Еуропа на шляху ад сярэднявечча да Новага часу. Стварэнне каланіяльная сістэмы.

У другой палове XVI ст. у эканоміцы Заходняй Еўропы панавала мануфактурная вытворчасць. Падзел працы ў мануфактуры садзейнічаў росту прадукцыйнасці працы, аднак тэхналагічны працэс быў прымітыўны. Машыны ў мануфактурах не выкарыстоўваліся, таму галоўнай вытворчай сілы з’яўляўся чалавек. Тэхнічных і тэхналагічных адкрыццяў у гэты час было мала. Тэхналагічныя змены ў вытворчасці адбыліся ў XVII ст. У гэты час у Заходняй Еўропе пачалі выкарыстоўваць сілу вады з дапамогай млына. Вадзяны млын меў усе элементы машыны: механічную рухальную сілу, першасны рухавік, крывашыпную перадачу і рабочую машыну. У другой палове XVII ст. у Францыі былі вынайдзены паравыя насосы, у якіх выкарыстоўвалася энергія пара. Была ўдасканалена тэхналогія вытворчасці металу, здабыча жалезнай руды і каменнага вугалю. Вадзяныя рухавікі і паветраныя насосы прымяняліся пры апрацоўцы шкла, у здабычы солі, у піваварных і суконных мануфактурах.

Дзякуючы новым тэхналогіям, здабыча каменнага вугалю ў XVII ст. у Англіі ўзрасла ў 14 разоў, здабыча волава, свінца, солі – у 6-8 разоў, здабыча жалезнай руды ўзрасла ў 3 разы. На англійскіх мануфактурах працавала па 200-400 чалавек. Тэхналагічныя перамены адбываліся і ў мануфактурнай вытворчасці іншых краін Заходняй Еўропы: Францыі, Швецыі, дзяржавах, размешчаных на тэрыторыі Апенінскага паўвострава.

Павелічэнне вытворчасці тавараў садзейнічала развіццю гандлю. Амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах, якія мелі калоніі, склаліся гандлёвыя кампаніі. Развіццё рынкавых адносін закранула і еўрапейскую вёску. У XVII ст. 80% насельніцтва краін Заходняй Еўропы ўсё яшчэ займалася сельскай гаспадаркай. Генезіс капіталізму ствараў умовы і для аграрнага перавароту, які атрымаў назву “аграрнай рэвалюцыі”. Сутнасць гэтай рэвалюцыі заключаецца ў тым, што зямля стала таварам, а вядзенне сельскай гаспадаркі стала справай прыбытковай. Таму землеўладальнікі здавалі вялікія ўчасткі зямлі ў арэнду. Адначасова ў вёсцы адбыўся падзел сялянства на беднату, сераднякоў і фермераў. Напрыклад, у Англіі ў XVII ст. 5% насельніцтва вёскі валодала капіталам ад 300 да 500 ф. ст. і мела ўласную фермерскую гаспадарку/йомены/, 20% сялян мелі ў сваёй гаспадарцы фермы, якія налічвалі па 5-8 кароў і па 5-6 коней /фрыгольдзьеры/, а астатнія 75% сялян былі беднякамі/коттэры/ і наймаліся на працу.

Развіццё рынкавых адносін знішчала сацыяльныя абмежаванні і стварала спрыяльныя ўмовы для аб’яднання грамадства. Таму на базе існаваўшых этнасаў/народаў/, якія мелі ўласныя дзяржавы, уласную мову і ўласную культуру адбылося станаўленне еўрапейскіх нацый. Прадстаўнікі трэцяга саслоўя, якія складалі каля 20% ад агульнай колькасці насельніцтва, абвясцілі сябе абаронцамі “нацыянальных інтарэсаў”. Гэтае насельніцтва склала новую палітычную эліту, якая імкнулася атрымаць дзяржаўную ўладу.

Сусветнасць індустрыяльнай цывілізацыі была звязана і з такой палітычнай з’явай як утварэнне каланіяльных імперый. Філасофія XVII ст. стварыла знакамітую тэорыю “натуральнага права”. Сутнасць гэтай тэорыі была вельмі простая: “толькі той мае права на месца пад сонцам, хто валодае сілай”. Пры гэтым у разлік не браліся ні мараль, ні Бог, ні справядлівасць. На гэтым падмурку будаваліся ідэалогія рабаўніцтва іншых народаў. Вялікія геаграфічныя адкрыцці прывялі да таго, што такія краіны Заходняй Еўропы як Англія, Францыя, Галандыя, Іспанія, Партугалія, Данія захапілі і падзялілі Афрыку, Лацінскую Амерыку, Аўстралію, усталявалі сваё панаванне ў Індыі і Кітаі. У каланіяльных імперыях падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі і знішчэнню каля 1,5 млрд. чалавек. Толькі англійскія кампаніі вывезлі ў XVII ст. з Афрыкі ў якасці рабоў каля 2 мільёнаў афрыканцаў. Рабаванне і эксплутацыя калоній былі адной з асноўных крыніц накаплення капіталу і індустрыялізацыі краін Заходняй Еўропы ў XVIII-XIX стст.