ЛІСТАПАД
Лістапад — вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны.
Калі ў лістападзе грыміць — ратай вясну сніць.
У лістападзе гола ў садзе.
Прыйшоў лістапад — кармі скацінку, брат.
У лістападзе кладзі капусту ў кадзі.
Лістапад сцюжаю багах: з кожным падзеліцца, яшчэ і на старцаў пакіне.
Лістапад зіме сцежку пракладае.
Лістапад снегу навее — хлеба прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца.
Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца.
Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата.
Апошні месяц восені, адзінаццаты — года меў старабеларускую назву грудзень (ад слова “груды” ў значэнні “замёрзлая зямля”). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў (таксама ва ўкраінцаў листопад, палякаў і чэхаў listopad). Рускі ноябрь, балгарскі ноември, нямецкі den november, вянгерскі іславацкі novembra, утрымліваюць агульную лацінскую аснову novem (дзевяць). Французскія рэвалюцыянеры называлі месяц брумерам, што азначала “туманны”.
У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо амаль без лісця, тэмпература паветра ніжэй нуля, з’яўляюцца туманы. Імжыстыя дажджы ў другой палове месяца змяняюцца на мокры снег.
Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ. Дары асенняга поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі земляробу, і, у першую чаргу, продкаў, “дзядоў”. Багаты стол запрашае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэйшымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелях і піліпаўскіх вячорках.
Як звычайна, назіранні селяніна накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак па якіх ён вызначае будучае надвор’е. Неба пад ноч чыстае, але вакол месяца з’явіліся вялікія кругі — будзе мароз, калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць — магчымы нават снегапад з ветрам. Куры рана садзяцца на седала — маразы наступаюць, і чым вышэй узбіраюцца хахлаткі, тым мацнейшы мароз ударыць. Месяц у бляклую дымку захутваецца — на працяглую непагадзь. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор’е наладзіцца.
1/19. Усе Святыя. Памінальны дзень у беларусаў-католікаў. “Па Усіх Святых холад уйме ўсіх” (Паўлюкоўскі, 1934), “Усе Святыя як засваволяць — дрэвы да рэшты аголяць” (Сахараў, 1937). Варылі кашу, ставілі на стол стакан вады, клалі хлеб і столькі лыжак, колькі ў хаце “дзядоў” (памерлых продкаў).
2/20. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.
Асяніны (Змітраўка, Змітравы Дзяды, Казанскія Дзяды) —памінальны дзень перад Змітрам (пятніца). Гаспадар заклікаў “дзядоў” за стол такімі словамі:
Святыя дзяды, завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.
А выпраўляючы душы памерлых продкаў, гаварыў:
Святы дзяды
Зляталі” сюды,
Есці — пад’елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!
(Дзмітрыеў, 1869)
Пра гэтыя дні таксама казалі: “Жылі дзяды — не бачылі бяды, а ўнукі набраліся мукі” (Дзісенскі павет; Крачкоўскі, 1874).
Дзмітрава (Памінальная, Радзіцельская) субота — працяг Асянім. У Смаленскай губерні хадзілі на могілкі. Заўважалі: калі выпадзе снег, то будзе ён і на Вялікдзень.
4/22 Казанская. “Хто на Казанскую жаніхаецца, тон не пакаецца” (Паўлюкоўскі, 1934). У праваслаўным царкоўным календары — святкаванне Казанскага абраза Божай Маці (у памяць выратавання Масквы і Расіі ад палякаў у 1612 годзе).
За прысвяткам замацаваліся цікавыя прыродныя назіранні. Да Казанскай —не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. На Казанскую дождж пойдзе — зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі (Ляснічы, 1990). .
8/26. Зміцер (Змітрок, Дзмітры) — “хітры” дзень, канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць” (Паулюкоускі, 1934), а таксама ў народных песнях:
Святы Зміцер — ён на ўсіх хіцер:
Салады салодзіць, піва робіць,
Сыноў жэніць, дачок выдаець...
(Дзісенскі павет)
Святы Змітра —
Ён багаты:
Сыноў жэніць,
Дачок аддаець,
Па сто рублей
Пасаг даець,
А сынам па канёчку...
