ІV. Старабеларуская лiтаратурная мова

І. Індаеўрапейская мова–аснова (IV – ІІІ тыс. да н. э.).

Паводле тэорыі індаеўрапейскай расы практычна ўсе еўрапейскія і многія азіяцкія народы маюць адну прарадзіму, а іх мовы ўзыходзяць да адзінай мовы-крыніцы, якую прынята называць “індаеўрапейскай мовай-асновай”. Сёння цяжка дакладна сказаць, дзе і калі існавала гэтая мова. Існуе некалькі гіпотэз наконт прарадзімы індаеўрапейцаў. Даследчыкі лічаць, што індаеўрапейская моўная супольнасць узнікла на Блізкім Усходзе або ў Індыі, адкуль рушыла на ўсход і захад.

Праіснаваушы некалькі тысячагоддзяў, індаеўрапейская моўная супольнасць распалася, і на аснове дыялектаў пачалі складвацца розныя мовы (германская, раманская, славянская і інш.). Мовы, якія паходзяць ад агульнаіндаеўрапейскай мовы, з’яўляюцца роднаснымі, і на гэтай падставе іх аб’ядноўваюць у адну моўную сям’ю – індаеўрапейскую.

Індаеўрапейская сям’я моў (налічвае больш за 2 мільярды чалавек-носьбітаў) уключае групы:

- раманская група;

- індыйская група;

- германская група;

- славянская група моў (больш за 275 млн. чалавек-носьбітаў)

Ø заходнеславянская падгрупа (польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербскалужыцкая, мёртвая – палабская);

Ø паўднёваславянская падгрупа (балгарская, македонская, сербскахарвацкая, славенская, мёртвая – стараславянская);

Ø усходнеславянская (беларуская, руская, украінская) [звыш за 180 млн.чалавек-носьбітаў];

- іранская група;

- кельцкая група;

- балтыйская група.

Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца між сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму назад старажытныя індаеўрапейцы (арыі), у якіх замацоўвалі яны свае веды аб навакольным свеце і аб сабе.

Параўнальна-гістарычны метад на падставе аналізу фактаў славянскіх моў і дыялектаў даў магчымасць аднавіць многія рысы праславянскай мовы, якая выдзялілася з індаеўрапейскай на рубяжы ІІІ-ІІ тыс. да н.э.

ІІ. Праславянская або агульнаславянская мова-аснова

IІІ тыс. да н. э. – сярэдзiна I тыс. н. э.).

Пра гэтую агульнаславянскую эпоху ў жыццi славянскiх моў можна даведацца шляхам параўнальна-гiстарычнага вывучэння славянскiх моў. Яно дазваляе высветліць паходжанне роднасных моў, што аб'ядноўваюцца ў моўныя сем'і, раскрыць агульнасць паходжання моў дадзенай моўнай сям'і ад мовы-асновы, устанавіць роднасныя адносіны ўнутры моўнай сям'і, раскрыць і вытлумачыць, абапіраючыся на факты адрознення і падабенства моў, асаблівасці кожнай мовы.

Такое вывучэнне славянскiх моў прывяло вучоных-мовазнаўцаў да думкi, што некалькі тысячагоддзяў таму ўсе славяне гаварылі на вельмi блiзкiх дыялектах, якiя можна лiчыць дыялектамi адной мовы – праславянскай, яна значна адрознiвалася ад iншых iндаеўрапейскiх моў.

На гэтым этапе супольнага жыцця славяне засялялi тэрыторыю памiж Дняпром i Вiслай, паўночнай гранiцай якой была рака Прыпяць, а на поўднi iх рассяленне даходзiла да прадгор’яў Карпат.

Ад эпохi агульнаславянскай мовы не дайшло да нас нiводнага пiсьмовага помнiка, таму гукавыя, марфалагiчныя, лексiчныя i сiнтаксiчныя асаблiвасцi праславянскай мовы прыходзiцца выбудоўваць шляхам параўнання асобных славянскiх моў i выдзялення з iх агульных рыс.

№ 2

ІІІ. Агульнаўсходнеславянская або старажытнаруская мова

IX – XIІІ стст.).

