Абавязкі членаў творчай групы

Творчая група свята — гэта ўдзельнікі будучых святочных дзей, запрошаныя для выканання канкрэтных відаў творчых работ: прафесiянальныя i самадзейныя калектывы, спартыўныя таварыствы i вайсковыя часцi, Дамы мадэляў i пiратэхнiчныя фiрмы, сярэднiя i вышэйшыя навучальныя ўстановы, Палацы дзяцiнства i інш.

Практычнай падрыхтоўкай да ўдзелу ў свяце мноства калектываў займаецца шэраг спецыялiстаў, аб’яднаных у творчую групу. Сюды ўваходзяць кiраўнiкi творчых калектываў i асобныя выканаўцы, якiя падпарадкоўваюцца пэўнаму члену пастановачнай групы згодна са сваёй спецыялiзацыяй. Напрыклад, кiраўнiкi харэаграфiчных калектываў працуюць пад кiраўнiцтвам галоўнага балетмайстра, харавымi i музычнымi калектывамi кiруе галоўны дырыжор або музычны кiраўнiк i інш.

Члены творчай групы выконваюць заданнi пастаноўшчыкаў. У працэсе ўсяго перыяду падрыхтоўкi свята члены пастановачнай групы кантралююць работу калектываў творчай групы i абмяркоўваюць ход падрыхтоўкi на спецыяльных пасяджэннях.

Асобнае месца ў структуры творчай групы займае памочнiк рэжысёра, якi з’яўляецца звязуючым звяном памiж галоўным рэжысёрам i членамi творчай i пастановачнай груп.

Памочнiк (асiстэнт) — гэта непасрэдны паплечнiк галоўнага рэжысёра перш за ўсё па творчай, а затым па тэхнiчна-арганiзацыйнай лiнii. У яго функцыi ўваходзiць наступнае:

— удзельнічаць ва ўсiм працэсе падрыхтоўкi свята, пачынаючы з абмеркавання з галоўным рэжысёрам пастановачнага плана i заканчваючы выпускам самога свята;

— правесцi па даручэнні галоўнага рэжысёра рэпетыцыi з асобнымi калектывамi i выканаўцамi;

— кантраляваць работу розных тэхнiчных службаў;

— праводзiць работу па арганiзацыi рэпетыцый:

а) iнфармаваць калектывы i выканаўцаў, усе неабходныя службы аб графiку рэпетыцыйнага працэсу;

б) падрыхтаваць на сцэне згодна з рэжысёрскай планiроўкай выгарадку мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

в) пракантраляваць мантаж i гатоўнасць да работы гукаўзмацняльнай i гукааднаўляльнай апаратуры;

г) праверыць гатоўнасць касцюмаў, рэквiзiту i бутафорыi;

д) у час рэпетыцый i святочнага дзеяння кантраляваць ход дзеi, своечасова абвяшчаць выканаўцам i калектывам аб iх выхадзе на сцэну; згодна партытур музыкi i шумаў, святла, тэхнiчных перастановак кiраваць работай асвятляльнiкаў, гукааператара i рабочых сцэны;

ж) выконваць усе творчыя i арганiзацыйныя даручэннi галоўнага рэжысёра па каардынацыi пытанняў увасаблення свята.

Памочнiк (асiстэнт) рэжысёра з’яўляецца кiраўнiком-каардынатарам творчай групы, праз якога ўсе творчыя i арганiзацыйныя пытаннi асобных выканаўцаў i калектываў даводзяцца да галоўнага рэжысёра i дырэктара свята i атрымлiваюць канчатковае вырашэнне.

 

Мастацка-пастановачная частка свята

 

Для здзяйснення свята патрэбны пэўныя ўмовы, у якiх будуць дзейнiчаць выканаўцы. Да пачатку ўрачыстасцей дзеля стварэння такiх умоў вядзецца велiзарная работа па выпуску свята. Стварэнне знешняй формы свята ўключае шэраг разнастайных вiдаў работ творчага i вытворчага характару, якой займаецца мастацка-пастановачная частка свята. Гэта структурнае падраздзяленне аргкамiтэта ўзначальвае спецыяльная адказная асоба — загадчык мастацка-пастановачнай часткі. Але ў тым выпадку, калi наладжваемае свята з’яўляецца невялiкiм па маштабе або ў каштарысе выдаткаў па розных прычынах не прадугледжана адзiнка загадчыка мастацка-пастановачнай часткі, яго задачы выконвае дырэктар свята.