(Міёрскі раён)
На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. У Гомельскім раёне гавораць: “Проціў Дзмітрыя ў вечэрам не прадуць, не матаюць — Дзмітры хітры. А назаўтра вышываюць” (Талстая, 1986). Змітраў дзень параўноўваюць у прыродных прыкметах з Вялікаднём. “Змітрок па снегу — і Вялікдзень па снегу, Змітрок па голу — і Вялікдзень таксама” (Ляснічы, 1990).
9/27. Тадор. Прысвятак напамінаў, што ўраджай сабраны і ўпарадкаваны. “На Тадора поўна камора” (Сахараў, 1937).
Дзяды. Дарэвалюцыйныя этнографы адзначалі, што ў Ашмянскім павеце першыя Дзяды ў чацвер, другія — у суботу, трэція — у нядзелю, чацвёртыя — у суботу перад Загавінамі (Берман, 1874; Паўлюкоўскі, 1934); у Гомельскім павеце спраўлялі Змітраўкі, Дзяды 26 кастрычніка, а Бабы — 27-га (Радчанка, 1888).
10/28. Параскі (Параскева Пяценка, Параскеўя Пятніца, Параскімка, Параскіммя, Параскоўя, Параскі Асеннія) — дзень забароны прадзення і ткання. Існавалі павер’і: хто будзе прасці, то з-пад печкі вылезе Пятніца і пакарае (Дабравольскі, 1914); яна ў выглядзе старой бабы ходзіць па вёсках і строга глядзіць, каб ніхто не праў кудзелю ў пятніцу (Радчанка, 1888). Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы — велікапакутніцы. На Драгічыншчыне дзяўчаты яшчэ не гублялі надзеі на замужжа, таму гаварылі: “Пяцёнка, мая мацёнка, памажы хоч ты, каб мне замуж пайты” (Талстая, 1986).
Адраджэнне дзядоў
11/29. Насіўся (Настасей, Анастасій). Даглядалі і стрыглі авечак. Іх нябачнага апекуна прасілі: “Святы Настасей-прэкрасны, саблюдзі авец нашых” (Дабравольскі, 1914).
Марцін. Свята млынароў. Заканчвалася работа на вадзяных млынах, бо замярзалі рэкі. “З Марцінавага дня пачынаецца зіма” (Б. к., 1957).
12/30. Артошка — дзень пачатку прадзення. “Святы Артошка, напрадзі пачатак з лукошка, а клубок з карабок, а мальчык з пальчык, напрадзі пачатык з пальчык” (Дабравольскі, 1894).
14/1. Кузьма-Дзям’ян (Кузьма-Земян, Касьма-Даміян, Кузьмінкі) — свята шаўцоў, кавалёў; апякун земляробства і вяселля.
Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям’яна, якія змагаліся са змеем. У старой прыказцы зазначаецца: “Кузьма да Дамян — два ліцвіны, прынеслі гаршочак бацвінні” (Насовіч, 1870). У Лельчыцкім раёне гавораць: “На Кузьму-Дзям’яна прынялі першага салдата на службу”. У валачобнай песні пяецца:
Святы Пакроў ў гумно звозіць,
Кузьма з Дзям’янам на васець садзіць,
На васець садзіць ды Бога просіць: —
Дай, Божа, ды слаўнаму мужу
На васець пасадзіці, на таку намалаціце
А ў свірні ўсё насыпіста,
А ў млыне ўсё намеліста,
А ў дзяжы ўсё падходзіста,
А ў пячы ўсё падросціста...
(Барысаўскі павет; Шэйн, 1887)
У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы, што адлюстравана ў прыкметах: не закаваць зіме раку да Кузьмы; калі Кузьма закуе, дык Міхайла раскуе; на Кузьму лісты на дрэвах трымаюцца — недарод наперадзе чакае (Ляснічы, 1990).
Піліпаўскія Запускі (па 27 снежня) — апошнія дні перад Піліпаўкай. У Калінкавіцкім раёне гавораць; “У Запускі не прэдуць, на Крэшчэнне, Міхайла, Кузьму-Земяна. Рукі позаверняе, або рот набок скрывіць...” (Талстая, 1986).
