Палемічная літаратура (канец ХVI - пачатак XVII ст.)

Да палемiчнай лiтаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя лiсты, трактаты, адозвы i iншыя вiды творчасцi, тэматычна звязаныя з актывiзацыяй палемiкi вакол пытання пра аб'яднанне царквы i касцёла пад вяршынствам папы рымскага, так званай iдэi унii. Лiтаратурная палемiка пачалася пасля выхаду кнiгi Бенядзiкта Гербеста "Указанне шляху", у якой ставiлася пытанне аб неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у iнтарэсах праваслаўнай царквы Вялiкага княства Лiтоўскага. Гэту iдэю падхапiў i развiў вядомы рэлiгiйны i палiтычны дзеяч Пётр Скарга, якi iмкнуўся даказаць, што сапраўднае веравызнанне iдзе ад рымска-каталiцкай царквы — пераемнiцы i носьбiта апостальскiх традыцый. Адказам на выказваннi П. Скаргi сталi ананiмныя творы "Пасланне да латын з iх жа кнiг", "На багамерзкую на паганую лацiну", шматлiкiя памфлеты. Iх аўтары выступалi ў абарону праваслаўнай царквы, узнiмалi вострыя сацыяльныя праблемы таго часу, праяўлялi заклапочанасць жыццём селянiна, выказвалiся за права народа мець свае погляды ў пытаннях рэлiгii. Актывiзацыя палемiчнай лiтаратуры пачалася пасля Брэсцкай унii 1596 г., паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы рымскага i прыняла сiмвал веры ў каталiцкiм разуменнi, але захавала сваю мову богаслужэння i сваю абраднасць. У абарону унii акрамя вышэй названага П. Скаргi выступiў сенатар Рэчы Паспалiтай Уладзiмiра-Брэсцкi епiскап Iпацiй Пацей. Ён таксама трактаваў унiю як праяўленне бескарыслiвай апекi папы рымскага над занядбалым праваслаўным людам. Супраць унiяцтва паўсталi царкоўныя дзеячы Стэфан Зiзанiй, Хрыстафор Фiлалет i Лявонцiй Карповiч, якiя сцвярджалi, што унiя была абумоўлена своекарыслiвай палiтыкай католiкаў i вышэйшага праваслаўнага духавенства, iх мэтай было дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлiгiйных прывiлеяў, палiтычных правоў. Апаненты унii падкрэслiвалi, што знявага iнтарэсаў праваслаўнай апазiцыi можа прывесцi да класавага антаганiзму, адстойвалi традыцыi i культурныя дасягненнi ўсходнеславянскiх народаў. Адным з яркiх прадстаўнiкоў палемiчнай лiтаратуры з'яўляўся грамадска-палiтычны i царкоўны дзеяч Мялецiй Сматрыцкi (аўтар вядомых твораў "Антыграфi', "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматики славенския правилное синтагма" i iнш.), якi пад нацiскам жыццёвых абставiн прайшоў складаны шлях ад прызнання i абароны праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўнiком апошняга этапу ў развiццi палемiчнай лiтаратуры быў Афанасiй Фiлiповiч — змагар, барацьбiт, непахiсны абаронца нацыянальных i рэлiгiйных правоў беларускага народа, аўтар вядомага "Дыярыуша". У жанравых адносiнах "Дыярыуш" — сiнкрэтычны твор, якi спалучае рысы i асаблiвасцi публiцыстычна-палемiчнай, гiсторыка-мемуарнай i дакументальнай лiтаратуры. У склад яго ўвайшлi дарожныя i тлумачальныя запiскi, успамiны i дзённiкi, легенды, мiстычныя прывiды i бачаннi, пасланнi, лiсты, выкрывальныя прамовы, памфлеты, фiласофскiя трактаты, аўтабiяграфiчны нарыс, а таксама вершы i нотныя запiсы музыкi да iх. Са старонак "Дыярыуша" паўстае праўдзiвы змагар, барацьбiт, ваяўнiчы абаронца роднага краю, яго святы пакутнiк. Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве каталiцкай i унiяцкай цэркваў, знешняй i ўнутранай палiтыкi Рэчы Паспалiтай, якая, блаславiўшы "праклятую унiю", зрабiла ворагамi, сутыкнула "в князствах, поветах, в местах, в местечках и в селах селян з селянамн, мешчан з мешчанами, жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов з детками, духовных з духовными". "Дыярыуш" з'яўляецца адным з найбольш яркiх i значных помнiкаў палемiчнай лiтаратуры XVII ст., у якiм праўдзiва адлюстравалася барацьба беларускага народа за свае нацыянальныя i рэлiгiйныя правы, звычаi, традыцыi i культуру.

