку працэс хрысціянізацыі на землях Беларусі праводзілі грэчаскія і балгарскія хрысціянскія асветнікі, якія былі першымі епіскапамі і манахамі. Аднак хутка сфарміравалася цэлая плеяда таленавітых усходнеславянскіх асветнікаў. Іх намаганнямі закладваліся новыя манастыры пры якіх адкрываліся школы, развіваліся рамёствы, вялося перапісванне кніг. Самыя першыя манастыры былі адкрыты у землях Тураўскай (Лешчанскі мужчынскі каля Пінска, Барысаглебскі мужчынскі і Варварынскі жаночы каля Турава) і Полацкай (Барысаглебскі і Багародзіцкі мужчынскія і жаночы ў в. Сяльцо каля г. Полацка). Рэлігійна-асветніцкую дзейнасць у ХІІ ст. вялі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі (~1113 – пасля 1190), Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Культурнымі помнікамі гэтай духоўнай дзейнасці з’яўляюцца Тураўскае евангелле (самая ранняя рукапісная царкоўная кніга на Беларусі, ХІ ст.), “Словы” Кірылы Тураўскага (усяго 8 слоў, 3 прытчы, 30 малітваў, каноны), “Жыціе і хаджэнне Ефрасінні Полацкай”, “Сказанне аб манаху Марціне”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” – помнікі агіяграфічнай літаратуры ХІІ–ХІІІ стст., “Аршанскае евангелле” (помнік канца ХІІ – пач. ХІІІ стст.). У гэты ж час з’яўляюцца летапісны звод палітычнай гісторыі ўсходніх славян “Аповесць мінулых гадоў” і помнік сярэдневяковай мастацкай літаратуры “Слова аб палку Ігаравым”, якія ў роўнай ступені выступаюць набыткам беларускай, украінскай і рускай культуры. Самымі вядомымі помнікамі прыкладнога мастацтва ХІІ–ХІІІ стст. з’яўляюцца каменны абразок з выявай св. Канстанціна і св. Алены знойдзены у Полацку, а таксама крыж, зроблены па заказе Ефрасінні Полацкай майстрам Лазарам Богшай для Спаскай царквы ў гонар хрысціянскага свята Узвіжання. Такім чынам, традыцыйная старажытная беларуская культура фарміравалася галоўным чынам у раннім сярэднявеччы. Яна абапіралася на язычніцкія пласты вуснай народнай творчасці і адаптацыю усходнехрысціянскіх праваслаўных форм цывілізацыйна-культурнага жыцця.

 

З другой паловы ХІІІ ст. на поўначы беларускіх зямель актывізуецца дзейнасць Лівонскага ордэна. Адначасова адчуваецца ўплыў на землі Беларусі заходнееўрапейскай культуры на адукацыю, будаўніцтва фартыфікацый, побыт гараджан.

Уваходжанне тэрыторыі Беларусі ў склад ВКЛ і фарміраванне беларускай народнасці суправаджалася далейшым развіццём усіх форм матэрыяльнай і духоўнай культуры. Выбар вялікімі князямі ВКЛ каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі прыводзіць да яго пашырэння на Беларусі. Беларуская культура развіваецца ў зоне кантакта дзвюх хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцтва і выпрацоўвае сваю спецыфіку, схільнасць да дыялогу, творчых займенняў і супрацоўніцтва.

XV–XVI стст. пазначаюцца ростам гарадского беларускага насельніцтва, хуткім развіццём новых рамёстваў і гандлю, кансалідацыяй шляхты, складваннем мяшчан, узрастаннем ролі і аўтарытэту адукацыі, наладжваннем пастаянных эканамічна-гандлёвых і культурных кантактаў з заходнееўрапейскімі гарадамі, найперш сталічнымі і культурнымі цэнтрамі. Гэта стала падставай для ўспрымання перадавых ідэй, іх культурнага засваення і распаўсюджвання. У XIV–XVI стст. у Італіі, а затым астатніх еўрапейскіх краінах фарміруюцца гуманістычныя традыцыі эпохі Рэнесансу (Адраджэння). Гэта была эпоха пераходу ад культуры Сярэднявечча да культуры Новага часу. Увага пераключаецца з Бога на чалавека, які разглядаецца як творчая і актыўная асоба з неабмежаванымі магчымасцямі ўдасканалення свайго розуму і разнастайных здольнасцей. Фактычна ствараецца новая свецкая культура, якая процістаўляецца царкоўна-феадальнай. Пераглядаюцца рэлігійныя вучэнні, мастацтва і навука выходзяць з-пад царкоўнай апекі, ідзе станаўленне нацыянальных моў і літаратур, фарміруецца патрыятызм.