Загадчык мастацка-пастановачнай часткі працуе ў па- стаянным кантакце з галоўным рэжысёрам i галоўным мастаком; яго работа складаецца з наступных функцыянальных абавязкаў:

— арганiзацыя i правядзенне рабочых нарад мастацка-пастановачнай часткi;

— нагляд за матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэннем свята;

— рэгуляванне абавязкаў i раскладу работы членаў мастацка-пастановачнай часткi;

— кантроль за вырабам, арэндай або падборам усiх неабходных кампанентаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— кантроль за правядзеннем мантажу абсталявання ўсiх эстрадных i гульнёвых пляцовак свята;

— арганiзацыя i правядзенне спецыяльных вiдаў рэпетыцый, якiя наладжваюцца мастацка-пастановачнай часткай (падгоначныя, манціровачныя, па асвятленні, гукавыя);

— падрыхтоўка разам з пажарна-тэхнiчнай камiсiяй i iнжынерам па тэхнiцы бяспекi актаў здачы i прыёму мастацка-дэкаратыўнага афармлення, святлатэхнiкi i разнастайных механiзмаў з пункту гледжання захавання нормаў i правiл умоў працы i супрацьпажарнай бяспекi;

— удзел у рабоце аргкамiтэта i каардынацыйная работа з членамi iншых структурных падраздзяленняў.

Пад кiраўнiцтвам загадчыка мастацка-пастановачнай часткі працуюць спецыялiсты рознага профiлю, якiя займаюцца канкрэтнай творчай i вытворчай дзейнасцю па стварэннi знешняй формы свята. Прапануемы пералiк кiраўнiкоў i членаў службаў мастацка-пастановачнай часткі, а таксама iх функцыянальныя абавязкi могуць памяншацца або павялiчвацца ў адпаведнасцi з аб’ёмам работы, якую трэба зрабiць пры падрыхтоўцы i правядзеннi свята.

Машынiст сцэны на свяце даволi часта разам з рабочымi сцэны, брыгадамi будаўнiкоў i электрыкаў абслугоўвае не толькi галоўную сцэну, але i дадатковыя пляцоўкi дзеяння, таму яго абавязкi значна шырэй, чым у тэатры:

— знаёмства са сцэнарыем свята, задумай рэжысёра i мастака, планiроўкай святочнай прасторы i тым аб’ёмам работ, якi трэба выканаць яму i яго падначаленым;

— нагляд за будаўнiцтвам часовых пабудоў свята ў адпаведнасцi з эскiзамi i чарцяжамi, якiя распрацаваў галоўны мастак;

— замацаванне асобных зон дзеяння свята i дзялянак галоўнай сцэны за брыгадзiрамi груп рабочых сцэны;

— арганiзацыя для правядзення рэпетыцый з выканаўцамi ў рэпетыцыйным памяшканнi i на сцэне выгарадак сцэнiчнага афармлення на аснове падбору станкоў, сцен, калон — усяго таго, што патрабуецца для iмiтацыi будучых дэкарацый;

— знаёмства з дэкарацыямi, асвойванне iх зборкi, устаноўкi i разборкi;

— падгонка i манцiроўка сцэнiчнага афармлення, занатаванне парадку i тэхнiкi манціроўкi, планiроўкi i сiгналаў для iх перамен у час дзеi;

— распрацоўка разам з загадчыкам пастановачнай часткі плана правядзення манціровачных рэпетыцый, у якiм вызначаюцца аб’ём работ, паслядоўнасць аперацый i колькасць выклiканых работнiкаў;

— тлумачэнне рабочым сцэны сэнсу i парадку правядзення манціровачных рэпетыцый i расстаноўка iх па асобных дзялянках;

— вызначэнне месцаў размяшчэння дэкарацый на сцэне, месца падрыхтоўкi мэблi i спосабу яе дастаўкi на сцэну ў адпаведнасцi з парадкам змены дэкарацый;

— распрацоўка спосабу дастаўкi дэталяў дэкаратыўнага афармлення i мэблi з адной зоны дзеяння свята ў другую (у выпадку неабходнасцi);

— фiксацыя планiроўкi ў кожнай зоне святочнага дзеяння;

— удзел у правядзеннi прагонных, мантажных, зводных, генеральных рэпетыцый на ўсiх пляцоўках святочнага дзеяння, арганiзацыя вытворчага працэсу рабочай групы на свяце;

— удзел у нарадах мастацка-пастановачнай часткi.

Аператары светлавой тэхнікі. У групу спецыялiстаў, якiя на свяце займаюцца ўвасабленнем светлавога рашэння, уваходзяць тэхнiчныя работнiкi рознага профiлю: асвятляльнiкi, дэманстратары калярова-музычнага жывапiсу, аператары лазернай тэхнiкi, праекцыйнай апаратуры (вiдэа, слайды, кiно). Пры ўсёй спецыфiчнасцi работы на тых цi iншых светлавых прыборах найбольш агульнымi абавязкамi гэтай групы су- працоўнiкаў мастацка-пастановачнай часткi з’яўляюцца:

— знаёмства са сцэнарыем свята i дэталёвая прапрацоўка яго светлавой партытуры;

— распланаванне асноўных светлавых пунктаў, вызначэнне колькасцi i характару светлавых праекцый i эфектаў;

— вымярэнне адлегласцi ад месцаў размяшчэння стацыянарнай i пераноснай апаратуры да асвятляемых аб’ектаў;

— выяўленне прыбораў, якiх не хапае для ажыццяўлення рэжысёрскай задумы, i iх набыццё або канструяванне;

— вызначэнне прынцыпаў размеркавання асноўных светлавых мас, удакладненне светлавых пераходаў;

— здзяйсненне спробы праекцый, эфектаў i ўсiх астатнiх спецпрыстасаванняў;

— правядзенне рэпетыцый па ўсталёўцы святла з улiкам асноўных мiзансцэн i праверка асветленасцi выканаўцаў на фоне агульнай светлавой карцiны;

— фiксацыя знойдзенага светлавога рашэння ў светлавой партытуры;

— удзел у правядзеннi рэпетыцый i святочнага дзеяння, у нарадах мастацка-пастановачнай часткi.

