Упраўленне па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні

 

Адным з вырашальных фактараў паспяховай арганiзацыi i правядзення свята з’яўляецца станоўчае рашэнне рознабаковых пытанняў яго матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння.

У падрыхтоўцы матэрыяльнай базы будучага свята, якое праводзiцца ў рамках раёна, горада, краіны, прымаюць удзел не толькi дзяржаўныя арганiзацыi, прадпрыемствы, установы, але i прыватныя фiрмы. Узначальвае гэта самае вялiкае структурнае падраздзяленне аргкамiтэта дырэктар свята або намеснiк старшынi аргкамiтэта, якi вядзе пастаянны кантроль за выкананнем запланаваных работ.

Кiраўнiкамi ўсiх службаў упраўлення з’яўляюцца дырэктары прадпрыемстваў або iх намеснiкi цi адказныя асобы, якiя далучаюць падначаленых супрацоўнiкаў да выканання работ.

Арганiзацыйная структура ўпраўлення па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні залежыць ад маштабу свята, аб’ёму вырашаемых пытанняў i ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца рабочым планам падрыхтоўкi святочных мерапрыемстваў.

У дапаможніку мы разглядаем найбольш агульныя структурныя падраздзяленнi, якiя характэрныя амаль для любога свята.

Вытворчы аддзел

У структуру вытворчага аддзела ўваходзяць прадпрыем- ствы i арганiзацыі, якiя непасрэдна займаюцца вырабам элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення, касцюмаў, абутку, бутафорыi, рэквiзiту, масак i лялек, арганiзацыяй гандлёва-гульнёвых дзей (латарэй, аўкцыёнаў, гандлёвых атракцыёнаў), пабудовай спартыўных i дзiцячых гарадкоў i інш. Увесь комплекс функцыянальных абавязкаў па выкананні пастаўленых задач абумоўлены нормамi i правiламi, распрацаванымi на прадпрыемстве, якое ўвасабляе вызначаны аб’ём работ.

Камунальны аддзел

Напярэдаднi свята вялiкi падрыхтоўчы цыкл работ выконвае камунальны аддзел, структура якога складаецца з гарадской (раённай) камунальнай гаспадаркi, мясцовага лясгаса, архiтэктурнага аддзела мясцовага выканкама, санэпiдстанцыi, водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi i будаўнiчых арганiзацый.

Камунальны аддзел працуе ў цеснай сувязi з iншымi структурнымi падраздзяленнямi аргкамiтэта i вырашае не толькi свае задачы, але i выконвае некаторыя iншыя вiды работ, замацаваныя за вытворчым аддзелам i дырэкцыяй кiрмашу.

Вядучую ролю ў камунальным аддзеле iграе гарадская (раённая) камунальная гаспадарка. У сферу яе функцыянальных абавязкаў уваходзiць вырашэнне наступных задач:

— правядзенне санiтарна-гiгiенiчных мерапрыемстваў (уборка вулiц, дарог, паркаў, сквераў i інш.), касметычны рамонт забудоў (афарбоўка будынкаў, загарож, рамонт дахаў i інш.);

— выраб i мантаж мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— правядзенне дадатковых работ па асвятленні населенага пункта, падсвету будынкаў i ўпрыгожванні вулiц святочнай iлюмiнацыяй;

— расклейка рэкламнай прадукцыi свята, размяшчэнне плакатаў-расцяжак;

— будаўнiцтва сумесна з лясгасам часовых святочных забудоў (эстрадных i гульнёвых пляцовак, спартыўнага, гульнёвага гарадка, туалетаў i да т.п.);

— забеспячэнне часовым водаправодам, а пры неабходнасцi i сiстэмай каналiзацыi гандлёвых пунктаў дзеяння свята;

— уборка тэрыторыi свята ў час яго правядзення i па яго завяршэннi.

Дырэкцыя кiрмашу

У структуры пераважнай большасцi сучасных свят важнае месца займае святочны гандаль, якi дзейнiчае як асобая творча-гаспадарчая зона. Для арганiзацыi святочнага гандлю ўтвараецца дырэкцыя кірмашу, куды ўваходзяць прадстаўнiкi гандлёвых арганiзацый, сферы абслугоўвання, органаў культуры i спорта.

