Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 11 страница

Улетку 1831 г. пачалося паўстанне на поўдні Мінскай губерні (Мозырскі, Рэчыцкі, Пінскі ўезды). Аднак, пазбаўленае дапамогі другіх тэрыторый, яно не мела належнага размаху і да канца ліпеня было падаўлена.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. пачынаецца паварот у палітыцы царызму да Беларусі. Барацьба з польскім духам цяпер пачала весціся без уліку асаблівасцей Беларусі. У 1831 г. скасаваны дзеянні Літоўскага Статута для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. 14 кастрычніка 1831 г. выйшаў царскі ўказ, згодна з якім усе, хто называў сябе шляхтай, павінны былі прад’явіць у адпаведныя ўстановы дакументы аб шляхецкім паходжанні. У 1832 г. пры ўрадзе створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”. У гэтым жа годзе закрыты Віленскі універсітэт. У сярэдніх навучальных установах пашыралася вывучэнне рускай мовы, гісторыі і геаграфіі. Гімназіі Магілёўскай і Віцебскай губерняў пераведзены цалкам на рускую мову. 12 лютага 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы прынята рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У чэрвені 1840 года выйшаў указ аб адмене дзеяння ў беларуска-літоўскіх губернях Статута Вялікага княства Літоўскага. Пачалося ўвядзенне ў поўным аб’ёме расійскага заканадаўства.

Пасля ўключэння Беларускіх зямель у склад Расіі наступіла стабілізацыя абстаноўкі і паскарэнне эканамічнага развіцця. Пашыраюцца пасяўныя плошчы пад збожжа, тэхнічныя культуры (лён, каноплі, бульбу). Усё гэта дыктуецца патрэбамі Расійскага рынку. Напрыклад, вялікая колькасць беларускай пянькі ішла на задавальненне патрэб будаваўшагася ў той час Чарнаморскага флоту. Вялікая армія Расіі (яе патрэбы ў адзенні) – стымул для павелічэння колькасці палатняных, парусінавых, суконных, канатных і іншых мануфактур. Вялікі попыт на хлеб маецца ў Заходняй Еўропе. Асновай сельскай гаспадаркі становіцца земляробства, у прыватнасці вытворчасць збожжа. Хутка расце таварнасць памешчыцкіх гаспадарак, асвойваюцца нават пустэчы, ідзе высечка лясоў. Частка памешчыкаў пашырае свае землі за кошт сялянскіх угоддзяў.

Сярод сельскагаспадарчых культур у першай чвэрці ХІХ ст. вядучае месца дзеляць паміж сабой жыта і авёс. Яны займаюць да 90 % ад агульнай плошчы пасеяных збожжавых культур (па 45 % на культуру). Прыстасоўваючыся да патрэб рынку, усё больш уцягваючыся ў таварна-грашовыя адносіны, памешчыкі Беларусі перабудоўваюць гаспадарку, засяваючы больш выгадныя ў таварных адносінах культуры. У выніку сталі больш выразна акрэслівацца раёны з тым ці іншым напрамкам спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Віцебская губерня канцэнтруе ўвагу на льнаводстве. Гэта ж культура пануе і ў паўночных паветах Мінскай, Віленскай, Магілёўскай губерняў. Раёнам найбольшага распаўсюджання пасеваў канапель былі цэнтральныя і паўднёвыя паветы Магілёўскай і ўсходнія Мінскай губерняў. Бульба з агароднай культуры ператвараецца ў палявую. Яе выкарыстоўваюць як сыравіну ў вінакурнай прамысловасці. Да 40-х гадоў бульба стала адной з найважнейшых даходных культур у памешчыцкай гаспадарцы.

Важнейшай галіной многіх памешчыцкіх гаспадарак стала вінакурэнне. У пачатку 40-х гг. ХІХ ст. у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай губернях дзейнічала больш за 3 тыс. вінакурных заводаў. Яны выраблялі да 6,5 млн. вёдраў гарэлкі ў год. А ў пачатку ХХ ст. у Беларусі налічвалася больш за 6 тыс. вінакурняў, або 25 % ад агульнай іх колькасці ў цэлым па Расіі. Даход ад продажу гарэлкі і спірту складаў 50-60 %, а часам і больш за усе даходы маёнтка.

Жывёлагадоўля ў гэты час не стала таварнай галіной, яна займала другараднае месца. Затое таварны характар набывае танкарунная авечкагадоўля. У памешчыка Паўлоўскага (Гродненская губерня) ферма мела амаль 40 тыс. авечак. Воўна вывозілася ў Польшчу, Рыгу, Данцыг, Маскву, Пецярбург, паступала на мясцовыя суконныя прадпрыемствы. З другой чвэрці ХІХ ст. у Беларусі пачала развівацца таварная свінагадоўля. У паўднёвых паветах Магілёўскай, Мінскай губерняў з пачатку 40-х гг. сталі сеяць цукровыя буракі і адкрываць цукраварныя заводы. Крыніцай даходаў асобных памешчыцкіх гаспадарак з’яўляецца продаж лесу.

