Раздзел 5. Беларусь у сучасным свеце 13 страница

Сялянская рэформа чакаемых вынікаў не дала. Надзеі, якія на яе ўскладаліся, не споўніліся. Юрыдычна селянін быў вызвалены. Яго як асобу не маглі прадаць, перадаць, здаць у арэнду. Але ж з-за малазямелля, беззямелля эканамічна ён цалкам залежаў ад пана. Цяжкія эканамічныя і сацыяльныя абставіны, дыскрымінацыя нацыянальных пачуццяў прыводзяць да сацыяльных выбухаў. Паўстанне пачалося ўноч з 22 на 23 студзеня 1863 г. у Польшчы. У праграме паўстанцаў, на чале якіх стаў Часовы ўрад (так стаў называць сябе Цэнтральны нацыянальны камітэт), мелася на ўвазе аб’яднаць пад агульным сцягам сялян і памешчыкаў. Сялян пераконвалі, што пасля перамогі памешчыкі добраахвотна даруюць ім зямлю. Праграма Варшаўскага Урада прадугледжвала ўзнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., замяніць падушны падатак падымным, устанавіць трохгадовы тэрмін вайсковай службы, адмяніць забарону уніяцтва, прадставіць свабоду і раўнапраўе для ўсіх людзей, без адрознення веры, племені, паходжання, саслоўя.

Добра заўважыўшы класавую акрэсленасць Маніфеста і дэкрэта Часовага ўрада, беларускія і літоўскія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з К.Каліноўскім вырашылі падтрымаць паўстанне ў Польшчы. К.Каліноўскі заявіў: “Польская справа – гэта наша справа, гэта справа свабоды”. Літоўскі правінцыяльны камітэт аб’явіў сябе Часовым урадам Літвы і Беларусі, звярнуўся да насельніцтва з заклікам “Да зброі! За нашу свабоду і свяшчэннае права! Выступім жа ўсе разам і дружна!” Але Польскі нацыянальны ўрад, у якім да гэтага часу перамаглі “белыя”, адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім і перадаў яе Віленскаму камітэту “белых”, які стаў называцца Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Каліноўскага ж прызначылі на пасаду Гродзенскага ваяводскага камісара.

Паўстанцы, як і патаемны ўрад Літвы і Беларусі, таксама распадаюцца на “белых” і “чырвоных”. Да “белых” належыць беларускае магнацтва і панства. Яны глядзяць на паўстанне вачыма польскіх землеўладальнікаў. Іх цягне да сябе белая Варшава. Што тычыцца “чырвоных”, то яны шукаюць апоры ў беларускіх сялянскіх масах, прапануюць даць зямлю, волю ў шырэйшых памерах, чым гэта зрабіла царская Расія. Яны змагаюцца за перамогу “Мужыцкай Праўды”, 9 нумароў якой выйшла да гэтага часу, клічуць на паўстанне мужыкоў: “Мы... ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць... Няма чаго чакаць ад нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее”.

Цэнтрам паўстання становіцца Гродзеншчына. Тут паспяхова вялі баі з царскімі войскамі атрады паўстанцаў, якімі кіраваў паплечнік Каліноўскага Валерый Урублёўскі. У Мінскай губерні храбра змагаўся атрад Антона Трусава.

Бяздзейнасць “белых” (прадстаўнікі вялікіх беларускіх паноў), якія стаялі за ўтварэнне вялікай Польшчы з захаваннем старога сацыяльнага рэжыму, прыводзіць да паражэння атрадаў З.Серакоўскага і Л.Звяждоўскага. У гэты крытычны момант К.Каліноўскі зноў узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Ён прыцягнуў да кіраўніцтва паўстаннем найбольш радыкальных прадстаўнікоў беларускай і літоўскай інтэлігенцыі з ліку сваіх былых універсітэцкіх сяброў і аднадумцаў. Ёсць у К.Каліноўскага намер абаперціся ў паўстанні на народ, у першую чаргу на сялянства. Сведкай таму напісаны 11 чэрвеня 1863 г. Загад... да народа зямлі Літоўскай і Беларускай. У загадзе даецца адказ на хвалюючае сялян пытанне: каму павінна належаць зямля? Сялянам. “Урад аддае вам беза ўсялякага выкупу і чыншаў тую зямлю, на якой сядзелі вашы бацькі і дзяды”.

