ГЛАВА 28. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ 2 страница
2.8. бязвыплатная (спонсарская) дапамога;
2.9. замежная бязвыплатная дапамога;
2.10. ахвяраванні мецэнатаў культуры;
2.11. сродкі фондаў, якія заснаваны юрыдычнымі асобамі і (або) грамадзянамі у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам для фінансавання культурнай дзейнасці;
2.13. iншыя крынiцы, не забароненыя заканадаўствам.
Артыкул 22. Фінансаванне арганізацый культуры
1. Фінансаванне дзяржаўных арганізацый культуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, сродкаў заснавальнікаў, сродкаў, атрыманых ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даход, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
2. Фінансаванне прыватных арганізацый культуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў заснавальнікаў, сродкаў, атрыманых ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даход, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў мецэнатаў культуры і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
3. Фінансаванне дзяржаўных арганізацый культуры ажыццяўляецца з улікам дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры, рэалізацыі дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры.
Артыкул 23. Фінансаванне ў сферы культуры за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва
1. Фінансаванне ў сферы культуры можа ажыццяўляцца за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва.
2. Парадак выкарыстання сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 24. Дзейнасць устаноў культуры, якая прыносіць даход
1. Установы культуры могуць ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход, у адпаведнасці з заканадаўствам.
2. Ажыццяўленне дзяржаўнымі ўстановамі культуры дзейнасці, якая прыносіць даход, не з’яўляецца падставай для зніжэння іх фінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.
Артыкул 25. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў сферы культуры
1. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў сферы культуры прадугледжвае стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, неабходнай для якаснага ажыццяўлення культурнай дзейнасці арганізацыямі культуры, іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.
2. Забараняецца дзейнасць (бяздзейнасць), якая прыводзіць да неабгрунтаванага скарачэння або пагаршэння матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры.
3. Матэрыяльна-тэхнічная база арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, фарміруецца зыходзячы з напрамкаў культурнай дзейнасці, якія яны рэалізуюць, і ўключае зямельныя ўчасткі, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканні, абсталяванне, тэхнічныя і іншыя сродкі, iншую маёмасць, неабходную для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці.
4. Дзяржаўныя органы садзейнічаюць развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных арганізацый культуры.
5. Асаблівасці фарміравання матэрыяльна-тэхнічнай базы некаторых тыпаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, вызначаюцца гэтым Кодэксам і могуць прадугледжваць патрабаванні аб забеспячэнні пэўнай маёмасцю, неабходнай для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці. У выпадках, прадугледжанных гэтым Кодэксам, матэрыяльна-тэхнічная база некаторых тыпаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дейнасць, павінна ўключаць фонды культурных каштоўнасцей, а таксама забяспечваць стварэнне ўмоў для іх захавання і іншага выкарыстання.
Артыкул 26. Юрыдычныя асобы, якія абслугоўваюць арганізацыі культуры
Да юрыдычных асоб, якія абслугоўваюць арганізацыі культуры, адносяцца:
юрыдычныя асобы, якія аказваюць паслугі па вядзенні бухгалтарскага ўліку і складанні бухгалтарскай і (або) фінансавай справаздачнасці;
юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць каардынацыю вытворчага, матэрыяльна-тэхнічнага і гаспадарчага забеспячэння арганізацый культуры.
ГЛАВА 6
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Артыкул 27. Задачы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры
Задачамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца:
устанаўленне міжнародных адносін у сферы культуры;
азнаямленне сусветнай грамадскасці з культурай Рэспублікі Беларусь, папулярызацыя беларускай культуры;
узбагачэнне культурнага жыцця народа Беларусі, далучэнне грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да каштоўнасцей сусветнай культуры;
развіццё і ўмацаванне культурных сувязей Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа;
захаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацаванне іх сувязей з Рэспублікай Беларусь;
інтэграцыя беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і інфармацыйную прастору.
