Лексіка паводле ступені актыўнасці

Лексіка – найбольш рухомая частка моўнай сістэмы, якая знаходзіцца ў пастаянным развіцці: з’яўляюцца словы для намінацыі новых прадметаў, рэалій, і наадварот, словы, якімі называліся з’явы, што не выкарыстоўваюцца грамадствам сёння, выйшлі з ужытку.

Цэнтральная частка лексічнага складу мовы, яе ядро – словы актыўнай лексікі. Гэта словы, актуальныя для сучасных носьбітаў мовы: агульнаўжывальная лексіка, зразумелая ўсім моўцам і неабходная для паўсядзённых зносін незалежна ад іх заняткаў, прафесіі, месца пражывання, узросту, статусу (чалавек, галава, рукі, твар, дзіця, школа, хлеб, вада, працаваць, піць, есці, гаварыць, глядзець, вучыць, добры, дрэнны, светлы, разумны, блізка, далёка, позна, рана, тут, там, адзін, два, мільён, ты, сябе, свой, твой і інш.).

Да актыўнай лексікі адносяцца не толькі агульнаўжывальныя словы, але і тэрміны (рэнтабельны, інфляцыя, віртуальны, ген, нанатрубка), кніжныя словы (удасканальвацца, галіна дзейнасці), эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка (сонейка, разумнічка).

На фоне актыўнай лексікі вылучаецца пасіўная, у склад якой уваходзяць словы, рэдка ўжывальныя ў паўсядзённых зносінах і не заўсёды зразумелыя носьбітам мовы. Яны ўжо перасталі быць неабходнымі ў працэсе зносін (устарэлыя словы) або, наадварот, параўнальна нядаўна з'явіліся і яшчэ не сталі звыклымі, актуальнымі, канчаткова не ўвайшлі ў агульнае ўжыванне (неалагізмы).

Устарэлыя словы выйшлі з актыўнага ўжытку, але захаваліся ў пасіўнай лексіцы. Яны падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – словы, устарэлыя ў сувязі са знікненнем рэалій, якія яны абазначаюць: латы, лапці, гетман, баярын, магнат, жандар, стралец, мушкет, асьміна, камбед, нэп і інш. Гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай мове, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах для стварэння гістарычнага каларыту.

Важна, што пераход раней ужывальных слоў у гістарызмы назіраецца ва ўсе перыяды гісторы мовы, асабліва інтэнсіўна – у гады перабудовы або змены грамадскіх адносінаў. Напрыклад, на сучасным этапе выйшлі з ужывання цэлыя пласты лексікі, якія абазначалі рэаліі савецкай рэчаіснасці: партком, сацспаборніцтва, агітбрыгада; стандартныя клішэ савецкага часу: ударнік камуністычнай працы, вялікія будоўлі камунізму, савецкі лад жыцця, маякі пяцігодкі і інш. Многія выразы з маўлення эпохі сацыялістычнага грамадства атрымліваюць адмоўную ацэначнасць, ужываюцца ў іранічных кантэкстах: светлая будучыня, шчаслівае дзяцінства, мудры правадыр і інш.

Архаізмы – устарэлыя назвы сучасных прадметаў, з’яў, у складзе актыўнай лексікі ім адпавядаюць сінонімы: выя – шыя, персі – грудзі, ланіты – шчокі, дыярыуш – дзённік і інш.

Вылучаюцца наступныя тыпы архаізмаў:

- фанетычныя (змянілася гукавая форма слова): філёзаф – філосаф, кроніка – хроніка;

- словаўтваральныя (з устарэлай марфемай): прасвета – асвета, дзейца – дзеяч, земляздрызг – землятрус;

- марфалагічныя (з устарэлай граматычнай катэгорыяй): часопісь – часопіс, сацыялісты – сацыяліст;

- лексічныя (устарэлі цалкам, усім словам): атрамант – чарніла, чало – лоб, кардон – граніца/мяжа, імбрычак – чайнік;

- семантычныя (устарэла адно са значэнняў мнагазначнага слова): двор ‘царскі двор, прыдворныя’, дружына ‘князева войска’.

У лік ўстарэлых трапляюць не толькі ўласнабеларускія словы, але і запазычаныя: ваяж – падарожжа, віват – няхай жыве, вакацыі – канікулы, бутэрброд – сэндвіч.

Пасіўная і актыўная лексіка не з’яўляюцца застылымі сістэмамі, яны пастаянна развіваюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой: словы актыўнай лексікі пераходзяць у склад пасіўнай і наадварот. Напрыклад, у савецкі час у пасіўны слоўнік перайшлі словы гусар, дзяншчык, гімназія, губернія і г.д. Зараз многія з гэтых слоў вярнуліся ва ўжытак:

- адміністратыўная лексіка: губернатар, дэпартамент, муніцыпальныя органы;

- лексіка з галіны адукацыі: гімназія, ліцэй, кадэт;

- назвы асоб паводле сацыяльнага статусу: прадпрымальнік, камерсант, акцыянер;

- канфесійная лексіка: вера, грэх, запаведзь, споведзь, усяночная, літургія.

Да пасіўнай лексікі адносяцца таксама неалагізмы – новыя словы або значэнні слоў, што з’явіліся ў пэўны перыяд часу.

Размяжоўваюцца наступныя тыпы неалагізмаў:

- лексічныя – новаствораныя сродкамі роднай мовы ці запазычаныя словы (вэб-дызайн, трафік, дыстрыб’ютар, біялагічны гадзіннік, відэафайл, айфон);

- семантычныя – развіццё новага значэння ў слове (аўтамат – ‘тэлефон’, аўтаматчык – ‘спецыяліст па аўтаматыцы’; морж – ‘аматар зімовага купання’; профіль – ‘выгляд збоку’ → ‘мадэль, матэрыял’ (новы профіль з Германіі (пра вокны ПВХ).

- індывідуальна-аўтарскія – адзінкавыя, як правіла, сустракаюцца толькі ў пэўных кантэкстах, дзе звычайна нясуць стылістычную нагрузку. Прызначэнне такіх неалагізмаў – застацца непаўторнымі, захаваць сваю свежасць. Напрыклад: Вершапраходцы крывіцкай мовы, іх шлях не ўсыпаны быў васількамі (Р. Барадулін). Растуць на радзіме маёй небасяжныя дрэвы (М. Танк).

Існуюць неалагізмы, створаныя пісьменнікамі, якія ўвайшлі ў склад літаратурнай беларускай мовы: лганства, падлізнік (К. Крапіва), абязвечыць (К. Чорны), цемрыва (Я. Колас), адлюстраваць, ажыццяўленне, дабрабыт, мэтазгодны (У. Дубоўка).