Іпацій Пацей( 1541-1613)

Вядомы дзяржаўны палітычны рэлігійны дзеяч, таленавіты уніяцкі пісьменнік-палеміст, успрыняў і развіў ідэі П.Скаргі. Скончыўшы Кракаўскую акадэмію, ён працаваў каралеўскім сакратаром, брэсцкім земскім суддзёю, быў брэсцкім кашталянам, сенатарам Рэчы Паспалітай, неаднаразова мяняў сваё веравызнанне. Прыняўшы манаскі сан у 1590 гаду, ужо ў 1953 стаўепіскапам Уладіміра-Брэсцкім, а ў 1599- другім уніяцкім метрапалітам. Менавіта ён разам з Міхаілам Рагозам і Кірылам Тярлецкім быў асноўным прапаведнікам і арганізатарам уніі збоку вышэйшых праваслаўных іерархаў.

У сваёй кнізе “Унія” (1595г), напісанай на старабеларускай мове, ён адыходзіць ад традыцыі выкрыцця адрознасцяў усходняй царквы і заходняга касцёла. Калі П.Скарга налічвае іх 19-ць, то І.Пацей толькі чатыры. Ён імкнуўся паказаць не столькі рознасць, колькі блізкасць праваслаўнай і каталіцкай дагматыкі, а таксама абрадаў. У “Гармоніі” (1608г) уніяцкі пісьменнік-палеміст праводзіць свае ідэі больш выразна. Ён лічыць, што рэфарматары з’яўляюцца аднолькавымі ворагамі і для католікаў і для праваслаўных, што менавіта яны разам вынішчаюць гэтыя абедзве канфесіі ў ВКЛ. Толькі рымляне, на думку Пацея, баронячы сваю рэлігію, бароняць і праваслаўе.

І.Пацей- аўтар шматлікіх публіцыстычных твораў, прамоў, казанняў, лістоў і пасланняў, у якіх горача абараняў ідэі уніі ў ВКЛ.

 

 

Мялецій Сматрыцкі

свецкае імя Максім (каля 1577, с. Смотрыч, цяпер п.г.т. Хмяльніцкай вобл. Украіны — 27 снежня 1633, Дзермань; Псеўданімы: Теофил Ортолог) — вялікалітоўскі філолаг, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, старабеларускі пісьменнік-палеміст, полацкі праваслаўны архіепіскап (з 1620), архімандрыт манастыра ў Дзермані, сын пісьменніка-палеміста і педагога Герасіма Сматрыцкага.

Адукацыю атрымаў у г. зв. Астрожскай акадэміі. Лічыў сябе вучнем Кірылы Лукарыса — вучонага грэка, пазней канстанцінопальскага патрыярха. Пазней пры падтрымцы кіеўскага ваяводы К. Астрожскага вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, якую, хутчэй за ўсё, не скончыў з невядомых прычын. Працягнуў навучанне ў пратэстанцкіх акадэміях Германіі (Лейпцыга, Вітэнберга), з 1601 г. суправаджаючы як дарэктар маладога праваслаўнага князя Багдана Саламярэцкага[1]. Потым жыў у маёнтку Саламярэцкіх каля Менска. Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва пры Траецкім манастыры, дзе зблізіўся з заснавальнікам манастыра Лявонціям Карповічам.

Падчас Брэсцкай царкоўнай уніі, легітымнасць якой не прызнаў, М. Сматрыцкі меў 19 гадоў. Царкоўная і пісьменніцкая кар'ера М. Сматрыцкага развівалася ў кантэксце рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай палемікі, якая бударажыла Рэч Паспалітую ў пач. 17 ст. М. Сматрыцкі апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця. У 1608—1623 г. быў адным з вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, пасля пераходу на Унію ў 1627 г. выступаў за рэформу ўніяцкай царквы. Дасягненні і паразы М. Сматрыцкі сведчылі пра тую дылему, якую змушаная была пераадолець русінская духоўная і свецкая культурная эліта ў Рэчы Паспалітай ў перыяд кіравання Жыгімонта Вазы.