Многія памешчыкі ў гэты час зацікаўлена адносяцца да навейшых рацыянальных спосабаў вядзення гаспадаркі. Шырока выкарыстоўваюць машыны (малатарні, веялкі і г.д.), укараняюць агратэхнічныя навінкі (шматпольныя севазвароты), робяць пераход да наёмнай працы. Уладальнікі буйных маёнткаў, пераконваючыся ў большай эфектыўнасці наёмнай працы, пераводзяць свае гаспадаркі на гэтую форму адносін.

Удасканаленню сельскагаспадарчай вытворчасці садзейнічала заснаванае ў 1826 г. “Беларускае вольнае эканамічнае таварыства”, якое праіснавала 15 год. Гэтаму ж самаму падпарадкавана і ўтварэнне Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Акрамя асноўнай функцыі – падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі – інстытут узяў на сябе абавязкі збору і праверкі перадавога вопыту вядзення сельскай гаспадаркі, яго прапаганды, наладжвання сельскагаспадарчых выставак, выпуск інфармацыйных запісак і г.д. Аднак новыя з’явы ў першай палове ХІХ ст. захапілі не ўсе маёнткі. Частка памешчыкаў гаспадарылі па-старому. Панавала прымусовая праца, рост таварнасці дасягаўся за кошт павелічэння паншчыны.

Вялікая ўвага надаецца будаўніцтву шляхоў зносін. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскага канала. Ён злучыў басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны. Судаходныя зносіны па канале былі адкрыты ў 1806 г. У 1803 г. закончана рэканструкцыя Агінскага канала (ён злучыў басейны Дняпра і Нёмана). Пачалося паскоранае ўзвядзенне паштовых станцый. Назіраецца прыкметны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Так, за 10 год (1776–1786 гг.) у Віцебску насельніцтва павялічылася амаль у 2 разы: з 5500 да 10300 чалавек.

Гарадская прамысловасць у першай палове ХІХ ст. фактычна знаходзілася на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчасці. У канцы 20-х гг. ХІХ ст. колькасць дробных прамысловых прадпрыемстваў нязначна скарачаецца: 1796 г. – іх было 8844, у 1828 г. – 6681 (пераважна вінакурні і млыны). За гэты ж час лік мануфактур вырас амаль удвая, з 58 да 104. У 1860 г. – мануфактур стала ўжо 127. Пачынаецца пераход ад ручной працы да машыннай, утвараюцца першыя фабрыкі. Пачатак фабрычнай вытворчасці быў пакладзены ўсталяваннем у 1825-1827 гг. паравых рухавікоў на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава Слонімскага і ХомскКобрынскагапавету.У 1850 г. на Беларусі налічвалася 13 фабрык, у 1860 г. – 30. Фабрыкі пераўзышлі па вытворчасці (у рублях) прадукцыі мануфактуры, хоць мануфактур у гэты час было больш. Але ж дробная прамысловасць пераважае, у 1860 годзе яна выпускала прадукцыі ў 2 разы больш, чым мануфактурная і фабрычная разам узятыя.

Усё ж час бярэ сваё. Паступова развіваюцца капіталістычныя адносіны (праўда, больш марудна, чым у цэнтральных раёнах Расіі). Узрастае колькасць капіталістычных прадпрыемстваў, заснаваных на вольнанаёмнай працы. У сярэдзіне ХІХ ст. трэцяя частка прадпрыемстваў, мануфактур, фабрык належала капіталістам і была заснавана на працы вольнанаёмных рабочых. Праўда, і тут таксама пераважала дробная вытворчасць: з 4020 прамысловых прадпрыемстваў 3860 уяўлялі сабой дробныя майстэрні, у кожнай з іх працавала не больш за 16 рабочых. На ўсіх прамысловых прадпрыемствах працавала 17 тыс. рабочых. З іх вольнанаёмных было прыкладна 6 тыс. Самымі буйнымі прадпрыемствамі былі металаапрацоўчае прадпрыемства Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага павета (600 рабочых) і цукровае прадпрыемства князя Паскевіча ў мястэчку Гомелі Беліцкага павета (прыкладна 200 рабочых).

