Тэхналогiя апiсання i каштарыс вырабаў

Рабочы чарцёж дае ўяўленне аб памерах вырабу i яго канструкцыi. Але перад тым, як пачаць яго вытворчасць, неабходна ўстанавiць, з якiх матэрыялаў i якiм чынам ён павiнен быць зроблены, апрацаваны, пафарбаваны.

Адказ на пытаннi па тэхналогii вырабу, спосабах апрацоўкi, iмiтацыі фактуры дае тэхналагiчнае апiсанне, якое складаецца загадчыкам мастацка-пастановачнай часткі i мастаком.

У тэхналагiчным апiсаннi паказаны поўны пералiк усiх прадметаў афармлення i кароткае апiсанне тэхналогii вырабу. Так, пры вырабе павiльёна важна адзначыць, якой тканiнай абцягваць сценкi — палатном, тарнай тканiнай, байкай; якiм чынам афарбоўваць абцяжку — клеем, анiлiнам; прымяняць трафарэт або цiсненне i да т.п.

Таксама ў тэхналагiчным апiсанні неабходна адзначыць:

— найменне i кароткае апiсанне вырабу, яго габарытныя даныя ў квадратных метрах;

— колькасць вырабаў;

— схематычны малюнак вырабу;

— тэхналогiю вырабу (найменне асноўных матэрыялаў, якiя пойдуць на падрыхтоўку вырабу, тэхналогiю афарбоўкi i апрацоўкi).

Складанне тэхналагічнага апiсання пачынаецца з апісання дэкарацый, іх аб’ёмаў, элементаў, агульных для ўсяго свята. Затым апiсваюцца дэкарацыі, мэбля, бутафорыi i рэквiзiт для кожнай сцэнiчнай пляцоўкi, кожнага асобнага эпiзоду, дзеi, што мае спецыфiчныя рысы ў кожным канкрэтным свяце. На дробную бутафорыю i рэквiзiт апiсанне не робiцца. Iх пералiк бярэцца з так званай выпiскi — спiса неабходнага рэквiзiту, зробленага памочнiкам рэжысёра.

Складаецца каштарыс (падлiк кошту афармлення) на аснове рабочых чарцяжоў i тэхналагiчнага апiсання. Для гэтага загадчык мастацка-пастановачнай часткі павiнен дакладна ведаць, якiя прадметы афармлення будуць падабраны з запаснікаў тэатраў, Палацаў i Дамоў культуры, гарадскога склада мастацкага афармлення (калi такi ёсць), мастацкiх майстэрняў, якiя прадметы неабходна вырабiць у пэўных арганiзацыях, на прадпрыемствах, а якiя набыць у гатовым выглядзе.

Кошт кожнага вырабу знаходзiцца ў прамой залежнасцi ад умоў, у якiх ён вырабляецца. Адзiн i той жа выраб у розных вытворчых умовах будзе мець розны кошт. Справа ў тым, што кошт вырабу любога прадмета складваецца з трох вiдаў затрат: кошту перапрацаваных матэрыялаў, зарплаты рабочых i накладных выдаткаў на зарплату. Чым буйней вытворчасць, тым вышэй узровень накладных выдаткаў; чым менш выраб паддаецца механiчнай апрацоўцы i серыйнаму спосабу вытворчасцi, тым больш затраты працы i вышэй кошт рабочай сiлы. Такiм чынам, адзiнкавыя вырабы, заказаныя на буйным прамысловым прадпрыемстве, будуць каштаваць значна даражэй, чым зробленыя ў тэатральных (мастацкiх) майстэрнях. Таму да паслуг заводаў трэба звяртацца толькi ў тых выпадках, калi канструкцыя або складаная тэхналогiя не дазваляе выканаць работу сваiмi сiламi.

Кошт рабочай сiлы i накладныя выдаткi ўлiчваюцца не ва ўсiх майстэрнях. У тых мясцiнах, дзе мастацкiя майстэрнi або асобныя мастакi працуюць пры раённых цi гарадскiх Палацах, Дамах культуры i знаходзяцца на бюджэце, яны атрымлiваюць зарплату ў выглядзе цвёрдых месячных акладаў. У гэтых выпадках каштарыс афармлення свята складваецца толькi з кошту матэрыялаў, расходаваных у працэсе вытворчасцi. У майстэрнях, якiя знаходзяцца на самастойным балансе (гаспадарчым разлiку), дзе ўведзена здзельная аплата працы, прыходзiцца вызначаць працоўныя выдаткi, улiчваючы велiчыню заработнай платы, накладныя, цэхавыя i выдаткi па кіраўніцтву; падлiк кошту рабочай сiлы вядзецца ў аб’ёме чалавека-гадзiн, неабходных для вырабу дадзенага заказу, або па спецыяльных нормах i расцэнках. Нормы i расцэнкi распрацоўваюцца як на асобныя вытворчыя аперацыi, так i на ўсе вырабы цалкам.

