Бычок (або парсючок, авечка) — 1 адзінка

2. Казляня — 1 адзінка

3. Гусі (куры, качкі, пеўні) — 5 адзінак

4. Кураня — 10 адзінак

5. Рыба свежая — 5 пакетаў па 1 кг.

6. Мёд — 5 банак па 200 гр.

7. Яблыкі — 10 пакетаў па 1 кг.

8. Морква — 10 пакетаў па 1 кг.

9. Бульба — 30 пакетаў па 1 кг.

10. Буракі — 10 пакетаў па 1 кг.

11. Малако — 10 пакетаў па 1 л.

12. Граблі — 3 шт.

_________________________________________________

Разам 100 прызоў

 

Ажыццяўляючы падобным чынам набор тавараў, можна ствараць рознатэматычныя серыі, напрыклад “дары леса”, “заалагічная”, “гаспадарчая”, “агародная”, “вадзяное царства” і інш. Наладжванне розыгрышу рознатэматычных серый спрыяе павышанай зацікаўнасці людзей, што, урэшце, прыводзіць да поспеху гэтага камерцыйнага мерапрыемства. Часам правядзенне такіх латарэй суправаджаецца выступленнямі фальклорных калектываў, музычных ансамбляў, якія перад пачаткам розыгрышу кожнай серыі выконваюць песні, народныя музычныя творы адпаведнай тэматыкі, здзяйсняюць моўную рэкламу тавараў, а сам працэс розыгрышу прызоў суправаджаюць адпаведнай музыкай.

У працэсе правядзення латарэі ў прызавы барабан неабходна закладваць выйгрышныя білеты выключна па серыях, бо ў адваротным выпадку, калі будуць закладзены адразу ўсе білеты, можа адбыцца так, што каштоўныя прызы будуць атрыманы ўдзельнікамі ў пачатку розыгрышу, а астатнія страцяць цікавасць да ўдзелу ў гэтай гульнёвай форме. Таму да таго часу, пакуль усе білеты адной серыі не будуць разыграны, закладваць у барабан білеты наступнай серыі не рэкамендуецца. Серыі з найбольш каштоўнымі прызамі рэкамендуецца разыгрываць у самым канцы правядзення латарэі, каб удзельнікі былі больш заахвочаны ў набыцці білетаў, якія засталіся ад папярэдняга продажу.

2. Што тычыцца гандлёвых атракцыёнаў і народных забаў, то для ўзнагароджвання (за выкананне ўмоў удзелу ў іх) варта набыць недарагія прызы, таму што і кошт удзелу ў падобных формах павінен быць танным: гэта дасць магчымасць людзям з невялікімі матэрыяльнымі магчымасцямі паспытаць сваё шчасце. Як паказвае практыка, набыццё прызоў для правядзення гандлёвых атракцыёнаў і забаў трэба рабіць, зыходзячы з разліку 1:3. Звычайна на свяце на аднаго выйграўшага ўдзельніка ў сярэднім прыходзіцца па меншай меры па тры прайграўшых, а пры ўмове строгага выканання культарганізатарамі правілаў правядзення дзеі колькасць пройгрышных удзельнікаў атрымліваецца значна большай. Для заахвочвання ўдзельнікаў у пачатку і канцы работы атракцыёнаў рэкамендуецца разыгрываць больш дарагія прызы, а калі пачнецца масавы наплыў удзельнікаў — больш танныя, але час ад часу разыгрываць і каштоўныя прызы, каб падтрымліваць цікавасць да ўдзелу ў атракцыёне.

Для арганізацыі ўдзелу гледачоў у дзеянні атракцыёнаў неабходна наладзіць выпуск, а таксама папярэдні і бягучы продаж білетаў, завераных пячаткай фінансавых органаў або аддзела культуры ці Палаца культуры па ўзгадненні з фінансавымі органамі. Каб пазбегнуць махлярства з боку несумленных культарганізатараў, у час дзеяння атракцыёна трэба здзяйсняць кантроль за продажам білетаў або наладзіць цэнтралізаваны продаж білетаў з касы, культарганізатары будуць у гэтым выпадку толькі праводзіць гульнёвае дзеянне.

3. Запрашэнне на свята прафесійных груп культарганізатараў.

