Творчае забеспячэнне свята

Першапачатковым, галоўным i вырашальным этапам арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя з’яўляецца высвятленне пытанняў творчага забеспячэння свята, ад дэталёвай распрацоўкi якога залежыць лёс увасабляемых святочных дзей.

Такі аналiз праводзяць галоўны рэжысёр, галоўны мастак, рэжысёры-пастаноўшчыкi i гукарэжысёр. Ён ажыццяўляецца па наступных кiрунках:

1. Вызначэнне калектываў (мастацкiх, спартыўных, гульнёвых, ваенна-паказальных i iнш.), а таксама асобных выканаўцаў, якiя будуць выступаць з гатовымi праграмамi.

Даволi часта ў сцэнарыi ўжо закладзены пералiк калектываў-удзельнiкаў, i iх назвы трэба толькi выпiсаць для далейшых удакладненняў. Але калi такi пералiк адсутнiчае, пастаноўшчыкi павiнны ўнесцi свае прапановы.

Напрыклад, у сцэнарыi не закладзены пералiк, а толькi занатавана, што фестываль мастацтваў на свяце працягваецца з 15.00 да 19.00 гадзін.

Рэжысёр, у сваю чаргу, зыходзячы з творчых меркаванняў, выступленне аднаго калектыву абмяжоўвае 30 мінутамi.

Падзялiўшы 4 гадзiны (агульны час правядзення фестывалю) на 30 мінут (час выступлення аднаго калектыву), пастаноўшчык атрымлiвае лiчбу 8, якая i вызначае колькасць калектываў-удзельнiкаў.

Затым рэжысёр на аснове дакладнага ведання мясцовых творчых сiл прапануе, якiя канкрэтна калектывы, як мясцовыя, так i запрошаныя, павiнны, на яго думку, прыняць удзел у фестывалі.

2. Выпiска новых пластычных нумароў, апiсаных у сцэнарыi, якiя трэба падрыхтаваць пры ўвасабленнi абрадава-рытуальных, мастацкiх, гульнёвых i спартыўных дзей.

Высвятляючы гэту пазiцыю, пажадана, каб рэжысёры не толькi зрабiлi пералiк новых творчых распрацовак, але i iх iнтэрпрэтатараў i выканаўцаў. Гэтым яны значна палегчаць далейшую работу дырэктара, адмiнiстратара i бухгалтара свята.

3. Высвятленне нумароў музычна-гукавой партытуры свята.

Галоўны рэжысёр разам з музычным кiраўнiком i гукарэжысёрам разглядаюць, якiя, згодна са сцэнарыем, новыя песнi, музычныя фрагменты неабходна стварыць для суправаджэння святочных дзей i якога кампазiтара запрасiць для гэтых мэт. Падобная работа праводзiцца i ў адносiнах да фанаграмы свята (якiя музычныя i моўныя нумары павiнны гучаць у эфiры з указаннем iх аўтараў, назваў i ў выкананнi якiх калектываў i асобных выканаўцаў).

4. Выяўленне прапанаванага ў сцэнарыi вобразнага вырашэння свята ў архiтэктурна-дэкаратыўным афармленнi.

Галоўны мастак, прааналiзаваўшы вобразную сiстэму свята, пасля кансультацый з галоўным рэжысёрам распрацоўвае прасторавае вырашэнне, план размяшчэння зон дзеяння, галоўны i дадатковыя мiзансцэнiчныя пункты i робiць папярэднiя эскiзы ўсiх аб’ектаў архiтэктурна-дэкаратыўнага афармлення (часовых пабудоў, касцюмаў, рэквiзiту i інш.).

5. Дэталёвая распрацоўка поўнага складу пастановачнай групы.

