Функцыянальныя абавязкі членаў аргкамітэта

Пры распрацоўцы структуры аддзелаў i службаў аргкамiтэта важна ведаць не толькi сiстэму падпарадкавання, але i дакладна вызначыць функцыянальныя абавязкi iх супрацоўнiкаў. Веданне функцыянальных абавязкаў супрацоўнiкаў дае магчымасць кампетэнтна абгрунтаваць аплату тых цi iншых вiдаў работ, уключыўшы iх пералiк у канкрэтнае працоўнае пагадненне або дагавор.

У кожным свяце ў залежнасцi ад яго маштабу функцыянальныя абавязкi членаў структурных падраздзяленняў могуць вызначацца ў большым цi меншым аб’ёме, але галоўныя моманты iх дзейнасцi застаюцца нязменнымi.

Ужо ў палажэннi аб правядзеннi свята ў складзе яго штаба вызначаюцца галоўныя адказныя асобы: старшыня аргкамiтэта i яго намеснiкi, галоўны рэжысёр, дырэктар свята, а таксама кiраўнiкi падраздзяленняў, якiя будуць кiраваць iх работай i дэталiзаваць заданнi супрацоўнiкам.

Старшыня аргкамiтэта звычайна прызначаецца з лiку адказных адмiнiстрацыйных асоб, здольных вырашыць пытаннi арганiзацыi свята на любым узроўнi. У рамках раёна, вобласцi, горада старшынёй аргкамiтэта, як правiла, становiцца старшыня мясцовага выканкама або яго намеснiк цi загадчык аддзела культуры; у невялiкiх святах мясцовага характару такiя функцыi можа выконваць дырэктар пэўнай арганiзацыi, прадпрыемства, кiраўнiк установы; у свяце, якое наладжваецца мiнiстэрствам пэўнай галiны, старшынёй арг-камiтэта прызначаюць намесніка мiнiстра, а ў вялікіх мiжнародных святах узначалiць такое часовае аб’яднанне можа кіраўнік пэўнай дзяржаўнай структуры.

Задача старшынi аргкамiтэта — здзяйсненне агульнага кiраўнiцтва i каардынацыя работ усiх структурных падраз- дзяленняў, перыядычнае правядзенне агульных пасяджэнняў аргкамiтэта, на якiх заслухоўваецца i аналiзуецца ход падрыхтоўкi свята, вырашаюцца найбольш вострыя арганiзацыйныя праблемы i спрэчныя пытаннi.

Намеснiк старшынi аргкамiтэта — гэта прадстаўнiк дзяржаўных органаў (або арганiзацыi, прадпрыемства, установы), якi практычна вядзе пастаянны кантроль работы ўсiх структурных падраздзяленняў i перыядычна робiць справа- здачы свайму кiраўнiку. У лiк намеснiкаў старшынi аргкамiтэта даволi часта (асаблiва пры ўвасабленнi свят мясцовага ўзроўню) уваходзяць дырэктар свята i галоўны рэжысёр.

Дырэктар свята вядзе практычную работу па кiраўнiцтве i кантролі за дзейнасцю гаспадарчых, арганiзацыйнай i фiнансавай структур аргкамiтэта. У асобных святах, увасабленне якiх звязана з выкананнем вялiкага аб’ёму работ, у склад супрацоўнiкаў аргкамiтэта могуць быць уведзены пасады генеральнага i выканаўчага дырэктараў, якiя памiж сабой дзеляць абавязкi па падрыхтоўцы i правядзенні свята.

Асобнае месца ў кiраўнiчым звяне аргкамiтэта займае галоўны рэжысёр (або мастацкi кiраўнiк). Справа ў тым, што гэтая асоба нясе асабiстую адказнасць за якасць творчага ўвасаблення свята. Таму дырэктар свята па ўсiх кардынальных пытаннях i ў тых выпадках, калi iснуе неабходнасць, раiцца з галоўным рэжысёрам, выконвае яго рэкамендацыi, парады. Пры ўзнiкненнi спрэчных момантаў або розных пазiцый на спосаб вырашэння таго цi iншага пытання яны звяртаюцца да старшынi аргкамiтэта, якi i выносiць канчатковае рашэнне.