К.Каліноўскі, каб дасягнуць мэты, вырашае перакінуць барацьбу на тэрыторыю Расіі. Ён даручае В.Малахоўскаму наладзіць сувязь з рускай рэвалюцыйнай арганізацыяй “Зямля і Воля”. І той у пачатку жніўня 1863 г. едзе ў Пецярбург. Але абяскроўленыя “Землявольцы” не змаглі ўжо дапамагчы беларускім паўстанцам. І ўсё ж у выніку энергічных дзеянняў К.Каліноўскага паўстанне некалькі ажывілася. Маецца прыток сялянскай масы ў паўстанцкія атрады. Асабліва гэта ўласціва для Гродзенскай і Ковенскай губерняў. Аднак пры ўсім гераізме, мужнасці, самаадданасці рэвалюцыянерам на чале з К.Каліноўскім не ўдалося ажыццявіць задуманае. Паўстанне падаўлена. Арыштаваны кіраўнікі паўстання і вялікая частка яго ўдзельнікаў. Павешана на шыбеніцах 396 чалавек, выслана ў Сібір – 15 тыс. 7 (20) красавіка 1864 г. пакараны смерцю праз павешанне і Каліноўскі.

Працягам ліквідавання паўстання 1863 г. стала праграма ад 14 мая 1864 г. На царскі разгляд накіравана складзеная Мураўёвым запіска, асноўны змест якой зводзіўся да паўсямеснага ўводу рускай мовы з прыпыненнем польскай мовы, замяшчэннем вышэйшых службовых пасад рускімі дваранамі, засяленнем беларускага краю рускім жыхарствам. Чытаючы запіску, нельга ўбачыць слоў пра забарону беларускай мовы. І ўсё ж самы моцны ўдар быў зроблены па беларускай мове. Для паляка-землеўладальніка з яго эканамічнымі сродкамі і шырокімі сувязямі закон, як кажуць, быў не пісаны. Дзе хабарам, дзе пратэкцыяй, дзе іншымі захадамі шляхцічы бараніліся самі, баранілі сваю мову, культуру. Тым больш, што рускі ўраднік, як піша У.Ігнатоўскі, глядзеў на закон, як на сродак нелегальнага заробку. Земляроб-беларус не мог адкупіцца, яму прыходзілася выконваць занатаваныя ў запісцы ўстаноўкі, у поўным аб’ёме адказвацца ад сваёй мовы, пераводзіць на рускую сваіх дзяцей. Да таго ж такой моцы, як польская культура, беларуская не мела. З канца ХVІІ ст. (1697 г.) яе гналі, прыгняталі. Сталася так, што да ІІІ чвэрці ХVІІІ ст. беларуская культура была прадстаўлена толькі ў сялянскім і чорнарабочым асяродку.

§2. Пасля адмены прыгоннага права ўзмацняюцца рэвалюцыйныя выступленні. Галоўную ролю ў ім адыгрывае народніцтва. Народнікі (абаронцы простых сялян) – рэвалюцыянеры, якія аб’явілі сваёй задачай абарону народа, яго інтарэсаў. Аб’ектыўна дзейнасць народнікаў накіроўвалася супраць усіх перажыткаў прыгонніцтва і мела рэвалюцыйна-дэмакратычны характар. Разам з тым народнікі як выразнікі сялянства, выступалі супраць капіталізму. Яны лічылі, што капіталізм у Расіі – выпадковая з’ява, для яго развіцця тут няма ўмоў. Да таго ж капіталізм - гэта ўпадак, рэгрэс. Сялянская абшчына - пункт сацыялістычнага развіцця.

У 1874 г. народнікі распачалі гераічную спробу правесці свае ідэі ў жыццё. Яны пайшлі ў народ, да сялянства, з надзеяй на яго сацыялістычны інстынкт. У 1876 г. народнікі стварылі арганізацыю з назвай “Зямля і воля”, якая раіла рэвалюцыянерам мець свае пасяленні ў вёсцы. Народніцкімі ідэямі пранікліся ўраджэнцы Беларусі М.Судзілоўскі, С.Кавалік, Р.Ісаеў, І.Грынявіцкі. Яны прымалі ўдзел у агульнарасійскім народніцкім руху. У другой палове 70-х – пачатку 80-х гадоў гурткі народнікаў з’явіліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве і інш. гарадах. Сялянства, як і раней, без даверу ставілася да народнікаў, царская ўлада сотнямі адпраўляла іх у турму.

У 1879 г. “Зямля і воля” распадаецца на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. Тактыка “Чорнага перадзелу” застаецца ранейшай – перадзел памешчыцкай зямлі паміж сялянамі. Прыхільнікі “Народнай волі” прызналі неабходнасць палітычнай барацьбы, пераходу да індывідуальнага палітычнага тэрору супраць прадстаўнікоў улады. Пасля гэта большасць народніцкіх гурткоў на Беларусі падтрымала платформу “Чорнага перадзелу”. Мінск у гэты час стаў нават агульнарасійскім цэнтрам народнікаў.

