Тэма 1. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы 3 страница

У 1954 г. лютаўска-сакавіцкі Пленум ЦК КПСС указаў на даступную і хуткую крыніцу павелічэння вытворчасці зерня: асваенне цалінных і абложных зямель. Планавалася асвоіць 13 млн. га, затым яшчэ больш - 28-30 млн. га. Узарана ў 1956 г. 33 млн., у 1957 г. – 36 млн. га. 35 тыс. маладых людзей з Беларусі выехалі на асваенне казахстанскіх стэпаў. Але бачных зрухаў у лепшы бок у сельскай гаспадарцы СССР да сярэдзіны 60-х гг. не адбылося. Пасля 1959 г. тэмпы яе развіцця, што назіраліся ў 1954-1958 гг., панізіліся. Асабліва няўдала складвалася становішча ў жывёлагадоўлі. Мала дапамагло тут і шэфства камсамола. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы, свіней, авец і птушкі з 1959 па 1964 г. рэзка скарацілася, знізіліся і надоі малака. Тэмпы росту сельскагаспадарчай прадукцыі значна адставалі ад прамысловасці, сельская гаспадарка не задавальняла патрэбы працоўных у сельскагаспадарчых прадуктах, прамысловасць – у сыравіне.

На сакавіцкім Пленуме ЦК КПСС (1965 г.) названы прычыны адставання сельскай гаспадаркі. Яны заключаліся ў недастатковым ўліку, а часта і парушэннях эканамічных законаў, а таксама прынцыпу суадносін грамадскіх і асабістых інтарэсаў калгаснікаў.

Пасля чаго калгасам і саўгасам спісалі даўгі, выдаткавалі сродкі: за 1966-1970 гг. у сельскую гаспадарку Беларусі было ўкладзен 1,4 млрд. рублёў, асушана больш за 900 тыс. гектараў забалочаных зямель. Калгасы і саўгасы аснашчаліся новай тэхнікай. Расла іх фондаўзброенасць і энергаўзброенасць. У сярэдзіне 70-х гадоў на кожную гаспадарку прыпадала ў сярэднім 37 трактароў, 10 збожжаўборачных камбайнаў. Ручная праца замянялася машынамі і механізмамі (даенне кароў, вываз навозу і г.д.). Выкарыстоўвалася ўжо і сельскагаспадарчая авіяцыя. У шырокіх памерах развівалася хімізацыя і меліярацыя.

Перавод сельскай гаспадаркі на індустрыяльную аснову патрабаваў падрыхтаваных кадраў. Спецыялістаў. рыхтавалі ВНУ і сярэднія навучальныя ўстановы. Па колькасці падрыхтаваных спецыялістаў СССР і БССР апярэджвалі ўсе краіны. У сярэдзіне 70-х гг. на кожны калгас і саўгас прыпадала 20 спецыялістаў. З дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваліся сродкі на папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўку кадраў, развіццё сацыяльнай сферы вёскі.

Аднак усё тыя ж прычыны (высокія затраты на адзінку прадукцыі, безгаспадарчасць) перашкаджалі атрымаць адэкватныя канчатковыя вынікі ў гэтай галіне гаспадаркі. Тэмпы прыросту сельскагаспадарчых прадуктаў былі невялікімі, насельніцтва расло колькасна хутчэй, чым прадукцыя сельскай гаспадаркі. У 1959-1965 гг. прадукцыя сельскай гаспадаркі павінна была вырасці на 70 %. Рост за 6 год склаў толькі 10 %. Валавая прадукцыя за 5 год (1961-1965 гг.) узрасла толькі на 1,9 %. Удоі малака знізіліся (1959-1964 гг.) на 370 кг.

Не раз яшчэ да 1985 г. прымаліся “рашучыя” меры па ўздыму сельскай гаспадаркі, але і яны належнай аддачы не далі. Праўда, у БССР вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў была наладжана лепей, чым у СССР увогуле. У 1988-89 гг. збор збожжа ў рэспубліцы на душу насельніцтва раўняўся 832 кг (для параўнання ў ЗША – 842), вытворчасць мяса – 117 (ЗША – 122), малака – 726 (ЗША – 268), бульбы – 1085 (ЗША – 65).

Ітак, нягледзячы на моцны камандны ўціск партыйных камітэтаў, на цэлы шэраг захадаў дзяржавы, у тым ліку правядзенне змен у кіраванні, удасканальванне планавання навукова-даследчых работ, нацэліць прамысловыя прадпрыемствы на рэзкае павышэнне эфектыўнасці і якасці вырабляемай прадукцыі, на паскарэнне НТП, развіццё сапраўднай зацікаўленасці рабочага і калгасніка ў выніках працы, ініцыятывы і прадпрымальнасці не ўдалося.

