Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

Этнагенез і культура Беларусі Новага часу

 

1. Перадумовы і асаблівасці станаўлення беларускай буржуазнай нацыі у XVIII–XIX стст.

2. Ідэі эпохі Асветніцтва на Беларусі. Эвалюцыя сістэмы адукацыі і асветы.

3. Станаўленне беларусазнаўства і нацыянальнай літаратуры ў XIX – пачатку ХХ ст.

4. Архітэктура і мастацтва Беларусі XVIII – пачатку ХХ ст.

 

1. Этнічныя працэсы Новага часу прыводзяць да складвання буржуазных нацый. Фарміраванне беларускай нацыі разгортваецца ў XVIII–XIX стст. і цесна звязана з усталяваннем капіталістычных форм гаспадарання і складваннем новай структуры грамадства (паскораным пасля адмены прыгону). У гэтым стагоддзі адбывалася складванне і развіццё нацыянальнага рынку, станаўленне буржуазнай дэмакратыі, ішла міграцыя рабочай сілы, фарміравалася нацыянальная інтэлігенцыя і ўсталёваўся новы навуковы светапогляд (прыкметы станаўлення буржуазнай нацыі).

Асноўная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы пяці заходніх губерняў Расіі, дзе пражывала 5 млн. 408 тыс. беларусаў і 3,1 млн. (чалавек) – іншага насельніцтва. У Магілёўскай губерні беларусы складалі 82,4%, Мінскай – 76%, Віленскай – 56%, Гродзенскай – 44%. Абсалютная большасць (да 95%) беларусаў пражывала у сельскай мясцовасці і адносілася да сялянскага саслоўя. Сярод гаражан беларусы (па мове) складалі 14,5%. Беларускі этнас быў падзелены па веравызнанню на праваслаўных і католікаў. Пасля далучэння ўніятаў да дзяржаўнай праваслаўнай царквы колькасць праваслаўны беларусаў склала 81%. Беларусы-католікі пражывалі ў асноўным на Віленшчыне і Гродзеншчыне. У Мінскай і Віцебскай губернях іх колькасць дасягала 10%, у Магілёўскай – 2%.

Працэсы фарміравання беларускай нацыі былі дэфармаваны штучнай палітыкай царызму, у т. ліку культурнымі і эканамічнымі абмежаваннямі, ідэалогіяй заходне-русізму, стварэннем перашкоды для свабоднай міграцыі і тым сам штучнай мяжы вакол беларускіх гарадоў, што ўплывала на нацыянальны склад гарадскога насельніцтва, выклікала аграрную перанасяленасць, замаруджвала утварэнне класаў і слаёў буржуазнага грамадства.

Пасля адмены прыгону і пачатку палітычнай мадэрнізацыі паскараецца працэс афармлення класа буржуазіі і рабочых. У канцы XIX ст. на Беларусі налічвалася каля 460 тыс. наёмных рабочых, з якіх 59,4% былі беларусы.

Гандлёва-прамысловае самадзейнае насельніцтва, у асноўным вясковае, складала 290 тыс. (беларусы – 17%, рускія і палякі – па 10%, яўрэі – 60%,).

Гандлёва-прамысловая буржуазія была ў асноўным прадстаўлена яўрэйскімі купцамі і прамыслоўцамі – 84,5%, калі ж вылучыць буйную буржуазію, то ў 1897 г. ад яе агульнай колькасці беларусы складалі 2,7%, рускія – 15,8%, палякі – 32,4%, яўрэі – 44,7%.

Такім чынам на беларускіх землях у буржуазныя структуры актыўна ўключыўся іншы этнас, а беларусы па большасці пралетарызаваліся. Сацыяльна-эканамічнае развіццё горада праходзіла не на беларускай мове. Беларуская аграрная буржуазія абыякава ставілася да праблемы барацьбы за беларускую мову і культуру. Таму адзінай сацыяльнай апорай нацыянальнага руху магло выступіць сялянства, часткова дробная шляхта, а яго лідэрам інтэлігенцыя з ліку сялян, фарміраванню якой адкрылі дарогу рэформы 60–70-х гг. ХІХ ст.

2. Эпоха Новага часу непасрэдна звязана з ідэямі Асветніцтва, якія усталёўвалі культ навукі, розуму, свабоду асобы, ахову правоў чалавека, матэрыялізм і атэізм. У другой палове гэтыя ідэі распаўсюдзіліся на Беларусі і суіснавалі побач з ідэалогіяй Контррэфармацыі. Ідэйныя вытокі Асветніцтва залажылі прагрэсіўныя мысліўцы канца ХVII–пач. XVIII стст. К. Лышчынскі, Сімяон Полацкі, Ілья Капіевіч, Г. Каніскі, Л. Барановіч.