Артыкул 28. Прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры
Суб’екты культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры кіруюцца наступнымі прынцыпамі:
прызнанне і павага годнасці, каштоўнасці і неабходнасці захавання кожнай культуры, разгляд усіх культур у іх разнастайнасці ў якасці састаўной часткі агульнага набытку чалавецтва;
роўнасць культур, роўная вартасць нацыянальных культур для сусветнай культуры;
служэнне культуры развіццю мірных і дружалюбных суадносін паміж дзяржавамі;
узаемавыгаднасць культурнага супрацоўніцтва;
абавязковасць аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей як у мірны час, так і ў час узброеных канфліктаў.
Артыкул 29. Прававыя асновы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры
Прававымі асновамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Кодэкс, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, дагаворы паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, міжнародныя і нацыянальныя праекты і праграмы, рашэнні міжнародных арганізацый, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, і іншыя міжнародна-прававыя акты, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 30. Напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры
Напрамкамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца:
міжнародны культурны абмен;
удзел у стварэнні і дзейнасці міжнародных органаў і юрыдычных асоб у сферы культуры;
развіццё і ўмацаванне культурных сувязей з беларусамі замежжа, аказанне ім практычнай дапамогі ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці;
захаванне і ахова гісторыка-культурных каштоўнасцей;
сумесная дзейнасць па стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, стварэнне копій культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў замежных фондах;
навукова-даследчая дзейнасць у сферы культуры;
сумеснае правядзенне культурных мерапрыемстваў;
сумесная вытворчасць фільмаў;
развіццё і ўдасканаленне дагаворнай базы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.
Артыкул 31. Міжнародны культурны абмен
1. Міжнародны культурны абмен закранае ўсе віды і напрамкі культурнай дзейнасці і ажыццяўляецца паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі дзяржавамі ў наступных формах:
1.1. правядзенне дзён нацыянальнай культуры, дзён кіно;
1.2. стварэнне нацыянальных культурных цэнтраў;
1.3. арганізацыя гастролей, выставак і іншых культурных мерапрыемстваў;
1.4. наладжванне прамых кантактаў паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці;
1.5. накіраванне навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры на навучанне (стажыроўку);
1.6. арганізацыя моўных і краязнаўчых курсаў, правядзенне семінараў па пытаннях культуры, мовы, гісторыі, майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў у гэтай сферы;
1.7. абмен інфармацыяй аб правядзенні міжнародных культурных мерапрымстваў, мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, забеспячэнне ўдзелу прадстаўнікоў розных дзяржаў у такіх мерапрыемствах;
1.8. абмен друкаванымі выданнямі, сродкамі масавай інфармацыі і іншымі матэрыяламі, звязанымі з культурнай дзейнасцю.
2. Міжнародны культурны абмен можа таксама ажыццяўляцца ў іншых формах, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, дагаворамі, якія заключаюцца паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, а таксама міжнароднымі і нацыянальнымі праектамі і праграмамі ў сферы культуры.
Артыкул 32. Падтрымка беларусаў замежжа ў сферы культуры
1. У мэтах падтрымкі беларусаў замежжа ў сферы культуры Рэспубліка Беларусь спрыяе:
1.1. адкрыццю i дзейнасцi культурных цэнтраў Рэспублiкi Беларусь у краiнах пражывання беларусаў замежжа;
1.2. функцыянаванню існуючых і стварэнню новых арганізацый культуры для беларусаў замежжа як у Рэспублiцы Беларусь, так i за яе межамi;
1.3. культурнаму абмену паміж Рэспублікай Беларусь і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;
1.4. выданню работ замежных і айчынных аўтараў па культуры і гісторыі Беларусi i беларусаў замежжа;
1.5. правядзенню культурных мерапрыемстваў беларусаў замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і ў краінах пражывання беларусаў замежжа;
1.6. арганізацыi сумеснай работы дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў Рэспублiкi Беларусь і грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа па вяртанні ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей народа Беларусі;
1.7. вывучэнню беларусамі замежжа нацыянальнай культуры і гісторыі, беларускай мовы як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі;
1.8. рэалiзацыi iншых мер у адпаведнасцi з заканадаўствам.
