АКТУАЛЬНЫ РЭПАРТАЖ: ПРАНІКНЕННЕ Ў ГРЫНГАТС 2 страница

- Што яны сабе думаюць - трымаць гэткую пачвару ў школе? - нарэшце вымавіў Рон. - І ён, напэўна, даўно ані на кім не трэніраваўся?

Герміёна аднавіла спакойнае дыханне, але ейны настрой зноў пагоршыўся.

- Цікава, а дзе былі вашыя вочы? - адгыркнулася яна. - Няўжо вы не бачылі, на чым ён сядзеў?

- На падлозе? - прапанаваў Гары. - Шляхетна кажучы, мяне больш непакоілі ягоныя галовы.

- Ані, не на падлозе. Ён сядзеў на люку. Магчыма, ён тут нешта ахоўвае.

Герміёна выпрасталася і звысоку паглядзела на хлопцаў.

- Спадзяюся, вы задаволеныя сабой, - прамовіла яна. - Нас маглі забіць... ці, што яшчэ горш, выкінуць са школы. А зараз, калі вы не супраць, я пайду спаць.

Рон, адкрыўшы рот, паглядзеў ёй услед.

- Зразумела ж, не супраць, - сказаў ён. - Быццам мы яе за сабой цягнулі.

Але словы Герміёны прымусілі Гары задумацца; ён ляжаў у ложку і разважаў. Сабака нешта ахоўвае... А што яму казаў Хагрыд? “Грынгатс” - лепшае месца, каб захаваць нешта ў бяспецы... але яшчэ надзейнейшы Хогвартс.

Цяпер, здаецца, Гары ведаў, куды падзеўся маленечкі неахайны пакуначак са сховішча 713.

 

— РАЗДЗЕЛ Х —

 

Хэлоўін

 

Калі раніцай Малфой убачыў, што Гары і Рон па-ранейшаму сядзяць за грыфіндорскім сталом, ён не паверыў сваім вачам. Яны былі стомленымі, але даволі вясёлымі. Больш за тое, цяпер сваю начную сустрэчу з трохгаловым сабакам сябры лічылі за выдатную прыгоду і былі цалкам гатовыя да новай. Да таго ж Гары расказаў Рону аб пакунку, які, магчыма, перавезлі з грынгацкага сховішча ў Хогвартс, і цяпер сябры разважалі, дзеля чаго спатрэбілася настолькі сур’ёзная ахова.

- Тут нешта альбо вельмі каштоўнае, альбо сапраўды небяспечнае, - вырашыў Рон.

- Альбо і тое, і тое, - дадаў Гары.

Аднак усё, што яны ведалі аб пакунку, - гэта памер: не больш за дзве цалі, так што без дадатковай падказкі яны не маглі здагадацца, што гэта такое.

Ані Нэвіла, ані Герміёну не цікавіла тое, што было схавана пад люкам. Нэвіла турбавала толькі адно: ніколі больш не сустракацца з тым сабакам.

Герміёна ўвогуле адмаўлялася з імі размаўляць, але яна была настолькі заўзятай усяведай, што сябры палічылі ейнае маўчанне за дадатковую ўзнагароду. Цяпер іх цікавіла адна рэч: якім чынам адпомсціць Малфою, і, да іх вялікага задавальнення, прыкладна праз тыдзень яны атрымалі добрую нагоду.

Як і заўжды, падчас сняданку ў галоўную залу заляцелі совы, таму навучэнцы не адразу заўважылі шэсць вялізных сіпух, якія неслі доўгі тонкі пакунак. Аднак, ўбачыўшы іх, вучні і разам з імі сам Гары пачалі ўважліва назіраць, да каго ж яны прыляцелі. І як жа моцна хлопчык здзівіўся, калі сіпухі, скінуўшы на падлогу бекон, апусцілі пакунак каля яго. Ледзь яны адляцелі прэч, як да стала падляцела яшчэ адна сава і кінула зверху на пакунак ліст.

Гары, зіхоцячы ад шчасця, разгарнуў ліст, у якім было напісана:

 

“НЕ РАСКРЫВАЦЬ ЗА СТАЛОМ.

У пакунку новы Німбус-2000, але я не хачу, каб вы адкрывалі яго пры ўсіх, інакш астатнія таксама пажадаюць мець гэткія ж мётлы.

Олівер Вуд чакае вас а сёмай вечара на першай трэніроўцы.

 

Намесніца дырэктара М. МакГонагал”

 

Гары працягнуў ліст Рону, з цяжкасцю хаваючы радасць.

- Німбус-2000! - зайздросна прастагнаў той. - Я да падобнай мятлы і не дакранаўся аніразу.

Яны выбеглі з залы, жадаючы яшчэ да пачатку першага ўроку разгарнуць пакунак. Але, прайшоўшы палову вестыбюля, яны ўбачылі, што шлях наверх перакрыты Крэйбам і Гойлам. Малфой выхапіў пакунак з рук Гары.