Прадстаўнікамі ранняга перыяду Асветніцтва сталі Б. Дабшэвіч, К. Нарбут, М. Пачобут-Адаляніцкі, якія выступілі за свабоду навуковай думкі. Пад іх уплывам ідзе пашырэнне свецкай адукацыі. Школьная рэформа Ш.Канарскага і дзейнасць Адукацыйнай камісіі, якія пахіснулі манаполію езуітаў у галіне асветы, пашырылі сферу грамадска-этычных і прыродазнаўчых навук. Віленская акадэмія становіцца навуковым цэнтрам Літвы і Беларусі. Важную навукова-асветніцкую ролю адыгрывае Гродзенская медыцынская школа, заснаваная Антоніем Тызенгаўзам (узначаліў французскі ўрач і натураліст Жылібер, мела прыродазнаўчы кабінет, аптуку, анатамічны тэатр і батанічны сад).

Свой уклад у лінію Асветніцкага вальнадумства, фарміраванне новых поглядаў на чалавека, грамадства, рэлігію ўнеслі такія мысліўцы як Карповіч, Яленскі, Ясінскі, Майман. Далейшая эвалюцыя сістэмы адукацыі была вызначана развіццём капіталістычных адносін, уздымам сацыяльнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы працоўных, ахоўнай самадзяржаўнай палітыкай.

Для ХІХ–пач. ХХ ст. былі характэрны:

– узмацненне дзяржаўнай падтрымкі і цэнралізацыі ў сістэме школьнай адукацыі, пашырэнне пераемнасці сувязяў у розных ступенях навучання;

– паступовае змяншэнне рэлігійнага уплыву на адукацыю, аслабленне царкоўнай манаполіі і павелічэнне ўплыву грамадства;

– пашырэнне народнай адукацыі, фарміраванне пачатковых сялянскіх школ і народых вучылішч розных тыпаў і ўзроўняў;

– пашырэнне жаночай асветы;

– перабудова праграм з улікам паглыблення грамадазнаўчых ведаў і агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі у адпаведнасці з навуковым светапоглядам, удасканаленне метадаў выкладання;

– стварэнне сеткі прафесійных тэхнічных вучылішч і сярэдніх навучальных устаноў. У 1914 г. на Беларусі дзейнічала 88 сярэдніх навучальных устаноў. Налічвалася 4 гандлева-прамысловых вучылішч, грамадская школа фельшараў і акушэрак, 7 настаўніцкіх семінарый.

З 1892 г. пачынаецца стварэнне бібліятэк пры народных школах, у т.л. бясплатных дзяржаўных і грамадскіх бібліятэк для ніжэйшых саслоўяў. У 1914 г. на Беларусі існавала 851 бібліятэкі розных відаў з кніжным фондам 423 тыс. экземпляраў. Буйнейшая – Мінская ім. Пушкіна (17 тыс. кніг).

Разам з тым, сістэма адукацыі і асветы не мела лагічнага завершэння, паколькі пасля закрыцця ўрадам Віленскага універсітэта і Горыцкага інстытута, вышэйшай навучальнай установы не існавала. Не былі поўнасцю ліквідаваны саслоўныя абмежаванні пры набыцці адукацыі, забаронена навучэнне на нацыянальнай мове, ставілася задача выхавання сярод навучэнцаў настрояў вернаподанасці царызму і праваслоўный царкве.

Таму культурна-асветніцкі нацыянальны рух падчас рэвалюцый стаў на пазіцыі дэмакратызацыі школы, арганізацыі абавязковага пачатковага бясплатнага навучання усіх дзяцей, стварэння магчымасцей для атрымання адукацыі на роднай мове.

3. З канца XVIII ст. пачынае наладжвацца вывучэнне беларускага краю. Ім займаліся дзяржаўная акадэмічная экспедыцыі Расіі падчас генеральнага межавання зямель, прагрэсіўна і патрыятычна настроеная моладзь краю, вучоныя-славісты, руская і польская навука. Арганізацыю даследаванняў на сябе бралі Віленскі універсітэт, Расійская Акадэмія навук, Румянцаўскі гурток, Рускае геаграфічнае таварыства, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей, Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія.

Так паступова быў назапашаны сістэматызаваны этнаграфічны матэрыял, убачылі свет шматлікія матэрыялы і дакументы па гісторыі Беларусі, раскрывалася багацце духоўнага жыцця беларусаў. Сукупнасць гэтых ведаў атрымала назву беларусазнаўства, якое канчаткова аформілася як навуковае ў др. палове XIX ст. Значны ўклад у станаўленне навукі пра Беларусь зрабілі вучоныя – ўраджэнцы Беларусі гісторыкі І. Грыгаровіч, І. Даніловіч, Т. Нарбут, Міх. Без-Карніловіч, лінгвіст Іван Насовіч, пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі, вучоны, журналіст і грамадскі дзеяч А. Кіркор. Вывучэнне было прадоўжана ў др. палове ХІХ ст.