У VI – VII стст. завяршылася рассяленне славян на велiзарнай тэрыторыi Еўропы. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены балцкімі і ўгра-фінскімі плямёнамі. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на землі сучаснай Беларусі прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI –VII стст. пачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх плямёнаў, а таксама балтаў і ўгра-фінаў, якія жылі тут раней у беларускую народнасць.

Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсё з захаду (з басейна Віслы і Одэра) і, магчыма, з паўднёвага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабой свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзчаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, украінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і ўгра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова выцяснілі дыялекты балцкія, ад якіх засталася ў беларускай мове багатая тапаніміка, гідраніміка і некаторыя словы (дойлід, свіран, пуня).

На землях Усходняй Еўропы ў VIII-Х стст. адбываецца працэс утварэння дзяржаў. Асобныя плямёны паступова страчваюць сваю адасобленасць, сацыяльна-эканамiчнае развiццё прыводзiць да ўзнiкнення ў IX ст. раннефеадальнай дзяржавы з цэнтрам у Кiеве. Разам з фармiраваннем старажытнарускай дзяржавы фармiруецца i мова – агульнаўсходнеславянская або старажытнаруская, ў яе пісьмовай літаратурнай форме. Усходнія славяне карысталiся ёй пры наяўнасцi дыялектаў.

На мяжы VIII-ІХ стст. вакол Полацка (у пісьмовых помніках узгадваецца з 862 г.) пачало складвацца аб’яднанне крывічоў, якое ў далейшым сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку – Полацкае княства. Першая беларуская дзяржава з’яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў Усходняй Еўропы, якое паважалі ў еўрапейскім свеце, і якое сапернічала з Ноўгарадам і Кіевам у аб’яднанні зямель. У к.Х – першай палове ХІ ст. адзіным палітычным, адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам дрыгавічоў становіцца горад Тураў, які ў ХІІ ст. заваёўвае незалежнасць ад Кіева.

У межах новай моўнай тэрыторыі (княстваў) замест племянных дыялектаў моўнай адзінкай становяцца тэрытарыяльныя дыялекты, г.зн. гаворкі абласцей, якія маглі супадаць са старымі племяннымі дыялектамі, а маглі і не супадаць, паколькі з утварэннем феадальных княстваў, адбывалася пэўная моўная перагрупоўка і невіліроўка дыялектаў. Пры фарміраванні мовы беларускай народнасці ў выніку інтэграцыйных моўных працэсаў вядучымі сталі два дыялекты: паўднева-заходні (гаворкі Турава-Пінскага княства і Наўгародска-Гродзенскія гаворкі) і паўночна-ўсходні (гаворкі Полацкай і Смаленскай земляў).

У Х ст. адбылося далучэнне славян да хрысціянскай цывілізацыі ў яе грэка-візантыйскай форме. Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць. Славянскі кірылаўскі алфавіт быў створаны у другой палове Х ст. на аснове грэчаска-візантыйскага ўстаўнога пісьма (якое характарызавалася прамым, строгім і выразным напісаннем літар). Стварэнне кірыліцы звязана з імёнамі выдатных славянскіх асветнікаў Канстанціна (Кірылы) і Мяфодзія.

Помнiкi старажытнарускай пiсьменнасцi IX-XIV стст. даюць магчымасць вылучыць тры асноўныя тыпы лiтаратурнай мовы таго часу:

1) кнiжна-славянскi або царкоўна-кнiжны тып прадстаўлены найбольшай колькасцю пiсьмовых помнiкаў. Самым раннiм помнiкам з’яўляецца славутае Астрамiрава Евангелле, перапiсанае са стараславянскага арыгiналу ў 1056-1057гг. дыяканам Грыгорыем па замове наўгародскага пасаднiка Астрамiра. Разам з перапiснымi богаслужбовымi тэкстамi ўзнiкалi i арыгiнальныя творы царкоўнай белетрыстыкi – казаннi, павучэннi, жыцii святых.

Узорам аратарскай мовы гэтага часу з’яўляюцца творы выдатнага старарускага аратара епiскапа Кiрылы Тураўскага, якi жыў у другой палове XII ст. i пры жыццi зваўся Златавустам. У XII ст. вялікую асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг.

