Верасень

Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь.

Халодны верасень, але сыты.

У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.

У верасні палі агонь і ў хаце, і на полі.

Верасень — з досвіткам дзень.

Як настаў верасень, дык туман кожны дзень.

У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.


Вресень, руин, риень, зарев — гэтым старабеларускім най­менням дзевятага месяца года адпавядае сучаснае беларускае верасень, што паходзіць ад слова “верас” (менавіта ў той час рас­ліна пачынае красаваць). Ва ўкраінскай мове першы месяц восені таксама вересень, у чэшскай — září, польскай — wrzesień. У ан­глічан, французаў і немцаў — варыянты рымскага september. У французскім рэспубліканскім календары ён фрукцідор — ме­сяц пладоў, што канчаўся 22 верасня і завяршаў год.

Рымскі зеріетЬег меў 29 дзён (адзін дзень дадаў Юлій Цэ­зар у 46 годзе). Рымляне прысвячалі яго Вулкану, богу агню, і святкавалі Вулканаліі, забіваючы ў ахвяру парася і цяля.

У старажытных грэкаў на працягу дзевяці дзён адбываліся “містэрыі”, таемныя культы. У іх прымалі ўдзел толькі пасвячо­ныя, якія рабілі ахвяры з захаваннем асаблівых абрадаў. Паказ­валіся ўдзельнікам абразы багоў і знакі-сімвалы, што да гэтага часу старанна ўтойваліся.

Неспрыяльныя ўмовы надвор’я верасня — выпадкі частых дажджоў, ранніх замаразкаў, вялікіх вятроў. Сяляне стараюцца ўбраць бульбу, гародніну і садавіну.

Дрэвы мяняюць сваю афарбоўку, каб паўней засвоіць сонеч­ную энергію: чырвонае, карычневае, пунсовае і фіялетавае лісце робіць гэта лепш, чым зялёнае. Пасля першых замаразкаў, звы­чайна тое назіраецца ў сярэдзіне месяца, пачынаецца лістапад.

Шматгадовыя назіранні за звялай прыродай і паводзінамі жы­вёлы адлюстраваны ў мудрых народных прыкметах. Каток-вуркаток вымываецца і сцены шкрабае — на непагадзь, а на спіне качаецца — на добрае надвор’е. Імклівыя павучкі па хованках разбягаюцца — непагадзь наступае. Плятуць свае красёнцы паву­кі ў паўднёвым напрамку — пацяплее, а ў паўночным — паха­ладае. Цецярукі на верхалінах дрэў расселіся — на яснае над­вор’е. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень — на сонечнае надвор’е, а наадварот — чакай непагадзі. Вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца — халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца — чакай халадоў. Туманы на зямлю прылягаюць — пацяплее хутка. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца — абавязкова чакай поз­няй зімы.


“Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”

5/23. Лупа. Святы хрысціянскі пакутнік Лупа занатаваны на­родам у прыказцы: “На Лупа будзе жыта купа”. Вядома і прык­мета: у дзень памяці святога Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць “лупы” — жыта ўзыйдзе і вырасце плешына­мі (Васілевіч, 1991).

7/25. Баўтрамей (Варфаламей) — час сяўбы азімых. “Прый­шоў Баўтрамей — жыта на зіму сей” (Чачот, 1846; Федароўскі, 1935). З’яўляецца шмат аваднёў і мух. З тае нагоды ўзнікла пры­казка: “Святы Баўтрамей душыць аваднёў і труціць мух” (Паўлюкоўскі, 1934). Замацаванае за ім выслоўе “Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей” сведчыць аб адлёце птушак і па­чатку вясельнай пары.

8/26. Другая Прачыстая (Меншая Прачыстая, Малая Прачыс­тая, Другі святок). У Заходняй Беларусі гаварылі: “Прыйшла Меншая Прачыста, канчай сеяць начыста” (Б.г.к.,1926).

