найважнейшы прыярытэт у беларускай дзяржаве
Можна канстатаваць, што беларуская адукацыя сёння карыстаецца ў свеце вялікім попытам, нягледзячы на тое, што наша сістэма не заўсёды прытрымліваецца некаторых еўрапейскіх стандартаў. Яна візітоўка нашай краіны. На Беларусі захаваны лепшыя традыцыі адукацыі, якая пастаянна ўдасканальваецца, каб адпавядаць тэндэнцыям развіцця краіны. Вывучаецца і ўкараняецца сусветны вопыт работы школы з абавязковым улікам нацыянальных інтарэсаў.
Напярэдадні выніковай калегіі мы сустрэліся з Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Радзьковым, які расказаў пра дасягнутае за мінулы год у сферы адукацыі, набалелае і намечанае на 2007 год.
- Аляксандр Міхайлавіч, адукацыя заўсёды была ў полі зроку грамадства. Больш за тое, стратэгічныя рашэнні па развіцці адукацыі прымаюцца на самым высокім узроўні….
- І гэта зразумела. Бо сфера адукацыі – найважнейшы прыярытэт у беларускай дзяржаве. Адукацыя кранае амаль кожнага чалавека нашай краіны. Яна найбольш масавая сфера чалавечай дзейнасці. Навучаць і вучыцца – гэта два складнікі аднаго, я сказаў бы жыццёвага працэсу. І гэта тычыцца ўсіх узроўняў адукацыі.
- Якой, на вашу думку, павінна быць школьная адукацыя?
- Сістэма школьнай адукацыі павінна быць правільнай і эфектыўнай з пункту гледжання здароўя дзяцей. Такая стратэгічная ўстаноўка дадзена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым Міністэрству адукацыі даручана яшчэ раз перагледзець вучэбна-выхаваўчы працэс паводле яго рацыянальнай арганізацыі на працягу дня і збалансаванасці размеркавання нагрузкі на вучняў на працягу тыдня. Субота павінна насычацца не ўрокамі, а спартыўнымі, працоўнымі і культурнымі мерапрыемствамі.
……
- За ўсім гэтым, канечне, стаіць настаўнік. Не так даўно ў адной з самых масавых газет Беларусі на першай паласе ўбачыў крыклівы загаловак “Это нам не задавали”. У матэрыяле распавядалася пра тое, як на ўроку вучні пабілі настаўніцу. Жахлівы факт. Газета асмелілася расказаць чытачам пра гэтую непрыстойную сітуацыю. І словы з дзіцячай песні гучалі здзекліва, утрымлівалі ў сабе ёрніцкі намёк. Уявіў сабе настаўніцу, пра якую ішла гаворка ў матэрыяле, - і на душы стала прыкра. І за школу, дзе гэта адбылося, і за газету. Бо кпліва адбіваўся ў вушах працяг вясёлай песенькі: “Трали-вали, трали-вали…”
- Дзякуй, што звярнулі на гэта ўвагу. І я быў уражаны спосабам падачы такой інфармацыі. З далёкіх часоў на Беларусі настаўніка паважалі да святасці. З ім звязвалася самае перадавое, самае прагрэсіўнае – цяга да навукі. Яго ўшаноўвалі, аберагалі. Было правіла: пра настаўніка не гаварыць дрэнна, але гэта не значыць, што тады сярод настаўнікаў былі крыштальна чыстыя людзі. Твой сын або дачка, прыйшоўшы ў першы клас, маглі б шукаць у ім дрэннае, пачутае з вуснаў дарослых, што пагражала б расчараваннем. На шчасце, прыгаданы газетай выпадак адзінкавы, і рабіць з яго нейкую сенсацыю наўрад ці варта. Нездарма ў народзе кажуць: не плюй у калодзеж…
Нам вельмі важна вярнуць былы сацыяльны статус настаўніка ў грамадстве. І тут мала толькі матэрыяльнай падтрымкі. Сучасны настаўнік, выкладчык павінен працаваць над сабой, бо кардынальна памяняўся час. Мы ўпершыню за гісторыю чалавецтва паўсталі перад такой праблемай, калі падрастаючае пакаленне становіцца больш мабільным у спасціжэнні і навуковай, і сацыяльнай інфармацыі, калі сын вучыць бацьку карыстацца мабільнікам, а студэнт можа спакойна скарыстаць інфармацыю з Інтэрнета, бо ведае, што прафесар не зусім умее карыстацца камп’ютэрам. Мы жывём у вельмі дынамічны час. І, канечне, настаўнік павінен быць на вышыні, быць крыху наперадзе часу. А гэта задача нялёгкая.