Узначальвае гэтае структурнае падраздзяленне аргкамiтэта дырэктар кiрмашу — звычайна начальнiк цi загадчык упраў-лення гандлю мясцовага выканкама; у тым выпадку, калi свята праводзiцца ў раённым цэнтры, — старшыня райспажыўсаюза.

Дырэктар кiрмашу працуе ў пастаянным кантакце з галоўным рэжысёрам i дырэктарам свята з мэтай максiмальна поўнага ўвасаблення задумы пастаноўшчыкаў. У працэсе сваёй работы дырэктар кiрмашу павiнен:

— дэталёва азнаёмiцца са сцэнарыем свята i асаблiва з распрацоўкай святочнага гандлю;

— распрацаваць рабочы план падрыхтоўкi святочнага гандлю;

— сумесна з рэжысёрам i мастаком выбраць месца правя- дзення кiрмашу, распланаваўшы яго тэрыторыю на гандлёвую, абслуговую i вiдовiшчна-гульнёвую зоны;

— распланаваць гандлёвую зону на сектары дзяржаўнага, кааператыўнага i прыватнага гандлю, а тыя, у сваю чаргу, на дзялянкi прамысловых, бытавых, сельскагаспадарчых тавараў, вырабаў майстроў народных промыслаў, сферы бытавых паслуг;

— сумесна з прадстаўнiкамi гандлёвых арганiзацый вызначыць неабходны аб’ём i асартымент тавараў, колькасць гандлёвых пунктаў;

— сумесна з мясцовай санэпiдэмстанцыяй арганiзаваць правядзенне санiтарнага абследавання аб’ектаў кiрмашовага гандлю;

— распрацаваць праграму работы дапаможных службаў кiрмашу (ахова парадку, пажарная бяспека, медыцынская дапамога);

— правесцi работу з вызначанымi супрацоўнiкамi аддзела культуры, спорткамiтэта i аддзела народнай асветы па арганiзацыi i правядзенні культурнай праграмы кiрмашу (тэатралiзаваныя, масава-гульнёвыя i спартыўныя дзеi);

— кіраваць усiмi структурнымi падраздзяленнямi кiрмашу.

Арганiзацыйную структуру кiрмашовай дырэкцыi складаюць:

— гандлёвы аддзел, якi вырашае пытаннi арганiзацыi гандлю. У тым выпадку, калi святочны гандаль набывае мiжрэгiянальны або мiжнародны характар, пры гандлёвым аддзеле функцыянуе дагаворны аддзел для аператыўнага рашэння пытанняў, звязаных з афармленнем камерцыйных здзелак, дапамогi ўдзельнiкам кiрмашу рэалiзаваць сваю прадукцыю па дагаворных цэнах, а таксама для атрымання дазволу афiцыйных устаноў на права вывазу тавараў па зарэгiстраваных дагаворах з Рэспублiкi Беларусь. На мiжнародных святочных гандлях у каардынацыйным цэнтры па рабоце з замежнымi ўдзельнiкамi, якi працуе ў складзе гандлёвага аддзела, спецыялiсты ў галiне кан’юнктуры су- светнага рынку праводзяць кансультацыi па сярэднесусветных узроўнях цэн на розныя тавары i паслугi, дапамагаюць скласцi кантракты, аформiць пратаколы аб намерах i мытную дэкларацыю;

— інфармацыйны аддзел, які дае камерцыйную iнфармацыю аб таварах i паслугах, прапануемых на кiрмашы, i даведачную iнфармацыю аб удзельнiках;

— радыёцэнтр кiрмашу арганiзуе трансляцыю радыёканцэртаў, рэкламных ролiкаў вытворцаў i гандляроў, дае аб’явы аб таварах i паслугах, культурнай праграме святочнага гандлю;

— аддзел рэкламы праводзiць прэзентацыi прадпрыем- стваў—удзельнiкаў кiрмашу, на якiх удзельнiкi свята могуць атрымаць больш падрабязную iнфармацыю аб прадукцыi прэзентантаў, iх магчымасцях, перспектыўных планах, па- трэбах;

— аддзел культурных праграм займаецца ўвасабленнем мастацкiх, спартыўных i масава-гульнёвых мерапрыемстваў для ўсiх катэгорый насельнiцтва;

— аддзел дапаможных службаў складаецца з брыгады грузчыкаў, транспартнай службы, медыка-санiтарнай службы, iнспекцыi пажарнай бяспекi, службы аховы парадку з адпаведным комплексам абавязкаў, якiя вызначаны рабочым планам падрыхтоўкi кiрмашу.