10/28. Мацей (Майсей, Маісей Мурын, Мурун) — абаронца ад запойнага п’янства. Прысвятак вельмі прызнавалі жанчыны, чые мужыкі пілі гарэлку (Раманаў, 1912). Існавалі і прыказкі: “Майсей Мурун — сцаліцель ад п’янства” (Паўлюкоўскі, 1934); “Пасля Ма­цея мужык на полі не пацее” (Рапановіч, 1974).

11/29. Калінавік (Іван Калінавіч Ян, Галавасек, Іван Кры­ваўнік, Іван Посны, Галаварэз, Сцянцель). Назва замацавалася ад царкоўнага наймення дня “Усекновения главы Пророка, Предтечи и Крестителя Господня Иоанна”. У народзе ўсталяваліся за ім бытавыя прыкметы і павер’і. Лічылася, што нельга рэзаць, сячы круглае (капусту, бульбу, і г.д.) і нават есці. На Тураўшчыне, закончыўшы некаторыя палявыя работы, засякалі старога пеўня і рыхтавалі вячэру (Тураўскі слоўнік, 1982). У Рэчыцкім павеце не мылі галаву, каб не захварэць на каўтун (Пяткевіч, 1938). Пчаляры “падглядалі” мёд. На Магілёўшчыне прыкмячалі: калі пасеяць у гэты дзень жыта, то будзе ўраджай “умалотны” (Дэмбавецкі, 1882). На Усходнім Палессі стараліся завяршыць сяўбу абавязкова за дзень, а вечарам дзяўчаты выходзілі віць вянкі, спявалі песні (Талстая, 1986). На Калінавіка збіралі ягады каліны, журавіны і выкарыстоўвалі ад боляў галавы.

Настаў час руплівай працы ў полі — збору ўраджаю, калі дождж ужо не патрэбен. У народзе гаварылі: “Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й адзін упрашу” (Паўлюкоўскі, 1934). З Калінавіка да Цудаў, Багача, Пакровы (у розных раёнах па-свойму) гэтая пара называласяБабіна лета — пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ (Дабравольскі, 1914).

Пачыналіся сялянскія вяселлі, асабліва пасля Івана Пакроўнага, Пакровы да Піліпаўкі.

Ой, на гарэ ячмень жала,

Снапоў не вязала,

Каго верна любіла,

Праўды не казала.

(Свянцянскі павет; Шэйн, 1887)

Шчодры лес на Калінавіка

На гарэ лён, на гарэ лён, белы кужаль.

Не з кім стаці, не з кім стаці лёну браці.

(Гомельскі павет; Радчанка, 1888)

Чыя ж то пшаніца,

Што колас пахіліўся?

То ж таго казака, Што шчэ не жаніўся.

(Лепельскі павет; Раманаў, 1912)

Ой, рыкнула каровачка,

З поля ідучы,

Парадзіла мяне маці,

Ягады беручы.

(Столінскі раён)

13/31. Пачатак сяўбы ячменю (шосты ці сёмы тыдзень ад Іллі). У беларусаў Смаленшчыны мелася шмат прыкмет: “Сей ячмень, як загудзець сляпень”; “Сей ячмень, як каліна ў кругу”; “Ячмень сей на сёмым тыдні ад святога Іллі, у той дзень, калі на Усяедным тыдні была вея”; “Ячмень сей на шостым тыдні ад святога Іллі” (Дабравольскі, 1914).

14/1. Узвіжанне — дзень “закрывання” зямлі на зіму. “На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы”; “Узвіжанне з поля збірае”; “На Узвіжання пару гадзюкі й вужакі хаваюцца ў нару” (Паўлюкоўскі, 1934).

Бабіна лета надышло

Сымон (Сямён, Стоўб). У народзе гаварылі: “У Сямёнаў дзень да абеду ары, а пасля абеду аратага з поля гані”, “Свя­ты Сымон — а й сявец дамоў”. На Віцебшчыне існавалі розныя павер’і наконт ураджаю, прымеркаваныя да гэтага дня. Напрыклад: “Калі першы засевак жыта рабіць напярэдадні Івана (28 жніўня), то жыта ўродзіцца з буйным коласам, калі ж напярэ­дадні Сямёна Стаўба (1 верасня), то яно дасць добрую салому, але не будзе каласістым” (Нікіфароўскі, 1897).