У гарадах і мястэчках Беларусі ў 1850 г. налічвалася 272 прадпрыемствы. Падзяліліся яны на такія тыпы, як рамяство (да 5 рабочых), простая кааперацыя (5-15 рабочых) і адзінкавыя мануфактуры (больш за 15 рабочых). Усе гарадскія прадпрыемствы належалі мяшчанам і купцам. У 30-50-я гг. узрастае (з 6,4 тыс. да 13,5 тыс.) колькасць рамесніцтваў, якія займаюцца вырабам абутку і адзення, апрацоўкай скур, дрэва, металу, будаўнічымі і рамонтнымі работамі. Да пачатку 50-х гг. большасць гарадскіх рамеснікаў уваходзіла ў цэхі і дзяліліся яны на майстроў, чаляднікаў, вучняў.

У гэты час пераважае тып вывазнога гандлю. З Беларусі ў іншыя рэгіёны краіны вывозілася гарэлка, хлеб, лён, пянька, алей, сала, лес, лесаматэрыялы, увозіліся соль, металы, цукар, тканіна, рыба, гарбата, сельскагаспадарчая тэхніка, абсталяванне. Знешні гандаль ажыццяўляўся ў асноўным па рачных сістэмах. Ва ўнутраным гандлі важную ролю адыгрывалі кірмашы. Паступова эпізадычны кірмашовы гандаль пачаў замяняцца пастаянным магазінным.

§2. Да пачатку ХІХ ст. Расія ўяўляла сабой вялікую кантынентальную дзяржаву: стала ўплывовай на міжнароднай арэне. Выйграла цэлы шэраг бітваў: з Асманскай Імперыяй, Швецыяй. У яе ўвайшла спачатку Усходняя Грузія, а ў 1803–1804 гг. – яе астатняя тэрыторыя (Менгерэлія, Гурыя, Імерэція). У 1812 г. да Расіі была далучана Малдавія. Побач з Расіяй, Англіяй, Прусіяй значную ролю ў Еўрапейскай палітыцы адыгрывала Францыя.

Да гэтага часу міжнародныя абставіны ў Еўропе рэзка абвастыріліся. Пачынаецца паласа напалеонаўскіх войнаў, у якія былі ўключаны ўсе еўрапейскія краіны, у тым ліку і Расія. У Францыі зацвердзіліся капіталістычныя адносіны. Да пачатку ХІХ ст. пад уладаю Напалеона знаходзілася амаль уся цэнтральная і паўднёвая Еўропа. У маі 1803 г. Напалеон аб’явіў вайну Англіі. І гэта краіна распачала дыпламатычныя дэмаршы пры дварах еўрапейскіх манархаў з мэтай стварэння кааліцыі супраць Францыі. 2 красавіка 1805 г. была заключана Англа-Руская ваенная канвенцыя, да яе далучыліся Аўстрыя, Швецыя і Неапалітанскае каралеўства. Расія таксама ўцягнулася ў вайну. Супраць Напалеона было накіравана руска-аўстрыйскае войска (430 тыс.). Напалеон атрымаў над ім перамогу пры Аўстэрліцы (20 лістапада 1805 г.). Асобна разбіў Аўстрыйскае, затым і Расійскае войска.

Пасля перамогі пад Аўстэрліцам Напалеон летам 1806 г. захапіў Галандыю, моцная пагроза навісла над Аўстрыяй. Да сярэдзіны 1806 г. склалася 4-я кааліцыя супраць Францыі. Аднак Напалеон пры Іэне і Аўэрштадцы разграміў прускія войскі. Значныя бітвы ён правёў з рускімі 26-27 студзеня пры Прэйсіш-Эйлаў і 2 чэрвеня пад Фрыдландам.


У ходзе гэтых бітваў Напалеон пацясніў рускіх да Нёмана і сам прапанаваў згоду. 25 чэрвеня 1807 г. была заключана Тыльзіцкая згода. На яе глебе з тых памесцкіх зямель, якія знаходзіліся ў складзе Прусіі, утвараецца Вялікае Герцагства Варшаўскае. У 1809 г. да Герцагства Варшаўскага далучаны Польскія землі, адабраныя ў Аўстрыі (заходняя Галіцыя, Кракаў, Вялічка). 24 чэрвеня 1812 г. 450-тысячная французская армія перайшла граніцу з Расіяй. 28 чэрвеня французы занялі Вільню. 1 ліпеня 1812 г. Напалеон выдаў дэкрэт аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага, уключыўшы ў яго Віленскую, Гарадзенскую губерні, Беластоцкую вобласць. Утвораны Галоўны камітэт кіраўніцтва княствам (часовы ўрад). Такім чынам, Напалеон разлічваў зрабіць больш прыхільнай да сябе шляхту.

У межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны войску французаў у чэрвені 1812 года супрацьстаялі тры рускія арміі. 1-я – генерала М.Б.Барклая дэ Толі, 2-я – генерала П.І. Баграціёна, 3-я – генерала А.П.Тормасава.

