АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ І ТЭРМІНЫ

 

Аманімія– гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, слова-злучэнняў і інш.), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем.

Анамастыка – раздзел мовазнаўства, які вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання.

Антонімы – пары слоў з процілеглым значэннем.

Арфаграфічныя нормы– выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, што адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

Арфаэпічныя нормы – захаванне патрабаванняў літаратурнага вымаўлення носьбітамі беларускай літаратурнай мовы.

Беларусізацыя – афіцыйная палітыка Кампартыі і ўрада БССР у 1920 – пачатку 1930-х гадоў, накіраваная на заканадаўчае замацаванне за беларускай мовай функцый дзяржаўнай мовы.

БНТ – серыя тэрміналагічных, пераважна двухмоўных (руска-беларускіх) і аднамоўных (беларускіх) слоўнікаў, якія былі падрыхтаваны спецыялістамі па розных галінах ведаў на працягу 1922 – 1930 гг.

Вусная мова – гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой.

Двухмоўе (білінгвізм) – папераменнае карыстанне дзвюма мовамі.

Дзяржаўная мова – афіцыйная мова, на якой працуюць дзяржаўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя органы, грамадскія арганізацыі, установы навукі, культуры, службы быту, гандлю і інш., на якой вядзецца навучанне і выхаванне ў сістэме адукацыі.

Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» – прыняты на ХIV сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 г. прававы дакумент аб статусе беларускай мовы як дзяржаўнай мовы.

Інтанацыя – сукупнасць фанетычных сродкаў, якія служаць для афармлення фразы і асобных яе частак як адзінага цэлага, а таксама для больш дакладнай перадачы думак і пачуццяў гаворачай асобы.

Калька – памарфемны пераклад іншамоўнага слова, калі кожная яго значымая частка замяняецца марфемай мовы-рэцыпіента з тым значэннем, якое мае адпаведная марфема мовы-крыніцы.

Красамоўства, або аратарскае мастацтва, – па-мастацку апраца-ванае вуснае маўленне, мэта якога – пераканаць слухачоў, узрушыць іх і схіліць да пэўных дзеянняў.

Культура маўлення – сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення.

Лексіка – сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад.

Лексічныя нормы – правільны выбар слова і яго ўжыванне ў агульна-вядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях.

Літаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная і нармалі-заваная форма агульнанароднай мовы, прызначаная для абслу-гоўвання разнастайных сфер грамадскай дзейнасці чалавека.

Марфалагічныя нормы – гістарычна прынятыя ў моўным супольніцтве варыянты граматычных норм слова і мадэлі ўтварэння новых слоў.

Моўная стылізацыя – мэтанакіраванае ўзнаўленне ў мастацкіх творах моўных асаблівасцей стылю пэўнай эпохі, літаратурнага напрамку, сацыяльнага асяроддзя, індывідуальнай манеры пісь-менніка.

Неалагізмы – словы або словазлучэнні, якія з’яўляюцца ў мове для намінацыі новых прадметаў, з’яў ці для замены старых назваў прадметаў і з’яў.

Нормы літаратурнай мовы – замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў.

Перыфраза – сэнсава непадзельны выраз, які апісальна абазначае прадмет або дзеянне з адначасовым указаннем на яго адметнасць.

Пісьмовая мова – графічная форма мовы, якая дазваляе кантак-таваць апасродкавана – з дапамогаю тэкстаў, сукупнасць якіх стварае нацыянальнае пісьменства.

Полісемія – уласцівасць слова мець некалькі значэнняў.

Пунктуацыйныя нормы – пастаноўка знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі, якія прызначаны для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін у грамадстве і кадыфікаваны ў адпаведных актах.

Сінанімія – поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак.

Слова – асноўная намінатыўная адзінка, якая служыць у мове для ўтварэння сказаў з мэтай перадачы інфармацыі.

Словазлучэнне – свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і больш паўназначных слоў.

Стылістыка – раздзел мовазнаўства, які даследуе ўжыванне слоў, словазлучэнняў, сказаў паводле іх адпаведнасці зместу, мэце выказвання, а таксама сітуацыі (у вусным маўленні).

Стылістычныя нормы – правілы ўжывання стылістычна афар-баваных лексічных адзінак, граматычных форм і сінтаксічных кан-струкцый у адпаведнасці са зместам, мэтай выказвання і ўмовамі кантактавання.

Тэрміналогія – сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, вытворчасці, мастацтва; раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем тэрмінаў.

Фразеалагічныя нормы – традыцыйнае, аднатыпнае і раўнацэннае ўжыванне фразеалагізмаў, прынятае ў дадзены перыяд моўным калектывам і ўсвядомленае ім як правільнае і ўзорнае.

 

ДАДАТАК