На аснове творчых патрэб, выяўленых у працэсе аналiзу сцэнарыя, галоўны рэжысёр абгрунтоўвае склад пастановачнай групы, прытрымлiваючыся наступных крытэрыяў:

— кожнае святочнае мерапрыемства, якое патрабуе творчай распрацоўкi i ўвасаблення, павiнна мець свайго рэжысёра-пастаноўшчыка, паколькi галоўны рэжысёр займаецца агульным кiраваннем творчага працэсу i пастаноўкай цэнтральных вузлавых фрагментаў: адкрыццё, закрыццё i кульмiнацыйная дзея свята;

— кожны новы нумар, якi будзе ўведзены ў структуру святочных дзей, згодна з зацверджаным сцэнарыем, павiнен увасабляць асобны пастаноўшчык адпаведнага жанру (балетмайстар, кампазiтар, хормайстар, рэжысёр па спорту, гульнёвых, пiратэхнiчных дзей i інш.);

— у кожнай зоне свята пры рэжысёры-пастаноўшчыку павiнна быць дапаможная творчая група (1—2 асiстэнты рэжысёра, 1—2 вядучых або дыктараў);

— на кожным з гукавых пунктаў свята павiнен працаваць асобны гукааператар.

Удакладнiўшы i занатаваўшы на паперу ўсе вызначаныя пазiцыi, а таксама дадаўшы да iх спiс галоўных творчых асоб, зацверджаных палажэннем аб правядзеннi свята, галоўны рэжысёр складае структуру пастановачна-творчай групы з пералiкам адказных творчых асоб, iх пасад i званняў.


Прыкладны склад пастановачна-творчай групы

тэатралiзаванага свята творчасцi “Зоркi Нёманскага краю”

 

  Прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, званне
1. Аўтар сцэнарыя ______________________________________
2. Галоўны рэжысёр ______________________________________
3. Галоўны мастак ______________________________________
4. Галоўны балетмайстар ______________________________________
5. Кампазiтар ______________________________________
6. Рэжысёр-пастаноўшчык спартыўных нумароў   ______________________________________
7. Рэжысёр-пастаноўшчык маладзёжнага балю   ______________________________________
8. Рэжысёр-пастаноўшчык пiратэхнiчнага прадстаўлення на вадзе   ______________________________________
9. Рэжысёр святочнага кiрмашу   ______________________________________
10. Рэжысёр цыркавой праграмы   ______________________________________
11. Балетмайстар-пастаноўшчык   ______________________________________
12. Гукарэжысёр ______________________________________
13. Гукааператары (пералiк асоб)   ______________________________________
14. Асiстэнты рэжысёраў (пералiк асоб)   ______________________________________
15. Вядучыя ______________________________________
16. Генеральны дырэктар свята   ______________________________________
17. Выканаўчы дырэктар свята   ______________________________________

 

Кожнаму члену пастановачнай групы вызначаецца мяркуемы памер грашовага ганарару за выкананне ўстаноўленага аб’ёму работ, згодна iснуючых расцэнак цi па папярэдняй дамоўленасцi.

Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне

 

Пасля выяўлення рознабаковых аспектаў творчага забеспячэння свята пачынаецца наступны этап арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя — высвятленне пытанняў матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння. Гэтую частку работы праводзяць дырэктар i адмiнiстратар свята, якiя пры ўзнiкненнi пэўных пытанняў кансультуюцца з бухгалтарам i галоўным рэжысёрам.

Аналiз грунтуецца на аснове глыбокага, удумлiвага вывучэння сцэнарыя і плана творчага забеспячэння свята, якi зацверджаны галоўным рэжысёрам.

Аналiз складаецца з нiжэйпералічаных аспектаў.

1. Арганiзацыйна-вытворчае дасье на творчыя калектывы.

Разглядаючы пералiк удзельнiкаў свята, дырэктар i адмiнiстратар асобна павiнны правесцi пэўны аб’ём папярэднiх iнфармацыйна-даведачных работ аб кожным калектыве з мэтай складання арганiзацыйна-вытворчага дасье, якое распрацоўваецца па наступных параметрах:

— дакладная, поўная назва калектыву, яго адрас, тэлефон, спiс удзельнiкаў з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку кожнага з iх;

— звесткі пра мастацкага кiраўнiка калектыву з поўным указаннем прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, ганаровага звання, рэгалiй (калi такiя ёсць);

— анатацыя творчай дзейнасцi калектыву;

— пералiк нумароў мастацкай праграмы, з якой калектыў будзе выступаць на свяце, з указаннем назвы твора, яго аўтара i выканаўцаў;

— кошт аднаго выступлення калектыву;

