Развіццё беларускай мовы ў часы Расійскай імперыі

 

З далучэннем усходніх земляў Рэчы Паспалітай да Расіі ў беларускага народа магла з’явіцца надзея на поўнае выратаванне ад паланізацыі, атрыманне права свабодна развіваць сваю культуру і мову разам з роднаснымі яму па культуры і мове рускім і ўкраінскім народамі.

Да гэтага ў выніку дзейнасці каралеўскай улады Рэчы Паспалітай над беларусамі вісела рэальная пагроза знікнення з гістарычнай арэны як самабытнага народа. Супраць такіх магутных фактараў, як каралеўская ўлада і каталіцкая царква, у беларусаў не было надзейнага сродку выстаяць без вялікіх страт з разлікам толькі на ўласныя магчымасці. Таму даводзілася губляць адну пазіцыю за другой у сферы культурна-моўнага развіцця. Працэс прымусовай паланізацыі зайшоў так далёка, што на вачах старэйшага пакалення карэнным чынам памяняліся адносіны да сваіх нацыянальных традыцый у паводзінах і думках маладзейшых. Таму зразумела, што тагачасныя даследчыкі сцвярджалі катэгарычна, што беларусы на канец XVIII стагоддзя з’яўляюцца тэрытарыяльнай групай палякаў. Такія погляды не жадалі прымаць рускія вучоныя, што стаялі на баку шавіністычнай дзяржаўнай палітыкі Расіі, яны сцвярджалі: раз беларусы паходзяць ад старажытнарускай народнасці, дык, значыць, яны не палякі, а рускія. З такіх цалкам супрацьлеглых пасылак вынікала адно, што беларусы – гэта ва ўсіх адносінах арыгінальная самабытная этнічная супольнасць. З цягам часу ў працах польскіх і расійскіх вучоных усё больш умацоўваўся погляд на беларускую культуру як адмысловую нацыянальную культуру пэўнай славянскай народнасці.

Першым смела і прафесійна уключыўся ў працяглыя спрэчкі Зарыян Даленга-Хадакоўскі (1748 – 1825). Збор вучоным этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу, мясцовых дыялектаў, тапаніміі дазволіў зрабіць рашучую і прынцыповую выснову аб існаванні самабытнай беларускай мовы і культуры, дакладна вызначыць тэрыторыю яе распаўсюджання.

Гэтай жа пазіцыі прытрымліваліся вучоныя і літаратары-ўраджэнцы Беларусі, якія добра ведалі гісторыю, культуру і быт свайго народа: Іван Грыгаровіч, Ян Чачот, Рамуальд Зянькевіч, Аляксандр Ельскі.

Нягледзячы на зняважлівыя адносіны афіцыйных улад да беларускай мовы, на існаванне супярэчлівых поглядаў рускіх і польскіх вучоных, далучэнне ўжо першых земляў беларусі да Расіі стварыла глебу для куды больш цесных кантактаў паміж іх культурамі. Пранікненне рускай культуры і мовы на беларускія землі, пры ўсёй настойлівасці Кацярыны II і адносна памяркоўным стаўленні да гэтага іх карэннага насельніцтва, не пахіснула тут пазіцый польскай культуры. На далучанай да Расіі беларускай тэрыторыі па-ранейшаму ў судах справаводства вялося па-польску і толькі нанова створаных судовых органах – на рускай. Пра неабходнасць выкарыстоўваць у гэтых мэтах беларускую мову маўчалі і польскія і рускія чыноўнікі. Аналагічная сітуацыя існавала і ў іншых сферах афіцыйнага справаводства.

Па-ранейшаму ў навучальных установах, якія былі створаны і функцыянавалі яшчэ ў перыяд Рэчы Паспалітай, навучанне вялося на польскай мове. Праўда, пры павятовых вучылішчах ужо ўводзілася руская мова ў якасці прадмета навучання. Такім чынам, пасля падзелу Рэчы Паспалітай у асвеце беларусаў пачаў усталёўвацца падвойны нацыянальны прыгнёт: да польскага дадаваўся рускі.