Пастановачная група свята

 

Пастановачная група — гэта часовае творчае аб’яднанне, створанае для дэталёвай распрацоўкi творчай канцэпцыi свята i яе ўвасаблення ў лiтаратурным аспекце, пластычным, мастацка-дэкаратыўным, музычным рашэннях.

Стварэнне пастановачнай групы свята — прэрагатыва галоўнага рэжысёра (або мастацкага кiраўнiка); у залежнасцi ад аб’ёму творчых работ вар’iруецца i колькасны склад пастановачнай групы або пастановачных груп.

У сучаснай святочнай культуры Беларусi праводзiцца шэраг свят, якiя могуць працягвацца некалькi тыдняў, месяцаў i нават гадоў. Арганізатары такiх святочных марафонаў, як, напрыклад, Свята нацыянальных культур Беларусi, Усебеларускае свята народнага гумару, мiжнароднае свята народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк”, на працягу аднаго—двух гадоў наладжваюць у рамках сваіх праграм святы розных раёнаў і абласцей, грамадскіх аб’яднанняў (дзе ажыццяўляюцца папярэднi прагляд i адбор творчых калектываў), а затым запрашаюць на фiнальнае святочнае мерапрыемства ў загадзя вызначаным горадзе лепшыя творчыя калектывы і асобных выканаўцаў.

На такiх святах (фестывалi мастацтваў, народных рамёстваў, народнай творчасцi, спартыўных святах i да т.п.) на пачатковым этапе ў кожнай мясцовасцi ствараюцца свае пастановачныя групы, якiя займаюцца ўвасабленнем святочных дзей.

Падрыхтоўка грандыёзных па маштабу свят патрабуе стварэння цэнтральнай i тэрытарыяльных пастановачных груп. У гэтых выпадках з мэтай каардынацыi iх дзейнасцi, дакладнага выканання ўсiх творчых задач у структуру цэнтральнай па- становачнай групы можа быць уведзена пасада мастацкага кiраўнiка. Такая ж адзiнка можа быць i ў складзе пастановачных груп iншых свят, увасабленнем якiх займаюцца пастаноўшчыкi, якія маюць невялiкi творчы вопыт.

Мастацкi кiраўнiк — самы дасведчаны спецыялiст пэўнага жанру мастацтва ў структуры арганiзацыйнага камiтэта свята, творчыя распрацоўкi, парады i рэкамендацыi якога аказваюць iстотны ўплыў на якасць падрыхтоўкi i правядзення свята.

Пасада мастацкага кiраўнiка ўводзiцца ў склад пастановачных груп буйнамаштабных свят, якiя маюць мiжнародны, рэспублiканскi, рэгiянальны статус i патрабуюць паэтапнага ўвасаблення (спачатку ў рамках раёна, вобласцi i, нарэшце, на месцы правядзення заключнага мерапрыемства). Прыкладам такiх свят у нашай краіне могуць быць мiжнароднае свята народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк”, Свята нацыянальных культур Беларусi, рэспублiканскія святы-конкурсы народных рамёстваў, народнага гумару, фестываль народнай гульні “ Карнавал весялосці” i iнш.

Мастацкi кiраўнiк адказвае за творчы працэс падрыхтоўкi свята. У яго функцыянальныя абавязкi ўваходзiць наступнае:

— стварэнне агульнай канцэптуальнай асновы, у якой прапануецца ўвасабленне новых святочных формаўтварэнняў або новых рашэнняў i творчых падыходаў да ўжо iснуючых святочных дзей цi захаванне i развiццё старадаўнiх народных святочных традыцый;

— складанне агульнай праграмы свята;