Міхайлаўскія (Міхальскія, Міхайліны, Асеннія) Дзяды — пятніца перад Міхайлам. У Столінскім раёне сцвярджаюць, што хату беляць два разы ў год: вясною і перад Міхайлам, Асеннімі Дзядамі.
Бабы (Міхайлаўскія Бабы). Працяг памінальных дзён у суботу перад Міхайлам.
21/8. Міхайла (Міхаіл, Міхайла Архайла, Міхайла Рахайла, Міхайлаў дзень) — апошняе свята года; абаронца ад грому. “Міхайло — усім сятком запіхайло, посьлі Міхайла ўжэ нема сяткоў до Рожэства”,— гавораць на Століншчыне. У Калінкавіцкім раёне кажуць: “Міхайла мы празднуем, коб гром не біў нас. Не рубаем ні тапаром, ні нажом, ні красён не тком, штоб не абідзіўся Міхал” (Талстая, 1986). На Старадарожчьіне заўважаюць: “Не трэба рабіць у гэты дзень, бо Міхайла злы — крышы рве”. Лічылася, што на Міхайла Архайла мядзведзі ідуць у спячку (Свіслацкі раён). Раней пастухі выганялі кароў толькі да Міхайла, пасля — самі гаспадары. У Шумілінскім раёне на Міхайла Рахайла наглядаюць за надвор’ем і прыкмячаюць: калі на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд. “Святы Міхайла з халодным ветрам”,— спяваецца ў валачобнай песні.
Унукі ў гэты дзень некалі наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да Міхайла трэба выткаць адны кросны, другія — у Піліпаўку, трэція — у Мясаед, а чацвёртыя — у пост. Са святам звязана і пацяпленне, так званыя міхайлавы адлігі. “З Міхайлы зіма не стаіць, зямля не мерзне”, “На Міхайлу раздарожжа — да зімовага Міколы шляху не будзе”, “Міхайла ў інею прыйдзе — снежная зіма наступае, а калі туманам Міхайла спавіты — быць адлізе” (Ляснічы, 1990).
22/9. Матрона. З прысвяткам звязаны прыказкі і прыкметы пра набліжэнне зімы. “З Матроны становіцца зіма” (Б. с. к., 1937), “Калі на Матрону іней на дрэвах увесь дзень — блізка маразы, з’явіўся туман — блізка адліга” (Санько, 1990).
Піліпаўскія (Раздзвяныя) Дзяды — памінальны дзень перад Піліпаўкай у пятніцу і суботу (Заходняе Палессе). На Глушчыне вядома прыказка: “Піліпаўскі дзед кажа: хоць трашчу, але не пушчу”.
24/11. Хведар Студзянец. Хрысціянскі Феадор Студзіт у сувязі з адпаведным надвор’ем і сугучным прозвішчам у народзе празваны Студзянцом. “Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скутоляць” (Ляснічы, 1990).
Вадзяны млын
25/12. Кацярыны,— Прысвятак, які арыентуе ў надыходзе снягоў і кароткіх зімовых дзён. “Прыйшла Кацярына — прыйдзе і пярына” (Сахараў, 1937), “Кацярына забрала лета” (Берман, 1874). У некаторых мясцінах лічылася: калі ў гэты дзень будзе дождж або снег, то аж да Грамніц зацягнуцца адлігі (Б.с.к., 1937).
Іван Міласцівы. На Палессі стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, нешта пазычыць, падараваць. Калі на Івана Міласцівага ішоў дождж або снег, то меркавалі, што аж да Грамніц трэба чакаць адлігі (Васілевіч, 1991).
27/14. Юсцініян. Прызнаны апекуном плоднасці, дзяцінства. Відаць таму, што царкоўны прававерны Юсцініян паказаны на абразе з дзіцём на руках.
Запусты (Загавіны на Піліпаўку) — дзень перад Піліпаўкай. Клікалі ў госці бабу, “што пупы вяжа”. Жанчыны заканчвалі апрацоўку льну і канапель, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак. У Вілейскім павеце гаварылі: “Пуста места Запусты, пусці, Божа, куцейку” (Шэйн, 1893).