— на якi тэрмiн для ўдзелу ў святочных дзеяннях запрашаецца калектыў (некалькi гадзiн, адзiн—два днi, тыдзень i г.д.);

— хто забяспечвае калектыў аўтатранспартам (калi транспарт аргкамiтэта, даведацца дату, час i адрас, адкуль забiраць калектыў, куды даставiць i калi адвозiць дадому — дата, час i месца прызначэння. Калi калектыў сам забяспечвае аўтатранспарт, то неабходна прызначыць месца яго стаянкi пад аховай мiлiцыi ў начны час);

— прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, месца работы i тэлефон куратара творчага калектыву;

— мужчынскi i жаночы склад калектыву;

— месца размяшчэння калектыву на начлег;

— месца i час харчавання ўдзельнiкаў калектыву;

— месца i час правядзення рэпетыцый i выступленняў калектыву;

— месца пераапранання калектыву ў час святочных дзеянняў (аўтатранспарт калектыву, палатка для пераапрананняў на адкрытым паветры або грымуборныя з указаннем iх нумароў);

— якая мэбля (крэслы, сталы, лавы i інш.) патрэбна калектыву для выступлення;

— колькi мiкрафонаў i якая гукаапаратура (прайгравальнікі лазерных дыскаў, касетныя або лентачныя магнiтафоны) патрэбны для тэхнiчнага забеспячэння выступлення;

— месца захавання элементаў мастацка-дэкаратыўнага афармлення (касцюмаў, рэквiзiту i інш.) калектыву;

— набыццё святочных сувенiраў калектыву i яго ўдзельнiкам;

— забеспячэнне калектыву праграмай, афiшамi i буклетамi свята;

— арганiзацыя сустрэчы i суправаджэння аўтатранспарту калектыву спецыяльным аўтатранспартам ДАI.

Арганiзацыйна-вытворчае дасье на асобных выканаўцаў складаецца па такім жа прынцыпе.

Што тычыцца дасье дэлегацый гасцей свята, то тут iнфармацыйна-даведачная работа абмяжоўваецца пайменным пералiкам гасцей з указаннем iх пасад i ганаровых званняў, а таксама ўключае пытаннi харчавання, пражывання, вызначэнне куратара групы i забеспячэнне гасцей аўтатранспартам, праграмай свята i сувенiрнай прадукцыяй.

2. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне працэсу падрыхтоўкi новых нумароў.

Вызначаючы меры матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння нумара, якi патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкi, дырэктар i адмiнiстратар спачатку выпiсваюць з плана творчага забеспячэння пералiк такiх дзей, а затым вывучаюць i аналiзуюць сцэнарную распрацоўку, у якой кожны нумар мае арыенціровачнае апiсанне.

Напрыклад, у сцэнарыi занатавана:

«На поле стадыёна выходзяць 600 гiмнастак у бела-блакiтных спаднiчках i блузках. У руках яны трымаюць двухбаковыя сiне-зялёныя шалiкi i маленькiя закрытыя парасончыкi. На фоне лiтаратурна-музычнай кампазiцыi гiмнасткi робяць многафiгурныя пабудовы беларускага нацыянальнага арнаменту, затым утвараюць “бягучую плынь ракi”. Па “рацэ” плывуць “лодкi”, з якiх дзяўчаты ў беларускiх нацыянальных строях (удзельнiцы танцавальных калектываў) апускаюць у “раку” вянкi. Частка гiмнастак, прысеўшы, накрывае сябе зялёнымi шалiкамi i раскрывае парасончыкi-кветкi, утва-раючы “кветкавае поле”. У цэнтры яго ўзнiкае высокае полымя дэкаратыўнага вогнiшча, вакол дзяўчаты—удзельнiцы танцавальных калектываў (60 чалавек) — водзяць купальскi карагод».

