Маскі і лялькі ў святочных дзеяннях

Лялька — традыцыйны сродак святочнай культуры многiх народаў свету, у тым лiку беларусаў. Яшчэ ў старажытныя часы лялькi ў якасцi сiмвалiчных персанажаў удзельнiчалi ў беларускiх народных святах каляндарнага цыкла. Так, на Каляды або ў Шчодры вечар сярод персанажаў каляднага гурту абавязковымi ўдзельнiкамi былi лялькi — сiмвалы ўрад-лiвасцi: “каза” з рухомай скiвiцай, “конь”, “мядзведзь”, “журавель”, бытавы персанаж — лялька Сiдорка сярод ражаных цыганоў; ва ўсходнiх раёнах Беларусi на Масленiцу праводзiлi рытуал спальвання лялькi-масленiцы, а на Купалле — абрад патаплення або спальвання сiмвала смерцi i холаду — лялькi Марэны, Марухi, Мары.

Лялькi ўсiх народаў на розных этапах свайго iснавання ў старажытныя часы з’яўлялiся сiмвалiчным адлюстраваннем пэўных паняццяў — дабра, зла, смеласці, ляноты, грубасці, прагнасці, яны сутыкалiся ў мiстэрыяльных лялечных прадстаўленнях, у iх дзеяннях заўсёды завастралiся мiфалагiчныя i жыццёвыя сiтуацыi, што прыцягвала ўвагу гледачоў.

На сучасным этапе лялькi малых памераў i буйнагаба-рытныя лялькi шырока выкарыстоўваюцца ў святах. Назапашаны вопыт святочнай культуры народаў сусвету пераканаўча даказвае, што стварэнне лялькi — гэта складаны працэс, якi патрабуе з самага пачатку высвятлення, асэнсавання i вырашэння разнастайных пытанняў творчага i тэхнiчнага характару ва ўзаемасувязi.

Мастацкi вобраз лялькi заўсёды абумоўлены тэмай свята. Напрыклад, сiмвалам Алiмпiяды — 80 у Маскве стала ме- дзведзяня. Таму, калi на свяце ўрачыстага закрыцця Алiмпiйскiх гульняў у фiнале на поле стадыёна ў Лужнiках выйшаў васьмiметровы алiмпiйскi Мiшка, гледачы былi вельмi ўражаны i сустрэлi яго воплескамi, а калi на рознакаляровых паветраных шарах ён паляцеў у неба, тысячы гледачоў уцiралi слёзы, бо яны развiтвалiся не з медзведзянём, а ў яго вобразе з самой Алiмпiядай. Пры распрацоўцы мастацкага вобраза карнавалу ў г.Геленджык (Краснадарскi край) мастак А.В.Стрэльнiкаў стварыў буйнагабарытную ляльку-канструкцыю пад назвай “Смехар”, вакол якой на стадыёне i будавалiся мiзансцэны карнавальнага прадстаўлення. Гэты вялiзны Смехар сустракаў людзей на стадыёне. Яго галава ў доктарскай шапачцы паварочвалася то ўправа, то ўлева, вочы падмiргвалі, а рукi спрабавалi абняць усiх.

Мастак i iнжынер прыдумалi для гэтай лялькi наступнае тэхнiчнае рашэнне: галава лялькi была зманцiравана на машыне з тэлескапiчнай вышкай, рукi — на дзвюх машынах тыпу “механiчная рука”; адзенне лялькi з улiкам ветравой нагрузкi была зроблена са старых рыбацкiх сетак, пафарбаваных у розныя колеры. Гэта лялька стала заднiкам сцэны, фонам для выступаючых, а таксама месцам, за якiм пераапраналiся i канцэнтравалiся калектывы.