Для таго каб правiльна вызначыць наменклатуру матэрыялаў, iх колькасць, выдаткi працы, неабходна ведаць не толькi памеры вырабу, але i ўсе тэхналагiчныя працэсы, звязаныя з яго вырабам. Вось чаму пры складаннi каштарыса карыстаюцца рабочымi чарцяжамi i тэхналагiчным апiсаннем.

Пры распрацоўцы нормаў выдаткаў найбольш дакладным з’яўляецца прамы падлiк матэрыялаў па чарцяжах. Ведаючы канструкцыю дэкарацыi i тэхналогiю яе вырабу, шляхам простага арыфметычнага падлiку можна вылiчыць, колькi i якiх матэрыялаў патрабуецца ў працэсе вытворчасцi. Для палягчэння работы падлiк вядзецца па нейкай адной частцы дэкарацыi або аднаму элементу канструкцыi, i атрыманы вынiк памнажаецца на колькасць частак або элементаў, падобных па велiчынi i канструкцыi. Так, пры падлiку матэрыялаў на выраб станка дастаткова падлiчыць кошт адной рамы, пера- множыць атрыманае на агульную колькасць рам. Але не заўсёды i не ўсе матэрыялы вылiчваюцца такiм чынам. Па чарцяжы можна вылiчыць колькасць брускоў, петляў, нават цвiкоў. Але як вызначыць колькасць iншых матэрыялаў (фарбы, паперы i iнш.)? Для гэтага трэба даведачныя даныя. Пры падлiку неабходна ведаць, што:

— дошкi адпускаюцца i ацэньваюцца ў кубiчных метрах;

— фанерныя пакрыццi вылiчваюцца спачатку ў квадратных метрах, а потым пераводзяцца ў лiсты;

— усе тканiны, акрамя тэхнiчных, незалежна ад iх шырынi маюць адну адзiнку вымярэння — пагонны метр;

— папера, цвiкi, клей, мука, фарба адпускаюцца ў кiлаграмах;

— петлi вылiчваюцца ў штуках.

Для вылiчэння выдаткаў мяккiх дэкарацый неабходна ўлiчваць спосаб крою тканiны i тое, што яны пры шыцці, афарбоўцы i вогнеахоўнай прапiтцы даюць усадку.

Кошт матэрыялаў вызначаецца цаной за пэўную адзiнку вымярэння. У каштарысе запiс матэрыялаў i iх кошт здзяй- сняюцца наступным чынам. Спачатку запiсваюцца найменне матэрыялу, затым адзiнка яго вымярэння, потым колькасць, цана за адзiнку i сума.

Для аналiзу каштарыса i далейшай работы вельмi важна па кожным вырабе мець поўны кошт матэрыялу i кошт рабочай сiлы, а таксама iх агульны кошт. Таму ў каштарысе павiнны быць дакладна адлюстраваны гэтыя тры вынiкi па кожнай пазiцыi. Для зручнасцi накладныя выдаткi вылiчваюцца не па асобных спецыяльнасцях, а па ўсёй суме зарплаты.

Гатовы каштарыс аналiзуецца загадчыкам мастацка-пастановачнай часткі i мастаком. Аналiз каштарыса робiцца з пазiцый рэнтабельнасцi i эканамiчнасцi выбранай тэхналогii, выбраных матэрыялаў, найбольш поўнага выкарыстання матэрыялаў. Калi агульны вынiк каштарыса перавышае адпушчаны на свята лiмiт грошавых сродкаў, яго трэба перагледзець.

Скарачэнне каштарыса здзяйсняецца перш за ўсё за кошт выкарыстання больш танных матэрыялаў, частковага змянення тэхналогii вырабу другарадных прадметаў, больш шырокага прымянення падбору ўжо выкарыстаных раней матэрыялаў, а часам i за кошт адмовы ад некаторых прадметаў дэкарацыi, абсталявання або апаратуры. Але нiякая эканомiя не можа быць апраўдана, калi будзе несцi страты мастацкі бок свята.

Часам скарачэнне каштарыса адбываецца за кошт поўнага або частковага спонсарскага ўдзелу ў свяце пэўных арганiзацый, якiя бяруць на сябе выкананне часткi работ. Калi-нiкалi прадпрыемствы за кошт унутраных рэзерваў выдзяляюць матэрыялы для правядзення работ, i ў гэтым выпадку аплачваецца толькi рабочая сiла.