Рускія арміі ўхіляліся ад рашаючых бітв. Яны адступалі з мэтай злучэння, каб пазбегнуць разгрому паасобку. Адступалі з баямі (буйнейшыя – пад Кобрынам, Мірам, Салтынаўкай, Полацкам). Французы занялі Магілёў і падрыхтавалі пазіцыі для сустрэчы рускіх ля вёскі Салтанаўка ў 11 км. ад Магілева. Тут адбыліся жорсткія баі. Корпусу генерала Раеўскага ўдалося на суткі скаваць значныя сілы французаў, што дазволіла Баграціёну пераправіцца з асноўнымі сіламі праз Днепр.

Каля мястэчка Клясніцы генерал Кульнёў атрымаў перамогу над войскамі маршала Удзіно, які страціў амаль увесь абоз і 900 палонных, быў вымушаны адступіць да Полацка. У раёне Віцебска рускім арміям аб’яднацца не ўдалося. З 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Наступленне яго арміі было прыпынена. Намер Напалеона на перамовы аб пагадненні не апраўдаўся.

Пасля таго як 22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам, 5 жніўня адбылася Смаленская бітва. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў, 26 жніўня адбылася генеральная бітва ля в. Барадзіно. Захапіўшы спаленую Маскву і не дачакаўшыся адказу рускага цара аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка пачаў адступаць з Масквы на Смаленск. 7 кастрычніка 1812 года рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск. Завяршальны ўдар рускія войскі нанеслі французам пры пераправе праз Беразіну каля в. Студзенка, што недалёка ад Барысава. 30 тысяч іншаземных захопнікаў знайшлі тут сваю гібель.

Вайна з Напалеонам нанесла беларускаму народу велізарныя бедствы. Многія гарады і вёскі былі разбураны, а некаторыя ўвогуле знішчаны. “Праедзеш Оршу, Дуброўна, Барысаў, Мінск, - пісаў Ф. Глінка, - і нічога не заўважыш, апрача... паўсюднага разбурэння – немінуючага выніку вайны”.

У выніку вайны рэзка скарацілася сялянскае і гарадское насельніцтва. У Віцебску мужчынская частка зменшылася амаль што ў 3 разы (7808 (на пачатак 1812 г.) – 2415 (1813 г.)). Прыйшло ў заняпад земляробства, у 1813 г. пасяўная плошча складала толькі 50 % даваеннай.

 

Такім чынам, далучэнне Беларускіх зямель да Расіі дало імпульс паскоранаму развіццю яе эканомікі, садзейнічала кансалідацыі беларускага народа, росту яго самасвядомасці, узаемаабагачэнню культур, знаёмству беларусаў з лепшымі ўзорамі рускай і сусветнай культуры, у горадзе і ў вёсцы ідзе развіццё новых капіталістычных адносін.

Велізарныя страты нанесла Беларусі вайна 1812 г. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. У гарадах насельніцтва зменшылася ў 2-3 разы. Прыйшла ў заняпад сялянская гаспадарка.

Пытанні і заданні:1. Якімі прычынамі абумоўлены буржуазныя рэвалюцыі 1848-1849 гг. у краінах Еўропы? 2. Вызначце становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ – сярэдзіне ХІХ стст. 3. Пакажыце ход вайны з войскамі Напалеона на тэрыторыі Беларусі. Прааналізуйце значэнне вынікаў вайны для беларускага насельніцтва.

 

Тэма 2. Беларусь у час нараджэння індустрыяльнай цывілізацыі

§1. Сялянская гаспадарка. Спробы гаспадарчых рэформ

§2. Культурнае жыццё, змены ў сістэме адукацыі

 

§1.У першым дзесяцігоддзі ХІХ ст. сялянства складала 93,5 %. Пераважная яго маса (каля 70 %) усё яшчэ належала памешчыкам. Памешчыцкія (паселеныя) сяляне – гэта асноўная маса сялян, якія карысталіся зямельным надзелам ва ўмовах выканання за гэта павіннасцей. Яны мелі сваю гаспадарку, рабочую жывёлу, прылады вытворчасці, якімі апрацоўвалі свае надзелы і памешчыцкія палі.

З цягам часу наглядаецца тэндэнцыя скарачэння прыгонных і павелічэння колькасці казённых (дзяржаўных) сялян. У 40-х гадах гэта група сялян складала 19%. Каля 4% сялян належала дваранам і чыноўнікам. Дваровыя сяляне былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці, яны не вялі ўласнай гаспадаркі, а працавалі на памешчыцкія двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. Гэта група пастаянна скарачалася і да 40-х гг. ХІХ ст. складала прыкладна 3 %.

Аб характары землекарыстання можна сказаць, што ва ўсходняй частцы Беларусі існавала абшчыннае землекарыстанне, у цэнтральных і заходніх раёнах Беларусі землекарыстанне было падворным.