Такім чынам, пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ў свеце наглядаецца новая расстаноўка палітычных сіл. Побач з дзяржавамі капіталістычнага накірунку развіцця склалася вялікая група краін, арыентырам якіх стала будаўніцтва сацыялізму.

Пачаўшы мірнае будаўніцтва, беларускі народ за першую пасляваенную пяцігодку аднавіў прамысловасць, сельскую гаспадарку, прадпрыемствы і ўстановы сацыяльна-культурнай сферы, гарады і вёскі. Большасць людзей працавала з вялікім напружаннем сіл, без разліку на ўзнагароды, матэрыяльнае і маральнае заахвочванне.

У 60-я гады Беларуская ССР з аграрна-індустрыяльнай канчаткова ператварылася ў індустрыяльную рэспубліку з магутным вытворча-эканамічным і навукова-тэхнічным патэнцыялам. Для фарміравання сучаснай вытворчасці ў БССР у патрэбных аб’ёмах вялася падрыхтоўка рабочых вядучых і масавых прафесій, кіраўнікоў і спецыялістаў з высокім узроўнем адукацыі і культуры. Эфектыўна дзейнічала праграма ўдасканальвання іх прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, роста прафесійнага майстэрства. 50-80-я гады з’яўляюцца для БССР часам станаўлення і развіцця хімічнай і горнахімічнай прамысловасці, бурнага развіцця радыётэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, прадпрыемстваў абароннага комплексу.

У сярэдзіне 60-х гадоў былі зроблены спробы правядзення ў СССР эканамічных рэформ у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Добрыя вынікі ў гады 8-й пяцігодкі прынесла рэформа па паляпшэнні кіраўніцтва прамысловасцю, удасканальванні планавання і ўмацаванні эканамічнага стымулявання, якая прадугледжвала ўвядзенне ў дзеянне дзяржразліковых і таварна-грашовых механізмаў. Разам з тэхнічным пераабсталяваннем у рэспубліцы вялося маштабнае будаўніцтва новых аб’ектаў і пашырэнне існуючых прадпрыемстваў. У лік дзейнічаючых толькі за 70-80-я гады ўведзена больш за 170 прамысловых прадпрыемстваў.

Тэма 2. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў другой палове 40-х – пачатку 80-х гадоў

§1. Палітычнае жыццё ў пасляваенныя гады. Наступленне “адлігі”

§2. Культурнае жыццё. Час нявыкарыстаных магчымасцей

§1. Перамога ў вайне, усталяванне міру далучыліся да змены настрою ў грамадскім жыцці, прывялі да пераацэнкі ранейшых каштоўнасцей. У свядомасці людзей усё выразней спела разуменне, што разам з вайной у мінулае павінны адысці і выкліканыя ёю экстрэмальныя ваенныя абставіны і бытавыя нястачы. Да таго ж франтавыя шляхі прывялі шмат каго да думкі (тых, хто прайшоў краіны Усходняй Еўропы, Германію), што наша краіна не такая ўжо перадавая, як іх пераконвалі да вайны афіцыйныя ўлады.

“Завяршылася вайна, цяжкасці яе перажыты, наступіў час для заможнага і свабоднага жыцця”. “Хопіць спаць на козлах” – вось такі рубежны момант абыдзеннай свядомасці зафіксаваны гісторыяй. Свядомасць простых людзей, роздумы мясцовых кіраўнікоў партыі і Саветаў усё больш прыводзілі іх да думкі аб неабходнасці павароту дзяржавы да сацыяльных праграм, усталявання дэмакратычных прынцыпаў у грамадска-палітычным жыцці. Але здзейсніць задуманае, хоць бы часткова, адразу не ўдалося. Сталінізм эвалюцыянаваў. Ён не стаў менш жорсткім. Адбылася яго кансервацыя. Як і раней у БССР, як і ў іншых рэспубліках СССР, у сацыяльна-эканамічнай сферы панаваў дырэктыўны, ураўняльны сацыялізм, у якім, з аднаго боку, існавала моцная бюракратычная эліта і, з другога боку, – мільёны выканаўцаў.