У нас ёсць добрая традыцыя папулярызацыі педагагічнай працы – конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які служыць росту настаўніцкага майстэрства. У заключным этапе, які адбыўся ў красавіку 2006 года ў Мінску, прыняў удзел 21 педагог з усіх рэгіёнаў краіны. Пераможцам конкурсу стала настаўніца біялогіі гімназіі № 4 Смаргоні Гродзенскай вобласці Ірына Рамуальдаўна Клявец. Хачу пажадаць ёй і далейшых творчых поспехаў.
……
- Пра жыццё краіны можна меркаваць па тым, наколькі актыўна ў ёй ідзе будаўніцтва. Не раз чуеш ад гасцей, што нашы гарады ўсе ў будаўнічых “лясах”. Значыць, мы жывём, мажнеем. Што было пабудавана за мінулы год?
-Мы актыўна нарошчваем будаўнічы патэнцыял. У 2006 годзе ў эксплуатацыю ўведзена 26 аб’ектаў, з іх 14 агульнаадукацыйных школ, басейн, 4 дзіцячыя садкі, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр, спарт-комплекс БДЭУ, інтэрнат БарДУ, канструктарска-тэхналагічнае бюро БНТУ. Звыш плана 2006 года быў рэканструяваны спальны корпус № 1 Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага лагера “Зубраня”.
У 2006 годзе на аб’ектах адукацыі выканана рамонтных работ на 326,4 млрд рублёў. Адрамантавана 702,7 тысяч кв. м. дахаў (220, 9 працэнта ад плана), 30,5 км інжынерных камунікацый (101,6 працэнта ад плана). Выкананы рамонтныя работы ў 3483 агульнаадукацыйных школах, 1838 дзіцячых дашкольных установах, 226 прафтэхвучылішчах.
У аграгарадках, якія ствараліся ў 2006 годзе, размешчаны 422 аб’екты адукацыі. Па краіне на 30 снежня 2006 года былі падпісаны і зацверджаны рашэннямі райвыканкамаў акты гатоўнасці 410 аб’ектаў адукацыі (97,2 працэнта ад агульнай колькасці аб’ектаў, размешчаных у аграгарадках). Астатнія будуць уведзены ў эксплуатацыю на пачатку бягучага года.
Штогод прадугледжваецца рост выдаткаў на адукацыю ў кансалідаваным бюджэце. У 2006 годзе бюджэт галіны склаў 4 729,4 млрд рублёў. Гэта дазволіла забяспечыць стабільнае функцыяніраванне і паслядоўнае развіццё ўсіх узроўняў адукацыі.
- Сёння спорт у жыцці чалавека займае значнае месца. І гэта правільна. У здаровым целе – здаровы дух…
-Фізкультутрна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце з навучэнскай моладдзю мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, актыўна прапагандуем здаровы лад жыцця. З гэтай мэтай праведзены фіналы зімовай і летняй рэспубліканскіх алімпіяд сярод дапрызыўнай моладзі па праграме фізкультурна-спартыўнага комплексу “Абаронца Айчыны”. У маі 2006 года на ВСБ “Вілія” адбыліся самыя масавыя спаборніцтвы агляду ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў у рамках маладзёжнага фізкультурна-спартыўнага руху “Алімпійскія надзеі Беларусі”, у якіх прынялі ўдзел звыш за адзін мільён навучэнцаў; праведзены фінальныя спаборніцтвы па праграме рэспубліканскай спартакіяды сярод школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдніх спецыяльных устаноў.
На фарміраванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку шкодных звычак сярод навучэнскай моладзі, умацаванне і захаванне здароўя падрастаючага пакалення накіраваны дзяржаўныя праграмы “Здароўе народа”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”, “Фарміраванне здаровага ладу жыцця”.