Усебаковае вывучэнне беларускага краю дало падставу для высноў аб самабытнасці беларускага этнасу. У сярэдзіне ХІХ ст. цікавасць да вуснай творчасці народа захапіла шырокія колы адукаванага грамадства. На хвалі гэтага захаплення абуджаецца мясцовы патрыятызм, які стаў падмуркам нацыянальнай самасвядомасці і пачаткам “сумежнай” польска-беларускай, або руска-беларускай літаратурнай творчасці (Чачот, Рыпінскі, Баршчэўскі, Шпілеўскі). Так пачыналася станаўленне беларускага пісьменства і новай беларускай літаратуры, якія сталяваліся на народнай творчасці і жывой народнай мове.

Сярэдзіна ХІХ ст. сіала перыядам перыядам рамантычна-этнаграфічнага развіцця беларускай літаратуры, калі афармляўся своеасаблівы вершаваны эпас з прыцягненнем гісторыка-фальклорнай спадчыны. У такім русле разгарнулася творчая дзейнасць Баршчэўскага, Рыпінскага, Чачота.

Адной з праблем новай літаратуры стала праблема яе самабытнасці і самастойнасці. Часткова ей прысвечаны паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” (Равінскі, Вераніцын), у якіх хаця і несур’ёзна, але прымяраецца на багоў беларускае адзенне. Канкрэтным праяўленнем пачаткаў і увасабленнем індывідуальнасці новай беларускай літаратуры стала творчасць Дуніна-Марцінкевіча, адрасаваная мужычаму народу Беларусі (“Гапон”, “Вечарніцы”, “Купала”, “Шчароўскіе дажынкі”).

Закладзеныя ў сярэдзіне ХІХ ст. літаратурныя традыцыі сталі падставай для фарміравання нацыянальнай літаратуры, звязанай з беларускім культурным адраджэннем канца ХІХ–пач. ХХ ст. Этапным на гэтым шляху сталі 80–90-я гг., калі разгортваецца падцэнзурны легальны і бесцэнзурны нелегальны беларускамоўны друк, пачынаецца дзейнасць рэвалюцыянераў-дэмакратаў Я. Лучыны, А. Гурыновіча, К. Каганца, Ф. Багушэвіча. Іх творчасць фіксуе станаўленне беларускай народнай літаратуры, што паслядоўна адстойвае інтарэсы працоўнага чалавека. Літаратура ўзяла на сябе нацыятворчыя, аб’яднаўчыя і нацыянальна-патрыятычныя функцыі. Найбольш поўна яны ўвасобіліся ў творчасці Багушэвіча, Коласа, Купалы. Народнасць, рэалізм, свядомае імкненне прысвяціць сваю творчасць справе перабудовы рэчаіснасці становяцца дамінуючай тэндэнцыяй творчасці гэтых пісьменнікаў. У пачатку ХХ ст. пісьменнікі выступаюць як ідэолагі нацыянальнага руху і паслядоўна адстойваюць дэмакратызм і грамадзянскасць.

4. Мастацкая культура Беларусі ў XVIII–пач. ХХ ст. увабрала стылявыя характарыстыкі па-першае, звязанага з контрэфармацыяй барока, а па-другое, класіцызму, які выяўляў ідэалогію Асветніцтва. Была засвоена таксама эстэтыка рамантызму, крытычнага рэалізму і рэвалюцыйнага дэмакратызму.

Матэрыяльнай базай для станаўлення барока стала ў XVII–XVIII ст. архітэктура. Пачатак гэтай эпохі звязаны з будаўніцтвам касцёла езуітаў у Нясвіжы (арх. Бернардоні). Вылучаюцца этапы ранняга, сталага і позняга, Віленскага барока (арх. Глаўбіц). Помнікі ранняга – Богаяўленскі сабор у Магілёве, касцёлы езуітаў у Гародні; сталага – Мікалаеўская царква і ратуша у Магілёве, касцёл бернардзінак у Мінску (увасоблены прынцып ансамблевасці). Помнікі позняга – вытанчанага і маляўнічага, са шматяруснымі ажурнымі вежамі – (касцёл Іаана Хрысціцеля у Сталовічах, касцёл кармелітаў у Глыбокім, царква у Беразвачы пад Глыбокім, перабудова Полацкай Сафіі).