Выпраўлены i ўдакладнены каштарыс падпiсваецца загадчыкам мастацка-пастановачнай часткі, мастаком i бухгалтарам. Гэты каштарыс на выраб мастацкага афармлення з’яўляецца састаўной часткай зводнага, агульнага каштарыса, якi адлюстроўвае ўсе выдаткi, звязаныя з падрыхтоўкай свята.

Зводны каштарыс падпiсваецца дырэктарам i завяраецца старшынёй аргкамiтэта свята, i з гэтага моманту ён набывае законную сiлу i служыць дакументам для ўсiх службаў, занятых у падрыхтоўцы свята.

Загадчык пастановачнай часткі строга кантралюе выдаткi, звярае іх з сумамi, якiя вызначаны каштарысам, рэгулюе ўсе выдаткі ў межах адпушчанай сумы.

 

Работа над касцюмамі

 

Касцюм — важная частка сцэнаграфii масавых свят i прадстаўленняў. У тэатралiзаваных масавых вiдовiшчах на адкрытым паветры акцёр у многiх выпадках знаходзiцца на вялiкай адлегласцi ад гледача, з прычыны гэтага мiмiка, нюансы жэстаў не заўсёды ўспрымаюцца. У той жа час кiдкi, буйны, яркі па колеры касцюм здольны зрабiць бачнай для соцень i дзесяткаў тысяч гледачоў вобразную сiстэму прадстаўлення.

Работа над мастацкiм рашэннем касцюма пачынаецца з вызначэння тэмы дзеяння i звышзадачы пастаноўшчыкаў, а таксама прасторы, у якой разгортваецца святочная дзея. Парк, Палац культуры, стадыён, вулiца, плошча — кожная тэрытарыяльная зона дыктуе свае патрабаваннi. Так, распрацоўваючы касцюмы для прадстаўлення на стадыёне, мастак павiнен улiчваць, што на полi падрабязна разглядзець асобнага чалавека практычна немагчыма i вопратка асобнага выканаўцы тут перастае быць касцюмам у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Вобраз узнiкае толькi ў з’яднаннi iх у агульную карцiну. Гэтая мазаiчная цэласнасць валодае вялiзным патэнцыялам пластычных трансфармацый. Магчымасцi iмгненных вiдазмяненняў вобраза часцей за ўсё забяспечваюцца кан- струкцыяй касцюма. Так, у адным з эпiзодаў свята закрыцця ХII Сусветнага фестывалю моладзi i студэнтаў у Маскве канструкцыя касцюмаў дала магчымасць усяго аднаму балетнаму калектыву тройчы паўстаць у новым вобразе. У пачатку па полі велiчна “плылi” павы ў какошнiках i блакiтных сарафанах. Затым iмгненна атрыбуты старажытнарускага касцюма знiкалi i баярышнi пераўтваралiся ў сучасных дзяўчат. Рытм iх танца падхоплiваўся вiхурам апiсваючых кругi спаднiц. А калi танец заканчваўся, дзяўчаты выпроствалi тканiны спаднiц, i ўзнiкаў буйны, яскравы малюнак. Поле пераўтваралася ў вялiзны кветнiк.

Але касцюм на стадыёне можа мець свой сумарны вобраз i без прымянення спецыяльных канструктыўных прыёмаў. Патэнцыяльная магчымасць такiх трансфармацый прадумваецца мастаком у колерах касцюма, яго дэталях, здольных у пэўныя моманты дзеi ствараць нечаканыя эфекты. Напрыклад, белыя пальчаткi ў касцюме масоўкi (прадстаўленне “Мiр пераможа вайну”) увогуле не прыцягвалi ўвагу да таго часу, пакуль выканаўцы разам не ўскiдвалi рукi, якiя трапяталi i лiтаральна ператваралiся ў чараду белых галубоў.

Свята на вулiцы сярод натоўпу патрабуе ад касцюма большай дэталiзацыi, таму што глядач часта аказваецца ўдзельнiкам святочнага дзеяння разам з выканаўцамi. Але i тут важныя буйны маштаб, яскравая каларыстычная гама, якія забяспечваюць iмгненны эфект. Касцюм павiнен успрымацца ўсiмi прысутнымi, а не толькi тымi, хто знаходзіцца ў першых радах.

