Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 14 страница

Праграма Часовага Урада складалася пад націскам Петраградскага Савета, была даволі дэмакратычнай, але ўлічваць трэба тое, што ў яго складзе было шмат дзеячаў расійскага лібералізму, якія жадалі ў паслялютаўскіх абставінах пакончыць з самадзяржаўем.

Перамога Лютаўскай рэвалюцыі вызначалася ў Петраградзе. Другая сталіца – Масква, буйныя гарады, фронт, уся перыферыя, у тым ліку Беларусь, увогуле мірна прынялі тое, што ў канцы лютага – пачатку сакавіка здарылася ў Петраградзе. Паведамленне аб падзеях у Петраградзе ў Мінску атрымалі 1 сакавіка. І тут рэвалюцыя мела падтрымку. У Мінску хутчэй за ўсіх зарыентаваліся бальшавікі. Яны адразу правялі дзве нарады: першая – у ноч з 1 на 2 сакавіка, а другая – 3 сакавіка, разам з прадстаўнікамі 3-й і 10-й армій Заходняга фронту. На нарадах было вырашана неадкладна прыступіць да арганізацыі Мінскага Савета.

Выбары дэпутатаў прайшлі на фабрыках і заводах, у часцях гарнізона. 4 сакавіка было аб’яўлена аб стварэнні Мінскага Савета рабочых. Але ўтварыўся толькі Часовы выканаўчы камітэт у складзе 9 членаў пад старшынствам міжраёнца Б. Позерна (пазней стаў бальшавіком). У склад Выканкома ўвайшлі бальшавікі М.Фрунзэ, М.Крывашэін, І.Любімаў.

6 сакавіка ў часцях Мінскага гарнізона закончыліся выбары салдацкіх дэпутатаў. Тады быў створаны адзіны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 8 сакавіка на першым пасяджэнні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў быў абраны пастаянны выканком у складзе 22 членаў. Большасць у выканкоме Савета належала меншавікам і бундаўцам. Эсэры тут не былі прадстаўлены зусім. Уплыў Мінскага Савета распаўсюджваўся па ўсёй не акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі і Заходнім фронце. Затым Саветы ўзніклі ва ўсіх губернях і павятовых цэнтрах. У сакавіку-красавіку 1917 г. на тэрыторыі Беларусі было створана 37 Саветаў. На канец ліпеня дзейнічала ўжо 56 Саветаў. У арміях Заходняга фронту было створана больш за 7 тысяч салдацкіх камітэтаў усіх ступеняў.

У Віцебску 4 сакавіка раніцай група сацыялістаў сабралася на сход, на якім вырашыла стварыць Савет рабочых дэпутатаў, а таксама шэраг прафсаюзаў. Для ажыццяўлення гэтага рашэння была выбрана арганізацыйная камісія. Сходы, якія праходзілі 6 і 7 сакавіка, выбралі 311 дэпутатаў. Найбольш – 76 чалавек – выбрана ад чыгуначных рабочых і служачых. 8 сакавіка адбыўся ўстаноўчы сход Савета. Да гэтага ж часу ў горадзе сфарміраваўся і Савет салдацкіх дэпутатаў. Неўзабаве абодва Саветы аб’ядналіся. Кіруючае становішча ў Саветах (Віцебска, Оршы, Полацка і інш.) належала меншавікам і эсэрам. Адбылося гэта не таму, што бальшавікі не змаглі своечасова зарыентавацца, “затрымаліся” ў вулічных баях. Прычына другая: рэвалюцыя ўскалыхнула вялікую масу людзей розных сацыяльных слаёў. У тых умовах разлічваць на большае бальшавікі проста не маглі. Ім яшчэ прадстаяла доўгая і ўпорная барацьба за ўплыў на масы.

Але і ў тым саставе мясцовыя Саветы, у тым ліку і Віцебскі, праводзілі рэвалюцыйную лінію. Так, на пасяджэнні 9 сакавіка ён пастанавіў “Падпарадкоўвацца ўсім пастановам Савета петраградскіх рабочых і салдацкіх дэпутатаў і давесці да яго ведама, што Віцебскі Савет прызнае лозунг дэмакратычнай рэспублікі”. У звароце “Да ўсіх рабочых горада” ў якасці галоўнай выстаўлялася задача барацьбы з усялякімі спробамі контррэвалюцыі... Сілу рабочага класа Савет бачыў у адзінстве: “Помніце, – гаварылася ў звароце, – што барацьба за сацыялізм, за ажыццяўленне нашых ідэалаў патрабуе дружнай работы, моцнай салідарнасці і трывалай арганізацыі. Паспяхова змагацца за свабоду можа толькі арганізаваны клас”.

Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў дабіваўся ажыццяўлення 8-гадзіннага рабочага дня, але лічыў, што пры вырашэнні гэтага пытання павінны ўлічвацца інтарэсы абароны краіны і забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. Звышурочныя работы было вырашана праводзіць толькі пад кантролем Савета.

Полацкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў заявіў, што “будзе аказваць самае энергічнае ўздзеянне на органы мясцовага самакіравання і на мясцовыя органы ўлады, дабіваючыся ад іх ажыццяўлення сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з інтарэсамі гарадскіх і сельскіх працоўных”.

Ствараюцца на Беларусі таксама дзяржаўныя органы кіравання – грамадскія камітэты, ці камітэты грамадскай бяспекі (назва розная, сутнасць адна). У пачатку сакавіка створаны Мінскі грамадскі камітэт, які абраў грамадзянскім камендантам Мінска кадэта Б. Самойленку. Ён жа быў прызначаны і Мінскім губернскім камісарам.

У Віцебску мясцовым органам Часовага Урада, сфарміраваным па прыкладзе Мінска, стаў “Камітэт грамадскай бяспекі” ў складзе 114 чалавек. У ім прадстаўлены 9 рабочых і 17 салдат. Губернскім камісарам Часовага Урада быў прызначаны буйны памешчык Карташоў, а затым кадэт Валковіч. Да 20 сакавіка органы Часовага Урада прыступілі да выканання сваіх абавязкаў ва ўсіх гарадах Беларусі.

 

Такім чынам, значны ўплыў на развіццё культуры Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. аказваў рэвалюцыйна-дэмакратычны рух. У гэты час закладваюцца асновы сучаснай беларускай мовы, паяўляецца нацыянальны рух, кнігавыдавецтва, аматарскія тэатральныя гурткі ператвараюцца ў прафесійныя трупы. Пад уплывам эканамічнага развіцця набірала тэмпы адукацыя насельніцтва.

Паўстанне 1863-1864 гг., накіраванае супраць самадзяржаўя, саслоўнай і нацыянальнай няроўнасці, не завяршылася перамогай, але пад яго націскам улады вымушаны былі пайсці на значнае паслабленне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. арганізаваны рэвалюцыйны рух на Беларусі пачаў адраджацца ў сярэдзіне 70-х гадоў. У той час ён быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім і прайшоў праз стадыі рэвалюцыйнага і ліберальнага народніцтва, якое ў канцы ХІХ ст. саступіла месца сацыял-дэмакратызму і марксізму. На пачатку ХХ ст. галоўнай адметнасцю ў грамадска-палітычным жыцці стала нараджэнне і дзейнасць палітычных партый. Значны ўплыў на ўсе наступныя падзеі аказала першая Расійская рэвалюцыя 1905-1907 гг., у якой актыўны ўдзел прымалі працоўныя Беларусі.

Вялікай трагедыяй для народаў свету, у тым ліку і беларускага, стала Першая сусветная вайна. Галоўнай прычынай вайны з’явілася барацьба буйнейшых еўрапейскіх краін за перадзел каланіяльных уладанняў і за панаванне на сусветным рынку.

Лютаўская рэвалюцыя з’явілася важнай падзеяй для вырашэння лёсу беларускага народа. Яна паклала пачатак дэмакратычнаму развіццю Расіі і Беларусі. Былі створаны спрыяльныя магчымасці для эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны, ажыццяўленне якіх павяло б грамадства да прагрэсу. Аднак гэтыя магчымасці не былі выкарыстаны, у выніку чаго стаў непазбежным новы рэвалюцыйны выбух.

Пытанні і заданні: 1. Якія факты сведчаць аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў? 2. Якімі прычынамі выклікана пашырэнне сеткі навучальных устаноў на Беларусі? 3. Якія мэты ставілі кіраўнікі польскага паўстання 1863 г., чым яны адрозніваліся ад прапаноў на гэты конт К.Каліноўскага? 4. Чым абумоўлена ўзнікненне і існаванне ў краіне народніцкага руху? Ці ёсць аб’ектыўная абумоўленасць прычын утварэння на Беларусі марксісцкіх гурткоў і палітычных партый з рознымі праграмнымі ўстаноўкамі? 5. Пакажыце згубныя вынікі Першай сусветнай вайны для беларускага народа. Прывядзіце факты, якія даказваюць, што і на Беларусі Лютаўская рэвалюцыя мела істотную падтрымку.