Усе пытаннi арганiзацыi i работы святочнага гандлю ўдакладняюцца i вырашаюцца на нарадах дырэкцыi кірмашу. Пры ўзнiкненнi праблем, непаразуменняў, якiя немагчыма вырашыць на ўзроўнi дырэкцыi кірмашу, канчатковае рашэнне прымае дырэктар свята, а ў найбольш складаных выпадках — старшыня аргкамiтэта.

Аддзел арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята

У час правядзення святочных урачыстасцей, асаблiва ў невялiкiх гарадах i раённых цэнтрах, колькасць прысутных на вiдовiшчна-гульнёвых дзеях, як правiла, у некалькi разоў перавышае колькасць насельнiцтва горада цi пасёлка гарадского тыпу, бо на святкаванне збiраюцца жыхары навакольных паселiшчаў.

З гэтай прычыны перад аргкамiтэтам паўстае праблема арганiзацыi харчавання гасцей, творчых калектываў i астатнiх удзельнiкаў свята, якая звязана з правядзеннем шэрага падрыхтоўчых работ.

Для вырашэння гэтай праблемы ў структуры ўпраўлення па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні ствараецца аддзел арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята, у якi ўваходзяць дзяржаўныя прадпрыемствы харчовай прамысловасцi (хлебазаводы, бiсквiтныя i кандытарскія фабрыкi, заводы алкагольных i безалкагольных напояў, мясакамбінаты і рыбакомплексы), гарадскiя цi раённыя ўстановы харчгандлю, прадпрыемствы грамадскага харчавання (сталовыя, кафэ, рэстараны, буфеты i iнш.), а таксама прыватныя фiрмы грамадскага харчавання.

Кiраўнiкi або прадстаўнiкi азначаных прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў, працуючы ў кантакце з дырэкцыяй кiрмашу i адмiнiстрацыйнай групай, вырашаюць наступныя задачы:

— знаёмства са сцэнарным планам цi праграмай свята, асаблiвасцямi арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў у зоне святочнага дзеяння, а таксама прагляд i аналiз эскiзаў мастацкага афармлення пунктаў грамадскага харчавання i гандлю харчовымi прадуктамi;

— вызначэнне мяркуемай колькасцi наведвальнiкаў святочных мерапрыемстваў, творчых калектываў i дэлегацый гасцей;

— выяўленне неабходнай колькасцi часовых пунктаў гандлю харчовымi прадуктамi, месца iх размяшчэння, асартыменту харчовых тавараў i меню святочных i абрадавых страў;

— нарыхтоўка неабходнай колькасцi прадуктаў, а ў выпадку немагчымасцi поўнага выканання гэтага пытання запрашэнне да ўдзелу ў свяце суседнiх спажывецкіх і гандлёвых арганізацый;

— вызначэнне асобных пунктаў харчавання для гасцей свята i творчых калектываў, распрацоўка графiка наведвання гэтых пунктаў, а таксама колькасцi прыёму ежы i складу меню;

— выраб i мантаж (згодна эскiзаў галоўнага мастака) элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення часовых пабудоў грамадскага харчавання на адкрытым паветры;

— распрацоўка графiка пазменнай работы на свяце кухараў, афiцыянтаў, прадаўцоў;

— наладжванне выпуску сувенiрнай харчовай прадукцыi (напоi, кандытарскiя вырабы);

— кантроль за захаваннем санiтарна-гiгiенiчных нормаў i правiл, якія iснуюць пры продажы харчовых прадуктаў;

— асаблiвую ўвагу арганізацыя надае вырабу i продажу спецыфiчных абрадавых i святочных страў, уласцiвых культурна-бытавым традыцыям увасабляемага свята;

— распрацоўка графiка работы аўтатранспарту па дастаў-цы i эвакуацыi харчовых тавараў.

У працэсе работы супрацоўнiкi аддзела арганiзацыi харчавання ўдзельнiкаў свята падпарадкоўваюцца дырэктару свята або яго намеснiку па гэтым аддзеле (у вялiкiх гарадах — начальнiк або загадчык упраўлення гандлем выканкама, у раёне — старшыня райспажыўсаюза).

