Размяшчэнне запрошаных гасцей і калектываў

У перадсвяточныя дні напярэдадні вялікіх урачыстасцей у гарадах і вёсках узнікаюць складанасці з размяшчэннем лю- дзей, таму што ў гэты перыяд атэлі звычайна перапоўнены.

Адміністратар або дырэктар свята ці вызначаны для вырашэння праблем засялення людзей член аргкамітэта павінен загадзя (за 1—3 месяцы да пачатку ўрачыстасцей) дамовіцца з гасцінічнай гаспадаркай горада (раёна) аб размяшчэнні на вызначаны тэрмін у пэўных атэлях усіх прыбываючых гасцей, а таксама ўдзельнікаў, якія заняты ў правядзенні свята.

Распрацоўваючы план размяшчэння ўдзельнікаў свята, спачатку трэба сабраць папярэднюю інфармацыю па гэтым пытанні.

1. Якія дэлегацыі, з якіх краін і абласцей прыбываюць на свята, іх агульная колькасць, мужчынскі і жаночы склад дэлегацый, сацыяльны і прафесійны статус удзельнікаў. Гэтую інфармацыю можна ўзяць з дасье на творчыя калектывы і дэлегацыі гасцей, якія распрацоўваюцца ў аргкамітэце.

2. Якія гасцініцы могуць прыняць людзей на вызначаны перыяд і якую колькасць, кошт пражывання на аднаго чалавека і агульны кошт іх утрымання. Калі атэльная гаспадарка не ў стане задаволіць неабходныя патрэбы ў гэтым плане або каштарыс не вытрымлівае выдаткаў на размяшчэнне гасцей, адміністратару свята трэба звярнуць увагу на інтэрнаты вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Справа ў тым, што амаль пры кожным інтэрнаце маюцца гасцінічныя комплексы або пакоі, таму частку дэлегацый можна размясціць і тут. У інтэрнатах (пры дамоўленасці з кіраўніцтвам арганізацыі) дэлегацыі гасцей можна размясціць не толькі ў гасцінічных пакоях і комплексах, а і ў пакоях навучэнцаў, студэнтаў, рабочых. Гэта няцяжка зрабіць, напрыклад, у той час, калі навучэнцы або студэнты знаходзяцца на зімовых ці летніх канікулах. У іншыя тэрміны або ў экстрэмальных сітуацыях адміністрацыя можа дамовіцца з пражываючымі ў інтэрнаце людзьмі аб іх кароткатэрміновым перасяленні ў іншыя ўжо заселеныя пакоі, а на вызваленыя месцы размясціць гасцей.

Умовы пражывання ў інтэрнаце могуць быць больш простыя і менш камфартабельныя, чым у атэлі, але гэта, па-першае, дазволіць станоўча вырашыць пастаўленую праблему, а па-другое, выдаткі на размяшчэнне будуць значна меншымі, чым у атэлях.

У некаторых выпадках арганізатары свят практыкуюць размяшчэнне запрошаных удзельнікаў свята ў турыстычных лагерах, санаторыях і дамах адпачынку. Для гэтага набываюць на неабходны тэрмін патрэбную колькасць пуцёвак, што адразу можа вырашыць як праблему размяшчэння, так і харчавання.

Сабраўшы папярэднюю інфармацыю, адміністратар разам з дырэктарам свята распрацоўваюць план размяшчэння ўдзельнікаў і зацвярджаюць яго ў старшыні аргкамітэта. Затым здзяйсняецца дагавор з адміністрацыяй атэляў або прадпрыемстваў ці навучальных устаноў, дзе маюцца інтэрнаты, і пералічваюцца на іх рахунак грошы за пражыванне ўдзельнікаў свята на вызначаны перыяд.

Позняй вясной або ранняй восенню (калі надвор’е не халоднае) удзельнікаў свята можна размясціць у дзіцячых летніках, якія ў гэты час яшчэ або ўжо не працуюць. Харчаванне ўдзельнікаў можна наладзіць непасрэдна ў летніку або ў бліжэйшых пунктах грамадскага харчавання.

У летні перыяд дапамогу ў вырашэнні праблемы размя- шчэння гасцей можа аказаць спорткамітэт або турысцкая арганізацыя. У гэтым выпадку ў вызначанай арганізацыі згодна дамоўленасці неабходна арэндаваць турысцкія палаткі з драўлянай падстаўкай, спальныя мяшкі і пасцельныя рэчы (падушкі, прасціны, коўдры і інш.). У маляўнічым месцы (у лесе, на беразе возера, ракі) будуюць палатачны гарадок, што дае магчымасць сабраць усе дэлегацыі ў адным месцы. Да палатачнага гарадка трэба правесці часовую лінію электраперадач, зрабіць (згодна з санітарнымі правіламі) калодзеж або наладзіць штодзённы прывоз свежай вады. Харчаванне ўдзельнікаў на гэтым часовым жылым аб’екце можа адбывацца па спецыяльным графіку падвозу людзей на аўтобусах да пэўнага пункта грамадскага харчавання. Або наладжваецца работа паходнай кухні, якую можна арандаваць у вайсковым падраздзяленні. Такі ж палатачны гарадок мэтазгодна паставіць непадалёку ад здраўніц, дзе і будуць харчавацца людзі.

Вечарам у такіх палатачных гарадках можна арганізаваць разнастайныя культурныя мерапрыемствы (кастры дружбы, прагляд кінафільмаў на адкрытым паветры, сустрэчы з цікавымі людзьмі, песенныя фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы і інш.).

Пабудова палатачнага гарадка дасць магчымасць у час правядзення свята вырашыць многія задачы: размяшчэння і харчавання людзей, арганізацыі вольнага часу, своечасовага збору на рэпетыцыі і інш.

У раённых цэнтрах, дзе гасцініцы невялікія па колькасці месцаў, адной са своеасаблівых формаў размяшчэння людзей можа з’явіцца арганізацыя перадсвяточнага фестывалю мастацтваў, так званыя тыдні культуры на вёсцы. У гэтым выпадку па спецыяльным графіку запрошаныя на свята калектывы ў перадсвяточныя дні даюць канцэрты ў загадзя вызначаных вёсках. Тут яны харчуюцца ў мясцовай сталовай, а на начлег размяшчаюцца ў мясцовай гасцініцы, інтэрнаце, школе або па хатах жыхароў. Усе гэтыя пытані трэба раней узгадніць з кіраўнікамі мясцовага сельсавета ці гаспадаркі. Канцэрты ў вёсках можна даваць бясплатныя. У гэтым выпадку выдаткі на ўтрыманне гасцей бярэ на сябе гаспадарка.

Часам такія канцэрты адбываюцца на платнай аснове з папярэднім продажам білетаў. Адной з формаў распаўсюджвання білетаў можа быць прамы разлік гледачоў праз касу, другой — пастанова сельскага сходу аб агульным праглядзе канцэрта з утрыманнем яго кошту ў канцы месяца з зарплаты работнікаў гаспадаркі або выплаты кошту канцэрта са сродкаў гаспадаркі, запланаваных на культмасавую работу. Частка грошай пералічваецца на рахунак творчага калектыву, а частка — у бухгалтэрыю гаспадаркі за ежу і жыллё. Размяшчэнне ўдзельнікаў творчых калектываў на начлег па хатах можа здзяйсняцца як на грамадскіх пачатках па дамоўленасці з асобнымі гаспадарамі, так і на платнай аснове за кошт гаспадаркі, якая прымае калектыў. Плата за начлег у такіх выпадках адбываецца па дамоўленасці бакоў.

У падобным варыянце размяшчэння ўдзельнікі творчага калектыву днём маюць магчымасць прыбыць на рэпетыцыю свята ў раённы цэнтр, а вечарам працягваць сваю гастрольную паездку, але ўжо ў іншай гаспадарцы. Такая практыка даволі распаўсюджана ў многіх раёнах краіны, дзе набыты пэўны вопыт у гэтым плане паказвае, што арганізацыя перадсвяточнага тыдня культуры на вёсцы дапамагае вырашыць пры падрыхтоўцы свята поліфункцыянальныя задачы, спрыяе якаснаму правядзенню святочнай дзеі.

Пры засяленні членаў замежных дэлегацый у атэль неабходна ўлічваць перш за ўсё ўзаемаадносіны прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Каб пазбегнуць канфліктных сітуацый, не рэкамендуецца размяшчаць на адным паверсе прадстаўнікоў ваюючых паміж сабой дзяржаў.

Звесткі аб размяшчэнні калектываў і асобных гасцей даводзяцца да ведама кіраўнікоў груп: калі госці павінны засяліцца (хто і ў які нумар), а калі пакінуць месца пражывання. Часам куратару аддаюць толькі агульны пералік месцаў пражывання, а ўжо сам працэс рассялення адбываецца пры непасрэдным удзеле кіраўніка дэлегацыі. Але ў любым выпадку куратар нясе адказнасць за размяшчэнне сваёй дэлегацыі: згодна прадстаўленага яму плана ён забяспечвае сустрэчу дэлегацыі, суправаджае яе да месца размяшчэння і дапамагае рассяліць людзей, вырашаючы пры гэтым розныя пытанні.