- Гэта што – мятла? - прамовіў ён са злосцю і зайдрасцю на твары, кідаючы пакунак назад Гары. - А хіба, Потэр, ты не ведаеш, што першагодкам забаронена іх мець?

Рон не змог стрымацца.

- Гэта табе не абы-якая старая мятла, Малфой, - заявіў ён, - гэта сапраўдны Німбус-2000. Што, ты казаў, у цябе дома? Камета-260? Каметы, што праўда, файныя, але яны - анішто ў параўнанні з Німбусамі.

- Што ты можаш аб гэтым ведаць, Візлі? Адзінае, што ты ў стане сабе дазволіць, - палова тронка, - адгыркнуўся Малфой. - Ты з братамі, мабыць, збіраеш на мятлу часткамі: спачатку адзін пруток, потым другі.

Але перш, чым Рон паспеў адказаць, пад локцем Драко прайшоў прафесар Флітвік.

- Спадзяюся, вы тут не сварыцеся, хлопцы? - прапішчаў ён.

- Потэр атрымаў па пошце мятлу, прафесар, - выпаліў Малфой.

- Так, так, я ведаю, - прамяніста ўсміхнуўшыся Гары, адказаў Флітвік. - Прафесарка МакГонагал расказала мне аб асаблівых абставінах. І што за мадэль?

- Німбус-2000, сэр, - прамовіў Гары, спрабуючы не смяяцца з выгляду спалоханага твару Драко. - А ўсё дзякуючы Малфою, - дадаў ён.

Гары і Рон рушылі наверх, душачыся ад смеху з відавочнага гневу і разгубленасці Драко.

- А хіба не праўда, - зарагатаў Гары, калі яны ўзняліся на самы верх. - Калі б ён не скраў Нэвілаў узгадацель, я б не трапіў у каманду...

- Мяркую, ты лічыш гэта сапраўднай узнагародай за парушэнне правілаў, - пачуўся ззаду чыйсьці разлютаваны голас. Міма іх, неўхвальна пазіраючы на пакунак у руках Гары, прайшла Герміёна.

- Я думаў, яна з намі не размаўляе, - прамовіў Гары.

- І няхай працягвае, - заўважыў Рон. - Так нашмат лепш.

Герміёна пайшла далей, задраўшы нос угару.

Увесь дзень Гары было даволі складана засяродзіцца на занятках. Ягоныя думкі ўвесь час адляталі кудысьці наверх, у грыфіндорскую вежу, дзе пад ложкам ляжала новая мятла, альбо імчаліся на квідычнае поле, дзе ўвечары пройдзе ягоная першая трэніроўка. Гары праглынуў сваю вячэру, нават не звяртаючы ўвагі на тое, што еў, і разам з Ронам ірвануў наверх, каб нарэшце адкрыць пакунак з Німбусам.

- А нішто сабе, - вохнуў Рон, калі мятла павалілася на Гарыну прасціну.

Нават Гары, які анічога не разумеў у мётлах, вырашыў, што яна выдатная. Яна мела гладкі бліскучы тронак з чырвонага дрэва і акуратныя доўгія пруткі на хвасце. На кончыку тронка зіхацела золатам шыльдачка “Німбус-2000”.

Набліжалася сёмая гадзіна вечара, таму Гары пакінуў замак і праз прыцемкі рушыў на стадыён. Ён ніколі не быў тут раней. Вакол поля на ўзвышшы, каб добра было бачна, што дзеецца падчас гульні, размяшчаліся сотні крэслаў. А з абодвух краёў стаяла па тры слупы з абручамі на канцы, якія нагадалі Гары маленькія пластыкавыя палачкі, праз якія маглаўскія дзеці пускаюць бурбалкі, толькі гэтыя былі ў пяцьдзясят футаў вышынёй.

Гары вельмі моцна хацелася паспрабаваць новую мятлу. Не дачакаўшыся, пакуль прыйдзе Вуд, Гары сеў на Німбус і ўзняўся ў паветра. Як файна... Ён праляцеў скрозь абручы на слупах, потым пранёсся сюды-туды па полі. Німбус слухаўся нават найменшага дотыку.

- Гэй, Потэр, спускайся!

З’явіўся Вуд. Пад пахай ён нёс нейкую драўляную скрыню. Гары прызямліўся ля яго.

- Выдатна, - з бляскам у вачах прамовіў Вуд. - Цяпер я разумею, што МакГонагал мела на ўвазе... Ты сапраўды прыродны. Сёння я толькі хачу растлумачыць табе некаторыя правілы, а трэніравацца ты будзеш тройчы на тыдзень разам з астатняй камандай.

Ён адчыніў скрыню. Усярэдзіне было чатыры мячы розных колераў і памераў.

- Добра, - прамовіў Вуд. - Зразумець правілы квідыча значна лягчэй, чым гуляць у яго. Дзве каманды, у кожнай па сем гульцоў. Трое з іх называюцца пераследнікамі.