Транспартны аддзел

Свята як масавае полiфанiчнае дзеянне заўсёды звязана з разнастайнымі транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца як у творчых фрагментах, так i ў дапаможных мэтах.

Паколькi на свяце выкарыстоўваюцца гужавыя, аўтамабiльныя, водныя, паветраныя i электратранспартныя сродкi, то ў арганiзацыйную структуру транспартнага аддзела (па ўзгадненні з галоўным рэжысёрам i дырэктарам свята) уключаюцца наступныя арганiзацыi: камунгас, аўтабазы, параходствы, трамвайна-тралейбусныя паркi, спартыўна-тэхнiчныя таварыствы, аўтабазы воiнскiх падраздзяленняў.

У кожным канкрэтным свяце спiс арганiзацый, што ўдзельнiчаюць у рабоце транспартнага аддзела, можа павялiчвацца або памяншацца згодна патрэб, вызначаных рабочым планам падрыхтоўкi, але агульныя функцыянальныя задачы, як правiла, застаюцца нязменнымi. Гэта:

— азнаёмiцца са сцэнарыем свята;

— вызначыць колькасць i маркi транспартных сродкаў, якiя патрэбны, згодна з рабочым планам падрыхтоўкi свята, для ўвасаблення тэатралiзаваных дзей;

— выявiць арганiзацыi, якiя будуць пастаўляць вызначаныя транспартныя сродкi;

— распрацаваць план i графiк падрыхтоўкi транспартных сродкаў да рэпетыцый тэатралiзаваных фрагментаў;

— здзейснiць мантаж мастацкага афармлення транспартных сродкаў згодна эскiзаў, распрацаваных галоўным мастаком;

— засвоiць i выконваць вызначаную асiстэнтам рэжысёра чарговасць i скорасць руху транспартных сродкаў у тэатралiзаваных дзеях;

— забяспечыць правядзенне асобнай рэпетыцыi транспарт-ных сродкаў, а таксама iх удзел у прагоннай, генеральнай рэпетыцыях i свяце;

— вызначыць арганiзацыi, якiя будуць забяспечваць транспартам выкананне розных гаспадарчых работ, падвоз i эвакуацыю творчых калектываў i гасцей свята;

— распрацаваць графiк работы транспарту i дакладна яго выконваць;

— забяспечыць кожную адзiнку службовага транспарту пропускам для руху па тэрыторыi свята (якi завераны супрацоўнiкамi аўтаiнспекцыi);

— вызначыць месца размяшчэння аўтавакзала свята для службовага i ўласнага транспарту;

— выдзелiць транспарт для службовых патрэб аргкамiтэта i асобна для пастановачнай групы, а таксама распрацаваць i выконваць графiк яго работы.

Арганiзацыйны аддзел

Адным са структурных падраздзяленняў аргкамiтэта з’яўляецца арганiзацыйны аддзел, супрацоўнiкi якога займаюцца распрацоўкай, узгадненнем i вырашэннем разнастайных пытанняў арганiзацыйнага характару.

Узначальвае арганiзацыйны аддзел галоўны адмiнiстратар або дырэктар, якi кiруе работай куратарскай групы, групы жыллёвай гаспадаркі, групы рэкламы свята, службай бяспекі дарожнага руху, медыцынскай дапамогі, службы пажарнай бяспекі, аховы парадку.

Куратарская група

На кожнае свята значнага маштабу ў месца яго правядзення прыбываюць дэлегацыi гасцей i запрошаныя творчыя калектывы. Для правядзення пастаяннай iнфармацыйнай i суправаджальна-тлумачальнай работы сярод гэтага роду ўдзельнiкаў свята ў структуры арганiзацыйнага аддзела ствараецца куратарская група з лiку работнiкаў культуры, народнай асветы, студэнтаў ВНУ i інш.