— распрацоўка агульных праграм (або сцэнарных планаў) рэгiянальных, абласных, раённых свят, якiя ўваходзяць у структуру буйнамаштабнага свята з улiкам мясцовых асаблiвасцей i адрозненняў;

— удзел у распрацоўцы палажэння аб правядзеннi свята, у якiм вызначаюцца яго мэты i задачы, умовы правядзення, склад аргкамiтэта i журы з пералiкам галоўных адказных асоб; уключэнне ў палажэнне агульнага комплексу заданняў, якiя неабходна вырашыць вызначаным арганiзацыям, установам i прадпрыемствам у перыяд падрыхтоўкi i правядзення свята; удзел у складаннi каштарыса свята;

— правядзенне творчых кансультацый з рэжысёрамi-паста-ноўшчыкамi, мастакамi, харэографамi, хормайстрамi, мастакамi па святлу, пiратэхнiкамi, гукарэжысёрамi, кiраўнiкамi творчых i трэнерамi спартыўных калектываў, якiя заняты ў арганiзацыi i ўвасабленнi пэўных фрагментаў свята або яго асобных нумароў;

— аналiз i зацвярджэнне лiтаратурных сцэнарыяў i рэжысёрскiх распрацовак разнастайных святочных дзей (урачыстае адкрыццё i закрыццё свята, тэатралiзаванае прадстаўленне, абрад, канцэрт, конкурс, гульнёвыя, спартыўныя i вiдовiшчныя праграмы);

— удзел у распрацоўцы рабочага плана падрыхтоўкi свята;

— правядзенне пасяджэнняў пастановачных груп свята, на якiх абмяркоўваюцца i вырашаюцца разнастайныя пытаннi яго ўвасаблення;

— агульнае кiраўнiцтва работай пастановачных груп рэгiянальных свят;

— кантроль за ходам падрыхтоўкi i аналiз правядзення свят у розных раёнах;

— асабістае кiраўнiцтва работай пастановачнай групы заключных мерапрыемстваў свята;

— аналiз арганiзацыi i правядзення свята на вынiковым пасяджэннi арганiзацыйнага камiтэта, вызначэнне творчых знаходак, удалых рашэнняў, выяўленне пралiкаў у творчых, арганiзацыйных, матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых аспектах увасаблення свята, распрацоўка i прапанова практычных рэкамендацый па пераадоленні вызначаных недахопаў i далейшым удасканаленні свята.

Галоўны рэжысёр свята — гэта адзiная ў структуры арганiзацыйнага камiтэта асоба, якая вядзе і накіроўвае ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з творчым увасабленнем свята.

Функцыянальныя абавязкi галоўнага рэжысёра наступныя:

— стварэнне iм асабiста або ў сааўтарстве агульнай канцэпцыi свята;

— правядзенне гiсторыка-рэтраспектыўнага аналiзу развiцця свята, якое будзе ўвасабляцца, выдзяленне яго агульнанацыянальных рыс, а таксама тэрытарыяльных i мясцовых адметнасцей i асаблiвасцей;

— распрацоўка агульнага сцэнарнага плана i лiтаратурнага сцэнарыя цэнтральных святочных мерапрыемстваў (урачыстае адкрыццё, урачыстае закрыццё свята, галоўная святочная дзея — тэатралiзаванае прадстаўленне, абрад, вiдовiшча, шоу, конкурс i да т.п.);

— падрыхтоўка пастановачнага плана свята;

— здзяйсненне кантролю за распрацоўкамі аўтараў іншых святочных дзей;

— кiраўнiцтва работай рэжысёраў-пастаноўшчыкаў асобных мерапрыемстваў;

— пастаноўка задач i кантроль за ходам практычнай падрыхтоўкi асобных нумароў, атракцыёнаў, спартыўных, пiратэхнiчных, харэаграфiчных, музычных, масава-гульнёвых i iншых дзей, якiя здзяйсняюць рэжысёры, хормайстры, балетмайстры, дырыжоры i кiраўнiкi iншых калектываў;