У апошнія гады на тэрыторыі Беларусі ствараюцца групы культарганізатараў, маючых ліцэнзіі на сваю дзейнасць, якія не толькі на святах, але і на штотыднёвых кірмашах прапануюць жыхарам платныя атракцыёны. У час святочных дзеянняў такія калектывы па папярэдняй дамоўленасці з арганізатарамі свята наладжваюць работу платных і бясплатных атракцыёнаў, у якіх разыгрываецца даволі многа прызоў.

Запрашэнне прафесійных груп культарганізатараў, якія знаходзяцца на самастойным балансе, дазваляе рашыць задачу фінансавання пэўнай часткі масава-гульнёвых дзей без фінансавых выдаткаў з боку аргкамітэта свята, што памяншае агульны каштарыс.

4. Сувязь аргкамітэта са спонсарскімі арганізацыямі.

У перыяд падрыхтоўкі свята адміністратар або камерцыйны дырэктар наладжвае кантакты з дзяржаўнымі, кааператыўнымі арганізацыямі, прыватнымі фірмамі і асобамі, якія прапануюць стаць спонсарамі свята. Гэтыя сувязі здзяйсняюцца, як правіла, на ўзаемавыгадных умовах: на аснове дагавораў арганізатары свята абавязваюцца ажыццявіць шырокую рэкламу розных аспектаў работы і тавараў спонсарскай арганізацыі, а яна, у сваю чаргу, выдзяляе пэўныя сродкі для набыцця сувеніраў або прапануе ў якасці прызоў тавары сваёй фірмы. Спонсарамі могуць выступаць не толькі дарослыя, але і дзіцячыя творчыя калектывы. Так, малюнкі ці вырабы народных рамёстваў, выкананыя вучнямі сярэдніх школ, школ мастацтваў, удзельнікамі мастацкіх гурткоў Палацаў дзяцей і моладзі, можна выкарыстаць у якасці прызоў падчас правядзення гульнёвых дзей у дзіцячай зоне свята.

5. Стварэнне незваротнага фонду.

Пры фінансаванні масавага свята трэба ўлічваць, што вартасць пэўнай часткі прызоў не вяртаецца ў касу свята, гэта значыць арганізатары нясуць прамыя выдаткі. Да такіх выдаткаў можна аднесці рознага роду падарункі і сувеніры гасцям свята і запрошаным калектывам, а таксама прызы, якія атрымліваюць удзельнікі розных конкурсаў, турніраў, спартыўных гульняў і гульнёвых праграм. На гэтую групу прызоў грошы вылучаюцца непасрэдна з каштарыса свята, таму рэжысёру і загадчыку пастановачнай часткі трэба пераканаўча абгрунтаваць неабходнасць набыцця тых ці іншых прызоў.

Пасля вырашэння ўсіх вышэйазначаных задач рэжысёр разам з загадчыкам пастановачнай часткі складае агульны пералік прызавога фонду, які зацвярджаецца галоўным рэжысёрам і перадаецца ў бухгалтэрыю свята.

Набыццём прызоў займаецца давераная асоба, назначаная дырэктарам свята. Пасля іх набыцця прызы прымае рэквізітар, бутафор або касцюмер. У выпадку, калі такія адзінкі ў каштарысе не прадугледжаны, прыём прызоў можа здзяйсняць любая давераная асоба, якая дае распіску аб адказнасці за прынятыя каштоўнасці з пералікам усіх адзінак прызавога фонду і іх кошту.

За некалькі дзён да пачатку або ў дзень правядзення свята рэжысёр падзяляе прызы, вызначаныя для кожнай канкрэтнай масава-гульнёвай дзеі, і перадае іх пад распіску культарганізатарам.

Пасля папярэдніх рэпетыцый і непасрэдна перад пачаткам святочнага дзеяння рэжысёр ставіць перад культарганізатарамі не толькі творчыя, але і тэхнічныя задачы.

1. Абавязковасць выканання вызначаных разлікам тэрмінаў работы, таму што менавіта гэта з’яўляецца неабходнай умовай працягласці свята ў часе і падтрымання яго тэмпарытму.

2. Беражлівасць у адносінах да прызоў.

Пасля завяршэння свята бухгалтар, галоўны рэжысёр, рэжысёр масава-гульнёвых дзей і культарганізатары складаюць і падпісваюць акт спісання прызоў незваротнага фонду, выкарыстаных у свяце. Гэты акт зацвярджаецца дырэктарам свята.