ЛІТАРАТУРА

1. Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. Материалы и документы. М., 1965.

2. Галубовіч В.І., Бохан Ю.М.. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Мн.: Сучасная школа, 2007. с. 156-243.

3. Гісторыя Беларусі: вучэб. дапам. У 2 ч. Ч.1 Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. / Я.К.Новік., Г.Е.Марцуль, І.Л.Качалаў. – Мн.: Універсітэцкае. 2000.

4. Гісторыя Беларускай ССР. Беларусь у перыяд капіталізму: У 5 т. Мн., 1972. Т.2.

5. Гісторыя Беларускага тэатра: У 3 т. Мн., 1983. Т.1.

6. Дакументы Беларускай Сацыялістычнай Грамады часоў рэвалюцыі 1905-1907 гг. // Спадчына. 1991. № 3.

7. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772-1903). Мн., 1940. Т.2.

8. Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии. 1861-1914. Мн., 1926.

9. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.

10. Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии ХІХ - начала ХХ века. Мн., 1974.

11. Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 1991.

12. Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця. Мн., 1923.

13. История первой мировой войны: 1914 – 1918: В 2 т. М., 1975.

14. История рабочего класса Белорусской ССР: В 4 т. Мн., 1984. Т.1.

15. Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986.

16. Каліноўскі К. За нашу вольнасць. Творы, дакументы. Мн., 1999.

17. Кернажыцкі К.І. Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы ХVІІІ і першай палове ХІХ ст. (Да праблемы разлажэння феадалізму ў Беларусі.) Мн., 1935.

18. Король А.С. Большевики Белорусси в революции 1905 – 1907 гг.

19. Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в конце ХVІІІ – первой половине ХІХ в. Мн., 1982.

20. Корнейчик Е.И. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962.

21. Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце ХVІІІ – первой половине ХІХ в. Мн., 1987.

22. Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978.

23. Лосинский М.Б. Революционное народническое движение в Белорусси 1870-1884 гг. Мн., 1983.

24. Мандрык І.У. Зборнік лекцый па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Віцебск., 2005 г. с. 71-134

25. Мандрык І.У. Пярэдадзень Вялікага Кастрычніка. Да 70-і годдзя Лютаўскай рэвалюцыі // Віцебскі рабочы, 12 марта 1987.

26. Революционное движение в Белоруссии 1905-1907 гг.: Документы и материалы. Мн., 1955.

27. Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е – начало 80-х годов ХІХ в.). Мн., 1980.

28. Солодков Т.Е. Борьба трудящихся в Белоруссии против царизма (1907-1917 гг.). Мн., 1967.

29. Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов. М., 1921.

30. Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ – пачатак ХХ ст.). Мн., 1997.

31. Чепко В.В. Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине ХІХ в. Мн., 1985. Т.1.

32. Чепко В.В. Сельское хозяйство в Белоруссии в первой половине ХІХ в. Мн., 1966

33. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.Ф.Шанавая і інш. / Ад агул. рэд. В.І.Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 1993.

 

РАЗДЗЕЛ IIІ. Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі

Глава 1. Беларусь у перыяд рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці

Тэма 1. Кастрычніцкая рэвалюцыя, станаўленне новага ўклада жыцця

§1. Барацьба палітычных сіл за выбар шляхоў грамадскага развіцця

§2. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. Устанаўленне савецкай улады

§1. Пасля 1905 г. на Беларусі складваецца шырокая палітра палітычных сіл. Іх адносіны да лютаўскіх падзей розныя. Задаволены звяржэннем царскага самадзяржаўя кадэты, партыі Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС)), эсэры, усе партыі яўрэйскага насельніцтва Беларусі, у тым ліку і Бунд. Гэтыя партыі выступаюць за развіццё капіталістычнага грамадства, прыстасаванне да парламенцкага дзеяння, як гэта было ў партый еўрапейскіх краін. Што тычыцца Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), то тут існуюць два погляды. Бальшавіцкае крыло партыі ставіла сваёй мэтай не прыпыняцца на буржуазна-дэмакратычным этапе, а падрыхтаваць і правесці этап сацыялістычнай рэвалюцыі для ўстанаўлення ў краіне дыктатуры пралетарыяту. Меншавіцкае крыло партыі лічыла, што “Расія не дарасла да сацыялістычнай рэвалюцыі”, выступала за скліканне ўстаноўчага сходу і ўстанаўленне рэспублікі.

