Ключавое словазлучэнне рэальнага прыбытку

Калі Горкі выйдуць на ўзровень Нясвіжа?

 

Культура і інвестар: грані

сацыяльнага ўзаемадзеяння

Яшчэ ў жніўні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы саўгас-камбінат "Горкі", зазначыў, што Горацкі раён павінен стаць базавым для падрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага сектара. Старшыня мясцовага райвыканкама Ігар Макар, які яшчэ больш за паўгода таму кіраваў Нясвіжчынай, вызначыў шэраг генеральных напрамкаў развіцця Горацкага раёна. Планы ў дасведчанага кіраўніка - досыць амбіцыйныя. "Мы павінны вывесці Горкі, - паведаміў "К" Ігар Макар, - на ўзровень Нясвіжа. І не толькі ў плане мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Мяркуецца, што якасныя пераўтварэнні закрануць і сацыяльную сферу, у тым ліку культуру. Перакананы, пэўную ролю тут павінна адыграць і дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва".

Па меркаванні Ігара Макара, саюз культуры з прыватнікамі, з дзяржаўнымі гаспадарнікамі, што цяпер зараджаецца, - трывалы падмурак будучых якасна новых стасункаў, без якіх цяжка ўявіць заўтрашняе аблічча рэгіянальнай культуры.

 

Дажынкавы акцэнт

Адмысловы статус Горак падкрэслены і тым, што сёлета тут пройдзе Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012". Са спектра шматлікіх аб'ектаў, якія ўжо сёння рыхтуюцца да свята, варта вылучыць тыя, што датычацца менавіта сферы культуры. На даводку асобных з іх, па словах кіраўніка рэгіёна Ігара Макара, прадугледжаны і грошы інвестараў.

Кінатэатр "Крыніца", да прыкладу, будзе мадэрнізаваны. Тут з'явяцца 3D-абсталяванне і кавярня. Капітальна рамантуюцца Дзіцячая школа рамёстваў, ДШМ і райбібліятэка, а таксама Раённы цэнтр культуры. У адрэстаўраваны будынак перабярэцца гісторыка-этнаграфічны музей. Дарэчы, у будынка гэтага, які няблага захаваўся (у адрозненне ад дома, дзе жыў Максім Гарэцкі), - надзвычай цікавая гісторыя: тут напрыканцы пазамінулага стагоддзя знаходзілася аптэка і дом Казіміра Падзерскага - як кажуць, мецэната і вялікага аматара мастацтваў...

У сельскай мясцовасці, па словах начальніка аддзела культуры Аляксандра Жыгуна (дарэчы, аднаго з самых маладых, але ці не самых ініцыятыўных начальнікаў аддзелаў на Магілёўшчыне), у вёсцы Рудкаўшчына з нуля ўзводзіцца ўнікальная шматфункцыянальная ўстанова культуры, дзе прадугледжаны памяшканні пад бібліятэку, ДК, глядзельную і танцавальную залы. Аналагічная ўстанова з металаканструкцый ужо дзейнічае ў вёсцы Горы, - праект зрабіла адна з прыватных фірм. Яшчэ адзін прыклад эфектыўнага дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння. Бягучы рамонт прадугледжаны ў Музеі савецка-польскай баявой садружнасці ў Леніне і ў мясцовым СДК.

Каб завяршыць гаворку пра пераддажынкавы горацкі клопат, варта ўзгадаць яшчэ адно праблемнае пытанне, агучанае і намеснікам старшыні райвыканкама Наталляй Карнеевай, і начальнікам мясцовага аддзела культуры. Справа ў тым, што пад час рэспубліканскага хлебаробскага свята ў райцэнтры будзе закладзена капсула пад будучае ўзвядзенне буйнога медыяцэнтра, які заменіць састарэлы бібліятэчны будынак Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дык вось, Аляксандр Жыгун вельмі хацеў бы, каб насуперак часам непераадольным міжведамасным бар'ерам новая бібліятэчная ўстанова часткова належала б і аддзелу культуры. Чытачы, урэшце, агульныя, дык ці варта ствараць канкурэнцыю там, дзе яна - не на карысць агульнай справе? Пра яе, гэтую агульную справу ў дачыненні да развіцця сацыяльнага партнёрства, у дадзеным артыкуле я згадаю яшчэ не раз.