Піліп (Піліпей). Пярэдадзень Піліпаўкі. Апошні дзень падрыхтоўкі ткацкага начыння. Пачынаюцца халады, усе апранаюцца цяплей, таму на Тураўшчыне вядома прымаўка: “Ек залезе Піліп, то і Петро не вужэне” (Тураўскі слоўнік, 1982). У Лельчыцкім раёне кажуць: “Піліп дзяцей адзявае”. Перад Піліпаўкай заканчваліся вяселлі, таму спявалі:
Была восень, цяпер зіма,
Былі хлопцы, цяпер няма.
(Бярозаўскі раён)
28/15. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 6 студзеня). Гаварылі: “У Піліпаўку дзень да палудня” (Федароўскі, 1935). Не елі скаромнага. Не рабілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі, пачыналі ткаць “другія” кросны. У песнях яны расказвалі аб сваіх занятках:
Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.
Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі,
Напрадзём, дзевачкі, паўтары цэвачкі,
Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.
Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.
Усё сяло абышлі, бёрда не найшлі.
Будзем, дзевачкі, ў прасла кросны снаваць,
Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.
(Мсціслаўскі раён)
Лічылася, што ў Піліпаўку збіралася “воўчае вяселле”, хадзілі ваўкі зграямі. “Ек Піліпаўка настала, то ваўкі ідуць гайною” (Тураўскі слоўнік, 1984). Заўважалі: калі на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры (Б. с. к., 1937). У Столінскім раёне сцвярджаюць: “Як у Піліпаўку навісь на дзерэве, то будзе ўраджай на хлеб”.
Піліпаўскі пост упамінаецца ў асенняй песні:
Пасціла ўдоўка сем панядзелкаў,
Васьмую нядзелечку.
Прынясі, Божа, нежанатага
На маю пасцелечку...
(Вілейскі раён)
30/17. Андрэй. Дзяўчаты вечарам напярэдадні варажылі, сыпалі пад падушку ячмень са словамі: “Святы Андрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім я буду жаць” (Беларуская крыніца, 1928).
ВЯЧОРКІ
Дзяўчаты наймаюць сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны, у якой-небудзь удавы або наогул у беднай сям’і і плацяць у складчыну: льном па вазе, мераю канаплянага семя або круп, а таксама бульбаю. “Вячэраць” прыносяць усё сваё, асвятленне таксама (цяпер усюды керасінавыя “ланпы”).
Збіраецца ў адной хаце дзяўчат пятнаццаць, не больш. Усе прадуць і шчыра спяваюць. Прыходзяць і хлопцы паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. Варта ўвагі тое, што на вячоркі трапляюць хлопцы з суседніх вёсак, а свае таксама большасць ідзе ў іншыя вёскі, часам і за дзесяць вёрст. Усе дзяўчаты начуюць на вячорках, а не дома. Так і кажуць “Мы ніколі не стыкаемся дома” (не сядзім).
“Вячоркі”. Выступае фальклорны ансамбль “Неруш”
Льецца мелодыя звонкая. Музычны майстар Уладзімір Пузыня
Падлеткі сходзяцца асобна. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіраюць якую-небудзь хату, канечне, бліжэй, дзе яны будуць прасці. Вячоркі называюцца яшчэ “попрадкі”. З надыходам вясны яны спыняюцца, але сяброўкі ўсё-такі ідуць начаваць “у свае вячоркі”... Гэтыя летнія вячоркі называюцца ўжо “наначкі” — “хадзіць у наначкі”.
На працягу зімы дзяўчаты робяць тры, чатыры “вечарынкі”. Наймаюць музыкаў са скрыпкаю і бубнам. Плацяць ім рублі два, у складчыну безумоўна. Прыносяць сваю правізію, гарэлку, а хлопцы — толькі частаванне: семечкі, пернікі. Вечарынкі пачынаюцца звычайна з раніцы і працягваюцца да позняй ночы. Адны заходзяць, “паскачуць” (патанцуюць) і выходзяць, потым заходзяць іншыя (Радчанка, 1888).