Розныя погляды мелі партыі па нацыянальным пытанні. Ні адна з партый цвёрда не заяўляла аб утварэнні самастойнай Беларускай дзяржавы. Пазней толькі з’явіцца гэта патрабаванне ў партый чыста беларускага паходжнання: БСГ і БПНС. РСДРП у сваёй праграме намеціла мэту -вызваленне ад эксплуатацыі чалавека чалавекам, і лічыла, што гэта і будзе адначасова вырашэннем пытання аб нацыях эксплуататараў і эксплуатуемых. У той жа час у праграме меўся тэзіс аб роўнасці ўсіх нацый і народнасцей, аб іх магчымасці, пры пажаданні нават, аддзяліцца і ўтварыць самастойную дзяржаву.

Намер да нацыянальнага вызначэння меўся ў партый правага крыла. 25 сакавіка 1917 г. у Мінску па ініцыятыве БПНС быў скліканы з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Мэта з’езда, як яна сфармулявана самімі ўдзельнікамі, заключалася ў тым, каб “кансалідаваць свае сілы і накіраваць іх у рэчышча барацьбы за “нацыянальны ідэал”. З’езд абраў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). Старшынёй яго стаў Р.Скірмунт. У дэкларацыі з’езда выказвалася поўная падтрымка Часовага ўрада, выстаўлялася патрабаванне аб перадачы выканаўчых функцый Беларускаму нацыянальнаму камітэту, які ў кантакце з Часовым урадам арганізуе кіраўніцтва Беларуссю. З 28 мая БНК пачынае выдаваць грамадска-палітычны, эканамічны і літаратурны орган – газету “Вольная Беларусь”, рэдактарам якой прызначаецца Язэп Лёсік.

У маі 1917 г. дэлегацыя БНК (кіраўнік Алексяюк А.) накіравалася ў Петраград дзеля таго, каб давесці сваю “нацыянальную праграму” да ведама міністэрстваў. Дэлегацыя дамагалася перадачы ўлады БНК, патрабавала замяніць усіх губернскіх і павятовых камісараў прадстаўнікамі Беларусі.

Прэм’ер-міністр Часовага ўрада князь Г.Львоў выслухаў дэлегацыю і накіраваў яе ў міністэрствы. Дэлегацыя наведала міністра асветы Мануйлава, міністра ўнутраных спраў Лявонцьева. І. Як потым пісаў сам кіраўнік дэлегацыі Алексяюк, адзін міністр сказаў, што ён не мае нічога супраць планаў беларусаў, але зрабіць нічога не можа. І нават запэўніванне дэлегацыі, што за БНК стаіць вялікая маральная сіла, ніякіх уражанняў на міністра ўнутраных спраў не зрабіла. Лявонцьеў заявіў, што “не можа ісці супраць абранай улады”. Удалося, праўда, дагаварыцца з обер-пракурорам сінода В.Львовым аб замене некаторых царкоўных дзеячаў.

Можна зрабіць выснову: складаныя абставіны таго часу не дазвалялі Часоваму ўраду займацца ўшчыльную нацыянальным пытаннем. Не было ў іх жадання “разваліць” Расію, развесці яе па нацыянальных кватэрах.

Стаіць у парадку дняяшчэ адно важнае на гэты час пытанне – пытанне аб вайне: што рабіць, працягваць яе ці не? У палітычных сіл на гэты конт маюцца розныя думкі.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў выніку пагаднення паміж Выканкомам Савета і думскім Часовым камітэтам у краіне пачалі дзейнічаць два палітычных цэнтры: Петраградскі Савет (у чэрвені 1917 г. будзе выбраны Усерасійскі Савет і яго УЦВК) і Часовы ўрад. У краіне стварылася становішча, якое можа быць названа дваеўладдзем: вярхоўная дзяржаўная ўлада знаходзілася ў руках буржуазнага Часовага ўрада і яго органаў на месцах. Рэальная ж улада належала Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ён абапіраўся на ўзброены народ і армію, меў усе магчымасці для роспуску Часовага ўрада і мірнага ўзяцця ўлады ў свае рукі. Буржуазія тады (да 3-4 ліпеня) яшчэ не асмелілася б, ды і не мела магчымасці ўжыць узброенае насілле над народам.

У далейшым падзеі развіваюцца такім чынам, што красавіцкі, а затым чэрвеньскі і ліпеньскі палітычныя крызісы пахіснулі пазіцыі ўрадавай кааліцыі. Бальшавіцкія лозунгі невыпадкова атрымалі шырокую падтрымку. Зацягванне вайны, нарастанне эканамічнай разрухі, прапагандысцкая дзейнасць бальшавікоў, актуальнасць іх лозунгаў зрабілі сваю справу.

