Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 4 страница

Жалеза зрабіла магчымым паляводства на больш буйных плошчах, расчыстку пад раллю шырокіх лясных абшараў, яно дало чалавеку прылады такой цвёрдасці, якой не мог валодаць ні адзін камень, ні адзін з іншых да гэтага прымяняемых матэрыялаў.

Выкарыстанне жалеза ў гаспадарцы павысіла прадукцыйнасць працы, прывяло да росту прыбавачнага прадукту, паскорыла распад першабытнаабшчынных адносін.

У такіх умовах радавыя паселішчы перасталі быць абавязковымі ўмовамі нармальнага функцыянавання гаспадаркі. Узніклі пасёлкі, якія складаліся з сямей, не належаўшых да аднаго роду. На змену радавой абшчыне прыйшла суседская, ці тэрытарыяльная, абшчына з новымі сувязямі, якая базіравалася на сумесным валоданні асноўнымі сродкамі вытворчасці.

Новыя адносіны адкрылі шлях да хуткага ўзрастання эканамічнай і сацыяльнай няроўнасці. Радавая знаць захоплівала і замацоўвала за сабой лепшыя землі, сканцэнтравала (ці засяродзіла) ў сваіх руках найбольш важныя грамадскія пасты.

Да сярэдзіны І-га тысячагоддзя н.э. паступова складваецца лад ваеннай дэмакратыі, які з’яўляецца вышэйшай і апошняй палітычнай формай першабытнага грамадства.

§3. На рубяжы VI – VII стст. нашай эры наглядаецца масавы прыход славян на тэрыторыю Беларусі. Пісьмовых звестак пра рассяленне славян амаль не захавалася. Аб іх прарадзіме існуюць розныя погляды: Прычарнамор’е, Паўночнае Прыкарпацце, Закаўказзе, Паўночны Іран. Антычныя аўтары ўпамінаюць славян пад імёнамі венедаў, антаў, склавінаў. Яны называюць іх незлічонымі плямёнамі, вялікім народам. У VІ – VІІ стст. славяне засяляюць паўднёвую Беларусь, а з VІІІ – даволі хутка займаюць астатнюю яе тэрыторыю. Змешваючыся з мясцовым балтыйскім насельніцтвам, славяне стварылі некалькі буйных усходнеславянскіх племянных груповак, вядомых пад назвай дрыгавічы, радзімічы і крывічы.

З прыходам славян сталі хутчэй распаўсюджвацца жалезныя прылады працы. Яны зрабілі магчымай апрацоўку значных зямельных плошчаў, пераход да больш эфектыўнага ворыўнага земляробства. З гэтым пераходам звязаны карэнныя змены ў гісторыі сельскай гаспадаркі. Земляробства стала галоўным відам гаспадарчай дзейнасці, а чалавек урэшце атрымаў пастаянную крыніцу ежы – хлеб, які і на сённяшні дзень застаецца асноўным відам харчавання, галоўнай меркай дабрабыту і багацця краіны і яе народа.

У цеснай сувязі з земляробствам знаходзілася другая галіна − жывёлагадоўля. Людзі разводзілі буйную рагатую жывёлу, свіней, коней, свойскую птушку. Жывёлагадоўля давала чалавеку малако, мяса, скуру, арганічныя ўгнаенні. З цягам часу ўсё большае значэнне набывалі галіны хатняй вытворчасці: прадзенне, ткацтва, выраб посуду. Замест зернацёрак пачынаюць прымяняцца (з VII ст.) ручныя жорны.

Жыхары Беларусі па-ранейшаму займаліся паляваннем, якое, аднак, ужо стала дапаможным заняткам. Мёд атрымлівалі шляхам бортніцтва: гэта быў не просты збор дароў дзікіх пчол, як раней, а і дагляд дуплаў (“борцей”), і нават стварэнне іх. Не менш важным было і рыбалоўства.

У выніку росту прадукцыйных сіл, асабліва ў земляробстве і жывёлагадоўлі, і шырокага распаўсюджвання жалезных прылад працы з’явілася магчымасць назапашваць унутры роду больш матэрыяльных каштоўнасцей – збожжа, прадуктаў палявання, жалезных прылад працы, зброі і г.д. Багацці паступова пераходзілі з калектыўнай уласнасці ва ўласнасць асобных сем’яў, а затым і асобных людзей, прадстаўнікоў родаплемянных вярхоў. Узнікае маёмасная няроўнасць, з’яўляюцца багатыя і бедныя сем’і.