Пасля смерці Сталіна і ліпеньскага (1953 г.) Пленума ЦК, на якім былі ўхваляваны “рашучыя дзеянні Прэзідыума ЦК па ліквідаванні злачыннай дзейнасці Берыя і яго саўдзельнікаў”, дэмакратычныя тэндэнцыі ў Беларусі як быццам бы пачалі браць верх. Перамена ў палітычным жыцці краіны і рэспублікі звязваецца з новым лідэрам КПСС М.С.Хрушчовым. Цяжка было Хрушчову сказаць аб кульце, аб рэпрэсіях. У мінулым ён быў не меншым сталіністам, чым іншыя людзі з блізкага кола Сталіна. Яго віна ў рэпрэсіях у Маскве і на Украіне велізарная. Але Хрушчоў не пабаяўся зрабіць крок праз сябе, праз сваю віну. У той час, калі ў кіраўніцтве краіны яшчэ знаходзілася мінулае кола Сталіна, падрыхтаваць матэрыял аб кульце асобы Сталіна было не толькі цяжка, але і небяспечна, трэба было сур’ёзна раздумваць, як гэта ўспрыме народ, замежныя камуністычныя партыі і сябры. Хрушчоў рашыўся на выкрыццё культу Сталіна.

Даклад аб кульце асобы і яго выніках быў зроблены на закрытым пасяджэнні ХХ з’езда КПСС (люты 14-25 1956 г.), дзе прысутнічалі толькі дэлегаты з’езда. Хрушчоў казаў аб недапушчальнасці культу асобы палітычнага кіраўніка, якімі б высокімі не былі яго заслугі. Галоўную ролю ў гістарычным працэсе павінны адыгрываць масы.

Культ асобы – гэта звышпашана асобы, пакланенне аўтарытэту асобы, узвышэнне аднаго чалавека, прыпісванне яму звышнатуральных рыс. У пастанове ЦК КПСС ад 30 чэрвеня 1956 г. названы аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, якія прывялі да культу асобы. Аб’ектыўныя - гэта канкрэтныя гістарычныя ўмовы – будаўніцтва сацыялізму ішло ў адной краіне, у капіталістычным акружэнні, у вострай унутранай барацьбе, пры недастатковай адукацыі і свядомасці насельніцтва. У гэтых умовах патрэбна было больш цэнтралізацыі, часовае абмежаванне дэмакратыі для асобных сацыяльных груп насельніцтва. Суб’ектыўныя прычыны звязаны з адмоўнымі рысамі характару Сталіна. На іх указваў У.І.Ленін у пісьме да ХІІІ з’езду партыі. З культам асобы звязаны грубыя парушэнні законнасці, рэпрэсіі, замазванне хібаў. Вялікую шкоду культ асобы нанёс тэарэтычнай думцы. Ён садзейнічаў распаўсюджванню і ўкараненню дагматызму.

У краіне, у яе кіраўніцтве па-рознаму былі ўспрыняты дакументы ХХ з’езда. Людзей сталінскага выхавання хапала. Адметным прыкладам у гэтым сэнсе была спроба адлучэння Хрушчова ад пасады ўжо ў чэрвені 1957 г. Старая сталінская гвардыя стала дабівацца выгнання М.С.Хрушчова з органаў кіравання, праз так званую арыфметычную большасць. Аднак правесці задумы ў жыццё групе Молатава, Маленкова, Кагановіча і прымкнуўшага да іх Шэпілава не ўдалося. Удалося пазней.

М.С.Хрушчоў – чалавек свайго часу, фігура складаная і неадназначная, ён развянчаў культ асобы Сталіна, пры яго кіраўніцтве мільёны людзей былі вызвалены з лагераў, турмаў. Але яму самому ўласцівы такія рысы як валюнтарызм, суб’ектывізм. Ён даваў катэгарычныя адзнакі пісьменнікам, мастакам, кінематаграфістам.

Як бачна, пасля смерці Сталіна ў грамадска-палітычным жыцці краіны, у тым ліку і БССР, адбываецца прыметная лібералізацыя, “адліга”. Спынены рэпрэсіі, праведзена частковая рэабілітацыя, людзі больш свабодна выказвалі свае думкі. Але якасна-глыбокіх змен у грамадскім жыцці не адбылося. Дэмакратычныя працэсы былі заблакіраваны сіламі бюракратычнага кансерватызму. Пераважаў аўтарытарны звышцэнтралізаваны стыль кіраўніцтва.

Грамадска-палітычнае жыццё (дзейнасць палітычнай партыі, прафсаюзаў, камсамолу, іншых грамадскіх арганізацый, Саветаў, развіццё ўсіх галін культуры) адчувальна несла на сабе такія негатыўныя рысы, як заідэалагізаванасць, фармалізм, адсутнасць сапраўднай галоснасці. На пачатку 70-х гг. яно “абагачаецца” паветрам дабрадушнасці, усёдаравальнасці, неабавязковасці выканання прымаемых рашэнняў. Перш за ўсё гэтыя рысы былі ўласцівы самой кіруючай сіле - КПБ-КПСС. Фарміраванне яе палітыкі вялося без уключэння ў дадзены працэс радавых камуністаў, нізавых звенняў партыі, яе пярвічных партыйных арганізацый.