Асноўным напрамкам Рэнесансу на Беларусі выступіла асветніцтва, якое грунтавалася на мясцовай традыцыі, закладзенай яшчэ Е. Полацкай, К Тураўскім. Спецыфічнай рысай рэнесансавай думкі стала сувязь гуманістычных ідэй з хрысціянствам – хрысціянскі гуманізм. Прадстаўнікамі гуманістычнага светапогляду былі Ф. Скарына, М. Гусоўскі, А. Волан, Васіль Цяпінскі, М. Літвін, Сымон Будны, А. Рымша, браты Зізаніі. Яны выказвалі думкі, што найвышэйшай каштоўнасцю для чалавека з’яўляецца свабода, выступалі супраць жорсткіх умоў прыгону і з прапановамі стварэння прававой дзяржавы.

Філасофскае абгрунтаванне гуманістычнага светапогляду зрабіў Ф. Скаорына, усходнеславянскі і беларускі першадрукар, навуковец, публіцыст, мастак і грамадскі дзеяч – ураджэнец Полацка. Вучыўся у Кракаўскім і Падуанскім (Італія) універсітэтах, атрымаў ступень бакалаўра, званні доктара медыцыны і доктара вызваленых (свабодных) навук. У 1517 г. у Празе першым сярод усходніх славян надрукаваў “Псалтыр”, затым яшчэ пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі, багата ілюстраваныя гравюрамі, арнаментаваныя застаўкамі, канцоўкамі. Да выдадзеных кніг Ф. Скарына пісаў прадмовы і пасляслоўі. У 1522 і 1525 гг. прадоўжыў сваю дзейнасць у Вільні, дзе выдаў “Малую падарожную кніжыцу” і “Апостал”.

У сваіх прадмовах Скарына пісаў аб важнасці распаўсюджвання пісьменнасці і ведаў, неабходнасці пастаяннага клопату аб разумным уладкаванні грамадства, маральным выхаванні чалавека, усталяванні годнага зямнога жыцця. У выданнях тэкстаў Скарына змяшчаў навуковыя звесткі. У “Малой падарожнай кніжыцы” ёсць звесткі па астраноміі, каляндары, беларускія назвы месяцаў, знакі Задыяка. У кананічныя тэксты ўключаліся элементы жывой гутарковай мовы. Можна сказаць, што наш першадрукар вылучыў у Бібліі найперш навукова-пазнавальную функцыю. Ф. Скарына стаў і пачынальнікам новага разумення патрыятызму як любві і павагі да своёй Радзімы.

Рэнесансава-гуманістычны светапогляд паўплываў на беларускую культуру. Ідзе станаўленне беларускай літаратуры, у ліку якой летапісы, блізкія да гістарычнай літаратуры: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”, свецкая лацінамоўная паэзія (М. Гусоўскі “Песня пра зубра”).З XV ст. на старабеларускую мову пачали перакладацца творы пісьменства іншых народаў.

Народная творчасць дэманструе станаўленне нацыянальна-патрыятычных пачуццяў. У песнях адлюстроўваецца гераічнае мінулае народа, яго барацьба з крыжакамі, татарамі. З’яўляюцца антыцаркоўныя і антыпрыгонніцкія казкі. Узнікае беларускі лялечны тэатр – батлейка.

У выяўленчым мастацтве з’яўляецца алтарная карціна і партрэтны жанр. Пачынаецца станаўленне філасофіі, батанікі, медыцыны. Адзначаюцца перамены ў паводзінах і маралі вышэйшых слаёў грамадства. Разгортваецца мецэнатства, стварэнне індывідуальных бібліятэк, мяняецца горадабудаўнічая практыка. Культурныя каштоўнасці беларускага народа былі ўкладам у агульнаеўрапескія дасягненні культуры эпохі Адраджэння.

 

Каменным летапісам гісторыі з’яўляецца архітэктура. Хрысціянская культура выпрацавала архітэктурныя формы культавага храма, якія ўвабралі ўяўленні чалавека аб Богу, зямным і нябесным жыцці, свяшчэннай гісторыі У Х–ХІІІ стст. у архітэктуры Заходняй Еўропы дамінаваў раманскі стыль культавага будынка (масіўнасць, строгасць, манументальнасць, крапасныя рысы). Візантыйская культура яшчэ ў VII–IX стст. выпрацавала тып усходнехрысціянскага праваслаўнага храма – крыжова-купальнай базілікі (у аснове планіроўка мае форму крыжа, а ў завяршэнні – купал).