У задачы куратарскай групы ўваходзяць:

— вывучэнне сцэнарыя свята, знаёмства з членамi аргкамiтэта;

— вызначэнне кожнаму куратару для далейшай работы канкрэтнага творчага калектыву, дэлегацыi гасцей або асобнага госця, якiя прыбываюць на свята;

— своечасовае ўдакладненне з калектывам даты і часу прыезду, нумара цягнiка і вагона i iнфармаванне аб гэтым штаба свята;

— вызначэнне з адказным за транспарт нумара і маркі аўтобуса, якi сустракае гасцей i абслугоўвае калектыў;

— вырашэнне пытанняў набыцця зваротных праязных бiлетаў;

— арганізацыя сустрэчы калектыву або дэлегацыi ў загадзя вызначаным месцы i пры ўмове, калi свята праводзiцца некалькi дзён, засяленне гасцей у атэль цi iнтэрнат;

— давядзенне да ведама запрошаных гасцей праграмы свята, iх месца i ролi ў святочных дзеяннях, азнаямленне з месцам выступлення, графiкам рэпетыцый, часам, месцам харчавання i інш.;

— суправаджэнне гасцей на канферэнцыi, рэпетыцыi, мерапрыемствы культурнай праграмы, у пункты харчавання, на месцы выступленняў i ўдзел у арганiзацыi праводзiн гасцей.

Жыллёвая гаспадарка

Для вырашэння пытання размяшчэння гасцей неабходна:

— узяць на ўлiк усе гасцiнiцы, iнтэрнаты i здраўнiцы наваколля, якiя маюць магчымасць у дадзены перыяд прыняць пэўную групу людзей;

— выявiць адпаведнасць гэтых устаноў санiтарна-гiгiенiчным патрабаванням i пэўнаму камфорту ў час адпачынку;

— выявiць колькасць прыбываючых гасцей, а таксама мужчынскi i жаночы склад дэлегацый;

— правесцi дамову з кiраўнiкамi жыллёвых устаноў аб засяленнi ў iх пэўнай колькасцi людзей на вызначаны тэрмiн;

— перавесцi грошы на рахунак жыллёвай установы;

— размеркаваць па дамоўленасцi з дырэктарам свята i давесцi да куратараў месца засялення кожнай канкрэтнай дэлегацыi i колькасць адведзеных ёй пакояў;

— пракантраляваць працэс засялення, i ў тым выпадку, калi на свята прыбываюць госцi з розных краiн, засялiць дэлегацыi з улiкам этнiчнай сумяшчальнасцi;

— арганiзаваць штабны нумар у атэлi;

— паведаміць штабу свята тэлефон штабнога нумара ў атэлi;

— забяспечыць своечасовую адпраўку ўдзельнiкаў свята з атэля;

— забяспечыць парадак пражывання ўдзельнiкаў свята ў атэлi;

— пасля свята здзейснiць фактычны разлiк з атэлем;

— сумесна з кiраўнiком групы праiнфармаваць удзельнiкаў свята аб праграме iх знаходжання ў горадзе (вёсцы);

— забяспечыць кiраўнiкоў групы iнфармацыйным матэрыялам свята;

— iнфармаваць штаб свята аб засяленнi, пражываннi, харчаваннi, культурнай праграме ўдзельнiкаў свята, рабоце транспарту ў 10.00, 14.00, 18.00 гадзін штодзённа.

Група рэкламы свята

Адным з важнейшых аспектаў дзейнасцi арганiзацыйнага аддзела з’яўляецца падрыхтоўка жыхароў пэўнай мясцовасцi да ўспрымання святочных дзей, таму велiзарнае значэнне ў яго рабоце набывае рэклама свята.

Група рэкламы свята складаецца з прадстаўнiкоў сродкаў масавай iнфармацыi, друкарні цi палiграфiчнага камбiната.

У кантакце з iмi адмiнiстратар свята:

— дамаўляецца з кiраўнiкамi або прадстаўнiкамi прэсы, радыё, тэлебачання аб перыядычным выпуску напярэдаднi свята перадач цi публiкацый аб будучай урачыстасцi;

— наладжвае сустрэчы членаў аргкамiтэта i пастановачнай групы з карэспандэнтамi;

— здзяйсняе папярэднюю дамову з друкарняй аб размяшчэннi заказу па выпуску друкаванай прадукцыi свята, якая распрацавана галоўным мастаком i зацверджана на савеце аргкамiтэта;

— падрыхтоўвае прэс-рэлiз i перадае яго рэдакцыям газет, радыё i тэлебачання (магчыма правядзенне прэсканферэн-цый з удзелам арганiзатараў, адказных за правядзенне iмпрэз);

— працуе з мастаком над падрыхтоўкай рэкламнай прадукцыi (афiш, запрашэнняў, буклетаў i інш.);

— арганiзоўвае расклейку афiш i распаўсюджванне запрашэнняў;

— праводзiць кантроль выканання заказу па вырабе друкаванай прадукцыi ва ўстаноўленыя тэрмiны;