Да сярэдзіны 80-х гг. партыйныя арганізацыі праз свае выбарчыя калегіі інтэграваліся ў гаспадарча-адміністрацыйную ўладу. Партыйныя камітэты ўзялі на сябе неўласцівыя для іх распарадча-дырэктыўная функцыі. Камандна-адміністратыўныя метады ў ідэалагічнай рабоце праяўляліся ў тым, што яе назначэнне разумелася як простае трансфармаванне ідэй зверху ўніз. Пры гэтым асоба разглядалася толькі як аб’ект уздзеяння. Стваралася “сістэма” ідэалагічнага і масава-палітычнага забеспячэння насельніцтва, гаварылася аб комплексным падыходзе да гэтага напрамку дзейнасці. Праводзілася палітычная, эканамічная вучоба, палітычныя інфармацыі, даклады, “ідэалагічныя планёркі”, “адзіныя палітдні”, ствараліся ўсё новыя і новыя фарміраванні, а інтарэс да грамадскіх спраў у насельніцтва заставаўся невысокім. Узрасталі праявы бездухоўнасці, паніжалася роля матэрыяльных стымулаў, павялічвалася п’янства і алкагалізм. Нанесена шкода культурна-нацыянальнай спадчыне.

Усе формы ўдзелу ў кіраўніцтве дзяржавай, эканомікай рэгуляваліся. У гэтых умовах ішло павелічэнне сацыяльнай пасіўнасці, адбывалася зніжэнне інтарэсу да палітыкі, да асабістых вынікаў працы.

§2. Адраджэнне культурнага жыцця ў БССР у другой палове 40-х - пачатку 50-х гг. праходзіла ў складаных умовах. Складанасці заключаліся ў адсутнасці або беднасці матэрыяльна-тэхнічнай базы у школьных установах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах; недастатковасці настаўніцкіх кадраў, падрыхтаваных выкладчыкаў ВНУ; розных узроўнях культурнага развіцця рэгіёнаў (адсталасць Заходняй Беларусі); узмоцненым ідэалагічным кантролі з боку ўлад.

Матэрыяльна-тэхнічная база культуры ў гады вайны прыйшла ў поўны заняпад. Будынкі школ, клубаў, бібліятэк спалены ці ператвораны ва ўстановы для іншага карыстання. Пасля вызвалення ад іншаземцаў дзяржава з дапамогай грамадскасці рабіла ўсё магчымае, каб не прыпыніць навучанне. Ужо напачатку 1945-46 навучальнага года былі ўведзены ў дзеянне 80 % школ ад даваеннай лічбы. У 1950-51 гг. колькасць школ у БССР ужо перавышала даваенную.

Тое ж самае адбывалася і ў аднаўленні ВНУ, сярэдніх навучальных устаноў. У прыстасаваных будынках пачалі працаваць ужо ў 1944 г. палітэхнічны, медыцынскі інстытуты і інстытут народнай гаспадаркі, Белдзяржуніверсітэт у Мінску, педінстытут у Віцебску. Восенню ў год перамогі ў аўдыторыі 24 ВНУ прыйшло 12,8 тыс. навучэнцаў, на 1950-51 навучальны год у БССР было ўжо 29 ВНУ, у іх навучалася 31,6 тыс. студэнтаў, у сярэдніх навучальных установах – 42 тыс. навучэнцаў.

Станоўчыя зрухі адбываліся ў галіне адукацыі і ў былых раёнах Заходняй Беларусі. Адукацыю насельніцтва працягваць пасля вайны тут прыходзілася ў большых памерах, пачынаць з прасцейшых форм. Каб ліквідаваць непісьменнасць і малапісьменнасць сярод дарослых людзей, адкрыліся школы рабочай моладзі, сельскай моладзі, гурткі. У Маладзечне, Баранавічах адкрыты настаўніцкія інстытуты, у Брэсце – педагагічны, сельскай гаспадаркі – у Гродна; створана вялікая колькасць школ – пачатковых, сямігодак, сярэдніх.

У канцы 50-х гг. была праведзена перабудова народнай асветы. Дзесяцігодка пераўтварылася ў сярэднюю школу з вытворчым навучаннем. З 1954 г. у працэс навучання старшакласнікаў уключалася праца на вытворчасці. На прадпрыемствах ствараліся вучэбныя цэхі і ўчасткі. Для тэарэтычнага і практычнага навучання выдзяляліся спецыялісты і кваліфікаваныя рабочыя. Аднак гэта прывяло да перагрузкі вучэбных праграм і ў 1964 г. школа вярнулася да дзесяцігадовага тэрміна навучання.