У 1608 г. супраць твораў І. Пацея «Ерасі…» і «Гармонія…» М. Сматрыцкі выдаў «Антыграфі…». У 1610 г. друкарня Віленскага брацтва св. Духу выдала пад псеўданімам Тэафіла Арталога палемічны твор М. Сматрыцкага «Трэнас, то бок Лямант усходняй царквы» на польскай мове, якою ён карыстаўся ва ўсіх сваіх апублікаваных палемічных творах. Аўтар у вобразе маці-царквы, якая плача і мучыцца, выступіў у абарону праваслаўя супраць усяго заходняга хрысціянства. Твор выклікаў шырокі грамадска-палітычны рэзананс. Хоць аўтар пазбягаў палітычнай заангажаванасці, кніга выклікала трывогу Жыгімонта Вазы, які загадаў кнігу спаліць, а кнігадрукара і аўтара арыштаваць. «Трэнас» атрымаў вострую крытыку (П. Скарга «На плач і лямант Тэафіла Арталога», Кракаў, 1610; І. Марахоўскі «Парэгорыя», 1612), але і аб'яднаў прыхільнікаў і абаронцаў праваслаўя. Выдавец кнігі Л. Карповіч быў пасаджаны ў турму, ананімны аўтар пазбег пакарання.

У 1616 друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва ў Еўі, куды яна была перанесена пасля зачынення ў Вільні ў сувязі з выданнем «Трэнаса», надрукавала «Евангелле вучыцельнае» з прадмовай М. Сматрыцкага. У 1637 г. мітрапаліт П. Магіла выдаў яго выпраўленую версію, замаўчаўшы імя тлумачальніка, верагодна, у сувязі са скандалам, выкліканым пераходам М. Сматрыцкага на Унію. Паміж 1617 і 1618 М. Сматрыцкі стаў манахам у віленскім манастыры св. Духа пад імем Мялеція. Працаваў у брацкай школе манастыра, быў рэктарам кіеўскай брацкай школы (1618—1620). Вынікам педагагічнай дзейнасці стала «Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619). У «Граматыцы» аўтар аспрэчваў папрок П. Скаргі ў адрас царкоўнаславянскай мовы, што на гэтай мове немагчыма развіваць навукі, і сцвярджаў яе роўнасць грэчаскай і лацінскай мовам. «Граматыка» М. Сматрыцкага стала важным фактарам развіцця ўсходнеславянскай духоўнай культуры, неаднаразова перавыдавалася і да 19 ст. была ў праваслаўным свеце найболей аўтарытэтным і ўжываным падручнікам па славянскім мовазнаўстве; двойчы выдавалася ў Маскве; урыўкі з яе І. Капіевіч надрукаваў у Галандыі. М. Ламаносаў назваў яе «брамай вучонасці». У 18 — 1-й пал. 19 ст. «Граматыка» стала ўзорам для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык.

 

У 1620 М. Сматрыцкі быў дэлегаваны на сустрэчу з іерусалімскім патрыярхам Феафанам, які, вяртаючыся з Масквы, дзе пасвяціў патрыярха Філарэта, правёў некалькі месяцаў ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У Кіеве Феафан пасвяціў 7 новых праваслаўных епіскапаў, у т.л. архіепіскапам полацкім і епіскапам віцебскім і мсціслаўскім — М. Сматрыцкага, наўзамен тых, якія перайшлі на Унію.

 

Неўзабаве М. Сматрыцкі быў абраны архімандрытам віленскага праваслаўнага манастыра на месца нядаўна памерлага Лявонція Карповіча. На пахаванні Л. Карповіча М. Сматрыцкі прамовіў «Казанье на честный погреб Леонтия Карповича», апублікаванае на старабеларускай мове (Вільня, 1620) і на польскай (Вільня, 1621). У новапасвечанай праваслаўнай іерархіі М. Сматрыцкі займаў цяпер другое па значэнні месца пасля мітрапаліта Іова Барэцкага. У бліжэйшыя пасля гэтага гады М. Сматрыцкі выступаў як галоўны абаронца праваслаўнай царквы ў палеміцы пра легальнасць новапасвечанай іерархіі, што аспрэчвалася ўніяцкім і каталіцкім бокам («Апраўданне нявіннасці», 1621; «Абарона апраўдання», 1621; «Юстификация нявіннасці», 1623; і інш.).