Пра зменлівы характар надвор’я ў прысвятак добра свед­чыць прыказка: “Сымон да варот, на дварэ сем пагад: сее, вее, круціць, муціць, зверху лье, знізу мяце” (Б.с.к., 1937). Лічыўся днём адлёту птушак: “На Сымона ластаўкі хаваюцца ў ваду”, “На Сымона птушкі лятуць у вырай” (Паўлюкоўскі, 1934).

На Падзвінні да Сямёна імкнуліся пастрыгчы авечак, каб ён не ўкраў сабе на рукавіцы. А яшчэ казалі: “На Сямёнаў дзень вужы на бераг выходзяць” (Ляснічы, 1990).

На Смаленшчыне праводзілі “Жатву” — абрад выгнання мух у час дажынак. Адзявалі сноп у ляльку Салоху, упрыгожвалі, ставілі на стол, затым — у кут. “Адклаўшы сярпы ў бок, жнеі бралі чапялу, садзіліся на яе верхам і скакалі па хаце, гаво­рачы: “Чарнушнікі — вон, а бялушнікі — у хату!” Тады прымалі­ся прынесенымі альховымі галінкамі выганяць з хаты мух са сло­вамі: “Святы Сямён, гані мух вон!” Гэтыя ўчынкі жней напаміна­лі, што з поля ўжо пайшлі, чорныя мухі хутка знікнуць, а за­мест іх з’явяцца “бялушкі” (снег) (Дабравольскі, 1914).

У XVIII — пачатку XIX стагоддзя на Сямёна праводзілі абрад “Жаніцьба коміна” (пасвета[12], лучніка). У ім заўважальны культ агню-багача, хатняга духа-продка, хатніка. І невыпадко­ва. Бо светлавы дзень скарачаўся, пачынала рана цямнець і трэ­ба было выконваць некаторую працу пры лучыне. Комін упры­гожвалі ручнікамі, кветкамі, стужкамі. “Частавалі” агонь на пас­ееце гарэлкаю, кідалі кавалкі сала, зерне, арэхі. Выказваліся пажаданні аб сямейным дабрабыце, каб спорна ішла работа. Жанчыны спявалі вясельную песню “жаніху”.

 

Кранае душу песня народная ў выкананні ансамбля “Жывіца”

Ой, прыйшлі ж ночанькі доўгенькі,

Пасвяці ж нам, каміну беленькі.

Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,

Барвяночкам, рутай аперазалі...

“Маладымі” тут выступалі Комін і Праца. “Праца наша — дзеўка гарненька, палюбіці Коміна радзенька” (Пінск; Шэйн, 1883).

У 1988 годзе абрад зафіксаваны ў Лельчыцкім раёне з дзвюма песнямі. (Часткова яго ўключаў у свой рэпертуар ан­самбль народнай музыкі “Жывіца” пад кіраўніцтвам В. Пархо­менка.) “Вырывалі з градкі васілька, такі бураковы цвет, і ўстаў­лялі яго ў дырку, шо ў половінцы гарбуза. Потом одзін дзержаў васілька і ўсе за ім ходзілі кругом посьвета і сьпевалі або казалі:

Сьвеці, нашэ сьвеціло,

Шоб огню нам не тушыло,

Шоб добрэ було прасьці, ткаці

І сеець цепло ў хаці.

Ек жэнілі посьвета, то і сьпевалі:

Мой Семенку,

Мой соловейку,

Як тобе хорошэнько!

Як зацяніла калінонька

Да на лютом морозі.

Поцолуймоса, моя свацечко,

Да на першом порозі...”

