Пінскае партызанскае злучэнне

Дзейнічала пад кіраўніцтвам Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б. Кіраўніцтва: упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Пінскай вобласці, сакратар Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б А.Я. Кляшчоў, камандзіры злучэння В.3. Корж (лістапад 1942 — ліпень 1944), А.Я. Кляшчоў (май — кастрычнік 1943, в.а.), начальнік штаба М.С. Фядотаў (люты 1943 — ліпень 1944). У лістападзе 1942 падпольны абкам стварыў штаб партызанскіх атрадаў Пінскай вобласці, які да студзеня 1943 наладзіў сувязь і аб'яднаў партызанскія атрады Камарова (Каржа), імя Шчорса (у красавіку 1943 перададзены Брэсцкаму партызанскаму злучэнню), В.А. Васільева, імя Кірава, імя Чапаева, А.І. Дамброўскага, імя Суворава, імя Лазо, "За Савецкую Беларусь", імя М.Ц. Шыша (гл. нарыс "Атрад імя Шыша на Лунінеччыне") (усяго 1855 партызан). У 1943 у складзе злучэння сфарміравана 7 брыгад: імя Будзённага, імя Леніна, імя Молатава, імя Кірава, імя Куйбышава, Пінская, "Савецкая Беларусь" і асобны (штабны) атрад імя Чуклая; усяго 8431 партызан. Партызанскія брыгады і атрады злучаліся з часцямі Чырвонай Арміі па меры вызвалення тэрыторыі Пінскай вобласці ў лютым — чэрвені 1944. Генерал-маёрам А.Я. Кляшчову і В.З. Каржу ў 1944 прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Атрад імя Кірава

Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Лунінецкага раёна. Створаны як атрад "Пятровіча" (гл. нарыс "Атрад Пятровіча") у чэрвені 1942 шляхам аб'яднання партызанскай групы А.П. Савіцкага, вылучанай атрадам "Камарова", з групамі Ф.Д. Папова, П.М. Тараўкова, Р.І. Шуляка ("Дымава"), А.А. Хацкевіча, А.П. Ермакова. Камандзір А.П. Савіцкі, камісар Ф.І. Лісовіч. У снежні 1942 атраду прысвоена імя Кірава. У ліпені 1943 атрад разгорнуты ў партызанскую брыгаду імя Кірава.

Брыгада імя Кірава

Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Лунінецкага і Ленінскага раёнаў. Створана ў ліпені 1943 на базе атрада імя Кірава. Камандзіры А.П. Савіцкі, Ф.I. Лісовіч, камісары Ф.I. Лісовіч, Р.П. Швец, начальнік штаба А.І. Кубасаў. Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Мікашэвічы — Пінск, Лунінец — Малькавічы і шашэйных дарогах. Удзельнічалі ў аперацыі "Рэйкавая вайна". Падрыўная група атрада імя Кірава пусціла пад адхон больш за 20 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Знішчылі 38 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, 90 аўтамашын, патапілі 8 баржаў, паромаў, катэраў, падарвалі 23 чыгуначныя масты. З атрадамі імя Шыша і "Камарова" разграмілі гарнізоны ворага ў вёсках Лунін, Бастынь, Парахонск (жнівень 1942), Леніна (верасень 1942), чыгуначнай станцыі Сінкевічы (кастрычнік 1942), дзе знішчылі станцыйную гаспадарку, эшалон з боепрыпасамі (рух спынены на 3 тыдні). У студзені — сакавіку 1943 вялі баі з карнікамі і выратавалі ад загубы жыхароў вёсак Рэдзігерава, Флярова, Манасеева, Чарабасава. У красавіку — ліпені 1944 правялі засадныя баі каля вёсак Бастынь, Мелясніца, Крэстунова, мініравалі шляхі адступлення варожых часцей. У ліпені 1944 вялі баі на чыгуначным участку Дзятлавічы — Бастынь. 8.07.1944 брыгада (1265 партызан, атрады "За Радзіму", імя Калініна, імя Сталіна) злучылася з Чырвонай Арміяй. У 1964 у Лунінцы ў гонар брыгады ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Атрад "За Радзіму" (гл.нарыс "Баявы шлях атрада "За Радзіму")

Створаны ў ліпені 1943 з 1-ай роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзір атрада М.Г. Каштанаў (ліпень 1943 — чэрвень 1944) Камісар А.А. Світцоў (ліпень 1943 — чэрвень 1944), начальнік штаба І.П. Даронін (верасень 1943 — чэрвень 1944).

Атрад імя М.І. Калініна

Створаны ў ліпені 1943 з 2-ой роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзіры атрада В.Г. Чарнышкоў (ліпень 1943 — май 1944), М.Х. Хасенаў (май 1944 — ліпень 1944), камісар І.Л. Раманюк (ліпень 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба А.П. Ермакоў (ліпень 1943 — ліпень 1944).

Атрад імя І.В. Сталіна

Створаны ў ліпені 1943 з 3-яй роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзір атрада І.М. Корбан (ліпень 1943 — ліпень 1944), камісары М.М. Барсукоў (ліпень 1943 — кастрычнік 1943), А.А. Машчыц (кастрычнік 1943 — ліпень 1944), начальнікі штаба К.Г. Плешкевіч (жнівень 1943 — сакавік 1944), В.Ф. Руфееў (сакавік 1944 — ліпень 1944).

Брыгада імя Куйбышава

Створана ў лістападзе 1943. Камандзір У.М. Антановіч (лістапад 1943 — ліпень 1944), камісар Ф.С. Міхалковіч (снежань 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба З.У. Сысоеў (снежань 1943 — ліпень 1944). Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага. У ноч на 20.06.1944 на чыгунцы Лунінец — Пінск падарвалі каля 580 рэек. Знішчылі 32 аўтамашыны, 7 чыгуначных і 74 іншыя масты, 52,3 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. У ліпені 1944 мініравалі грунтавыя дарогі Лунін — Багданаўка — Пагост — Загародскі — Лагішын, тут жа вялі баі з праціўнікам, які адступаў. 12 — 14.07.1944 з часцямі Чырвонай Арміі вызвалілі Лагішын, станцыі Лунін і Лоўча.

Брыгада імя Леніна

Арганізавана ў красавіку 1943 на базе атрадаў В.А. Васільева — І.В. Зібарава і імя Чапаева. Камандзір брыгады В.А. Васільеў (красавік 1943 — ліпень 1944), камісар І.В. Зібараў (красавік 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба М.Д. Кісцюнін (красавік 1943 — ліпень 1944). Атрад Васільева у студзені 1944 вёў баі каля вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы. Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах. Толькі ў ноч на 6.08.1944 на чыгунцы Лунінец — Баранавічы падарвалі больш за 1900 рэек, у верасні — больш за 3000. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 вялі баі каля станцый Люшча, Бастынь, на дарозе Лунінец — Багданаўка.