Паняцці “тэрмін”, “тэрміналогія”, “тэрміналагічная сістэма”

БЕЛАРУСКАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ

 

Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі, якой карыстаюцца галоўным чынам толькі прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі, з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы.

Тэрмін – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, прынятае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў. Напрыклад: арэнда 1. Часовае выкарыстанне нерухомай маёмасці на падставе дамоўленасці. А жылога памяшкання. 2. Плата за карыстанне маёмасцю; арэндная плата. Плаціць арэнду.

Слова тэрміналогія мае два асноўныя значэнні:

1) сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Так можна гаварыць пра эканамічную, юрыдычную, біялагічную, лінгвістычную, сельскагаспадарчую, медыцынскую, матэматычную і іншых тэрміналогіях;

2) сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы: тэрміналогія беларускай мовы, тэрміналогія нямецкай мовы.

Тэрміналогія пэўнай навукі — гэта штучна створаны лексічны пласт, кожная адзінка якога мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця.

Тэрміналагічная сістэма (або тэрмінасістэма) – арганізаваная сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны ведаў.

Навуковая тэрміналогія ўключае ў сябе агульнанавуковыя, міжнавуковыя і вузкаспецыяльныя тэрміны.

І. Агульнанавуковыя тэрміны – важны кампанент лексікі навуковага стылю. Такія словы-тэрміны можна сустрэць ва ўсіх тэрміналагічных сістэмах: актуальнасць, мэтазгоднасць, атрыманне, фарміраванне, раскрыццё, дэталізацыя, глыбіня, функцыя, элемент і інш.

Адной з асаблівасцей выкарыстання агульнанавуковых тэрмінаў з'яўляецца іх шматразовае паўтарэнне ў навуковым тэксце.

ІІ. Міжнавуковыя тэрміны выражаюць найбольш агульныя паняцці, якія суадносяцца з аб'ектамі, з'явамі, працэсамі, уласцівасцямі ў розных галінах навукі: кампанент – хім., фіз., лінгв.; злучэнне – тэхн., хім., астр., юрыд.

У шырокім сэнсе такія тэрміны часта ўжываюцца і ў агульналітаратурнай мове: база, кампанент, сінтэз. Колькасць міжнавуковых тэрмінаў пастаянна павялічваецца, што тлумачыцца не толькі працэсам інтэграцыі і дыферэнцыяцыі навук, але і пранікненнем метадаў адных навук у іншыя.

ІІІ. Вузкаспецыяльныя тэрміны – гэта ўласна навуковыя тэрміны, якія выражаюць сістэму паняццяў пэўнай галіны ведаў, большасць з такіх тэрмінаў не выходзіць за межы вузкапрафесійных адносін: акцыз, дэмпінг, інфляцыя (экан.); злачынства, вердыкт, арышт (юрыд.); гарнітура, петыт, нонпарэль (друк.); меданос, суквецце, сямянка (бат.) і г.д.

Наменклатурныя назвы (номены)– сукупнасцьназваў, якія ўжываюцца ў навуцы, тэхніцы, вытворчасці. Тэрміны перадаюць сутнасць адпаведных навуковых паняццяў, наменклатурныя назвы называюць канкрэтныя аб’екты вывучэння розных навук, колькасць такіх аб’ектаў не паддаецца ўліку. Напрыклад, валюта – “адзінка грашовай сістэмы пэўнай краіны” (тэрмін); рубель, еўра, долар, крона і інш. (номены).

Прафесіяналізмы – гэта прынятыя ў пэўнай прафесійнай групе прастамоўныя эквіваленты тэрмінаў. У сферы прадпрымальніцтва, дробнага і сярэдняга бізнесу актыўна ўжываюцца наступныя прафесіяналізмы: бязнал – безнаяўны разлік, пуцёўка – пуцявы ліст, расходнік – расходны ордар, плацёжка – плацежнае даручэнне, аптавік – аптовы пакупнік, аператыўка – аператыўная нарада. Прафесіяналізмы – гэта словы з усечанай асновай, якія ўтвораны часцей за ўсё пры дапамозе суфіксаў -к/-ка, -ік. Нематываванае перанясенне прафесіяналізмаў ў агульналітаратурную мову непажадана. Гэтая лексіка дарэчы толькі ў неафіцыйнай абстаноўцы, яе ўжыванне ў мове дакументаў абсалютна немагчыма.

Агульныя рысы тэрмінаў і прафесіяналізмаў:

ü Абмежаванасць ужытку (не з’яўляюцца агульнаўжывальнымі словамі);

ü Называюць адны і тыя ж прадметы, працэсы і з’явы;

ü Належаць пэўнаму стылю (у адрозненне ад міжстылёвай лексікі);

ü Маюць аналагічныя спосабы ўтварэння.

Адрозненні паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі:

Тэрмін Прафесіяналізм
Утварэнне мае мэтанакіраваны характар Утвараюцца стыхійна, у шэрагу выпадкаў з’яўляюцца другаснымі сінонімамі да эквівалентных ім тэрмінаў
З’яўляюцца афіцыйна ўзаконенай назвай навуковага паняцця, фіксуюцца ў навуковых працах, слоўніках, спецыяльнай літаратуры Пераважаюць у гутарковай мове людзей пэўнай прафесіі, сферы дзейнасці
Нейтральныя адзінкі Экспрэсіўныя адзінкі
Выкарыстоўваюцца як у пісьмовых, так і вусных тэкстах Ужываюцца толькі ў вусным маўленні
Маюць агульнанацыянальны (часам інтэрнацыянальны) характар Носяць вузкі, мясцовы характар

 

Межы тэрміналогіі кожнай галіны ведаў не могуць быць вызначаны з абсалютнай дакладнасцю. Гэта тлумачыцца цеснымі сувязямі паміж тэрміналагічнымі сістэмамі розных галін навукі і ўсё больш інтэнсіўным узаемадзеяннем тэрміналагічнай лексікі з агульнаўжывальнай. Некаторыя навуковыя тэрміны сталі шырока выкарыстоўвацца ў агульнаўжывальнай мове, зафіксаваны ў тлумачальных і перакладных слоўніках. Гэта сведчыць аб высокай камунікатыўнай значнасці навуковай тэрміналогіі.