У памеры зямельных надзелаў памешчыцкіх сялян наглядаецца вялікая стракатасць: ад 7 дзесяцін да 20 дзесяцін на гаспадарку. Калі ўлічыць, што сялянская сям’я ў сярэднім складалася з 5-6 душ, то сярэдні памер зямельнага ўчастка на душу раўняўся 1,2-1,5 дзесяціны. Пры нізкай урадлівасці глебы, надзвычай адсталай агратэхніцы і недахопе часу для апрацоўкі сваіх надзелаў зямлі ледзь хапала, каб забяспечыць мізэрны пражытачны мінімум. Сапраўды, сяляне прымянялі драўляную саху з жалезным наканечнікам, драўляную барану, касілі сярпом, малацілі драўлянымі цапамі. Многа часу ішло на адбыццё розных павіннасцей. Высокая норма адпрацовачных павіннасцей (6 дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі: па 3 дні работы мужчынскай – “са збруяй” і столькі ж “работы жаночай”) адрывала сялян ад працы на сваіх палях, а гэта згубна адбівалася на стане сельскай гаспадаркі.

Новым у гэты час для Беларусі відам цяжкай павіннасці, якая адымала ў сялянскіх сем’яў маладых, здаровых работнікаў, стала рэкруцкая павіннасць.

Ярмом клаліся на сялян розныя дзяржаўныя павіннасці – падушны падатак, земскі збор, перавозка ваенных грузаў. Многія памешчыкі заключалі кантракты з падрадчыкамі, адпраўлялі сваіх прыгонных на працу ў розныя месцы Расіі. У 1842 г. на будаўніцтве Дняпроўска-Бугскага канала працавала больш за 110 тыс. прыгонных землякопаў, большасць з якіх складалі беларусы. Тысячы беларускіх сялян працавалі на будаўніцтве Пецярбургска-Маскоўскай чыгункі. Паўсюдна з-за цяжкіх умоваў жыцця і працы тысячы з іх атрымлівалі калецтвы, станавіліся непрацаздольнымі, раней часу паміралі.

Аднак пры ўсіх цяжкасцях селянін яшчэ развіваў промыслы: наладзіў ткацкую справу, выраб аўчын, пляценне лапцей, выраб саней, вазоў, баржаў, простых прылад працы; у лясных краях сяляне займаліся выганкай смалы, дзёгцю, апрацоўкай дрэва, рабілі кадушкі, абады, дошку і г.д.

Прымяняюцца ў гэты час і адыходніцкія работы: сплаўныя, дарожнае будаўніцтва, высечка і вываз лесу і г.д. Фактарам, які вызначаў маёмаснае становішча сялян, з’яўлялася забяспечанасць іх зямлёй і жывёлай. Паводле гэтай прыметы яны дзяліліся на цяглых, агароднікаў і бабылёў. Цяглыя – гэта група сялян, якая мела поўны надзел. Агароднікі – карысталіся толькі сядзібнай зямлёй, радзей сенажаццю, мелі дробную жывёлу, зрэдку каня. Бабылі, або кутнікі, – не мелі зямлі, а часам і свайго жылля, не было ў іх жывёлы.

Царскі ўрад шукае выйсце ў распрацоўцы мерапрыемстваў па сялянскіх пытаннях. Па прапанове міністра дзяржаўных маёмасцей графа П.Д. Кісялёва прадугледжваецца змяншэнне сялянскіх павіннасцей і павелічэнне іх зямельных надзелаў. У 1835 г. выдадзены правілы аб аддачы беларускімі панамі сваіх сялян у наймы. Пан не меў права аддаць у наймы ўсю вёску цалкам, не больш за 50 % сям’і, прапісаны былі і іншыя абмежаванні для пана. У снежні 1839 г. падпісана Палажэнне “Аб люстрацыях”, у якім прадпісвалася ўрэгуляванне гаспадарчага становішча сялян: больш дакладна рэгламентаваліся іх адпрацовачныя і натуральныя павіннасці. Яны праводзіліся ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю зямельных надзелаў. У сукупнасці павіннасці сялян не маглі быць вышэй 1/3 валавага даходу. Гэтая мера палепшыла гаротнае становішча дзяржаўных сялян на Беларусі, але памешчыцкая і сялянская гаспадарка ўсё больш прыходзіла ў заняпад.

Такім чынам, да канцу 50-х гг. ХІХ ст. у паншчыннай сельскай гаспадарцы Беларусі настаў крызіс, абумоўлены нарастаючым канфліктам паміж ростам прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, з аднаго боку, і прыгоннымі адносінамі, якія тармазілі іх, – з другога. Ідзе разлажэнне прыгоннага ладу.