Ускалыхнула масы заява міністра замежных спраў кадзета Мілюкова, у якой ён 18 красавіка звярнуўся да саюзнікаў і запэўніў іх аб тым, што Расія будзе весці вайну да пераможнага канца. У Петраградзе прыкладна 100 тыс. дэманстрантаў падтрымалі бальшавіцкія лозунігі: “Далоў вайну!”, “Ніякай падтрымкі Часовага ўрада!” На Беларусі ноту Мілюкова асудзілі Мінскі і Гомельскі Саветы. Аднак большасць Саветаў, дзе пераважаў уплыў меншавікоў, эсэраў і Бунда, вынесла рэзалюцыю ў падтрымку Часовага ўрада.

Катастрофай стала і чэрвеньская задума наступлення на Паўднёва-Заходнім фронце. Чэрвеньская масавая дэманстрацыя, якая планавалася прэзідыумам першага Усерасійскага з’езда Саветаў і яго выканкомам як падтрымка Часовага ўрада, прынесла важную на гэтым этапе перамогу бальшавікам. 18 чэрвеня пазіцыі ўрадавай кааліцыі пахіснуліся. Урад і УЦВК Саветаў разлічвалі, што поспех наступу на фронце акажа стабілізуючае ўздзеянне на рэвалюцыйны працэс, які набіраў усё больш радыкальныя, а дзесьці і экстрэмісцкія, формы. Спачатку здавалася, што разлікі ўрада на поспех наступлення апраўдваліся. Так, віцебскія чыгуначнікі з захапленнем сустракаюць вестку аб наступленні на фронце 18 чэрвеня і бяруць на сябе абавязацельства адлічваць штомесячна 1% ад заработнай платы на падтрымку знявечаных, іх сем’яў і паміраючых. Яны прызвалі ўсіх чыгуначнікаў далучыцца да іх.

Але падзеі на фронце складваліся кепска. Толькі адна 8-я армія рускіх аказалася дзеяздольнай (ёй кіраваў Л. Карнілаў). Іншыя арміі гэтага фронту “буксавалі” з самага пачатку, а праз некалькі дзён прыпыніліся зусім. Больш безвыніковымі атрымаліся наступленні на іншых франтах. І калі 6 ліпеня германскія войскі нанеслі моцны контрудар на Паўднёва-Заходнім фронце, здзейснілі так званы Тарнопальскі прарыў, наспеў трэці за гэты кароткі час крызіс.

Тарнопальскі прарыў невыпадкова супаў з трагічнымі падзеямі, здарыўшыміся ў Петраградзе, якія У.І.Ленін назваў як “выбух рэвалюцыі і контррэвалюцыі”. Дынамітам, што ўзарваў грамадства і выклікаў рэвалюцыю, былі ўмовы жыцця працоўных мас, якія ўсё больш пагаршаліся, спробы ўрада і камандавання, абапіраючыся на надуманую прычыну ваенных патрэб, вывесці частку рэвалюцыйнага гарнізона са сталіцы, і бударажачыя чуткі аб правале так доўга рыхтаваўшагася наступлення. Сітуацыю “падагрэў” і нечаканы выхад міністраў-кадзетаў з Часовага ўрада.

У першых чыслах ліпеня рэвалюцыйныя салдаты і рабочыя некаторых заводаў выйшлі на вуліцы Петраграда з лозунгамі “ўстаранення Часовага ўрада і перадачы ўлады ў рукі Саветаў”. Насельніцтва Беларусі таксама не задаволена тым станам, што складваецца тут. Закрываліся фабрыкі і заводы, расло беспрацоўе. Не хапала харчовых прадуктаў. У Мінску, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах была ўстаноўлена харчовая норма: 300 грам хлеба на чалавека. Узрастае забастовачны рух.

Кожны дзень улады атрымліваюць звесткі аб забастоўках, непадпарадкаванні мясцовым уладам, разгроме маёнткаў і інш. Вось два данясенні: фабрычны інспектар піша: 22 чэрвеня забаставалі рабочыя фабрыкі шавецкіх цвікоў у мястэчку Смалявічы Барысаўскага павета. У забастоўцы ўдзельнічалі ўсе 125 рабочых. Прад’яўлены патрабаванні аб павелічэнні заработнай платы. 400 рабочых шклянога завода ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні арыштавалі адміністрацыю і ўступілі ва ўладанне заводам. Па дадзеных, якія меліся на гэты час у вучоных, толькі ў маі – чэрвені 1917 г. у Беларусі на прамысловых прадпрыемствах адбылося каля 60 забастовак.