Паводле даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вялася мэтанакіраваная работа па стварэнні клубаў (каманд) па гульнёвых відах спорту пры навучальных установах. Пры ВНУ створаны 40 клубных каманд, у тым ліку па баскетболе – 11, валейболе – 7, гандболе – 13, хакеі на траве – 5, міні-футболе – 3, футболе жаночым – 1, з іх клубныя каманды – з правам юрыдычнай асобы (спартыўны гандбольны клуб “Гараднічанка” пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, баскетбольны клуб “Мінск-2006” і валейбольны клуб “Мінск” пры Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама).
Выконваючы даручэнне Кіраўніка дзяржавы, Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму ўзнавіла правядзенне спартакіяд школьнікаў. У фінальных спаборніцтвах, якія адбыліся па 19 відах спорту, прынялі ўдзел больш за тры тысячы школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
Абвешчана рэспубліканская акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Мэта акцыі – удасканаленне дзейнасці ўстаноў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і навучэнскай моладзі праз актыўнае ўключэнне іх ва усебаковае вывучэнні гісторыі, культуры і прыроды сваёй малой радзімы, роднага краю.
Дарэчы будзе сказаць, што на 23-й зімняй Універсіядзе ў Турыне, якая адбываецца гэтымі днямі, мы ўжо заваявалі 4 залатыя, 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі.
- Аляксандр Міхайлавіч, у школах, вучылішчах, каледжах, універсітэтах паступова стала наладжвацца работа па ідэалагічным выхаванні навучэнскай моладзі…
-Так. Узмоцнены ідэалагічны змест вучэбна-выхаваўчага працэсу, забяспечаны актыўны ўдзел навучэнскай моладзі ў палітычных, сацыяльна значных падзеях у жыцці краіны. Распрацаваны і зацверджаны Праграма і Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.
У школах уведзена практыка двух раскладаў: вучэбных заняткаў і правядзення вольнага часу. Пашырана сумесная дзейнасць школ з установамі сацыяльна-культурнай сферы ў шосты школьны дзень і такімі грамадскімі аб’яднаннямі, як Беларуская піянерская арганізацыя БРСМ.
У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны падрыхтаваны арыгінал-макет ілюстраванага вучэбнага дапаможніка “Беларусь – краіна твайго будучага”, адрасаванага выпускнікам школ, тэхнікумаў, каледжаў, прафтэхвучылішчаў, ВНУ. У ім у даступнай публіцыстычнай форме прадстаўлена Рэспубліка Беларусь. Дапаможнік вытрыманы ў духу патрыятычнага і грамадзянскага выхавання моладзі, што дапаможа выхавальніку, выкладчыку сфарміраваць у навучэнцаў і студэнтаў светапоглядныя асновы і пазітыўныя асобасныя ўстаноўкі. Гэтае выданне накіравана на ўмацаванне ў старшакласнікаў і студэнтаў любові да Радзімы, гордасці за яе мінулае і сучаснае. У ім падаецца сістэмная інфармацыя пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь, магчымасці атрымання прафесіі ўступаючаму ў самастойнае жыццё маладому чалавеку, наглядна дэманструецца шматстайнасць шляхоў прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі.
- Сёння самае каштоўнае багацце – гэта маладыя таленты. Што робіцца для нарошчвання інтэлектуальнага патэнцыялу краіны?
-Для захоўвання і прымнажэння інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу краіны распрацаваны і зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Рэспубліканская праграма “Моладзь Беларусі” на 2006-2010 гады і Дзяржаўная праграма “Маладыя таленты Беларусі” на 2006-2010 гады.
Праведзена значная работа па фарміраванні перспектыўнага кадравага рэзерву. На базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы прайшла стажыроўка асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве на пасаду рэктара вышэйшай навучальнай установы.
- Дасягненні ў сістэме адукацыі, відаць, не выключаюць, а часам дапамагаюць знайсці праблемныя, нават болевыя кропкі ў адукацыйнай асяроддзі.
-Маеце рацыю, гэта так. Сёння заканамерным з’яўляецца пытанне пра тое, наколькі школьныя праграмы з’яўляюцца аптымальнымі, у тым ліку і ў плане нагрузкі на дзіця. Аб гэтай праблеме гавораць не адзін год, і яна ўсё больш і больш набывае сацыяльны характар. Маю на ўвазе тую акалічнасць, што трохузроўневая сістэма навучання прадаставіла школе магчымасць даць вучню адукацыю на базавым, паглыбленым і павышаным узроўнях. Важна правільна вызначыць здольнасці вучня да вывучэння таго ці іншага прадмета як настаўнікам, так і бацькам. Часта здараецца, што бацькі ў пагоні за прэстыжнасцю навучальнай установы ці ўзроўню адукацыі пераацэньваюць магчымасці дзіцяці. У выніку – апатыя да вучобы, расчараванне ў сваіх сілах, душэўная дысгармонія. Як вырашыць такую далікатную праблему?