Барочныя формы выявіліся праз скульптуру і размалёўкі касцёлаў, у якіх найбольш яскрава увасобілася і самабытнасць беларускай мастацкай традыцыі. У стылі барока выкананы фрэскавыя цыклы Мікалаеўскай царквы ў Магілёве, іканастас Георгіеўскай царсквы у Давыд-Гарадку, алтарная кампазіцыя Францысканскага касцёла у Пінску. Пашыраным відам барочнага жывапісу быў шляхецкі партрэт. Прыпцыпы барока праніклі ў ткацтва, паліваную кераміку, ювелірнае мастацтва, кніжную гравюру.

З канца XVIII ст. распаўсюджваецца культура класіцызму. У архітэктуру гэты стыль паклаў прынцыпы сіметрыі, геаметрызму, ураўнаважанасці аб’ёмаў, антычную ордэрную сістэму. На Беларусі распаўсюдзіліся формы рускага класіцызму, дзякуючы творчасці вядомых рускіх дойлідаў – М. Львова, Стасава, Мельнікава. Адным з першых помнікаў стаў Іосіфаўскі Сабор, узведзены ў Магілёве па праекту Львова (1780-1798 гг.). Класіцызм стымуляваў распрацоўку рацыянальных планаў горада, “узорных” праектах грамадскіх і жылых будынкаў, яго прыёмы выкарыстоўваліся пры будаўніцтве палацава-паркавых комплексаў (у Гомелі, у в. Сноў Мінскай вобл.). Рэдкім помнікам грамадзянскай архітэктуры, дзе вырашаны прынцыпы класіцызму з’яўляецца будынак Дваранскага Сходу у Слуцку. У першай трэці ХІХ ст. класіцызму засвойвае рысы ампіру. Аб’яўленне буйной капіталістычнай вытворчасці і працэсы урбанізацыі вельмі выразна зафіксаваліся ў архітэктуры. З другой паловы ХІХ ст. усе большае значэнне набывае вытворчае будаўніцтва, узвядзенне банкаў, вакзалаў, гасцініц. Пачынаецца азеляненне і добраўпарадкаванне горада, аднак прынцып ансамблевасці пры забудове парушаецца. Прыкметай становіцца выдзяленне цэнтра і рабочай ускраіны. Стылявасць архітэктуры распадаецца. Пераважаюць розныя дробныя эклектычныя цячэнні і накірункі. У пачатку ХХ ст. гэта былі неакласіцызм, псеўдаготыка, псеўдарускі стыль, стыль мадэрн.

Жывапіс ў ХІХ–пач. ХХ ст. развіваўся пад уплывам Віленскай мастацкай школы Смуглевіча і Рустэма, прынцыпы якой праявіліся амаль ва ўсіх відах і жанрах выяўленчага беларускага мастацтва. Вялікую ролю адыграла і Пецярбургская акадэмія мастацтва.

У цэлым у гэты час жывапіс вызваляецца з-пад уплыву рэлігіі, становіцца свецкім і пераключае увагу на паўсядзённае жыццё. У мастацтве спрачаліся два накірункі – акадэмізм і рамантычны стыль. Гэта наглядна дэманстравала творчасць вядомага партрэтыста І. Аляшкевіча (найбольш цікавы партрэт князя Адама Чартарыйскага). Цэлая плеяда мастакоў-партрэтыстаў – Ваньковіч, Рыпінскі, Шэмеш, Хруцкі, Ютэйка дэманструюць паступовы адыход ад акадэмічных канонаў і пераход да рэалістычнага мастацтва з яго натуралізмам і псіхалагічнасцю. Набірае моц і гістарычны жанр (Ян Дамель).

У другой палове ХІХ–пач. ХХ ст. рэалістычны накірунак у выяўленчым мастацтве з’яўляецца пануючым. Ён прысутнічае ў творчасці Сілівановіча, Альхімовіча, Гараўскага, таленавітых майстроў жанравых палоцен, краявідаў, партрэтаў, гістарычных кампазіцый.

Альхімовіч (“Пасля бітвы”, “Похараны Гедыміна”, “Смерць Міхаіла Глінскага у цямніцы”).

Селівановіч (“Дзеці ў двары”, “У школу”, “Галава дзяўчынкі”).

Самым распаўсюджаным жанрам беларускага жывапісу ў канцы ХІХ–пач. ХХ ст. быў пейзаж (Рушчыц, Жукоўскі, Бялыніцкі-Біруля і інш.).