На шлях адкрытай барацьбы з падпарадкаваным становішчам беларускай культуры польскай стаў сам рускі ўрад пры цару Мікалаю I. Падставай для гэтага паслужыла нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830 – 1831 гадоў у Польшчы, Літве і Заходняй Беларусі. У час яго ўпершыню самі палякі ці апалячаныя беларусы зрабілі канкрэтныя крокі па выкарыстанні беларускай мовы ў пісьмовых тэкстах. На ёй выдаваліся і распаўсюджваліся сярод беларусаў улёткі (лістоўкі) з мэтай уцягнення іх у барацьбу за вызваленне Рэчы Паспалітай. З такімі смелымі патрабаваннямі паўстанцаў ніяк не мог пагадзіцца рускі імператар. Добра падрыхтаваныя да ваенных дзеянняў царскія войскі без асаьлівых цяжкасцей прымусілі капітуляваць паўстанцкія цэнтры. Пачаліся рэпрэсіі, у час якіх рабіліся розныя захады па абмежаванні сферы распаўсюджвання пальшчызны на беларускіх землях, што самым істотным чынам паўплывала, але не ў лепшы бок, і на духоўнае жыццё беларусаў.

Знешне круты паварот у палітыцы Расійскай імперыі да палякаў быццам бы не быў накіраваны супраць карэнных жыхароў Беларусі. Аднак у 1836 годзе выйшаў царскі ўказ аб забароне выкладання ў навучальных установах на польскай мове і замене яе рускай. Рускія свецкія гімназіі і павятовыя вучылішчы прыйшлі на замену каталіцкім навучальным установам. Праз чатыры гады быў прыняты ўказ, у адпаведнасці з якім прадпісвалася і ўсе судовыя, адміністрацыйныя і грамадскія акты складаць не на польскай, а на рускай мове.

Усе захады па выкараненні польскага ўплыву сваім канчатковым вынікам мелі русіфікацыю Беларусі. У выкараненні беларускай мовы ніякай патрэбы не было, бо аб гэтым яшчэ раней “паклапаціліся” палякі.

Пераломным у гвалтоўнай русіфікацыі нашага краю ёсць падставы лічыць 1840 год, калі ўказам Мікалая I забаранялася нават ужыванне тэрміна Беларусь. Ад таго часу яе афіцыйна сталі называць Паўночна-Заходнім (Северо-Западным) краем, каб не даваць насельніцтвупадставы ў самой назве роднай зямлі бачыць штосьці этнічна акрэсленае. Мову беларусаў, на якой у сярэднявеччы выйшла ў свет вялікая колькасць арыгінальнай літаратуры, на афіцыйным узроўні беспадстаўна аб’явілі дыялектам, гаворкай, жаргонам рускай мовы.

Ганьба духоўных традыцый і асабліва мовы беларускага народа не магла не закрануць пачуцці найбольш адукаваных прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Узмацнілася цяга да глыбока і ўсебаковага вывучэння і распаўсюджання звестак пра мінулае свайго края, каб дапамагчы народу выстаяць ад гвалтоўнай русіфікацыі.

Гуманістычныя погляды на мову сваёй Бацькаўшчыны неаднаразова выказваў Адам Міцкевіч (1798 – 1885): “На беларускай мове…гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”.

У процівагу афіцыйнай палітыцы на старонках паасобных перыядычных выданняў XIX стагоддзя ўжо не толькі не адмаўляўся сам факт існавання самабытнай беларускай мовы, а нават смела называлася яна гарманічнай і пявучай, багатай на арыгінальную лексіку. Такое азначэнне даў беларускай мове беларускі этнограф Павел Шпілеўскі (1823 – 1861).