2. Для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння з беларусамі замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь можа стварацца кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа.
Палажэнне аб кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа і персанальны склад гэтага савета зацвярджаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Раздзел II
Суб’екты КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
ГЛАВА 7
ГРАМАДЗЯНе як суб’екты культурнай дзейнасці
Артыкул 33. Правы грамадзян Рэспублікі Беларусь у сферы культуры
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сферы культуры маюць права на:
дастойны ўзровень культурнага жыцця;
удзел у культурным жыцці;
эстэтычнае выхаванне;
атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці;
свабоду творчай дзейнасці;
культурную самабытнасць, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый;
свабоду аб’яднанняў у сферы культуры;
стварэнне арганізацый культуры;
абскарджанне дзеянняў арганізацый культуры і іх работнікаў, якія парушаюць правы грамадзян у сферы культуры;
ахову аўтарскага права і сумежных правоў;
увоз і (або) вываз вынікаў творчай дзейнасці ў парадку, прадугледжаным гэтым Кодэксам, іншым заканадаўствам аб культуры, заканадаўствам аб знешнеэканамічнай дзейнасці, заканадаўствам аб мытным рэгуляванні, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і іншымі міжнародна-прававымі актамі, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь;
іншыя правы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
Артыкул 34. Абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь у сферы культуры
1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сферы культуры абавязаны:
1.1. берагчы гісторыка-культурную і археалагічную спадчыну;
1.2. паважаць дзяржаўныя мовы і нацыянальныя культурныя традыцыі;
1.3. беражліва адносіцца да культурных каштоўнасцей, бібліятэчных і музейных фондаў;
1.4. паважаць і не парушаць правы іншых асоб у сферы культуры, у тым ліку культурныя традыцыі і мову нацыянальных меншасцей;
1.5. выконваць правілы наведвання (правілы карыстання) арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
1.6. садзейнічаць фіксацыі, навуковай апрацоўцы і мастацкай ацэнцы культурных каштоўнасцей;
1.7. выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам, іншымі заканадаўчымі актамі.
2. Бацькі, іншыя законныя прадстаўнікі абавязаны клапаціцца аб эстэтычным выхаванні, культурным развіцці дзяцей, далучэнні іх да культурных каштоўнасцей.
Артыкул 35. Правы і абавязкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў сферы культуры
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі ў сферы культуры нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам, іншымі законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 36. Дзяржаўныя гарантыі, накіраваныя на забеспячэнне правоў грамадзян у сферы культуры
У мэтах забеспячэння правоў грамадзян у сферы культуры дзяржава гарантуе:
неад’емнасць права грамадзяніна на ўдзел у культурным жыцці;
забеспячэнне культурнага самавыяўлення, культурнай разнастайнасці, свабоды творчай дзейнасці;
свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
забеспячэнне захавання і развіцця нацыянальных культурных традыцый;
захаванне гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;
забеспячэнне даступнасці культурнага жыцця з улікам духоўных патрэбнасцей грамадства, у тым ліку для грамадзян, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб;
развіццё комплексу арганізацый культуры, неабходных для задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадства, разнастайнасць відаў і тыпаў арганізацый культуры, арыентаваных на розныя катэгорыі насельніцтва;
ахову правоў аўтараў і іншых праваўладальнікаў на аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў;
забеспячэнне аховы здароўя грамадзян пры ажыццяўленні культурнай дзейнасці.
Артыкул 37. Права на дастойны ўзровень культурнага жыцця
Грамадзяне маюць права на дастойны ўзровень забяспечанасці агульнадаступнымі паслугамі ў сферы культуры, арганізацыямі культуры, якія аказваюць такія паслугі, аб’ектамі культурнай інфраструктуры, а таксама на якасны ўзровень распаўсюджваемых і папулярызуемых культурных каштоўнасцей і эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.