У каго лепшы строй?

Намеснік старшыні Горацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Наталля Карнеева - даўні сябра "К" і патрыёт роднай зямлі. Гэтым разам тэмай нашай гутаркі стала спонсарства ў сферы культуры. "Задача любога раённага кіраўніка сёння ў тым, - сцвярджае Наталля Васільеўна, - каб пераканаць членаў свайго калектыву, што ўкладанні грошай у, скажам, паездкі нашай вакальна-харавой школы на міжнародныя фестывалі - рэч надзённая і неабходная. І ніякіх супярэчнасцей з заканадаўствам тут няма. Дзейнічае адпаведны закон, згодна з якім дабрачынныя грошы вылічваюцца не з фонду заработнай платы і мэтава ідуць на агульную справу ўмацавання духоўнасці беларускай нацыі. І працэсы гэтыя стымулююцца больш лаяльным, так бы мовіць, падаткаабкладаннем... Безумоўна, мы цяпер толькі намацваем масткі такога супрацоўніцтва, і большасць гаспадарнікаў нашых толькі пачынае разумець, што вытворчасць без творчасці ператвараецца ў механічны бяздумны працэс. А мы за асобу павінны змагацца".

Ключавое словазлучэнне тут - "агульная справа". Плюс - своеасаблівае творчае саперніцтва, дадае Наталля Карнеева. Да прыкладу, калі на агульную канцэртную сцэну выходзяць самадзейныя калектывы з усіх сельскіх устаноў культуры і розняцца па шыкоўнасці сваіх артыстычных касцюмаў, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый у гэты момант забываюць пра надоі з намалотамі і пачынаюць думаць пра грашовыя рэзервы для набыцця сцэнічнага строю для "падшэфнага" ансамбля. І гаворка тут - пра дзясяткі мільёнаў рублёў, якія не ідуць у пясок, а працуюць на брэндавасць рэгіянальнай культуры, на падтрымку таленавітай моладзі, на развіццё юных талентаў...

Прыклады

дабрачыннасці

Сутнасць агульнай справы гаспадарніка і работніка культуры, па цвёрдым меркаванні старшыні райвыканкама Ігара Макара, у тым, што і хлеб, і песня - рэчы першасныя, спрадвек узаемазвязаныя, і толькі ў выніку гэтай еднасці і нараджаецца духоўнасць нацыі. Так, да такой агульнай справы пакуль трэба прывучаць - нязмушана і тактоўна, на прыкладах дабрачыннасці перадавых раённых гаспадарнікаў. А прыкладаў такіх дастаткова. За кошт спонсарскай падтрымкі РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА", СВК "Аўсянка", ААТ "Райаграпрамтэхніка" і "Копцеўская ніва" былі набыты сцэнічныя касцюмы для вакальнага ансамбля "Суседкі", дзіцячага фальклорнага калектыву Паршынскага СЦК, гуртоў "Аўсяніца" Аўсянкаўскага СДК, "Саўляначка" Саўскага СК, "Тараторкі" Копцеўскага сельскага цэнтра культуры і дасугу...

Як сцвярджае начальнік мясцовага аддзела культуры Аляксандр Жыгун, актыўна выкарыстоўвае спонсарскае "падсілкаванне" і Маладзёжна-падлеткавы клуб "Імпульс". У набыцці прызоў для самых розных клубных мерапрыемстваў удзельнічаюць ці не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раённага цэнтра. А адкрытае акцыянернае таварыства "Будаўнік" з гатоўнасцю аплаціла білеты да Брэста і пражыванне там дзіцячага хору пад час Міжнароднага фестывалю-конкурсу прыгранічнага супрацоўніцтва "Мы разам"... І такіх прыкладаў сацыяльнага партнёрства па Горках і раёне даволі шмат.

