Акцэнталагічныя асаблівасці

Пэўныя цяжкасці ў правільнасці пастаноўкі націску выклікае яго рухомасць, магчымасць размяшчацца на любым складзе (двор – на двары´).

Адной з прычын няправільнай пастаноўкі націску ў беларускіх словах з’яўляецца ўплыў рускай мовы. Параўнаем, бел. вярба′ - рус. ве′рба, дачка′ - до′чка і інш.

Некаторыя беларускія словы маюць адрозны націск ад адпаведных слоў з рускай мовы:

 

Табліца 3. Націск у беларускай і рускай мовах

 

Беларуская мова Руская мова
аднаразо′вы однора′зовый
адско′чыць отскочи′ть
бо′сы босо′й
во′льха ольха′
вятры′ ве′тры
галаву′ (В. скл.) го′лову
гліня′ны гли′няный
дасу′ха до′суха
зва′ла, гна′ла, бра′ла звала′, гнала′, брала′
зво′ніць (3-я ас.) звони′т
іме′нны именно′й
імя имя
кі′дацца кида′ться
ко′ней коне′й
крапіва′ крапи′ва
марынава′ны марино′ванный
Беларуская мова Руская мова
не′сці нести′
паро′ўну по′ровну
па-старо′му по-ста′рому
пяцёра пятеро
рэ′мень реме′нь
спі′на спина′
стапта′ны сто′птанный
старэ′нькі ста′ренький
чацвёра че′тверо
шаўко′вы шёлковый
шэ′сцьдзесят шестьдеся′т

 

На жаль, не ўсе пытанні айчыннай акцэнталогіі на сёння вырашаны. У цяжкіх выпадках варта звяртацца да слоўнікаў і даведнікаў.

Арфаграфічныя асаблівасці

У адрозненне ад рускай арфаграфіі ў беларускай мове:

1) адсутнічае літара ъ, у якасці раздзяляльнага знака ў ёй выкарыстоўваецца апостраф (параўн.: сям’я – семья, пад’езд – подъезд і інш.);

2) на месцы рускай літары щужываецца спалучэнне шч(щека – шчака, щука – шчупак, щавель - шчаўе);

3) замест рускай літары и заўсёды пішацца літара і. Гэта літара беларускай графікі выкарыстоўвалася і ў рускім пісьме да 1918 г.

У беларускай мове больш паслядоўна захоўваецца фанетычны прынцып (паводле вымаўлення) напісання слоў (параўн: бел. сэрца, сонца, позні – рус. сердце, солнце, поздниий), а ў рускай мове пераважае марфалагічны (апорнае напісанне, праверка спрэчнага для напісання месца словам з моцнай пазіцыяй, напрыклад, бел. перакладчык перакладаць).

У гэтым раздзеле мы таксама закранём некаторыя асаблівасці новых правілаў беларускага правапісу, якія ўступілі ў дзеянне з 1 верасня 2010 года.

Так, улетку 2008 года быў зацверджаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які накіраваны на стабілізацыю правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, выдадзеныя паводле прынятага закону, не нясуць прынцыповых зменаў у правапісе, у асноўным яны пашыраюць фанетычны прынцып пісьма, і словы іншамоўнага паходжання, паводле правілаў, падпарадкуюцца беларускім моўным законам.

Звернем увагу на некаторыя найбольш істотныя змены і ўдакладненні. Да прыкладу, такая важная асаблівасць беларускай мовы, як аканне (правапіс на месцы гукаў [о], [э] пасля цвёрдых зычных у ненаціскных складах літары а) пашыраецца ва ўсіх словах, незалежна ад іх паходжання: адажыа, трыа, Токіа, Ватэрлоа.

Ненаціскныя заканчэнні слоў -эль, -эр у запазычаных лексемах пішуцца як –аль, -ар: камп’ютар, лідар, менеджар. Яканне (правапіс на месцы [э], [о] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам літары я) распаўсюджваецца на словы і вытворныя ад іх, якія раней традыцыйна пісаліся праз е: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць.