Відавочна, што і ў славянскіх плямёнаў на змену бацькоўскаму роду, радавой абшчыне прыйшла сельская абшчына – “мір”, “верв”. У ёй спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі. Індывідуальная вытворчасць з’явілася зыходным пунктам узнікнення і развіцця класавага грамадства, а сельская абшчына ў ім была толькі перажыткам першабытнаабшчыннага ладу.

Летапісец паведамляе, што ў VI – ІХ стст. на тэрыторыі Беларусі ўтвараюцца племянныя саюзы-княствы, на чале якіх стаялі князі-правадыры. У ліку першых ён называе Полацкае і Тураўскае. Праўда, гэта яшчэ не тыя княствы ў больш познім, феадальным сэнсе слова, але гэта першыя палітычныя ўтварэнні крывічоў-палачан і дрыгавічоў.

У другой палове І тысячагоддзя н.э., дзякуючы няўхільнаму развіццю прадукцыйных сіл, распаўсюджванню жалезных прылад працы, развіццю ворыўнага земляробства, зараджэнню рамесніцкай вытворчасці, на тэрыторыі Беларусі ішоў працэс разлажэння першабытна-абшчыннага ладу, зроблены пераход ад многаўкладнага грамадства непасрэдна да феадалізму, мінуючы рабаўладальніцкую сацыяльна-эканамічную фармацыю.

Асновай для гэтага з’яўляецца панаванне натуральнай земляробчай гаспадаркі, эканамічнага і палітычнага ўзвышэння радавой знаці. Прамым вынікам гэтых працэсаў становіцца ўзнікненне новых форм палітычнай арганізацыі - княжанняў. Летапісы сведчаць, што напярэдадні стварэння Кіеўскай Русі на тэрыторыі рассялення ўсходніх славян меліся княжанні ў дрыгавічоў і палачан. Зразумела, што гэта не княствы больш позняга, феадальнага зместу. Тады князямі называліся племянныя правадыры. Але само з’яўленне князёў-правадыроў ужо азначае пераход да адносін, якія можна называць ваеннай дэмакратыяй.

Такім чынам, пачаткам чалавечай цывілізацыі з’яўляецца час узнікнення чалавека сучаснага віду (homo sapiens). Этнічная гісторыя Беларусі бярэ пачатак з часу засялення яе тэрыторыі чалавекам. Гэта даіндаеўрапейскі перыяд гісторыі Беларусі. Вызначыць этнічную прыналежнасць насельніцтва, яго культуру, мову ў гэты час немагчыма.

Этнічны склад насельніцтва на тэрыторыі Беларусі поўнасцю змяніўся ў эпоху ранняга металу. У ІІІ – ІІ тысячагоддзі да н.э. тут рассяліліся індаеўрапейскія плямёны. Змяшэнне гэтых плямён са старажытным неалітычным насельніцтвам прывяло да ўзнікнення новага этнасу – балтаў. Пачаўся новы, індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі этап.

Славянскі этап у этнічнай гісторыі на нашай тэрыторыі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго характэрная рыса – шырокае рассяленне славян, асіміляцыя мясцовага даславянскага насельніцтва і фарміраванне першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей – дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў. Змяшэнне, зрошчванне гэтых і іншых славянскіх супольнасцей прывяло да ўзнікнення новага, агульнаславянскага старажытнага этнічнага аб’яднання з агульнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”.

Інтэнсіўныя этнічныя ўзаемадзеянні паміж насельніцтвам папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай зон і асобнымі групамі няўсходне-славянскага насельніцтва на тэрыторыі паміж Прыпяццю на Поўдні і Заходняй Дзвіной на Поўначы, Нёманам на Захадзе і Дняпром на Усходзе сфарміравалі новую этнічную тэрыторыю, якая атрымала назву “Белая Русь”.

 

Пытанні і заданні: 1. Калі на беларускіх землях з’явіліся першыя людзі? У якіх месцах сучаснай Беларусі выяўлены іх паселішчы? 2. Назавіце асноўныя сацыяльна-гістарычныя перыяды станаўлення першабытных цывілізацый на тэрыторыі Беларусі. 3. Вызначце час, калі адбылося засяленне Беларусі індаеўрапейскімі плямёнамі. 4. Назавіце галоўныя нажыткі чалавека перыяду мезаліта і неаліта. 5. Як называецца эпоха, у якой прымяняюцца металічныя прылады працы, але яшчэ не з’явілася металургія сплаваў? 6. Якія буйныя аб’яднанні славянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі Вы ведаеце? 7. Пералічыце віды гаспадарчай дзейнасці ўсходніх славян.

 

 

Глава 2. Станаўленне раннекласавага грамадства. Укараненне хрысціянскай цывілізацыі ў Еўропе і на Беларусі (V – першая палова XIII ст.)

