Асноўныя баявыя дзеянні на тэррыторыі Беларусі

УВОДЗІНЫ

 

Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве 1794 году, узброенае выступленне супраць расійскай акупацыі і прускай інтэрвенцыі, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году і за ажыццяўленне пастановаў Чатырохгадовага сейму. Рэакцыйныя дзеянні таргавічан і захопніцкая палітыка замежных дзяржаў выклікалі вострае незадавальненне значнай часткі гарадскіх жыхароў і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Французскай рэвалюцыі ўказваў на адзіна магчымы шлях вызвалення краіны ад замежнага дыктату і здраднікаў-таргавічан.

Пачалося паўстанне 24 сакавіка 1794 г. У гэты дзень на Рынкавай плошчы Кракава быў агалошаны Акт паўстання, якім Касцюшка абвяшчаўся Вышэйшым і Адзіным начальнікам узброеных сіл і кіраўніком усяго паўстання. Яму даручалася сфарміраваць вышэйшы заканадаўчы і адміністрацыйна-выканаўчы орган паўстання для ўсёй Рэчы Паспалітай — Вышэйшую народную раду (утворана 21 мая). Яшчэ раней былі ўтвораны некаторыя мясцовыя органы кіравання, а таксама Вышэйшая Народная рада Вялікага княства Літоўскага (24 красавіка), якая прызначыла начальнікам паўстанцкіх узброеных сіл Вялікага княства Якуба Ясінскага. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, якім касавалася прыгоннае права, але без надзялення сялян зямлёй [10].

Народная рада выдала пастанову (14 чэрвеня 1794) аб аднаўленні іерархіі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, якая згодна з пастановай Пінскай праваслаўнай кангрэгацыі 1791 г. абвяшчалася незалежнай ад замежнай царквы.


Асноўныя баявыя дзеянні на тэррыторыі Беларусі

Сакавіцкія падзеі ў Кракаве неўзабаве знайшлі свой працяг на радзіме Касцюшкі. Ён сам і яго бліжэйшыя паплечнікі вельмі спадзяваліся на дапамогу з Вялікага Княства Літоўскага. Тут яшчэ з другой паловы 1793 года ў асяроддзі патрыятычна настроенага афіцэрства, мясцовай шляхты ды святарства пачалася падрыхтоўчая праца да будучага паўстання. У Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, ваколіцах Браслава, Ашмяны, Смаргоні, Хвойнікаў, Пінска і Мазыра яны складалі спісы аднадумцаў, збіралі сродкі і зброю, знаёмілі надзейных людзей з першымі таемнымі пасланнямі Касцюшкі [7].

Дзеля ўздыму патрыятычнага духу была створаная і шырока распаўсюджвалася «Песня паўстанцаў»:

 

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ', каб мы ім заплацілі!

Коней нам пазаяжджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касьцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!

 

У Беларусі гэтую працу напачатку ўзначальваў экс-абозны Вялікага Княства Кароль Прозар. Дапамагалі яму Канстанцін Ельскі, былы надворны маршалак Станіслаў Салтан, віленскі святар Міхаіл Богуш, экс-стражнік літоўскі Ян Аскерка ды іншыя. Яшчэ ў лістападзе 1793 года ў Мазырскім павеце пачынае хадзіць па руках пісьмовы ўніверсал ад Касцюшкі з заклікам, каб «збіраліся грамадзяне да аднаўлення Айчыны».

Весткі аб неспакоі «на Літве» сталі даходзіць да расейскага пасла ў Варшаве. Таму ён на пачатку 1794 года з мэтаю высвятлення сітуацыі накіраваў туды «надзейнага чалавека з палякаў». Прывезеныя звесткі пацвердзілі здагадкі пра існаванне асяродка бунту ў Беларусі. Непакой акупантаў яшчэ болей узрос, калі пачалося паўстанне ў Кракаве. Іх галоўны памагаты ў Вялікім Княстве гетман Сымон Касакоўскі дае загад арыштаваць западозраных у змове ў Вільні, Наваградку і Горадні.

Усё ж галоўны, вайсковы, асяродак па падрыхтоўцы паўстання, які на пачатку 1794 года ўзначальваў у Вільні палкоўнік «літоўскага корпусу інжынераў» Якуб Ясінскі, застаўся нераскрыты. Але ад сярэдзіны красавіка яму і ягоным сябрам таксама пачынае пагражаць арышт. Больш марудзіць з пачаткам паўстання было нельга.

Уначы з 22 на 23 красавіка паўстала Вільня. А палове першай па стрэле гарматы з віленскага арсенала рушылі на чале з Ясінскім на яе вызваленне ад акупантаў невялікія аддзелы рэгулярнага войска Вялікага Княства Літоўскага (у горадзе іх налічвалася крыху болей за 700 чалавек). Вайскоўцам дапамагалі блізу 500 цывільных грамадзянаў Вільні, папярэдне падрыхтаваных да выступу. У выніку нечаканага нападу і кароткага двухгадзіннага бою на вуліцах горада сталіца Княства апынулася ў руках паўстанцаў. У палон разам з камендантам акупацыйнага гарнізона трапіла больш за тысячу чалавек.