У пачатку 1882 г. кіраўнік “Чорнага перадзелу” Плеханаў Г.В. і іншыя яго паплечнікі выехалі ў Швейцарыю, дзе стварылі першую марксісцкую групу “Вызваленне працы”. Прыхільнікі “Чорнага перадзелу”, якія засталіся на радзіме, перайшлі на пазіцыі “Народнай волі”. Сярод іх былі ўраджэнцы Беларусі Р.Ісаеў, І.Грынявіцкі. Пасля таго, як народавольцы здзейснілі ў 1881 годзе забойства цара Аляксандра ІІ, кіраўніцкая структура і многія правінцыяльныя камітэты “Народнай волі” былі разгромлены паліцыяй. Шматлікія правалы паралізавалі таксама дзейнасць створанай на Беларусі ў канцы 1881 – пачатку 1882 года цэнтралізаванай абласной народніцкай арганізацыі. Тут засталіся толькі асобныя гурткі, якія засяродзілі сваю дзейнасць сярод рабочай моладзі. У Мінску ў сярэдзіне 80-х гадоў Я. Хургін прыцягнуў да ўдзелу ў гуртках каля 160 рабочых.

Народніцкі рух Беларусі вядзе прапаганду ідэі нацыянальнага адраджэння. Падпольна народнікі выдалі некалькі публіцыстычных твораў, адозваў і пісьмаў да землякоў-беларусаў, а таксама два нумары часопіса “Гоман”. У гэтых публікацыях упершыню абвяшчалася аб існаванні беларускага этнасу як “асобнай галіны славянскага племені”, давалася тэарэтычнае абгрунтаванне, падкрэслівалася, што просты беларускі народ, нягледзячы на ўсе цяжкія гістарычныя выпрабаванні, выстаяў, не паддаўся ні паланізацыі, ні русіфікацыі, захаваў сябе як асобную народнасць, звязаную “адзінствам мясцовага жыцця”.

Аднак наступае ідэйна-арганізацыйны крызіс народніцкага руху. Народніцкія гурткі трапляюць пад уплыў польскай сацыялістычнай партыі “Пралетарыят” і расійскай групы “Вызваленне працы”, якія ў асноўным стаялі на марксісцкіх пазіцыях. У Мінску, Віцебску, Гродне распаўсюджваюцца творы К.Маркса, Ф.Энгельса, ствараюцца гурткі рабочых з мэтай іх вывучэння. На Беларусі першы гурток такога накірунку быў створаны студэнтам Э.Абрамовічам летам 1884 г. У 1885 годзе да прапаганды марксізму сярод рабочых Мінска далучыўся І.Гурвіч.

У сярэдзіне 90-х гадоў у Мінску аформіліся 2 сацыял-дэмакратычныя групы. Дзейнасць гэтых груп была звязана пераважна з падрыхтоўкай прапагандыстаў з ліку рабочых. Да масавай эканамічнай агітацыі сярод рабочых перайшлі ў гэты час сацыял-дэмакраты Вільні, Віцебска, Брэста, Смаргоні, Ашмянаў, Пінска. Значная частка беларускіх сацыял-дэмакратаў выступае ў гэты час за стварэнне рабочых арганізацый па нацыянальнай прымеце. У верасні 1897 г. у Вільні ўтварыўся Бунд – Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі.

Неабходнасць утварэння Бунда матывавалася тым, што толькі нацыянальная арганізацыя яўрэйскіх рабочых можа найлепш абараніць іх інтарэсы. Вясною 1901 г. на сваім ІV з’ездзе Бунд абвясціў сябе адзіным выразнікам яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі і нават выставіў патрабаванне аб пераўтварэнні РСДРП у федэрацыю нацыянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый.

Прыкметны рост народнага руху прывёў да стварэння буйных агульнагарадскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый. Разрозненыя марксісцкія гурткі Пецярбурга ў 1895 г. аб’ядналіся ў “Саюз барацьбы за вызваленне рабочых”. Па яго ўзоры такія арганізацыі ствараюцца ў Маскве, Кіеве, Екацярынаслаўлі, іншых гарадах. Гэтыя чатыры арганізацыі разам з Бундам і кіеўскай “Рабочай газетай” правялі ў 1898 г. з’езд з мэтай аб’яднання ў Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. Але пасля аб’яднання адзінства поглядаў у кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнага руху не наступіла. Узмацнілася барацьба паміж прыхільнікамі рэфармацыйнага (бернштэйніянскага) і рэвалюцыйнага (іскраўскага) накірункаў.

На Беларусі ў гэты час большасць мясцовых сацыял-дэмакратычных камітэтаў займалі бундаўскія пазіцыі і ставіліся да “Іскры” насцярожана, і толькі з лета 1903 г. (пасля ІІ з’езда РСДРП) у Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Полацку, іншых гарадах і мястэчках з’яўляюцца бальшавіцкія арганізацыі РСДРП. У сакавіку іх узначалілі створаныя ЦК партыі Палескі і Паўночна-Заходні камітэты РСДРП.