На выбух рэвалюцыі контррэвалюцыя адказала сваім выбухам. У некаторых месцах удзельнікі дэманстрацыі падвергліся збіванням і ўзброеным нападкам, па іх адкрывалі агонь з кулямётаў. Рэдакцыя “Праўды” была разгромлена, многія кіраўнікі бальшавікоў (Л.Троцкі, А.Калантай, Ф.Раскольнікаў, Л.Каменеў і інш.) былі арыштаваны. Пасля гэтых падзей бальшавікі бяруць новы рэвалюцыйны курс – курс на ўзброеннае паўстанне.

Далейшы ход падзей паказвае, што ні першы кааліцыйны Часовы ўрад (які быў сфарміраваны ў пачатку мая), ні другі, што ўтвораны ў ліпені (у канцы – 24 ліпеня) не змаглі авалодаць абставінамі. І трэці па ліку кааліцыйны ўрад, які сфарміраваўся ў сярэдзіне верасня, трапіў у крызіс, а прасцей кажучы, абанкроціўся. Развіццё палітычнай сітуацыі ўсё больш “працавала” на ідэю Леніна.

У краіне паглыбляўся прамысловы развал, палалі сялянскія паўстанні, рэзка абвастрыліся нацыянальныя супярэчнасці. У краіне складваецца палітычнае і эканамічнае становішча, якім не задаволены як сілы рэвалюцыі, так і тыя, хто згодны застацца на рубяжах апошніх дзён лютага. Таму пачынаюць узнікаць палітычныя арганізацыі, якія ставяць сваёй мэтай навесці “жалезную дысцыпліну”. Найбольш энергічным тут стаў так званы “Рэспубліканскі цэнтр”. Ён аб’яднаў цэлы шэраг такіх ваенных і полуваенных арганізацый, як “Саюз георгіеўскіх кавалераў”, “Ваенная ліга”, дзе канцэнтраваліся правыя контррэвалюцыйныя сілы. Напрамую “Цэнтр” быў звязаны з Карнілавым, якога рыхтавалі ў дыктатары.

Прапаноўваецца стварыць у краіне ўладу пад моцнай карнілаўскай рукой і “пад чырвоным сцягам” Керанскага. Уладу, якая змагла б ліквідаваць Саветы і іншыя рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганізацыі, пакончыць з “бальшавіцкай анархіяй”. Карнілаў аб сваіх намерах заявіў так: для павышэння баяздольнасці і ўмацавання парадку неабходна не адна, а тры арміі: “армія ў акопах..., армія ў тыле і армія чыгуначнікаў”. Усе 3 арміі павінны быць падпарадкаваны той жа самай “жалезнай дысцыпліне”, якая будзе ўстаноўлена для арміі, “трымаючай фронт”.

На аснове дырэктывы аб трох арміях была распрацавана асобая запіска (або даклад) для Часовага ўрада. У ваенным раздзеле запіска патрабавала аднаўлення ў поўнай меры дысцыплінарнай улады начальнікаў. “Грамадзянская частка” запіскі патрабавала аб’явіць чыгунку, а таксама большую частку заводаў і шахт на ваенным становішчы. Мітынгі, стачкі, забастоўкі забараняліся. За невыкананне норм выпрацоўкі магла адбыцца адпраўка рабочага на фронт.

Важнай падзеяй у гэты час з’яўляецца праведзеная ў Маскве 12 жніўня Дзяржаўная нарада. Бальшавікі байкаціравалі яе. Выступаўшыя тут Керанскі, Чхеідзэ, Карнілаў і іншыя заклікалі да кансалідацыі. Лідэры правых партый і прамысловых колаў на гэтай нарадзе дамовіліся аб пагадненні па асноўных пазіцыях. Цяпер гісторыкі, якія з апорай на архіўныя матэрыялы раскрываюць гэтую мэту, пацвярджаюць – ранейшыя нашы веды былі слушнымі: сувязь Карнілава з Керанскім і загавор кадэтаў і іншых контррэвалюцыйных сіл існавалі. Заставалася толькі правесці “жалезныя меры” ў жыццё. Але пакуль і сення застаецца загадкай, якая ж недарэчнасць разарвала сувязь паміж Керанскім і Карнілавым?