24 красавіка ў Вільні быў урачыста прыняты «Акт Паўстання Народу Вялікага Княства Літоўскага». Згодна з ім утвараўся свой незалежны орган для кіраўніцтва паўстаннем - «Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага». Менавіта ёй аддавалася ўся паўніня ўлады ў Княстве. У склад Рады як камендант віленскага гарнізона ўвайшоў і Я.Ясінскі. (Старшыня Рады мусіў змяняцца кожны дзень паводле алфавіта. Прадугледжвалася дапаўненне складу Рады дэлегатамі ад ваяводстваў і паветаў. У такім разе яна мела ўсе падставы ператварыцца ў незалежны паўстанцкі ўрад Вялікага Княства.) Таго ж дня 2328 чалавек падпісалі Акт аб пачатку паўстання і прынялі прысягу на вернасць яму.

Справе больш дэталёвай арганізацыі паўстанцкага руху быў прысвечаны «Ўніверсал да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных». Ён быў абвешчаны ўжо ад імя Найвышэйшай Рады 24 і 25 (паўторна) красавіка 1794 года. Пачынаўся «Ўніверсал» словамі: «...Слухай, Народзе Літоўскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трону, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі Ты ўжо ў ім зняверыўся». «Універсал» абвясціў галоўнымі прыярытэтамі паўстання «здабыццё вольнасці і роўнасці грамадзянскай», выгнанне расейскіх акупацыйных войскаў, вяртанне ўсіх анексаваных земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Для абароны паўстання ад ворагаў і здраднікаў быў абраны найвышэйшы Крымінальны суд. З сяброў Найвышэйшай Рады ўтварыліся яе «дэпутацыі» - забяспечання, публічнай бяспекі, скарбу і таемная (для кіраўніцтва войскам).

Трэцяга траўня Найвышэйшая Рада Вялікага Княства прызначыла Якуба Ясінскага начальнікам над усімі паўстанцкімі сіламі ў краі.

25 красавіка пасля першага свайго паседжання найвышэйшы Крымінальны суд вынес смяротны прыгавор апошняму гетману Княства Сымону Касакоўскаму як здрадніку і галоўнаму памагатаму расейскіх акупантаў. Гетмана павесілі прылюдна на «французцкі манер», скарыстаўшыся з вулічнага ліхтара, на пляцы перад віленскай ратушай.

Ад пачатку паўстанне набыло своеасаблівыя рысы, якія не прадугледжваліся ў Кракаўскім Акце. І рэч тут не толькі ў тым, што імя Касцюшкі нават не прыгадвалася ў Віленскім Акце. (Заяўлялася, аднак, аб поўнай салідарнасці з падзеямі 24 сакавіка ў Кракаве.) Куды істотнейшым быў факт утварэння самастойнага ва ўсіх пытаннях (войска, скарбаў і нават міжнародных дачыненняў) органа - Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Літоўскага. (Найвышэйшая Рада Вялікага Княства праіснавала да 10 чэрвеня 1794 года. Потым ёй на змену прыйшла Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага, ужо поўнасцю падпарадкаваная Касцюшку і Найвышэйшай Нацыянальнай Радзе ў Варшаве.) Усё гэта выразна спалучалася з якабінскім радыкалізмам Якуба Ясінскага, які яскрава выявіўся ў яго сімпатыях да рэвалюцыйнай Францыі, што абвясціла святым права кожнага народа на свабоду і незалежнасць. Актам 24 красавіка фактычна была адноўленая дзяржаўнасць Вялікага Княства Літоўскага, значна абмежаваная Канстытуцыяй 3 траўня 1791 года.

Аднак неабходнасць змагання з агульным ворагам, наяўнасць супольных мэтаў у паўстанні - здабыццё вольнасці, роўнасці і незалежнасці - болей аб'ядноўвала, чым раз'ядноўвала Варшаву і Вільню. Урэшце ўсё вырашалася на полі бітвы. Гэта выдатна разумеў Я.Ясінскі. Яго асоба аднолькава не задавальняла «памяркоўную плынь» у паўстанні як у Польшчы, так і ў Вялікім Княстве. Пасля пакарання смерцю С.Касакоўскага прывід шыбеніцы ўзнік перад многімі з тых, хто запляміў сябе супрацоўніцтвам з акупантамі. Яны згуртаваліся супраць «віленскай заразы», стараліся зняць Ясінскага, усялякім чынам зняславіць яго перад Касцюшкам. Тым не меней Ясінскі шукаў доказаў свайму праву на камандаванне паўстанцкім войскам зусім не ў інтрыгах, а на пабаявішчы.