- Тры пераследнікі, - паўтарыў Гары; тым часам Вуд выцягнуў бліскучы чырвоны мяч.

- Гэта квафл, - сказаў ён. - Пераследнікі кідаюць яго адзін аднаму і спрабуюць закінуць яго праз колы варотаў. За кожны квафл у кола – дзесяць балаў. Усё разумееш?

- Пераследнікі перакідваюць квафл адзін аднаму і кідаюць праз колы, каб зарабіць балы, - паўтарыў Гары. - Хм... чымсьці нагадвае баскетбол на мётлах і з шасцю коламі.

- А што такое баскетбол? - здзіўлена спытаўся Вуд.

- Не бяры да галавы, - шпарка адказаў Гары.

- Яшчэ, - працягваў Олівер, - у кожнай камандзе ёсць наглядчык... у грыфіндорскай камандзе наглядчык – я. Мая справа - лятаць ля колаў і не дазваляць супернікам забіць туды квафл.

- Тры пераследнікі, адзін наглядчык, - поўны рашучасці запомніць усё, што кажа Вуд, паўтарыў Гары. - Гуляюць квафлам. А гэтыя мячы навошта? - хлопчык паказаў на мячы, што засталіся ў скрыні.

- Зараз пакажу, - адказаў Вуд, - Трымай.

Ён даў Гары нейкую булаву, што нагадвала біту для брытанскай лапты.

- Цяпер я пакажу табе, - прамовіў Олівер, - што робяць бладжэры.

Ён паказаў хлопчыку два смаляніста-чорныя мячы, крыху меншыя за чырвоны квафл. Гары заўважыў, што бладжэры спрабавалі вырвацца з-пад рамянёў, якія ўтрымлівалі іх у скрыні.

- Адсунься, - папярэдзіў хлопчыка Вуд. Ён развязаў раменьчык і выпусціў адзін з мячэй.

Бладжэр імгненна ўзняўся ў паветра, а потым накіраваўся Гары ў твар. Хлопчык моцна ўдарыў яго бітай, каб мяч не зламаў яму нос, і бладжэр зігзагамі адляцеў далёка ў паветра... вярнуўся, прасвісцеўшы па-над галовамі хлопцаў, і накіраваўся ў бок Вуда. Той скокнуў на яго і прыціснуў да зямлі.

- Бачыў? - цяжка дыхаючы, спытаўся Олівер, з высілкамі запхнуў бладжэр у скрынку і моцна прымацаваў яго раменьчыкамі. - Бладжэры гойсаюць па ўсім полі і спрабуюць скінуць гульцоў з мётлаў. Для змагання з імі ў кожнай камандзе ёсць два бітакі. У нас гэта блізняты Візлі... іхная справа - абараняць ад бладжэраў сваю каманду і спрабаваць накіраваць іх у бок супернікаў. Ну як... запомніў?

- Тры пераследнікі спрабуюць забіць квафл, наглядчык ахоўвае колы варот ад гола, бітакі ахоўваюць каманду ад бладжэраў, - шпарка выпаліў Гары.

- Выдатна, - пахваліў Вуд.

- Эээ... а бладжэры ніколі нікога не забівалі? - быццам бесклапотна спытаўся хлопчык.

- У Хогвартсе нікога. Самым горшым былі зламаныя сківіцы, і тое пару разоў. І апошні гулец – паляўнічы. Ты. Табе не трэба турбавацца аб квафлах і бладжэрах...

- ... калі яны толькі не паспрабуюць разбіць мне галаву.

- Не турбуйся, Візлі не па зубах бладжэрам... яны самі як тыя бладжэры, толькі ў чалавечым абліччы.

Олівер дастаў са скрынкі чацвёрты, апошні мяч. У параўнанні з квафлам і бладжэрамі ён быў зусім невялічкі - не большы за грэцкі арэх, затое быў бліскуча-залатога колеру і меў па баках трапяткія срэбныя крылцы.

- Вось, - прамовіў Вуд, - гэта залаты сніч, самы важны мяч ува ўсёй гульні. Яго вельмі цяжка злавіць, таму што ён хуткі і яго не проста заўважыць. Лавіць яго - праца паляўнічага. Ты павінны пырхаць сярод пераследнікаў, бітакоў, мячэй і схапіць яго раней за паляўнічага з іншай каманды, таму што той, хто здабудзе сніч, прынясе сваёй камандзе сто пяцьдзясят балаў, і часцей за ўсё гэта прыносіць камандзе перамогу. Вось чаму паляўнічыя - гэта асноўныя мішэні для нападаў. Гульня скончваецца толькі тады, калі сніч злоўлены, і можа доўжыцца гадамі... хаця, наколькі мне вядома, рэкорд складаў тры месяцы: каманды вымушаныя былі выпускаць дадатковы склад, каб гульцы маглі падсілкавацца і паспаць. Яшчэ ёсць... пытанні?