— наладжвае распаўсюджванне друкаванай прадукцыi на тэрыторыi, дзе адбываецца свята, i па-за яе межамi;

— праводзiць акрэдытацыю журналiстаў, якiя будуць асвятляць свята ў сродках масавай iнфармацыi, i запрашае iх на асобныя рэпетыцыi;

— арганiзоўвае ва ўстановах, на прадпрыемствах папярэднi продаж бiлетаў разнастайных святочных камерцыйных дзей (шоу, канцэрты, вiдовiшчы, латарэi, аўкцыён, гандлёвыя атракцыёны і інш.);

— дамаўляецца з рэдакцыяй мясцовай газеты i здзяйсняе кантроль друкавання поўнай праграмы свята ў апошнiм перадсвяточным нумары;

— арганiзоўвае дастаўку персанальных запрашэнняў на свята (па папярэдняй дамоўленасцi са старшынёй аргкамiтэта або дырэктарам свята);

— па ўзгадненні з дырэктарам i галоўным рэжысёрам вызначае колькасць глядацкiх месцаў для ганаровых гасцей свята на розных святочных мерапрыемствах;

— разам з мясцовымi культработнiкамi арганiзоўвае сустрэчу гасцей i праводзiны iх на ганаровыя месцы.

Служба бяспекi дарожнага руху

Адмiнiстратар і супрацоўнiкi мясцовай аўтаiнспекцыi вырашаюць наступныя задачы:

— прымаюць меры для закрыцця праезду аўтатранспарту па тэрыторыi свята;

— наладжваюць выпуск спецыяльных пропускаў для руху кожнай адзiнкi службовага транспарту ў вызначаныя зоны святочнага дзеяння;

— арганiзоўваюць сустрэчу службовым транспартам ДАI аўтобусаў з прыбываючымi дэлегацыямi гасцей i творчымi калектывамi, а таксама суправаджэнне iх на пэўныя месцы;

— вызначаюць месца функцыянавання святочнага аўтавакзала (для размяшчэння службовага i ўласнага транспарту) i наладжваюць арганiзацыю яго работы;

— здзяйсняюць кантроль пастаяннага суправаджэння службовым транспартам ДАI аўта-, мотакалон, а таксама машын з выбуховымi i пiратэхнiчнымi сродкамi.

Медыцынская служба свята

Напярэдаднi свята адмiнiстратар заключае дагавор (на ўмовах фiнансавання або грамадскiх пачатках) з медыцынскiмi ўстановамi аб правядзеннi санiтарна-гiгiенiчнага i медыцынскага абслугоўвання свята ў нiжэйпералiчаным аб’ёме работ:

— выдзелiць для кожнай зоны святочнага дзеяння паходную аптэчку з лекавымi i перавязачнымi сродкамi першай дапамогi;

— вызначыць персанал для работы медыцынскага пункта свята i забяспечыць наяўнасць неабходных медыкаментаў для аказання першай дапамогi;

— арганізаваць для аказання тэрмiновай хуткай дапамогi на свяце дзяжурства мнагапрофiльнай спецыялiзаванай лiнейнай брыгады;

— правесцi напярэдаднi свята санiтарна-гiгiенiчнае абследаванне пунктаў грамадскага харчавання i пунктаў продажу харчовых прадуктаў, а таксама здзяйсняць санiтарна-гiгiенiчны кантроль за iх работай ў час свята.

 

Служба пажарнай бяспекi

Адмiнiстратар свята ў час яго падрыхтоўкi вялiкую ўвагу надае каардынацыi дзейнасцi пажарнай аховы горада цi раёна з працаўнікамі iншых службаў, прадпрыемстваў, арганiзацый, якiя займаюцца выкананнем работ, звязаных з выкарыстаннем агню, пiратэхнiчных i электрычных вырабаў. Ён:

— арганiзоўвае нараду iнспектара пажарнай аховы з тэхнiчнымi работнiкамi (напярэдаднi цi ў перыяд мантажу часовых электрычных лiнiй свята, электраасвятляльнай i гукаўзмацняльнай апаратуры) з мэтай выканання мер i правiл супрацьпажарнай бяспекi;

— з тымi ж мэтамi наладжвае нараду i з работнiкамi гандлю харчовымi таварамi, якiя ў час работы для падагрэву страў i напояў ужываюць электраплiткi i электрапечы;

— арганiзоўвае правядзенне iнструктажу творчых работнiкаў, якiя ў час свята звязаны з вогненнымi дзеямi;

— дамаўляецца з прадстаўнiкамi службы пажарнай бяспекi аб пастаянным кантролі работы пiратэхнiкаў;

— дамаўляецца аб пастаноўцы на баявы пост нарада пажарнай аховы на месца правядзення фейерверку i здзяйсняе кантроль за выкананнем гэтай дамовы.