У пачатаку ХХ ст. буйнейшымі прадстаўнікамі тэматычнай карціны і партрэтнага жанру сталі Ю. Пэн, Якаў Кругер, Леў Альперовіч; у графіцы – С. Богуш-Сестранцэвіч, К. Кастравіцкі, А. Каменскі; у гістарычным жанры – у 1910–1920 гг. працаваў Язэп Драздовіч. У Віцебску нарадзіўся і пачаў працаваць Марк Шагал. Увогуле ў свецкім жывапісе пач. ХХ ст. смела і хутка развіваліся наватарскіе тэндэнцыі і напрамкі. Культура зрабіла значны крок у набыцці нацыянальнай адметнасці.

 

Культурнае жыццё ў БССР (1920–1980-я гг.)

1. Станаўленне і развіццё савецкай культуры. Палітыка беларусізацыі.

2. Дасягненні і супярэчнасці развіцця культуры у 1930-я гг.

3. Адукацыя, навука, мастацкая культура ў 1950-я–1980-я гг.

 

1. Станаўленне і эвалюцыя форм культурнага жыцця ў БССР былі непасрэдна звязаны з працэсам пралетарска-сацыялістычнага будаўніцтва. Утварэнне БССР стварыла перадумовы для далейшай кансалідацыі беларускай нацыі і яе культурнага выяўлення. Значную ролю ў гэтым адыграла нацыянальна-культурная палітыка, якая атрымала назву “беларусізацыя”. Сутнасць і сэнс беларусізацыі склалі намаганні КП(б)Б і ўрада БССР па наданню беларускай савецкай дзяржаўнасці нацыянальнага характару і форм, павышэнню ўзроўня нацыянальнай самасвядомасці.

У рамках гэтых падыходаў на працягу 1924–29 гг. разгарнулася савецкае культурнае будаўніцтва. Яго база была закладзена яшчэ ў 1921–1921 гг. Так у 1921 г. быў адкрыты БДУ, у 1922 г. – Інстытут беларускай культуры, сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, ветэрынарны інстытут у Віцебску. Было створана выдавецтва “Савецкая Беларусь”, адкрыты Дзяржаўная бібліятэка і Дзяржаўны Цэнтральны архіў, пачалі дзейнічаць рабочыя факультэты (рабфак) для падрыхтоўкі сялянска-рабочай моладзі да паступлення ва ВНУ.

З 1924 г. пачалася актыўная распрацоўка граматычных норм і сучаснай лексікі беларускай мовы і пашырэнне сферы ее ўжывання. Да 1928 г. да 80% школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Пры гэтым улічваліся і шматэтніны склад насельніцтва рэспублікі і моўны разрыў паміж горадам (рускамоўны) і вёскай (беларускамоўныя).

Дзяржаўны статус мелі разам з беларускай руская, польская, яўрэйская. Таму выдавецкая справа вялася на 4-х мовах, навучанне – 8.

Адначасова было арганізавана ўсебаковае даследванне нацыянальна-культурнай спадчыны і распрацоўка новых эстэтычных і мастацка-стылявых падыходаў. Для гэтага быў ўтвораны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), дзе працавалі такія секцыі як краязнаўчая, гістарычная, мовазнаўства, тэатральнага і музычнага мастацтва. У 1929 г. Інбелкульт быў пераўтвораны ў Акадэмію навук (узначаліў У. Ігнатоўскі).

Палітыка беларусізацыі заклала падмурак беларускай савецкай культуры. Былі дасягнуты поспехі ў галіне літаратуры. Дзейнічалі літаб’яднанні “Узвышша”, “Полымя”, “Маладняк”. З’явіліся маладыя пісьменнікі, сярод якіх Чорны, Чарот, Лынькоў, Крапіва. Паспяхова развівалася мастацтва тэатра, азначанае станаўленнем Беларускага Дзяржаўнага тэатра–1 (БДТ–1) – рж. Міровіч, і БДТ–2. Узнік вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам Галубка. Пачалося станаўленне савецкага кіно. Першай мастацкай лентай стаў героіка-патрыятычны фільм аб грамадзянскай вайне рэжысёра Тарыча “Лясная быль” (1926 г.).

Адным з цэнтральных накірункаў беларусізацыі было вылучэнне на адказную партыйна-савецкую работу карэнных жыхароў. Пры гэтым колькасць беларусаў у адміністрацыйных установах да канца 1920-х гг. перавысіла 50%. Для задаволення патрэб этнічных меньшасцей БССР у месцах іх кампактнага пражывання былі сфарміраваны нацыянальныя саветы: яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, украінскія, нямецкія. Быў створаны польскі раён. У сістэме сярэдняй адукацыі – яўрэйскі і польскі тэхнікумы.

Поспехі культурнага будаўніцтва ў БССР былі прызнаны і часткай палітычнай эміграцыі – дзеячамі Рады БНР. Пры гэтым Лёсік, Ластоўскі, Цвікевіч, Некрашэвіч вярнуліся ў Мінск і прынялі ўдзел у нацыянальна-культурным адраджэнні.