 

У той жа час погляды і дзейнасць М. Сматрыцкага давалі падставы ўніяцкім колам лічыць, што ён блізкі да далучэння да іх. Абодва бакі: уніяцкі і праваслаўны — хацелі мець М. Сматрыцкага ў сваім лагеры і дамагаліся гэтага, але ніводны, як уяўляецца, не быў цалкам упэўнена ў лаяльнасці М. Сматрыцкага.

 

У 1624—1625, пасля расправы віцяблянаў над полацкім уніяцкім архібіскупам І. Кунцэвічам, М. Сматрыцкі здзейсніў паломніцтва па Святых мясцінах на Блізкім Усходзе, падчас якога наведаў Іерусалім і Канстанцінопаль. У Вільню ён ужо не вярнуўся. Апошні перыяд жыцця правёў у Дзермані як архімандрыт мясцовага манастыра, які знаходзіўся ва ўладаннях брацлаўскага ваяводы Аляксандра Заслаўскага, які нядаўна прыняў каталіцызм. А. Заслаўскі разам з мітрапалітам І. Руцкім схілялі М. Сматрыцкага да пераходу на Унію. У 1627 г. М. Сматрыцкі таемна, а пасля Сабору 1628 г. галосна прыняў Унію. Змены ў светапоглядзе знайшлі адлюстраванне ў палемічным творы «Апалогія» (1628), які быў асуджана праваслаўным Саборам у жніўні 1628 г. у Кіеве: кнігу разарвалі і выкінулі, уніяцкі архімандрыт манастыра ў Дубна Касьян Саковіч за яе друк быў пракляты, а М. Сматрыцкага вымусілі пісьмова зрачыся яе. З мэтай дыскрэдытацыі М. Сматрыцкага ў вачах уніятаў адрачэнне было надрукаванае на старабеларускай і польскай мовах. У серыі твораў, напісаных у Дзермані ў наступныя два гады («Пратэстацыя супраць сабору», 1628; «Паранезіс», 1629 і «Экзетэзіс», 1629), М. Сматрыцкі палемізаваў як з ідэолагамі праваслаўя, так і са сваімі ўласнымі творамі, напісанымі ў перыяд да яго прыналежнасці.

 

Папства, верагодна, з-за недастатковага даверу да М. Сматрыцкага, не магло вырашыць, як з ім паступіць і марудзіла з прызначэннем яго біскупам. Тым часам гэта пытанне стаяла яшчэ перад Кіеўскім саборам 1628 г., калі М. Сматрыцкі быў таемным уніятам. Кангрэгацыя прапаганды веры 8.4.1628 прасіла мітрапаліта І. Руцкага пацвердзіць шчырасць прыняцця Уніі М. Сматрыцкім і яго лаяльнасць Папству, што І. Руцкі зрабіў лістом да Рыму ад 9.1.1629. Папа Урбан VIII 5.5.1631 прызначыў М. Сматрыцкага архібіскупам.

 

У апошнія свае гады М. Сматрыцкі пацярпеў шмат расчараванняў, найбольшае з іх няўдалы прымірэнчы ўніяцка-праваслаўны сабор у Львове ў 1629 г.

 

Апошні рукапіс М. Сматрыцкага, які захаваўся гэта вялікі ліст да папы Урбана VIII, напісаны з Дзермані 16.2.1630, дзе М. Сматрыцкі піша пра ціск як адзіны сродак вырашэння веравызнаўчых канфліктаў на Русі (вядома, яе рэчыпаспалітаўскай часткі). М. Сматрыцкі лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях. Адначасова М. Сматрыцкі пераконваў папу ў неабходнасці забараніць русінам пераходзіць на лацінскі абрад з уніяцкага.

 

Афанасій Філіповіч

Нарадзіўся каля 1597 года на Брэстчыне ў сям'і рамесніка. Атрымаў добрую адукацыю, працаваў хатнім настаўнікам у дзяцей магнатаў. У 1620-1627 гг. вучыў "маскоўскага царэвіча" (аднаго з самазванцаў) пры двары літоўскага канцлера Льва Сапегі. У 1627 г. стаў манахам віленскага Святадухаўскага манастыра, з 1633 г. - намеснік ігумена ў манастыры каля Пінска.