Нам неабходна прааналізаваць эфектыўнасць усёй ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі “Ці не занадта вышэйшыя навучальныя ўстановы захапіліся фармальным бокам справы на шкоду індывідуальнаму падыходу да кожнага студэнта?”, – такое пытанне паставіў перад ВНУ краіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. На яго мы павінны ў бліжэйшы час знайсці адказ. Толькі пры прадуманай, метадычна выверанай і шчырай рабоце са студэнцкай моладдзю можна дабіцца жадаемага поспеху.
Распрацоўваюцца і ў бліжэйшы час будуць укаранёны новыя пакаленні адукацыйных стандартаў. Мы актыўна працуем над стварэннем умоў для аховы жыцця і ўмацавання здароўя дзяцей, развіццём новых форм дашкольнай адукацыі на вёсцы, павышэннем сацыяльнага статуса работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі.
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ствараюцца ўмовы для ўвядзення профільнага навучання на трэцяй ступені 12-гадовай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. Пашыраецца выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій, будуць укаранёны інфармацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, павышана якасць адукацыі ў сельскай школе ў адпаведнасці з праграмай развіцця аграгарадкоў, адбудзецца пераход да выдання навукова-метадычных комплексаў як на папяровых, так і на электронных носьбітах.
Прадугледжваецца стварэнне эфектыўных механізмаў узаемадзеяння сістэмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі з галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы па пытаннях прагназіравання, вызначэння кваліфікацыйных патрабаванняў, аптымізацыі структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі, ацэнкі якасці і працаўладкавання рабочых і спецыялістаў, забеспячэння навукова-інавацыйнага развіцця.
Далейшае развіццё атрымае двухступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі, будуць замацаваны сувязі вышэйшай адукацыі з вытворчасцю і прыкладной навукай.
Перад намі стаіць задача – максімальна наблізіць да вытворчасці навуковыя даследаванні, накіраваць іх на канчатковы вынік.
У нашай адукацыі заключаны багаты патэнцыял, які ўжо працуе на сучаснасць і вызначае будучыню. І гэта ідзе не ад якой-небудзь завоблачнай тэорыі. Паказальны факт: вучань 5 класа мнагапрофільнай гімназіі № 56 Гомеля Генадзь Караткевіч заваяваў у мінулым годзе на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Мексіцы сярэбраны медаль і стаў кумірам усіх удзельнікаў гэтага прэстыжнага інтэлектуальнага конкурсу.
Гутарку вёў Віктар Іўчанкаў.
Настаўніцкая газета. 2007. 25 студзеня
Тэкст 3.
Туга зялёная ці аранжавы настрой?
Кепскі настрой і паніжэнне жыццёвага тонусу адчуваюць раз-пораз усе людзі. Вось толькі адносіны да гэтага стану розныя. На жаль, нямногія вераць у тое, што сваім настроем сапраўды можна кіраваць. Калі мы бачым, як інвалід вядзе машыну ці маці пяцярых дзяцей паспяхова робіць кар’еру, то захапляемся сілай духу такіх людзей. Але не заўсёды пытаемся ў сябе: “Ці здолеў бы і я гэтаксама?” Нам падаецца, што гэта цуд альбо проста камусьці пашчасціла.
Насамрэч нічога складанага тут няма. Трэба толькі выпрацаваць навыкі самакіравання падобна да навыкаў пісьма, чытання ці лічэння.
Н. Самавукіна ў сваёй кнізе “Псіхалогія аптымізму” дае наступныя рэкамендацыі тым, хто імкнецца саўладаць з прылівамі маркоты, суму, упадку сіл ці раздражнёнасці:
- “Звальваць” свой дрэнны настрой на іншых не трэба. Калі мы прызвачаімся паляпшаць яго праз канфлікт з іншым чалавекам (“пасварыўся – лягчэй стала”), навыкі самакіравання не выпрацуюцца. Другі чалавек выступае для нас у якасці своеасаблівасці “мыліцы” — мы развучваемся хадзіць самастойна і ўвесь час хапаемся за гэтыя “падпоркі”. Не гаворачы ўжо пра тое, што ён, прымаючы нашу “злую” энергію, слабее і нават можа захварэць...