Некаторыя змены ёсць у правапісе спалучэнняў галосных у запазычаных словах. Так, гукавое спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання перадаецца ётавымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх, напрыклад, на пачатку слова: Нью-Ёрк, ёгурт, ёг.

Сфармулявана правіла напісання літары э на канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імёнаў і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, якое раней не было дакладна вызначана: купэ, рэнамэ, фрыкасэ, кашнэ, Мерымэ, Морзэ, Душанбэ, Хасэ, але: філе, камюніке, піке, сальта-мартале.

Правілы ўдакладнілі правапіс ў (нескладовага) і у (складовага). Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літарным вымаўленнем пасля галосных пры чаргаванні [у] з [ў]:

1) у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): ва ўніверсітэце, ля ўніверсітэта (параўн.: перад універсітэтам, з універсітэта), па ўзнагароду (без узнагароды) і інш;

2) у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыторыя, аўдыенцыя, клаўзула, паўза, раўнд, аўра.

Ненаціскное у пішацца:

1) на канцы запаўзычаных слоў: фрау, ноу-хау, ток-шоу, Дахау, Ландау;

2) у заканчэннях -ум, -ус у запазычаных словах, у якіх гук [у] не чаргуецца з [ў]: прэзідыум, кансіліум, калёквіум, медыум;

3) калі гук [у] знаходзіцца пад націскам: да ýрны, Люблінская ýнія, норма і ýзус, аýл, баýл;

У правапіс, у адпаведнасці з новымі правіламі, унесены ўдакладненні наконт некаторых спалучэнняў зычных у назоўніках іншамоўнага паходжання ў бок іх спрашчэння: кантрасны (параўн.: кантраст), фарпосны (параўн.: фарпост), кампосны (параўн.: кампост), вялікай і малой літар, правапісу мяккага знака і апострафа, абрэвіятур, некаторых марфем (прыставак, суфіксаў) і інш.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” дзейнічае з верасня 2010 года. Натуральна, што трэба, каб прайшоў некаторы час для замацавання новых ведаў па арфарграфічных нормах сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Не выключана, што моўнае ўжыванне паводле новага правапісу можа ўнесці пэўныя карэктывы па ўдасканаленню новага закону, аднак ужо сёння можна зрабіць выснову пра тое, удакладненыя правілы правапісу павінны станоўча адбіцца на агульным узроўні сістэмы нацыянальнай арфаграфіі і мовы ў цэлым [35; 41].

Лексічныя асаблівасці

Як адзначаюць навукоўцы, “прымусіць” жывое слова падпарадкоўвацца канкрэтнаму правілу, ды яшчэ ў момант гутаркі вельмі цяжка. На выбар слова ў камунікацыйнай сітуацыі ўплывае шмат фактараў, не апошняе месца сярод якіх належыць экстралінгвістычным (умовы, час камунікацыі; узрост, статус прамоўцаў; афіцыйнасць-сяброўскасць зносінаў і інш.). Аднак лексічная норма прымушае пільна ставіцца да выбару неабходнага слова ў наступных выпадках, напрыклад: вырошчваць бульбу, але гадаваць дзіця; узводзіць палац, але ставіць кароўнік; пражыць каву, але смажыць мяса; заплюшчыць вочы, але закрыць вочы рукамі; скончыць працу, але выканаць заданне, а таксама толькі зачыняць дзверы.

Трэба мець на ўвазе, што менавіта правілы словаўжывання абмяжоўваюць выкарыстанне іншамоўных слоў, бо макаранічная мова (залішне “расквечаная” адаптаванымі да арфаэпічнай сістэмы нацыянальнай мовы запазычаннямі: хаус, чао, хэлло) – паказчык няведання свайго лексічнага скарбу. А ў беларускай мовы ён сапраўдны адметны і ўнікальны.

Яркай асаблівасцю беларускай лексічнай сістэмы з’яўляецца так званая
безэквівалентная лексіка
[2][4]

, якая перакладаецца на рускую мову і іншыя славянскія мовы апісальнымі канструкцыямі: клявец ‘молоток для отбивания кос и насечки жерновов’, брама ‘главный вход во двор, город, усадьбу и подобное в виде двухстворчатых крытых сверху ворот’, лецішча ‘дом, где живут только летом’, мураванка ‘постройка из камня, кирпича’, дзядзінец ‘огороженный двор вокруг какого-либо строения’, цвінтар ‘огороженное место около церкви, церковный двор’, гарбарня ‘кожевенный завод’, калядніца ‘рождественская ночь’, клёк ‘здравый смысл’, дзяды ‘древний обряд поминания умерших, день этого поминания’.

Шмат слоў у беларускай мове знешне супадае з рускай мовай і са словамі іншых славянскіх моў або мае блізкае падабенства, аднак адрозніваецца ад іх па значэнні (такія словы называюцца міжмоўнымі амонімамі):

1) сінанімічныя адрозненні: жыццёжитьё ‘існаванне’, вока (нейтр.) – око (узвыш., паэтыч.);

2) антанімічныя адрозненні: блага ‘дрэнна’ – рус. благо ‘добра’, водар – польскае odоr ‘дрэнны пах, смурод’, чэрствы – чэшскае čerstvy ‘свежы’;

3) адрозненні ў суадносінах цэлае-частка і частка-цэлае: час – рус. час ‘гадзіна’, балота – польск. błoto ‘бруд, гразь’; нядзеля – рус. неделя ‘тыдзень’, кола – чэш. kolo ‘веласіпед’;

4) адрозненні ў абазначэнні розных рэалій прыкладна адной тэматыкі: гара – балгарскае гора ‘лес’, дыван – рус. диван ‘канапа’, стул – чэш. stul ‘стол’, плот ‘агароджа’ – рус. плот ‘плыт’;

5) адрозненні ў абазначэнні аддаленага падабенства: квас – польск. kwas ‘кіслата’, пячэнне – сербск. печенjе ‘смажанае мяса’;

6) поўнае сэнсавае адрозненне знешне падобных слоў: ліванец – чэш. livanec ‘блін’, гусляр – польск. guślarz ‘чараўнік, вядзьмак’.

Міжмоўныя амонімы называюць фальшывымі сябрамі перакладчыка. Асаблівасці іх значэння важна ведаць тым, хто хоча дасканала авалодаць як беларускай, так і рускай мовамі.

 

Табліца 4. Некаторыя міжмоўныя амонімы ў беларускай і рускай мовах

Беларуская мова Рускі адпаведнік Руская мова Беларускі адпаведнік
адказ ответ отказ адмова
гарбуз тыква арбуз кавун
безадказны безответственный безотказный безадмоўны
бяспечны безопасный беспечный бесклапотны
благі плохой благой добры
блудзіць блуждать блудить распуснічаць
бараніць защищать боронить баранаваць
буйны′ крупный, видный бу′йный шалёны; парывісты
вячэраць ужинать вечереть вечарэць
вітаць приветсвтовать витать лунаць
выкачаць обвалять выкачать выпампаваць
грэбля гать гребля веславанне
дурэць шалить дуреть дурнець
жало′ба траур жа′лоба скарга
жаль скорбь жаль шкада
калоша штанина калоша галёш
качка утка качка гайданка
калёсы (толькі ў мн. ліку) телега колёса колы
карысны полезный корыстный карыслівы
нагадаць напомнить нагадать наваражыць
нядзеля воскресенье неделя тыдзень
маніць обманывать манить клікаць, зваць
папытацца спросить попытаться паспрабаваць
прозвішча фамилия прозвище мянушка

 

Такім чынам, каб не патрапіць у моўную пастку, трэба асэнсавана карыстацца моўным багаццем.