Канешне ж, такое творчае ўзаемадзеянне знешне пакуль нагадвае стасункі, так бы мовіць, бартэрнага характару: маўляў, вы нам - песню пад час прафесійнага свята, а мы вам - грашовую падтрымку па меры магчымасці. І чыя віна ў тым, што РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА" - самая заможная ў раёне, а астатнія, да прыкладу, сельгасвытворчыя кааператывы, толькі імкнуцца да гэтага ўзроўню? Урэшце, магчымасць быць спонсарам - таксама паказчык абранасці ды элітарнасці. Вядома, прадпрыемства, каб стаць паўнавартасным інвестарам, павінна мець стабільны прыбытак. А гэтым цяпер не кожны можа пахваліцца... Карацей, колішнюю славу Бабічаў, Мамонічаў і Радзівілаў таксама трэба заслужыць - і эфектыўнай працай, і высакародным памкненнем далучыцца да ўмацавання нацыянальнай духоўнасці. Толькі тады, мабыць, Горкі напоўніцу будуць нагадваць Нясвіж як самадастатковы цэнтр мастацтваў, дзе мецэнаты і спонсары ў пошуку творцы, якога трэба "ашчаслівіць", літаральна ў чаргу становяцца.

Сумесны кастынг

Наша сёлетняя рубрыка "Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства" з кожным нумарам "К" самаўдасканальваецца. І гэты працэс - натуральны і непазбежны. Да прыкладу, з'явілася ідэя стварэння гэткай імправізаванай рэдакцыйнай галерэі спонсараў-мецэнатаў-інвестараў. І пажадана, каб у справе гэтай актыўна паўдзельнічалі і аддзелы культуры Беларусі, нашы чытачы з рэгіёнаў. Неаспрэчна, у кожным з раёнаў ёсць неабыякавыя да развіцця мясцовай культуры людзі (не выключана, што яны самі пакуль пра гэта проста не ведаюць): прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама - прыватнага бізнесу. Дык вось, дасылайце нам артыкулы і інфармацыю пра іхнюю актыўнасць, пра незвычайныя творчыя праекты, рэалізацыя якіх немагчымая без падтрымкі збоку, пра дзейнасць апякунскіх саветаў, скіраваную на развіццё тых або іншых сацыякультурных структур, пра актуальныя праблемы, што замінаюць спонсарскай актыўнасці... Карацей, давайце ствараць рэспубліканскі банк "інвестарскіх" даных разам! Любое такое паведамленне з месцаў можа стаць нагодай для нашых штотыднёвых камандзіровак ці дарэчнай "падвёрсткай" да журналісцкіх артыкулаў.

Што да горацкай тэмы, дык свайго чарговага, але пакуль патэнцыйнага інвестара падказаў начальнік аддзела культуры Горацкага райвыканкама Аляксандр Жыгун. Гэта кіраўнік Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Уладзімір Варапаеў, які ў Дзень вызвалення Горак ад фашысцкіх захопнікаў збіраецца правесці ў райцэнтры і аграгарадках фестываль патрыятычнай песні, дзе прымуць удзел выканаўцы самых розных узростаў. Цудоўны прыклад спонсарскай ініцыятывы!

У перспектыве такі сумесны кастынг патэнцыйных ці яўных спонсараў рэгіянальнай культуры можа стаць (цалкам верагодна!) і нагодай для стварэння рады сацыяльных партнёраў, здольнай на ажыццяўленне любой агульнай справы.

 

"Галерэя спонсараў" ад "К"

Кагорта прадпрымальных

Прапаную зірнуць на асобна ўзятага горацкага спонсара - прадстаўніка гандлёвага бізнесу. Хоць і банальна, але людзі гэтыя - штучныя. І Аляксандр Кавалёў, якому сёлета спаўняецца пяцьдзясят, - менавіта з такой, пакуль нешматлікай, кагорты. "Вар'ят", як сам сябе называе. У дзяцінстве скончыў музычную школу, граў у ансамблях (усё гэта - з сям'і: бацька і па сёння гармонік з рук не выпускае, а маці спявае цудоўна). Потым былі ВНУ, праца, сямейныя клопаты. У 2006-м Аляксандра Кавалёва (ужо прыватнага прадпрымальніка) Горацкі РЦК запрасіў на працу акампаніятарам у аўтаклуб. Жадання, а таму і часу, хапіла на ўсё. У выніку ён стварае ансамбль народнай музыкі і песні "Жывіца", куды апрача брата Уладзіміра, выкладчыка БДСГА, увайшло 12 чалавек. Летась калектыў атрымаў званне народнага.