У канцы 90-х гадоў па ініцыятыве гімназістаў Мінска Івана і Антона Луцкевічаў ўтварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі нацыянальнага пытання. А калі браты Луцкевічы сталі студэнтамі ў Пецярбургу, на аснове нацыянальных культурных гурткоў у 1902 годзе яны стварылі “Беларускую рэвалюцыйную грамаду” (БРГ). У 1903 годзе на І з’ездзе БРГ прыняла праграму, у якой абвясціла галоўнай мэтай знішчэнне капіталістычнага ладу, абвяшчэнне незалежнай дэмакратычнай рэспублікі, скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама наданне культурна-нацыянальнай аўтаноміі нацыянальным меншасцям. Гэта першая сацыялістычная партыя на Беларусі, якая стала на мясцовы беларускі нацыянальны грунт і паставіла перад сабой мэту распрацаваць беларускае нацыянальнае пытанне.

У 1906 г. адбыўся ІІ з’езд БРГ (магчыма, БСГ). Тут у праграме бачны ўстаноўкі: скінуць самаўладдзе; даць Беларусі аўтаномію ў складзе Расійскай імперыі з краёвай уладай (Сеймам у Вільні); аддаць у рукі народа зямлю, рабочыя прылады працы і ўсе спосабы камунікацыі для супольнага ўладання.

Побач з сацыял-дэмакратамі ў гэты час у актыўную палітычную дзейнасць уступілі і сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). У 1902 годзе гэта партыя аформілася арганізацыйна і ідэйна. Назва партыі не выпадковая – яна паходзіла ад таго, што эсэры ставілі сваёй задачай пераўтварэнне грамадства на сацыялістычных пачатках. Можна адзначыць сур’ёзнасць іх праграмы: у ёй патрабавалася ўсталяваць ў краінесвабоды слова, сумлення, друку, сходаў, саюзаў; свабоды перамяшчэнняў, недатыкальнасці асобы і жылля, а таксама ўсеагульнае, роўнае выбарчае права; стварэнне выбарных органаў, дэмакратычнай рэспублікі; 8-гадзінны рабочы дзень, увядзенне дзяржаўнага страхавання. Было ўключана палажэнне аб сацыялізацыі зямлі - адабранне яе з прыватнай уласнасці, са сферы куплі і продажу і перадачу ў агульнанародны набытак, перш за ўсё ў рукі абшчын, а таксама органаў мясцовага самакіравання. Ёсць ў праграме эсэраў і палажэнне аб ураўняльным сельскім землекарыстанні: ніхто не мог патрабаваць зямлі больш, чым быў у стане апрацаваць яе сам ці працай членаў сям’і.

§3.а).Папярэднія звесткі сведчуць: рэвалюцыйныя сілы на Беларусі на пачатку ХХ ст. былі ўжо дабра арганізаваныя. Што тычыцца сацыяльна-эканамічных і палітычных абставін, то яны рэвалюцыйна абцяжараны. Самаўладдзем незадаволены ўсе сацыяльныя групы.

Як вядучая сіла дэмакратычнага лагера вызначаўся пралетарыят. Яго праграмнымі патрабаваннямі з’яўлялася знішчэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і іншых феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў, права нацый на самавызначэнне. Менавіта такія патрабаванні вылучаліся ў праграмах партый, якія дзейнічалі на Беларусі: РСДРП, Бунда, БСГ, эсэраў, іншых сацыял-дэмакратычных і леванародніцкіх арганізацый.

Каталізатарам рэвалюцыйнага працэсу стала руска-японская вайна. Царызм спадзяваўся разбіць (з невялікімі стратамі) Японію і тым самым вывесці лішкі пары з “катла” грамадскага настрою. Адбылося ўсё не так: “Стрэльбы не палілі, снарады не ўзрываліся, вярхі кралі, як маглі і ўмелі, пілі і распуснічалі, а нізы паміралі ці рэвалюцыянізаваліся”. Вайна на Беларусі выклікала прамысловы крызіс. Тавары беларускага промыслу карысталіся добрым попытам на Далёкім Усходзе. З пачаткам вайны цягнікі перагружаны войскам, абсталяваннем для вайны, вывозіць тавары шырокага ўжытку чыгуначнікі не могуць. З-за гэтага на Беларусі скарачаецца вытворчасць, расце беспрацоўе.

Падзеі 9 студзеня 1905 г. у Расіі паклалі пачатак рэвалюцыі на Беларусі. Адбыліся масавыя забастоўкі ў Вільні, у Мінску. Наогул забастоўкамі былі ахоплены ўсе губернскія і павятовыя гарады. Барацьба перакінулася на вёску ў форме адкрытай самавольнай парубкі лесу, заворвання панскай зямлі, утварэння баявых дружын (больш за ўсё ва ўсходняй Беларусі).