Артыкул 38. Права на ўдзел у культурным жыцці
1. Права на ўдзел у культурным жыцці рэалізуецца шляхам ажыццяўлення культурнай дзейнасці, доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і карыстання імі.
2. Права на ажыццяўленне культурнай дзейнасці прадугледжвае:
2.1. свабоду выбару сферы, віду, напрамку і формы мастацкай творчасці ў адпаведнасці са сваімі патрэбнасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі (магчымасцямі);
2.2. магчымасць самастойна або сумесна з іншымі суб’ектамі культурнай дзейнасці ажыццяўляць выбраную культурную дзейнасць.
3. Права доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і карыстання імі прадугледжвае:
3.1. свабоду выбару віду культурных каштоўнасцей, якія цікавяць, а таксама формы далучэння да іх;
3.2. магчымасць наведвання (карыстання паслугамі) арганізацый культуры, аб’ектаў культурнай інфраструктуры з мэтай азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення, у тым ліку ў выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам, іншымі заканадаўчымі актамі, бясплатна або на льготных умовах;
3.3. магчымасць далучэння да культурных каштоўнасцей з дапамогай інфармацыі, якая зафіксавана на матэрыяльных носьбітах або распаўсюджваецца сродкамі масавай інфармацыі;
3.4. магчымасць азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення шляхам непасрэднага ўспрымання;
3.5. магчымасць выкарыстання культурных каштоўнасцей і работы з імі ў адпаведнасці з заканадаўствам;
3.6. стварэнне ўмоў, неабходных для доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і карыстання імі, для інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб.
4. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей дзейнічае ў адносінах да:
4.1. матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія належаць дзяржаве і (або) знаходзяцца ў фондах арганізацый культуры, поўнасцю або часткова фінансуемых з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;
4.2. нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, выключныя правы на выкарыстанне якіх належаць дзяржаве, арганізацыям культуры, поўнасцю або часткова фінансуемым з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, што перайшлі ў грамадскі набытак.
5. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, можа быць абмежавана ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам зыходзячы са спецыфікі культурных каштоўнасцей і (або) пры стварэнні пагрозы іх далейшаму існаванню або захаванню.
6. Магчымасць доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, не ўказаных у пункце 4 гэтага артыкула, а таксама ўмовы і парадак такога доступу вызначаюцца ўласнікам або ўладальнікам выключных правоў на культурныя каштоўнасці, калі іншае не ўстаноўлена гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Артыкул 39. Права на эстэтычнае выхаванне
1. Эстэтычнае выхаванне накіравана на фарміраванне ў грамадзян эстэтычнага густу, развіццё пачуцця прыгожага.
2. Права на эстэтычнае выхаванне рэалізуецца без абмежаванняў узросту ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Артыкул 40. Права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці
1. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне, распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці, у тым ліку аб змесце культурнай дзейнасці, культурных каштоўнасцях і аб’ектах культурнай інфраструктуры.
2. Не можа быць распаўсюджана і (або) прадастаўлена інфармацыя аб культурным жыцці, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Артыкул 41. Права на культурную самабытнасць, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый
1. Кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.
2. Грамадзяне, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцей або выхадцамі з другога культурнага асяроддзя і пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай, устанаўліваць культурныя сувязі з прадстаўнікамі адпаведных нацыянальных супольнасцей у іншых дзяржавах, калі гэта не супярэчыць заканадаўству.
Артыкул 42. Права на свабоду аб’яднанняў у сферы культуры
1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права па сваёй ініцыятыве ствараць грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры, у тым ліку творчыя саюзы, а таксама ўступаць ва ўжо створаныя ў гэтай сферы грамадскія аб’яднанні.
2. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць уступаць у дзеючыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры, у тым ліку творчыя саюзы, калі гэта прадугледжана іх статутамі.
