Актыўная і пасіўная лексіка
Любая мова імкнецца да таго, каб сістэма яе лексічных сродкаў на кожным этапе гістарычнага развіцця як мага паўней адлюстравала адпаведную сістэму разнастайных прадметаў, паняццяў, дзеянняў, прымет і г.д. А паколькі адны прадметы, паняцці, дзеянні і прыметы існуюць даўно і лічацца спрадвечнымі, другія – знікаюць, а трэція – з’яўляюцца, то і ў лексічным складзе мовы таксама вылучаюцца асобныя групы слоў, з якіх адны заўсёды выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы, другія – выходзяць з актыўнага ўжывання і паступова забываюцца, трэція – з’яўляюцца ў мове і з цягам часу пашыраюцца ва ўжыванні.
Словы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове і не маюць адценняў устарэласці або навізны, адносяцца да актыўнайлексікі. У залежнасці ад асаблівасцей ужывання ў складзе актыўнай лексікі вылучаюцца дзве групы слоў:
1) агульнанародныя словы, якімі актыўна карыстаюцца ўсе носьбіты мовы незалежна ад месца іх пражывання, роду дзейнасці ці спецыяльнасці (бацька, сястра, галава, нага, заяц, ластаўка, вецер, зіма, зялёны, моцны, гаварыць, сеяць і інш.);
2) словы-тэрміны, якімі актыўна карыстаюцца толькі прадстаўнікі розных галін навукі, тэхнікі і культуры (акварэль, камета, медыяна, мерыдыян, накаўт, пратаплазма, прыстаўка і інш.).
Агульнанародныя словы ўваходзяць у актыўны слоўнік усіх носьбітаў мовы, а тэрміны – у актыўны слоўнік прадстаўнікоў асобных прафесій.
Словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе штодзённых моўных зносін і з’яўляюцца малавядомымі ці невядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы, адносяцца да пасіўнай лексікі (аэробус, веласамалёт, дэльтадром, баярын, войт, саха і інш.). Малавядомымі ці невядомымі для носьбітаў сучаснай беларускай мовы могуць быць словы, якія ўстарэлі і выходзяць ці выйшлі з актыўнага ўжывання, або словы, якія толькі што з’явіліся ў мове і яшчэ не сталі агульнымі. У адпаведнасці з гэтым у складзе пасіўнай лексікі адрозніваюцца ўстарэлыя і новыя словы.
Словы, якія выходзяць з актыўнага ўжывання і ў наш час з’яўляюцца малавядомымі або зусім невядомымі, называюцца ўстарэлымі.
Словы выходзяць з ужывання і паступова забываюцца па дзвюх прычынах: або перастаюць існаваць у рэчаіснаці якія-небудзь прадметы, з’явы, паняцці – і тады ў мове перастаюць выкарыстоўвацца адпаведныя іх назвы, або ў працэсе развіцця лексікі як сістэмы на змену адным назвам прыходзяць другія. У адпаведнасці з гэтым устарэлыя словы падзяляюцца на дзве групы: гістарызмы і архаізмы.
Гістарызмы – гэта назвы такіх прадметаў, з’яў і паняццяў, якія перасталі існаваць на тым ці іншым этапе гісторыі беларускага народа (абшчына, апрычнік, земства, ураднік; батрак, наймітка; калчан, рэкрут; аршын, фунт; драпач, саха; каганец, лапці, сярмяга і да т.п.). Паколькі гістарызмы з’яўляюцца ўстарэлымі назвамі ўстарэлых паняццяў і прадметаў, то яны не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове.
Архаізмы (ад грэч. archaios – старадаўні) – гэта ўстарэлыя назвы такіх прадметаў, з’яў і паняццяў, якія існуюць і ў наш час, але для іх абазначэння выкарыстоўваюцца іншыя словы: бортнік (пчаляр), аэраплан (самалёт), прасвета (асвета) і інш.