Адна з такіх бітваў адбылася 7 траўня 1794 года пад вёскай Паляны, у Ашмянскім павеце. Я.Ясінскі хацеў скарыстацца з ініцыятывы, якая на той час поўнасцю была ў руках паўстанцаў, і разбіць амаль трохтысячны аддзел палкоўніка Дзеева, які пагражаў Вільні. У паўстанцаў было каля дзвюх тысяч рэгулярнага войска. Акрамя гэтага, іх сілы папоўніла амаль тысяча мясцовых сялян-касінераў. Зацятая бітва з удзелам артылерыі пачалася а 11 гадзіне раніцы і доўжылася да самага вечара. Акупанты не чакалі такога моцнага адпору. Урэшце абодва бакі, знясіленыя шматгадзінным боем, вымушаныя былі разысціся. Пры гэтым адыход расейцаў да Смаргоні меў выразнае падабенства да выратавальнага адступлення. Да гэтага прымушалі і немалыя страты - 173 чалавекі забітымі і 322 параненымі. У сваім рапарце пра бой пад Палянамі палкоўнік Дзееў напісаў, што «воины (расейкія) были так раздражены, что не давали пардону (г.зн. дабівалі параненых), но они (паўстанцы) так были отчаянны, что и раненные оборонялись». Акрамя таго, каб апраўдаць свой «канфуз» пад Палянамі, Дзееў «павялічыў» сілы Ясінскага ажно да 11 тысяч чалавек. Сярод іх вылучыў упартасцю ў змаганні асобную групу «канфедэратаў-шляхцічаў, віленскіх стральцоў і мужыкоў, узброеных стрэльбамі, сякерамі, пікамі і косамі».

Пасля бітвы пад Палянамі расейцы нават і думаць не маглі пра які-кольвечы наступ. Галоўнае для іх было стрымаць націск паўстанцаў. Поспех Якуба Ясінскага пад Палянамі прымусіў паспешліва адысці з-пад Горадні на прыкрыццё мяжы пад Нясвіж і трохтысячны корпус генерала Цыцыянава.

Другая буйная бітва беларускіх паўстанцаў пад камандаваннем Я.Ясінскага з расейцамі адбылася 26 чэрвеня пад вёскай Солы, каля Смаргоні. Але гэта быў ужо іншы час, менш спрыяльны для паўстання. Ініцыятыва з розных прычынаў пачала пераходзіць да акупантаў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла адстаўка Ясінскага з пасады начальніка ўсяго паўстанцкага войска Вялікага Княства. (Ад 4 чэрвеня 1794 года камандзірам паўстанцкіх сілаў у Вялікім Княстве Літоўскім быў прызначаны генерал-лейтэнант Міхал Вяльгорскі, які бяздзейнасцю поўнасцю пацвердзіў сваю няздатнасць да гэтай пасады.)

Пад Соламі сустрэліся буйны пяцітысячны расейскі корпус з 16 гарматамі і аддзелы Ясінскага колькасцю да 3 тысяч чалавек. Ізноў, як і пад Палянамі, у Ясінскага было блізу адной тысячы касінераў. Бітва пачалася ўранку і цягнулася болей за пяць гадзін. Вырашыла справу перавага расейцаў у артылерыі. Паўстанцы, якія мужна стрымлівалі атакі ворага, пад канец бою трапілі пад навальны гарматны агонь і сталі адступаць. У гэтай бітве загінула каля трохсот паўстанцаў (у тым ліку брат Я.Ясінскага - Язэп), бальшыня з іх - неспрактыкаваныя сяляне-касінеры.

Адметнай рысай вызвольнага паўстання 1794 года ў Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных формаў змагання. Паўстанцы імкнуліся перанесці яго ў т.зв. «расейскі кардон», г.зн. на анексаваную раней тэрыторыю Беларусі. Першага чэрвеня Я.Ясінскі выдаў свой знакаміты ўніверсал да павятовых генерал-маёраў (якія выбіраліся з мясцовай шляхты ў паветах для арганізацыі і кіраўніцтва паспалітым рушаннем і зацвярджаліся Найвышэйшай Радай Вялікага Княства, а потым Т.Касцюшкам) аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных конных дыверсійных 300-асабовых аддзелаў. Увайшоўшы ў «расейскі кардон», яны павінны былі адцягваць на сябе сілы акупантаў і, сеючы паніку ў тыле ворага, адначасова ўздымаць на паўстанне мясцовую шляхту і сялянства. Гэтую ініцыятыву заўважыў і ўхваліў Касцюшка. Ён адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі (загадам Касцюшкі 11 траўня Ясінскаму было нададзенае званне генерал-лейтэнанта) апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя звароты ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх вымагае парадак рэчаў і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя»[7].

Апрача гэтага ўніверсала Ясінскім была складзеная асобная «Інструкцыя для ўваходных у кардон расейскі». Яна рэгламентавала парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да паўстання..., трэба з сялянствам як найлепей, па-людску, абыходзіцца». Партызанскія дыверсійныя дзеянні павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць яшчэ адзін узброены расейскі салдат застанецца»[5]. У стратэгічным жа плане дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да расшчаплення і аслаблення варожага войска, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Ці не першым скарыстаўся з такой магчымасці сябар Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Міхал Клеафас Агінскі. Ён звярнуўся да Ясінскага і атрымаў дазвол на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў кірунку Менска. 12 чэрвеня, скрытна выйшаўшы з-пад Вільні на чале 500-асабовага аддзела (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага), ён накіраваўся пад Валожын. Разбіў там невялікі расейскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі і харчавання, і рушыў на Івянец. Там Агінскі абвясціў свой зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім, спасылаючыся на тое, што пасланы ён ад «мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага», заклікаў далучацца да паўстанцаў, каб «вярнуць Айчыне свабоду». З Менска насустрач Агінскаму на загад губернатара Няплюева былі пасланыя значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам расейскія войскі сустрэлі і разбілі паўстанцаў. Толькі рэшткі аддзела, 150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў, змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Неўзабаве пасля гэтага М.Агінскі на загад М.Вяльгорскага быў накіраваны з рапартам аб падзеях ў Беларусі да Касцюшкі. Той, нягледзячы на сумны фінал выправы аддзела Агінскага, усё ж адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для забяспечання сваіх тылоў.