Аб’ектыўны малюнак вымушанага заняпаду беларускай культуры, жорсткага характару русіфікатарскай палітыкі царскай улады даў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808 – 1884): “Няшчасная прошласць нашая давяла сялянскі народ да ўпадку, не думаючы зусім аб духовай і маральнай яго адукацыі, хаця б праз памяць на тое, што гэта дзеткі адной маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысціяне, якія маюць права да навукі ў роднай мове, як да нябеснага хлеба”.

Адукаваным колам беларускага народа станавілася зразумела, што надышоў час сур’ёзна паклапаціцца пра стварэнне нацыянальнай мастацкай літаратуры, што магло б адыграць выключна важную ролю не толькі ва збагачэнні духоўнага жыцця, але і росце нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва края, дзе, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, усё яшчэ моцна бытавала родная мова. І гэта невыпадкова, бо тут у сярэднявеччы на мясцовай мове развіваліся многія жанры мастацкай і навуковай літаратуры, функцыянавалі ўсе віды мастацтва, вялося справаводства.

Аднаму з тых, каму было наканавана напісаць першы верш на роднай мове прыгнечанага народа, давялося пасля такога дэбюту адслужыць чвэрць стагоддзя ў рускай арміі. Такім зачынальнікам беларускага паэтычнага слова быў Паўлюк Багрым (1812 – каля 1891), якога Ніл Гілевіч слушна назваў “апошнім фальклорным паэтам і першым прафесійным майстрам слова”.

Абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, росту зацікаўоленасці да духоўнай спадчыны краю спрыяла выданне на роднай мове розных фальклорных твораў, ананімных вершаў, у якіх ужо адчувалася і рука паэта-прафесіянала В. Равінскага“Энеіда навыварат” і К. Вераніцына “Тарас на Парнасе”, напісаныя на тагачаснай жывой народнай мове. Са з’яўленнем у друку гэтых паэм значна пабольшала колькасць беларусаў, якія пааверылі ў выяўленчы патэнцыял сваёй роднай мовы, магчымасць стварэння на ёй самабытнай мастацкай літаратуры.

Маладая беларуская літаратура мела на сваім шляху незвычайныя цяжкасці, з якімі, можа, ніколі не даводзілася сустракацца іншай мастацкай літаратуры. Гэтыя цяжкасці заключаліся ў тым, што значная колькасць беларусаў, прычым адукаваных, пісьменных, лепш валодала польскай і рускай, чым роднай мовай.

З такой акалічнасцю давялося лічыцца і аднаму з пачынальнікаў беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму (1794 – 1851). Яму належыць чатыры напісаныя на польскай мове кнігі пад назвай “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Кнігі цалкам пабудаваны на беларускім матэрыяле, у назве ёсць слова Беларусь, але напісаны яны на польскай мове. Чаму? На гэта пытанне адказаў сам аўтар: “Не ўсім чытачам можа быць зразумела беларуская мова, таму мясцовыя апавяданні, якія я пачуў з вуснаў народа, я вырашыў, наколькі змог, перадаць у даслоўным перакладзе па-польску”.

Нечаканае ажыўленне зацікаўленасці вучоных да беларускага пытання ў час распачатай царызмам адкрытай барацьбы з польскім уплывам не падабалася афіцыйнай уладзе, таму што такія спрэчкі паміж рускімі і польскімі вучонымі толькі пашыралі беларускую нацыянальную ідэю. Вось чаму то, што не ўдалося здзейсніць у справе русіфікацыі пасля задушэння паўстання 1863 – 1864 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім меркавалася любой цаной ажыццявіць у выніку расправы над удзельнікамі паўстання, арганізатарамі якога царскі ўрад лічыў памешчыкаў і шляхту.