На свяце народных рамёстваў у г.п.Воранава Гродзенскай вобласцi вобраз гаспадынi свята быў створаны пры дапамозе шасцiметровай лялькi ў беларускiм нацыянальным строi. У аснове гэтай канструкцыі быў драўляны слуп. Наверсе слупа, закапанага ў зямлю, быў замацаваны размалёваны пад твар дзяўчыны метровы ў дыяметры шар. У тканінах, што вядуць да рук, былi ўсталяваны двухметровыя жэрдкi, кожную з якiх рухалі па два чалавекі. У роце лялькi, якi адкрываўся i зачыняўся, уманцiравалi гучнагаварыцель, а ўнутры канструкцыi размясцілі радыёапаратуру. Нацыянальны строй лялькi вырабляўся з палатна, размаляванага беларускiмi нацыянальнымi ўзорамi. Калi неабходна было прачытаць дыктарскi тэкст або ўключыць песню ў сольным выкананнi цi зрабiць пэўную фiзiчную дзею, лялька пачынала гаварыць, спяваць, рабiць прывiтальныя рухi рукой або магла пацiснуць руку камусьцi з удзельнiкаў, што стварала ўражвальны эфект. У тым жа Воранаве на адкрытым абласным свяце гульні “Карнавал весялосці” (2003) васьміметровая лялька ў беларускім нацыянальным строі, змайстраваная на аснове аўтавышкі, з’яўлялася заднікам і дамінантай усяго святочнага дзеяння. Яна падымалася і апускалася, як бы танцуючы, і выклікала станоўчыя эмоцыі і адпаведную рэакцыю гледачоў.

Практыка паказвае, што стварэнне лялькi-сцэны — гэта адзiн з перспектыўных напрамкаў асваення прасторы святочнага дзеяння.

Пры распрацоўцы буйнагабарытных лялек мастак абавязкова павiнен улiчваць асяроддзе, у якiм лялька будзе дзейнiчаць. З гэтага пункту гледжання цiкавым прыкладам можа служыць лялька “Стары парк”, якую распрацаваў мастак В.Фанштэйн для карнавалу будаўнiкоў у парку “Сакольнiкi” (г.Масква). Дзея адбывалася на плошчы, якую акружалi дрэвы. Сярод iх была старая лiпа вышынёй каля пятнаццацi метраў. Над ёй замацавалi трохметровы ў дыяметры паветраны шар, распiсаны фарбамi як галава “Старога парку”. З зялёнай тканiны былi зроблены галава i рукi парку. Рукі цягнулiся да далоняў — зялёных галiн, прымацаваных да дзвюх дзесяцiметровых жэрдак, кожную з якiх рухалi па тры чалавекі. Так старая лiпа была пераўтворана ў ляльку-вобраз старога парку “Сакольнiкi”, здольную гаварыць i жэстыкуляваць.

Вызначаючы форму i памеры буйнагабарытнай лялькi, мастак павiнен улiчваць ландшафтныя i архiтэктурныя асаблiвасцi месца дзеi. Адна i тая ж канструкцыя ў розных умовах можа ўзмацнiць або аслабiць успрыманне дзеi. Напрыклад, лялька-гаспадыня кiрмашу на свяце “Мінск—87”, пастаў-леная на вялiкай вольнай прасторы (каля Палаца спорту на праспекце iмя П.Машэрава), была дамiнантай мастацкага афармлення i глядзелася вельмi добра, прываблiвала людзей. Усё гэта адбылося таму, што памеры лялькi былi суаднесены з памерамi асяроддзя. Але тая ж лялька, механiчна перанесеная ў г.Светлагорск i пастаўленая на свяце горада (1989), у сцiслай прасторы мясцовай плошчы на фоне двухпавярховага будынка выглядала недарэчна. Яна з’яўлялася лiшнiм элементам святочнага дэкору. Гэты прыклад пацвярджае, што разлiк суадносiн памераў лялькi i памераў асяроддзя мае важнае значэнне.