Відавочна, умовы, у якіх прыходзілася весці адукацыю, былі далёка не такія, як сёння, але ж трэба ўлічваць час – дзяржава не мела сродкаў, каб стварыць лепшыя ўмовы ў кароткія тэрміны. Праблема адраджэння агульнаадукацыйнай сярэдняй і вышэйшай школы вырашылася б значна якасней, каб не адбывалася ўзмоцненага ідэалагічнага ўціску. Супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, той яе часткі, якая, на думку ўлад, не забяспечвала ідэалагічнай чысціні, праведзены рэпрэсіі: у 1949 г. у Краснаярскі край сасланы вядомы паэт і празаік У.М.Дубоўка. Тады ж і такой жа самай меры пакарання падвергся пісьменнік А.І.Александровіч. Вядомы вучоны-гісторык М.М.Улашчык у 1951 г. асуджаны на 8 гадоў турмы. Па палітычных матывах арыштаваны і міністр асветы Беларусі П.В.Саевіч.

І ўсё ж бязвыхаднасці не наглядалася: паэты, празаікі, драматургі, мастакі стварылі цэлы шэраг прац аб гераічнай барацьбе народа ў час Вялікай Айчыннай вайны, аб мірным жыцці, працы простых людзей і кіраўнікоў дзяржавы. Большасць беларускіх пісьменнікаў звярталася да героікі вайны. К.Чорны, І.Шамякін, М.Лынькоў, І.Мележ, Я.Брыль, К.Крапіва, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Танк, П.Панчанка, А.Вялюгін, М.Аўрамчык стварылі працы, дзе паказваюцца падзеі, што адбываліся ў тыле ворага, штодзённыя клопаты і нягоды ўдзельнікаў вайны, адзінства мэт і дзеянняў салдат і партызан. З болем пішуць яны пра непамерныя страты і з радасцю – пра шчасце заваяванага міру, адраджэнне гарадоў і вёсак. Безумоўна, што, з сённяшнега пункту гледжання, можна сказаць аб павярхоўнасці выкладзенай праўды, апісальна-адлюстрацыйным асвятленні ўчынкаў, схематызме, прысутнасці славаслоўя, панаванні сацрэалізму ў іх творах. Аднак тут захоўваецца і вялікая каштоўнасць гуманізму, разумнага сэнсу і прыстойнасці. На творах, напісаных у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, выхоўвалася цэлае пакаленне людзей Беларусі.

Пасля ліпеньскага (1953 г.) Пленума ЦК КПСС наступае павольнае развіццё дэмакратычных нормаў у жыцці грамадства, а пасля ХХ з’езда краіна і Беларусь як яе частка сталі вызваляцца ад ідалапаклонства. Ствараецца дэмакратычная сістэма народнай адукацыі. Школьныя праграмы, вучэбныя планы і падручнікі прыводзіліся ў адпаведнасць з дасягненнямі навукі і тэхнікі, навукова-тэхнічнага прагрэсу. Існавала рэальная магчымасць для моладзі атрымаць адукацыю. Хуткімі тэмпамі расла сетка агульнаадукацыйных школ і колькасць вучняў у іх, адкрываліся школы-інтэрнаты, школы рабочай і сельскай моладзі. З 1959 г. уведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя. У 1965/66 навучальным годзе ў 8-годках налічвалася больш за 700 тыс. дзяцей, а ў 9-11 класах – больш за 300 тыс. з 1956 па 1965 гг. сярэднюю адукацыю атрымалі прыкладна 600 тыс. чалавек.

Перабудоўваецца і прафесійна-тэхнічная школа – школа працоўных рэзерваў. Уведзены адзіны тып гарадскіх і сельскіх прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. На пачатку 60-х гг. іх на Беларусі было больш за 100. Штогод тут атрымлівалі рабочую прафесію 32 тыс. чалавек. У 1965 г. пашыраецца і сетка, і колькасць гарадскіх прафесійна-тэхнічных і сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. У 110 вучылішчах навучалася 49 тыс. вучняў. З 1955 па 1965 г. падрыхтавана больш за 200 тыс. кваліфікаваных рабочых.

У 1965 г. у БССР налічвалася 122 сярэднія навучальныя установы. У іх атрымлівалі падрыхтоўку 122 тыс. чалавек. У 1965 г. на Беларусі працавалі 27 вышэйшых навучальных устаноў. Тут навучалася больш, чым 60 тыс. чалавек, г.зн. у 2 разы больш, чым у 1950 г. У Белдзяржуніверсітэце налічвалася 10 тыс. студэнтаў. Настаўнікаў у гэты час рыхтавалі 7 педінстытутаў і 10 педвучылішчаў.

Навукоўцы Беларусі вялі фундаментальныя даследаванні ва ўсіх галінах, у т.л. у хімічнай і геалагічнай. Новыя ўраўненні кінетыкі рэакцый з удзелам цвёрдых рэчываў вынайшаў Б.Фадзееў. Геалагічную навуку значна пашырылі сваімі працамі Т.Багамолаў, К.Лукашоў, А.Махнач, Г.Гарэцкі.