3. Замежныя грамадзяне могуць выступаць заснавальнікамі міжнародных грамадскіх аб’яднанняў у сферы культуры, у тым ліку творчых саюзаў, якія ствараюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 43. Асаблівасці прававога статусу творчых работнікаў
1. Творчыя работнікі могуць ажыццяўляць творчую дзейнасць:
1.1. самастойна або на падставе працоўнага дагавора (кантракта) ці грамадзянска-прававога дагавора, або на падставе ўдзелу (членства) ці прыему (запісу);
1.2. на прафесійнай аснове (як правiла, у якасцi асноўнага занятку, што прыносiць даход) або непрафесійнай (аматарскай) аснове (як правiла, у якасці дадатковага занятку, што можа прыносіць даход);
1.3. у калектыве або індывідуальна.
2. Пры неабходнасці статус творчага работніка пацвярджаецца творчым саюзам адпаведнага профілю ў адпаведнасці з яго ўстаноўчым дакументам незалежна ад таго, з’яўляецца творчы работнік членам гэтага саюза ці не.
3. Творчыя работнiкі маюць правы, якія непасрэдна звязаны з ажыццяўленнем творчай дзейнасці, у тым ліку права на псеўданім, выкарыстанне вынікаў сваёй творчай дзейнасці, абарону ад скажэння іншымі асобамі вынікаў творчай дзейнасці, атрыманне даходу ад сваёй творчай дзейнасці, ажыццяўленне творчай дзейнасці сумесна з іншымі грамадзянамі, абарону інфармацыі, страта якой наносіць або можа нанесці шкоду інтарэсам юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, звязаным з ажыццяўленнем творчай дзейнасці, і іншыя правы.
4. У мэтах стымулявання творчых работнікаў, папулярызацыі іx асабістых вынікаў творчай дзейнасці рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія і рэгіянальныя выстаўкі твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, а таксама іншыя культурныя мерапрыемствы па выяўленні і заахвочванні талентаў, прапагандзе твораў мастацкай літаратуры і мастацтва і дзейнасці творчых работнікаў.
5. У мэтах захавання i пераемнасцi культурных традыцый розных пакаленняў творчых работнiкаў, прапаганды твораў мастацкай лiтаратуры і мастацтва, развiцця талентаў i стварэння спрыяльных умоў для ix творчага росту могуць стварацца дамы творчасцi, дамы лiтаратара (кампазiтара, архiтэктара i iншых творчых работнікаў), палацы i дамы мастацтваў, а таксама творчыя лабараторыi, творчыя майстэрнi i гасцёўнi.
Артыкул 44. Асаблівасці прававога статусу работнікаў культуры
1. Правы і абавязкі работнікаў культуры вызначаюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, актамі заканадаўства, працоўным дагаворам (кантрактам) і залежаць ад напрамку культурнай дзейнасці, якую ажыццяўляе работнік культуры.
2. Работнікі культуры, акрамя дзеячаў культуры і мастацтва, падлягаюць атэстацыі не радзей чым адзін раз у пяць гадоў, калі заканадаўчымі актамі не ўстаноўлена іншае.
3. Падрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка работнiкаў культуры ажыццяўляюцца ва ўстановах адукацыi, iншых арганiзацыях у адпаведнасцi з заканадаўствам.
Парадак падрыхтоўкi, павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi работнiкаў культуры, прысваення iм квалiфiкацыйных катэгорый вызначаецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
4. У мэтах павышэння прафесійнай кампетэнтнасці работнікі культуры могуць накіроўвацца на стажыроўку за межы Рэспублікі Беларусь.
Парадак накіравання работнікаў культуры на стажыроўку за межы Рэспублікі Беларусь вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 8
КАЛЕКТЫВЫ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ
Артыкул 45. Паняцце і віды калектываў мастацкай творчасці
1. Калектывы мастацкай творчасці – аб’яднанні грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю.
2. Калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў выглядзе:
2.1. прафесійных калектываў мастацкай творчасці;
2.2. непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці;
2.3. аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці.
3. Прафесійным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове.
4. Непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які займаецца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове.