Тэма 1. Узнікненне раннефеадальных дзяржаў – славянскіх княстваў, укараненне хрысціянства на Беларусі

 

§1. Перыядызацыя і асноўныя рысы сярэднявечча. Утварэнне Кіеўскай Русі, раннефеадальных княстваў на Беларусі

§2. Паходжанне хрысціянства, яго ўкараненне ў старажытнарускай дзяржаве

§3. Стан культурнага жыцця на беларускіх землях

 

§1. Тэрмін “сярэднія вякі” выкарыстоўваецца ў гісторыі для абазначэння перыяду ад V (падзенне Заходняй Рымскай імперыі) да XV ст. (пачатак Вялікіх геаграфічных адкрыццяў). Умоўна, увесь гэты час магчыма падзяліць на ранняе (V-X ст.ст.), высокае (XI-XIII ст.ст.) і позняе (XIV- XV ст.ст.) сярэднявечча.

У адрозніванне ад таго, што аснову антычнай цывілізацыі складалі старажытныя Егіпет, Грэцыя і Рым, у перыяд ранняга сярэднявечча ідзе пашырэнне тэрыторыі, на якой складваецца заходне-еўрапейская цывілізацыя. Яна ахоплівае ўсю Еўропу.

Найбольш важныя рысы, што ўласцівы сярэднявеччу, гэта: перавага аграрнага сектара над гандлёвым і прамысловым; панаванне натуральнай гаспадаркі, слабае развіццё таварна-грашовых адносін, нязначная роля гарадоў; моцная роля царквы і высокая ступень рэлігіёзнасці людзей; своеасаблівы статус сялян (яны з’яўляліся не ўласнікамі, а толькі трымальнікамі зямлі); панаванне буйной феадальнай уласнасці на зямлю; пачатак фарміравання нацыянальных дзяржаў, у тым ліку ў выглядзе манархіі.

У сацыяльна-эканамічнай сферы найбольш важным працэсам гэтага часу з’яўляецца ўсталяванне ўладазалежных адносін і фарміраванне асноўных класаў – феадалаў і сялян.

На змену Заходняй Рымскай імперыі прыйшлі каралеўствы остготаў, вестготаў і найбольш буйная – франкаў. Асабліва моцныя пазіцыі ў свеце каралеўства франкаў мела ў час праўлення Карла Вялікага, які быў каранаваны імператарам. Пасля смерці ў 843 г. адбыўся распад імперыі, з утварэннем трох будучых буйных дзяржаў Еўропы – Францыі, Германіі і Італіі.

Працэс станаўлення сярэднявечных інстытутаў адбываўся і на Усходзе. Пасля раздзелу Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю ў канцы IV ст. у склад апошняй увайшлі Балканскі паўвостраў, Малая Азія, Паўночная Месапатамія, частка Арменіі і грузінскіх зямель, Сірыя, Палесціна, Егіпет, Кірэнаіка, Кіпр, Крыт, Радос і іншыя астравы Усходняга міжземнамор’я, а таксама, Паўднёвае ўзбярэжжа Крыма. Тэрыторыі, якія увайшлі у гэту дзяржаву, са сталіцай у Канстанцінопалі, атрымалі назву Візантыйскай імперыі. У Візантыі існавала цэнтралізаванае дзяржаўнае кіраванне. Заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада належыла імператару. Да XII стагоддзя ў Візантыі завяршылася фарміраванне асноўных інстытутаў феадалізму: сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей. З другой паловы IX стагоддзя пачаўся пад’ем Візантыйскіх гарадоў.

Знешняя палітыка Візантыі у другой палове IX-XI стагоддзя характарызуецца няспыннымі войнамі, у тым ліку і з Кіеўскай Руссю.

У ІХ ст. складваецца Старажытнаруская дзяржава (раннефеадальная манархія) з цэнтрам у Кіеве. Як адзначаюць навукоўцы, Кіеўская Русь IX-XI стст. была адной з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў з розным узроўнем развіцця ўваходзячых у яе зямель, а парой і разбалансіраваным централізаваным кіраўніцтвам. Сваёй найвышэйшай магутнасці Кіеўская Русь дасягнула пры Яраславе Мудрым (каля 978-1054). Пры яго княжанні ў Кіеве ўзведзен 13-купальны Сафійскі сабор. З імем Яраслава звязваюць складанне “Рускай праўды”. Пасля яго смерці паміж яго сынамі ўзніклі супярэчнасці: кожны з іх імкнуўся стаць князем у Кіеве ці атрымаць поўную самастойнасць ад Кіева. Улада кіеўскага князя была вярхоўнай. Ад яго імя заключаліся дагаворы Русі з іншымі краінамі. Разам з князем у кіраўніцтве тэрыторыяй удзельнічалі старэйшыя дружыннікі і мясцовая земляробчая знаць. Яны ўваходзілі ў савет (баярская дума), перыядычна збіраліся на з’езды. Дарослае мужчынскае насельніцтва збіралася на сход – веча, дзе прымаліся важнейшыя для тэрыторыі рашэнні (абмяркоўвалася заканадаўства, пытанні вайны і згоды, фінансавыя і зямельныя рэсурсы).