§2. У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. моцныя пазіцыі ў Беларусі мела польская культура. Польская мова была мовай пераважнай часткі адукаванага насельніцтва, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання. На карысць пальскай культуры працавала шмат ураджэнцаў Беларусі. Беларускія магнаты і буйная шляхта, а таксама амаль уся інтэлігенцыя засвоіліпольскую мову і культуру, а вуснай беларускай мовай у розных дыялектах карысталіся сялянства, збяднелая шляхта, ніжэйшія станы гарадского і сельскага насельніцтва. Пасля далучэння Беларусі да Расіі афіцыйнае становішча заняла руская мова, у грамадскім і культурным жыцці да падаўлення паўстання 1863-1864 гг. панавала польская мова. Але сацыяна-эканамічныя змены ў грамадстве, рэвалюцыйны настрой, што ахапіў частку рускага дваранства закрануў і Беларусь, усё гэта садзейнічала выпрацоўцы новай літаратурнай мовы на базе шматлікіх беларускіх гаворак (дыялектаў). Гэта мова абапіралася выключна на жывую народную гаворку.

Атрымаўся сваеасаблівы штуршок да росту нацыянальнай свядомасці беларускай інтэлігенцыі. Дастаткова апалячаная і акаталічаная беларуская інтэлігенцыя пасля 1812 г. пачала выказваць сваю цікавасць да нацыянальнага жыцця беларускага народа.

У асяроддзі польскай інтэлігенцыі таксама ўзмацняецца цікавасць да беларускай этнаграфіі і фальклору. Звязана гэта цікавасць з дэмакратызацыяй шляхецкага вызваленчага руху, яго пошукамі апоры ў сялянстве, у тым ліку – шматлікім беларускім. Часткова ў гэтым была даніна тагачаснаму рамантызму з яго культамі старадаўнасці і народнасці.

Жывая мова беларускага народа зрабіла больш каларытнымі і выразнымі пародыі на асобныя гістарычныя творы. Самымі значнымі тут з’яўляюцца жартоўныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Нарадзіліся яны ў асяроддзі мясцовай інтэлігенцыі, якая добра была знаёма з мовай і бытам беларускага сялянства і дасканала арыентавалася ў літаратурным жыцці таго часу. Невядомы аўтар “Энеіды” парадыруе вергіліевы ўзоры, паказвае жыхароў неба ў выглядзе простых грэшных людзей, паноў і сялян, дае яскравыя замалёўкі іх узаемаадносін. Тон пародыі перадае характар сацыяльных адносін.

Паэма “Тарас на Парнасе” створана некалькі пазней, яе ўзнікненне адносяць да канца 30-х гг. 19 ст. Тут высмейваюцца міфічныя багі і героі: просты селянін-ляснік Тарас трапляе да багоў. Перад яго вачыма праходзяць розныя сцэнкі з іх побыту, і ён перадае па-свойму, што бачыў і чуў. Тарас нагадвае малюнкі самага звычайнага жыцця, у адносінах багоў ужывае самыя зямныя паняцці. Падабенства да жыцця смяротных пачынаецца ўжо з таго, што Парнас - гэта панскі двор, абгароджаны яловым плотам, дзе бегаюць дамашнія жывёліны (свінні, козы, сабакі, бараны). У другім месцы, калі апісваецца, як рупліва багі збіраліся ля стала, перадаецца гэта так: “Во, з усяго сабралісь неба! Як тараканы каля хлеба.” Так і замацоўваецца ўяўленне пра Парнас, як пра тлумнае зборышча, або карчму, дзе кожны робіць, што хоча. Тут не толькі кураць, спяваюць, але і рамантуюць, плятуць лапці, шыюць хадакі багіням, а тыя мыюць багам кашулі і парткі. Як бачна, у гэтым творы як і ў “Энеідзе навыварат” паказаны вялікія магчымасці жывой беларускай мовы.

У першай палове ХІХ ст, па сутнасці, адзінай сферай выкарыстання новай беларускай мовы была мастацкая літаратура. У сувязі з цяжкасцямі друкавання і распаўсюджвання беларускіх твораў, а таксама забаронай у канцы 50-х гадоў друкавання беларускіх кніг лацінскім шрыфтам, літаратура была ў асноўным рукапіснай і ананімнай. У вершаваных гутарках (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, “Вясна гола перапала” і іншых творах) паказана неабходнасць усталявання роўнасці ўсіх людзей, неабходнасці іх маральнага ўдасканальвання. Трэба, каб пан шанаваў селяніна, добра, па-людску да яго адносіўся і клапаціўся аб ім. Селянін у адказ павінен шчыра працаваць, любіць добрых паноў, родных брацьцяў. А калі пан нядобры, калі ён здзекуецца з селяніна, то трэба цярпець, бо праўда сама сябе скажа.