Каб гэта маляўнiчае вiдовiшча змагло адбыцца, дырэктар i адмiнiстратар у вынiку аналiзу апiсанага дзеяння павiнны прадугледзець наступнае:

— на базе якiх арганiзацый i ўстаноў (школы, ПТВ, ВНУ і інш.) будуць фармiравацца групы ўдзельнiкаў нумара;

— хто будзе ўвасабляць аналiзуемы нумар (прозвiшча, iмя, iмя па бацьку пастаноўшчыка);

— якую колькасць удзельнiкаў можа прадставiць кожная вызначаная арганiзацыя цi ўстанова;

— хто з прадстаўнiкоў вызначаных устаноў будзе адказваць за арганiзацыю i правядзенне рэпетыцый на сваiх мясцовых спортпляцоўках i ў танцавальных залах, за дастаўку ўдзельнiкаў на зводныя рэпетыцыi, а таксама за кантроль i захаванне працоўнай дысцыплiны ў час рэпетыцыйнага працэсу i на свяце;

— якiм чынам будзе здзейснена дастаўка ўдзельнiкаў нумара на зводныя рэпетыцыi i свята (пехатой, на транспарце ўстановы цi на службовым транспарце свята);

— якiх памераў павiнны быць вопратка, абутак i шкарпэткi для 600 гiмнастак;

— якiм чынам забяспечыць гiмнастак вопраткай i абуткам (арэнда цi часовае дабрачыннае ахвяраванне ў спартыўных установах, калi там усё вызначанае ёсць у наяўнасцi, або пашыў касцюмаў у вытворчых майстэрнях);

— колькi метраў матэрыялу трэба набыць у магазiне i колькi ён каштуе;

— хто будзе здзяйсняць заказ па вырабе вопраткi i абутку i колькi каштуе гэта работа;

— якая арганiзацыя будзе вырабляць, згодна з распрацаванымі мастаком эскiзамі, рэквiзiт i бутафорыю нумара (двухбаковыя шалiкi, парасончыкi, лодкi, вянкi, дэкарыраваную канструкцыю вогнiшча);

— колькi будзе каштаваць выраб кожнай адзiнкi рэквiзiту i бутафорыi;

— у якiм месцы будуць захоўваць касцюмы, абутак, рэквiзiт i бутафорыю i хто будзе іх выдаваць i прымаць ад удзельнiкаў нумара;

— на базе якой студыi будзе адбывацца гуказапiс фанаграмы музычна-лiтаратурнай кампазiцыi;

— колькi каштуе арэнда студыi гуказапiсу i аплата работы артыстаў;

— хто будзе здзяйсняць работу гукааператара нумара на рэпетыцыях i свяце i колькi каштуе яго праца;

— якiм чынам будзе ажыццяўляцца дастаўка гукаўзмацняльнай i гукааднаўляльнай апаратуры на рэпетыцыi i свята.

Такi або падобны арганiзацыйна-вытворчы аналiз i канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблем здзяйсняюцца па кожным новым нумары, якi рыхтуецца ў праграме святочных дзеянняў.

3. Матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне падрыхтоўкi мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Дырэктар i адмiнiстратар свята, грунтуючыся на эскiзах мастацкага афармлення, распрацаваных галоўным мастаком i прадстаўленых у плане творчага забеспячэння, высвятляюць:

— колькi эстрадных, гульнёвых пляцовак, пiратэхнiчных канструкцый, гандлёвых i iншых часовых пабудоў неабходна вырабiць;

— з якога матэрыялу будзе выраблена кожная часовая пабудова i кошт гэтага матэрыялу;

— хто зможа ажыццявiць пастаўку неабходных матэрыялаў;

— якiя арганiзацыi будуць займацца вырабам пляцовак, агульны кошт iх вытворчых i мантажных работ;

— якiя вытворчыя майстэрнi будуць вырабляць элементы мастацка-дэкаратыўнага афармлення, якi для гэтага патрабуецца аб’ём работ, iх кошт;

— каму зрабiць заказ на выраб бутафорыi i рэквiзiту свята, колькi будзе каштаваць iх выраб;

— якая арганiзацыя ажыццявiць дастаўку на пляцоўкi i мантаж вырабленага мастацкага афармлення святочнага дзеяння;

— якiя часовыя электралiнii трэба пабудаваць на тэрыторыi свята i хто будзе вырашаць гэта пытанне;

— якiя арганiзацыi паставяць святлоапаратуру свята (пражэктары, праекцыйныя апараты, лазерныя ўстаноўкi i iнш.) i хто ажыццявiць iх мантаж;

— пералiк i найменаванне адзiнак мэблi, патрэбнай на сцэнiчных пляцоўках (з якiх арганiзацый можна яе ўзяць у часовае карыстанне);

— якiм чынам будзе здзейснена касцюмiраванне ўдзельнiкаў свята (падбор з касцюмерных тэатраў i Палацаў культуры, арэнда цi выраб у майстэрнях), хто будзе вырашаць гэтае пытанне.