Існавала ў Кіеўскай Русі ўсеагульнае ўзбройванне народа. Менавіта народнае апалчэнне часта вырашала вынікі вайны. У інтарэсах кіеўскіх князёў было падначаліць сабе Прыдняпроўе, Падзвінне, таму што па Дняпру і Заходняй Дзвіне ішоў галоўны гандлёвы шлях – “з варагаў у грэкі”.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі фарміруюцца і ўмацоўваюцца раннефеадальныя княствы (Полацкае, Тураўскае, Навагрудскае і інш.). У асобныя перыяды Полацкае княства, як і іншыя, мела адносную ад Кіева самастойнасць. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі ўспрымаліся як адзіная Русь.

Вырашальную ролю ва ўзнікненні дзяржаў-княстваў на тэрыторыі Беларусі мелі такія фактары, як падзел працы, узнікненне гарадоў, арганізацыя грамадскага жыцця ў межах узнікаючых эканамічных рэгіёнаў, неабходнасць падтрымання згоды ў адносінах між людзьмі, ахова тэрыторыі ад знешніх ворагаў.

Шляхі фарміравання дзяржаўнасці, як бачна, знаходзяцца ў залежнасці ад развіцця прадукцыйных сіл. Дзяржава рэгулюе грамадскае жыццё, арганізоўвае дзейнасць людзей, абараняе іх інтарэсы ад знешніх ворагаў.

Першыя ўпамінанні пра палітычнае жыццё ў Полацку дае “Повесть временных лет”. Тут сказана, што князь Рурык пасля таго, як да яго перайшла ўся ўлада ў Ноўгарадзе, “стал раздавать мужам своим города – тому Полоцк, этому – Ростов, другому – Белоозеро”.

З гэтага факта мы можам зрабіць цэлы шэраг высноў. Па-першае, у ІХ стагоддзі Полацк – буйнейшы палітычны і эканамічны цэнтр аднаго з княстваў; па-другое, беларускія княствы ў гэты час хаця і былі аўтаномнымі, але знаходзіліся пад уплывам Ноўгарада; па-трэцяе, беларускія плямёны ў гэты перыяд добраахвотна ці гвалтоўна ўключаліся ў склад сфарміраванай Старажытнарускай дзяржавы, сталіцай якой у 882 годзе стаў Кіеў.

Крывічы трапілі ў склад Кіеўскай дзяржавы пры Алегу. Алег валодаў Смаленскам і Полацкам. Дружыны гэтых гарадоў удзельнічалі ў паходзе Алега на Царград.

Радзімічы канчаткова ўвайшлі ў склад Кіеўскай дзяржавы пры Уладзіміру. Дрыгавічы былі падпарадкаваны Кіеву, відаць, раней, таму што яшчэ князь кіеўскі Ігар браў даніну з драўлян, у барацьбе з імі ён і загінуў. Пры Уладзіміру ў Тураве на княжанні знаходзіцца яго старэйшы сын Святаполк, што таксама сведчыць пра вялікае значэнне гэтага горада ў складзе Кіеўскай дзяржавы.

Полацкае княства − самае магутнае і самае значнае княства на тэрыторыі Беларусі ў VIII − ХІ стст. Пражываюць тут крывічы (г.зн. славяне, якія на апошнім этапе выцяснення, асіміляцыі балтаў прынялі і ўвасобілі іх рысы, частку іх культуры, пры пераважаючай ролі славянскай культуры).

Полацкая “зямля”, “воласць” бярэ назву ад горада Полацка (Полтэска, Полатэска), які размешчаны на рацэ Палаце. На думку археолагаў, заснаваны Полацк у ІІІ − ІV стст. н.э.

У часы княжання Прадславы (945 − ?), Рагвалода (970 − 980) Полацкае княства – моцная феадальная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі: суверэнная ўлада князя і народнага веча, дзяржаўная адміністрацыя, сталіца, войска, грашовая сістэма, дзяржаўнае падаткаабкладанне, мясцовае кіраванне.