Рабочыя Мінска, іншых гарадоў Беларусі з недаверам аднесліся да царскага маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г. Па закліку РСДРП 18 кастрычніка у Мінску прайшоў мітынг пратэсту, які скончыўся трагічна. Па загаду Губернатара Курлова па ўдзельніках мітынгу на плошчы Віленскага вакзала (цяпер прывакзальная плошча) быў адкрыты агонь, 80 чалавек былі забіты, некалькі соцень паранены. Крывавыя сутычкі ў гэты дзень адбыліся ў Смаргоні (паранена 100 дэманстрантаў), растрэлы мелі месца ў Віцебску, Полацку. 19 кастрычніка1905 г. на дэманстрацыю выйшлі працоўныя Оршы.

У сувязі з падаўленнем рэвалюцыі 1905 г. пралетарыят і яго саюзнікі вымушаны былі адступаць. 11 снежня 1905 г. выйшаў закон аб выбарах у Дзяржаўную думу. Ён забяспечваў перш за ўсё інтарэсы памешчыкаў. РСДРП і іншыя дэмакратычныя сілы, якія хацелі працягу рэвалюцыі, байкаціравалі выбары ў думу. Правыя партыі выступілі за ўдзел у выбарах. У час выбараў большасць месцаў у Думе заваявалі кадэты. З 36 дэпутатаў пяці заходніх губерняў 29 прыйшлі ў Думу пад сцягам кадэтаў (10 памешчыкаў, 13 буржуазных інтэлігентных і духоўных асоб, а таксама 6 сялян). 7 астатніх дэпутатаў адносілі да беспартыйных (усе сяляне), адзін – ад сацыял-дэмакратаў, адзін – ад правых.

Пачатак дзейнасці Думы (красавік 1906 г.) супаў з новым уздымам рэвалюцыйнага руху. Працоўныя выступілі з эканамічнымі патрабаваннямі, салдаты – з пратэстам супраць адпраўкі іх на карную аперацыю. Рэвалюцыйны ўздым палітызаваў дзейнасць І Думы. За ліквідацыю памешчыцкага землеўладання выказаліся трудавікі і эсэры, супраць – кадэты. Урад, каб не дапусціць прыняцця рэвалюцыйнай платформы па аграрным пытанні, указам ад 9 ліпеня распусціў Думу і назначыў новыя выбары. У канцы 1906 – пачатку 1907 г. ва ўмовах відавочнага спаду рэвалюцыйнай барацьбы адбыліся выбары ў ІІ Дзяржаўную думу.

Усе партыі дэмакратычнага лагера адмовіліся ад тактыкі байкоту, прынялі актыўны ўдзел у выбарах. Яны выкарыстоўвалі пагадненні паміж палітычнымі сіламі. Але і тут перамогу атрымалі правыя (акцябрысцка-чарнасоценны блок): ад Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гарадзенскай губерняў правы блок правёў 15 дэпутатаў. Левыя пацярпелі поўнае паражэнне.

У перыяд дзейнасці ІІ Думы вясной 1907 года зноў наглядаецца рэвалюцыйны ўздым. У такіх умовах царскі ўрад рашыўся выканаць патрабаванні правых партый – распусціць Думу. Мікалай ІІ указам ад 3 чэрвеня 1907 года распусціў Думу і адначасова – насуперак Маніфесту 17 кастрычніка аб наданні дэмакратычных свабод насельніцтву – змяніў выбарчы закон. Па сутнасці гэта быў дзяржаўны пераварот, які нагадваў канец першай расійскай рэвалюцыі, вяртанне да кансерватызму.

Рэвалюцыя 1905–1907 гадоў прымусіла царскі ўрад прызнаць непазбежнасць рэфармавання старых парадкаў у вёсцы. Ініцыятарам і галоўным кіраўніком пераўтварэнняў выступіў прэм’ер-міністр і міністр унутраных спраў П. Сталыпін. Мэта рэформы заключалася ў тым, каб развесці сялянства, паскорыць стварэнне класа сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, разбіць адзіны агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў. Намячаўся пераход ад сялянскай абшчыны да хутарской сістэмы (адказ ад прускай і ўкараненне амерыканскай (фермерскай) мадэлі землекарыстання. Указ ад 9 лістапада 1906 г. дазваляў кожнаму гаспадару выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць сваю надзельную зямлю. Згоду павінен даць сход сельскай грамады на працягу аднаго месяца з моманту падачы заявы. Селянін, які выходзіў з абшчыны, мог атрымліваць зямлю кампактна – на хутары. Такім чынам вырашалася пытанне цераспалосіцы, якая перашкаджала прагрэсу сялянскай гаспадаркі.