— вызначэнне з галоўным мастаком прасторавага i вобразнага вырашэння свята, зацвярджэнне эскiзаў i чарцяжоў канструктыўных элементаў, малых формаў дэкаратыўнага афармлення i здзяйсненне агульнага кантролю за iх вырабам;

— вызначэнне з галоўным балетмайстрам прасторавага i вобразнага вырашэння пластычных сцэн i кантроль за iх па- станоўкай;

— вызначэнне з музычным кiраўнiком прынцыпаў музычнага афармлення, кантроль за падборам музычных нумароў;

— вызначэнне з гукарэжысёрам прынцыпаў гукавога афармлення свята, запiс, перазапiс i мантаж фанаграм свята сумесна з гукарэжысёрам i гукааператарам;

— распрацоўка творча-тэхнiчнай дакументацыi (партытура рэжысёра, музычная партытура, партытура асвятлення, выпiскi на рэквiзiт, бутафорыю, касцюмы i абутак, парыкi i грым, мэблю, партытура тэхнiчных перастановак, графiк правядзення рэпетыцый);

— работа з творчымi калектывамi i асобнымi выканаўцамi па ўвасабленні святочных дзей;

— правядзенне застольных, планiровачных, мантажных, прагонных, зводных i генеральных рэпетыцый, а таксама свята;

— здзяйсненне сумесна з дырэктарам свята перыядычнага кантролю работы ўсiх службаў, непасрэдна звязаных з творчым, матэрыяльна-тэхнiчным, арганiзацыйным i фiнансавым забеспячэннем свята;

— удзел у пасяджэннях арганiзацыйнага камiтэта свята.

Сцэнарная група — гэта аб’яднанне творцаў, якiя ўносяць свой погляд i сваё бачанне ў распрацоўку аб’яднаных адной канцэпцыяй разнастайных мерапрыемстваў, што дае вялiкi плён, таму што свята ўзбагачаецца фантазiяй многiх асоб i ўжо на пачатковым этапе становiцца праявай калектыўнай творчасцi. На жаль, стварэнне сцэнарных груп у сучасных умовах — з’ява далёка не паўсюдная. Гэта тлумачыцца рознымi прычынамi. Па-першае, цяжкае эканамiчнае становiшча часта не дазваляе знайсці неабходныя сродкi для аплаты такой групы, а па-другое, адсутнасць у навучальных установах спецыялiзацыi “сцэнарыст свят” вельмі абмяжоўвае пералiк такiх спецыялiстаў. Таму пры правядзеннi пераважнай большасцi сучасных свят у краіне, нягледзячы на iх маштаб, узровень i колькасць мерапрыемстваў, распрацоўкай сцэнарыя звычайна займаецца галоўны рэжысёр, якi адначасова становiцца аўтарам, iнтэрпрэтатарам i творчым арганiзатарам святочнага дзеяння.

Пастаноўшчыкі святочных дзей. Арганiзацыя свята звязана з увасабленнем разнастайных па тэматыцы i форме абрадава-рытуальных, тэатралiзаваных, вiдовiшчных i iмправiза-цыйных масава-гульнёвых дзей, аб’яднаных адной iдэяй. Таму важнейшай задачай галоўнага рэжысёра з’яўляецца вызначэнне таго кола пастаноўшчыкаў, якiя маглi б на высока- прафесiйным узроўнi ажыццявiць творчую задуму, распрацаваць i ўвасобiць пэўнае мерапрыемства, эпiзод, нумар.

У рэжысёрскую групу ўваходзяць як пастаноўшчыкi цэлага блока святочных мерапрыемстваў у пэўнай зоне святочнага дзеяння, якiя па сутнасцi з’яўляюцца святам у свяце (кiрмаш, спартыўная зона, дзiцячая зона i iнш.) i якiя, як правiла, працуюць па аўтаномнай праграме, так i рэжысёры асобных мерапрыемстваў, нумароў, атракцыёнаў.