Улічваючы геапалітычныя намаганні Полацка па супрацьстаянні Кіеву і экспансіі ў бок Балтыйскага мора, падначаленне шэрага прыбалтыйскіх плямёнаў, інтарэсы ў Замор’і, у Візантыі, у Ноўгарадзе, Полацкую дзяржаву з гэтага часу можна адносіць да класічнай феадальнай імперыі.

Узвышэнне Полацкай дзяржавы растлумачвае нам і такі драматычны эпізод гісторыі – барацьбу двух магутных князёў-братоў Яраполка кіеўскага і Уладзіміра наўгародскага за руку дачкі Рагвалода Рагнеды: на чыім баку Полацк, у таго і перавагі.

Свайго апагея барацьба паміж Полацкам, Кіевам і Ноўгарадам дасягнула ў перыяд княжання Усяслава (1044−1101 гг.), пра якога складалася мноства легенд і паданняў.

Людзі таго часу былі ўпэўнены ў чарадзействе гэтага князя. “Усяслаў князь людзям суды судзіў, князям гарады парадкаваў, а ўначы сам ваўком рыскаў: з Кіева ён дасягаў да Тмутаракані да першых пеўняў, ваўком перацінаючы шлях вялікаму сонцу – Хорсу”.

Тураўскае княства займала тэрыторыю паўднёвай Беларусі ў басейне ракі Прыпяць з цэнтрам (палітычным) у Тураве. Тэрыторыя Тураўскага княства адпавядае рассяленню дрыгавічоў. Упершыню Тураў у летапісе ўпамінаецца пад 980 г. Назву горада летапісец звязвае з імем князя Тура.

 

 


Сам палітычны цэнтр выгадна размяшчаецца на водным Прыпяцка-Бугскім гандлёвым шляху з Кіева ў Польшчу. Тут урадлівая глеба, добра развітое рамяство. Уладзімір Манамах з 1113 г. па 1125 г. трымаў Тураў у залежнасці ад Кіева, на які меў свае прэтэнзіі мінскі князь Глеб.

У сярэдзіне ХІІ ст. Тураўская зямля пераходзіла з рук у рукі суздальскіх і валынскіх князёў. У 50-я гады ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання і Кіева. Тут, як і паўсюдна, назіралася феадальная раздробленасць. Утварыліся Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае княствы, якія трапілі ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Ужо ў гэты час у Полацку і ў Тураве актыўна дзейнічала Веча, або народныя сходкі, на якія збіраліся ўсе вольныя грамадзяне для абмеркавання важных спраў. Веча ў Полацку збіралася ў двух месцах – або каля Святой Сафіі, або каля Святой Багародзіцы Старой – гэта значыць на плошчах дзвюх найбольш шанаваных цэркваў.

Веча збіраў князь, часам яно збіралася і без яго. На вечы абавязкова прысутнічаў епіскап. Значэнне веча заключалася ў тым, што тут вырашаліся пытанні перадачы ўлады, яно выбірала князя, заключала з ім дагавор.

Веча мелася ў кожным з полацкіх прыгарадаў. Але ў тым выпадку, калі справа датычылася ўсёй зямлі-княства, пастанова веча галоўнага горада мела вырашальнае значэнне.

Упамінанне ў летапісе пра варагаў паслужыла асновай таго, што ў ХVІІІ – ХІХ стст. гісторыкі пры разглядзе пытання аб стварэнні Старажытнарускай дзяржавы прытрымліваліся так званай нарманскай тэорыі. Тут гаворыцца, што першапачаткова варагі бралі даніну з наўгародцаў, затым былі выгнаны, аднак паміж плямёнамі, ці – гарадамі, пачаліся міжусобіцы, “и ваявати почаша сами на ся”. Пасля гэтага славені, крывічы, чудзь, мера звярнуліся да варагаў: “... Земля наша велика и обильна, а наряда (т.е. порядка) в ней нет. Да пойдите княжить и володать нами”. Варагі згадзіліся.

Палеміка з нарманізмам абвастралася ў сувязі з тым, што ў гітлераўскай Германіі яе выкарыстоўвалі для доказу непаўнацэннасці славянаў і прыналежнасці германцаў да “расы гаспод”. На самой справе ўзровень развіцця варагаў быў прыкладна аднолькавы з абарыгенамі.

Сінхроннасць развіцця варагаў і абарыгенаў і дазволіла варагам актыўна ўключыцца ў працэс будовы феадальных адносін на Русі.