З сярэдзіны 50-х гг. новыя працэсы адбываюцца ў літаратурнай творчасці. У маі 1958 г. прынята пастанова ЦК, у якой выпады супраць інтэлігенцыі, выкладзеныя ў пастанове 40-х гадоў, прызнаны памылковымі. Пісьменнікі робяць перагляд сфармуляваных раней канцэпцый, бесканфліктнасць, схематычнасць замяняецца адлюстраваннем агульначалавечых, маральна-этычных каштоўнасцей; аўтары ўсё больш пранікаюцца заклапочанасцю высвятлення гістарычнай спадчыны беларускага народа. Так, раман У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” расказвае пра падзеі, якія звязаны з выспяваннем паўстання 1863 г. Змястоўнымі з’яўляюцца яго творы “Нельга забыць”, “Чазенія” і інш.

Новае асвятленне атрымлівае праблема Вялікай Айчыннай вайны. Усю канкрэтнасць і паўнату праўды аб вайне выклаў Васіль Быкаў. Яго аповесць “Жураўліны крык”, апавяданні “Здрада”, “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада” і інш. (выйшлі ў канцы 50-х – 60-х гг.) набліжаюць вайну да праўды жыцця, паказваюць людзей у час вайны такімі, якія яны ёсць, са сваім псіхалагічным складам.

Зразумела, духоўная творчасць часоў “адлігі” не змагла пераадолець усе недахопы папярэдняга, сталінскага перыяду. Але яна якасна абнавілася, набыла другое дыханне, узнялася на ўзровень гістарычных абагульненняў, паказу ўсіх супярэчнасц сапраўднага жыцця.

Галоўным дасягненнем у народнай адукацыі 1966-1985гг. трэба лічыць пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР у 1966 г. вызначыла першачарговую задачу - ажыццяўленне ўсеагульнай абавязковай сярэдняй адукацыі ўсіх дзяцей школьнага ўзросту. У 1977 г. у сярэдняй школе вучыліся 98,3 %, хлопчыкаў і дзяўчынак. Назіраецца хуткі рост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, і ў першую чаргу моладзі. Калі ў 1965 г. сярэднюю адукацыю атрымалі 50 тыс., то ў 1988 г. ужо 170 тыс. чалавек. У 1959 г. на 1 тыс. чалавек насельніцтва Беларусі сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю мелі 303 чалавекі, у 1985г. – 666 чалавек.

Вучэбныя планы і падручнікі больш адпавядалі патрабаванням жыцця, навукова-тэхнічнаму прагрэсу, яны пераарыентоўваліся на разумовае развіццё вучняў і прадукцыйную працу ў вытворчым працэсе. Вядзецца паглыбленае працоўнае навучанне. Ствараюцца міжшкольныя камбінаты.

На больш якасны ўзровень падымаецца прафесійна-тэхнічнае навучанне. 226 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў вялі навучанне на ўзроўні сярэдняй адукацыі. У 1985 г. 88% выпускнікоў прафесійна-тэхнічных вучылішчаў побач з прафесіяй рабочага, спецыяліста сельскай гаспадаркі атрымалі і сярэднюю адукацыю.

Колькасна раслі сярэдняя і вышэйшая школа. Пашыралася сетка вячэрняга і завочнага навучання. Установы вышэйшай і сярэдняй школы змаглі забяспечыць узрастаючыя патрэбнасці народнай гаспадаркі і культуры ў кадрах. У 33-ох ВНУ БССР навучалася больш за 180 тыс. студэнтаў. Пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў прадугледжвалі льготныя ўмовы паступлення ў ВНУ асоб з вытворчасці і пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі.

У 1976-1985 гг. у народнай асвеце завершаны пераход да абавязковай усеагульнай сярэдняй адукацыі. Красавіцкі (1984 г.) Пленум ЦК паставіў задачу павысіць якасць адукацыі, працоўнага і маральнага выхавання ў школе і вучылішчах праз выкараненне фармалізму ў ацэнцы вынікаў працы настаўнікаў і навучэнцаў, палепшыць падрыхтоўку школьнікаў да грамадска-карыснай працы, замацаваць сувязь адукацыі з жыццём, палепшыць якасць школьных праграм і падручнікаў.

У вышэйшай школе прадугледжвалася рашыць задачы павышэння якасці выкладання, умацавання сувязі з вытворчасцю, паляпшэння сістэмы планавання падрыхтоўкі кадраў.