5. Аўтэнтычным фальклорным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, звязаных з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, якія атрымалі і перадаюць фальклорныя веды і навыкі ў парадку вуснай традыцыі, сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове.
Артыкул 46. Жанры і формы калектываў мастацкай творчасці
1. Па жанрах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:
1.1. тэатральныя (драматычныя, музычныя, лялечныя, прозы i паэзii, сатыры і гумару, пантамiмы, мiнiяцюр i iншыя тэатральныя жанры);
1.2. вакальна-харавыя (з акадэмiчнай, народнай, эстраднай манерай выканання i iншыя вакальна-харавыя жанры);
1.3. харэаграфiчныя (народнага, класiчнага, бальнага, эстраднага танцаў i iншыя харэаграфічныя жанры);
1.4. музычна-iнструментальныя (народных, ударных, духавых iнструментаў, духавой, старадаўняй, класічнай, камернай, эстраднай музыкi i iншыя музычна-інструментальныя жанры);
1.5. фальклорныя (розных вiдаў i жанраў фальклору, які прыстасаваны для сцэнiчных умоў і існуе ў апрацоўках);
1.6. дэкаратыўна-прыкладныя (лозапляцення, саломапляцення, керамiкi, апрацоўкi дрэва, вышыўкi, ткацтва i iншыя дэкаратыўна-прыкладныя жанры);
1.7. выяўленчыя (жывапiсу, графiкi, скульптуры і іншыя выяўленчыя жанры);
1.8. цыркавыя;
1.9. дызайнерскія;
1.10. фота-, слайд-, кiнамастацтва;
1.11. калектывы, якiя дзейнiчаюць на спалучэннi розных жанраў (вакальна-iнструментальны, песнi i танца, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва i iншыя жанры).
2. Па формах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:
2.1. хор;
2.2. аркестр;
2.3. тэатр;
2.4. ансамбль;
2.5. цырк;
2.6. студыю і іншыя віды.
Артыкул 47. Статус калектываў мастацкай творчасці
1. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў якасці юрыдычнай асобы і з’яўляцца арганізацыямі культуры або стварацца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы і не з’яўляцца арганізацыямі культуры. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці таксама могуць быць клубнымі фарміраваннямі.
2. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці юрыдычнай асобы, дзейнічаюць на падставе статута або ўстаноўчага дагавора.
3. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы, і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы або клубнага фарміравання, дзейнічаюць на падставе палажэння, зацверджанага заснавальнікам калектыву мастацкай творчасці.
4. Статус непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці пацвярджаецца пашпартам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які змяшчае асноўныя звесткі аб гэтым калектыве. Пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці складаецца заснавальнікам калектыву мастацкай творчасці па форме, якая ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Новыя звесткi i змяненнi ўносяцца ў пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці не пазней за 30 дзён з моманту iх узнiкнення шляхам запаўнення новага пашпарту непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.
5. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць быць клубнымі або іншымі фарміраваннямі.
Артыкул 48. Парадак стварэння і ліквідацыі (спынення дзейнасці) прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці
1. Парадак стварэння і ліквідацыі прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія з’яўляюцца арганізацыямі культуры, вызначаецца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь i iншымi заканадаўчымi актамi.
2. Парадак стварэння прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, вызначаецца заснавальнікам гэтага калектыву ў яго ўстаноўчым дакуменце.
3. Заснавальнікам прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны гэты калектыў.
4. Заснавальнікам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны або на базе якой дзейнічае гэты калектыў.
5. Спыненне дзейнасці прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляецца па рашэнні заснавальніка калектыву мастацкай творчасці, а таксама на падставах, прадугледжаных заканадаўствам.
Артыкул 49. Падставы дзейнасці ўдзельнікаў прафесійных калектываў мастацкай творчасці, непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці
1. Удзельнікі прафесійнага калектыву мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора.
2. Удзельнікі непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе ўдзелу (членства) або прыёму (запісу), што праводзяцца на аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзяніна, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу).
Кіраўнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта).