Тэма 14. Беларусь у міжваенны час і напярэдадні вайны (1921-1941 гг.).

1. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 1920-1930-я гг. (палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў, стаўленне да рэлігіі і цэрквы).

2. Станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры. Палітыка беларусізацыі.

3. Прычыны і пачатак Другой Сусветнай вайны.

4. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

 

Пытанні да дыскусіі:

1. Эвалюцыя савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў БССР.

2. Геапалітычнае становішча Беларусі ва ўмовах нарастання пагрозы Другой сусветнай вайны.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Палітыка беларусізацыі: яе мэты, шляхі правядзення і вынікі.

2. Культурнае развіццё БССР у 1920-1930-я гг.: здабыткі і негатыўныя з’явы

 

Літаратура: [].

 

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што БССР у 1922 годзе – гэта 6 паветаў былой Мінскай губерні з колькасцю насельніцтва 1,5 млн. чалавек. Першачаргова было неабходным вярнуць у склад БССР адабраныя ў студзені 1919 года тэрыторыі. У сакавіку 1924 года да БССР было вернута 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. У лістападзе 1926 г. было прынята рашэнне аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, у перадачы паўночных паветаў было адмоўлена. З 1926 года БССР уяўляла больш-менш адзіны культурны і гаспадарчы рэгіён, на тэрыторыі якого пражывала пераважная большасць прадстаўнікоў адной нацыі – беларусаў. Правядзенне адміністрацыйнай рэформы.

У 1927 г. была прынята новая Канстытуцыя БССР. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меньшасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія).

Студэнты павінны засвоіць, што з пачаткам НЭПа ў 1921 годзе адбылася адносная дэмакратызацыя жыцця, наколькі гэта дазваляла аднапартыйная сістэма. Але ў канцы 1920-х гг усталёўваліся загадныя метады кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Бюракратычны апарат зліўся з партыйным і пераўтварыўся па сутнасці ў асобны сацыяльны клас. У кіраванні спалучаліся метады татальнай цэнтралізацыі, адміністрацыйна-загадныя метады кіравання і дзяржаўны тэрор у дачыненні да незадаволеных і патэнцыяльна незадаволеных асоб. Гэта прывяло да масавых чыстак арганізацый і ўстаноў ад “ворагаў народа” і палітычных рэпрэсій. Сялянам было забаронена пакідаць без дазволу калгасы. Па сутнасці, гэта было мадэрнізаванае прыгонніцтва.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся яшчэ ў 20-я гады, у дачыненні да праваслаўнага, каталіцкага і інш. духавенства. З кожным годам карны механізм паскараўся, дасягнуўшы піка ў 1937 годзе.

Цяжкія страты панесла навука – 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР, у тым ліку прэзідэнты акадэміі П.В.Горын, І.З.Сурта, акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевіч, І.А.Пятровіч, Б.Тарашкевіч. Былі абвінавачваны ў стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны сыны першага прэзідэнта акадэміі навук У.Ігнатоўскага Юрый і Валянцін. Расстраляны так сама пісьменнікі М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, М.Чарот, П.Галавач і інш. Не пазбеглі арышту Я.Колас і Я.Купала. З далучэннем да БССР Заходняй Беларусі там адразу падвегліся рэпрэсіям асаднікі, леснікі, каталіцкае духавенства, супрацоўнікі польскай адміністрацыі. Ахвярамі ўнутранага тэрору сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і простыя людзі.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны адзначыць, што ў галіне культуры важнай задачай для беларускага савецкага ўрада стала ліквідацыя непісьменнасці. Беларуская навука развівалася ў межах вышэйшых навучальных устаноў – БДУ, Беларускага палітэхнічнага інстытута (1922 г.), Беларускай сельскагаспадачай акадэміі (1925 г.), Віцебскага ветэрынарнага інстытута (1924 г.) і інш. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры, які стаў падмуркам для ўтварэння ў 1929 годзе Акадэміі навук. У 1922 адчыніла дзверы Дзяржаўная бібліятэка БССР, наладжвалася музейная справа.

У 20-я гады росквіт атрымала беларуская літаратура. Дзейнічаюць беларускія літаратурныя гурткі – "Маладняк" (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), "Узвышша" (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і "Полымя" (Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.), рускі “Звенья” і г.д. З’явіліся новыя імёны – К.Чорны, К.Крапіва, М.Зарэцкі, М.Лынькоў і інш., разам са сталымі (Я.Колас, Я.Купала, З.Бядуля, Ц.Гартны) яны шукалі новыя шляхі ў мастацтве. Гэта быў перыяд адноснай свабоды творчасці, які скончыўся ў канцы 20-х гадоў. Былі закладзены асновы для развіцця жывапісу, графікі, скульптуры, архітэктуры, тэатральнага мастацтва, кіно.

З ліпеня 1924 года кампартыя Беларусі афіцыйна аб’явіла аб пачатку палітыкі “беларусізацыі”. Перадумовы пачатку “беларусізацыі”.

Беларусізацыя мела вызначаныя накірункі – перавод справаводства, адукацыйных устаноў на беларускую мову, абавязковае ўвядзенне прадмета “беларусазнаўства” ў вучэбныя праграмы, вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “карэнізацыі”). Пры гэтым не абмяжоўвалі магчымасці для развіцця культуры іншых нацыянальнасцей БССР.

Беларусізацыя мела станоўчыя вынікі як для культурнага развіцця, так і для палітычнай стабілізацыі на Беларусі. Прычыны згортвання палітыкі беларусізацыі.

Разглядаючы трэцяе пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што з сярэдзіны 1930-х гадоў міжнародны клімат значна пагоршыўся. Было відавочна, што рыхтавалася вялікая вайна. 23.08.1939 года ў Маскве пасля імклівай падрыхтоўкі было заключана пагадненне з Германіяй аб ненападзе тэрмінам на 10 год. Да дагавору прыкладваліся сакрэтныя пратаколы, якія размежавалі сферы ўплыву Германіі і СССР у Еўропе. 01.09.1939 года Германія напала на Польшчу, а 3 верасня Германіі аб’явілі вайну Англія і Францыя, пачалася другая сусветная вайна. Студэнты павінны зразумець прычыны вайны і прааналізаваць падзеі 1939-1941 гг.

Раскрываць апошняе пытанне студэнтам неабходна пачаць з падзеяў 17.09.1939 года, калі быў аддадзены загад Чырвонай Арміі перайсці мяжу Польшчы і заняць Заходнюю Беларусь, узяць пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

28.09.1939 года зноў у Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР і Германіяй аб сяброўстве і мяжы. 22.10.1939 года адбыліся выбары прадстаўнікоў народнага сходу, які сабраўся 28-30.10.1939 года ў Беластоку. Сход прасіў ВС СССР і ВС БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. У адказ 2.11.1939 года ВС СССР і 12 лістапада ВС БССР прынялі адпаведныя законы. Уз’яднанне беларускіх земляў было актам гістарычнай справядлівасці. Беларускі народ атрымаў магчымасць развівацца ў межах аднага дзяржаўнага ўтварэння.