На нетрадыцыйных сцэнiчных пляцоўках (у парку, Палацы спорта, на плошчы i інш.), дзе гледачы знаходзяцца на значным аддаленнi, персанаж ацэньваецца перш за ўсё па яго знешнім выглядзе, i ў такiх умовах вопратка акцёра вырашаецца як касцюм-вобраз, якi канцэнтруе ў сабе сутнасць персанажа. Змястоўнай насычанасцю i характарам пластычнага рашэння касцюм-вобраз ушчыльную наблiжаецца да лялькi. Ён да непазнавальнасцi мяняе не толькi выгляд акцёра, але i характар яго iгры1.

Падобныя касцюмы-вобразы на тэрыторыi Беларусi з’явiлiся яшчэ ў старажытныя часы: касцюмы-маскi дзеда-пачынальнiка, казы, каня, мядзведзя, жорава, чорта, смерцi ў калядных гуртах, аформленыя на кiвiлах акцёра-маскi ў прадстаўленнях кiрмашовага тэатра, жывыя батлеi ў касцюмах-масках i iнш. У цяперашні час творчыя здабыткi спадчыны нашых бацькоў i дзядоў атрымалi далейшае развiццё ў касцюмах-вобразах тэатралiзаваных шэсцяў i карнавальных дзей, ляльках-кукерах у лялечных прадстаўленнях i інш.

Гiсторыка-бытавыя касцюмы, насупраць, патрабуюць дэталёвай канкрэтызацыi ў адпаведнасцi з эпохай, жанрам, стылем, i перш чым прыступiць да стварэння эскiзаў касцюмаў, мастаку неабходна правесцi стараннае вывучэнне дакументаў: музейных экспанатаў, карцiн старых майстроў, лiтаратуры навуковай i фальклорна-этнаграфiчнай, даследаванне тканiн, характэрных для дадзенай эпохi.

Пры падрыхтоўцы любога свята перад арганiзатарамi заўсёды паўстае праблема касцюмiравання ўдзельнiкаў, асаблiва ў тых выпадках, калi ў праграме святкаванняў ёсць эпiзоды гiстарычнай, карнавальнай накiраванасцi, масавыя вiдовiшчы i прадстаўленнi спартыўнага плана з выступленнямi гiмнастаў і сцяганосцаў, дзе iснуе неабходнасць апрануць сотнi людзей.

Пачынаючы распрацоўваць праграму касцюмiравання ўдзельнiкаў, галоўны мастак сумесна з загадчыкамi пастановачнай часткі на аснове вывучэння зацверджанага сцэнарыя павiнны дакладна высветлiць наступныя пытаннi:

1. Колькi чалавек трэба апрануць у кожным канкрэтным святочным дзеяннi?

2. Якiя канкрэтна i якога колеру касцюмы, абутак, панчохi, галаўныя ўборы патрэбны для матэрыяльнага забеспячэння святочнага дзеяння ў вызначаных мерапрыемствах?

3. Якiя арганiзацыi, установы, прыватныя асобы могуць садзейнiчаць рашэнню пытання касцюмiравання ўдзельнiкаў?

У тым выпадку, калi ў аргкамiтэта ёсць магчымасць пашырыць пэўную колькасць неабходных касцюмаў (гiсторыка-бытавыя, карнавальныя, спартыўныя, для галоўных дзеючых асоб), то галоўны мастак распрацоўвае эскiзы касцюмаў для кожнага канкрэтнага персанажа i тыповыя эскiзы для ўдзельнiкаў масавых выступленняў i дзеянняў. “Звычайна мастак прыступае да работы над касцюмамi адразу пасля здачы эскiзаў дэкарацый. Вобраз, знойдзены мастаком у эскiзе, павiнен задавальняць не толькi самога аўтара i быць прынятым рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але i таго, каму гэты касцюм прызначаны, — акцёра. У працы над касцюмам мастаку прыходзiцца ўлiчваць асаблiвасцi фiгуры акцёра, яго iндывiдуальнасць, густы, яго асабiстае бачанне дадзенага персанажа”1.

Пры распрацоўцы эскiзаў галоўны мастак павiнен суадносіць на аснове кантрастнага прынцыпу колеры касцюмаў з колерамi архiтэктурнага i ланшафтнага асяроддзя, дзе адбываецца дзеянне, каб яны не злiвалiся, а набывалi яскравае, выразнае адценне, зручнае для ўспрымання гледачамi.