 

§2. Культурнае і духоўнае жыццё нашых продкаў цесна звязана са старадаўнімі вераваннямі і культамі. Амаль да завяршэння Х ст. на Беларусі панавала язычніцтва (ад царкоўнаславянскага “язытцы” – народы, чужаземцы). Язычніцтва – надзвычай шматгранная і разгалінаваная рэлігія. Яна ўключае ў сябе розныя ўяўленні, ідэалагічныя напластаванні розных гістарычных эпох. Каб не парушаць згоду з навакольным светам, людзі пакланяліся Дажбогу, Стрыбогу, Сімарглу, Макошу, Вялесу, Перуну. Вярхоўным богам лічыўся Пярун. Маланка азначала гнеў Перуна. Каб уміласцівіць прыродныя з’явы, людзі ішлі нават на чалавечыя ахвярапрынашэнні.

У 988 – 989 гг. рэлігійны стан старажытнарускага грамадства зазнаў істотныя змены. З Візантыі ў Кіеўскую Русь прыйшло хрысціянства. У кіруючым стане пытанне аб прыняцці новай рэлігіі, лепей прыстасаванай да дзяржаўнага аб’яднання і класавага грамадства, пастаянна стаяла на парадку дня.

Хрысціянства нарадзілася ў Палесціне ў Рымскай імперыі сярод нізоў насельніцтва ў яўрэйскім асяроддзі. Людзі збіраліся для чытання евангелляў і тайнай вячэры.

У евангеллях апісвалася жыццё Ісуса Хрыста і выкладаліся асноўныя палажэнні хрысціянства. Як бачна, хрысціянскай царквой называліся сходы веруючых. У кожнай царкве ўсе былі роўныя і называлі адзін аднаго братамі і сёстрамі. Веруючыя выбіралі епіскапаў, якія назіралі за парадкам.

Паводле евангелля, вучэнне Хрыста было звернута да бедных і пакутуючых. “Прыйдзіце да мяне, усе пакутуючыя, і я супакою вас”, - гаварыў ён. Хрыстос адвяргаў панаванне моцных і ўладу чалавека над чалавекам і казаў: “Але паміж вамі няхай не будзе так”.

Улады лічылі хрысціян апазіцыяй. Хрысціян ссылалі і здзекваліся з іх. Таму першыя хрысціяне стараліся трымацца ў баку ад рымскага жыцця з імператарам, войскам. Але ўладам ад гэтага ніякай карысці не было. Барацьба з хрысціянствам не прыносіла поспеху. Тады імператары (рымскія) дабіліся згоды з хрысціянскай царквой. Хрысціянства зрабілася афіцыйнай рэлігіяй у Рымскай імперыі.

Паступова і ў самім хрысціянскім руху адбываюцца перамены: епіскапы сталі карыстацца ўладай і называцца патрыярхамі; утварылася царкоўная іерархія; вышэйшае духавенства стала збірацца на саборы (з’езды) (325 г. – І усяленскі сабор); тых, хто не падпарадкоўваўся, абвяшчалі ерэтыкамі.

Выпрацаваны (у 381 г.) “сімвал веры” ёсць кароткае выкладанне асноўных палажэнняў хрысціянскай царквы, уключаючы дагмат аб трыадзінстве Бога (Бог-айцец, Бог-сын, Бог-святы дух).

Епіскапы як прадстаўнікі царкоўнай адміністрацыі сталі падтрымліваць свецкае кіраўніцтва і ўсе рымскія парадкі. Рымскія імператары ўступілі ў пагадненне з хрысціянскай царквой, і хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у Рымскай імперыі.

Да сярэдзіны ХІ ст. “хрысціянская” царква была адзінай. Але ў Заходняй Еўропе яна падпарадкоўвалася Рымскаму папе, у Візантыі галавой царквы лічыўся Канстанцінопальскі патрыярх. Ад Візантыі хрысціянскую веру прынялі народы Усходняй Еўропы. Але Рымскі папа жадаў падпарадкаваць сабе ўсіх. З-за панавання над хрысціянскай царквой і атрымання даходаў (што давала царква) паміж папам і патрыярхам ішла вострая барацьба. У 1054 г. адбыўся падзел хрысціянскай царквы. Папа і патрыярх праклялі адзін аднаго. З таго часу заходняя царква стала называцца каталіцкай (сусветнай), а ўсходняя – праваслаўнай (правільнай веры). Пасля расколу цэрквы сталі цалкам самастойнымі.

Аднымі з першых хрысціянства прынялі ў Італіі, Грэцыі (І – ІІ стагоддзі н.ч.), франкі – пры заваяванні Галіі ў канцы V ст. У славянскіх краінах Балгарыі, Сербіі, Маравіі, Чэхіі яно распаўсюдзілася пазней – у ІХ ст., Польшчы – Х ст. (966 г.).