Прыкладна гэтым жа часам у Паставы з Вільні з конным аддзелам на 60 чалавек быў накіраваны падпалкоўнік Тадэвуш Гарадзенскі. Згодна з інструкцыяй Ясінскага, ён абвясціў Віленскі ўніверсал аб паўстанні, канфіскаваў мясцовую канцылярыю і грашовую касу. Рука Ясінскага адчувалася і ў далейшых дзеяннях Гарадзенскага. У першы ж дзень знаходжання ў мястэчку ён загадаў паставіць дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў атрад Гарадзенскага выйшаў папоўнены 200 чалавекамі «шляхты і ўзброеных сялянаў»[4].

Выконваючы загад Найвышэйшай Рады Вялікага Княства, актыўна дзейнічалі па далучэнні да паўстання шляхты і сялянства Завілейскага павета браты Ксавер і Ян Зяньковічы. У мястэчку Свір з іх удзелам быў скліканы соймік, абраны павятовы генерал-маёр (ім стаў К.Зяньковіч), накіраваны дэлегат ад павета ў Раду. На пачатку чэрвеня аддзел на чале з Я.Зяньковічам напаў на мястэчка Ваўкалаты ў Менскай губерні і разбіў там расейскую каманду.

Адначасова з вайсковымі дзеяннямі, згодна з распараджэннем Касцюшкі, ішло стварэнне ўстановаў для кіраўніцтва паўстаннем у ваяводствах і паветах, гэтак званых парадкавых камісіяў. Яны займаліся наборам у войска «рэкрутаў», арганізацыяй паспалітага рушання, забяспечаннем яго харчаваннем і амуніцыяй, вялі судовыя справы. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ахопленай паўстаннем, былі створаныя 23 павятовыя парадкавыя камісіі, 19 з якіх дзейнічалі на беларускай зямлі. Найбольш актыўныя і дзейныя былі берасцейская, кобрынская, гарадзенская і віленская, а таксама ваўкавыская, смаргонская і ашмянская.

Асабліва ўсцешыў Тадэвуша Касцюшку той факт, што яго землякі-берасцейцы ўвялі ў склад сваёй камісіі 8 чалавек ад праваслаўнага насельніцтва, праявіўшы сапраўдную палітычную сталасць і дасведчанасць. Начальнік паўстання з гэтай нагоды адгукнуўся да іх шчырым лістом-падзякай з пажаданнем гэтак жа рабіць і ў іншых мясцінах, дзе ёсць праваслаўнае насельніцтва. Увогуле для паўстання ў Беларусі было характэрнае імкненне злучыць у змаганні не толькі розныя станы грамадства, але і людзей усіх веравызнанняў - вуніятаў, каталікоў, праваслаўных, мусульман, юдэяў.

Ад пачатку ліпеня 1794 года ўсё большы непакой Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага Княства Літоўскага, якая прыйшла на змену Найвышэйшай Радзе, выклікала становішча Вільні. Расейцы ўсялякім чынам імкнуліся захапіць сталіцу Княства. 17-18 ліпеня першая спроба ўзяць Вільню штурмам не ўдалася. Але з гэтага часу варожыя войскі далёка ад горада ўжо не адыходзілі. Каб адцягнуць адсюль іх сілы, а таксама дапамагчы сваім паплечнікам у Польшчы, у жніўні былі арганізаваныя два найбуйнейшыя дыверсійныя рэйды беларускіх паўстанцаў на Віцебшчыну, Меншчыну і Магілеўшчыну. Іх узначальвалі М.Агінскі і С.Грабоўскі.

1 жніўня напачатку невялікі 50-асабовы конны аддзел Агінскага пакінуў Вільню і праз Немянчын і Свянцяны выйшаў на Браслаўшчыну. Па дарозе ён папоўніўся ўзброенымі фармаваннямі шляхты і сялянаў. Колькасць паўстанцаў павялічылася да дзвюх з паловай тысяч чалавек. На Браслаўшчыне М.Агінскі пакінуў бальшыню свайго аддзела, у тым ліку 1200 касінераў, а сам, узяўшы тры эскадроны конніцы, рушыў на Дынабург (цяпер Даўгаўпілс). Але вызваліць горад не ўдалося. Вестка аб захопе расейцамі Вільні (12 жніўня) прымусіла паўстанцаў павярнуць назад.