Прыняцце хрысціянства усходнеславянскімі землямі суправаджалася зараджэннем каменна-цаглянага будаўніцтва. Пачалося ўзвядзенне сабораў, якія выконвалі не толькі рэлігійныя, але і грамадска-палітычныя функцыі. У іх знаходзіліся дзяржаўная казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен сабораў ладзіліся сходы гараджан.

На пачатковым этапе на землях старажытнай Русі засвойваліся візантыйскія архітэктурныя формы, якія потым перапрацоўваліся ў адпаведнасці са сваімі хрысціянскімі поглядамі і мясцовай традыцыяй. Склаўся стыль старажытнарускага праваслаўнага храма. У сярэдзіне ХІ ст. арцель візантыскіх будаўнікоў і архітэктараў узводзіць Сафійскі сабор у г. Полацку, які прадстаўляў тып крыжова-купальнага (7 купалаў) храма. Будаўнічым матэрыялам былі плітачная цэгла і брукаваны камень. Сцены ўнутры распісаны фрэскамі і ўпрыгожаны мазаікамі.

У ХІІ ст. у Віцебску грэчаскімі майстрамі-будаўнікамі была ўзведзена Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і была канчаткова разбурана ў 1961 г. у ходзе атэістычнага наступлення на рэлігію.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку склалася самабытная архітэктурная мясцовая школа, заснавальнікамі якой быў дойлід Іаан. Ён па заказу Е. Полацкай пабудаваў Спаса-Прэабражэнскую (Спаская, Спаса-Ефрасіньеўская), царкву, якая ўяўляла сабою новы тып будынка (вежападобны выгляд, какошнікі – як архітэктурная дэталь дэкаратыўнага прызначэння).

У прыгарадзе Полацка–Бельчыцах (загарадная рэзідэнцыя полацкіх князёў) у ХІІ–ХІІІ стст. былі пабудаваны Вялікі сабор, Пятніцкая і Барысаглебская царква, Манастырскі двор.У гэтых пабудовах праступалі рысы, што збліжалі іх з храмамі на Балканах і ў Афоне.

Свая архітэктурная школа ўзнікла у Гродне. У ХІІ ст. тут былі пабудаваны Барысаглебская (Каложская) царква, Крэпасныя вежы, Ніжняя царква,Царква Прачысценская. Сценкі Каложскага храма – гэта спалучэнне цаглянай кладкі чырвонага колеру з умураванымі рознакаляровымі керамічнымі пліткамі і паліраванымі камянямі. Для паляпшэння акустыкі ў сцены ўмуроўвалі збаны-галаснікі.

Помнікам абарончай пабудовы ХІІІ ст. стала Камянецкая вежа, “стоўп камен”, які па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча быў узведзены сярод драўляных рубленых умацаванняў надалёка каля Брэста (выкананы майстрам Алексам). Такія вежы-данжоны былі ў Гродне і Тураве. Яны паказвалі, што беларускае дойлідства засвоіла рысы раманскага стылю.

Накірункі развіцця архітэкруты ў XIV – сяр. XVI стст. былі вызначаны знешнепалітычным фактарам (наступ крыжакоў і набегі татар), распаўсюджваннем каталіцтва, атрыманнем гарадамі магдэбургскага права. У XIV ст. будуюцца замкі-кастэлі ў Навагрудку, Лідзе, Крэве, Віцебску, Гродне, якія прадстаўлялі раманскую архітэктуру сярэднявечча на Беларусі.

Для царкоўнага будаўніцтва XIV–XVI стст. характэрны пераход ад раманскага да гатычнага стылю (востраканечныя шпілепадобныя вежы, вузкія вокны, стральчатыя аркі). Помнікамі беларускай готыкі з’яўляюцца цэрквы-крэпасці: Сынкавіцкая (в. Сынкавічы Зэльвенскі р-н, Мураванкаўская ці Маламажэйкаўская (Шчучынскі р-н), Барысаглебская царквау Навагрудку, Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі.

Пасля Крэўскай уніі на заходніх землях Беларусі пашыраецца будаўніцтва касцёлаў. Сярод гатычных касцёлаў XV–XVI стст. трэба вылучыць Троіцкі касцел у в. Ішкалдзь (Баранавіцкі р-н), касцёл Святога Духа ў Гродне, Мікалаеўскі касцёл у в. Геранёны (Іўеўскі р-н), касцёл Святога Міхаіла ў в. Гнезна (Ваўкавыскі р-н).