VІІ. РЭКЛАМА СВЯТА

 

Рэклама — гэта вiд дзейнасці, мэтай якой з’яўляецца рэалiзацыя грамадскiх, сацыяльных i iншых задач шляхам распаўсюджвання iнфармацыi. Рэкламная iнфармацыя фармiруецца такiм чынам, каб уздзейнічаць на масавую або iндывiдуальную свядомасць, выклiкаючы зададзеную рэакцыю выбранай сацыяльнай аўдыторыi.

Рэклама — адзiн з важных аспектаў дзейнасцi аргкамiтэта ў падрыхтоўцы жыхароў мясцовасцi да ўспрымання i актыўнага ўдзелу ў святочных дзеяннях. Рэклама свята складаецца з комплексу разнастайных мерапрыемстваў iнфарма-цыйнай i творчай накiраванасцi i рэалізуецца па розных каналах.

1. За пэўны час (месяц цi два) да правядзення свята сродкi масавай iнфармацыi (прэса, радыё, тэлебачанне) даюць шэраг артыкулаў, iнтэрв’ю, перадач аб будучым свяце i калектывах, якiя будуць на iм выступаюць.

У гэты перыяд у мясцовых клубах, Дамах i Палацах культуры мэтазгодна правесцi серыю тэматычных вечароў, вусных часопісаў, якiя б адлюстроўвалi накiраванасць будучага свята. Напрыклад, калi рыхтуецца свята бальнага танца, можна арганiзаваць вечары, прысвечаныя гiсторыi паходжання i развiцця асобных танцаў — вальса, факстрота, танга i іншых; пры падрыхтоўцы свята камернай, духавой цi эстраднай музыкi гледачам можна прапанаваць вечары-партрэты беларускiх i замежных кампазiтараў — прапагандыстаў музыкi — або вусныя часопісы, прысвечаныя музычным iнструментам; пры арганiзацыi народнага свята, на клубных вечарах удзельнiкаў можна зацiкавiць вiктарынамi i гульнёвымi праграмамi, якiя адлюстроўваюць традыцыi правядзення канкрэтнага каляндарнага свята перад святам Перамогi або Днём незалежнасцi Беларусi можна наладзiць сустрэчы з ветэранамi Вялiкай Айчыннай вайны i інш.

З гэтымi ж мэтамi за тыдзень—два да свята ў адпаведнасцi з накiраванасцю будучай дзеi можна арганiзаваць фестываль мастацтва, разнастайныя конкурсы (выканаўцаў прыпевак, гумару, патрыятычнай песнi i інш.), пераможцы якiх будуць выступаць на свяце. Калi ёсць магчымасць, то запрошаным творчым калектывам з iншых раёнаў можна прапанаваць прыняць удзел у тыднi культуры на вёсцы, дзе яны выступяць са сваiмi канцэртнымi праграмамi i запросяць жыхароў на свята.

2. Адной з формаў рэкламы з’яўляецца ўдзел жыхароў у падрыхтоўцы святочных дзей. Так, рэпетыцыi мастацкай самадзейнасцi, выраб карнавальных касцюмаў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, трэнiроўкi спартыўных калектываў нясуць у сабе пэўны iнфармацыйны зарад. Вельмi важна, каб арганiзатары даводзiлi да ведама ўсiх удзельнiкаў, што, дзе i ў якi час будзе адбывацца, а ўдзельнiкі, у сваю чаргу, маглi данесцi гэтыя весткi да жыхароў наваколля.

3. За два—тры днi да пачатку свята арганiзатары нала- джваюць выпуск друкаванай прадукцыi (афiшы, запрашальныя бiлеты, праграмы, буклеты). У афiшы ўказваюцца месца i час правядзення свята, яго поўная праграма i склад пастановачнай групы. Афiша павiнна быць яркай, запамiнальнай, выкананай у рознакаляровых тонах. Афiшы свята звычайна размяшчаюць на рэкламных тумбах i шчытах. Але, як паказвае практыка, выкарыстанне толькi гэтага сродку дастаўкi друкаванай iнфармацыi да гледача не заўсёды эфектыўнае, таму што сярод мноства розных аб’яў i плакатаў афiша свята бывае непрыметнай. Зыходзячы з гэтага, для друкаванай прадукцыi свята трэба адшукаць такое месца, з якога б яна прыцягвала да сябе ўвагу жыхароў, напрыклад на вiтрынах магазiнаў, унiверсамаў, рэстаранаў, кафе, бараў i інш. Акрамя таго, эфектыўным сродкам iнфармавання з’яўляецца размя- шчэнне афiш на бакавым шкле гарадскога транспарту (метро, трамваi, тралейбусы, аўтобусы), плаўсродках (цеплаходы, катэры), што час ад часу засяроджвае ўвагу жыхароў на рэкламе свята.