Можа, сама адчайную спробу палепшыць справы паўстанцаў у Беларусі ўжо пасля страты Вільні зрабіў у канцы жніўня - пачатку верасня падпалкоўнік Стафан Грабоўскі. 17 жніўня яго амаль дзвюхтысячны аддзел з дазволу М.Вяльгорскага каля Івянца ўвайшоў у «закардонную» Меншчыну. Планаваўся захоп Менска. Але і гэтым разам удача адвярнулася ад паўстанцаў, бо непрыяцельскі гарнізон у Менску атрымаў значнае падмацаванне. Тады, сышоўшы з ракаўскага гасцінца, аддзел Грабоўскага ў абыход горада праз Койданаў рушыў да Пухавічаў. Па дарозе паўстанцы грамілі расейскія каманды, разбуралі масты, рабілі засекі на дарогах. Паводле сведчання начальніка расейскага войска ў Вялікім Княстве Літоўскім М.Рапніна, у паўстанцаў не было праблемаў з забяспечаннем харчаваннем і фуражом. Па дарозе амаль на паўтары тысячы чалавек папоўніўся лік «грабоўчыкаў». (У аддзеле С.Грабоўскага быў спецыяльны ўпаўнаважаны Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікога Княства Ц.Саванеўскі і, відаць, па прыкладзе рэвалюцыйнай Францыі «камісар» Ю.Козел. У іх задачу якраз і ўваходзіла арганізацыя паспалітага рушання сярод мясцовай шляхты і сялянства.) Мясцовае насельніцтва спрыяла іх маршу. І гэта больш за ўсё непакоіла Рапніна, які наогул не мог уцяміць «дерзостного стремления сих мятежников». А тыя яшчэ на вайсковай радзе ў Пухавічах вырашылі ісці ўглыб Беларусі: або «прапасці», або ажывіць згасалае паўстанне.

30 жніўня аванград паўстанцаў дайшоў да Бабруйска. Начным нападам горад быў заняты, а мясцовы гарнізон знішчаны. Ад Бабруйска Грабоўскі павярнуў назад, намерваючыся захапіць Слуцак. Але пад Любанем шлях яму з чатырохтысячным войскам перагарадзіў генерал Цыцыянаў. 4 верасня раніцою пачалася бітва, якая ішла цэлы дзень. Пры гэтым Грабоўскі апынуўся там амаль без пяхоты і значнай часткі конніцы, якія не паспелі напярэдадні пераправіцца цераз раку Арэсу. Паўстанцы біліся мужна, але сілы былі занадта няроўныя. З часткай свайго аддзела на 250 чалавек С.Грабоўскі вымушаны быў капітуляваць.

Сам Касцюшка рэйд Грабоўскага на той час не лічыў неабходным. Даведаўшыся пра яго, ён запатрабаваў, каб паўстанцы выйшлі з «расейскага кардону», адцягнулі свае сілы пад Берасце і Горадню. Тым не меней, той факт, што на нейкі час аддзелу Грабоўскага ўдалося адцягнуць на сябе да 4 тысяч расейскага войска на Беларусі, ужо сведчыў сам за сябе.

Немалыя надзеі ў пашырэнні паўстання на Беларусі пакладаў Тадэвуш Касцюшка на корпус генерала Кароля Серакоўскага. У канцы ліпеня ён накіраваўся з-пад Высокага праз Шарашоў на Слонім. Яго задачай было прыкрыццё Вільні і адначасова недапушчэнне захопу Берасця. З пачатковай колькасці паўтары тысячы чалавек корпус Серакоўскага павялічыўся больш чым удвая коштам добраахвотнікаў з мясцовай шляхты і сялянства. Асабліва дапамаглі яму ў гэтым берасцейская і кобрынская парадкавыя камісіі. З Кобрынскага павета ў корпус улілося 713 чалавек «павятовай міліцыі» і касінераў пад камандаваннем Казіміра Рушчыца. Каля пяцісот чалавек добраахвотнікаў прыйшло з Берасцейскага павета пад камандаваннем павятовага генерал-маёра М.Франкоўскага.

2 жніўня пад Слонімам авангард паўстанцаў Серакоўскага, якіх на той час было ўжо чатыры з паловай тысячы чалавек, сутыкнуўся з перадавой часткай корпуса генерала Дэрфельдэна. Расейскі бок адрозна ад паўстанцаў панёс значныя страты - параненымі і забітымі да трохсот чалавек.

Нягледзячы на, здавалася б, спрыяльныя ўмовы для далейшага наступу пасля Слоніма, Серакоўскі пастанаўляе адысці да Ружанаў, а потым пад Бярозу. Ён не рызыкнуў пайсці на Вільню, а накіраваў туды яшчэ з-пад Слоніма толькі аддзел берасцейскіх добраахвотнікаў-касінераў Франкоўскага. Яны ўзялі чынны ўдзел у абароне горада 11 жніўня, многія загінулі ў акопах і на віленскіх мурах.

Урэшце адыход Серакоўскага пад Бярозу, а потым пад Берасце нельга лічыць беспадстаўным. Надыходзілі звесткі, што з Украіны ідзе на Беларусь шматтысячны расейскі корпус пад камандаваннем Суворава. (8 жніўня расейскі пасол у Стамбуле атрымаў абяцанне Турэччыны захаваць мір з Расеяй, што і дазволіла Кацярыне ІІ перакінуць з турэцкай мяжы корпус А.Суворава.) Менавіта паўстанцам Серакоўскага наканавана было сустрэцца з ім.