Паводле ўказа ад 29 мая 1911 г. землеўпарадкавальныя камісіі маглі прымусова перасяляць сялян на хутары. Гэта тычылася ў асноўным Віцебскай і Магілёўскай губерняў, так як у астатніх беларускіх губернях хутарское землекарыстанне было ўжо ў 1861 г. Хутарская гаспадарка прапагандавалася, ствараліся паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, пародзістай жывёлай і г.д. У Віленскай губерні да канца 1914 г. створана 387 паказальных гаспадарак, у Мінскай – 65. Усяго на надзельнай, дзяржаўнай і банкаўскай зямлі ўзнікла 123 тысячы хутароў і адрубаў, што складала 12 % усіх сялянскіх двароў (у Расійскіх губернях – менш за 10 %).

У хутарызацыі больш зацікаўлены былі заможныя сяляне, якія хацелі вырвацца з цесных рамак абшчыны. Сераднякі выходзілі з-за страху, што ім застануцца горшыя ўчасткі. Беднякі замацоўвалі за сабой зямлю, каб прадаць яе (так як малых надзелаў не хапала на пражыццё) і паехаць у горад.

Састаўной часткай аграрнай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны імперыі, галоўным чынам у Сібір. За 8 гадоў (1907–1914) з Беларусі на ўсход перасялілася 335369 чалавек (амаль палова – 47 % – з Магілёўскай губерні). Перасяленцы з Віцебскай губерні накіроўваліся ў асноўным у Енісейскую, Томскую, Табольскую губерні, а з Мінскай, акрамя таго, у Іркуцкую губерню, Амурскую, Прыморскую, Сяміпалацінскую і Акмолінскую вобласці. З мэтай перасялення выдзяляліся сродкі на праезд, беззваротная грашовая дапамога, рыхтаваліся пункты прыёму і г.д. Аднак дапамога была мізэрнай, а ўмовы новага жыцця антысанітарнымі. У 1907–1917 гг. з усіх выехаўшых на ўсход беларусаў кожны дзесяты вярнуўся.

Сталыпінская рэформа поўнасцю не мела поспеху. У Беларусі плошча памешчыцкага землеўладання ў 1917 г. складала практычна палову агульнай. Напярэдадні І Сусветнай вайны бедната складала 70 %, сераднякі – 20 %, заможныя (кулакі) – 10 %.

П.Сталыпін у Беларусі з рэформай звязаў аслабленне і выцясненне буйных землеўладальнікаў польскага паходжання. Для гэтага выбары ў земствы ён хацеў праводзіць на курыяльнай аснове (палякі – сабе, рускія – сабе) з розным падыходам да гэтых нацый. Класавая пазіцыя буйных землеўласнікаў выявілася адразу: яны аб’ядналіся супраць Сталыпіна. 1 верасня 1911 г. у Кіеўскай оперы, дзе прысутнічаў П.Сталыпін, ішла “Казка пра цара Салтана”. Пасля другога акта агент ахранкі Д.Багроў падышоў да Сталыпіна на адлегласць 2-3 крокаў і 2 разы выстраліў. 5 верасня Сталыпін памёр і пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры. Сталыпінская аграрная рэформа была спынена І-й Сусветнай вайной і затым устанаўленнем Савецкай улады.

б).У канцы ХІХ ст. Германія і ЗША хуткімі тэмпамі ажыццявілі індустрыялізацыю і выйшлі на І месца па развіцці прамысловай вытворчасці. Маладыя “драпежнікі”, адчуваючы сваю перавагу (эканамічную), патрабавалі пашырэння сфер уплыву, але да гэтага часу свет быў ужо падзелены. Гэта зрабілі ў свой час Англія і Францыя. Да пачатку вайны каланіяльныя валоданні Англіі перавышалі тэрыторыю самой Англіі ў 112 разоў (33,5 млн км.кв.). Германскія манаполіі пераўзыходзілі асабістую тэрыторыю (метраполію) толькі ў 6 разоў (2,9 млн км.кв.). Стваралася дыспрапорцыя паміж прамысловым патэнцыялам і магчымасцю вывазу тавараў і капіталаў у Афрыку, Азію, Палінезію, Аўстралію.


Германскі імперыялізм з’яўляўся ў гэты час “драпежніцкім” у сілу цеснай сувязі манапалістычнага капіталу з юнкерскім і прускім мілітарызмам, склаўшымся на аснове агульнай рэакцыйнай унутранай палітыкі, барацьбы з дэмакратыяй і пралетарскім рухам у краіне.