4. Напярэдаднi свята неабходна праводзiць папярэднi продаж бiлетаў разнастайных камерцыйных дзей (вiдовiшчаў, атракцыёнаў, латарэй), што ў пэўнай ступенi будзе спрыяць папулярызацыi святочных мерапрыемстваў i далучэнню жыхароў мясцовасцi да актыўнага ўдзелу ў свяце.

5. Выпуск напярэдаднi свята апошняга нумара мясцовай газеты можа адлюстраваць усю праграму святочных дзеянняў з тлумачэннем, што, дзе i калi будзе адбывацца. Гэта акажа жыхарам i гасцям свята вялiкую дапамогу ў iнфармаванасцi аб будучых святочных падзеях, у вынiку чаго кожны чалавек у адпаведнасцi са сваiм густам, iнтарэсам, зацiкаўленасцю зможа выбраць для наведвання тое цi iншае мерапрыемства i спланаваць асабiстую праграму ўдзелу ў свяце.

6. Значную дапамогу ў рэкламе свята могуць аказаць работнiкi гандлю шляхам выпуску напярэдаднi свята ў продаж разнастайных тавараў са святочнай сiмволiкай, цэлафанавых пакетаў, вымпелаў, значкоў i інш.

7. Непасрэдна ў дзень свята эфектыўна ўздзейнічае на людзей тэатралiзаваная рэклама, якая ажыццяўляецца ў розных святах у адметных формах. Так, у беларускiх народных святах каляндарнага цыкла (Каляды, Масленiца, Гуканне вясны, Вялiкдзень, Юр’я, Сёмуха, Купалле, Дажынкi) тэатралiзаванай рэкламай з’яўляюцца абходы фальклорнымi калектывамi цi групамi ражаных падворкаў вёскi, горада, у час якiх удзельнiкi гуртоў вiншуюць людзей са святам i запрашаюць на яго дзеi; у свяце песнi — гэта так званы “зорны выхад” творчых калектываў, якiя з песнямi iдуць з розных канцоў горада, вёскi да месца правядзення фестывалю. У музычным свяце такую ролю можа выконваць народны, духавы цi эстрадны аркестр, які на трамвайнай платформе, аўтамашыне цi рачным трамвайчыку, абклееным афiшай, у пэўных месцах спыняецца, дае невялiкi канцэрт i запрашае ўсiх на свята. Тэатралiзаваная рэклама ўвасабляецца i ў форме разнастайных шэсцяў па населеным пункце карнавальных, конных, спартыўных кавалькад i да т.п.

Такiм чынам, комплекс рэкламных мерапрыемстваў не толькi iнфармуе жыхароў аб свяце, але i мае арыентацыйную накiраванасць, стварае святочны настрой.

Арганiзацыя работы прэс-цэнтра. За некалькi месяцаў або тыдняў да пачатку свята адмiнiстратар аргкамiтэта дамаўляецца з прадстаўнiкамi мясцовых сродкаў масавай iнфармацыi аб публiкацыi цыкла артыкулаў i правядзеннi радыё-, тэлеперадач аб будучым свяце. Зместам артыкулаў i перадач можа быць iнтэрв’ю з членамi пастановачнай групы, аргкамiтэта, з якiх жыхары могуць даведацца, што новага i цiкавага будзе ў свяце, аб яго гiсторыi, традыцыях.

Напярэдаднi свята прадстаўнiкоў прэс-цэнтра пажадана запрасiць на асобныя рэпетыцыi з тым, каб яны маглi пазнаёмiцца з рознымi фрагментамi свята, будучай дзеяй. На гэтых рэпетыцыях, асаблiва на генеральнай, фотакарэспандэнты, вiдэа- i кiнааператары будуць мець магчымасць зняць на плёнку ў пажаданых ракурсах тыя фрагменты дзеi, на якiх у час прадстаўлення работа аператараў на сцэнiчнай пляцоўцы забараняецца, каб не перашкаджаць гледачу.