- Не трэба “завісаць” на дрэнных думках і настроях, паддавацца “кальцавой логіцы” цяжкіх роздумаў. Паспрабуйце пашырыць сваю свядомасць, сваё бачанне свету. Часта можна пачуць: “Мяне ніхто не разумее, я больш не магу так жыць!” Людзі “накручваюць” сябе і перастаюць заўважаць тое добрае, што ёсць ў жыцці. Азірніцеся – якое сонечнае, веснавое надвор’е стаіць за вакном, а побач з вамі сям’я і сябры, што заўсёды падтрымаюць, калі іх папрасіць... Прыглядзіцеся і вы абавязкова заўважыце вакол сябе тое, што зможа палепшыць настрой! Зрабіць яго, як лічаць псіхолагі, “аранжавым”.
- “Зацыклівацца” – думаць увесь час пра адно і тое ж, пра штосьці гаротнае і цяжкае – безвыходная і непрадуктыўная стратэгія. У такім выпадку ўсё жыццё звужаецца і канцэнтруецца на адным: “Яна мяне пакінула...”. І тады няма жыцця, а ёсць толькі адчай.
- Часцей прыгадвайце прымаўку “Пераначуем, болей пачуем” ці славутыя словы галоўнай гераіні рамана “Знесеныя ветрам”: “Пра гэта я падумаю заўтра”. А заўтра ўсё будзе ўжо па-іншаму і “пра гэта”, можа быць, і думаць не прыйдзецца...
- І, канешне, шукаць і шукаць – сябе самога і тое добрае і светлае, што ёсць у жыцці кожнага з нас. Імкнуцца бачыць не парожнюю частку шклянкі, а яе другую палову, запоўненую вадой.
У кожнага чалавека ёсць свае спосабы змагання з прыгнечанасцю і дрэнным настроем. Напэўна, яны знойдуцца і ў вас. Пашукайце іх у сваім асабістым вопыце і трымайце заўсёды пры сабе. Можаце падзяліцца з іншымі, як “узяць сябе ў рукі”.
Што ж перашкаджае нам быць шчаслівымі і заўважыць ўсё тое, што магло б размаляваць нашае жыццё яркімі фарбамі?
Іншым разам, калі чалавек доўгі час жыве ў прыгнечаным стане, узнікае ўнутраная звычка мець зніжаны тонус, мала радавацца жыццю ці не радавацца ўвогуле. Падтрымліваючы звыклы ўнутраны стан “сярэдняга дэпрэсіўнага цяжару”, чалавек можа неўсвядомлена пазбягаць радасцяў і задавальненняў.
Другая прычына ў тым, што калі ў жыцці наступае станоўчы перыяд, чалавек можа адчуваць страх перад будучыняй: “Калі ўсё добра, робіцца вусцішна, бо наперадзе чакае «чорная паласа»”. Такі страх – гэта звычка быць заклапочаным, прыгнечаным, не зусім шчаслівым.
Каб адолець пэўны стан, варта задумацца, у чым яго прычына. Упадак сіл – не заўсёды ўсвядомленая чалавекам патрэба у адпачынку. Калі зніжаны настрой цягнецца доўгі час, гэта можа сведчыць пра знаходжанне на мяжы нервовага зрыву ад ператамлення. У такім выпадку трэба хоць на некалькі дзён зрабіць перадышку.
Магчыма, чалавек адчувае хандру і пастаянную стомленасць ад таго, што жыве не так, як павінен ці як хацеў бы. Палепшыць настрой і адчуць жыццёвую энергію ў гэтай сітуацыі дапаможа карэннае змяненне свайго жыцця.
Прыгнечаны настрой і дэпрэсія могуць з’явіцца, калі чалавек мае ярка выяўленыя здольнасці ў нейкай вобласці і не рэалізоўвае іх. Самавыяўленне – важная ўмова для псіхічнага здароўя неардынарнага і адоранага чалавека.
Стан “апусціў рукі” вельмі часта бывае першай рэакцыяй на сутыкненне з сур’ёзнай праблемай. Але калі чалавек пачынае змагацца за сябе, за сваю любімаю справу, то былая актыўнасць праз некаторы час абавязкова да яго вяртаецца.