Гары пахістаў галавою. Што трэба зрабіць, ён зразумеў, але пакуль не ведаў, як.

- Са снічам мы сёння трэніравацца не будзем, - папярэдзіў Вуд, старанна зачыняючы скрыню, - цяпер зацёмна, і мы рызыкуем яго згубіць. Для пачатку паспрабуем вось гэта.

Олівер выцягнуў з кішэні торбачку са звычайнымі мячыкамі для гольфа. Праз колькі хвілінаў яны абодва ўзняліся ў паветра, і Вуд з усяе моцы кідаў мячыкі ў розных напрамках, а Гары спрабаваў злавіць іх.

Олівер быў у захапленні: Гары не прапусціў аніводнага з мячыкаў. Яны скончылі толькі праз паўгадзіны, калі зрабілася настолькі цёмна, што працягваць не мела сэнсу.

- У гэтым годзе на квідычным кубку напішуць нашыя імёны, - шчасліва прамовіў Вуд, калі яны вярталіся да замка. - Не здзіўлюся, калі ты будзеш лепшым за Чарлі Візлі, а ён, калі б не вырашыў ганяцца за драконамі, мог бы гуляць за зборную Англіі.

 

*

 

Можа, гэта здарылася таму, што акрамя заняткаў і выканання дамашняй работы ён быў вымушаны тройчы на тыдзень хадзіць на квідычныя трэніроўкі, але Гары не паверыў сам сабе, калі зразумеў, што вучыцца ў Хогвартсе ўжо два месяцы. Тут Гары адчуваў сябе, як дома, чаго з ім ніколі не было на Прайвет-Драйв. Больш за тое, яны ўжо засвоілі пачатковыя асновы магіі, і цяпер заняткі рабіліся ўсё больш і больш цікавымі.

Хэлоўінскай раніцай дзяцей абудзіў смачны пах печанага гарбуза, што разносіўся па ўсіх калідорах. Да таго ж, на замовах прафесар Флітвік абвясціў, што яны ўжо гатовыя да вывучэння левітацыйнай магіі. Пра гэта яны мроілі ажно з тых часоў, калі прафесар прымусіў Нэвілава рапуху праляцець праз увесь клас. Флітвік разбіў вучняў па парах. Гары ў кампанію выпаў Шымас Фініган, што хлопчык успрыняў з палёгкай, бо на ягоныя вочы ўвесь час трапляўся Нэвіл. Рону ж выпала працаваць разам з Герміёнай Грэйнджэр, і немагчыма было зразумець, хто з іх дваіх быў больш раззлаваны падобным суседствам, бо з таго дня, як Гары даслалі мятлу, яна з хлопцамі не размаўляла.

- Не забывайцеся пра той рух запясцем, які мы з вамі ўжо праходзілі! - піскнуў прафесар Флітвік з вяршыні свайго адвечнага стоса кніг. - Быццам б’еце паветра пугай, памятайце, быццам пугай па паветры. І выразна вымаўляйце чароўныя словы, вельмі выразна... не забывайцеся аб тым, што здарылася з чараўніком Баруфіё, які прамовіў “с” замест “ф” і апынуўся на падлозе з буйвалам на грудзях.

Але зрабіць, як ён казаў, было вельмі цяжка. Колькі Гары з Шымасам ні рассякалі паветра палачкамі, пяро, якое яны павінныя былі прымусіць узляцець, па-ранейшаму ляжала на стале. Страціўшы цярпенне, Шымас тыцнуў пяро палачкай, і яно загарэлася...

За суседнім сталом справы ў Рона былі ані лепшымі.

- Вінгардыюм Левіёза! - крычаў ён, размахваючы рукамі, бы вятрак крыламі.

- Ты няправільна прамаўляеш, - пачуў Гары Герміёніны словы. - Він-гар-дыюм Леві-ё-за. “Гар” трэба вымаўляць далікатней і даўжэй.

- Калі такая разумная, зрабі сама, - адгыркнуўся Рон.

Дзяўчынка падкасала рукавы, махнула палачкай і прамовіла:

- Вінгардыюм Левіёза!

Пяро ўзнялося над сталом недзе на чатыры футы і завісла над галовамі Рона і Герміёны.

- Ооо, выдатна! - ускрыкнуў прафесар і запляскаў далонямі. - У міс Грэйнджэр атрымалася! Усе бачаць?

Да самога заканчэння заняткаў Рон заставаўся у надзвычай дрэнным настроі.

- Нядзіўна, што з ёй аніхто не жадае вадзіцца, - заўважыў ён Гары, калі яны прабіваліся скрозь перапоўнены вучнямі калідор. - Яна, шчыра кажучы, існы кашмар.

Нехта, штурхнуўшы Гары, пранёсся наперад. Гэта была Герміёна. Мімаходзь зірнуўшы на яе, хлопчык занепакоіўся, убачыўшы слёзы на ейным твары.

- Думаю, яна чула твае словы.