Германія стала арганізатарам першай кааліцыі імперыялістычных дзяржаў для барацьбы за перадзел свету. Яшчэ ў 1879 г. быў заключаны аўстра-германскі саюз, да якога ў 1882 г. далучылася Італія. Гэта быў траісты ваенны саюз на чале з Германіяй, накіраваны супраць Расіі і Францыі. У адказ на яго ў 1893 г. з’явілася франка-рускае пагадненне, да якога далучылася Англія. У красавіку 1904 г. паміж Англіяй і Францыяй быў заключаны дагавор пад назвай “Антанта” (сардэчнае пагадненне). У 1907 г. у “Антанту” ўступіла Расія. Мілітарысцкія колы “Антанты” імкнуліся падзяліць паміж сабой краіны Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу.

Імперыялістычны свет быў падзелены на два варожыя лагеры. Абедзве кааліцыі, як дзве разбойніцкія шайкі, “сутыкнуліся” ў нечувана зверскай сутычцы з-за таго, што далей ісці свабодна захопным парадкам было некуды. Ці адзін павінен адмовіцца ад уладання сваімі калоніямі, ці другі. Такія пытанні ў свеце капіталістаў не вырашаюцца добраахвотна. Гэта можа быць вырашана толькі вайной.

Натхняльнікам І Сусветнай вайны быў і амерыканскі імперыялізм – ён таксама імкнуўся да сусветнага гаспадарства, да ўзбагачэння за кошт абрабавання народаў. Акрамя эканамічных прычын развязвання Сусветнай вайны, былі і палітычныя: імкненне буржуазіі перарваць рэвалюцыйны рух пралетарыяту, адцягнуць увагу працоўных ад рэвалюцыйнай барацьбы і ўнутраных палітычных крызісаў, раз’яднаць і абдурманіць працоўных нацыяналізмам, знішчыць іх авангард і абезгаловіць рух, які як раз набірае ў гэты час сілы.

Апошняя прычына асабліва добра прасочваецца на прыкладзе Расіі: усяго праз тры гады пасля паражэння рэвалюцыі 1905–1907 гг. расійскі пралетарыят стаў распраўляць плечы, а ў 1914 г. паставіў царызм перад магчымасцю новай рэвалюцыі.

Узмацніўся працоўны рух і ў Германіі. У сакавіку 1912 г. краіну патрэсла стачка 230 тыс. гарнякоў Рура. У Францыі за першыя 10 год ХХ ст. лік стачак павялічыўся больш чым у 2 разы (у параўнанні з папярэднім стагоддзем). У Англіі перадваеннае дзесяцігоддзе ўвайшло ў гісторыю пад назвай “дзесяцігоддзе вялікіх хваляванняў”.

Як бачна, І Сусветная вайна ўяўляла сабой складанае перапляценне галоўных і многіх другасных антаганізмаў, у канчатковым выніку звязаўшых у адзін крывавы клубок усе краіны, што ваявалі. Менавіта ў сілу такога перапляцення яна прыняла сусветны характар, у яе ўцягнута 38 краін з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чалавек, гэта.азначае 75 % усяго насельніцтва зямнога шара.

З першых жа дзён вайны ў Еўропе стварыліся 2 франты – Заходні (у Бельгіі і Францыі) і Усходні (супраць Расіі). Рускі фронт дзяліўся на Паўночна-Заходні (ад Усходняй Прусіі да ракі Буг (цяпер Калінінградская вобласць) і Паўднёва-Заходні (ад руска-аўстрыйскай мяжы да ракі Прут).

Каб пазбегнуць вайны на два франты, Германія хацела маланкавым ударам разграміць Францыю, а затым перакінуць войскі супраць Расіі. Аднак Расія з першых дзён па просьбе саюзнікаў пачала актыўныя дзеянні і сарвала намеры германскага генеральнага штаба.

У 1914 г. важнейшымі для Расіі былі дзеянні ва Усходняй Прусіі, Польшчы, Галіцыі (ахоплівалі плошчу сучаснай Львоўскай, Івана-Франкаўскай і Цярнопальскай вобласцяў Украіны, Жэшуўскае і большую частку Яраноўскага ваяводства ПНР).

Пруская аперацыя пачалася з поспеху рускай арміі пад Гумбіненам. Германіі пагражала страта Усходняй Прусіі – яна перакінула частку войскаў з Заходняга фронту. Скарыстаўшы няўзгодненасць дзеянняў 1-й і 2-й рускіх армій, Германія нанесла ім цяжкае паражэнне. Саюзнікам жа гэта дапамагло выйграць бітву на рацэ Марне, што прадухіліла падзенне Парыжа.

Вайна цягнулася 4 гады 3 месяцы і 10 дзён (па 11 лістапада 1918 г.). Яна прынесла незлічоныя бедствы народам усяго свету: было забіта і памерла ад ранаў 9,5 млн. чалавек; паранена – 20 млн., з іх 3,5 млн засталіся калекамі. Загінула вялікая колькасць мірнага насельніцтва. Па сваім характары вайна была захопніцкай і несправядлівай з абодвух бакоў.