Мясцовая архітэктурная традыцыя развівалася ў XV–XVI стст. на аснове творчага спалучэння беларускай готыкі з элементамі раманскага стылю і рысамі еўрапейскага архітэктурнага рэнесансу. У гэты перыяд мяняецца горадабудаўнічая практыка. Яна характарызуецца узвядзеннем масіўных гарадскіх сцен, увядзеннем промневай сістэмы вулічнай забудовы, з’яўленнем архітэктуры грамадзянскага прызначэння: ратушы, гасціныя і цэхавыя двары. Рост палітычнай вагі і багаццяў беларускай арыстакратычнай знаці суправаджаецца ўзвядзеннем палацава-замкавых ансамблей, сярод якіх велічнасцю і прыгажосцю адзначаліся пабудовы у Нясвіжы, Міры, Геранёнах, Смалянах. Выяўленчае мастацтва жывапісу ў сярэднявечнай рэлігійнай культуры знаходзілася ў сінтэзу з культавай архітэктурай, было звязана з пэўным храмам і вызначана царкоўным канонам (правіламі). У часы хрысціянізацыі яно было цалкам падначалена візантыйскаму іканапіснаму канону. У адпаведнасці з біблейскімі (евангельскімі) сюжэтамі сцены сабораў, алтароў распісваліся фрэскамі і ўпрыгожваліся мазаікамі. Сярод роспісаў Спаса-Ефрасіньеўскай царквы ў Полацку выявы Божай Маці, “Еўхарысція”, “Пакаянне Давыда”. У цэрквах у якасці прадмета культу і формы сімвалічнага далучэння да храсціянскай духоўнасці выкарыстоўваліся абразы-іконы візантыйскага і старажытнарускага паходжання. Беларуская іканапісная школа фарміруецца ў XIV–XV стст. Раннімі творамі гэтага жывапісу з’яўляюцца Абраз “Маці БожаяЗамілаванне” з в. Маларыта на Брэстчыне, і Абраз “Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская” (XVI ст.) з Варварынскай царквы ў Пінску. Абодва творы мастацтва належаць да візантыйскага стылю. Паступова пад ўплывам рэнесансава-гуманістычнага светапогляду беларускія іканапісцы пачынаюць адлюстроўваць дэталі паўсядзіннага жыцця чалавека, кананічная выява абразоў змяняецца паказам чалавечых пачуццяў. Найбольш яркай характарыстыкай беларускага іканапіснага стылю з’яўляецца ікона Параскевы–Пятніцы.

У касцёлах у XIV–XV стст. з’яўляюцца размаляваныя рознымі фарбамі драўляныя скульптуры, якія вызначаліся манументальнасцю і велічнасцю. Найбольш раннімі скульптурнымі выявамі XIV–XV стст. сталі – “Распяцце” (в. Галубовічы Віцебскай вобл.), і скульптура архангела Міхаіла (г.п. Шарашова Пружанскага р-на). Драўляная разьба выкарыстоўвалася і пры ўпрыгажэнні алтароў храмаў.

У XV ст. пачынае развівацца свецкі жывапіс, прадстаўлены партрэтамі гістарычных асоб, якія па манеры выканання нагадваюць творы майстроў эпохі Адраджэння. У XVI ст. партрэтны жанр сканцэнтраваны на адлюстраванні вобразаў знакамітых магнацкіх родаў. Гэтыя выявы атрымалі назву “Сармацкі” (рыцарскі) партрэт. Чалавек у такім творы адлюстроўваўся па схеме – у парадным адзенні, у акружэнні прадметаў, якія падкрэслівалі яго высокае грамадскае становішча.

Адным з накірункам развіцця выяўленчага мастацтва жывапісу была кніжная мініяцюра. Выдатныя ўзоры мастацкага афаомлення беларускай рукапіснай кнігі XIV–XV стст. прадстаўляюць Лаўрышаўскае, Друцкае, Жыровіцкае евангеллі. Радзівілаўскі летапіс (кан. XV ст.) ілюстраваны 618 мініяцюрамі.

Працэсы развіцця мастацкай культуры беларускіх зямель у X–XVI стст., помнікі архітэктурнага і выяўленчага мастацтва наглядна падцвярджаюць, што беларуская культура змагла засвоіць і самабытна перапрацаваць самыя высокія эстэтычна-мастацкія дасягненні Візантыі, Заходняй, Усходняй і Паўдневай Еўропы.