- І што? - быццам не зразумеўшы, прамовіў Рон, хаця выгляд у яго быў ніякаваты. - Хіба раней яна не заўважала, што не мае сяброў?

На наступны ўрок Герміёна не прыйшла, пасля апоўдня яе ўвогуле не было бачна. Толькі па дарозе на святочны хэлоўінскі банкет Гары і Рон пачулі, як Парваці Паціл распавядала сваёй сяброўцы Лавендры, што Герміёна зачынілася ў дзявочай прыбіральні, плача і патрабуе, каб яе пакінулі ў спакоі. Рон пачаў адчуваць сябе яшчэ больш няёмка, але як толькі яны з Гары ўвайшлі ў галоўную залу, упрыгожаную з нагоды свята, Герміёна адразу ж вылецела ў іх з галавы.

Тысяча жывых кажаноў пырхала ўздоўж сценаў, і яшчэ больш за тысячу лятала па-над сталамі, прымушаючы мільгацець свечкі ў гарбузах. Ежа на залатых талерках з’явілася нечакана, як і падчас банкета ў пачатку навучальнага года.

Гары накладаў сабе на талерку бульбу ў мундзіры, калі ў залу ўляцеў прафесар Квірэл; ягоны турбан пакасіўся, а твар быў поўны жаху. Усе прысутныя назіралі за тым, як ён падбег да прафесара Дамблдора, паваліўся на стол і выдыхнуў:

- Троль... у падзямеллі... вы павінныя ведаць.

Пасля гэтага ён апусціўся на падлогу і знепрытомнеў.

Пачаўся гармідар. Дырэктар быў вымушаны колькі разоў стрэліць у паветра іскрамі са сваёй палачкі, каб прымусіць прысутных да цішыні.

- Прэфекты, - ускрыкнуў ён, - зараз жа, развядзіце вучняў сваіх Дамоў па гасцёўнях!

Персі апынуўся ў сваёй стыхіі.

- Хадзіце за мной! Першагодкі, трымайцеся разам! Калі будзеце выконваць мае загады, троля вам баяцца будзе не трэба! Ідзіце следам за мной! Спачатку ідуць першагодкі! Прабачце, я прэфект!

- Адкуль тут мог узяцца троль? - спытаўся Гары, калі яны ўздымаліся сходамі.

- А я скуль ведаю. Тролі дурныя, - адказаў Рон. - Мо гэта хэлоўінскі жарт Піўза?

Яны ішлі міма групак людзей, што накіроўваліся ў розных напрамках. Калі яны рушылі праз натоўп перапалоханых хафлпафцаў, Гары схапіў Рона за руку.

- Слухай... а Герміёна?

- Што з ёй?

- Яна не ведае аб тролі.

Рон закусіў вусны.

- Ну, добра, - гыркнуў ён. - Але будзе лепш, калі Персі нас не заўважыць.

Нырнуўшы ў натоўп хафлпафцаў, якія накіроўваліся ў іншы бок, яны праслізнулі ў пусты бакавы калідор і паспяшаліся да дзявочай прыбіральні. І толькі яны збочылі за рог, як ззаду пачуліся чыесьці хуткія крокі.

- Персі! - сыкнуў Рон і зацягнуў Гары за вялізнага каменнага грыфона.

Яны вызірнулі з-за статуі, але ўбачылі не Персі, а Снэйпа. Ён пранёсся па калідоры і знік з вачэй.

- Што ён тут робіць? - шэптам спытаўся Гары. - Чаму ён не ў падзямеллі з астатнімі настаўнікамі?

- Ты ў мяне пытаешся?

Як толькі Снэйпавы крокі сціхлі, хлопцы як мага цішэй пракраліся ў наступны калідор.

- Ён накіраваўся на чацвёрты паверх, - заўважыў Гары, і тут Рон схапіў яго за руку.

- Чым тут пахне?

Гары прынюхаўся. У нос яму даў смурод, што нагадваў сумесь паху старых шкарпэтак і грамадскай прыбіральні, якую даўно не чысцілі.

А потым... яны адчулі чыёсьці нізкае рохканне і шоргат агромістых ног. Рон паказаў кудысьці пальцам: там напрыканцы левага калідора з’явілася нешта велізарнае, што накіроўвалася ў іх бок. Хлопцы схаваліся ў цені і пачалі назіраць за водбліскам месяцовага святла на падлозе.

Гэта было жудаснае відовішча. Троль быў дванаццаці футаў ростам, з гранітна-шэрага колеру скурай, агромістым тулавам і лысай, васпаватай, падобнай да камня галавой, якая сядзела на ягоных плячах, бы какосавы арэх. Ягоныя ногі былі кароткімі, але тоўстымі, як ствалы дрэваў, з плоскімі пакрытымі мазалямі ступакамі. А яшчэ ад яго ішоў неімаверна брыдкі смурод. Троль меў вялізную паліцу, што праз ягоныя занадта доўгія рукі цягнулася па падлозе.