Беларускія губерні ў час вайны знаходзіліся на ваенным становішчы. Тут забаронены забастоўкі, вулічныя шэсці і дэманстрацыі. Разгромлены ўсе актыўна дзейнічаючыя палітычныя сілы; разгорнута ідэалагічная работа па выхаванні патрыятызму, любві да Радзімы, Расіі. У падтрымку вайны выступілі кадэты, эсэры, меншавікі; бальшавікі адмовіліся падтрымаць “свой” ўрад і вылучылі лозунгі: паражэнне царызму ў вайне, пераўтварэнне вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі былі засяроджаны на Усходнім фронце. Фронт імкліва набліжаўся на Беларусь. У жніўні 1915 немцы даволі паспяхова для сябе вядуць наступленне ў накірунку Коўна – Вільня – Мінск. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Прыкладна 50 % тэрыторыі Беларусі апынуліся пад акупацыяй.

На Беларусі ў гэты час наглядаецца бежанства соцень тысяч людзей; рэквізіцыі расійскіх, а затым і нямецкіх улад; недахоп рабочых рук у сельскай гаспадарцы, бо ў армію мабілізавана больш за 50 % здаровых мужчын. Пасяўныя плошчы скараціліся на 72 %; спыніліся шмат прадпрыемстваў; гарады Беларусі перапоўнены вайскоўцамі. Адчуваецца недахоп асноўных відаў харчавання. У гэтых умовах, нягледзячы на рызыку, праходзяць забастоўкі рабочых. Сялянскі рух выліваецца ў своеасаблівую форму разгромаў памешчыцкіх маёнткаў.

 

§4. Другая буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі пачалася 23 лютага 1917 года ў Петраградзе. Тут праходзілі масавыя мітынгі, якія ўжо ў першы дзень перараслі ў буйную забастоўку. Асноўным патрабаваннем бастуючых рабочых было вырашэнне харчовай праблемы, завяршэнне вайны. 25 лютага баставала каля 80 % рабочых усіх прадпрыемстваў горада. Да бастуючых была прыменена зброя. У адказ рабочыя прымянялі таксама сілавыя метады: раззбраенне паліцыі, захоп паліцэйскіх устаноў, камер міравых суддзяў. 27 лютага на бок паўстаўшых сталі пераходзіць салдаты.

На трэці-чацвёрты дзень рэвалюцыі (25-26 лютага) па ініцыятыве некалькіх членаў Саюза рабочых кааператываў Петраграда, сацыял-дэмакратычнай фракцыі Дзяржаўнай Думы, рабочай групы ЦВПК (Цэнтральнага ваенна-прамысловага камітэта) узнікла ідэя ўтварыць Савет рабочых дэпутатаў (па ўзоры 1905 г.). Бальшавікі падтрымалі яе.

27 лютага 250 дэлегатаў (якія выбіраліся 1 ад тысячы рабочых і 1 ад роты салдат) выбралі Выканаўчы камітэт Савета. Старшынёй яго стаў лідэр сацыял-дэмакратаў фракцыі Думы меншавік Н.Чхеідзе, яго намеснікамі – трудавік А.Керанскі, меншавік М.Н.Скобелеў. Ад бальшавікоў сюды ўвайшлі А.Шляпнікаў і П.Залуцкі. Большасць у Выканкоме і ў самім Савеце належала меншавікам і эсэрам.

Уноч з 1 на 2 сакавіка пачалося фарміраванне Часовага Урада. У яго ўвайшло 12 чалавек, сярод іх 6 кадзетаў, астатнія – акцябрысты і блізкія да іх дзеячы. Кіраўніком Урада стаў старшыня Зямгора (Усерасійскага камітэта земскага і гарадскога саюза), блізкі да кадэтаў князь Г.Е.Львоў. Ён быў чалавек, шырока вядомы ў Расіі сваёй гуманнай, дабрачыннай дзейнасцю. Міністрам замежных спраў стаў гісторык П.М.Мілюкоў, ваенным міністрам – А.Н.Гучкоў, міністрам гандлю і прамысловасці – А.Н.Канавалаў, міністрам юстыцыі – А.Ф.Керанскі (адзіны сацыяліст ва Урадзе).

На ўтварэнне Часовага Урада ў такім саставе была дадзена санкцыя Выканаўчым камітэтам Петраградскага Савета. Праўда, апошні заявіў аб сваёй падтрымцы Часовага Урада “лишь постольку, поскольку” ён не пойдзе “ўразрэз” з інтарэсамі рэвалюцыйнай дэмакратыі, і стварыў асобую кантрольную камісію “Кантактную”.

Бальшавікі, члены Выканкома выказаліся супраць падтрымкі Часовага Урада, патрабуючы ўтварэння не буржуазнага, а часовага рэвалюцыйнага Урада (як гэта і было прадугледжана Маніфестам ад 27 лютага).