Пошук i адбор матэрыялаў, з якiх лялька будзе вырабляцца, адбываюцца ў кожным канкрэтным выпадку па-свойму. Але адным з асноўных крытэрыяў адбору, асаблiва пры стварэннi дзеючай лялькi, з’яўляецца вага матэрыялу. Практыка паказвае, што цяжкавагавыя матэрыялы непрымальныя для ўжытку, таму што, па-першае, акцёрам цяжка працаваць у ляльках вялiкай вагi, а па-другое, скарыстанне такiх матэрыялаў можа значна павялiчыць кошт лялькi, што немалаважна пры складаннi агульнага каштарыса свята. Многiя мастакi рэкамендуюць рабiць пэўныя канструкцыi буйнагабарытных лялек на дротавай аснове. Прыкладам з’яўляецца “гiдра контррэвалюцыi”, зробленая ў г.Варонежы ў 1927 г. мастаком Фачыёлi для масавага карнавальнага прадстаўлення “Спальванне гiдры контррэвалюцыi”. Уся канструкцыя лялькi была размешчана на шаснаццацi грузавiках. “Гiдра” мела шэсцьдзесят метраў у даўжыню, восем у шырыню i шэсць метраў у вышыню. Касцяк уяўляў дротавы каркас, абшыты рагожай, пафарбаванай у зялёны колер. Хвост быў зроблены з пружынiстага дроту i таму завiваўся i дрыжэў. “Гiдра” мела тры велiзарныя галавы з зялёнымi вачыма, якiя свяцiлiся i бесперапынна то адчынялiся, то зачынялiся1.

Пры распрацоўцы дынамiчнай буйнагабарытнай лялькi заўсёды неабходна загадзя вызначыць або вынайсцi спосабы яе руху. Напрыклад, у час падрыхтоўкi ХII Сусветнага фестывалю моладзi i студэнтаў у Маскве перад мастаком была пастаўлена задача зрабiць праект лялек-клоунаў вышынёй з пяцiпавярховы дом, якiя б хадзiлi. У вынiку творча-тэхнiчнай распрацоўкi створаны лялькi, асновай якiх сталі надзьмутыя, запоўненыя гелiем шары, адзiн з якiх быў тварам лялькi, а другi — целам, апранутым у адпаведны касцюм. Ступнямi ног лялькi сталi электракары, якiмi кiравалi вадзiцелi. У Iзмайлаўскiм парку (г.Масква) у навагоднiм прадстаўленнi “Неверагодныя прыгоды з краiны Велiканii” выходзiла лялька-велiкан пяцiметровай вышынi. Тэхнiчнае рашэнне гэтай лялькi патрабавала iнжынернага разлiку, таму што корпус з галавой i рукамi павiнен быў трымацца на “пераступаючых” нагах. Спатрэбiўся разлiк пружын, моцы шарнiраў i інш. Ляльку гэту вялi пяць чалавек, па чалавеку на кожную нагу i па аднаму — на кожную руку. Чалавек за спiной лялькi вёў трохкалёсную карэтку, якая падтрымлiвала корпус, ён жа з дапамогай шаста кiраваў галавой. Лялька вельмi ўражвала маленькiх гледачоў: велiкан хадзiў (адзiн крок быў роўны шасцi крокам чалавека), рухаў галавой, гаварыў”1.

Тэхнiчныя сродкi пры стварэннi буйнагабарытнай лялькi могуць быць самыя разнастайныя ў залежнасцi ад зададзеных канкрэтных умоў.

На навагоднiх святкаваннях у г.Хойнiкi Гомельскай вобласці адной з дзеючых асоб стала дзесяцiметровая Шчодра, спрадвечны персанаж беларускiх каляд, якая была зманцiравана на аўтавышцы. Галавой Шчодры быў трохметровы ў дыяметры шар, якi замацоўваўся над люлькай вышкi, аформленай пад каўнер лялькi. Яе рукамi былi два канаты, абцягнутыя бела-шэрай тканiнай, такой жа, як i кажушок Шчодры — сама аўтавышка. Далонi лялькi былi выпiлаваны з фанеры. Двое выканаўцаў пры дапамозе шастоў рухалi рукамi ў розных напрамках, а акцёр, якi сядзеў у люльцы аўтавышкi, рухаў галавой лялькi. Акрамя таго, мантаж лялькi на аўтавышцы дазваляў ёй падымацца i апускацца.