Перыяд беларусізацыі закончваецца ў канцы 20-х гадоў разам з кампаніяй барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам і пераменай агульнага палітычнага курсу кіраўніцтвам СССР.

2. Духоўна-культурнае жыццё 1930-х гг. разгортвалася на аснове “культурнай рэвалюцыі”, якая была падпарадкавана стратэгічнай задачы – пабудове сацыялізму. Пры гэтым мелася на ўвазе вырашэнне двух блокаў задач. Першы блок уяўляў праграму падрыхтоўкі насельніцтва да ўдзелу ў індустрыялізацыі краіны. Важнейшымі кірункамі ў гэтым выступілі ліквідацыя непісьменнасці, увядзенне ўсеагульнага і абавязковага пачатковага, а затым і сямігадовага навучання, пашырэнне сістэмы народнай адукацыі.

Пачатак барацьбы з непісьменнасцю быў пакладзены ў 1920 г., калі для гэтага стварылася Рэспубліканская Надзвычайная камісія. У 1926 г. у БССР аформілася Таварыства “Далоў непісьменнасць”, якое ўзначаліў старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. У 1932 г. яно налічвала 10 тысяч ячэек. Праз школы і пункты ліквідацыі непісьменнасці прайшло больш за 800 тыс. чалавек, аднак большасць з іх засталася малапісьменнымі з-за слабай кадравай і матэрыяльнай забяспечанасці працэсу ліквідацыі непісьменнасці.

У 1920–30-я гг. шляхам шматлікіх спроб, выпраўлення памылак, рэформ была створана стройная і эфектыўная сістэма адукацыі, дзякуючы якой СССР выйшаў на адно з першых месц у свеце не толькі па адукаванасці, але і па развіцці навукі і тэнікі.

У гэты час склалася наступная сістэма адукацыі: 1) дашкольныя ўстановы; 2) масавыя 4-хгадовыя працоўныя школы; 3) сямігадовыя працоўныя політэхнічныя школы ў складзе 2-х канцэнтраў; 4) школы сялянскай моладзі; 5) школы фабрычна-заводскага навучання; 6) прафесіянальныя школы; 7) прафесіянальныя і агульнаадукацыйныя курсы; 8) тэхнікумы і 9) вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Увесь перадваенны час надавалася многа ўвагі павышэнню эфектыўнасці савецкай адукацыйнай сістэмы. Гэта было самай істотнай перамогай савецкага ладу. У выніку радыкальных змен у гэтай галіне, каля 85% насельніцтва ад 9 да 49 гадоў стала пісьменным. У 1940/41 нав. годзе агульнаадукацыйныя школы наведвалі 1 млн. 737 тыс. вучняў. Працавала 128 сярэдніх спецыяльных устаноў з 35 тыс. навучэнцаў і 25 ВНУ, дзе навучалася 21,5 тыс. чалавек, у т.л. 13,2 тыс. на дзённай форме навучання. Інтэнсіўна развівалася сетка навуковых устаноў і фундаментальная навука. Былі разгорнуты комплексныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, біяхіміі, заалогіі, фізіялогіі, медыцыны фотосінтэзу. Дзейнічала 26 навукова-даследчых інстытутаў, 15 навуковых станцый, 2 запаведнікаў, 3 музеяў. Нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі ішоў працэс станаўлення навуквай інтэлігенцыі.

Другім блокам задач “культурнай рэвалюцыі”, які складаў яе ядро, з’яўлялася перавыхаванне людзей на прынцыпах марксізму-ленінізму, стварэнне новай сістэмы духоўных каштоўнасцей, новай псіхалогіі і ментальнасці, глыбока інтэграваных у грамадскую сістэму сацыялістычнага ладу.

У сувязі з гэтым узмацняецца барацьба кампартыі за манаполію ў культуры, актывізуецца палітычная культурна-асветніцкая работа, якая мела ярка выражаны ідэалагічны характар. Вялікая ўвага надаецца антырэлігійнай прапагандзе. У клубах і хатах-чытальнях працавалі гурткі “Саюза ваяўнічых бязбожнікаў” (1926). У 1929 г. была забаронена ўсялякая царкоўная дзейнасць па-за сценамі храма, акрамя наведвання цяжка хворых, паміраючых і пахавання памерлых.

Працягваліся пачатыя ў 1921–22 гг. канфіскацыі царкоўнай маёмасці, закрываліся цэрквы. На 20 снежня 1936 г. у БССР з 1445 дарэвалюцыйных цэркваў былі закрыты 1371.