Але, нягледзячы на аб’ём увасабляемай дзеi, перад усiмi рэжысёрамi-пастаноўшчыкамi паўстае задача выканання наступных функцыянальных абавязкаў:

— стварэнне сцэнарнай i рэжысёрскай распрацоўкi вызначанай святочнай дзеi i зацвярджэнне яе на сустрэчы з галоўным рэжысёрам або мастацкiм кiраўнiком свята;

— падбор творчых калектываў i асобных выканаўцаў для ўвасаблення распрацаванага дзеяння;

— арганiзацыя i правядзенне рэпетыцый;

— здзяйсненне кантролю за творчым i матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэннем увасабляемай дзеi;

— удзел у пасяджэннях пастановачнай групы i аргкамiтэта;

— правядзенне ўвасабляемага мерапрыемства ў дзень свята.

У тым выпадку, калi рэжысёр запрошаны ў якасцi пастаноўшчыка нумара цi атракцыёна, яго абавязкi могуць быць абмежаваны абмяркоўваннем творчай задумы з галоўным рэжысёрам, творчай распрацоўкай, увасабленнем i здачай зацверджанага дзеяння, а ўжо выпуск i правядзенне гэтага нумара ўскладаюцца на асiстэнта рэжысёра i выканаўцаў.

Падобныя функцыянальныя абавязкi ўскладаюцца, але ўжо з улiкам спецыфiкi асобных вiдаў мастацтва, на балетмайстраў, хормайстраў, дырыжораў.

Галоўны мастак свята. Стварэнне мастацка-дэкаратыўнага афармлення — адно з кардынальных пытанняў арганiзацыi свята, якое звязана з агульным планам дэкарыравання святочнай тэрыторыi, пабудовай разнастайных канструкцый аказiянальнай часовай архiтэктуры — сцэнiчныя пляцоўкi, гандлёвыя пабудовы, статычныя i дынамiчныя канструктыўныя элементы афармлення i да т.п. Мастацка-дэкаратыўнае афармленне павiнна ў яскравай, вобразна-сiмвалiчнай форме адлюстроўваць iдэю свята, несцi ў сабе пазнавальную i iнфарматыўную накiраванасць.

Здзяйсненнем задумы i кантролю за вырабам мастацка-дэкаратыўнага афармлення займаецца галоўны мастак, якi павiнен:

— азнаёмiцца з агульным сцэнарыем свята i сцэнарыямi яго асобных фрагментаў, творчай канцэпцыяй галоўнага рэжысёра i рэжысёраў-пастаноўшчыкаў;

— распрацаваць агульны план дэкарыравання мясцовасцi, дзе адбываецца свята;

— удакладнiць з галоўным рэжысёрам i распрацаваць план размяшчэння зон святочнага дзеяння i iх апорных пунктаў;

— распрацаваць вобразнае вырашэнне свята з улiкам яго тэматыкi, жанравых, стылёвых i нацыянальных асаблiвасцей;

— распрацаваць эскiзы мастацка-дэкаратыўнага афармлення (розных статычных i дынамiчных установак, светлавога афармлення, касцюмаў i грыму, рэквiзiту i бутафорыi, пiратэхнiчных фiгур i буйнамаштабных лялек i да т.п.);

— падабраць мастакоў i дэкаратараў, мастака-бутафора, мастака-рэквiзiтара, мастака-грымёра i мастака па асвятленні, якiя будуць выконваць адпаведныя вiды работ;

— праводзiць пастаянны кантроль за ходам усiх этапаў работ па вырабе мастацка-дэкаратыўнага афармлення;

— правесці нагляд мантажу мастацка-дэкаратыўнага афармлення на ўсiх пляцоўках кожнай зоны святочнага дзеяння;

— прымаць удзел у пасяджэннях пастановачнай групы i аргкамiтэта, а таксама ў правядзеннi мантажнай, прагоннай i генеральнай рэпетыцый;

— назіраць за ходам мантажных работ у час правядзення свята.