Служба аховы парадку

Важнае месца ў сiстэме падрыхтоўкi свята займае арганiзацыя работы службы аховы парадку, у якой удзельнiчаюць падраздзяленнi мiлiцыi, унутраных войск, добраахвотныя дружыны і інш.

Адмiнiстратар свята з мэтай распрацоўкi i ўвасаблення праграмы аховы парадку ў час правядзення святочных дзеянняў здзяйсняе наступныя арганiзацыйныя задачы:

— вызначае з галоўным рэжысёрам умовы аховы парадку на свяце, час, месца i аб’ём неабходных работ;

— арганiзоўвае сустрэчы галоўнага рэжысёра i дырэктара свята з начальнiкам або намеснiкам начальнiка гарадскога цi раённага аддзела ўнутраных спраў з мэтай азнаямлення яго са сцэнарным планам свята i планам дэталёвай распрацоўкі мерапрыемстваў па ахове парадку;

— дамаўляецца аб пастаноўцы на баявы пост нарадаў мiлiцыi, унутраных войск на пэўны перыяд у вызначаныя зоны правядзення свята (эстрадныя пляцоўкi, кiрмаш, гульнёвыя гарадкi, аўтавакзал, пiратэхнiчнае поле i iнш.) i iх ахову;

— арганiзоўвае забеспячэнне членаў пастановачнай i творчай груп неабходнай колькасцю перагаворных устройстваў, якiя ёсць у наяўнасцi аддзела ўнутраных спраў (АУС);

— дамаўляецца з АУС аб замацаваннi за штабам свята, галоўным рэжысёрам i радыёцэнтрам супрацоўнiкаў мiлiцыi з мэтай прыняцця неадкладных мер у экстрэмальных сiтуацыях;

— вядзе пастаянны кантроль за выкананнем пастаўленых задач.

Бухгалтэрыя свята

Асобае месца ў структуры аргкамiтэта займае бухгалтэрыя свята, якая праводзiць усе фiнансавыя аперацыi, улiк i кантроль расходавання грашовых сродкаў i матэрыяльных каштоўнасцей, афармляе працоўныя пагадненнi i праводзіць аплату выканаўцаў разнастайных вiдаў работ.

Кiраўнiком гэтага невялiкага па штатным раскладзе падраздзялення з’яўляецца галоўны бухгалтар, а супрацоўнiкамi — бухгалтар i бухгалтар-касiр.

Бухгалтэрыя знаходзiцца ў падпарадкаваннi дырэктара свята i выконвае яго распараджэннi па фiнансавым забеспячэнні ўсiх аспектаў падрыхтоўкi i правядзення свята.

Звычайна работа бухгалтэрыi свята ўскладаецца на групу бухгалтараў той арганiзацыi, якая адказвае за творчае ўвасабленне святочных дзей (раённы, гарадскi аддзел культуры, абласное ўпраўленне культуры, навукова-метадычныя цэнтры, творчыя саюзы i iнш.).

Галоўны бухгалтар забяспечвае:

— правiльную пастаноўку бухгалтарскага ўлiку, аператыўнасць i даставернасць улiку, кантроль за правiльным расходаваннем грашовых сродкаў i матэрыяльных каштоўнасцей;

— правiльны i своечасовы ўлiк грашовых сродкаў, тавараматэрыяльных каштоўнасцей, афармленне дакументаў i адлюстраванне на разлiковых рахунках бухгалтарскiх аперацый, звязаных з рухам гэтых сродкаў;

— дакладнае захаванне касавай i разлiковай дысцыплiны, парадак выпiскi чэкаў i захаванне чэкавых кнiжак;

— правядзенне iнвентарызацыi пасля свята, выяўленне вынiкаў iнвентарызацыi i адлюстраванне ў бухгалтарскiм улiку;