У вынiку такога арыгiнальнага тэхнiчнага рашэння значна павялiчылiся магчымасцi фiзiчных дзеянняў лялькi, i Шчодра магла вярцець галавой, падмiргваць, гаварыць, апускацца i падаваць руку гледачам, што аказвала вялiкае эмацыянальнае ўздзеянне.

Цiкавыя спосабы тэхнiчнага рашэння буйной лялькi зной- дзены ў г.Мiнску. Так, на свяце горада “Мiнск—87” у карнавальным шэсцi ўдзельнiчаў Змей-Гарыныч. Канструкцыя гэтай лялькi была пабудавана на аснове пажарнай машыны, на кабiне якой знаходзiлiся тры галавы “змея”, а на кузаве — тулава. Пасткi галоў “змея” расчынялiся, i гэта дало магчымасць акцёрам, якiя былi схаваны ў тулаве, зрабiць “змея” вогнедыхаючым: выканаўцы пры дапамозе дымавых шашак i вентылятараў выпускалi з пастак дым, а пры дапамозе лямпы-фарсункi — агонь.

Адной з каларытных буйных лялек на свяце “Мiнск—88” быў “вадзяны жук”, тэхнiчнае рашэнне якога вельмi простае: на машыну-палiвалку замацавалi каркас, тканiны якога былi размаляваны ў адпаведны тон. Галава “жука” ляжала на кабiне машыны, i акцёр, схаваны ў “тулаве”, варочаў “вачыма” лялькi ў розныя бакi. Калi “жук” выходзiў на бегавую дарожку стадыёна, у загадзя вызначаныя моманты з-пад яго ляцелi струменi вады. У гэты час шафёр, мяняючы цiск у сiстэме падачы вады, накiроўваў струменi на розныя адлегласцi. Вада ляцела прама на гледачоў. I ў вясёлай, радаснай атмасферы карнавалу дзеяннi-жарты “жука” выклiкалi вялiкае ажыў-ленне на трыбунах стадыёна, а гледачы на гэтае своеасаб-лiвае вiншаванне, жартоўнае “асвячэнне” вадой не крыў-дзiлiся, а, наадварот, смяялiся, добразычлiва ўспрымаючы нечаканы жарт, дружна апладзiравалi цiкавай, творчай знаходцы рэжысёра i мастака.

На сучасных святах не толькi буйныя, але i лялькi меншых памераў, распрацаваныя творцамi з вялiкай фантазiяй, набываюць разнастайныя якасцi: яны могуць тузацца, адкрываць рот, вярцець вачыма, рухаць вушамi i языком, надзiмацца прама на вачах у захопленых гледачоў i, калi гэта неабходна, узрывацца, выкiдваючы пры гэтым клубы дыму, дождж канфецi, серпанцiн, нават прывiтальныя лiстоўкi.

Такiм чынам, практыка прымянення ў святах лялек выяўляе паслядоўнасць этапаў работы:

— тэматычную накiраванасць лялькi i яе вобразнае рашэнне;

— асяроддзе, у якiм лялька будзе дзейнiчаць;

— форму i памеры лялькi;

— матэрыял, з якога лялька вырабляецца;

— спосаб дзеяння лялькi;

— iнжынерныя разлiкi канструкцыi;

— тэхналогiю вырабу лялькi.

Стварэнне лялькi — гэта складаны працэс, якi патрабуе ад мастака i iнжынера фантазii, выдумкi, кемлiвасцi, вызначэння спосабаў яе дынамiчнага дзеяння, прыдумвання розных нечаканых эфектаў. Умелае спалучэнне традыцый i наватарства, зварот да новых выразных прыёмаў дзеяння i яго тэхнiчнае забеспячэнне дадуць магчымасць пры дапамозе лялькi пераўтварыць святочнае асяроддзе, адыграць вялiкую ролю ў актыўным уздзеяннi на эмоцыi i розум тысяч людзей, аказаць на iх выхаваўчы ўплыў.