На ўсiх этапах работы галоўны мастак праводзiць кансультацыi з галоўным рэжысёрам з мэтай выпрацоўкi аптымальнага варыянта вырашэння пытанняў мастацка-дэкаратыўнага афармлення свята.

Музычны кіраўнік свята. На святах рознай тэматычнай i жанравай накiраванасцi, асаблiва такiх, як фестывалi народнай, духавой, камернай, эстраднай музыкi, свята песнi i iншых, дзе музыка з’яўляецца асноўным выразным сродкам, важная роля належыць музычнаму кiраўнiку, перад якiм ставяцца наступныя функцыянальныя патрабаваннi:

— азнаёмiцца са сцэнарыем свята i характарам музыкi той эпохi, якая адлюстравана ў свяце;

— распрацаваць музычны вобраз свята цi мелодыю-лейтматыў, якая будзе праходзiць скрозь асноўныя фрагменты дзеяння;

— вырашыць прынцыпы музычнага афармлення (iлюстрацыйны, кантрастны i інш.), а таксама асноўныя спосабы падачы музычнага матэрыялу (механiчны запiс — фанаграма, “жывы гук” у выкананнi музычных, харавых калектываў i асобных выканаўцаў або яднанне гэтых двух спосабаў);

— зрабiць падбор музычных нумароў, якiя б не толькi характарызавалi эпоху, але i спрыялi паглыбленню рэжысёрскай задумы свята, узмацнялi эмацыянальны ўплыў на гледача;

— пры неабходнасцi вызначыць кампазiтара, якi зможа напiсаць неабходную для свята музыку.

У сучасных умовах вельмi часта функцыянальныя абавязкi музычнага кiраўнiка ўскладаюцца на галоўнага дырыжора або гэтыя задачы вырашае галоўны рэжысёр сумесна з гукарэжысёрам.

Гукарэжысёр свята. Сучаснае свята не абыходзiцца без гукаўзмацнення, асаблiва гэта датычыцца свят на адкрытым паветры, дзе зоны дзеяння размешчаны на вялiкай тэрыторыi, а сцэнiчныя пляцоўкi знаходзяцца на значнай адлегласцi ад гледачоў. Работа па гукавым афармленні свята мае спецыфiчныя асаблiвасцi, звязана з пэўнымi творчымi, арганiзацыйнымi i тэхнiчнымi цяжкасцямi.

Перад гукарэжысёрам у працэсе падрыхтоўкi i правядзення свята ставяцца наступныя функцыянальныя патрабаваннi:

— на аснове выяўлення прасторавага вырашэння, ландшафтных i архiтэктурных асаблiвасцей месца святочнага дзеяння вызначыць сiстэмы агучвання i аб’ём гучання цэнтральнага мiзансцэнiчнага пункта свята, а таксама дадатковых сцэнiчных i масава-гульнёвых пляцовак;

— высветлiць тыя тэхнiчныя магчымасцi, якiя ёсць у да- дзенай мясцовасцi для агучвання ўсёй тэрыторыi свята i асобных пляцовак;

— на аснове аналiзу сцэнарыя здзейснiць падбор неабходных музычных, шумавых i гукавых нумароў i зацвердзiць iх у галоўнага рэжысёра;

— распрацаваць партытуру музыкi i шумаў i вызначыць у адпаведнасцi з патрабаваннямi дзеi хранаметраж кожнага нумара;

— зрабiць запiс, перазапiс i мантаж фанаграм свята;

— кантраляваць мантаж тэхнiчнай апаратуры на ўсiх сцэнiчных i масава-гульнёвых пляцоўках;

— здзейснiць гукавое суправаджэнне рэпетыцый i самога свята;

— прыняць удзел у рабоце пастановачнай групы i аргкамiтэта.

У працэсе работы над гукавым афармленнем гукарэжысёру дапамагае гукааператар або гукааператары, асаблiва на этапе гукатэхнiчнага афармлення i суправаджэння свята. Але канчатковае рашэнне па ўсiх пытаннях гукавога афармлення прымае галоўны рэжысёр.