Акрамя гвалтоўнай русіфікацыі нармальнае развіццё беларускай культуры, не выключаючы і літаратуры, істотна абцяжарвалася тым, што духоўнае жыццё з кожным дзесяцігоддзем здавала пазіцыю за пазіцыяй у гарадской мясцовасці. А менавіта ж ад горада ў найбольшай ступені залежыць будучае культурнага развіцця кожнай народнасці і нацыі.

Выкладзеныя вышэй факты варожых адносін афіцыйных улвд да беларускай мовы ў першыя дзесяці годдзі пасля паўстання 1863 – 1864 гадоў мелі месца і ў больш позні час. І нават пасля таго, як на мове карэннага насельніцтва Беларусі пачалі выходзіць кнігі, выдавацца газеты, рэакцыйная прэса не пераставала сцвярджаць, што ў яго няма і наўрад ці будзе літаратурная мова.

Аднак беларуская мова не стала рэліктавай, мёртвай у выніку русіфікатарскай палітыкі. Гэтаму яна найперш абавязана сваім носьбітам, хаця шмат у яе было і здраднікаў.

Яўгенія Янішчыц мела права напісаць:

Цябе і заворвалі, і закопвалі,

І ўсё ж нашы продкі праз гора

Данеслі да нас цябе, родную, цёплую

Жывую і непаўторную.

Выжыць беларусам як самабытнаму народу спрыяў шэраг фактараў. Мнеогія прадстаўнікі тагачаснай беларускай інтэлігенцыі разумелі месца культуры і мовы ў нацыянальна-вызваленчым руху і ўсяляк садзейнічалі яму. Адзін з пачынальтнікаў беларускай літаратуры Сяргей Палуян пісаў: “Нацыянальны рух, як вялікая жыццёвая гістарычная сіла, можа жыць толькі тады, калі пад яго будзе падведзены такі фундамент, як гібка абробленая мова, дый літаратура і навука ў гэтай мове”.

Упэўненасць у магчымасці захаваць роднае слова, стварыць на яго аснове новую пісьмовую літаратурную мову мацнела з году ў год у беларускай інтэлігенцыі дзякуючы вялікай падтрымцы з боку літаратараў, вучоных іншых славянскіх народаў. Пачынаючы з 70-х гадоў XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі пра культуру, мову Беларусі была выдадзена такая велізарная колькасць літаратуры, што адмаўляць у існаванні на яе тэрыторыі самастойнай народнасці было немагчыма. З такой літаратурай, напэўна, у той ці іншай ступені мог быць знаёмы і просты люд, што станоўчым чынам уплывала на рост нацыянальнай самасвядомасці.

Шмат паклапаціўся аб вяртанні на законны пасад беларускай мовы і Францішак Багушэвіч. Кінутае ім зерне не загінула, а пайшло ў магутны рост. У трубадура беларускага адраджэння знайшлося шмат шчырых паслядоўнікаў. Практычна кожны, хто стаў на гэты шлях, лічым найпершым сваім абавязкам выступіць у абарону зняважанай беларускай мовы, ведаючы, што ад яе стану залежыць лёс народа.

 

VII. ЛІТАРАТУРА ПА ТЭМЕ ЗАНЯТКАЎ:

1. Беларуская мова: энцыклапедыя / Пад рэд. А.Я. Міхневіча; рэдкал. Б.І. Сачанка (гал. рэд.). – Мінск: БелЭН, 1994. – 655 с.

2. Лыч, Л. Гісторыя культуры Беларусі / Л. Лыч, У. Навіцкі. – Мінск: НКФ “Экапеспектыва”, 1996. – 453 с.

3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б.І. Сачанка. – Мінск, 1995. – 671 с.

4. Шакун, Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы: вучэбны дапаможнік / Л.М. Шакун. – 2-е выд., перапрац. – Мінск: Універсітэцкае, 1984. – 319 с.

5. Янкоўскі, Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы: вучэбны дапаможнік. – 3-е выданне, выпр. – Мінск: Вышэйшая школа, 1989. – 301с.