Селянін не толькі можа, але і павінен жыць у рамках феадальнага ўкладу. Праўда, у вершы “Вясна гола перапала ” аўтар дайшоў да думкі аб волі прыгнечанага селяніна. Селянін кажа: “... вось нам вольнасць дадуць скора, і як птушкі будем жыць”. Вольнасць тут прымітыўная: “будзем раўныя з панамі, самі будзем мы паны – і гарэлку піць жбанамі і гуляць так, як яны”.

Некалькі глыбей аўтар ставіць праблему вольнасці далей: “Перастануць нашым братам (селянінам) як скацінай таргаваць, напускацца ліхім матам, скуру з ног і да карка драць. Хоць халодна, хоць галодна – холад, голад ніпачом. Эх, каб толькі нам свабода! На свабодзе аджывем. Вось панам ня дужа лоўка, самім трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыйдзецца араць”.

Таленавітыя пісьменнікі і паэты рамантычнага накірунку А.Міцкевіч, Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, А.Рыпінскі, В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля, А.Вярыга-Дарэўскі, П.Багрым, Ф.Савіч у аснову сваіх твораў паклалі фальклор і жывую мову народа.

Першым сапраўдным беларускім песняром лічыцца Вінчук Дунін-Марцінкевіч (1807-1884гг.). Аб’ектам яго творчасці з’яўляецца просты беларускі люд і наогул вёска. Дунін-Марцінкевіч з’яўляецца аўтарам вершаваных аповесцей “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”, “Халімон на каранацыі”; камедыі “Пінская шляхта”, у якой высмейваюцца бюракратызм чыноўніцтва і правінцыяльныя норавы шляхты.

Ян Чачот (1796-1847) вядомы як паэт, выдавец польскага часопіса “Niezabudka” ў Пецярбурзе і як аўтар некалькіх твораў, якія мелі непасрэдныя адносіны да Беларусі: вершаў “Дзеванька” і “Гарэліца”, паэмы “Рабункі мужыкоў” і кнігі “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Ян Чачот мае заслугі перад беларускай літаратурай. Яны заключаюцца ў тым, што ён адзін з першых зрабіў беларускае слова і народную паэтычную творчасць прадметам увагі, адкрыў для чытачоў іх самабытнасць. Яго фальклорныя зборнікі ўключаюць “Сялянскія песні з ваколіц Нёмана і Дзвіны”, а таксама 29 асабістых вершаў. Ян Чачот набыў вядомасць як збіральнік, даследчык і перакладчык на польскую мову беларускіх народных песень. Найбольш вядомыя яго зборнікі “Вясновыя песні”. Ян Чачот апублікаваў каля 30 сваіх беларускіх вершаў. Ён, мабыць, бліжэй за ўсіх падыходзіць да прыгнечанага беларускага сялянства. Гэта бачна з яго ж твораў, дзе праходзіць думка, што затым бог даў яму на свеце гора гараваці, каб ён лепш любіў селяніна і ўмеў яму спагадаці. Адносіны да селяніна ў яго сваеасаблівыя: бяда селяніна не ў існаванні прыгону, а ў тым, што селянін часта гультаіць і п’е шмат гарэлкі. Селянін будзе добра жыць, калі будзе працавітым і цвярозым гаспадаром.

Адным з заўзятых збіральнікаў беларускай вуснапаэтычнай творчасці, узоры якой запісваў на Полаччыне, Віцебшчыне і Мсціслаўшчыне, быў Ян Баршчэўскі.

У выяўленчым мастацтве афіцыйным напрамкам да сярэдзіны ХІХ ст. быў класіцызм. Таленавітыя мастакі І.Аляшкевіч, Я.Густэм, В.Ваньковіч засяродзілі сваю ўвагу на партрэтным і пейзажным жанры.

Перыяд з канца ХVІІІ – першая палова ХІХ ст. – адзін з самых супярэчлівых і складаных у гісторыі асветы Беларусі. Ідзе барацьба паміж дзвюма супярэчлівымі тэндэнцыямі. Адна з іх – захаваць школу ў мінулым выглядзе – выхоўваць вернападданства; другая – будаваць школу, якая адлюстроўвае прагрэс у сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці.

Рэформа асветы 1803–1804 гг. павінна была забяспечыць растучую прамысловасць і гандаль пісьменнымі людзьмі. Згодна рэформе, у паветах ствараліся 4-гадовыя вучылішчы. Вучэбны план вучылішча асноўнае месца адводзіў вывучэнню мовы і літаратуры; прыкладна 1/4 усяго часу адводзілася фізіка-матэматычным навукам. Выкладалі тут таксама гісторыю, геаграфію, логіку і права. Калі былі жадаючыя вывучаць рускую мову, то тады і яна ўводзілася. Багаслоўе як прадмет у плане адсутнічала, але мясцовы ксёндз абавязаны быў штодзённа перад урокамі вадзіць навучэнцаў у царкву. Некаторыя вучылішчы потым атрымалі статус гімназій. У іх навучанне было разлічана на 7 гадоў. Гімназіі, як між іншым і вучылішчы, аб’яўляліся даступнымі для ўсіх.