Жыццёвы тонус вяртае добры адпачынак. Вось некаторыя простыя, але дзейсныя рэкамендацыі, прапанаваныя Н. Самавукінай:
- На першым месцы па эфектыўнасці адпачынку стаіць фізічная нагрузка: заняткі спортам, прагулкі, выезды на прыроду, праца на дачы. Пры гэтым важна трошкі стаміцца, тады праходзіць дэпрэсія і раздражнёнасць прыкметна зніжаецца ці знікае зусім.
- Даволі часта людзі адзначаюць, што хутка супакоіцца і прывесці свае нервы “ў парадак” дапамагае вада і ўсё, што з ёю звязана: плаванне, ванна, душ, лазня, сауна.
- Добра, калі чалавек мае пэўнае захапленне ці хобі – яны дапамагаюць яму разняволіцца і атрымаць задавальненне. Станоўчыя эмоцыі і радасць эфектыўна кампенсуюць тое напружанне, якое даводзіцца перажываць на працы ці ў жыцці.
- У некаторых сілы хутка аднаўляюцца ў сям’і. Адчуванне сямейнага дабрабыту і надзейных адносінаў з блізкімі ахоўвае і падтрымлівае. Пачуццё, што ты не адзін ці не адна і што побач з табой людзі, якія зразумеюць і прымуць цябе, – напэўна, самае важнае для кожнага.
- Асабліва дабратворна ўздзейнічаюць стасункі з маленькімі дзецьмі. Паспрабуйце гадзіну-дзве пагуляць з малышом – стрэс як рукой здыме!
- Лёгка “скінуць” раздражнёнасць дапамагае звычайная гутарка са спакойнымі і аптымістычнымі людзьмі. Гэта можа быць выпадковы спадарожнік, прадавец на рынку ці прахожы.
- Многія любяць гуляць са свойскімі жывёламі. Заўважым, што нават пры непрацяглай размове пра любімых кошак і сабак людзі суцішваюцца і настройваюцца пазітыўна.
Якія з вышэйпералічаных заняткаў супакойваюць менавіта Вас? Што яшчэ дапамагае Вам хутка пазбавіцца раздражнёнасці і аднавіць унутраны баланс? Пашырайце ўласныя рэцэпты шчасця!
Аксана Шапашнікава
Універсітэт. 2007. 4 красавіка
Тэкст 4.
Беларускі інфафорум будзе садзейнічаць пашырэнню супрацоўніцтва СМІ Беларусі з замежнымі партнёрамі.
Рашэнні ІІ Беларускага інфармацыйнага форуму “Сацыяльная адказнасць сродкаў масавай інфармацыі”, які пачаў сваю работу ў Мінску, знойдуць шырокае практычнае прымяненне ў справе пашырэння міжнароднага інфармацыйнага супрацоўніцтва і будуць садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўсіх СМІ Беларусі з замежнымі партнёрамі. Перакананасць у гэтым выказаў на адкрыцці інфармацыйнага форуму міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч.
Ён адзначыў, што ў журналістыцы адказнасць разумеецца як грамадская карысць, а не прадмет спажывання. А гэта значыць, што журналіст падзяляе адказнасць за перададзеную інфармацыю, і гэта ступень адказнасці вельмі высокая, таму што ад яго майстэрства, прыстойнасці, аб’ектыўнасці часта залежыць лёс людзей. На думку міністра інфармацыі, сапраўдны журналіст актыўна ўдзельнічае ў сацыяльных пераўтварэннях, удасканаленні грамадства, уносіць уклад у станаўленне клімату даверу ў міжнародных адносінах.
На думку дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы П. Барадзіна, СМІ павінны садзейнічаць згуртаванню беларускага і расійскага народаў. Вырашэнню гэтай важнай задачы будзе садзейнічаць і спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі”, якая традыцыйна прадстаўляе нараўне з беларускімі выданнямі расійскія і саюзныя сродкі масавай інфармацыі. Немалую ролю ў гэтым адыграе і гэты медыяфорум, адным з арганізатараў якога з’яўляецца Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
Удзельнікамі гэтага форуму сталі звыш 400 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і экспертаў, палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і Балтыі, Кітая. У ліку ўдзельнікаў таксама прадстаўнікі Міжнароднага антытэрарыстычнага медыяфоруму, Выканаўчага камітэта СНД, сродкаў масавай інфармацыі беларускай дыяспары з Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Літвы, Малдовы. Запрошаны таксама кіраўнікі вядучых рэспубліканскіх друкаваных, электронных СМІ, абласных, гарадскіх і раённых газет, арганізацыі рэгіянальнага тэлерадыёвяшчання.