За некалькi дзён да свята або ў дзень святкавання аргкамiтэт збiрае прадстаўнiкоў прэс-цэнтра, якiя будуць акрэдытаваны на свяце. У час гэтай сустрэчы яны атрымлiваюць поўную iнфармацыю аб тым, што будзе адбывацца на свяце. Галоўны рэжысёр на аснове сцэнарыя расказвае аб мастацкiх рысах будучай дзеi, найбольш цiкавых момантах i мiзансцэнах, вобразным рашэннi, падказвае, на што трэба звярнуць асаблiвую ўвагу, адлюстроўваючы свята ў фота-, вiдэа- i кiнаматэрыялах. Акрэдытаваным карэспандэнтам можна прапанаваць правесцi з гледачамi i ўдзельнiкамi свята экспрэс-iнтэрв’ю, а яго вынiкi апублiкаваць у газеце або паказаць у вiдэа- i кiнастужках. Адным са шляхоў заахвочвання да работы акрэдытаваных карэспандэнтаў можа стаць аб’яўлены аргкамiтэтам конкурс рэпартажаў аб свяце, пераможцы якога будуць узнагароджаны прызамi i каштоўнымi падарункамi. Аб эфектыўнасцi такiх конкурсаў сведчыць плённая работа ў гэтым кiрунку мiнскiх камерцыйных фiрмаў “Экспафорум”, “Мiнскi кiрмаш”, аргкамiтэта мiжнароднага свята народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк” (г.Паставы).

Для работы прэс-цэнтра на свяце павiнна быць спецыяльна абсталяванае памяшканне або палатка з тэлефонам, дзе карэспандэнты могуць адпачыць, абмяняцца ўражаннямi аб прагледжаным дзеяннi.

Такiм чынам, рознабаковая дзейнасць аргкамiтэта па рэкламе свята дапаможа своечасова праiнфармаваць жыхароў мясцовасцi аб будучым дзеяннi, зацiкавiць, заахвоцiць i далучыць iх да канкрэтнага ўдзелу ў святочных акцыях, а таксама садзейнiчаць з’яўленню аб’ектыўнай iнфармацыi аб свяце, якое адбылося.

Узор

Дагавор

на распрацоўку эскiзаў друкаванай прадукцыi

(фестываль нацыянальных культур)

 

Мiнск 16 лiстапада 200 … г.

 

1. Агульныя палажэннi

Рэспублiканскi цэнтр нацыянальных культур Мiнiстэрства культуры i друку Рэспублiкi Беларусь, далей Цэнтр, дзейнiчаючы на падставе Статута, у асобе дырэктара… з аднаго боку, i мастак… далей Мастак, з другога боку, заключылi дадзены дагавор аб наступным.

 


2. Прадмет дагавора

2.1. Цэнтр даручае, а Мастак выконвае эскiзную распрацоўку наступных работ:

— эмблемы фестывалю;

— плаката памерам 45х60 см i яго арыгiнал-макет;

— спецыяльнага бланка;

— канверта;

— вокладкi для праграмы;

— запрашэння;

— дыплома;

— папкi;

— буклета.

2.2. Тэрмiн выканання работы — 30 лiстапада 200 … г.

 

3. Парадак здачы i прыёму работ

3.1. Мастак да 23 лiстапада 200 … г. падае на зацвярджэнне аргкамiтэта фестывалю варыянты эскiзаў вышэйназваных работ.

3.2. У выпадку нязгоды аргкамiтэта з прапанаванымi варыянтамi эскiзаў Мастак у 5-дзённы тэрмiн павiнен улiчыць усе заўвагi i перад выкананнем арыгiналаў макетаў зацвердзiць на пасяджэннi аргкамiтэта канчатковы варыянт.

 

4. Адказнасць бакоў i парадак разлiку

4.1. Пры згодзе аргкамiтэта з прапанаванымi эскiзамi, Цэнтр выплачвае Мастаку (указаць суму) рублёў.

4.2. Пры адмоўным стаўленнi да заўваг аргкамiтэта i адказу Мастака ў перапрацоўцы эскiзаў Цэнтр выплачвае яму 25% названай сумы, прычым эскiзы застаюцца ў Цэнтры з правам iх далейшага выкарыстання.

 

Дагавор складзены ў двух экземплярах для двух бакоў i сапраўдны да 5 снежня 200 … г.


5. Юрыдычныя адрасы бакоў

Рэспублiканскi цэнтр нацыянальных культур   Мастак Маршак Венiямiн Самуiлавiч
220030, г. Мiнск, вул. Я.Купалы, 21    
Подпіс _______________   Подпіс __________________

 

Пасля распрацоўкi эскiзаў друкаванай прадукцыi складаецца акт аб іх прыёмцы, які з’яўляецца падставай для закрыцця работ.