Такім чынам, бачна, што ў 1966 – 1985 гг. у прамысловай вытворчасці наглядаўся значны рост, здабываючыя галіны імкліва павялічвалі здабычу паліва: за 15 год было здабыта столькі ж, сколькі за ўсю папярэднюю гісторыю. Эканоміка БССР развівалася даволі ўстойліва. Адбываўся колькасны рост насельніцтва і змены яго сацыяльнай структуры. З 1966 па 1986 г. насельніцтва БССР павялічылася на 1,3 млн. чалавек (або на 16,5%).

Індустрыялізацыя і хуткае развіццё прамысловасці прывялі да змен у сацыяльным складзе насельніцтва Беларусі. У 1960 г. рабочыя сярод занятага насельніцтва складалі 45%, у 1985 г. – 60%, служачыя адпаведна 14,6% і 25,4%. У той жа час доля калгаснікаў сярод занятага насельніцтва знізілася з 40 % у 1966 г. да 14,6% у 1988 г.

Адзінай крыніцай, з якой насельніцтва атрымлівала сродкі на сваё існаванне, быў нацыянальны даход. Ён хоць і марудна, але штогод прырастаў прыкладна на 8 %. На гэтай аснове рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся больш чым у 2 разы. Сярэднямесячная зарплата ў 1985 г. склала 173 руб. Мінімальная зарплата 70 руб. Значная частка сродкаў выдаткавалася з грамадскіх фондаў спажывання: на фінансаванне дзіцячых клубаў, спартыўных секцый, на змяншэнне цаны пуцёвак у дамы адпачынку, санаторыі. Дасягнуты высокі ўзровень спажывання каларыйных прадуктаў харчавання: мяса на аднаго чалавека ў сярэднім прыходзілася 70 кг, малака і малочных прадуктаў – 395 кг, яек – 319 шт., цукру – 44 кг. Канешне, пры больш паспяховым развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі паказчыкі ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі маглі б быць значна вышэйшыя. Аднак планы і мэты вывядзення краіны і грамадства на якасна новы ўзровень цалкам не стасоўваліся.

Краіна і Беларусь працягвалі развіццё на экстэнсіўнай аснове, а інтэнсіўнае развіццё вельмі слаба падпарадкоўвалася планавай камандна-адміністрацыйнай сістэме. Не выкарыстоўваўся належным чынам прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці. З кожным годам сістэма кіравання праз дзяржаўны апарат станавілася больш разгалінаванай. Апарат кіраўніцтва разросся амаль да 100 саюзных і 800 рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў, ён фактычна дыктаваў сваю волю і ў эканамічнай вобласці, і ў палітычнай. У партыйнага камітэта і выканаўчай улады паявілася імкненне да прывычных, самых лёгкіх цэнтралізаваных форм кіраўніцтва. Верх узялі інерцыя, сіюмінутны інтарэс, імкненне адмахнуцца ад таго, што не ўкладвалася ў прывычныя схемы.

Не ўдалося задаволіць патрэбнасці насельніцтва ў забеспячэнні кватэрамі. Чэргі расцягнуліся на 10 і больш год. Шмат дзе на прадпрыемствах пераважала ручная вытворчасць. Самае галоўнае – вытворчасць не была скіравана ў бок чалавека. Прыярытэтнае развіццё надавалася вытворчасці групы А, у той час як вытворчасць прадметаў спажывання не забяспечвала патрэбы насельніцтва. У канцы 70-х – пачатку 80-х гг. мелася недаацэнка развіцця матэрыяльнай базы сацыяльна-культурнай сферы, наглядаўся “астаткавы прынцып” выдаткавання рэсурсаў на гэтыя мэты.

У кіраўніцтва краіны было жаданне прыдаць навукова-даследчым работам планавы прынцып у распрацоўцы і ўкараненні. З гэтай нагоды распрацоўваліся праграмы, устанаўліваліся канкрэтныя заданні навуковым калектывам, выдзяляліся крыніцы фінансавання, на прадпрыемствах ствараліся штатныя і няштатныя службы, на прамысловых прадпрыемствах БССР дзейнічала шырокая сетка навукова-даследчых арганізацый: 2,5 тыс. лабараторый, канструктарскіх выпрабавальна-эксперыментальных падраздзяленняў, больш за 60 аддзяленняў механізацыі і аўтаматызацыі. Аднак распрацаваныя навукай і творчасцю людзей тэхніка і тэхналогія своечасова ў вытворчасць не ўкараняліся. Зацягваліся тэрміны ўкаранення навуковых распрацовак. І хоць на працягу разглядаемага намі часу прымалася вялікая колькасць спецыяльных пастаноў, дзе намячаліся новыя падыходы да арганізацыі навукова-даследчых прац і перадачы іх вынікаў у народную гаспадарку, зрухі адбываліся невялікія. Укараненне вынікаў даследчых работ у практыку заставалася слабым звяном у ланцугу навуковай вытворчасці.