2) Народна-лiтаратурны або свецка-мастацкі тып. Найбольш поўна гэты тып мовы адлюстроўваецца ў творах арыгiнальнай мастацкай лiтаратуры i летапiсах. Сюды адносіцца першы летапiс “Аповесць мiнулых гадоў” (складзены ў XII ст.), славутая паэма “Слова пра паход Iгаравы”(канец XIIст.), у якой змешчаны звескі пра полацкіх князёў, з іх асабліва цікавыя пра Усяслава. А таксама арыгінальныя творы: “Павучэнне” Уладзiмiра Манамаха (канец XI-пачатак XII ст.), “Маленне” Данiiла Заточнiка.

3) Дзелавы тып пiсьменнасці. Самым важным помнiкам дзелавой пiсьменнасцi старажытнага перыяду лiчыцца першы афiцыйны звод раннефеадальнага права старажытнай Русі “Руская праўда”. Яна была складзена ў XI ст. пры Яраславе Мудрым. Вядомымi з’яўляюцца даравальныя, дагаворныя, устаўныя граматы ХІІ-ХІІІ стст.

Пісьмовыя помнiкi IX-XI стст. характарызуюцца тым, што iх мова амаль пазбаўлена мясцовых асаблiвасцей. Дзе б нi ствараўся помнiк, характар яго мовы быў аднолькавым i рэдка траплялiся мясцовыя асаблiвасцi. Па яго мове нельга было вызначыць, дзе ён ствараўся, i дзеля гэтага iснавалi прыпiскi, хто i дзе яго пiсаў.

№ 3

ІV. Старабеларуская лiтаратурная мова

XIII—XVIII стст.).

Гэты этап храналагiчна супадае з фармiраваннем беларускай народнасцi i стварэннем Вялiкага княства Лiтоўскага.

Вялікае княства Літоўскае ўзнікла ў XIII ст. як саюз усходнеславянскіх княстваў (Навагрудскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.), і на працягу XIV ст. уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Этнічную большасць у Вялікім княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх пляменаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычкі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую ў спадчыну з даўніх часоў. На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стст. склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова .

Першым, дакладна датаваным, пiсьмовым помнiкам, якi захаваўся да нашага часу, з’яўляецца «Дагаворная грамата Смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам» 1229 г. Стала фармiравацца пiсьмовая мова, якую называюць старабеларускай. Гэтая мова мела своеасаблiвы лексiчны склад, свае спецыфiчныя фанетычныя i сiнтаксiчныя асаблiвасцi, якiя карэнным чынам адрознiваюцца ад агульнаўсходнеславянскай, рускай i ўкраiнскай моў.

Галiны ўжывання беларускай мовы:

1) Самай пашыранай галiной ужывання беларускай мовы была дзелавая пiсьменнасць. У XV-XVI стст. у канцылярыях Вялiкага княства Лiтоўскага пiсалiся актавыя кнiгi, якiя потым сталi асновай вялiкага гiстарычнага архiва, вядомага пад назвай Лiтоўская метрыка. У склад Метрыкi ўваходзяць разнастайныя па форме i зместу дакументы, якiя выдавалiся князямi, сеймамi, урадавымi асобамi або паступалi да iх ад iншаземных урадаў, ад службовых i прыватных асоб.

Асобны жанр дзелавой пiсьменнасцi складаюць Статуты 1566, 1588 гг. (другой i трэцяй рэдакцыi). Тэксты Статутаў падпарадкаваны фанетычнаму прынцыпу напiсання; граматычны лад помнiкаў вызначаецца значнай блiзкасцю да граматыкi жывой народнай мовы; а лексiка юрыдычных помнiкаў закранае самыя разнастайныя бакi грамадскага, гаспадарчага i асабiстага жыцця чалавека.

На развiццi беларускай пiсьмовай мовы ў старажытны перыяд спрыяльна адбiўся той факт, што ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм беларуская мова была дзяржаўнай, што замацавана ў Статуце 1566 г., раздзел IV, артыкул I.

2) На Беларусi ў старажытныя часы бытавала даволi багатая i разнастайная ў жанравых адносiнах мастацкая лiтаратура: вершаваная i празаiчная, арыгiнальная i перакладная.

Вершаскладаннена беларускай мове таго часу звязваюць з iмёнамi Андрэя Рымшы, якi з’яўляўся заснавальнiкам панегiрычнай паэзii; Яна Пашкевiча, заснавальнiка грамадзянскай лiрыкi; Сiмяона Полацкага, вядомага паэта, публiцыста, заснавальнiка жанру дэкламацыi.