Вядучым прынцыпам культурнага будаўніцтва стаў сацыялістычны рэалізм (сацрэалізм), згодна з якім адыбавалася ідэалізацыя рэвалюцыйных падзей і існуючага ў СССР грамадскага ладу жыцця.

Творчасць дзеячоў, якія не прытрымліваліся сацрэалізму, абмяжоўвалася. Па гэтай прычыне расфарміравалі тэатр Галубка. Улада паспрабавала з дапамогаю мастацтва, мабілізаваць энэргію мас на рэалізацыю палітычных задач. Афіцыйнае мастацтва набыло ярка выяўлены ідэалагічны характар і выхоўвала чалавека ў духу камуністычных ідэалаў. Дамінаванне аднаго метада абмяжоўвала творчыя магчымасці, аднак мастацкая практыка аказалася шырэй і складаней партыйных установак. На аснове сацрэалізму было створана шмат выдатных твораў. Плённа працавалі Колас, Купала, Чорны, Лынькоў, Крапіва. Найбольшага гучання паэтычнае слова, песня, музыка дасягаюць у гады вайны, калі савецкае мастацтва цалкам прысвяціла сябе справе змагання за Айчыну.

3. Аднаўленне сацыяльна-культурнай сферы было часткай агульнага аднаўленчага пасляваеннага працэсу. У 1946–50 гг. на адукацыйныя патрэбы ў БССР было выдаткавана 4 млрд. руб. Даваенная сетка школ была ўзноўлена. У русле рэфармавання грамадскага ладу у 50-х гг. праводзілася і рэфармаванне сярэдняй школы з мэтаю ўмацавання працоўнага выхавання і ўвядзення політэхнічнага навучання. У выніку ў 1959 г. было ўведзена ўсеагульнае 8-гадовае навучанне. Пашырэнне вытворчага навучання прыводзіць і да прадаўжэння дзесяцігодкі до 11 класа. Аднак у 1964 г. былі зноў уведзены дзесяцігодкі, а ў 1966 г. прафадукацыя становіцца неабавязковай. У 1970-я гг. уводзіцца абавязковая ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі на базе дзесяцігадовага навучання.

Прафесійнае навучанне ў пасляваенны перыяд развівалася ў накірунку фарміравання аднаго тыпу сельскага і гарадскога ПТВ, якія з 1970-х гг. павялі падрыхтоўку на базе сярэдняй адукацыі.

Дынамічна развівалася сярэдняя спецыяльная і вышэйшая школа, падрыхтоўку спецыялістаў ў якой вызначалі патрэбы рэспублікі ў спецыялістах гаспадаркі і дзяржаўнага кіравання,а таксама неабходнасць разгортвання навукова-тэхнічнага прагрэсу.

На працягу 1950–80-х гг. цэнтрам рэспубліканскай навукі была АН БССР, дзе ў 1985 г. працавала 5761 супрацоўнікаў, з ліку якіх звыш 2000 кандыдатаў навук і 279 чалавек – дактароў.

З сярэдзіны 50-х гг. акадэмія папоўнілася інстытутамі матэматыкі, фізікі, цепла і масаабмену, цвёрдага цела і паўправаднікоў, а навукова-даследчая база ўмацавалася за кошт навуковых гарадкоў. Значных поспехаў беларуская навука дабілася ў такіх абласцях як матэматыка, спектраскапія, люмінесцэнцыя, квантавая электроніка, ядзерная фізіка, парашковая металургія, біялогія, геалогія. Распрацоўваліся пытанні калоіднай хіміі, оптыкі. Даволі паспяхова выконваліся даследванні ў прыкладных гаспадарчых накірунках – рацыянальнага выкарыстання торфу, культуры земляробства і авечкагадоўлі, вырошчвання бульбы і г.д. За 1965–85 гг. вучоныя Беларусі атрымалі 26 Ленінскіх і Дзяржаўных прэмій СССР і 57 Дзяржаўных прэмій БССР. 12 вучоных сталі Героямі Сацыялістычнай Працы, у т.л. М. Барысевіч, А. Сеўчанка, Б. Сцяпанаў, А. Федараў, біёлаг Купрэвіч, матэматык М. Яругін. У галіне гуманітарных даследаванняў пачаліся выданні энцыклапедый і энцыклапедычных даведнікаў па ўсіх накірунках ведаў. Аднак гэтая сфера заставалася палітызаванай і ідэалагізаванай на працягу усяго пасляваеннага часу.