Такім чынам, у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі ў СССР і БССР захоўвалася палітычная сістэма, якая склалася ў 20-30-я гады. Палітычны рэжым Сталіна эвалюцыяніраваў і да 1953 года быў даволі жорсткім. Неабгрунтавана рэпрэсіям падвергліся тысячы людзей. Смерць Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) падштурхнула даўно наспеўшы працэс абнаўлення грамадства. Ён закрануў усе сферы жыцця – палітычную, эканамічную, сацыяльную, духоўную. Але глыбокіх дэмакратычных перамен у грамадскім жыцці не адбылося. Дэмакратычныя працэсы былі заблакіраваны сіламі бюракратычнага кансерватызму, грамадска-палітычнае жыццё строга рэгламентавалася, было зафармалізавана. У Беларусі аўтарытарны стыль кіравання некалькі змягчаўся прадбачнасцю і адноснай самастойнасцю вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі (К.К.Мазураў, П.М.Машэраў) у выкананні рашэнняў цэнтра. Але рэфармаванне палітычнай сістэмы і тут ажыццяўлялася супярэчліва і непаслядоўна.

Вялікія дасягненні меліся ў галіне адукацыі, навукі і тэхнікі. Да канца 50-х гадоў – пачатку 60-х гадоў была ў асноўным ліквідавана непісьменнасць і малапісьменнасць дарослага насельніцтва, уведзена ўсеагульнае абавязковае сямігадовае навучанне. У 1956 г. была адменена плата за навучанне ў старэйшых класах сярэдняй школы, а таксама ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. У 40-80-х гадах у асноўным было ажыццёўлена ўсеагульнае базавае навучанне моладзі.

Пытанні і заданні:1. Якія задачы стаялі перад краінай у гады першай пасляваеннай пяцігодкі (у агульным ліку чацвёртай)? Назавіце тыя галіны прамысловасці, якім аддавалася перавага ў аднаўленчым перыядзе ў Рэспубліцы і Віцебскай вобласці. Пакажыце прыклады напружанай, творчай працы рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, сялян, навукоўцаў па аднаўленню галін народнай гаспадаркі, устаноў адукацыі, культуры. 2. Якімі ідэямі былі прасякнуты перабудовы ў кіраванні прамысловасцю, будаўніцтвам, сельскай гаспадаркай на этапе сярэдзіны 40-х – сярэдзіны 60-х гадоў? Адзначце ролю вераснёўскага (1953 г.), сакавіцкага (1965 г.) і вераснёўскага (1965 г.) Пленумаў ЦК КПСС. 3. Прывядзіце ў якасці прыкладу фактычны матэрыял, які сведчыць аб дасягненнях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 40-60-х гадах. Дзе былі закладзены стымулы для найлепшых вынікаў у гады 8-й пяцігодкі? 4. Якія рысы грамадска-палітычнага жыцця ў СССР сталі вядучымі ў 40-х – пачатку 50-х гадоў? З чым звязаны змены палітычнага рэжыму ў сярэдзіны 50-х гадоў? Вызначце ролю КПБ – КПСС, якая была ў гэты час вядучай палітычнай сілай грамадства. 5. Назавіце праблемы пасляваеннага часу ў развіцці адукацыі, навукі, літаратуры. Прасачыце новыя працэсы і дасягненні. Прывядзіце канкрэтныя факты з жыцця родных і блізкіх Вам людзей.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945: Энцыклапедыя. Мн., 1990.

2. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1983. Т.1; 1984. Т. 2; 1985. Т. 3.

3. Галубовіч В.І., Бохан Ю.М.. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Мн.: Сучасная школа, 2007., с. 301-354.

4. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972. Т. 3.

5. Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. У 2 ч. Ч.2. Люты 1917 г. – 2000 г. / Я.К.Новік, Г.С.Марцуль, Э.А.Забродскі і інш.; Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Універсітэцкае, 2000.

6. Жуков Г.К. Воспоминания и размышления: В 3 т. 11-е изд. М., 1992. Т.3.

7. История второй мировой войны (1939-1945): В 12 т. М., 1973. Т.4-8.

8. Костюк М.П. Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986.

9. Луцкевіч А. Польская акупацыя ў Беларусі // Беларусь. 1990. №9.

10. Мандрык І.У. Зборнік лекцый па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Віцебск., 2005 г. с. 151-176.

11. Мандрик И.В. Состояние трудовой дисциплины на Белорусской железной дороге в 1970-1990 годах: меры по ее укреплению, сложности решения проблемы (Вестник УО «Витебский гос. технологический университет». 5 выпуск. – 2003, с.119).