У XVII ст. стваралася i пашыралася вершаваная лiтаратура на лацiнскай мове, яе лепшымі прыкладамі могуць служыць “Пруская вайна” Яна Вiслiцкага, “Песня пра зубра” Мiколы Гусоўскага.

На старабеларускай мове складаюцца арыгiнальныя сатырычныя творы, пабудаваныя цалкам на жывой моўнай аснове. Гэта “Прамова Мялешкi”, “Лiст да Абуховiча”. На іх не ўплывалi царкоўнаславянскiя традыцыi, тут сустракаюцца амаль усе асаблiвасцi, што характарызуюць фанетычную сiстэму i граматычны лад старабеларускай мовы.

3) У XII ст. бярэ пачатак беларускае летапiсанне. Вытокi яго ляжаць у традыцыях летапiсання старажытнай Русi, а таксама ў мясцовых паданнях гiстарычнага характару, у дзелавых запiсах. Першым летапiсам быў Полацкi летапiс XII ст.. Гiстарычныя запiсы вялiся ў Полацку, Навагрудку, Пiнску i iншых гарадах. Гiстарычныя запiсы XII-XIV стст. адлюстроўваюць мясцовыя падзеi.

З XV ст. летапiсанне набывае агульнадзяржаўны характар. Беларускія летапісы адлюстроўваюць ў пэўнай храналагічнай паслядоўнасці гістарчыныя падзеі і з'явы жыцця Вялікага княства Літоўскага, утрымліваюць легенды і паданні, прыказкі і выслоўі, арыгінальныя свецкія, воінскія аповесці, апавяданні, навелы. У 20-я гг. XVI ст. у асяроддзi патрыятычна настроеных арыстакратаў была створана на беларускай мове “Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага”, але ў ёй шмат недакладнасцей i падзеi не датуюцца. Самым поўным зборам агульнадзяржаўнага летапiсання з’яўляецца “Хронiка Быхаўца”, выдатнейшы помнiк беларускага летапiсання XVI ст.

Пiсьменства на Беларусi больш iнтэнсiўна пачало развiвацца з узнiкненнем кнiгадрукавання. З’яўленне першай друкаванай кнiгi на нашай зямлi звязана з iмем Францыска Скарыны (каля 1490 – 1551 гг.). Атрымаўшы ў заходнееўрапейскiх унiверсiтэтах вучоную ступень доктара свабодных навук i пасля ступень доктара медыцыны, Скарына пасялiўся ў Празе, дзе заснаваў друкарню i выдаў у 1517 г. “Псалтыр”. Затым, з 1517 па 1519 гг., ëн пераклаў i выдаў 23 кнiгi Бiблii. Да кожнай сваёй кнiгi Францыск Скарына пiсаў прадмовы i пасляслоўi, у якiх даваў тлумачэннi да зместу кнiг, якiя выдаваў, абгрунтоўваў прычыны i мэты выдання, даваў парады наконт таго, што можна i варта ўзяць з кнiг. Працягваў ён сваю выдавецкую дзейнасць у Вiльнi, дзе ў 1525 г. выдаў “Апостал” i “Малую падарожную кнiжку”.

Паслядоўнiкамi вядомага першадрукара сталi Сымон Будны i Васiль Цяпiнскi. Сымон Будны выдаў “Катэхiзiс” на старабеларускай мове. Катэхiзiс уяўляе сабой даведнiк па асноўных ведах хрысцiянскага веравучэння, пабудаваны ў форме пытанняў i адказаў. У iм Будны дае сваё разуменне рэлiгiйных ведаў i дагматаў, закранае многія сацыяльныя пытанні сваёй эпохі, змяшчае шматлiкiя цытаты з розных рэлiгiйных твораў на кнiжнаславянскай мове. Лiтаратурная спадчына Васiля Цяпiнскага прадстаўлена перакладзеным i выдадзеным на беларускай мове каля 1580 г. «Евангеллем» i невялiкай рукапiснай прадмовай да яго. Тэкст «Евангелля» Цяпiнскi выдае ў дзвюх калонках: з аднаго боку змяшчае царкоўнаславянскi тэкст, а з другога – беларускi.