Керанскі адмовіўся падтрымаць Карнілава і аб’явіў аб змяшчэнні яго з паста галоўнакамандуючага. Карнілаў не падпарадкаваўся і ў сваю чаргу заявіў, што Часовы ўрад дзейнічае па ўказцы Савета, у якім прытаілася нямала германскіх агентаў. Ён пасунуў войскі на Петраград. Гэта быў антыўрадавы мяцеж. У адказ Керанскі, УЦВК Саветаў і выканаўчы камітэт сялянскіх Саветаў (пасля нарад і кансультацый) вырашылі стварыць надзвычайны орган – Камітэт народнай барацьбы з контррэвалюцыяй. ЦК бальшавікоў прадпісваў сваім арганізацыям дзейнічаць “у тэхнічным і інфармацыйным “супрацоўніцтве” з Саветам пры поўнай самастойнасці палітычнай лініі. Яго прадстаўнікі ўвайшлі ў састаў народнай барацьбы з контррэвалюцыяй.

Цэнтрам барацьбы супраць карнілаўшчыны на Беларусі стаў Мінск. Тут быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт (ЧРК) Заходняга фронту, які абвясціў сябе адзінай уладай, устанавіў сувязі з Петраградам. Ён і ўзначаліў барацьбу з карнілаўшчынай на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Старшынёй рэўкома быў назначаны старшыня франтавога камітэта эсэр-максімаліст Н.Палянскі (пазней стаў бальшавіком), таварышам старшыні – бальшавік Н.Ландар. Камітэт кантраляваў дзейнасць пошты, тэлеграфа, выдавецтваў, а таксама перамяшчэнне войск на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прадстаўнікі ЧРК былі накіраваны на ўсе буйныя чыгуначныя станцыі. У Оршы і іншых чыгуначных станцыях рэвалюцыйна настроеныя салдаты, рабочыя чыгуначнікі затрымлівалі карнілаўскія эшалоны. На лініі Гомель – Жлобін гомельскімі чырвонагвардзейцамі затрымана 30 эшалонаў. Пры Віцебскім Савеце было створана Ваеннае бюро. Яно і ўзяло пад свой кантроль чыгуначную станцыю і сродкі сувязі, выставіла загараджальныя атрады на чыгуначных і шасэйных дарогах.

Цяжэйшым было становішча ў цэнтры мецяжу – Магілёве. Выканаўчы камітэт Магілёўскага Савета вымушаны быў пайсці ў падполле. У выніку агітацыйнай работы сярод салдат частка іх выказала гатоўнасць выступіць супраць Карнілава. У тым ліку георгіеўскі батальён і карнілаўскі ўдарны полк. Першага верасня ў Магілёве арыштаваны Карнілаў і іншыя генералы стаўкі. “Ліквідацыю” стаўкі здзейсніў генерал Аляксееў, які сам спачувальна адносіўся да планаў Карнілава.

Карнілаўскія падзеі перавярнулі ўсю сітуацыю ў краіне. Чашы палітычных вагаў хутка мяняліся месцамі. Правал карнілаўшчыны азначаў сакрушальнае паражэнне правых. Яны аказаліся надоўга дэмаралізаванымі. Насупраць, бальшавікі, якія ўнушалі масам, што Урад Керанскага – гэта толькі шырма, за якой кансалідуецца контррэвалюцыя, што марыць аб буржуазным і нават аб манархічным рэжыме, набылі новы крэдыт.

І калі б у той час меншавіцкія і эсэраўскія лідэры правага і цэнтрысцкага кірунку згадзіліся на фарміраванне Урада рэвалюцыйнай дэмакратыі, Расія магла б хутчэй пайсці па дэмакратычным шляху развіцця.

§2. 25 кастрычніка (у поўдзень) у Мінску стала вядома аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе. Тут адразу быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк (з вызваленых з турмы салдат, арыштаваных Урадам Керанскага). Рэвалюцыйна настроеныя бальшавікамі чырвонаармейцы і салдаты толькі што ўтворанага палка занялі чыгуначны вузел, урадавыя і ваенныя ўстановы, пошту, тэлеграф, вайсковую радыёстанцыю. Па рашэнні Паўночна-Заходняга камітэта РСДРП(б) створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) Заходняй вобласці і фронту. Ён стаў штабам, які накіроўваў работу па ўсталяванню Савецкай улады на Беларусі. На ВРК ускладалася задача нейтралізаваць дзеянні стаўкі (яна ў Магілёве) і пагасіць контррэвалюцыйныя выступленні. Не прызналі пераход улады да Саветаў на Беларусі ў гэты час прадстаўнікі меншавіцкіх арганізацый, эсэраў і бундаўцаў. Яны ўтварылі камітэт выратавання рэвалюцыі. Камітэт актыўна падтрымліваўся Вялікай Беларускай Радай (ВБР). Звяржэнне буржуазнага ўрада і ўстанаўленне ўлады Саветаў ВБР разглядаецца як “анархія, якая пагражае існаванню беларускага народа, яго правам і свабодам, заваяваным у ходзе рэвалюцыі”.