Пасля 1807 г. вядзецца стварэнне некалькіх тыпаў прыходскіх вучылішчаў. Для дзяцей дваранства і рамеснікаў заснаваны мужчынскія і жаночыя 2-класныя вучылішчы. Праўда, калі ў вучылішчы займаліся дзеці бедных рамеснікаў, для таго, каб “падзяліць працу бацькоў”, іх тэрмін навучання скарачаўся на 6 месяцаў. Для сялянскіх дзяцей адкрываліся толькі аднакласныя вучылішчы. Галоўным чынам іх вучылі тут “перасаджванню і прышчэпліванню дрэў, вытворчасці добрых земляробчых прылад і хатняй гаспадарцы”, павінны былі яны “завучваць на памяць духоўныя песні”.

Працягвалі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі манастырскія пансіёны для дзяўчынак, езуіцкія навучальныя ўстановы.

У цараванне Кацярыны, Паўла, Аляксандра І ўрад падтрымліваў езуітаў: адкрываў перад імі шырокае поле дзейнасці. У студзені 1812 г. на базе калегіі, утворанай яшчэ ў 1581 г. П.Скаргам, у Полацку заснавана езуіцкая Акадэмія. Акадэмія існавала да 1820 г.

Буйныя памешчыкі імкнуліся выкарыстаць школьную адукацыю для падрыхтоўкі кваліфікаваных работнікаў сельскай гаспадаркі, якія б засвоілі асновы аграноміі за параўнальна кароткі тэрмін. Гэтыя абставіны садзейнічалі таму, што ў Беларусі ствараюцца і шырока выкарыстоўваюцца буйныя (на некалькі соцен дзяцей) школы ўзаемнага навучання. З’яўленне падобных школ было не толькі адлюстраваннем узросшых запатрабаванняў памешчыцкіх гаспадарак у спецыяльна падрыхтаваных работніках, але і паказчыкам імкнення сялян да адукацыі.

У 20-я гады ХІХ ст. ва ўнутранай палітыцы царызму, у тым ліку і ў галіне адукацыі, узмацніўся іншы накірунак. У 1828 г. быў зацверджаны новы школьны статут, які ліквідаваў пераемнасць вучэбных планаў прыходскіх школ, павятовых вучылішчаў і гімназій. Кожная ступень адукацыі прызначалася для адпаведнай сацыяльнай групы насельніцтва. Аднакласныя прыходскія вучылішчы былі разлічаны на дзяцей самых нізкіх слаёў; трохгадовыя павятовыя – пераважна для дзяцей купцоў, рамеснікаў і іншых гараджан; гімназіі – для дзяцей дваран і чыноўнікаў. Ва універсітэты і гімназіі прымаліся толькі прадстаўнікі свабодных слаёў.

Пасля паўстання дзекабрыстаў і польскага паўстання 1830–1831 гг. сістэма асветы рэарганізуецца ў напрамку самадзяржаўя, праваслаўя, народнасці. На Беларусі гэтыя прынцыпы выявіліся перш за ўсё ў непрызнанні нацыянальнай самастойнасці беларускай мовы. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай рэзкі ўхіл бярэцца ў бок рускай мовы. Праз школу на рускай мове царскі ўрад імкнуўся абмежаваць распаўсюджанне польска-каталіцкага ўплыву на Беларусь. Дэмакратычныя колы польскага вызваленчага руху Беларусі і перадавыя слаі рускага грамадства выступаюць сумесна за свецкую, бессаслоўную адукацыю, за тое, каб улічваць інтарэсы ўсяго насельніцтва.

Развіццё грамадства патрабуе змен, і яны паступова адбываюцца. У пачатку 40-х гг. у вёсках дзяржаўных сялян адкрываюцца пачатковыя школы. У канцы 50-х гг. іх было на Беларусі больш за 100, дзе навучалася больш за 2 тыс. чалавек. У 1840 г. пачынае працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа. Яе структура складаецца з двух разрадаў – вышэйшага і ніжэйшага. У першым рыхтавалі кіраўнікоў казённых і прыватных маёнткаў, у другім – іх тэхнічных памочнікаў, так званых “земляробчых вучняў”. Пры школе арганізавана ферма (за 8 гадоў школу скончылі 162 чалавекі). А калі ў 1848 г. школа пераўтвараецца ў земляробчы інстытут, пры інстытуце заснована і земляробчае вучылішча. Тут ёсць вучэбныя палі, конны завод, аўчарня, маслабойня.