Гістарызмы і архаізмы – гэта словы, у якіх адлюстроўваецца мінулае нашага народа. Таму сустракаюцца яны перш за ўсё ў навуковай і мастацкай літаратуры, калі апісваюцца падзеі мінулага. У навуковых творах на гістарычную тэматыку гістарызмы і архаізмы выконваюць чыста намінатыўную функцыю як назвы адпаведных прадметаў, з’яў і паняццяў, што былі характэрны для той ці іншай эпохі. Устарэлая лексіка дапамагае пісьменнікам стварыць праўдзівыя вобразы і карціны, адлюстраваць сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае жыццё мінулых часоў.
Поруч са знікненнем асобных слоў лексіка беларускай мовы на ўсіх этапах яе развіцця няспынна папаўнялася і папаўняецца новымі словамі. Новыя словы ўзнікаюць па дзвюх прычынах: у адных выпадках іх з’яўленне абумоўліваецца неабходнасцю назваць новы прадмет, з’яву ці паняцце, што з’явілася ў рэчаіснаці; у другіх – асаблівасцямі развіцця самой лексікі як сістэмы, калі на змену адным назвам прыходзяць іншыя або калі мова ўзбагачаецца новымі словамі-сінонімамі. Так, словы калгас, камсамолец, піянерважаты, сельсавет узніклі ў беларускай мове ў савецкую эпоху як назвы новых прадметаў і паняццяў.
Словы, якія ўзніклі ў мове як назвы новых ці ўжо існаваўшых прадметаў, з’яў і паняццяў і маюць адценне навізны, адносяцца да неалагізмаў (ад грэч. neos– новы і logos– слова, паняцце).
Такім чынам, неалагізмы – гэта новыя словы, але такія новыя словы, навізна якіх адчуваецца і ўсведамляецца ўсімі носьбітамі мовы. Гэта асабліва важна ўлічваць у наш час, час навукова-тэхнічнага прагрэсу, калі нярэдка новае слова адразу становіцца агульнавядомым. Напрыклад, словы аэробус, венераход вядомы не толькі людзям пэўнай прафесіі, але і большасці носьбітаў мовы. Аднак падобныя словы ў сучаснай беларускай мове лічацца неалагізмамі, таму што яны не страцілі яшчэ адцення навізны, незвычайнасці, як і самі прадметы, што імі названы.
Часам некаторыя аўтары не звяртаюцца да нацыянальных рэсурсаў мовы, а шукаюць неабходны сродак у рускай мове і калькуюць яго. Такім чынам, узнікаюць неабгрунтаваныя запазычванні як звычайных слоў, так і фразеалагізмаў (русізмы). Асабліва гэта з’ява распаўсюджваецца ў фразеалогіі. Напрыклад: Дырэктар спецыяльна выпісаў свайго сябрука – два боты пара. Па-беларуску ‘два боты пара’– абое рабое.
Беспадстаўна ўжытыя дыялектызмы, запазычванні, русізмы, устарэлая лексіка, неалагізмы, збыткоўная інфармацыя, моўныя штампы і трафарэты засмечваюць маўленне. Чыстае маўленне тады, калі ў ім адсутнічаюць адзінкі, неўласцівыя беларускай літаратурнай мове. Чыстата маўлення вельмі звязана з дарэчнасцю.
Лексікаграфія
Практыка і тэорыя складання слоўнікаў называецца лексікаграфіяй. Гэта навука аб прынцыпах адбору слоў у слоўніках розных тыпаў, аб структуры слоўнікавага артыкула, сістэме памет, парадку размяшчэння слоў і г.д. складанне слоўнікаў выклікаецца рознымі патрэбамі - растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, паходжанне, правапіс, дапамагчы ў авалодванні замежнай мова й і інш. Таму задачсай лексікаграфіі з’яўляецца – сабраць, сістэматызаваць і найбольш поўна і ўсебакова ахарактарызаваць слоўнікавы склад мовы.
У адпаведнасці з задачамі, якімі вырашаецца складанне слоўніка, выдзяляецца дзве групы׃
1) энцыклапедычныя слоўнікі;
2) лінгвістычныя слоўнікі.
Энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі тлумачаць не словы, а абазначаныя імі рэаліі׃ прадметы, з’явы, паняцці, ідэі, з’явы і інш. Слоўнікавыя артыкулы могуць ілюстравацца малюнкамі, графікамі, схемамі. У лінгвістычных слоўніках аб’ектам апісання з’яўляецца слова – тлумачэнне яго значэння, паходжання, правапісу, вымаўлення, марфалагічная будова, утварэнне, марфалагічныя характарыстыкі і інш. Лінгвістычныя слоўнікі, у сваю чаргу, падзяляюцца на аднамоўныя і двухмоўныя. Двухмоўныя слоўнікі (радзей шматмоўныя) – гэта перакладныя слоўнікі, у якіх словамі адной мовы тлумачацца словы другой мовы. Напрыклад, “Руска-беларускі слоўнік хімічных тэрмінаў” І.А. Семяновіча, А.С. Ціханава, В.В. Канаш, выдадзены ў 1995 годзе.
Класіфікацыю аднамоўных слоўнікаў у залежнасці ад спосабаў тлумачэння лексікі пакажам у табліцы׃
Тыпы аднамоўных слоўнікаў | Што тлумачаць | Прыклады |
Тлумачальныя слоўнікі | Раскрываюць значэнне слова, паказваюць яго асноўныя граматычныя прыметы як часціны мовы, экспрэсіўна-стылістычную афарбоўку, напісанне, паходжанне іншамоўных слоў | 1. Тузава Р.У., Панюціч К.М. Кароткі тлумачальны слоўнік па мікрабіялогіі. Мінск, 1991 2. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мінск, 2005 |
Фразеалагічныя слоўнікі | Тлумачаць сэнс устойлівых спалучэнняў, іх кампанентны склад і ўжыванне | Лепешаў І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Мінск,1993 |
Арфаграфічныя слоўнікі | Даюць узор напісання слоў і найбольш цяжкіх граматычных форм | Слоўнік беларускай мовы.Арфаграфія.Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / падрэдакцыяй М.В.Бірылы. Мінск, 1987 |
Сінанімічныя слоўнікі | Змяшчаюць у сінанімічных радах сінонімы, з уласцівымі ім сэнсавымі, стылістычнымі і экспрэсіўнымі адрозненнямі | Клышка М.К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў.Мінск, 2005 |
Гістарычныя слоўнікі | Даюць тлумачэнне і граматычную характарыстыку лексікі пісьмовых помнікаў | Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1982 – 2011. |
Этымалагічныя слоўнікі | Выяўляюць паходжанне слова, паказваюць змены ў яго значэнні, гукавым і марфемным складзе. | Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1978 – 1984. |
Марфемныя слоўнікі | Даюць звесткі аб падзеле слова на структурныя часткі (марфемы). | Бардовіч А.М., Шакун Л.М. Марфемны слоўнік беларускай мовы |
Іншамоўныя слоўнікі | З’яўляюцца да веднікамі па іншамоўнай лексіцы | Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. Мінск, 1999 |
IV. ЛІТАРАТУРА ПА ТЭМЕ ЗАНЯТКАЎ:
1.Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А.Я. Міхневіча, рэдкал. Б.І. Сачанка (гал. рэд.). - Мінск: БелЭН, 1994. – 655 с.
2.Беларуская мова: у 2 ч. : падручнік для навучэнцаў педвучылішчаў і каледжаў / Я.М. Адамовіч, Н.І. Бурак, Л.М. Грыгор’ева і інш., пад агул. рэд. Л.М. Грыгор’евай. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Ч.1. - Мінск: Вышэйшая школа, 1998. – 222 с.
3.Красней В.П. Грані слова: факультатыўны курс “Лексіка і фразеалогія беларускай мовы: вучэбны дапаможнік для 10-га класа. – 3-е выд., дапрац. - Мінск: Народная асвета, 1996. – 272 с.
4.Курс беларускай мовы: падручнік / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. - Мінск: Універсітэцкае, 1996. – 654 с.
5.Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / пад агул. рэд. А.Я. Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка, 1994. – 463 с.