Пачвара спынілася ля нейкіх дзвярэй, адчыніла іх і зазірнула ўсярэдзіну. Троль памахаў вушамі, аб чымсьці разважаючы сваім маленькім мозгам, і павольна ўвайшоў у пакой.

- У замку ёсць ключ, - прамармытаў Гары. - Мы маглі б замкнуць яго там.

- Выдатная ідэя, - усхвалявана пагадзіўся Рон.

Яны падкраліся да адчыненых дзвярэй; у роце перасохла, і яны маліліся толькі аб тым, каб троль не вырашыў выйсці вонкі. У адзін скок Гары дасягнуў дзвярэй, зачыніў іх і павярнуў ключ.

- ТАК!

Захопленыя перамогай, хлопцы панесліся па калідоры, і толькі яны паспелі дабегчы да вугла, як пачулі штосьці, ад чаго іхныя сэрцы ледзь не спыніліся - высокі аслупянелы віск... што гучаў з зачыненага пакоя.

- Вой, не, - прамовіў Рон, збляднеўшы, як Крывавы Барон.

- Гэта ж дзявочая прыбіральня! - вохнуў Гары.

- ГЕРМІЁНА! - крыкнулі яны разам.

Апошняе, чаго яны зараз хацелі, гэта вярнуцца, але іншага выбару яны не мелі. Крута развярнуўшыся, хлопцы кінуліся да прыбіральні, няўклюдна з-за панікі адамкнулі замок... Гары рыўцом адчыніў дзверы... разам з Ронам яны заскочылі ўсярэдзіну.

Герміёна Грэйнджэр прыціснулася да процілеглай ад увахода сцяны і, здавалася, вось-вось была гатовая страціць прытомнасць. Троль ішоў на яе, руйнуючы падчас шляху ракавіны ўздоўж сцен.

- Адцягні ягоную ўвагу! - крыкнуў Гары Рону; той схапіў кран з падлогі і кінуў яго ў сцяну.

Троль спыніўся ў колькіх кроках ад дзяўчынкі. Бязглузда міргаючы, ён пакруціў галавою, каб зразумець, хто шумеў. Сваімі маленькімі вочкамі ён заўважыў Гары і, крыху павагаўшыся, рушыў, узняўшы паліцу над галавой, у ягоны бок.

- Гэй, дурында! - пракрычаў Рон і кінуў у троля нейкай металічнай трубой. Троль нават не зразумеў, што нешта ў яго трапіла, але пачуў Ронаў енк. Ён зноўку спыніўся і павярнуўся да Рона; Гары хапіла гэтага імгнення, каб аббегчы пачвару.

- Давай, бяжы, БЯЖЫ! - крыкнуў Гары дзяўчынцы, але Герміёна не жадала рухацца, а толькі мацней уціснулася ў сцяну, у жаху адкрыўшы рот.

Крыкі і рэха ад іх звялі троля на пусты канец. Ён зароў і зноўку рушыў на Рона, які быў да яго бліжэй і не меў магчымасці ўратавацца.

Ратуючы сябра, Гары зрабіў нешта сапраўды мужнае, але адначасова і сапраўды дурное. Добра разбяжаўшыся, ён скочыў на троля і схапіў яго ззаду за шыю. Пачвара не магла адчуць хлопчыка, але яна добра адчула доўгі кавалак дрэва у носе... Гары, скочыўшы на троля, працягваў трымаць ў адной руцэ палачку і папросту запхнуў яго тролю ў наздрыну.

Зароўшы ад болю, троль пачаў шалёна круціцца і вярцець над галавою паліцай. Гары, ратуючы жыццё, моцна схапіўся за тролеву шыю, кожнае імгненне рызыкуючы паваліцца на падлогу ці трапіць пад удар паліцы.

Герміёна спалохана апусцілася на падлогу. Анічога не разумеючы, Рон выцягнуў палачку і, быццам гледзячы на сябе збоку, пачуў, як выкрыквае першую ж замову, якая прыйшла ў галаву:

- ВІНГАРДЫЮМ ЛЕВІЁЗА!

Нечакана паліца выскачыла з тролевых рук і, высока ўзняўшыся ў паветра, завісла ў яго па-над галавою, крутанулася там і... з брыдкім бабахам абрынулася на галаву свайго гаспадара. Пачвара хіснулася і з грукатам, ад якога задрыжалі сцены, павалілася тварам на падлогу.

Гары падняўся на ногі. Ён цяжка дыхаў, і яго ўсяго калаціла. Рон стаяў, не апускаючы палачку, і глядзеў на тое, што зрабіў.

Першай загаварыла Герміёна.

- Ён... падох?

- Хутчэй за ўсё, не, - адказаў Гары, - Ён папросту накаутаваны.

Хлопчык нахіліўся і выцягнуў з тролевага носу сваю палачку. Яна ўся была пакрыта чымсьці, што нагадвала шэры камякаваты клей.

- Бееее... тролевы соплі.