17 верасня непадалёк ад Кобрына, пад вёскаю Крупчыцы, з раніцы і да трэцяй гадзіны дня доўжылася найбуйнейшая бітва з часоў паўстання 1794 года ў Беларусі. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі блізу 20 тысяч чалавек. Сярод іх былі і амаль дзве тысячы беларускіх сялян-касінераў, набраных Серакоўскім пад Берасцем, Кобрынам, Пружанамі, Слонімам і Бярозай. З інфармацыі «шматлікіх шпегаў», пераважна мясцовых габраяў, Сувораву былі добра вядомыя бочныя шляхі і падыходы да асноўнай пазіцыі паўстанцаў перад крупчыцкім кляштарам кармелітаў. Флангавым манеўрам, перайшоўшы рэчку Трасцяніцу, аддзелы Суворава змаглі выйсці ў заплечча паўстанцам, захапіць панавальнае над іх пазіцыяй узвышша. Гэта і вызначыла зыход бою. Каб не падставіць свае асноўныя сілы пад знішчальны агонь варожай артылерыі, Серакоўскі аддаў загад адысці. Нават Сувораў вымушаны быў адзначыць мужнасць паўстанцаў: «...атакаваны непрыяцель змагаўся моцна болей за пяць гадзін». Параненымі, забітымі, прапалымі без вестак паўстанцы страцілі блізу дзвюх тысяч чалавек. Бальшыню палеглых складалі маласпрактыкаваныя ў вайсковых справах касінеры. Частка іх, ужо пасля бою, была пасечаная азвярэлымі казакамі ў сценах крупчыцкага кляштара, сярод якіх яна шукала сабе паратунку. Берагі рэчкі Трасцяніцы можна назваць крывавымі.

Адвёўшы асноўную частку сваіх сілаў пад Берасце, Серакоўскі разлічваў на іх перагрупоўку, падыход абяцаных падмацаванняў з Польшчы, каб ізноў прыняць бой, засланіць Сувораву шлях на Варшаву. Ён меркаваў, што пасля такой цяжкай бітвы пад Крупчыцамі будзе мець хаця б пару дзён у запасе. Але ўжо праз дзень, 19 верасня, зноў жа нечаканым абыходным манеўрам цераз Мухавец Сувораў на світанні ўдарыў па пазіцыях Серакоўскага пад Берасцем каля Тэрэспаля. Гэты нечаканы напад спрычыніўся да поўнага разгрому корпуса Серакоўскага, ад якога ацалела толькі 700 чалавек. 2645 паўстанцаў былі забітыя і параненыя або трапілі ў палон.

Цяпер наперадзе ў Суворава заставалася Варшава. У тыле былі толькі невялікія часткі разбітага корпуса Серакоўскага. На іх проста палявалі сувораўскія «чудо-богатыри». Як адзначаў той жа Сувораў, «разбежавшиеся при сражении в леса, кои не сдаются и сами не являются, перестреливают поныне егеря и иная пехота, как то и в болотах, кои в них не потонули»[5]. Тым не менш Сувораў усё ж амаль на месяц змушаны быў затрымацца пад Берасцем, перш чым рушыць на сталіцу Польшчы.

Пасля гэтых падзеяў у Беларусі пад кантролем паўстанцаў заставалася толькі Горадня з часткай Гарадзенскага павета. Сюды ненадоўга пераехала Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага. Сюды ж сцягваліся ацалелыя паўстанцкія аддзелы Т.Ваўжэцкага з Жамойці, А.Хлявінскага і П.Грабоўскага з-пад Вільні. Тут знаходзіўся і Я.Ясінскі, які так і не паспеў сфармаваць цалкам сваю надпушчанскую дывізію. 29 верасня ў Горадню ўсяго на адзін дзень прыехаў Т.Касцюшка са сваім сакратаром Ю.Нямцэвічам. Ён пераканаўся, што места ўтрымаць не ўдасца. І таму распарадзіўся пакінуць яго і ўсім накіравацца на абарону Варшавы. 30 верасня апошнія паўстанцкія аддзелы пакінулі Горадню.

Ваенная і палітычная сітуацыя складвалася не на карысць паўстання і ў Польшчы. Яшчэ на пачатку чэрвеня аб'яднаныя расейска-прускія войскі (24 тысячы чалавек) у бітве каля мястэчка Шчакаціны прымусілі армію Касцюшкі (12 тысяч чалавек) адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, а Касцюшка вымушаны быў адступіць да Варшавы. У сярэдзіне ліпеня туды падышлі прускія войскі і расейскі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена. Аднак гераізм абаронцаў Варшавы і ўмелыя дзеянні Касцюшкі ў жніўні-верасні прымусілі гэтыя войскі адысці ад горада.

Неўзабаве становішча паўстанцаў значна пагоршылася, бо Аўстрыя пашырыла тэрыторыю сваёй акупацыі, тым самым наносячы ўдар з поўдня. Усё ж Касцюшка не падаў духам і спрабаваў адбівацца на ўсе бакі. Хоць рабіць гэта было ўсё цяжэй і цяжэй: звужалася тэрыторыя паўстання, паўстанцы цярпелі паразы, зняверваліся ў выніках барацьбы, сілы іх былі на зыходзе. Пасля перамогаў Суворава пад Крупчыцамі і Берасцем корпус Ферзена пачаў наступ з паўднёвага захаду. Супраць яго Касцюшка выставіў сваю дывізію, папоўніўшы яе апошнімі рэзервамі з-пад Варшавы. На дапамогу павінна была падысці яшчэ дывізія пад камандаваннем генерала Панінскага, але ён загаду Касцюшкі не выканаў і да месца бітвы гэтая дывізія не паспела. 10 кастрычніка блізу 15 тысяч паўстанцаў на чале з Тадэвушам Касцюшкам занялі пазіцыі каля Мацяёвіцаў. На світанні іх атакаваў колькасна большы корпус генерала Ферзена. Да першай гадзіны дня ішла зацятая бітва. Скончылася яна на карысць расейцаў. Тысячы паўстанцаў загінулі. Цяжка паранены трапіў у палон сам Касцюшка. Страты супрацьлеглага боку таксама былі значныя - больш за 1300 чалавек забітых і параненых.

