ГЛАВА 24 ДЗЕЙНАСЦЬ ПРАФЕСІЙНЫХ КАЛЕКТЫВАЎ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ

Артыкул 223. Асаблівасці культурнай дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне) на прафесійнай аснове.

2. Напрамкамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

2.1. стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічнае выкананне;

2.2. арганізацыя і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў;

2.3. правядзенне майстар-класаў і іншых культурных мерапрыемстваў дзеячамі культуры і мастацтва, іншымі творчымі работнікамі;

2.4. ажыццяўленне сумесных культурных праектаў з іншымі калектывамі мастацкай творчасці;

2.5. падрыхтоўка, тыражаванне і рэалізацыя выданняў інфармацыйна-даведачнага характару, відэаматэрыялаў і фанаграм, звязаных з культурнай дзейнасцю прафесійных калектываў мастацкай творчасці.

3. Нароўні з напрамкамі дзейнасці, вызначанымі пунктам 2 гэтага артыкула, прафесійны калектыў мастацкай творчасці можа ажыццяўляць выраб і (або) прадастаўленне юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам па дагаворах з імі дэкарацый, мэблі, рэквізіту, сцэнічных касцюмаў і іншай маёмасці для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

4. У прафесійных калектывах мастацкай творчасці можа стварацца і дзейнічаць мастацкі савет.

Парадак стварэння і дзейнасці мастацкага савета прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, яго персанальны склад зацвярджаюцца кіраўніком прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, па ўзгадненні з заснавальнікам на тэрмін не больш за два гады.

Артыкул 224. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці

1. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

1.1. забеспячэнне правоў грамадзян на свабоду творчай дзейнасці, удзел у культурным жыцці і карыстанне паслугамі, якія прадастаўляюць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці;

1.2. незалежнасць у выбары мастацкіх напрамкаў, рэпертуару, у прыняцці рашэнняў аб публічным выкананні твораў сцэнічнага мастацтва прафесійнымі калектывамі мастацкай творчасці, публікацыі рэкламных і іншых матэрыялаў, якія не супярэчаць заканадаўству;

1.3. ахова выключных правоў аўтараў і ўладальнікаў сумежных правоў на вынікі іх творчай дзейнасці, якія выкарыстоўваюць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці;

1.4. развіццё розных напрамкаў мастацтва.

2. Асноўнымі мэтамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

2.1. эстэтычнае выхаванне грамадзян;

2.2. фарміраванне і задавальненне патрэбнасцей грамадзян у сцэнічным мастацтве;

2.3. стварэнне неабходных умоў для гуманізацыі асобы, захавання самабытнасці беларускай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і мовы;

2.4. папулярызацыя твораў сцэнічнага мастацтва;

2.5. садзейнічанне ў захаванні адзінай культурнай прасторы, развіцці міжнацыянальных і міждзяржаўных культурных сувязей.

Артыкул 225. Правы прафесійных калектываў мастацкай творчасці

Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці маюць права:

самастойна вызначаць рэпертуарную палітыку і змест культурна-відовішчных мерапрыемстваў;

удзельнічаць у культурных мерапрыемствах і ў выкананні сацыяльна-творчых заказаў;

папулярызаваць мастацкую творчасць розных аўтараў, выканаўцаў;

самастойна планаваць сваю дзейнасць і вызначаць перспектывы развіцця зыходзячы з мэт, прадугледжаных іх статутамі (палажэннямі), наяўнасцю ўласных творчых і матэрыяльных рэсурсаў;

мець уласную сімволіку (афіцыйнае найменне, эмблему, іншае выяўленне), таварны знак.