Касцюмер свята. Вытворчай i эксплуатацыйнай дзейнасцю па забеспячэнні ўдзельнiкаў свята касцюмамi займаецца касцюмерная частка свята, арганiзацыйная структура якой залежыць ад колькаснага складу ўдзельнiкаў i жанравай накiраванасцi святочных дзей.

Аматарскіх i прафесiйных артыстаў, якiя выступаюць у складзе сваiх калектываў, касцюмамi забяспечвае камандзіруючая арганiзацыя (тэатр, фiлармонiя, Палац культуры, ПТВ, школа i інш.).

У мастацка-гiстарычных i спартыўных святах частку касцюмаў рыхтуюць на аснове падбору ў касцюмерных устаноў культуры i мастацтваў, а частку шыюць у вытворчых майстэрнях. У гэтым выпадку ў склад касцюмернай уключаюць мадэльера, краўцоў, шаўцоў, якiя працуюць у кантакце з мастаком. Непасрэдна на буйным свяце звычайна працуюць дзве брыгады касцюмераў-апранальшчыкаў па асблугоўванні жаночага i мужчынскага складу ўдзельнiкаў. Гэтым калектывам кiруе загадчык касцюмернай часткі або старшы касцюмер, якi мае наступныя абавязкі:

— складае разам з мастаком апiсанне ўсiх касцюмаў, абутку, галаўных убораў, а таксама касцюмнага рэквiзiту (хустачкi, насоўкi, вееры, ордэны, эмблемы, значкi i інш.), якiя патрэбны для персанажаў святочнага дзеяння;

— вызначае пералiк касцюмаў, якiя належыць вырабiць, набыць або ўзяць у арэнду, а якія перарабiць;

— складае брыгаду касцюмераў-апранальшчыкаў па абслугоўванні ўдзельнiкаў свята;

— вызначае месца складзiравання касцюмаў i забяспечвае iх захаванасць, належны выгляд;

— сочыць за чысцiнёй сцэнiчнай мэблi i дэталяў дэкарацый з мэтай захавання чысцiнi касцюмаў;

— выдае i прымае касцюмы пад асабiстую распiску кожнага ўдзельнiка за захаванасць касцюма;

— прымае ўдзел у нарадах мастацка-пастановачнай часткi.

Мастак-грымёр. У працэсе ўвасаблення свята з мэтай стварэння знешняга выгляду разнастайных персанажаў, асаблiва партрэтнага грыму дзяржаўных дзеячаў, а таксама дзеячаў навукi, культуры, мастацтва i лiтаратуры розных эпох i стагоддзяў, у склад мастацка-пастановачнай часткi нярэдка запрашаюць мастака-грымёра. Асаблiвасцю яго работы на свяце (у адрозненне ад тэатра, дзе ёсць майстры-пасцiжоры, якiя займаюцца вырабам парыкоў i наклеек) з’яўляецца тое, што мастак-грымёр свята здзяйсняе адначасова вытворчую i эксплуатацыйную дзейнасць. Але яго вытворчая работа па вырабе парыкоў адбываецца даволi рэдка, таму што значна танней ствараць знешнi вобраз персанажаў на аснове пракату тых пасцiжорных вырабаў, якiя ёсць у грымёрных цэхах тэатраў, кiнастудый i фiлармонiй.

Мастак-грымёр у сваёй рабоце арыентуецца на выкананне грыму згодна эскiзаў галоўнага мастака i мае наступныя функцыянальныя абавязкi:

— азнаямленне са сцэнарыем святочных дзей, дзе выкарыстоўваецца грым, i эскiзамi грыму, створанымi галоўным мастаком;

— правядзенне гутарак з выканаўцамi, якiя яму тлумачаць сваё бачанне знешняга аблічча персанажаў;

— вывучэнне iконаграфiчнага матэрыялу (фотаздымкi, малюнкi, партрэты ўвасабляемай асобы);

— здзяйсненне спроб грыму ў iндывiдуальнай рабоце з выканаўцамi;

— зацвярджэнне канчатковага варыянта грыму (у галоўнага рэжысёра або рэжысёра-пастаноўшчыка);

— захаванне санiтарна-гiгiенiчных правiл пры рабоце з грымам, парыкамi, наклейкамi;

— грымiраванне выканаўцаў у час правядзення рэпетыцый i свята;

— забеспячэнне выканаўцаў вазелiнам, лiгнiнам, марляй i iншымi сродкамi для зняцця грыму;

— складанне акта спiсання выкарыстанага грыму i сродкаў зняцця грыму i зацвярджэнне яго ў дырэктара свята або загадчыка пастановачнай часткі;

— удзел у нарадах мастацка-пастановачнай часткi.