На Беларусь хрысціянства прыйшло ў Х стагоддзі пасля хрышчэння кіяўлянаў і наўгародцаў. У Полацку епархія была створана, напэўна, у 992 г., факт пабудовы тут першай царквы ў імя Багародзіцы, якая прыгадваецца летапісам пад 1007 год, і кафедральнага Сафійскага сабора ў 50-я гады ХІ ст. пацвярджае гэта.

Аб стварэнні епархіі ў Тураве вучоныя выказваюць розныя меркаванні: адны называюць 1005 г., другія – 1088 г.

На беларускіх землях духавенства падтрымлівала свецкую ўладу і клапацілася аб уласных выгадах. Царква атрымлівала ад князёў дзесятую частку дзяржаўных даходаў, значныя зямельныя ўладанні.

Прыняцце хрысціянства, у параўнанні з язычніцтвам, было вялікім крокам наперад. Гэта абумоўлена ўмацаваннем сувязей з другімі дзяржавамі, дзе існавала хрысціянская рэлігія. Хрысціянскае духавенства было адукаваным. У манастырах адкрываліся школы, тут працавалі перапісчыкі кніг і мастакі, у гарадах і вёсках з хрысціянскім насельніцтвам сталі будавацца каменныя будынкі (цэрквы). Як бачна, прыняцце хрысціянства садзейнічала ўздыму культуры, пераадоленню перажыткаў племянной адасобленасці, умацаванню больш развітых грамадскіх адносін.

 

§3. Багатая і шматгранная культура ІХ – ХІІ стст. - адна з перадавых культур свайго часу. Цесныя культурныя сувязі з Паўднёвай Руссю, Візантыяй, Арабскім Усходам, Прыбалтыкай, Скандынавіяй, а таксама Захадам прыводзяць да засваення лепшых сусветных мастацкіх стыляў, да арыгінальнага спалучэння мясцовых, візантыйскіх і раманскіх форм. Творчыя адносіны да сусветнага мастацтва стварылі ўмовы для развіцця самастойных рыс, якія ў больш позні перыяд выявіліся асабліва выразна. Найбольш яскрава яны былі бачны ў культуры Полацкай зямлі, дзе ўжо ў пачатку ХІІ ст. склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу, пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Культура старажытных беларускіх зямель бярэ свой пачатак ад вуснай народнай творчасці: песень, былін, легенд, прымавак, казак, загадак. Асобае месца ў гэтым радзе належыць былінам. У аснове іх гістарычных сюжэтаў часта ляжаць рэальныя падзеі. Так, незвычайны лёс дачкі полацкага князя Рагвалода стаў сюжэтам для шэрага паданняў і былін.

З прыняццем хрысціянства ў старажытнарускай культуры наступае новы этап – з’яўленне пісьменнасці. Русь пазнаёмілася з культурнымі дасягненнямі развітых краін Еўропы і Усхода. Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя на той час людзі. Так было і на Беларускіх землях. Сталыя зносіны з Візантыяй узбагачалі нашу культуру. На Беларусі перакладаліся грэчаскія кнігі аб стварэнні свету, аб біблейскіх героях, аб рымскіх палкаводцах, жыціі святых.

Да сярэдзіны ХІ ст. разам з перакладнымі кнігамі ў Полацку, Тураве, Навагрудку з’яўляюцца і арыгінальныя творы на новай гутарковай мове, у тым ліку летапісы. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца вядомае Тураўскае евангелле (ХІ ст.), Рэйнскае евангелле (ХІ ст.), Служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ ст.), Аршанскае евангелле (ХІІІ ст.). Сярод прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду беларускай гісторыі вызначаюцца Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі, Прадслава – Ефрасіння.

Клімент Смаляціч – манах, вучоны – жыў у першай палове ХІІ ст., з 1147 па 1154 г. – метрапаліт кіеўскі. Вывучаючы кнігі святога пісання айцоў царквы, азнаёміўшыся з дзейнасцю антычных аўтараў Платона, Гамера, Арыстоцеля, ён стаў аўтарам шматлікіх кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. Пісанне, падрыхтаванае Кліментам смаленскаму святару Фаме, якое дайшло да нашага часу, мае вялікую каштоўнасць. З яго мы даведваемся пра накірунак думак Клімента і яго сучаснікаў: у грамадстве таго часу існавалі думкі як аб тым, што Біблію трэба разумець літаральна, а таксама і такія, што тлумачэнні свяшчэнных кніг магчыма даваць толькі з дапамогай свецкай навукі.