У кожным свяце матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне, падрыхтоўка мастацкага афармлення маюць спецыфiчныя асаблiвасцi i дэталiзуюцца на аснове аналiзу сцэнарыя i эскiзаў мастака.

Паколькi мы асвятляем пытаннi, найбольш характэрныя для ўсiх свят, этапы мастацка-дэкаратыўнага афармлення больш падрабязна будуць разгледжаны далей.

Трэба адзначыць, што дырэктар i адмiнiстратар свята разам з занатаваннем агульных аспектаў i дэталiзацыi асобных момантаў творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага забеспячэння свята вызначаны аб’ём i кошт усiх работ перадаюць у бухгалтэрыю свята.

 

Фiнансаванне свята

Арганiзацыйна-вытворчы аналiз сцэнарыя завяршаецца абагульненнем (з пункту гледжання фiнансавання) разнастай-ных вiдаў работ.

На пачатковым этапе галоўны бухгалтар правярае даставернасць улiку выяўленых работ i правiльнасць расходу грашовых i матэрыяльных сродкаў згодна раскладак галоўнага рэжысёра, дырэктара i адмiнiстратара свята. Кошт усiх вiдаў работ зводзiцца ў агульную ведамасць. Затым агульны кошт усiх вiдаў работ дырэктар i галоўны бухгалтар звяраюць з зацверджаным каштарысам свята, i пры ўмове, калi выдаткi не перавышаюць агульную суму запланаваных грашовых сродкаў, пачынаецца наступны этап работы — распрацоўка рабочага плана падрыхтоўкi свята, заключэнне пагадненняў на выкананне ўсiх вiдаў работ i арганiзацыя вытворчага працэсу.

У тым выпадку, калi праектны каштарыс свята перавышае запланаваны, дырэктар звяртаецца за дапамогай да старшынi аргкамiтэта, якi вырашае гэту праблему.

Фiнансаванне такога праектнага каштарыса можа здзяй- сняцца па наступных каналах:

— выдзяленне дадатковых грашовых сродкаў з дзяржаўнага бюджэту цi iншых праграм;

— за кошт памяншэння каштарыса iншых запланаваных свят;

— правядзенне дабрачыннага суботнiка па добраўпарад-каванні тэрыторыi, сродкi ад якога будуць пералiчаны на банкаўскi рахунак свята;

— збор добраахвотных ахвяраванняў. Напрыклад, прыняцце мясцовымi арганiзацыямi, прадпрыемствамi, установамi на аснове перамоў з жыхарамі мясцовасці рашэння аб перадачы грашовых сродкаў аднаго рабочага дня ў фонд свята;

— дамова з кiраўнiкамi прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў аб выкананнi часткi работ за кошт iх унутраных рэзерваў;

— пошук спонсараў свята з лiку прыватных фiрмаў i асоб.

Пры немагчымасцi забяспечыць фiнансаванне работ праекта, калі перавышае вызначаны каштарыс, арганiзатары звяртаюцца перш за ўсё да сцэнарыя i разглядаюць, якiя яго фрагменты патрабуюць iстотнай перапрацоўкi з мэтай памяншэння каштарыса, якія яго фрагменты можна не выкарыстоўваць у праграме свята. I гэта менш балюча адаб’ецца на адлюстраваннi агульнай iдэйна-тэматычнай накiраванасцi i ўспрыманнi свята. Але зняцце задуманых аўтарамi дзей — самая крайняя мера, якая павiнна прымацца ў выключных абставiнах. На жаль, iснуючая на многiх узроўнях практыка скарачэння сцэнарыяў з мэтай памяншэння каштарыса часта прыводзiць да пэўнай нiвелiроўкi свята, збядняе яго творчы патэнцыял, выхоўвае безынiцыятыўнасць, iмкненне да ўжывання традыцыйна штампаваных рашэнняў — толькi б укласцiся ў каштарыс.