Гары выцер палачку аб штаны пачвары.

Грукат і гучныя крыкі за дзвярыма прымусілі дзяцей азірнуцца. Яны не разумелі, які гармідар тут тварыўся, але, напэўна, нехта ўнізе пачуў грукат разбурэння і тролева равенне. Праз імгненне ў прыбіральню ўварвалася прафесарка МакГонагал, за ёй Снэйп і нарэшце Квірэл. Апошні, зірнуўшы на троля, слаба віскнуў і, трымаючыся за сэрца, сеў на ўнітаз.

Снэйп нахіліўся да троля. МакГонагал паглядзела на хлопцаў. Гары ніколі ў жыцці не бачыў у ейных вачах гэткай лютасці. Ейныя вусны пабялелі. Спадзеў на атрыманне для Грыфіндора пяцідзесяці дадатковых балаў імгненна знік з ягонай галавы.

- Што вы сабе думалі? - з халоднай лютасцю ў голасе прамовіла прафесарка. Гары зірнуў на Рона, які ўсё яшчэ працягваў стаяць, трымаючы палачку напагатоў. - Вам пашанцавала, што ён вас не забіў. Чаму вы не ў грыфіндорскай гасцёўні?

Снэйп надарыў Гары хуткім пранізлівым поглядам. Хлопчык утаропіўся ў падлогу, краем вока ўбачыўшы, як Рон апусціў палачку.

Аднекуль з цені пачуўся ціхі голас.

- Калі ласка, мадам прафесар... гэта ўсё з-за мяне.

- Міс Грэйнджэр!

Герміёна нарэшце здолела ўзняцца на ногі.

- Я пайшла паглядзець на троля. Я вырашыла, што... што змагу адолець яго самастойна... я ж пра іх столькі чытала.

Рон выпусціў палачку з рук. Герміёна Грэйнджэр нахабна брахала настаўніку.

- Калі б хлопцы мяне не знайшлі, я б, напэўна, была ўжо мёртвай. Гары сунуў тролю ў наздрыну сваю палачку, а Рон дзюбнуў яго па галаве ўласнай паліцай. Яны б не паспелі паклікаць дапамогу. Калі яны тут з’явіліся, троль збіраўся мяне забіць.

Гары і Рон з ўсяе моцы рабілі выгляд, што так і было.

- Ну... калі так... - прафесарка ўважліва аглядзела тройцу. - Міс Грэйнджэр, вы дурное дзяўчо; як вы маглі падумаць, што самастойна адолееце горнага троля?

Герміёна апусціла галаву. Гары не казаў анічога. Герміёна была апошнім чалавекам, які пайшоў бы на парушэнне правілаў, і вось цяпер яна хлусіла, каб выратаваць іх з бяды. Гэта была чымсьці неімаверным і гэткім жа неверагодным, як Снэйп, які б раздаваў вучням прысмакі.

- Міс Грэйнджэр, Грыфіндор губляе з-за вас пяць балаў, - прамовіла МакГонагал. - Я ў вас расчараваная. Калі ў вас няма траўмаў, можаце ісці да грыфіндорскай вежы, там астатнія скончваюць банкетаванне.

Герміёна сыйшла.

Прафесарка павярнулася да Гары з Ронам.

- Я ўсё яшчэ працягваю сцвярджаць, што вам неімаверна пашанцавала: не кожны першагодка здолее даць рады з дарослым горным тролем. Кожны з вас атрымлівае па пяць балаў. Я паведамлю аб гэтым дырэктару. А цяпер можаце ісці.

Яны паспешліва выбеглі з пакою і рушылі моўчкі, пакуль не ўзняліся на два паверхі. Апынуцца як мага далей ад тролевага смуроду, не кажучы аб усім астатнім, было сапраўднай палёгкай.

- Нам павінныя былі даць больш за дзесяць балаў, - бурчаў Рон.

- Ты хочаш сказаць пяць - яшчэ пяць страціла Герміёна.

- Добра, што яна выратавала нас, - прызнаўся Рон. - Але мы таксама ўратавалі ейнае жыццё.

- Магчыма, нам не спатрэбілася б яе ратаваць, калі б мы не замкнулі яе разам з тролем, - нагадаў Гары.

Яны падыйшлі да партрэта Тлустай Пані.

- Свінячы лыч, - прамовілі яны і праз адтуліну ўвайшлі ў гасцёўню.

Там панавалі таўханіна і гоман. Уся ежа, якая прызначалася для банкета ў галоўнай залі, была перададзеная ў дамовыя гасцёўні. Аднак Герміёна не далучалася да ўсеагульнага святкавання, а стаяла ля ўваходу, чакаючы хлопцаў. Хвіліну-другую яны моўчкі стаялі разам. Потым, нават не зірнуўшы адно на аднаго, усе трое прамовілі “Дзякуй” і паспяшаліся ўзяць удзел у банкетаванні.