Магчыма, раней выконвалі розныя песні з вясельнага рэ­пертуару. У абрадзе прымалі ўдзел дзяўчаты, якія ў гэты вечар “запрадалі”. Каля пасвету за грабянямі, прадучы, слухалі так­сама быліцы, жартавалі, гулялі з хлопцамі.

19/6. Цуды. Дзень “цудаў”, што могуць прынесці бяду. Звя­заны з Прачыстай. На Піншчыне казалі: “Не так бойся Пра­чыстай, як Цуда яе”, а на Лельчыччыне: “Прачыста гаворыць: “Мяне не святкуй, а святкуй маё Цуда” (Талстая, 1986).

Цікавы звычай існаваў у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна. На Цуда дзяўчына ішла на скрыжаванне дарог, станавілася на калені, дзевяць разоў чытала малітву “Ойча наш”, затым зубамі адрывала лісток падарожніка і гаварыла:

Ты, святый подорожнік,

Ты стаіш пры дорозі,

Бачыш старого й малога,

Покажы мне мілого...

Дадому вярталася, ні з кім не размаўляючы. Лісток падарож­ніка клала пад падушку, каб прысніўся суджаны.

Міхайла — прысвятак, асацыіруецца з “цудам”. Не палілі святло ў хлявах. Існуе шмат паданняў пра незвычайныя дзі­восы, якія здараюцца з людзьмі ў гэты дзень. У Ашмянскім па­веце сцвярджалі, нібы на Міхайла такі бывае моцны вецер, што “верне озероды з бобам і гарохам” (Берман, 1874). У Свіслац­кім раёне заканчваюць палявыя работы і гавораць: “Міхал з по­ля спіхаў”.

21/8. Багач (Багатнік, Багатуха, Гаспожка Багатая, Малая Прачыста, Прачыста, Другая Багародзіца, Другая Прачыста, Дру­гая Спажа, Зельная), старажытнае свята заканчэння ўборкі зер­невых, водгук язычніцкага свята земляробчага культу Даждзь-бога, “бога сонца, бога дастатку і багацтва” (Багдановіч, 1895). Адзначалася і ў іншыя дні, якія стаяць блізка да асенняга раў­надзенства. У некаторых раёнах лічылася першым днём восені. Цяпер прымеркавана да Раства Багародзіцы.

Багачом або багатцам называлі таксама кошык з жытам і свечкаю. Яго на свята насілі ў кожную хату і адрыну. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі пад спеў дажынкавых мелодый. Згодна павер’ям, Багач забяс­печваў сям’і дабрабыт і шчасце. На Багача да ўсходу сонца гаспадар засяваў ніву жытам, асвечаным яшчэ ў Першую Пра­чыстую. “Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей па­маленьку”.

Свята ўраджаю ў разгары Толькі б не спазніцца на кірмаш

У Віленскай губерні з новага ўраджаю пяклі вялікі кара­вай, таму і называлі дзень Гаспожкай Багатай (Берман, 1874).

Да свята стараліся скончыць касавіцу, і з тае нагоды ў Драгічынскім раёне казалі: “Прачыста — сывба чыста, а косьба нычыста” (Талстая, 1986). Як сцвярджалася, лепш сеяць паміж Першай і Другой Прачыстай. У валачобнай песні гаворыцца:

Прачыстая Большая

Жыта свенціць,

Засяваець,

А Меншая

Памагаець.

А Узвіжанне —

З поля дзвігні.

(Дзісенскі павет; Чэрны, 1895)

Перад Прачыстай буслы збіраюцца ў вырай. На Шуміліншчыне існуе прыкмета: калі паляціць бацян яшчэ да Другой Бага­родзіцы, то ляжа ранняя зіма. Асенняе свята добра прадстаў­лена прыказкамі: “У стагнача хопіць хлеба да Багача”; “Багач заткнуў за страху рагач” (магчыма, саху або матачку.— А. Л.); “Прыйшоў Багач — рыхтуй рагач, прыйшла Пакрова — рыкнула карова”; “Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот вала­чы”.