Кар. БЕЛТА
Звязда. 2007. 4 мая
Тэкст 5.
Маланка не пашкодзіць
Напярэдадні летніх навальніц канструктары мінскага завода “Транзістар” распрацавалі электронны фільтр імпульсаў залішняга напружання.
Створаны імі прыбор абароніць тэлефонныя лініі ад навальнічных разрадаў і індустрыяльных перашкод.
Кацярына Цыркун
Звязда. 2007. 4 мая
Тэкст 6.
Прынцып даражэй!
“Больш як 40 гадоў –піша сп. К. з Ельскага раёна, - я выпісваю “Звязду”. Заўсёды прапагандаваў яе, раіў іншым вяскоўцам. І што ўзамен? З першых дзён, як яна з’явілася, дасылаю картку на розыгрыш прызоў і ні разу нічога не выйграў. Крыўдна …Калі ўдача не ўсміхнецца мне і на гэты раз, з газетай развітаюся назаўсёды…”
А калі (свят-свят-свят!) возьме і ўсміхнецца? Цікава, што будзе думаць чытач? Відаць, узрадуецца, што напалохаў?.
Хоць у адносінах да розыгрышу, як вы разумееце, ні нейкія найсур’ёзнейшыя льготы, ні найпаважанейшы ўзрост і “стаж” падпіскі, ні, тым больш, пагрозы значэння не маюць. Усе дасланыя карткі складваюцца ў вялікую скрыню. І з яе чыясьці лёгкая рука (як правіла, некага з чытачоў-падпісчыкаў, з паштавікоў, работнікаў “Саюздруку”) калегіяльна, прылюдна выцягвае, так бы мовіць, шчаслівыя.
“Падтасоўкай” рэдакцыя не займалася, не займаецца і займацца, дасць Бог, ніколі не будзе…
Хоць губляць шматгадовых адданых падпісчыкаў (як сп. К.) нам, зразумела ж, шкада.
Будзем спадзявацца, што і ім у апошні момант стане шкада расставацца з намі. Дакладней – з газетай, з якой пражыта жыццё.
Чытала ліст Валянціна Доўнар.
Звязда. 2007. 4 мая
Тэкст 7.
Хрысціянства ў эфіры
Духоўная праграма “Існасць”, якая выходзіць на Першым канале, адзначае 15-гадовы юбілей. У суботу, 5 мая, у эфіры выйдзе спецыяльны выпуск, што збярэ ўсіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння праграмы.
Зараз “Існасць” – 26-хвілінная хрысціянская праграма, якая выходзіць днём па суботах. Яна прысвечана хрысціянскай рэлігіі, культуры, маралі і каштоўнасцям.
Стваральнікі “Існасці” цвёрда перакананыя: гутаркі, напоўненыя маральным зместам, спрыяюць пераадоленню духоўнай бездані. Праграму блаславіў сам Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі. Як адзначае аўтар і кіраўнік праекта Галіна Дзядзічкіна, аўдыторыя расце з кожным годам.
У святочным выпуску калектыў праграмы раскажа, як усё пачыналася, і як з цягам часу мянялася “Існасць”. Будуць прыведзены фрагменты праграм розных гадоў, а таксама найбольш распаўсюджаныя меркаванні і водгукі гледачоў.
Дарэчы 2002 год. Аўтарскі калектыў праграмы стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”.
2005 год. Праграма, прысвечаная жыццю кардынала Казіміра Свёнтака, адзначана ганаровым дыпломам Міжнароднага каталіцкага фестывалю фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”. Праз год праграма прызнана лепшай на фестывалі, а таксама адзначана дыпломам “За своеасаблівае адлюстраванне хрысціянскай сімволікі ў фармаце тэлепраграмы”.
2006 год. На міжнародным фестывалі праваслаўнага кіно ў Кіеве “Існасць” займае 3-е месца.
Вікторыя Целяшук
Звязда. 2007. 4 мая