Таму арганiзатарам трэба прыкладаць усе намаганнi для таго, каб задуманае аўтарамi i пастаноўшчыкамi свята адбылося ў рамках запланаваных святочных дзеянняў.

Такiм чынам, арганiзацыйна-вытворчы аналiз сцэнарыя дае магчымасць выявiць галоўныя пытаннi ўвасаблення свята i намецiць шляхi iх вырашэння, што і з'явіцца падставай для распрацоўкi рабочага плана падрыхтоўкi свята.

Агульныя звесткi аб рабоце штаба аргкамiтэта

 

Падрыхтоўка свята — гэта самы важны i адказны працэс работы, якi ахоплiвае ўсе структурныя падраздзяленнi аргкамiтэта. Юрыдычная дзейнасць па ўвасабленні святочных дзей пачынаецца з зацвярджэння дзяржаўнымi органамi або грамадскiмi арганiзацыямi палажэння аб правядзеннi свята, але фактычна пачатак работы адбываецца значна раней — са стварэння iнiцыятыўнай групы, якая распрацоўвае творчую заяўку на правядзенне свята, прапануе склад аргкамiтэта, журы, пастановачнай групы, агульны сцэнарый i інш.

Працэс стварэння знешняй формы свята падзяляецца на тры галоўныя этапы:

1. Стварэнне рабочага плана падрыхтоўкi свята на аснове дэталёвага аналiзу сцэнарыяў разнастайных дзеянняў з пункту гледжання iх творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага, фiнансавага i арганiзацыйнага забеспячэння.

2. Вытворчы працэс падрыхтоўкi свята:

а) будаўнiцтва эстрадных i гульнёвых пляцовак, гандлёвых i iншых часовых пабудоў;

б) выраб у вытворчых майстэрнях i на прадпрыемствах або арэнда элементаў мастацка-дэкаратыўнага, гукавога афармлення i iх мантаж у зонах святочнага дзеяння;

в) арганiзацыя работы дапаможных службаў свята.

3. Правядзенне рэпетыцый i свята.

Увесь гэты працэс адбываецца ў вызначанай паслядоўнасцi i ўзаемасувязi. Затрымка якога-небудзь этапу непазбежна адбiваецца на планамернасцi развiцця iншых, парушае ўстаноўленыя рытмы, што ўрэшце можа адмоўна паўплываць на якасць свята. Таму супрацоўнiкам аргкамiтэта трэба звярнуць асаблiвую ўвагу на дакладнасць выканання графiка ўсiх вiдаў работ, а таксама на дысцыплiну i адказнасць усiх удзельнiкаў падрыхтоўкi святочных дзеянняў.

Для арганiзацыi бягучай работы аргкамiтэта i яго структурных падраздзяленняў ствараецца штаб свята, якому на ўвесь перыяд падрыхтоўкi выдзяляецца адзiн або некалькi пакояў у памяшканнi загадзя вызначанай установы цi арганiзацыi (выканкам, аддзел культуры, Палац культуры i інш.). Штаб свята трэба забяспечыць асобным тэлефонам (для сувязi з рознымi арганiзацыямi), ксераксам (для размнажэння службовай дакументацыi), тэлефаксам (калi iснуе неабходнасць у гэтым). Разам з тым трэба прызначыць на часовую работу пры штабе сакратара з адпаведным колам функцыянальных абавязкаў.

У штабе свята для арганiзацыйнага рашэння разнастайных пытанняў кожнае структурнае падраздзяленне аргкамiтэта або збiраецца па меры патрэбы, або мэтанакiравана праводзiць заслухоўванне i абмеркаванне ходу работы па спецыяльным графiку (№ п/п, дата, месца правядзення, вырашаемае пытанне, дакладчык i хто выклiкаецца на нараду).