Падрыхтаваныя эскiзы зацвярджаюцца галоўным рэжысёрам на агульным пасяджэннi аргкамiтэта. Затым дырэктар або загадчык пастановачнай часткі дамаўляецца з пэўнымi арганiзацыямi (майстэрнямi тэатральнага таварыства, быткамбiнатамі, атэлье мод, кааператывамі i iнш.) аб пашыве неабходных касцюмаў згодна вырабленых эскiзаў. На рахунак вызначанай арганiзацыi пералiчваюцца грашовыя сродкi i высвятляюцца тэрмiны вырабу заказу, выкананне якiх кантралююць загадчык пастановачнай часткі i галоўны мастак.

У працэсе пашыву касцюмаў меркаваннi мастака з’яўляюцца вызначальнымi. Яго прысутнасць неабходная на ўсiх этапах гэтага працэсу — ад зацвярджэння канкрэтных тканiн, з якiх будуць вырабляцца касцюмы, дэкаратыўных упрыгожванняў бiжутэрыi i да канчатковых прымерак i прыёму касцюмаў. Напрыклад, на прымерках рашаюцца пытаннi падгонкi касцюма па фiгуры, адпаведнасць сiлуэта эскiзу і інш. На прымерках пажадана i прысутнасць касцюмераў-апранальшчыкаў, якiя павiнны пазнаёмiцца з тэхнiкай апранання касцюма, зручнасцю размяшчэння кручкоў i гузiкаў, наяўнасцю з’ёмных дэталяў. Тут жа вызначаюцца размяшчэнне i спосабы мацавання ордэнаў, распазнавальных знакаў, нашывак, аксельбантаў, пагон, эпалетаў, аксамiтных кашалькоў i iншых прадметаў касцюмнага рэквiзiту.

У пераважнай большасцi ў вынiку абмежаваных матэрыяльных магчымасцей каштарыс свята не прадугледжвае выдаткаў на выраб касцюмаў. Пры гэтых абставiнах пэўную частку касцюмаў, напрыклад гiсторыка-бытавых, можна арэндаваць на пэўны час (звычайна 3—5 дзён) у касцюмерных прафесiйных тэатраў i кiнастудый.

Iншым спосабам забеспячэння касцюмiравання свята можа быць запрашэнне да ўдзелу ў яго праграме тых творчых калектываў, у якiх ужо ёсць неабходныя касцюмы.

Карнавальныя касцюмы можна прапанаваць зрабiць самiм удзельнiкам. Для гэтага звычайна аб’яўляецца конкурс на выраб i абарону карнавальнага касцюма з выдачай пераможцам грашовых прэмiй i каштоўных прызоў. У гэтым выпадку калектывам прадпрыемстваў, арганiзацый, устаноў даецца заданне аб падрыхтоўцы пэўнай колькасцi карнавальных касцюмаў пэўнай тэматыкi, але многія касцюмы вырабляюць непасрэдныя ўдзельнiкi карнавальных дзей з матэрыялу арганiзацыi або ўласнага. Часам набыццё матэрыялаў для вырабу такiх касцюмаў прадугледжваецца ў каштарысе, а вырабляюць iх удзельнiкi саматужным спосабам, што значна скарачае выдаткi агульнага каштарыса свята. Такая практыка даволi распаўсюджана, i яе вопыт мае сэнс выкарыстоўваць.

Калi ў аргкамiтэта зусiм адсутнiчае магчымасць для пашыву або арэнды касцюмаў, то забеспячэнне iмi ўдзельнiкаў адбываецца на аснове падбору з запасных гардэробаў у касцюмерных клубаў, Дамоў i Палацаў культуры.

Пашытыя, арандаваныя або падабраныя ў гардэробах культ-асветустаноў касцюмы мэтазгодна перадаць у цэнтральную касцюмерную свята, якую неабходна стварыць пры пэўнай установе цi арганiзацыi. Касцюмеры-апранальшчыкi забяспечваюць iх захаванасць i належны выгляд. У мэтах захавання касцюма месцы, якiя найбольш часта забруджваюцца ад грыму, трэба падшыць белымi стужкамi тканiны. Каб пазбегнуць блытанiны, а таксама для зручнасцi работы на ўсiх са- стаўных частках касцюма неабходна напiсаць прозвiшча выканаўца.

Наступны этап работы, якi ажыццяўляецца памочнiкамi рэжысёра пад кiраўнiцтвам галоўнага мастака, — распрацоўка для касцюмераў выпiскi на касцюмы, абутак i галаўныя ўборы ўдзельнiкаў свята. Гэтая выпiска адлюстроўвае назву свята, дзеючых асоб выканаўцаў, а таксама назвы i колеры касцюмаў, абутку i галаўных убораў, якiя будуць атрымлiваць удзельнiкi свята. Распрацаваная выпiска зацвярджаецца галоўным рэжысёрам свята.


Узор выпіскі