Непрытомны Касцюшка (атрымаў шабельны ўдар у голаў, некалькі ранаў ад казацкіх пікаў) быў абрабаваны і цудам застаўся жывы, бо расейцы пазналі, з кім маюць справу.

На наступны ж дзень, 11 кастрычніка, Касцюшка пад імем «шляхціча Шыманскага» пры строгай і пільнай ахове быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург (праз Кіеў, Чарнігаў, Магілеў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад). Той факт, што Касцюшка апынуўся ў палоне, адмоўна паўплываў на ход паўстання.

Начальнікам узброеных сілаў 12 кастрычніка 1794 года Найвышэйшая Рада прызначыла замест Касцюшкі яго земляка Тамаша Ваўжэцкага, аднак ні аўтарытэт, ні вайсковыя здольнасці не давалі яму магчымасці параўнацца з Касцюшкам. 4 лістапада войскі пад камандаваннем Суворава авалодалі ўмацаваным прадмесцем Варшавы Прагай. (Штурм Прагі Суворавым увайшоў у гісторыю як «пражская разня». Там загінулі тысячы мірных жыхароў, у тым ліку жанчыны, старыя, дзеці, блізу 10 тысяч паўстанцаў, 4 тысячы ўзброеных варшавян-добраахвотнікаў; больш за 2 тысячы патанулі ў Вісле. Бітва за Прагу была надзвычай жорсткая. Сярод яе абаронцаў былі і больш за 5 тысяч беларусаў, якіх Касцюшка паклікаў бараніць апошнюю цытадэль паўстання. На барыкадах Прагі загінуў і легендарны Якуб Ясінскі.) Толькі пасля гэтага было прынятае рашэнне аб капітуляцыі Варшавы.

Менавіта за жорсткае задушэнне паўстання А.Сувораў атрымаў ад Кацярыны ІІ званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 000 прыгонных сялянаў Кобрынскага павета. Усяго ж «вызвольнікам» было раздадзена больш за 80 000 прыгонных беларусаў.

Ці была параза паўстання 1794 года непазбежная? Вядома, шанцаў на перамогу было няшмат. Яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабой была буржуазія, а кансерватыўныя колы шляхты ў кіраўніцтве паўстаннем якраз і імкнуліся да таго, каб не дапусціць шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстання.

Пачынаючы паўстанне, Т.Касцюшка ды іншыя кіраўнікі спадзяваліся, што Аўстрыя, Прусія і Расея не змогуць накіраваць значныя сілы супраць паўстання з прычыны ўцягнення іх у барацьбу з Турэччынай і Францыяй. Аднак Прусія і Аўстрыя аслабілі націск на рэвалюцыйную Францыю і сканцэнтравалі значныя сілы супраць Рэчы Паспалітай, не даўшы магчымасці тут вызвольнаму руху спалучыцца з сацыяльнымі пераменамі, здольнымі памяняць аджылыя парадкі. Хоць паўстанне і пацярпела паразу, аднак яго значэнне ў гісторыі Эўропы велізарнае. Ідэі вызвольнага дэмакратычнага руху не загінулі, шырока распаўсюдзіліся ў Аўстрыі, Прусіі, Расеі ды іншых эўрапейскіх краінах.

І гісторыкі, і тагачасныя палітычныя дзеячы адзначалі выратавальную ролю паўстання 1794 года для лёсу Французскай рэвалюцыі. Занепакоенасць дзяржаваў антыфранцузскай кааліцыі - Аўстрыі, Прусіі і Расеі - падзеямі ў Рэчы Паспалітай, адцягненне на задушэнне паўстання значных вайсковых сілаў дазволілі рэвалюцыйнай Францыі настолькі ўзмацніцца, што яна акрыяла і пачала перамагаць. Выйшла так, што Касцюшка цалкам спраўдзіў годнасць ганаровага грамадзяніна Францыі, нададзеную яму яшчэ ў 1792 годзе. Канешне ж, не гэта было галоўнаю мэтай для нашага суайчынніка. Жаданне волі і незалежнасці перш за ўсё сваёй Бацькаўшчыне, лепшай долі яе народу кіравалі яго памкненнямі.