— своечасовае афармленне матэрыялаў па недалiках, растратах грашовых сродкаў i матэрыяльных каштоўнасцей;

— састаўленне справаздачы пасля завяршэння свята на аснове пачатковых дакументаў; адпаведнасць бухгалтарскiх даных, своечасовае іх прадстаўленне вышэйстаячай арганiзацыi;

— правядзенне iнструктажу з матэрыяльна адказнымi асобамi па пытаннях улiку захавання каштоўнасцей;

— кантроль за вядзеннем касавых аперацый, вядзеннем кнiгi рэгiстрацыi прыходных i расходных касавых дакументаў;

— захаванне бухгалтарскiх дакументаў;

— кантроль за правiльным складаннем працоўных пагадненняў з выканаўцамi розных вiдаў работ (творчых, гаспадарчых, адмiнiстрацыйных i iнш.);

— своечасовую выплату зарплаты;

— законнасць здзяйснення банкаўскiх аперацый i рэгiстрацыю iх у журнале-ордэры; звярае астаткi з выпiскамi банка па рахунках;

— прыём, праверку i афармленне журнала-ордэра па касавых аперацыях;

— вядзенне на падставе дакументаў журнала-ордэра па разлiку з пастаўшчыкамi;

— адказнасць за афармленне даверанасцей на атрыманне розных тавараў, завярае іх.

Функцыянальныя абавязкi бухгалтара:

— налiчваць заработную плату па працоўным пагадненнi (з улікам кампенсацыі і індэксіравання); здзяйсняць разлiкi па камандзiроўках, а таксама ўсе ўтрыманнi з заработнай платы;

— складаць агульную ведамасць даных па разлiках з су- працоўнiкамi аргкамiтэта, прадпрыемствамi, арганiзацыямi, установамi не пазней 7 чысла кожнага месяца;

— улiк i справаздачнасць весці ў адпаведнасцi з iнструкцыяй па бухгалтарскім ўлiку i iншымi нарматыўнымi актамi;

— здзяйсняць пастаянны кантроль за пералiчэннем планавых плацяжоў i штомесячную зверку з арганiзацыямi;

— складаць даверанасцi на атрыманне розных тавараў;

— прымаць, правяраць i адлюстроўваць у “накопительной” ведамасцi дакументы па прыходу i расходу тавараў, неабходных для ўвасаблення святочных дзеянняў;

— прымаць i правяраць авансавыя справаздачы ў матэрыяльна адказнай асобы;

— прымаць i звяраць з адмiнiстрацыйным аддзелам звесткi аб прыбыццi i адбыццi творчых калектываў i дэлегацый гасцей свята;

— весці ўлiк рэалiзацыi паступiўшых тавараў;

— пры адсутнасцi касiра выконваць абавязкi па вядзенні касавых аперацый;

— прымаць удзел у паслясвяточнай iнвентарызацыi;

— несці поўную адказнасць за выкананне сваiх абавязкаў.

Функцыянальныя абавязкi бухгалтара-касiра:

— весці ўлiк касавых аперацый;

— пасля атрымання або выдачы грашовых сродкаў падпiсваць прыходныя i расходныя ордэры, а прыкладзеныя да iх дакументы пагашаць штампам “атрымана”, “аплачана” з указаннем даты, месца i года. Усе грашовыя паступленнi i выдачы ўлiчваць у касавай кнiзе, якую трэба весцi акуратна, без падчыстак i выпраўленняў. Запiсы ў кнiзе рабiць пасля атрымання i выдачы грошай;

— раз у тыдзень складаць касавыя справаздачы i здаваць галоўнаму бухгалтару;

— весці ўлiк выдадзеных даверанасцей i здзяйсняць кантроль за iх праходжаннем;

— выпiсваць расходныя дакументы на бензiн i аўтамасла, атрыманыя па талонах;

— прымаць i апрацоўваць пуцявыя лiсты ад шафёраў; складаць справаздачу па расходаванні бензiну i справаздачу па эксплуатацыі аўтатранспарту;

— выпiсваць накладныя на атрыманне матэрыяльных каштоўнасцей са склада, касцюмернай, бутафорскай i iнш.;

— прымаць, апрацоўваць справаздачу кладаўшчыка i прадстаўляць яе галоўнаму бухгалтару;

— прымаць удзел у паслясвяточнай iнвентарызацыi;

— несці поўную адказнасць за выкананне сваiх абавязкаў.