ІДЭЙНА-МАСТАЦКІ БАЗІС АПОВЕСЦІ «ПАБАКІ» В. ГІГЕВІЧА

Канец XX стагоддзя для Беларусі з’яўляюцца перыядам сацыяльнага і эканамічнага крызісу, звязанага з такімі падзеямі, як аварыя на Чарнобыльскай АЭС, распад Савецкай дзяржавы, нявызначанасць далейшага лёсу самастойнай беларускай краіны. Менавіта таму ў гэты час пісьменнікаў-фантастаў хвалюе праблема новай ацэнкі сацыяльна-палітычных і экалагічных працэсаў. Адным са сродкаў адлюстравання гэтага з’яўляецца паказ бяздумнага знішчэння чалавекам прыроды, і, як вынік гэтага, такое ж бяздумнае апусташэнне чалавечай душы. Асабліва ярка гэта прадстаўлена ў аповесці В. Гігевіча «Пабакі» (1992).

Аповесць адносіцца да жанру сацыяльнай фантастыкі, а дакладней, да сацыяльнай антыўтопіі. Галоўная «звышзадача» сацыяльнай фантастыкі – вынесці на «паверхню» свядомасці масавага чытача грамадскія наступствы не толькі новых магчымасцяў прагрэсу, але і пагроз, небяспекі, якія нясуць чалавецтву непрадказальныя тэндэнцыі развіцця грамадства і адкрыцці сучаснай навукі.

Выбар такога жанру аповесці абумоўлены і тым, што аўтар не верыць у падзеі, пра якія апавядае, з рэзкай крытыкай і песімізмам апісвае ўчынкі герояў, вынікі складанай сюжэтнай сітуацыі. Аповесць уяўляе сабою сінтэзаваны з асабістых запісаў, афіцыйных дакументаў, газетных артыкулаў тэкст. Такая форма арганізацыі тэксту стварае эфект праўдзівасці і непасрэднага ўдзелу аўтара ў падзеях. Увогуле ўсе творы, напісаныя В. Гігевічам у былыя савецкія часы і ў часы перабудовы, пазначаныя адной агульнай рысай — песімістычнай наканаванасцю трагічнага чалавечага быцця, не толькі быцця асобнага індывіда, а грамадства ў цэлым.

Пісьменнікам створаны вобраз Горада, які з’яўляецца прыкладам таталітарнай дзяржавы. Аўтар прасочвае гісторыю горада ад узнікнення да знішчэння. Будучы палітычны крызіс заўважаецца ўжо з першага летапіснага запіса, ад якога адлічваецца існаванне Горада. Хаваючыся ад ворагаў, людзі знайшлі прытулак у Горадзе, пагадзіўшыся жыць пад уладай князя. Такім чынам, Горад пачаўся з падпарадкавання ўладзе і страху яго насельнікаў, якія прыняўшы ўмовы кіраўнікоў, прызналі сваю слабасць. Паступова ўлада ўзмацнялася, і мяняўся сам Горад. Ён набыў якасці жывой істоты, якая пастаянна патрабавала для сябе зямлі, вады, ежы і паветра. Так, таталітарны рэжым і спажывецкія адносіны, страта маральнасці і адсутнасць актыўнай грамадзянскай пазіцыі прыводзяць да экалагічнай катастрофы. Дакладней, В Гігевіч апісвае нормы, якія сталі традыцыйнымі ва ўсіх сферах існавання Горада: службовая абыякавасць, амаральнасць вучоных і крывадушнасць улады. Гэта і з’яўляецца прычынамі нашэсця пабакаў, гібрыдаў пацукоў і сабак, якія паступова захапілі ўладу ў Горадзе. Атрымліваецца, што і гэты этап развіцця Горада пачынаецца са страху і падпарадкавання, але на гэты раз аўтар не дае жыхарам магчымасць выжыць, бо такія адносіны да здарэння пераходзяць усе межы дазволенага і разумнага. Чалавечая абыякавасць і страх выступаюць прычынамі палітычнага і экалагічнага крызісу.

Аповесць напісана эмацыйна, насычана метафорыкай, публіцыстычнай і фантасмагарычнай фактурай. Пераадоленне змрочных, апакаліптычных прагнозаў, якое робіцца часткай аўтарскай пазіцыі, адбываецца праз своеасаблівую ўнутраную барацьбу, спрэчку з самім сабой і пры дапамозе фантастычных, фантасмагарычных, сатырычных сродкаў.

Твор грунтуецца на сістэме знакаў і сімвалаў. У кантэксце парабалічнага твора сімвалічны сэнс набываюць не толькі сітуацыі і вобразы, але і мастацкія дэталі, штрыхі, аўтарскія заўвагі.

У аповесці «Пабакі» пісьменнік узмацніў сатырычны акцэнт пры адлюстраванні падзей. Увогуле, сімбіёз фантастычнага і сатырычнага заўжды асабліва эфектыўны пры выкрыцці сутнасці ўнутранасупярэчлівай з’явы. Такім чынам выяўляецца нежыццяздольнасць, замаскіраванасць, шкоднасць і небяспечнасць з’явы.

У творы спалучаны неаднародныя ў жанрава-стылёвых адносінах тэксты. Аб’яднаўшы неспалучальнае, пісьменнік выявіў не толькі сваё непрыманне абсурду сучаснай яму рэчаіснасці, але і празорліва папярэдзіў пра «яшчэ большыя беды».

У аповесці «Пабакі» В. Гігевіч даказаў, што высокі ўзровень развіцця навукі і тэхнічныя дасягненні не з’яўляюцца паказчыкам высокага маральнага і духоўнага развіцця грамадства.