У 1637 годзе выправіўся да рускага цара паведаміць пра самазванца, якога рыхтуюць у Рэчы Паспалітай. Першым публіцыстычным творам стала пісьмо да цара Міхаіла Фёдаравіча "Гісторыя падарожжа ў Маскву".

Па вяртанні з Масквы абраны ігуменам брэсцкага Сімеонаўскага манастыра. Узначаліў барацьбу мясцовага праваслаўнага брацтва супраць уніятаў.

У 1643 годзе пасля выступлення на сойме быў арыштаваны і сасланы ў Кіеў, аднак апраўданы там царкоўным судом.

У 1644 годзе арыштаваны як дзяржаўны злачынца пасля перадачы рускаму паслу ліста Яна Лубы (самазванца).

У турме Афанасій Філіповіч напісаў шэраг вострых публіцыстычных артыкулаў. Варшаўскую турму змяніла ссылка ў Кіеў. Спадзеючыся на амністыю мітрапаліта, звёў свае творы ў дзіны твор - "Дыярыўш". Выйшаў на волю пасля смерці мітрапаліта ў 1647 годзе.

Па даносу, што дапамагаў казакам Б. Хмяльніцкага, ноччу 5/15/ верасня быў забіты польскімі жаўнерамі.

Дыярыуш

Дыярыуш (у перакладзе з лацінскай мовы — дзённік) — жанр старажытнабеларускай літаратуры, у якім у храналагічнай паслядоўнасці перадаваліся падзеі грамадска-палітычнага ці прыватнага жыцця праз суб'ектыўнае ўспрыманне пэўнай асобы. Паколькі ўсё жыццё А. Філіповіч прысвяціў змаганню за правы і прывілеі праваслаўнай царквы, грамадскае і асабістае ў яго «Дыярыушы» цесна пераплецена. Твор шматпланавы па кампазіцыі. Аўтар аб'яднаў падарожныя нататкі («Гісторыя падарожжа ў Маскву»), тлумачальныя запіскі, успаміны, дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым, пасланні, пісьмы, выкрывальніцкія прамовы, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы і песні, складзеныя ў турме. Твор стракаты па стылю — апавядальная манера змяняецца заклікавай публіцыстычнасцю, дакументальныя згадкі — містычнымі карцінамі і г. д. Аўтар выступае то прапаведнікам «разумнай мернасці» ў грамадстве, то ваяўнічым абаронцам «веры праўдзівай і царквы ўсходняй грэчаскай».

 

У «Дыярыушы» А. Філіповіча няма кніжнай рыторыкі, да чаго часта звяртаўся ў творах яго сучаснік М. Сматрыцкі. Аўтар абапіраўся на ўласныя назіранні, на факты рэчаіснасці. Апантаны да фанатызму, надзвычай уражлівы, А. Філіповіч часам «бачыў» тое, што выходзіць за рамкі рэальнага. Так, у адной з частак «Дыярыуша» ён апісвае «борзо страшнии видоки (відовішча.— Г. Г.) на неби и земли», убачанае ім не ў сне, а на яве і ў дзень. На небе — гнеўныя хмары з войскам, пастаўленым у строй, на зямлі — сем агнёў пякельных, прыгатаваных на сем смяртэльных грахоў. «З тых огнюв ...трох особ выразне видилем: нунциуша легата (пасла рымскага папы. — Г. Г.) в короне папежской. Жигмонта кроля и Сапегу гетмана, за преследоване церкви восточной барзо смутно седячих». Поруч з гэтым у «Дыярыушы» шмат дакладных апісанняў і згадак: «Мещане зась убогие з Люблина, Сокаля, Орши, Пинска, Белска, Кобриня, Берестя и з инших мест и местечек плачливе ляментуют, же юж не мают и людей, з ким бы церквей своих доходити могли!.. Ах, беда ж! Креста не принявши детки, а дарослые без шлюбов живут, а умерлых в полях, в огородах и в пивницах потаемне в ночи погребают!.. Над турецкую неволю, тут в панстве христианском православные люде болшую неволю терпят и мают! Бо оршане бедные за тое, што в братстве своем новую церков збудовали, двесте червоных золотых подканцлерому за печать давали...»

А. Філіповіч — прадстаўнік апошняга этапа ў развіцці палемічнай публіцыстыкі.