Мінская гарадская дума (дзе бундаўцы мелі большасць) таксама не прызнала пераход улады да Саветаў. КВР, абапіраючыся на ваенныя сілы, 27 кастрычніка аб’явіў ВРК ультыматум, запатрабаваў перадачы яму ўсёй улады. Суадносіны сіл у гэты час былі на баку КВР. Мінскі Савет пайшоў на кампраміс: згадзіўся на перадачу ўлады КВР, але з умовай, што той не пашле контррэвалюцыйныя сілы ў Петраград. У камітэт былі нават дэлегіраваны бальшавікі. Але гэта была толькі часовая ўступка. 1 лістапада ў Мінск прыбылі рэвалюцыйныя салдаты ІІ арміі, а таксама браняпоезд пад камандай бальшавіка В.Пралыгіна. Перавага КВР была ліквідавана. Улада зноў перайшла да бальшавікоў.

Важную ролю ва ўмацаванні ўлады Саветаў у Беларусі адыгралі тры з’езды: абласны – Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, франтавых салдацкіх дэпутатаў, сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. Гэтыя з’езды прайшлі ў Мінску 19-24 лістапада 1917 г. У сваіх рашэннях удзельнікі прызналі дэкрэты ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў. Адначасова ідзе аб’яднанне з’ездаў: яны ствараюць адзіны вышэйшы орган Савецкай улады для Заходняй вобласці і фронту аблвыкамзах (Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту). У склад Заходняй вобласці ўваходзілі тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай губерняў. Утвараецца і СНК Заходняй вобласці і фронту.

Згодна са зваротам Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР ад 24 снежня 1917 г. да ўсіх Саветаў “Аб арганізацыі мясцовага самакіравання” і інструкцыі “Аб правах і абавязках Саветаў”, у аснову савецкага будаўніцтва на Беларусі прапаноўвалася пакласці два прынцыпы: паўнаўладдзе Саветаў (у пытаннях мясцовага значэння) і дэмакратычны цэнтралізм.

Фарміруюцца павятовыя і валасныя органы ўлады. У першую чаргу выбіраліся павятовыя арганізацыйныя ўлады – Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Адбывалася гэта шляхам склікання агульнага з’езда рабочых, салдат і сялян.

Затым у студзені – сакавіку 1918 г. ідзе ўтварэнне валасных Саветаў. Выканаўчыя камітэты павятовых і валасных Саветаў, як правіла, складаліся з бальшавікоў і левых эсэраў. Напрыклад, у Аршанскі павятовы Савет выбраны 32 бальшавікі і 3 левыя эсэры. Структура выканаўчых камітэтаў вызначалася на месцы ў залежнасці ад канкрэтных умоў (5 – 4 аддзелы). Ствараліся аддзелы кіравання, зямельны, харчовы, будаўнічы. У гэты ж самы час ідзе скасаванне ўстаноў Часовага ўрада. Закрываюцца газеты (буржуазныя і нацыяналістычныя), якія выступалі супраць Савецкай улады, ствараюцца народныя суды, рэвалюцыйныя трыбуналы.

Адным з першых мерапрыемстваў, якія разлічаны на экспрапрыяцыю экспрапрыятараў, з’явілася ўстанаўленне рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў. Яшчэ ў 1917 г. такія мерапрыемствы праведзены на заводах і фабрыках Мінска, Віцебска і іншых гарадоў. Робіцца пераход да цэнтралізаванага кіраўніцтва прамысловасцю. Для гэтай мэты былі арганізаваны абласныя, губернскія і павятовыя саветы народнай гаспадаркі – СНГ, – якія працуюць пад кантролем мясцовых Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў.

Да пачатку 1918 г. нацыяналізаваны прыватныя банкі, пачалася нацыяналізацыя буйных прадпрыемстваў. Канфіскуюцца памешчыцкія маёнткі з жывёлай, сельскагаспадарчымі прыладамі. На былых памешчыцкіх землях арганізоўваюцца савецкія гаспадаркі (саўгасы) і калектыўныя гаспадаркі сялян – камуны, арцелі.

На прамысловых прадпрыемствах паўсюдна быў устаноўлены 8-гадзінны рабочы дзень, уводзілася сацыяльнае страхаванне, бясплатная медыцынская дапамога, уведзена бясплатнае навучанне. Адкрываліся школы і бібліятэкі.