У час падрыхтоўкi маштабнага свята, калi аргкамiтэту даводзiцца разглядаць мноства пытанняў, нарады структурных падраздзяленняў могуць адначасова праводзiцца ў розных памяшканнях, спецыяльна вызначаных для гэтых мэт, або ў штабе на працягу тыдня вылучаюцца асобныя днi для арганiзацыйных пасяджэнняў згодна распрацаванага графiка, напрыклад:

панядзелак — упраўленне па матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэнні;

аўторак — арганiзацыйны аддзел;

серада — мастацка-пастановачная частка;

чацвер — пастановачная i творчая групы;

пятнiца — кiраўнiкi ўсiх структурных падраздзяленняў.

На гэтых нарадах разглядаюцца праблемы, ход работы i каардынацыя дзейнасцi па арганiзацыi i здзяйсненні вытворчага працэсу.

Перыядычна, звычайна ў пачатку, сярэдзiне i ў канцы тэрмiну, адведзенага на ўвасабленне свята, старшыня аргкамiтэта збiрае ўсiх асоб, адказных за выкананне кожнага пункта рабочага плана падрыхтоўкi, для пастаноўкi канкрэтных задач, заслухоўвання, ажыццяўлення пэўных этапаў свята i, нарэшце, агульнай гатоўнасцi да правядзення яго.

У святочныя днi месца размяшчэння штаба свята часта пераносiцца непасрэдна на тэрыторыю святочнага дзеяння — да цэнтральнага мiзансцэнiчнага пункта, вакол якога будуць разгортвацца асноўныя абрадава-рытуальныя, тэатралiзаваныя i гульнёвыя фрагменты.

У вызначаным месцы для работы штаба ўстанаўлiваюць вялiкiх памераў палатку з пэўным наборам мэблi, праводзяць часовую тэлефонную сувязь для службовых кантактаў з рознымi арганiзацыямi, установамi, прадпрыемствамi i прыватнымi асобамi, выдзяляюць месца для сакратара i мастака-калiграфа (якi будзе займацца запаўненнем ганаровых грамат), сюды таксама праводзяць часовую электралiнiю для забеспячэння электраэнергiяй розных патрэб штаба свята (асвятленне памяшкання, падтрыманне неабходнай тэмпературы ў халодную пару года, прыгатаванне гарбаты, кавы i інш.).

Пасля правядзення свята ў загадзя вызначаны дзень аргкамiтэт збiраецца на вынiковае пасяджэнне. Тут абмяркоўваюцца станоўчыя i адмоўныя бакi святкавання, яго знаходкi i пралiкi, выпрацоўваюцца канкрэтныя меры па пера- адоленні недахопаў у далейшым, а таксама вызначаюць i ўзнагароджваюць лепшых работнiкаў прэмiямi, падарункамi, ганаровымi граматамi.

Свята скончана. Няхай жыве свята!

А працягваецца яго жыццё ў новай задуме пастаноўшчыкаў, якiя ўзбагачаюць свята новымi творчымi iдэямi. Жыве свята, захоўваючы назапашаны вопыт мастацка-гiстарычнай спадчыны, жыве i развiваецца ў яднаннi традыцый i навацый.

 

Літаратура

Аксенов А.С. Организация массовых праздников (1918—1920). — Л.: ЛГИК,1974.

Генкин М.Д. Массовые праздники. — М.: Просвещение, 1975.

Глан Б.Н. Праздник всегда с нами. — М.: СТД, 1988.

Организация Олимпийских игр / Пер. с англ. В.Дауме, С.Дункан и др. — М.: Орг. комитет Олимпийских игр, 1980.

Организация и методика художественно-массовой работы / Под ред. М.Д.Генкина. — М.: Просвещение, 1987.

Петров Н.В. 50 и 500. — М.: Просвещение, 1960.

Петров Б.Н. Массовые спортивно-художественные представления. Основы режиссуры, технологии, организации и методики. — М.: СпортАкадемПресс, 2001.

Режиссура и организация массовых зрелищ / Сост., ред., автор введения В.Н.Айзенштадт. — Харьков: ХГИК, 1973.

Хавин Б.Н. Все об Олимпийских играх. — 2-е изд., доп. — М.: Физкультура и спорт, 1979.

Шамшур В.В. Празднества революции. Организация и оформление советских массовых торжеств в Белоруссии. — Мн.: Наука и техника, 1989.