Другі прадстаўнік асветы ХІІ ст., выдатны царкоўны дзеяч – Кірыла Тураўскі – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучыўся ў Грэцыі, потым стаў манахам-пустэльнікам, займаў епіскапскі стан у Тураве. Казанні і павучэнні асветніка створаны на аснове візантыйскай рыторыкі. За красамоўства яго назвалі Златавустам.

Ефрасіння Полацкая жыла ў ХІІ ст., любіла чытаць кнігі. Прыняўшы манаства, стала працаваць над перапісваннем кніг. Манастыр, у якім яна жыла і працавала, быў месцам асветы і кніжнасці, буйным рэлігійным і культурным цэнтрам. У сталым узросце Ефрасіння Полацкая здзейсніла паломніцтва ў Палесціну і Іерусалім. Памерла ў 1173 г. Святыя мошчы Ефрасінні Полацкай зараз знаходзяцца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.

Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры Х-ХІІІ стст. з’яўляецца манументальная архітэктура. У архітэктуры ў гэты час дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя збудаванні вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы ўжываліся абчэсаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. З ХІ ст. гэтыя рысы ёсць і ў многіх помніках беларускага дойлідства. У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку быў пабудаваны Сафійскі сабор, у ХІІ ст. у Віцебску пабудавана Барысаглебская царква. Затым мураваныя збудаванні паяўляюцца ў Гродна (Барысаглебская (Каложская) царква, царква ў Ваўкавыску, царква ў Тураве (ХІІ ст.).

 

Такім чынам, фарміраванне феадальных адносін на тэрыторыі ўсходніх славян прывяло да ўзнікнення ў ІХ ст. першай у іх гісторыі Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. У гэты ж перыяд ідзе ўмацаванне раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівае месца сярод іх займае Полацкае і Тураўскае княства.

Вялікае значэнне ў лёсе старажытнай Русі, у тым ліку і яе заходніх зямель, мела прыняцце ў Х ст. хрысціянства. Яно спрыяла ўмацаванню больш развітых грамадскіх адносін, дапамагала пераадолець перажыткі першабытнага ладу, садзейнічала ўздыму культуры, пісьменнасці, умацаванню міжнародных сувязей.

Культура (мова, вера) на заходніх землях Русі мела агульныя рысы з культурай Кіеўскай Русі, а таксама сваю спецыфіку і свае адметныя асаблівасці.

Тэма 2. Развіццё феадальных адносін, барацьба з заваёўнікамі

§1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці

§2. Станаўленне і развіццё феадальнай эканомікі

§3. Барацьба з нямецкімі заваёўнікамі і татарскім нашэсцем

§1. У 467 годзе Заходняя Рымская імперыя, аслабленая паўстаннем рабоў і калонаў, распалася пад разбуральнымі ўдарамі варвараў. Рабства, якое замінала далейшаму развіццю гаспадаркі і культуры, пала. Гэтым фактам завяршылася гісторыя старажытнага часу і пачалася гісторыя сярэдніх вякоў. З пачаткам гісторыі сярэдніх вякоў стан чалавечага грамадства быў адносна стабільным. Перамяшчэнні народаў і войны не мянялі агульнай карціны свету. Ні адна з існуючых цывілізацый у цэлым не выйшла за межы сваіх гістарычных тэрыторый. Не была ў гэтым выключэннем і еўрапейская цывілізацыя. Падобна да іншых цывілізацый яна складалася як пэўная гістарычная супольнасць на працягу многіх стагоддзяў, увабрала ў сябе перш за ўсё антычную спадчыну. Уся еўрапейская адукацыя працяглы час будавалася на вывучэнні грэчаскіх і лацінскіх аўтараў.

У выніку няўхільнага развіцця прадукцыйных сіл, распаўсюджвання жалезных прылад працы, пашырэння ворыўнага земляробства, зараджэння рамесніцкай вытворчасці ішоў працэс разлажэння дапрадукцыйнай цывілізацыі і паступовага ўкаранення феадальных тэхналогій.

Продкі беларусаў мінулі класічныя формы рабства, характэрныя для старажытных Грэцыі і Рыма. На беларускіх землях рабства не магло скласціся ў сілу геаграфічных умоў, і таму феадалізм фарміруецца тут, мінуючы рабаўладальніцтва, непасрэдна пасля шматукладнага грамадства.

Феадалізм (ад лац. уладанне) – грамадска-эканамічныя адносіны з вельмі марудным развіццём прадукцыйных сіл. Характэрнымі рысамі гэтага часу было панаванне натуральнай гаспадаркі, надзяленне непасрэднага вытворцы сродкамі вытворчасці і зямлёй з прымацаваннем яго да зямлі, асабістая незалежнасць селяніна ад памешчыка, надзвычай нізкі і руцінны стан тэхнікі.