Развіццё мастацкай культуры таксама знаходзілася пад ідэалагічнай цэнзурай. Ужо ў 1946 г. ЦК КПСС прымае пастановы з ацэнкай ідэйнай сталасці і ўзроўню майстэрства творчасці Ахматавай, Пастэрнака, Мурадэлі. Падвяргаюцца крытыцы іх апалітычнасць, адыход ад марксісцкіх пазіцый, творчы метад. Кампанія крытыкі часопісу “Звязда” і “Ленінград” у БССР дапоўнілася адпаведнай крытыкай часопіса “Бальшавік Беларусі” і газет “Звязда” і “Савецкая Беларусія”. Па-сутнасці рабілася устаноўка на фарміраванне адзінападобнай савецкай маналітнай культуры слаба звязанай з культурнымі набыткамі свету.

І ўсе ж пасляваенныя гады культурнага развіцця БССР сталі плённай вехай па ўсіх накірунках. Галоўнай тэмай мастацкай літаратуры выступіла вайна. І распрацоўвалася яна напачатку толькі з патрыётыка-аптымістычных пазіцый. Першымі значнымі творамі часу становяцца “Глыбокая плынь” І. Шамякіна, “Мінск напрамак” І. Мележа, “Сустрэнемся на барыкадах” П. Пястрака. З сярэдзіны 50-х гг. ваенная тэма набывае філасофскае гучанне, разглядаецца праз канфлікты чалавечых лёсаў і ўнутраны сусвет чалавека. Літаратура пашырае тэматычны дыяпазон, адлюстроўвае праблемы эпохі, напоўняецца псіхалагізмам. Ярка засведчылі аб сабе В. Быкаў, У. Караткевіч. Этапнымі творамі сталі “Людзі на балоце”, “Сэрца на далоні” І. Шамякіна, “Птушкі і знёзды” (Я. Брыль), “Год нулявы” (Адамчык).

На рубяжы 70-х гг. расцвітае драматургія. Гэта быў час такіх драматургаў як Макаёнак (“Трыбунал”, “Брама неўміручасці”, “Зацюканы апостал”, “Соль”), Дудараў (“Парог”, “Вечар”). Творчай сталасці дасягае і паэзія ў асобах Куляшова, Панчанкі, Барадуліна, Гілевіча, Глебкі, Еудакіі Лось. Як арыгінальная з’ява беларуская літаратуры былі адзначана ЮНЕСКА, пад эгідай якой выйшла анталогія беларускага апавядання, біяграфіі і характарыстыкі творчасці Купалы і Коласа.

У мастацтве тэатра вядучую ролю занялі Вялікі тэатр оперы і балета і Беларускі драматычны тэатр імя Купалы. Трупа Вялікага набыла усесаюзную і міжнародную вядомасць, асабліва з прыходам да кіраўніцтва Елізар’ева. І опера, і балет Беларусі ў сваім рэпертуаре мае як класічныя, так і авангардныя пастаноўкі. У рамках спектакляў купалаўцаў творча развівалася мастацтва нацыянальнага тэатра, якое асабліва ўвасобілася такімі артыстамі як Станюта, Гарбук, Кармунін, Ржэцкая. Вялікая заслуга ў развіцці беларускай сцэны належыць рэжысёрам Мазынскаму і Раеўскаму.

Выяўленчае мастацтва жывапісу як і літаратура плённа асвойвала рэвалюцыйна-гістарычную і ваенную тэму. У 50-я гады яе прадставілі Зайцаў, Сергіевіч, Кудрэвіч. Найбольш эпічнае гучанне вайна набыла на палотнах мастака Савіцкага (“Лічбы на сэрцы”, “Партызаны”, “Беларусы”). Акрамя мастацкай школы Савіцкага, сфарміравалася і творчая школа Шчамялёва. У 80-х гг. вялікая колькасць мастакоў заявіла аб сабе праз выяўленне ўласнай індывідуальнасці і спробаў мадэрнізацыйна-наватарскага жывапісу.

Мастацтва пластыкі ў БССР развівалася пад уплывам майстэрства і творчай геніальнасці Заіра Азгура. На яго традыцыі былі ўзгадаваны такія скульптары як Бембель, Глебаў, Селіханаў, Анікейчык, Кабальнікаў. Яны развівалі гістарычны жанр і манументальныя формы скульптуры, якія станавіліся элементамі кампазіцыйнага афармлення прасторы ў практыцы горадабудаўніцтва. Прыкладамі таму з’яўляюцца комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, “Курган Славы”, Плошча Перамогі ў Мінску, помнікі Коласу і Купале ў Мінску, Скарыне ў Полацку.

Такім чынам, у 1950–80-я гг. у БССР ішоў супярэчлівы працэс грамадска-культурнага развіцця, у якім ідэалагічна-партыйны і дзяржаўны кантроль спалучаўся з нарастаннем духоўнага разняволення асобы і пашырэннем аўтаноміі духоўнага жыцця грамадства, адчувалася ўнутраная эстэтычная перабудова мастацкай сістэмы.