Прычыны паразы паўстання і заняпаду Рэчы Паспалітай караняцца як у нутраных, так і ў вонкавых фактарах, найважнейшымі з якіх былі эканамічнае адставанне і захаванне прыгоннага ладу, а таксама адсутнасць добра арганізаваных органаў улады, здрадніцтва часткі магнатаў і засілле не здольных на кампрамісы вярхоў каталіцкага духавенства, а разам з тым і апалячванне беларусаў і ўкраінцаў. Да вонкавых фактараў належыць імкненне суседніх дзяржаваў знішчыць прагрэсіўны рух у Рэчы Паспалітай і, скарыстаўшыся з яе эканамічнай, палітычнай і вайсковай слабасці, анексаваць яе тэрыторыю.

Дык можа не варта было ўздымацца на паўстанне? Ці не лепей было захаваць тое, што заставалася ад калісьці неабсяжнай дзяржавы, каб у спрыяльнейшых умовах паспрабаваць вярнуць страчанае? Праз такія пытанні яшчэ некаторыя сучаснікі спрабавалі абвінаваціць Касцюшку. Ён і сам не мог не задаваць іх сабе. Які ж мог быць адказ?

Чаканне перад пашчамі трох драпежнікаў магло прывесці толькі да гібелі. Тактыка ўступак пры першых двух падзелах, якой трымаўся мяккацелы кароль Станіслаў Аўгуст, поўнасцю сябе дыскрэдытавала. Кароль якраз і зыходзіў з таго, што, калі няма моцы ацаліць усё, трэба нечым ахвяравацца, каб захаваць хоць штосьці ад «маці-дзяржавы». Яшчэ пры першым падзеле 1772 года яму слушна пярэчылі: каб выратаваць жыццё маці, «ці ж можа добры сын згадзіцца на тое, каб ёй адсякалі спачатку рукі, а потым ногі?»

Так, паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі не зберагло Рэч Паспалітую Двух Народаў, не дало волі і незалежнасці ды лепшай долі яе жыхарам. Але яго ўдзельнікі паспрабавалі гэта зрабіць! Не ў мроях, дапушчэннях ці слоўных раскладах, а на пабаявішчы, дзе шмат хто з іх і застаўся. А гэта куды болей істотна. Як і тое, што праз гэтае паўстанне, а потым праз доўгія гады ліхалецця, усвядоміўшы свае ўласныя інтарэсы, пачалі свой пакутны шлях да адраджэння і незалежнасці тыя народы, якія дзвесце гадоў таму былі братамі па зброі. Той шлях паказаў Касцюшка. Становячыся на яго, іх лепшыя сыны ўжо ведалі - за волю трэба змагацца! І са зброяй і без зброі ў руках. Гэтак жа лічыў і адзін з паплечнікаў Касцюшкі, наш нацыянальны герой Якуб Ясінскі. Звяртаючыся пад час паўстання да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, ён казаў: «Хочаце быць свабоднымі? Дык будзьце імі!»


2. Уражэнцы Брэстчыны актыўныя удзельнікі паўстання (Копаць, Сапега Казімір, Несялоўскі, Я.Геранім, Ю. Нямцовіч, Т.Касцюшка)

КОПАЦЬ (КОПЭЦЬ) Юзаф

[16.5.1762, Пінскі пав. — 1827, Варшава (?)], ваенны дзеяч, удзельнік паўстання 1794, этнограф, падарожнік. Сын пінскага ротмістра Станіслава К. і яго жонкі Ганны з Гаслаўскіх. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. У 16 гадоў пайшоў на ваенную службу ў Пяцігорскую брыгаду ВКЛ. Даслужыўся да паручніка, перайшоў на службу ў расійскую армію. У чыне брыгадзіра змагаўся ў шэрагах паўстанцаў 1794. Вызначыўся мужнасцю і талентам стратэга. У бітве пад Мацеёвіцамі быў паранены і трапіў у палон. Знаходзіўся ў турмах Кіева і Смаленска. Асуджаны як дэзерцір расійскай арміі і сасланы на Камчатку, дзе знаходзіўся каля 2 гадоў. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены, вярнуўся на Радзіму, жыў у Вільні, Нясвіжы, на Валыні. Пасля яго смерці быў апублікаваны на польскай мове галоўны твор К. «Дзённік падарожжа праз цэлую ўздоўж Азію сушай да парта Ахоцка, акіянам праз Курыльскія астравы да ніжняй Камчаткі і адтуль назад да таго ж порта на сабаках і аленях» (Вроцлаў, 1837). Паколькі ў кнізе падрабязна апісаны быт і звычаі камчадалаў, чукчаў, якутаў і іншых народаў Далёкага Усходу, яна мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць і таму некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), была перакладзена на французскую і рускую («Исторический вестник». 1896. Т. 66) мовы [11].

Казімір Нестар Сапега (14.2.1757, г. Брэст - 25.5.1798), дзяржаўны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, прадстаўнік роду Сапегаў, сын Яна Сапегі. У 1767-72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, Страсбургу. 3 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773-93 генерал артылерыі. 3 1778 выбіраўся паслом на соймы. 3 1778 член Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. 3 1776 у апазіцыі да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, выступаў супраць яго праекта вайсковай рэформы. На Чатырохгадовым сойме 1788-92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Выступіўсупраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794. 3 яго пачаткам праводзіў мабілізацыю ў Львове, Любліне, Брэсце. Удзельнічаў у бітве пад Соламі 25.6.1794, абароне Вільні 11.8.1794. Пасля ў эміграцыі, памёр у Вене.