Тым не менш, адгэтуль Герміёна Грэйнджэр зрабілася іх сябрам. Ёсць у свеце некаторыя акалічнасці, перажыўшы якія, немагчыма не пасябраваць. І накаутаванне дванаццаціфутавага горнага троля - адна з іх.

 

— РАЗДЗЕЛ ХІ —

 

Квідыч

 

З надыходам лістапада на двары істотна схаладала. Горы вакол школы зрабіліся ільдзіста-шэрымі, а вада ў возеры набыла стальны колер. Штораніцы зямля пакрывалася шэранню. З акна на трэцім паверсе было бачна, як на квідычным стадыёне Хагрыд, апрануты ў доўгі кратовы шынэлак, пальчаткі з трусавага меху і велізарныя боты з бабровай скуры, адтаваў мётлы ад ільду.

Пачаўся квідычны сезон. У суботу Гары павінны быў браць удзел у сваёй першай гульні, каб паказаць, чаго дасягнуў за тыдні трэніровак. Грыфіндор гуляў супраць Слізэрыну. Калі Грыфіндор пераможа, у чэмпіянаце Дамоў яны трапяць на другое месца.

Наўрад ці нехта бачыў іх трэніроўкі, так што ўдзел Гары ў камандзе Вуд вырашыў захаваць у таямніцы да самой гульні як нейкую сакрэтную зброю. Тым не менш вестка пра тое, што хлопчык быў абраны на грыфіндорскага паляўнічага, нейкім чынам разнеслася па ўсёй школе. І цяпер Гары не ведаў, што горш: калі людзі падыходзяць і кажуць, што ён будзе бліскучым гульцом, ці калі нехта абяцае падчас гульні бегаць па полі з матрацам.

Адзіным шчасцем было тое, што цяпер яны сябравалі з Герміёнай. Ён не ведаў, як бы выконваў дамашнюю работу без яе дапамогі, паколькі Вуд прымушаў іх трэніравацца кожную вольную хвіліну. А яшчэ дзяўчынка дала Гары пачытаць вельмі цікавую кнігу “Квідыч скрозь стагоддзі”.

Гары адкрыў для сябе шмат новага. Напрыклад, што існуюць семсот спосабаў зрабіць фол, і ўсе яны былі зафіксаваныя падчас чэмпіянату свету ў 1473 годзе. Што на паляўнічых часцей за ўсё абіраюць самых маленькіх і хуткіх гульцоў і што пераважна менавіта з імі адбываецца большасць няшчасных выпадкаў. Што нягледзячы на тое, што падчас гульні людзі паміраюць вельмі рэдка, было колькі выпадкаў знікнення суддзяў, якіх знаходзілі праз колькі месяцаў у пустыні Сахара.

Да таго ж пасля таго, як Рон і Гары ўратавалі Герміёну ад горнага троля, яна стала больш спакойна ставіцца да парушэння правілаў. Напярэдадні першай гульні Гары тройца выйшла падчас перапынку ў занятках надворак, і дзяўчынка вычаравала яскрава-блакітны агеньчык, які можна было насіць з сабой у шклянцы з-пад джэму. Сябры стаялі і грэлі свае спіны на марозным паветры, калі ўбачылі, як па двары пракрочыў прафесар Снэйп. Яны шчыльней прыціснуліся адно да аднаго, каб прафесар не заўважыў агеньчык, які, хутчэй за ўсё, вычароўваць было забаронена, але Снэйп заўважыў іхныя вінаватыя твары і пакульгаў да іх. Агеньчык ён бачыць не мог, таму пачаў, здаецца, шукаць іншую падставу, каб прычапіцца да тройцы.

- Што там у цябе, Потэр?

Гары паказаў яму кнігу “Квідыч скрозь стагоддзі”.

- Бібліятэчныя кнігі забаронена выносіць па-за межы школы, - сказаў Снэйп. - Аддай яе мне. Грыфіндор губляе пяць балаў.

- Ён толькі што выдумаў гэтае правіла, - раззлавана прамармытаў Гары, назіраючы за тым, як настаўнік кульгаў прэчкі. - Цікава, што здарылася з ягонай нагой?

- Не ведаю, але спадзяюся, што яму сапраўды балюча, - з’едліва заўважыў Рон.

 

*

 

Увечары ў грыфіндорскай гасцёўні панаваў гармідар. Гары, Рон і Герміёна разам сядзелі ля акна, і дзяўчынка правярала іх дамашнія работы па замовах. Спісваць яна нікому не давала, няхай сабе хлопцы сцвярджалі, што аніхто не здагадаецца, аднак падчас праверкі заўжды падказвала ім правільныя рашэнні.

Гары непакоіўся. Ён хацеў атрымаць назад кнігу, каб хоць нечым заняць свой розум і не хвалявацца аб тым, што адбудзецца заўтра. І чаму ён павінны баяцца Снэйпа? Ён выпрастаўся і сказаў Рону і Герміёне, што збіраецца пайсці да настаўніка па зеллеварстве.